Мат 9 1-38
Мац 9:1-38
Ў-ва ўсе часы, колькі існуе ўлада, знаходзіліся валадары, якія карысталіся ўладай не на карысьць людзей, але на сваю асабістую. Практыкуецца гэта, на жаль, і зараз. Сучасныя аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы, якіх у сьвеце хапае, так сябе і паводзяць. Маючы неабмежаваную ўладу кіраўнікі такіх краінаў – гэта людзі, якія робяць усё што заўгодны, ня маючы ніякай адказнасьці перад сваімі грамадзянамі. На іх працуюць міліцыянты, чынавенства, суды, якія могуць лёгка пасадзіць, а нават і забіць любога няўгоднага чалавека. За імі стаіць і добра ўзброенае войска, каб, у неабходны момант, абараніць іх ад грамадзянаў гэтых краінаў. Улада тут азначае гвалт і таму зусім ня дзіўна, што само слова «улада» выклікае ў нас падазрэньне. Ісус таксама мае ўладу і ўладу вельмі вялікую. Настолькі вялікую, што нават самы моцны дыктатар у сьвеце не пратрымаўся б і пяці хвілінаў свайго жыцьця. Як жа Ісус карыстаецца Сваёй уладай і куды яе накіроўвае?
Мац 9:1-8
«І, увайшоўшы ў човен, Ён пераплыў назад, і прыйшоў у Свой горад. І вось, прынесьлі да Яго спараліжаванага, які ляжаў на ложку. І, бачачы веру іх, Ісус сказаў спараліжаванаму: “Будзь пэўным, дзіця! Адпускаюцца табе грахі твае”. І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: “Ён блюзьніць”. І, бачачы думкі іхнія, Ісус сказаў: “Чаму злое вы падумалі ў сэрцах вашых? Бо што лягчэй сказаць: “Адпускаюцца табе грахі”, ці сказаць: “Устань і хадзі”? Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі”, — кажа тады спараліжаванаму: “Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой”. І, устаўшы, ён пайшоў у дом свой. Бачачы гэтае, натоўпы зьдзівіліся і славілі Бога, Які даў такую ўладу людзям» (Мац 9:1-8).
Ісус прыйшоў у Свой горад. Мы разумеем, што гэты горад мае назву Капернаум і гэта зусім недарма, бо Ісус быў тут сваім. Сям’я Ісуса мела тут невялікі дом, Сам Ён працаваў тут некалькі гадоў у майстэрні Зэбедэя, калі ствараў рыбацкія лодкі новага тыпу, у тым ліку і ветразны рыштунак. Ён пасьпяхова прапаведаваў у сынагозе Капернаума, так што Яго тут ведалі ўсе. І зусім ня дзіўна тое, што менавіта гэты горад, на той момант, стаў цэнтрам Ягонай дзейнасьці. Мы ня ведаем у які дом прынесьлі спараліжаванага, пад час ягонай пропаведзі. Магчыма што і ў той, які прыналежаў Ісусу. Гэтага хворага чалавека прынесьлі на ложку ягоныя сябры і мы ўсьведамляем, што хворы чалавек быў збаўлены вераю ягоных сяброў. Зусім магчыма, што ён згубіў ужо надзею на аздараўленьне, а таму магчыма і тое, што яго прынесьлі да Ісуса супраць ягонай волі.
