Мат 10 1-42
Мац 10:1-42
Ісус загадаў вучням маліцца пра тое, каб Бог выслаў работнікаў на жніво Сваё. І калі вучні пачынаюць маліцца пра гэта, дык нечакана хутка атрымліваюць адказ. Яны самі зьяўляюцца тымі работнікамі, якія будуць зьбіраць ураджай з Божага жніва. Тое, што Ісус робіць Сваёй уладаю, прыйдзецца рабіць і вучням па Ягонаму загаду. Каб увесь Ізраіль атрымаў Добрую вестку – Эвангельле пра Божае Валадарства, яны не павінны зьвяртаць увагі на абвінавачваньні ў змове з д’яблам ці што яшчэ. Дзе ж сёняшняе поле, прыгатаванае да жніва? У чым буде заключацца нашая малітва? Калі мы зможам адказаць на гэтыя пытаньні, дык зразумеем, якім чынам мы самі можам стаць часткаю Божага адказу.
Мац 10:1-15
«І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і аздараўляць усякую хваробу і ўсякую немач. А дванаццаці апосталаў імёны такія: першы — Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якуб Зэбэдэяў і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якуб Алфеяў і Леўвей, якога звалі Тадэвушам, Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго. Гэтых дванаццаць паслаў Ісус і загадаў ім, кажучы: “На шлях паганаў не ўзыходзьце і ў горад Самаранскі не ўваходзьце, а ідзіце больш да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі. Ідучы ж, абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Валадарства Нябеснае. Нядужых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце. Не бярыце з сабою ані золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя, ані торбы на дарогу, ані дзьвюх вопратак, ані сандалаў, ані кія. Бо работнік варты ежы сваёй. А ў які горад ці мястэчка ўвойдзеце, даведайцеся, хто ў ім дастойны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце. А, уваходзячы ў дом, вітайце яго. І, калі дом будзе сапраўды дастойны, супакой ваш прыйдзе на яго; а калі ня будзе дастойны, супакой ваш да вас вернецца. І калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць словаў вашых, то, выходзячы з дому ці з гораду таго, абтрасіце пыл з ног вашых. Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садома і Гаморы ў дзень суду, чым гораду таму» (Мац 10:1-15).
Мы бачым, як метадычна разварочвае Мацьвей гісторыю служэньня Ісуса. У аповядзе пра хрост Ісуса Мацьвей распавядае, як Ісус прымае на Сябе Божую задачу. У аповядзе пра спакушэньне ў пустыні ён паказвае нам, як Ісус выкарыстоўвае метады для вырашэньня гэтай задачы. У Нагорнай пропаведзі мы чуем мудрыя настаўленьні Ісуса. Далей мы бачым практычныя дзеяньні Ісуса і, таксама, нарастаючую апазыцыю супраць гэтых дзеяньняў. Зараз жа мы ўбачым, як Ісус выбірае Сваіх людзей.
Калі які-небудзь кіраўнік пачынае выконваць нейкі буйны праект, ён прызначае на гэты праект пэўную працоўную каманду. Менавіта ад гэтых людзей і будзе залежыць станоўчы вынік гэтага мерапрыемства. Так і з Ісусам, Які выбірае бліжэйшых памочнікаў у Сваім зямным жыцьці, якія працягнуць Ягоную працу, калі Ён пакіне зямлю і вернецца да Сваёй славы. Паглядзім уважліва на гэтых дванаццаць чалавек, якія былі выбраныя Ісусам. Звычайныя людзі, якія не былі багатымі, ня мелі значнай адукацыі і не былі значнымі асобамі ў краіне. Нехта сказаў, што Ісус Хрыстос шукае ня столькі незвычайных, колькі звычайных людзей, якія здольныя добра выконваць звычайную працу. Ісус бачыць у кожным чалавеку ня толькі тое, кім гэты чалавек зьяўляецца, але таксама і тое, што Ён можа зрабіць з гэтага чалавека. Ісус выбраў памочнікаў звычайнага складу, бачачы, кім яны могуць стаць пад Ягоным уплывам і з Ягонай сілай. Ніхто з нас не павінен думаць, што яму няма чаго прапанаваць Ісусу Хрысту, таму што Ён возьме нашыя сьціплыя здольнасьці і шматкроць памножа іх, каб выкарыстаць у славу Божага Валадарства.
