Мат 4 1-25
Мац 4:1-25
Крок за крокам разгортвае Мацьвей перад намі гісторыю Ісуса. Ён пачынае з нараджэньня Ісуса ў гэты сьвет і працягвае дабрасумленным выкананьнем Ім абавязкаў у адносінах да сям’і і дому, перш чым прыступіць да выкананьня Сваёй задачы ў адносінах да гэтага сьвету. І ён бліскуча праявіў Сябе ў малым, каб Бог даручыў Яму найвялікшую задачу ў сьвеце. Мацьвей паказвае, як з дзейнасьцю Яна Хрысьціцеля час Ісуса настаў, каб прыступіць да Сваёй місіі. У момант хросту Ісус усьвядоміў, што Ён сапраўды Сын Божы і шлях да Ягонай перамогі ідзе праз Крыж. Сын Божы прыйшоў у сьвет, каб прывесьці людзей да Бога. Але як гэта зрабіць? Выкарыстаць сілу магутнага Валадара ці скарыстаць метад цярплівай ды ахвярнай любові? Кропкуў гэтым і паставяць спакушэньні д’ябла, якія і адбыліся пасьля хросту Ісуса.
Мац 4:1-11
«Тады Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля спакушваньня праз д’ябла, і, прапасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, нарэшце згаладнеў. І, падыйшоўшы да Яго, спакусьнік сказаў: «Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі». Ён жа, адказваючы, сказаў яму: «Напісана: “Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых”». Потым бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад, і стаўляе на вільчаку сьвятыні, і кажа Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”». Ісус сказаў яму: «Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”». Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх, і кажа Яму: «Усё гэта дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне». Тады Ісус кажа яму: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся, і Яму аднаму служы”». Тады пакідае Яго д’ябал; і вось, анёлы прыступіліся, і служылі Яму» (Мац 4:11).
Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля спакушваньня праз д’ябла. Акцэнтуем сваю ўвагу на выразе «дзеля спакушваньня». У беларускім перакладзе слова «спакусіць ці спакуса» азначае нейкую дзею ў сэнсе – падштурхнуць кагосьці да грэху ці трапіць на ілжывы шлях. Але грэцкая «спакуса» мае зусім іншае адценьне ў сваім значэньні і хутчэй разумеецца ў сэнсе выпрабаваньня. Стары Запавет дае нам аповяд пра тое, як Абрагам прынёс у ахвяру свайго сына Ісаака: «Бог спакушаў Абрагама і сказаў яму: “Вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака і ідзі ў зямлю Морыя і там прынясі яго на цэласпаленьне”» (Быц 22:1-2). Відавочна тое, што гэта ня ёсьць спробаю падштурхнуць Абрагама да дрэннага ўчынку. Немагчыма сябе ўявіць, што Бог спрабаваў зрабіць з чалавека грэшніка ці правапарушальніка, але ўсё становіцца зразумелым, калі мы ўбачым гэтую фразу ў іншым выглядзе: «Бог выпрабоўваў Абрагама». У гебраяў была такая прымаўка: «Сьвяты Божа, дабраславёнае імя Яго, не ўзьвялічыць нікога, пакуль ня выпрабуе і ня вывучыць яго; і таго, хто вытрымае выпрабаваньне, Ён узьвялічвае». І ў гэтым ёсьць вялікая і ўзвышаная праўда, бо тое, што мы называем спакушэньнем, ня ёсьць падштурхоўваньнем да грэху, а ёсьць тое, што дае магчымасьць выйсьці з выпрабаваньня больш моцным ды верным Богу.