Мы ня можам прымусіць чалавека прыняць Хрыста без ягонай волі, але мы здольныя паказаць яму шлях, на якім ён можа быць здольным знайсьці для сябе гэтую праўду. Мы ня можам зрабіць чалавека хрысьціянінам, але мы можам зрабіць усё, каб прывесьці яго ў прысутнасьць Хрыста. Манера зьвяртаньня Ісуса да гэтага хворага паказалася прысутным даволі дзіўнай. Спачатку Ён сказаў хвораму, што адпускаюцца яму грахі ягоныя і на гэтае існавала некалькі прычынаў. Гебраі лічылі, што ўсе хваробы – гэта ёсьць вынік грэху і ніводная хвароба ня можа быць вылечана да таго часу, пакуль ня будзе прабачаны грэх. Вера ў непарыўную сувязь паміж пакутамі і грэхам складала неад’емную частку юдэйства ў час Ісуса. Таму можна ўявіць, што той хворы мог уяўляць сабе, што ягоная хвароба ёсьць сьледства ягоных грахоў, як яно можа і было, а таму ня мець упэўненсьці ў тым, што ён меў магчымасьць аздаравіцца. Наогул, гэты чалавек ведаў, што ён ёсьць грэшнік, а таму разумеў, што Бог яму, як мінімум ня сябра. Але, як толькі Ісус прынёс яму аздараўленьне, ён, напэўна зразумеў, што Бог яму больш ужо ня вораг.
Але кніжнікаў абурыла тое, як было зьдзейсьненае аздараўленьне. Ісус асьмеліўся прабачыць грэх, а прабачэньне грэху – гэта толькі Божая справа. А тое, што кажа Ісус ёсьць абражэньнем Госпада. Ісус адказаў ім, разумеючы іхняе разуменьне гэтага: «Бо што лягчэй сказаць: “Адпускаюцца табе грахі”, ці сказаць: “Устань і хадзі». Кніжнікі, безумоўна, і самі верылі ў тое, што ня можа быць аздараўленьня без прабачэньня грэху. І тое, што гэты спараліжаваны ўстаў і пайшоў ці не азначала, што яму ягоныя грахі сталіся прабачанымі? Так Ісус паказаў, што Ён можа даць прабачэньне чалавечай душы і аздараўленьне ягонаму целу. Застаецца вечнай праўдаю тое, што фізічнае здароўе і мір з Богам ідуць шчыльна побач.
Мац 9:9-17
«І, праходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, званага Мацьвеем, і кажа яму: “Ідзі за Мною”. І ён, устаўшы, пайшоў за Ім. І сталася, як Ён узьлягаў у доме, вось, шмат мытнікаў і грэшнікаў, прыйшоўшы, узьляглі з Ісусам і вучнямі Ягонымі. І фарысэі, якія бачылі гэта, сказалі вучням Ягоным: “Дзеля чаго Настаўнік ваш есьць з мытнікамі і грэшнікамі?” А Ісус, пачуўшы, сказаў Ім: “Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. Пайдзіце ж, навучыцеся, што значыць: “Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры”. Бо Я прыйшоў ня праведнікаў, але грэшнікаў клікаць да навяртаньня”. Тады прыходзяць да Яго вучні Янавы, кажучы: “Чаму мы і фарысэі шмат посьцім, а Твае вучні ня посьцяць?” І сказаў ім Ісус: “Ня могуць плакаць сыны вясельля, пакуль з імі жаніх. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць посьціць. Ніхто ж не прышывае латкі з новай тканіны да старога адзеньня, бо прышытае аддзярэцца ад адзеньня, і дзіра станецца большая. Не ўліваюць новага віна ў старыя мяхі, бо рвуцца мяхі, і віно выцякае, і мяхі гінуць; але новае віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца адно і другое”» (Мац 9:9-17).
Больш неверагоднага вучня і апостала Ісуса, чым Мацьвей немагчыма было і ўявіць. Чаму? Таму што ён быў мытнікам, які зьбіраў пошліны і, пры гэтым, не забываў і пра сябе, каб весьці бязьбеднае жыцьцё. Паклікаўшы Мацьвея, Ісус паклікаў чалавека, якога ненавідзелі ўсе. Але гэта адзін з найвялікшых прыкладаў у Новым Запавеце, калі здольнасьць Ісуса бачыцца ў тым, што Ён бачыць ня толькі кім ёсьць чалавек, але тым, кім ён можа стаць. Ніхто ў сьвеце ня верыў чалавечым здольнасьцям так, як гэта рабіў і робіць Ісус Хрыстос.