А зараз зьвярнем сваю ўвагу на некаторых з іх, а дакладней на Мацьвея мытніка і Сымона Кананіта, якога Лука называе Сымон Зілот, што азначае – «руплівец» Усе глядзелі на Мацьвея мытніка як на здрадніка, які прадаўся, дзеля асабістай выгады, рымскім прыгнятальнікам і таму, па вызначэньню, ня быў і блізка патрыётам сваёй краіны. Іншая справа зілоты, якія былі поўнай процілегласьцю мытнікам. Гісторык Флаві кажа пра гэтых зілотаў, што яны лічыліся чацьвёртай партыяй юдэяў, пасьля фарысэяў, садукеяў і эсэяў. У зілотаў была непарушная адданасьць да свабоды, сьцьвярджаючы, што тольк Бог павінен быць іхнім Валадаром і Госпадам. Яны былі гатовыя на любыя пакуты і на любое забойства, каб якім-небудзь чынам вызваліць сваю краіну ад іншаземнага прыгнятальніка. Гэта былі асаблівыя паірыёты – звышнацыяналісты сярод нацыяналістаў. Уявім сабе сустрэчу гэтых двух людзей да пакліканьня іх Ісусам. Не было б нічога дзіўнага ў тым, што Мацьвей мог быць забітым ад кінжала Сымона. Тут жа мы бачым праўду Ісуса, бо нянавіць зьнікае на карысьць любові, калі такія процілеглыя людзі любяць Ісуса Хрыста. Рэлігія Ісуса не раз’ядноўвае, але аб’ядноўвае характары, грамадзянскія і асабістыя інтарэсы.
Мацьвей пералічвае нам імёны ўсіх дванаццаці апосталаў – «пасланьнікаў», якіх Ісус пасылае прапаведаваць, аздараўляць хворыхі нават уваскрашаць мёртвых. Лік дванаццаць вельмі сымбалічны, бо Ісус аднаўляў Ізраіля, у якога было дванаццаць родапачынальнікаў. Але Ісус прыйшоў на гэтую зямлю ня толькі дзеля Ізраіля, а і для ўсяго астатняга сьвету, бо ці не абяцаў Ён, што пагане таксама ўвойдуць у Валадарства Божае? Ці не казаў нам Мацьвей, што пасьля Ягонага нараджэньня прыйшлі да Яго з пашанаю мудрацы з далёкіх краінаў? Так, усё гэта будзе. Пасьля Свайго ўваскрасеньня Ён пашле вучняў прапаведаваць усім народам, але, перад гэтым, Эвангельле пра Валадарства павінна прыйсьці менавіта Ізраілю. Чаму? Каб у іх быў час для пакаяньня – каб не было ўжо занадта позна для гэтага пакаяньня. Ісус прыйшоў не разбураць Закон, але выконваць яго. Час паганаў безумоўна прыйдзе, але да гэтага трэба паспрабаваць данесьці выбранаму народу тое, што ўжо прыйшоў час выкананьня Божага абяцаньня – тое, што яны так доўга чакалі.
Ісус загадвае Сваім вучням рабіць зусім ня тое і ня так, як гэта разумелі гебраі. Апосталы не павінны хадзіць з важным выглядам, абвяшчаючы, што яны – выбраныя служыцелі сапраўднага Валадара. Наадварот, яны павінны аздараўляць, уваскрашаць мёртвых і даваць надзею людзям, але не шукаць для сябе славы. Апосталы не павінны браць грошы за сваю працу і ня браць у свой шлях дадатковага адзеньня. Яны могуць толькі спадзявацца, што людзі, якія пачуюць Эвангельле, самі дадуць ім на іхнія штодзённыя патрэбы.