Ісус быў зьведзены Духам у пустыню. Паміж Ерусалімам і Мёртвым морам знаходзіцца пустыня, якая займае некалькі сотняў квадратных кіламетраў. У Старым Запавеце яна называецца «Ешымон», што азначае «спусташэньне» і гэта вельмі трапная назва. Гэтае месца вызначаецца жоўтым пяском, бітым выпняком ды галькай. Пагоркі падобныя на кучы пылу; выпняк увесь у ракавінах і лушчыцца; скалы голыя, з войстрымі краямі і выступамі. Пустыня пыша сьпякотай, як вялічэзная печка, распасьціраючыся да самога Мёртвага мора, дзе перарываецца стромым абрывам у некалькі сотняў метраў. У гэтай пустыне Ісус мог набыць такое адзіноцтва, як нідзе болей. Бог гаварыў з Ім і зараз Ён разважаў пра тое, як выканаць тую місію, якую Бог Яму даручыў, а дзеля гэтага Яму трэба было пабыць аднаму.
Гледзячы на прыклад Ісуса і на сваё жыцьцё, мы можам пагадзіцца з тым, што вельмі часта мы робім ня так і ня тое. І часта таму, што не спрабуем пабыць у адзіноцтве, бо некаторыя рэчы можна ўсьвядоміць толькі такім чынам; часам нам ня можа прынесьці карысьці нічыя парада. Часам чалавек павінен спыніцца і паразважаць. Магчыма мы робім шмат памылак менавіта таму, што не даем сабе магчымасьці быць сам-насам з Госпадам.
Пісаньне кажа пра тое, што Ісус атрымліваў тыя ж спакусы, што і ўсе астатнія людзі: «Бо маем Першасьвятара не такога, што ня можа спачуваць слабасьцям нашым, але такога, які, падобна нам, дазнаў спакушэньня ў-ва ўсім, апрача грэху» (Геб 4:15). Мы не павінны зьдзіўляцца таму, што хаця Дух Божы ўвайшоў у Ісуса, Ён таксама пачуў гэты шэпт ад д’ябла і адразу зразумеў, адкуль ён зыходзіць. Ісус павін быў прайсьці праз гэта і атрымаць перамогу на самым пачатку Свайго служэньня, каб не разьбірацца з д’яблам далей.
«Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне», - сказаў Яму Бог. «І гэта вельмі добра, шэпча д’ябал, - калі ж гэта так, дык Ён не захоча каб Ты галадаў. Дык ствары цуд, каб паесьці, пераўтварыўшы камяні ў хлеб». Далей тое ж: «Упэўнены, што Ты жадаеш бачыць, каб людзі ўбачылі тое, хто Ты ёсьць на самой справе. Чаму б Табе ня зьдзейсьніць што-небудзь самае ўражлівае?» І, у рэшце рэшт, адкінуўшы ўяўную логіку, вораг праяўляецца, як ён ёсьць на самой справе: «Забудзь Свайго Нябеснага Айца. Пакланіся мне і я дам Табе такую ўладу, якой яшчэ ня меў ніхто».
Але Ісус бачыць д’ябла наскрозь і кожны раз адказвае яму, абапіраючыся на слова Божае, засьведчанае ў Бібліі. Жыцьцё Ісуса – гэта поўны давер Богу, любоў і служэньне Яму аднаму, а ніяк не спакушэньне Бога Свайго. Цела Ісуса, як і ў кожнага чалавека, шукае задавальненьня сваіх жаданьняў і вось, сам д’ябал прапануе Яму ўладу, пра якую можна толькі марыць. Але любячы Бог, якога ведаў Ісус як Айца, паказаў усім нам, на прыкладзе Ісуса, што азначае быць верным Богу да самога канца, нягледзячы ні на якія спакушэньні.
Словы Бібліі, якія выкарыстоўваў Ісус, як галоўную зброю супраць спакусаў, вельмі добра адпавядаюць Эвангельскаму аповяду Мацьвея. Ісус атрымаў перамогу і Яму трэба было зрабіць тое, што Бог заўсёды чакаў ад Ізраіля – прынесьці ў сьвет сьвятло. Вораг намагаўся не дазволіць Ісусу прынесьці ў сьвет слова Божае, вызваліць Ізраіля і ўвесь сьвет, але Ісус атрымаў безумоўную перамогу.