Капернаум стаяў на дарарозе з Егіпту ў Дамаск і праца Мацьвея была вядомаю – зьбіраць пошліны на карысьць Ірада і, як сьледства, для Рыма. Але гэта быў Капернаум, дзе Ісуса ведалі ўсе і няма ніякага сумненьня ў тым, што Ісус, да сёняшняга дня, ня ведаў Мацьвея. Ведаў, але час Мацьвея яшчэ не прыйшоў.
Відавочна і тое, што Мацьвей таксама ведаў Ісуса ў ранейшым жыцьці, але ягоная праца не дазваляла яму наблізіцца да Ісуса і працягнуць Яму руку. Але Госпад прыходзіць Сам. Прыходзіць першым. І вось гэтая сустрэча. Мацьвей згубіў сваю прыбытковую працу, але знайшоў сябе ў Госпадзе, бо знайшоў найвялікшае багацьце ў сваім жыцьці. Найвялікшы прыклад таго, як Ісус выкарыстоўвае кожны Божы дар, які можа Яму паслужыць. Малаверагодна тое, што іншыя апосталы добра валодалі пяром, бо галілейскія рыбакі не маглі быць майстрамі напісаньня і слова, а Мацьвей быў вельмі здольным да гэтага і валодаў гэтым майстэрствам. І вось гэты чалавек, пад кіраўніцтвам Госпада, і склаў гэтае апавяданьне, якое стаіць побач з самымі важнымі кнігамі, якія калі-небудзь чытаў гэты сьвет.
Ісус ня толькі паклікаў Мацьвея на служэньне, Ён сеў за стол разам з іншымі мытнікамі і грэшнікамі. І тут узьнікае пытаньне: «Дзе гэта было, у чыім доме? Мацьвея ці Ісуса?» Словы Ісуса: «Я прыйшоў ня праведнікаў, але грэшнікаў клікаць да навяртаньня», падказваюць нам, што гэта магло быць у доме Ісуса, бо грэцкае слова «клікаць» выкарыстоўвалася менавіта для запрашэньня гасьцей у свой дом на абед ці вячэру. Але каго клікаць? Кніжнікі і фарысэі гэтага не разумеюць, бо згодна закону, яны не павінны мець ніякіх зносінаў з такімі людзьмі. Ісус жа кажа фарысэям і кніжнікам, што Ён знаходзіцца там, дзе ёсьць у гэтым вялікая патрэба. Толькі дрэнны доктар ідзе да здаровых людзей, бо правільна было б ісьці туды, дзе людзі хварэюць. Але ці правільна было б думаць, што Ісус падзяляе людзей на праведных і грэшнікаў. Зусім не, бо Ён як-бы кажа: «Я клічу людзей, якія ўсьведамляюць сваю грахоўнасьць і адчуваюць патрэбу ў збаўленьні. Маё запрашэньне могуць прыняць толькі тыя, хто ўсьведамляе тое, наколькі яны маюць патрэбу ў-ва Мне».
Што ж тычыцца фарысэяў і кніжнікаў, дык, у сваёй большасьці, яны адварочваліся ад грэшнікаў і былі падобныя на тых лекараў, якія адмаўляліся ісьці да хворага, каб не заразіцца гэтай жа хваробай. Па сутнасьці іхняя рэлігія была эгаістычнай, бо яны больш клапаціліся пра збаўленьне сваёй душы, чым пра збаўленьне душы іншага чалавека, ня думаючы пра тое, што гэта і ёсьць той шлях, каб згубіць асабістую душу. Мы ніколі не павінны судзіць ды клясьці грэшніка. Наадварот, нашым жаданьнем павінна быць дапамога грэшніку знайсьці Ісуса Хрыста.
Для юдэяў міласьціна, малітва і пост былі асновай іхнягя рэлігійнага жыцьця. Пра міласьціну і малітву мы ўжо разважалі, але вось пост. Калі Ісуса запыталі, чаму Ён і Ягоныя вучні ня посьцяцца, Ён адказаў наступным чынам: «Ня могуць плакаць сыны вясельля, пакуль з імі жаніх. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць посьціць». Чаму Ісус так кажа, параўноўваючы Сябе з жаніхом, а Сваіх вучняў - з сябрамі жаніха? Як можа быць гэтая кампанія сумнай, калі гэты час адведзены для весялосьці? Гэтыя словы Ісуса нясуць у сабе вельмі вялікі сэнс і вось чаму.