Падрабязны пералік таго, што належыць рабіць апосталам, дазваляе разумець, якую адказнасьць усклаў на іх Ісус. Пропаведзь апосталаў – гэта не парады, якія можна прыняць ці наадварот і ня новае вучэньне па дапамозе вырашэньня пэўных духоўных праблемаў. Набліжаецца Божае Валадарства, а таму задача апосталаў – гэта падрыхтоўка людзей да гэтай падзеі. Калі людзі прымаюць пасланьне пра Валадарства, дык гэта вельмі добра. Калі ж не, дык прыйдзецца паказаць ім тое, што яны нарабілі, бо тыя, хто выбраў шлях Ісуса, будуць збаўлены ад вялікай трагедыі, а тыя, хто адпрэчыў пропаведзь Ісуса, будуць мець сабе лёс Садома і Гаморы. Больш таго, гэтым гарадам на беразе Мёртвага мора, загінуўшым у полыме Божага гневу, будзе нашмат лепш, чым у дзень Божага суду. Ісус папярэджвае ўсіх нас, што яшчэ больш горкая доля чакае тых, хто адмовіцца сустрэць Божы дзень і аддасьць перавагу звыкламу жыцьцю, які вядзе да пагібелі.
Гэтыя прадпісаньні, дадзеныя Ісусам апосталам, вызначаліся дзеля канкрэтнай тагачаснай сітуацыі. Але Мацьвей дае нам гэтыя падрабязнасьці для таго, каб будучыя цэрквы памяталі пра гэта. Як жа мы выконваем гэтыя прадпісаньня сёньня?
Мац 10:16-23
«Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьмеі, і шчырыя, як галубы. Сьцеражыцеся людзей, бо яны будуць выдаваць вас у сынэдрыёны і ў сынагогах сваіх будуць бічаваць вас. І павядуць вас да ваяводаў і валадароў дзеля Мяне на сьведчаньне ім і паганам. Калі ж будуць выдаваць вас, не клапаціцеся пра тое, як ці што вам гаварыць, бо вам у тую гадзіну будзе дадзена, што гаварыць. Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас. Выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька — сына, і паўстануць дзеці на бацькоў, і пазабіваюць іх; і будуць вас ненавідзець за імя Маё, але хто вытрывае да канца, збаўлены будзе. Калі ж будуць перасьледаваць вас у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо сапраўды кажу вам: вы не абыйдзеце ўсіх гарадоў Ізраіля, як прыйдзе Сын Чалавечы» (Мац 10:16-23).
Уявім сабе невялікую групу людзей, якія вырашылі ці вырашыліся скокнуць з парашутам. Яны прайшлі тэарэтычны курс ад вопытнага інструктара і атрымалі некаторыя практычныя навыкі. І вось яны, дванаццаць чалавек стаяць каля самалёта перад інструктарам, які кажа ім пра небясьпечнасьць гэтага мерапрыемства, калі яны будуць рабіць нешта ня так. Што адчуваюць гэтыя людзі, гатуючыся да свайго першага скачка яшчэ тут, на зямлі? Хутчэй за ўсё хваляваньне, пэўную адказнасьць і крыху звычайнага страху. І вось, дзвер самалёта адчынена, вы стаіцё перад безданьню і адчуваеце, што вышыя зямныя пачуцьці памнажаюцца ў мноства разоў, бо вашая небясьпека становіцца рэальнай. Нешта падобнае, мажліва, адчувалі на сабе і апосталы. Тое, пра што казаў раней Ісус, давала ім уяўленьне, што яны ўздымаюцца ў неба разам з Ісусам. Яны радавалася таму, што Ён хоча падзяліцца з імі незвычайнай уладаю і сілай. Але зараз яны апынуліся на краю бездані, усьведамляючы, што зараз яны непазьбежна паляцяць уніз.
«Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьмеі, і шчырыя, як галубы». Шчырасьць і мудрасьць Ісуса проста захапляюць. Ён заўсёды, не вагаючыся, казаў людзям, што іх чакае, калі яны пойдуць за Ім. Дзіўна, але гэта зусім нетыпічны прыклад таго, як набыць верных прыхільнікаў. Заўважым, што сьвет прапануе для гэтага зусім іншае: камфорт, зручнасьць, выкананьне свецкіх жаданьняў, нейкія матэрыяльныя набыткі, а Ісус прапануе вучням пазбаўленьне, цяжкасьці і сьмерць. Але, нягледзячы на ўсё, гісторыя паказала, што Ісус быў правым, бо сэрцы, адданыя Хрысту, застаюцца вернымі нават і ў самых крытычных сітуацыях.