Спакушэньні, якія мы сустракаем кожны дзень, безумоўна адрозьніваюцца ад спакушэньняў Ісуса Хрыста, але сутнасьць у іх адна. Спакушальнік ня проста намагаецца ўцягнуць нас у грахі, але ён намагаецца збочыць нас з таго шляху, які мы выбралі пасьля нашага хросту. Бог прыгатаваў для кожнага з нас высокае прызначэньне, але вораг зробіць усё, каб разбурыць гэты Божы замысел. Калі мы пачулі голас Бога, які кліча нас, дык абавязкова пачуем і варожы шэпт. Але мы, як дзеці Божыя, павінны выставіць супраць спакушэньняў такую ж абарону, як і Сын Божы Ісус Хрыстос, каб несьці сьвятло Божае ў гэты сьвет і казаць «не» тым, хто намагаецца спакусіць нас і ўвесьці назад у цемру.
Мац 4:12-17
«А пачуўшы, што Ян у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею. І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім, у гарадах Забулёна і Нэфталі, каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Зямля Забулёна і зямля Нэфталі, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская, народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, што сядзелі ў краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла». З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае» (Мац 4:12-17).
Даволі хутка, пасьля хросту Ісуса, Ян быў арыштаваны валадаром Ірадам ды заключаны ў вязьніцу Махерона. Ягонае «злачынства» складалася з того, што ён адкрыта асуджаў Ірада за тое, што той жаніўся на жонцы свайго брата, адаслаўшы ад сябе сваю жонку. Вельмі небясьпечна асуджаць дыктатара. Мужнасьць Яна прывяла яго ў вязьніцу Ірада, а потым і да сьмерці. Але настаў час, калі Ісус павінен пачаць выкананьне Сваёй місіі на гэтай зямлі. Выйшаўшы з пустыні, па дарозе ў Назарэт, Ён пачуў гэтую навіну пра Яна, але Яго гэта не зьдзівіла, бо яшчэ ў пустыні, размаўляючы з Богам, Ён ўжо ведаў пра далейшы лёс Яна і таму быў ужо падгатаваны да гэтага. Мацьвей ня кажа пра гэты час Ісуса ў Назарэце, але бачыцца тое, што Яму патрэбны быў нейкі час, каб даць Сабе нейкі адпачынак і падгатавацца для пачатку Сваёй дзейнасьці.
«І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім». Але чаму Ісус выбраў, як першую пляцоўку для Сваёй дзейнасьці, менавіта Капернаум? Гэты горад ня быў чужым для Ісуса. Ён ведаў яго даволі добра, бо за чатыры гады да хроста Ісус працаваў тут на працягу некалькіх гадоў, ствараючы і будуючы рыбацкія ветразьныя чаўны. Яго добра ведалі тут ня толькі, як выдатнага стваральніка чаўноў, але і як выдатнага прапаведніка ў мясцовай сынагоге. Ісус быў паважаны тут, а Ён, у Сваю чаргу, добра ведаў духоўны ўзровень і настрой мясцовых жыхароў. Больш таго, сям’я Ісуса валодала невялікім домам у Капернауме, які раней здаваўся ў арэнду, а зараз, як бачыцца, быў у свабодным стане.