Ён кажа нам, што быць разам з Ісусам – гэта ёсьць радасьць. Што ў Ягонай прысутнасьці жыцьцё бадзёрае і дзейнае і што ня можа быць хрысьціянства, пагружанага ў змрок і засмучэньне. Хто крочыць па жыцьцю з Ісусам Хрыстом, той заўсёды крочыць у атачэньні радасьці.
Ён кажа таксама і тое, што для вучняў прыйдзе некаторы час і для смутку, калі Ён пойдзе ад іх на сьмерць. Вучні яшчэ не адчувалі гэтага, бо былі ў радасьці з Ісусам, але Ён папярэджвае іх, а разам з імі і ўсіх нас: «Вы адчуваеце, што крочыце за Мною, але ці можаце вы таксама прайсьці праз цяжкасьці, праз пакуты крыжовага шляху? Ці гатовыя вы да таго, каб быць у радасьці і да таго, каб несьці крыж хрысьціяніна?» Хрысьціянскі шлях нясе нам радасьць, але ён нясе таксама кроў, пот і сьлёзы, якія ня могуць скасаваць хрысьціянскую радасьць, але якія, тым ня меньш, трэба прыняць і перанесьці.
У гэтых словах мы бачым і найвялікшую мужнасьць Ісуса, Які ня меў ніякіх ілюзій адносна Свайго далейшага жыцьцёвага шляху і ясна бачыў Свой Крыж. Вось прыклад мужнасьці для чалавека, які ведае кошт Божага шляхуі які, тым ня меньш, ідзе па гэтаму шляху.
«Ніхто ж не прышывае латкі з новай тканіны да старога адзеньня, бо прышытае аддзярэцца ад адзеньня, і дзіра станецца большая. Не ўліваюць новага віна ў старыя мяхі, бо рвуцца мяхі, і віно выцякае, і мяхі гінуць; але новае віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца адно і другое». Ісус добра разумеў, што Ён ідзе да людзей з новым разуменьнем Божай праўды, як разумеў і тое, як цяжка давесьці гэта да разуменьня. І таму Ён кажа людзям прыклад пра новыя латкі і новае віно.
Юдэі былі вельмі кансерватыўнымі людзьмі, карыстаючыся законам Майсея і не дапускаючы сюды нічога новага. Кніжнікі і фарысэі казалі, што іхняя мэта – «пабудаваць плот вакол закона». У іхнім уяўленьні любая новая думка было ня столькі памылкай, колькі грэхам. Але такое ўяўленьне новага нікуды ня зьнікла. Яно жывое і зараз. Сучасная хрысьціянская царква таксама, ў значнай ступені, хворая гэтым. Вось прыклад. У адной, вельмі вядомай Менскай царкве, служэньне праводзіцца на расейскай мове. І вось, ад аднаго з дыяканаў зыходзіць прапанова, каб частка служэньняў праходзіла на роднай беларускай мове. Галоўны пастар царквы катэгарычна гэтаму адмовіў, кажучы, што яны такога раней не рабілі і ніяк ня будуць гэтага рабіць у бліжэйшым будучым. Трэба заўважыць, што гэты кіраўнік царквы нарадзіўся ў вёсцы і навучаўся ў беларускай школе. Безумоўна ж тое, што ніхто ня кіне добрыя набыткі мінулага і што выпрабавана часам, але, як паказваюць факты, настае час, калі ўжо безсэнсоўна ўжо ставіць латкі на старое адзеньне. Менавіта тады і трэба зрабіць выбар. Ці прыняць новае, ці пайсьці ў ціхую глуш, каб пакланяцца ня Богу, але мінуламу.