Пасылаючы вучняў прапаведаваць Ісус настаўляе іх быць мудрымі, як зьмеі, але простымі, як галубы. Хрысьціяне заўсёды лічылі, што проста быць зьмеямі ці галубамі паасобку, але цяжка быць і зьмяёй, і голубам адначасова. Без прастаты мудрасьць ператвараецца ў маніпуляцыю людзьмі, а прастата бяз мудрасьці ператвараецца ў наіўнасьць. Нягледзячы на тое, што і сёньня мы сутыкаемся з рознымі праблемамі, мы павінны, азіраючыся на Хрыста, мудра і ў прастаце вырашаць іх. Калі мы вырашылі рабіць тое, што рабіў Ён, дык трэба пераканацца ў тым, што нашае асабістае жыцьцё падобнае на жыцьцё Хрыста.
Сёньня, у хрысьціянскім сьвеце, няма той небясьпекі, пра якую казаў Ісус і мы прывыклі жыць у цярплівым грамадзтве. Нас ня будуць перасьледаваць за тое, што мы прапаведуем праўду Хрыста, але так было не заўсёды, бо ўсё, што прапаведаваў Ісус у тыя часы было сапраўды рэвалюцыйным і лічылася вельмі небясьпечным. Гісторыя хрысьціянства пацьверджвае гэта і мы ведаем, што апосталаў перасьледавалі, білі, арыштоўвалі і забівалі. Больш таго, пасланьне Ісуса прыносіла раскол і ў сем’ях – бацькоў і дзяцей, братоў і сёстраў. Нават і родзічы Ісуса, падавалася, ня верылі Ісусу у Ягоным зямным жыцьці. Але Ісус не лічыў, што гэта будзе заўсёды, бо вельмі хутка прыйдзе Сын Чалавечы.
Гэтае месца аповяду Мацьвея патрабуе ўдакладненьня. Чаму Ісус пасылае апосталаў на служэньне тэрмінова – да таго, як адбудзецца прыйсьце Сына Чалавечага? Гэты момант пасланьня Ісуса стаў прадметам спрэчак дасьледчыкаў Эвангельля. Некаторыя лічаць, што гаворка ідзе пра другое прышэсьце Ісуса Хрыста, але гэта можа быць і ня так. Гэтае слова Эвангельля адсылае нас да прарока Данііла, які каза наступнае: «Бачыў я ў начных уявах, вось, з аблокамі нябеснымі ішоў як бы Сын Чалавечы, дайшоў да Спрадвечнага днямі і падведзены быў да Яго. Яму дадзена ўлада, слава і Валадарства, каб усе народы, плямёны і роды служылі Яму. Валадарства Ягонае – Валадарства вечнае, яно не мінецца і Валадарства Ягонае не разбурыцца» (Дан 7:13-14). Адсюль вынікае, што прышэсьце Сына Чалавечага азначае не прышэсьце Яго з Нябёсаў на зямлю, але ўзьнясеньне з зямлі ў Нябёсы, дзе, пасьля многіх пакутаў, Ён станецца Валадаром і Судзьдзёй сьвету.
Мацьвей кажа нам і пра тое, што калі апосталам прыйдзецца адказваць перад кіраўнікамі сьвету, Госпад дасьць вучням Ісуса такую мудрасьць, што яны будуць мець неабходныя, мудрыя і сьмелыя словы. Веруючых у Ісуса будуць перасьледаваць, але яны павінны будуць усё гэта вытрымаць, каб атрымаць збаўленьне. Такім чынам, мы маем абяцаньне Ісуса пра тое, што калі вучні Хрыста выканаюць сваё прызначэньне, дык Госпад дасьць ім збаўленьне.