Мацьвей кажа: «Ісус адыйшоў у Галілею». Так, Ісус пайшоў у Галілею, таму што пайшоў у Назарэт, а потым, адпачнуўшы, асеў у Капернауме. І, у сувязі з гэтым, трэба сказаць некалькі словаў, увогуле, пра гэтую частку Палестыны. Галілея – гэта самая паўночная вобласьць, якая на поўначы межавала з паганскай Сірыяй, а на поўдні з Самарыяй. Яна распасьціралася ад ракі Літаніі на поўначы да даліны Эзрэель на поўдні. На захадзе Галілея не дасягала берагу Міжземнага мора, таму што прыбярэжнаю часткай валодалі фінікійцы. На ўсходзе ж яе межамі былі воды Галілейскага мора. Памеры Галілеі не былі вялікімі і складалі 3200 квадратных кіламетраў: 80 км. з поўначы на поўдзень і 40 км. з захаду на ўсход. Тым ня меньш, яна была вельмі густа заселена і гэта была самая пладародныя мясьціна ў-ва ўсёй Палестыне. Існавала нават і прымаўка, што ў Галілее лягчэй узрасьціць гай аліўкавых дрэваў, чым у Юдэі аднога дзіцяці. Галоўным жа дастоінствам гэтай мясьціны былі людзі. Вось што пра іх казаў тагачасны гісторык Язэп Флавій: «Яны вельмі любілі новаўвядзеньні і па прыродзе сваёй былі схільнымі да пераменаў і бунту. Галілеяне ніколі не былі пазбаўленымі мужнасьці. Чэсьць значыла для іх больш чым выгада». Гэта добра ведаў і Ісус, Які пражыў тут шмат гадоў. Прыродныя якасьці галілеянаў і ход гісторыі зрабілі Галілею тым месцам, дзе новы Настаўнік з новаю весткай меў добрую магчымасьць быць пачутым, а таму, менавіта тут, Ісус і пачаў Сваю дзейнасьць, ўпершыню абвесьціўшы Сваю вестку.
Ісус накіраваўся ў гора Капернаум, які знаходзіўся на беразе Галілейскага мора. Вестка Ісуса была заключана ў запаведзі, якая выходзіла з новай сітуацыі: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». Гэтая запаведзь набыла вельмі важнае значэньне, таму што набліжалася Валадарства Божае. Вечнасьць уварвалася ў жыцьцё. Ісус Хрыстос ўвайшоў ў гэты сьвет і таму было вельмі важным, каб чалавек устаў на правільны бок і крочыў у правільным накірунку.
Гэтае пасланьне актуальна і па-сёняшні час. Мацьвей заклікае нас задумацца над самым важным пытаньнем: «Ці працуем мы для таго, каб распаўсюдзіць вестку пра Божае Валадарства ў гэтым сьвеце і ці стаім стаім мы на яго шляху?»
Мац 4:18-25
«Праходзячы ж недалёка мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы, і кажа ім: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў». І яны адразу, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ім. Ідучы адтуль далей, убачыў Ён другіх двух братоў, Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, у чаўне з Зэбэдэем, бацькам іхнім, якія правілі сеці свае, і паклікаў іх. І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім. І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе. І прайшлі пра Яго чуткі па ўсёй Сірыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужых, з рознымі хворасьцямі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Ён іх аздараўляў. І ішлі за Ім шматлікія натоўпы з Галілеі, і Дэкапалю, і Ерусаліму, і Юдэі, і з таго боку Ярдану» (Мац 4:18-25).
У Галілеі знаходзіцца Галілейскае мора, якое працягнулася на 21 км. з поўначы на поўдзень і 9,5 км. з захаду на ўсход. Галілейскае мора невялікае ў параўнаньне з сапраўдным морам. Паверхня мора ляжыць на 208 метраў ніжэй узроўня акіяна. Гэта адно з самых прыгожых мясьцінаў у сьвеце. Калі паглядзець на яго з вышыні, яно бачыцца прыгожай воднай паверхні, аточанай прыгоркамі і горамі, якія працягваюцца да гары Гермон. У тыя часы, на берагах мора, было ня меньш за дзевяць шматлюдных гарадоў. Мора багатае рыбай і, адпаведна, наяўнасьцю вялікай колькасьцю рыбакоў.