А зараз пра віно. У старажытнасьці віно захоўвалі ў скурах бурдзюкоў, але не ў бутылках. Калі маладое віно налівалі ў бурдзюк, яно ўсё яшчэ закісала і газы ад закісаньня давілі на абалонку бурдзюка. Новы мех эластычны і, пад ціскам газаў, расцягваецца без усякай шкоды. Але старыя бурдзюкі ўжо агрубелі і страцілі сваю эластычнасьць, а гэта азначае тое, што яны могуць ня вытрымаць ціск газаў маладога віна і лопнуць.
Сучасныя ўмовы дыктуюць нам тое, што наш дух павінен быць эластычным, каб быць здольным прымаць новыя ідэі. Наогул, гісторыя прагрэса – гэта гісторыя прадузятых меркаваньняў. Кожная новая ідэя павінна была весьці барацьбу з кансэрватыўнай апазіцыяй чалавечага розуму. Прыпамятаем гісторыю стварэньня аўтамабіля, цягніка ці самалёта. І шмат чаго яшчэ. На ўсё гэта спачатку глядзелі падазрона. Галілей, даведаўшыся, што зямля варочаецца вакол сонца, а не наадварот, быў вымушаны адмовіцца ад свайго адкрыцьця. Таксама і Капернік, які быў вымушаны надоўга затрымаць свае даведкі пра пабудову сонечнай сістэмы. Нават чалавеку, які прыдумаў парасон, давялося вытрымаць шмат абразы, калі ён першы раз выйшаў на вуліцу з парасонам. Сучасная царква таксама хворае гэтым, але было б добра, каб усе памяталі, што калі любая жывая істота перастае расьці, яна пачынае паміраць. З гэтага вынікае тое, што мы павінныя прасіць Госпада, каб Ён збавіў нас ад такой абмежаванасьці.
Мац 9:18-26
«Калі Ён гаварыў ім гэта, вось, падыйшоўшы, начальнік пакланіўся Яму, кажучы: “Дачка мая цяпер памірае, але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна ажыве”. І, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя. І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на крывацечу, падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю шаты Ягонай, бо яна казала ў сабе: “Калі толькі дакрануся да шаты Ягонай, буду выратаваная”. Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: “Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе”. І жанчына ў тую ж гадзіну паздаравела. І, прыйшоўшы ў дом начальніка і ўбачыўшы жалейнікаў і ўзрушаны натоўп, Ісус сказаў ім: “Адыйдзіцеся, бо не памерла дзяўчынка, але сьпіць”. І сьмяяліся з Яго. Калі ж вывелі натоўп, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала. І разыйшлася чутка пра гэта па ўсёй той зямлі» (Мац 9:18-26).
Аповесьць Мацьвея пра гэтыя цуды адназначна маюць нешта агульнае, але ўсё па парадку.
Няма ніякага сумненьня ў тым, што гэты начальнік зьвярнуўся да Ісуса, калі ўсё астатняе апынулася бясьсільным. Але што гэта быў за начальнік? Хутчэй за ўсё гэта быў начальнік сынагогі, як прадстаўнік юдэйскай артадаксальнай рэлігіі. Але ёсьць нюанс. Гэта было ў Капернауме, дзе ўсе ведалі Ісуса, а Ісус, безумоўна, ведаў гэтага начальніка сынагогі. Ісус некалькі гадоў жыў тут і прапаведаваў тут, а таму і нядрэнна ведаў гэтага начальніка. Бачыцца, што гэты начальнік прыйшоў да Ісуса ад бязвыходнасьці і таму, што больш ужо ісьці не было да каго. Што ж тычыцца Ісуса, Які ведаў гэтага начальніка і, магчыма, гэтую дзяўчыну, Ісус, без усякіх ваганьняў, пайшоў у дом гэтага чалавека, каб збавіць ад фізічнай сьмерці ўжо мёртвую ягоную дачку.