Мац 10:24-31
«Досыць для вучня, каб ён стаўся як настаўнік ягоны, і для слугі, каб ён стаўся як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, тым больш хатніх яго. Дык ня бойцеся іх, бо няма нічога прыкрытага, каб не адкрылася, ані тайнага, каб ня сталася вядомым. Што кажу вам у цемры, кажыце пры сьвятле; і што чуеце на вуха, абвяшчайце з дахаў. І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы забіць ня могуць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у гееньне. Ці ж ня два вераб’і продаюцца за асар? І ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага. А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык ня бойцеся, вы лепшыя за многіх вераб’ёў» (Мац 10:24-31).
«Так ня бойцеся». Ісус неаднаразова зьвяртаецца да вучняў з гэтым заклікам, які становіцца вельмі важным у звароце Ісуса да ўсіх людзей. Няцяжка зразумець, чаму Ісус казаў вучням гэтыя словы. Ён папярэджваў, што іх будуць перасьледаваць улады: маральна і фізічна. Усяго гэтага цалкам дастаткова, каб баяцца, але, тым ня меньш, Ён заклікае вучняў не баяцца. Чаму так? Спачатку Ён ня кажа пра тыя прычыны, якія мы чакаем, але скажа потым: «Таму, што Бог паклапоціцца пра вас». Зараз жа Ён кажа, што баяцца ня трэба, таму што няма нічога прыкрытага, каб не адкрылася, ані тайнага, каб ня сталася вядомым. Чым жа гэта можа дапамагчы апосталам? Яны ведаюць, што іхнія страхі базуюцца на разуменьні таго, што іхнія тайныя думкі будуць адкрытымі. Але яны даведаюцца, што адкрытай будзе сіла веры і адданасьць вучняў Хрыста, што яны ішлі за Ім у Ягонай праўдзе. Тое, што здавалася упартасьцю і саманадзейнасьцю, у сьвятле праўды, апынецца цярплівасьцю і рашучасьцю крочыць за Госпадам. Іншымі словамі, праўда і справядлівасьць перамогуць і той, хто жыў проста і шчыра, будзе збаўлены.
Ісус, тым ня меньш, перасьцерагае вучняў ад тых, хто можа загубіць душу і цела чалавека. Ён лічыў, што ў Ізраіля ёсьць ня толькі відзьмыя зьнешнія ворагі, але і нявідзьмыя – дэманы, якія могуць загубіць душу. Дэманы дзейнічалі ў часы Ісуса, таксама яны дзейнічаюць і зараз. Яны выкарыстоўваюць імкненьне Божых людзей да справядлівасьці, схіляючы іх да помсты, каб, тым самым, загубіць іхнія душы. Людзі, пакліканыя несьці сьвятло, вельмі рызыкуюць, калі пачынаюць барацьбу са злом з дапамогаю яшчэ большага зла, што вядзе іх наўпрост у геену. Менавіта гэтага вучні Хрыста і павінны баяцца. Ісус кажа, што Бог любіць Сваё стварэньне і паклапоціцца пра кожную жывую істоту, нават і пра кожны волас на галаве чалавека. Вера ж у гэтае павінная перасіліць усе страхі ды асьцярогі.
«А бойцеся больш Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у гееньне». Важны момант для разважаньня. Некаторыя лічаць, што гаворка ідзе пра Самога Бога, Які здольны на загубу і геену. Але гэта зусім ня так. Бог – адзіны, Каго ня трэба баяцца, але можна даверыць сваё жыцьцё, душу і цела – карацей, усё. Больш таго, Госпад ведае ўсе дробязі нашага жыцьця, бо калі Ён сапраўды клапоціцца пра кожнага вераб’я і кожнага воласа на нашай галаве, дык гэта азначае, што для Яго няма нічога нязначнага. І з гэтага зразумела, што мы каштуем для Госпада больш, чым зграя вераб’ёў, а таму можна быць упэўненым, што Бог ведае і мае клопат пра кожную дробязь нашага жыцьця. Ён клапоціцца пра нас нават і ў час спакушэньняў ці пэўных небясьпекаў. Хрысьціянам наканавана змагацца з ворагамі відзьмымі і нявідзьмымі. Але яны павінны памятаць, што Той, каму яны служаць, мацнейшы за самага моцнага з гэтых ворагаў. Нашая мужнасьць грунтуецца на ўпэўненасьці ў тым, што, нягледячы на нейкія непрыемнасьці, нашае жыцьцё заўсёды ў руках Божых. Ён не пакіне нас, а таму мы навечна аточаны Божым клопатам. А калі гэта так – каго тады баяцца?