Ісус ішоў па добра знаёмаму берагу мора і паклікаў Сымона (Пятра) і Андрэя, Якуба і Яна. Ня трэба меркаваць, што Ён убачыў іх упершыню. Нагадаем, што Зэбедэй, бацька Якуба і Яна, валодаў даволі буйной майстэрняй па вырабу рыбацкіх лодак і які запрасіў Ісуса прыняць удзел у стварэньні рабацкаў лодкі новага пакаленьня. Ісус працаваў тут амаль што два гады і ведаў тут усё і ўсіх. Таксама ведалі тут і Ісуса, бо акрамя стварэньня сучаснай рыбацкай лодкі, Ён, таксама, быў паважаным прапаведнікам у сынагозе. Так, Ён няблага ведаў Яна з Якубам і вельмі верагодна, што сустракаўся з Сымонам і Андрэям. І вось Ісус паклікаў іх, каб ісьці за Ім. Але што гэта былі за людзі? Лічыць іх беднымі дакладна не выпадае. Зэбедэй, які валодаў майстэрняй па вырабу лодак, вызначана быў адным з багацейшых людзей Капернаума. Што ж тычыцца Сымона і Пятра, так і іх нельга прылічваць да бедных людзей, бо яны, будучы рыбакамі, мелі ў сваім карыстані добрую лодку з ветразным рыштункам. Якая, дарэчы, каштавала немалых грошай. Праца рыбакоў, безумоўна, цяжкае прадпрыемства, часам нават і небясьпечная, але іх жыцьцё было забясьпечаным і стабільным.
І вос Ісус кліча іх кажучы: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў». Але як яны маглі разумець гэтыя словы? І чаму яны, адразу кінуўшы ўсё, адразу пайшлі за Ім? Адказ на гэтыя пытаньні можна знайсьці ў тым, што сама асоба Ісуса аказвае вельмі дзіўнае ўзьдзеяньне на людзей. Ісус заклікае па рознаму, але большасьць Сваіх вучняў Ён заклікае нечакана, як паклікаў Яна з Якубам і Сымона з Андрэем. Гэта тычыцца і ўсіх нас, бо калі гэта, так ці інакш, адбудзецца, мы пазнаем Яго і зразумеем тое, што ад нас патрабуецца. «Зраблю вас лаўцамі чалавекаў». Ці мелі яны хоць якое ўяўленьне пра тое, што гэтыя «чалавекі» будуць думаць пра іх? Ці здагадваўся той жа Якуб, што неўзабаве пасьля сьмерці Ісуса, будзе забіты па загаду валадара Ірада? Безумоўна, што не. Бог прыадчыняе заслону над будучым паступова. Пётр, напрыклад, не чакаў, што ягоным імем будзе названы вялічэзны храм у Рыме. Андрэй таксама не чакаў, што шэраг краінаў сьвету будуць лічыць яго сьвятым заступнікам. Яны яшчэ ня ведалі, што іх чакае у будучым, калі на беразе Галілейскага мора гледзелі на Ісуса. Але ім было дастатковым тое, што Ісус паклікаў іх. Як казаў апостал Павал, у Ісусе захованы усе скарбы шчасьця і болі. І пра гэта распавядае ўся эвангельская гісторыя.
Але справа ня толькі ў асабістай прыцягальнасьці Ісуса. Многія людзі шукалі Яго, а потым ішлі за Ім па Галілеі, дзе бачылі цудоўныя ацаленьні. Мацьвей кажа пра некаторых з іх, кажучы пра тое, што Ісус адзіным словам ацаляў людзей ня толькі ад хваробаў, але і ад вар’яцтва. Каб зразумець унікальнасьць гэтага дзеяньня, трэба ўявіць грамадзтва без сучаснай медыцыны. Ягоная ўнікальная здольнасьць ацаляць хваробы імгненна сабрала вакол Яго шматлікія натоўпы. Але гэта было толькі часткаю Ягонай місіі, бо Ён ня быў адным з прадстаўнікоў народных лекараў. Цуды Ісуса – гэта знакі таго новага, што Бог рабіў праз Яго. Ізраілю і ўсяму сьвету быў дадзены Божы Валадар ды новыя збаўляльныя правілы жыцьця.
І вельмі хутка простыя рыбакі, сустрэўшыся з Ісусам і пайшоўшы за Ім, выявілі сябе ня побач сваёй рыбацкай лодкі, але сярод шумнага натоўпу. Місія Ісуса пачалася і яны былі ўцягнутымі ў яе, стаўшыся саўдзельнікамі незвычайнага дзеяньня.
Свидетельство о публикации №225123000899