Жанчына, якая хварэла на крывацечу, падыйшла ззаду да Ісуса і кранулася да краю Ягонай шаты у надзеі ад гэтага аздаравіцца. Калі б гэта быў звычайны гебрай, дык крананьне да мёртвага ці нячыстага чалавека мелі наступствы працэсу ачышчэньня, дзе павінна было добра памыцца, памыць адзеньне і на адзін дзень прыпыніць зносіны з астатнімі людзьмі. Наогул, аповяд Мацьвея трымае нас у напрузе, калі спачатку нашая ўвага пераключаецца ад маленькай дзяўчынкі да сталай жанчыны. Яна пакутавала ад крывацечы аж дванаццаць гадоў і добра ведала пра нячыстасьць ад крананьня іншага чалавека, але, нягледзячы на гэта, яна кранаецца шаты Ісуса. Гэты эпізод, які бачылі многія, паказаў на тое, што яе «нечыстата» ніяк не кранула Ісуса, Які, павярнуўшыся сказаў ёй: «Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе». Але што, у гэтых двух падзеях характэрнага і дзіўнага?
А гэта тое, што начальнік прыйшоў да Ісуса з няправільных падахвочваньняў пра Яго, а жанчына прыйшла да Ісуса з недасканалай верай пра тое, кім Ён быў на самой справе. Але ўсе яны бачылі, што Ягоная любоў і Ягоная сіла дапаможа ім. І гэта вельмі дзіўная рэч, бо ня мае ніякага значэньня тое, як мы прыходзім да Хрыста, але важна толькі тое, што мы да Яго прыйшлі. І ня мае ніякага значэньня тое, як нязграбна мы прыходзім да Яго, але важна тое, што Ён гатовы прыняць нас такімі, як мы ёсьць, бо Ягоная любоў і Ягонае сэрца адкрытыя для таго, каб прыняць нас і зрабіць такімі, якімі мы павінны быць.
Тут раскрываецца таямніца. У Ісуса ёсьць улада аздараўляць, але гэтае аздараўленьне, ці збаўленьне, атрымліваюць толькі веруючыя. Тое, што рабіў Ісус, было пачаткам збаўленьня сьвету ад усяго таго, што яго забруджвае, разбурае і скажае. І той, хто верыць Ісусу, будзе збаўлены. Што ж тычыцца той жанчыны, якая аздаравілася ад крывацечы, дык гэта прыклад таго, што Божая любоў не дазваляе ніводнаму чалавеку згубіцца ў натоўпу. Для Бога адзін чалавек ніколі не падобны на іншага, але кожны для Яго – гэта адзінае, у сваім родзе, дзіцяці, якому прызначана ўся сіла і Божая любоў. Для Ісуса гэтая жанчына не была згубленай у натоўпе і пад час яе патрэбы яна была для Яго найважнейшаю справай. Менавіта так Ісус Хрыстос ставіцца і да кожнага з нас.
Мац 9:27-38
«І калі Ісус ішоў адтуль, ішлі за Ім два сьляпыя, крычучы і кажучы: “Зьлітуйся над намі, Сыне Давідаў!” Калі ж Ён прыйшоў у дом, падыйшлі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: “Ці вы верыце, што Я магу гэтае зрабіць?” Кажуць яму: “Так, Госпадзе!” Тады Ён дакрануўся да вачэй іхніх, кажучы: “Паводле веры вашае няхай станецца вам”. І адчыніліся вочы іхнія. І Ісус грозна глянуў на іх, кажучы: “Глядзіце, каб ніхто ня ведаў”. А яны, выйшаўшы, шырылі вестку пра Яго па ўсёй той зямлі. Калі ж тыя выходзілі, вось прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам. І, калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў, і натоўп зьдзіўляўся, кажучы: «Ніколі не здаралася гэткае ў Ізраілі». А фарысэі казалі: “Праз князя дэманаў Ён выганяе дэманаў”. І абыходзіў Ісус усе гарады і мястэчкі, навучаючы ў сынагогах і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе. Убачыўшы ж натоўпы, Ён зьлітаваўся над імі, што былі саслабелыя і расьцярушаныя, быццам авечкі, якія ня маюць пастуха. Тады кажа вучням Сваім: “Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё» (Мац 9:27-38).