Мац 10:32-42
«Дык кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, таго і Я прызнаю перад Айцом Маім, Які ў небе. А хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, таго і Я адракуся перад Айцом Маім, Які ў небе. Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці супакой на зямлю; не супакой прыйшоў Я прынесьці, але меч. Бо Я прыйшоў разлучыць чалавека з бацькам яго, і дачку — з маці яе, і нявестку — са сьвякрухай яе. І ворагі чалавеку хатнія яго. Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне. І хто не бярэ крыжа свайго і ідзе за Мною, той ня варты Мяне. Хто знойдзе душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, знойдзе яе. Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне. Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастане нагароду прарока; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, дастане нагароду праведніка. І калі хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды свае» ( Мац 10:32-42).
Калі чалавек верны Ісусу Хрысту ў гэтым жыцьці, дык Ісус Хрыстос будзе верны яму ў жыцьці будучым. Калі ж чалавек, у гордасьці сваёй, не прызнае Ісуса Хрыста сваім Госпадам, дык Ісус Хрыстос таксама адрачэцца ад яго. Гісторыя хрысьціянства паказала, што сёньня не было б хрысьціянскай Царквы, каб на пачатку хрысьціянства не было б такіх людзей, якія перад тварам сьмерці і пакутаў не адмовіліся ад Свайго Госпада і Збаўцы. Царква і пабудована на непарушнай вернасьці тых, хто цьвёрда трымаўся сваёй веры. Рымскі легат Пліні Малодшы паведамляў свайму імператару Траяну пра сваю барацьбу за вынішчэньне хрысьціянства, калі прымушаў гэтых людзей праклясьці Хрыста: «Але тых, якія сапраўдныя хрысьціяне, да гэтага схіліць немагчыма». Як жа сучасны чалавек можа адрачыся ад Ісуса Хрыста?
Мы можам адрачыся ад Яго ў нашых словах. Многія людзі на пытаньне пра хрысьціянства прызнаюць яго, але такім чынам, каб гэта не перашкаджала гэтаму сьвету ў сваім звычным жыцьці. Мы можам казаць іншым людзям, што мы ёсьць членамі Царквы Хрыста, але ня маем ніякага жаданьня адрозьнівацца ад іншых, каб атрымліваць задавальненьня гэтага сьвету. Так не павінна быць. Хрысьціянін ніколі не павінен пазьбягаць неабходнасьці адрозьнівацца ад іншых гэтага сьвету. Наш абавязак заключаны ня ў тым, каб адпавядаць сьвету, але ў тым, каб перамяняць яго ў славу Ісуса Хрыста.
Мы можам адрачыся ад Яго і сваім маўчаньнем. Пагроза нявыказанага, на жаль, мае месца ў хрысьціянскім жыцьці. Ці не ўзьнікае ў нашым жыцьці неабходнасці сказаць слова за Хрыста, выказаць, спасылаючыся на Пісаньне, свой пратэст супраць зла, паказаць усім, на чыім баку мы стаім? І вельмі часта, на жаль, у такіх сітуацыях прасьцей прамаўчаць, чым гаварыць. Але такое маўчаньне ёсьць таксама адрачэньнем ад Ісуса Хрыста. І хутчэй за ўсё, што такім баязьлівым маўчаньнем нашмат больш людзей адракаюцца ад Хрыста, чым на словах.
Мы можам адрачыся ад Яго ў сваіх дзеях. Чалавек можа паводзіць сябе так, што ягонае жыцьцё становіцца безперапынным адрачэньнем ад веры, якую ён вызнае. Чалавек, які даў абяцаньне Эвангельлю чысьціні і незаганасьці, можа быць вінаватым у-ва ўсякіх дробных несумленнасьцях і парушэньнях хрысьціянскага жыцьця. Чалавек, які пакрочыў за Госпадам, можа вырашыць і далей весьці жыцьцё, дзе галоўнае месца адводзіцца зручнасьці і камфорту. Чалавек, які пакрочыў за Тым, Хто прабачыў яго і загадаў прабачаць іншых, можа ўвесь час абурацца ды сварыцца з іншымі. Чалавек, які павінен заўсёды глядзець на Хрыста, Які аддаў Сваё жыцьцё дзеля любові да людзей, можа весьці сваё жыцьцё так, што там зусім адсутнічае імкненьне да хрысьціянскай пакоры, хрысьціянскай міласэрнасьці і хрысьціянскай шчодрасьці. Усё гэта і ёсьць адрачэньне ад Хрыста ў сваіх дзеях. Але так не павінна быць.
Ісус ня кажа, як кожны можа служыць Яму, але адданасьць Госпаду павінна быць галоўным прыярытэтам. А гэта ня так проста, бо мы яшчэ ўбачым, як цяжка было ажыцьцявіць гэта нават тым, хто асабіста ведаў Ісуса. Пётр тройчы адрокся ад Яго, Юда здрадзіў Яму, а іншыя вучні, пры небясьпецы, разьбегліся і пахаваліся. Але застаецца праўда жыцьця, якая пераносіць нас да Нагорнай пропаведзі. Ісус ня проста добра вучыць нас адпавядаць Божым пастановам. Ён не прыйшоў, каб толькі паказаць нам шлях з гэтага сьвету ў іншы, але каб паказаць нам новы спосаб быць Божымі людзьмі. А калі нехта не жадае жыць па новаму, дык няхай потым скардзіцца на сябе. Ісус ня хоча разлучаць сем’і, але Ён папярэджвае, што калі людзі пойдуць за Ім, дык гэты падзел вельмі магчымы.
«І ворагі чалавеку хатнія яго». На самой справе гэтыя словы ёсьць вытрымкай з прароцтва Міхея: «Бо сын ганьбуе бацьку, дачка паўстае супраць маці, нявестка – супраць сьвякрові сваёй; ворагі чалавека – хатнія ягоныя» (Міх 7:6). Прарок кажа пра тое, што калі Бог будзе рабіць у сьвеце нешта новае, дык жахлівыя падзяленьні ў сем’ях непазьбежныя. Калі Госпад жадае збавіць Сваіх людзей, дык заўсёды знаходзяца тыя, хто лічыць, што яны ў гэтым патрэбы ня маюць. Цытуючы словы Міхея, Ісус хоча папярэдзіць Сваіх пасьлядоўнікаў прыкладна так: «Не зьдзіўляйцеся, калі такія падзяленьні адбудуцца, бо гэта таксама частка вашых традыцыяў. У Пісаньні гаворыцца пра вялікі разрыў у той час, калі Госпад захоча збавіць усіх».
Праблема ж, якую трэба было вырашаць вучням Ісуса, была вельмі войстрай тады, як яна ёсьць войстрай і па сёняшні дзень, бо сучасныя людзі аддаюць перавагу камфорту. Але гэтыя цяжкасьці ўраўнаважваюцца вялікім абяцаньнем тым людзям, якія прыймуць словы Ісуса і будуць жыць у адпаведнасьці з імі. Ісус вызнае іх перад Сваім нябесным Айцом. Тыя, хто згубіць жыцьцё, набудуць яго наноў і і ня страцяць нагароды сваёй. Ня згубяць нагароды сваёй і тыя людзі, якія служаць іншым у імя Ісуса. Чалавек, які напаіў халоднай вадой аднаго з малых гэтых, напоіць самога Ісуса. Усё, што мы робім дзеля Ісуса, мы робім для Госпада Бога. Калі сёньня хрысьціяне змогуць наноў вывучыць гэты просты, але мудры ўрок, дадзены Ісусам, дык у Царквы зноў зьявіцца магчымасьць перамяняць сэрцы людзей.
Свидетельство о публикации №225123101796