Гэтыя сьляпыя зьвярнуліся да Ісуса, як да Сына Давідавага. Тытул Сына Давідавага характэрызаваў Ісуса як Мэсію, бо менавіта так уяўлялі сабе Мэсію юдэі. На працягу вякоў чакалі юдэі чаканага Вызваліцеля з роду Давіда, Які ня толькі вярне ім свабоду, але і прывядзе іх да славы і велічы. Менавіта так і ўяўлялі сабе гэтыя сьляпыя Ісуса, а таму правільным іхняе патрабаваньне да аздараўленьня вызначыць немагчыма. Але зварот Ісуса да гэтых сьляпых паказвае нам шмат на што. Зразумела, што Ён не адказаў адразу на іхнія заклікі, таму што была неабходнасьць упэўніцца ў сур’ёзнасьці іхняе просьбы. Далей наступнае. Ісус абудзіў гэтых людзей прыйсьці да Ягонага дому, бо Ён не адказаў ім на плошчы ці на вуліцы. Яны шукалі сустрэчы з Ім сам-насам і вось, яны апынуліся ў доме Ісуса. Усе мы прыйшлі да Хрыста сам-насам, нават і тады, калі, пры гэтым, прысутнічала шмат людзей.
Ісус задаў гэтым людзям толькі адное пытаньне: «Ці верыце вы, што Я магу зрабіць гэта?» Для цуда неабходная вера і ў гэтым няма нічога неверагоднага, але шлях да цуда – гэта здольнасьць аддаць сваё жыцьцё ў рукі Ісуса Хрыста і прамовіць: «Я ведаю, што ты можаш зрабіць мяне тым, кім я і павінны стаць». Нямому ж, апанаванаму дэманам, Ён нічога ня кажа, выртаючы таму здольнасьць гаварыць і выганяючы з яго дэмана. Але вось і рэакцыя.
Безумоўна тое, што немагчыма заставацца нейтральным у адносінах да Ісуса. Перад намі ж пазіцыя двух поглядаў на хрысьціянскае жыцьцё. Праўда ж гэтага ў тым, што вока бачыць тое, што адчувае сэрца. Натоўп глядзеў на Ісуса зьдзіўлена, але з пачуцьцем, што Ісус здольны задаволіць усе іхнія пажаданьні. Ісус заўсёды будзе цудам чалавеку, які адчувае патрэбу і чым больш гэтая патрэба, тым больш прывабным выглядае Ісус. І гэта ёсьць першы погляд. Другі ж погляд за фарысэямі, якія бачылі Ісуса, як чалавека, які змовіўся з сіламі зла. Так, яны не адмаўлялі Ягоныя цуды, але бачылі гэта па іншаму: «Праз князя дэманаў Ён выганяе дэманаў». Чаму? Яны так звыкліся да недатыкальнасьці закону і нязьменнасьці традыцыяў, што ўсё астатняе лічылі сьмяротным грэхам. Усё новае было няправільным, бо іхнія вочы – гэта вочы сьляпых, каб бачыць у Ісусе праўду Божай сілы. Была ж, безумоўна, яшчэ і зайздрасьць, бо, ня маючы магчымасьці рабіць падобныя цуды, яны, тым ня меньш, прэтэндавалі на ролю духоўных лідараў, каб весьці гебраяў у Божае Валадарства.
«Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё». Калі на вас нагаворваюць падобным чынам, адзінае, што трба зрабіць – гэта працягваць тую працу, якую даручыў вам Бог. Ісус, гледзячы на Сваіх сучасьнікаў, разумеў, што яны падобныя на авечак без пастуха ці пшаніцу на полі, якую няма каму зьбіраць. І таму, акрамя малітвы «Ойча наш», Ісус загадвае вучням маліцца пра тое, каб Бог выслаў работнікаў на жніво Сваё.
Свидетельство о публикации №225123101321