Мат 8 1-34

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 8:1-34

У Нагорнай пропаведзі Ісус перавярнуў рэлігійныя перакананьні ды звычаі традыцыйнага юдаізма і асабліва перакананьні кніжнікаў ды фарысэяў. Ён, па сутнасьці, паказаў няправільнасьць іхняга вучэньня ў сукупнасьці з жыцьцёвай пазіцыяй большасьці з гэтых настаўнікаў. Многае з таго, у-ва што яны верылі і на чым стаялі, было бязбожным і супярэчыла Пісаньню. Ісус адпрэчваў такую рэлігійную сістэму, выкрываючы рэлігійных крывадушнікаў і духоўных падманшчыкаў. Заўважым, што Ён не цытаваў Талмуд ці Мішну і не спасылаўся на тагачасных юдэйскіх настаўнікаў, акрамя Старога Запавету. Ён вучыў ня як кніжнікі ды фарысэі, але як маючы ўладу. Мацьвей паказаў нам гэта ў Ягоным радаводзе, а таму Ён меў на гэтае уладу і права: прароцкае права з выкананьнем прароцтваў Ягонага нараджэньня і жыцьця; боскае права з асабістым сьведчаньнем Айца пад час хросту ў Яна; духоўнае права з дасканалым процідзеяньнем д’яблу ў пустыне і Ягонае багаслоўскае права з вучэньнем, выкладзеным у Нагорнай пропаведзі. Зараз жа мы ўбачым практычныя дзеяньні Ісуса пасьля таго, як Ён зыйшоў з гары пасьля пропаведзі.

Мац 8: 1-13
«Калі ж Ён зыйшоў з гары, пайшлі за Ім шматлікія натоўпы. І вось пракажоны, падыйшоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: «Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць». І, працягнуўшы руку, Ісус дакрануўся да яго, кажучы: «Хачу, будзь ачышчаны». І ён адразу ачысьціўся ад праказы сваёй. І кажа яму Ісус: «Глядзі, нікому не кажы, але пайдзі, пакажыся сьвятару і прынясі дар, які загадаў Майсей дзеля сьведчаньня ім». Калі ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго сотнік, просячы Яго і кажучы: «Госпадзе! Слуга мой ляжыць дома спараліжаваны і страшэнна мучыцца». І кажа яму Ісус: «Я, прыйшоўшы, аздараўлю яго». І, адказваючы, сотнік прамовіў: «Госпадзе! Я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой. Бо і я чалавек, які пад уладаю, ды маю пад сабою жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе; і другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць; і слузе майму: “Зрабі тое”, і ён робіць». Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, якія за Ім ішлі: «Сапраўды кажу вам, нідзе ў Ізраілі Я не знайшоў гэткае веры. Кажу ж вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і ўзьлягуць з Абрагамам, і Ісаакам, і Якубам у Валадарстве Нябесным, а сыны Валадарства будуць выгнаныя ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў». І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і, як ты паверыў, станецца табе». І паздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну» (Мац 8:1-13).

Стаць пракажоным, а праказай называлі некалькі відаў захворваньня скуры, у тыя часы азначала ня толькі болю і зьнешнюю пачварнасьць, але і сацыяльнае выгнаньне. Такім людзям трэба было знаходзіцца ў сур’ёзнай ізаляцыі ад іншых людзей. Людзі цураліся такіх хворых настолькі, што нікому ў галаву не магла прыйсьці і думка, каб дакрануцца да іх. Старажытны гебрайскі гісторык Язэп Флаві кажа, што да пракажоных ставіліся так, «як быццам бы яны былі зусім мёртвымі». Кніга Старога Запавету Лявіт дае на гэты конт даволі ясную рэгламентацыю: «У пракажонага, на якім гэтая струпля, павінна быць разадраная вопратка, і галава ягоная павінна быць не пакрытая, і па вусны ён павінен быць закрыты і крычаць: “Нячысты! Нячысты!” Усе дні, пакуль на ім струпля, ён павінен быць нячысты, нячысты ён; ён павінен жыць асобна, па-за табарам жытло ягонае» (Ляв 13:45-46). Нават і ў сярэднявеччы, калі выяўлялася гэта хвароба, сьвятар чытаў над хворым пахавальнае служэньне, бо з чалавечай кропкі пргляду гэты хворы лічыўся ўжо мёртвым. Не было яшчэ іншай хваробы, якая б ізалявала чалавека ад іншых. І вось такога чалавека крануўся Ісус. Для тагачаснага юдэя не было больш дзіўнага дзеяньня, чым простая фраза: «І, працягнуўшы руку, Ісус дакрануўся да яго».

У гэтай гісторыі трэба зьвярнуць увагу на зварот пракажонага і на адказ Ісуса. Пракажоны зьвярнуўся да Ісуса з даверам, бо не сумняваўся, што Ісус, калі захоча, ачысьціць яго. Пракажоны быў у пакоры, бо не патрабаваў, але толькі прасіў. Упакоранае сэрца, якое ўсьведамляе сваю патрэбу, ідзе да Хрыста. Пракажоны прыйшоў з пачуцьцём пашаны, бо падыйшоў, кланяючыся Яму. Які ж адказ ад Ісуса? Усе ж ведалі, што чалавек мусіў быць апаганеным, калі падпускаў пракажонага да сябе бліжэй за два метры. А Ісус крануўся хворага і гэтым паказаў абавязак чалавека – дапамагаць. Для Яго існаваў адзін закон – закон любові, што вышэй за нормы, усталёваныя Законам. Ісус дае нам накірунак, каб быць такімі ж, бо сапраўдны хрысьціянін павінен парушыць пэўныя правілы, каб, у падобнай сітуацыі, дапамагчы брату ў патрэбе.

«Глядзі, нікому не кажы, але пайдзі, пакажыся сьвятару і прынясі дар, які загадаў Майсей дзеля сьведчаньня ім». Ісус накіроўвае аздароўленага да сьвятара, каб той атрымаў сьведчаньне пра ачышчэньне праз ахвяру Госпаду. Больш таго, аздароўленага, пасьля прынясеньня ахвяры, аглядалі яшчэ раз і, пасьля таго, выдавалі пасьведчаньне пра ачышчэньне. Ісус казаў гэтаму чалавеку, каб той не ігнараваў даступных дзеяў для вяртаньня ў грамадзкае жыцьцё. І гэта прыклад для ўсіх нас, бо мы павінныя рабіць усё магчымае, каб атрымаць усё магчымае медыцынскае лячэньне. Цуд ня прыйдзе сам па сабе, калі абыякава чакаць, што Бог зробіць усё за нас. Цуд – гэта ёсьць зьвяз веры чалавека і бязмежнай ласкі Госпада.

І вось, увага. Упершыню мы бачым зварот да Ісуса паганіна, які, дарэчы, просіць не за сябе, але за свайго слугу. Сотнік – афіцэр рымскага войска з Капернаума стаіць перад Ісусам і просіць за жыцьцё свайго слугі. Сотнікі ці цэнтурыёны складалі аснову рымскага войска ў складзе легіёну. Рымскі легіён налічваў шэсьць тысячаў жаўнераў, які складаўся з шасьцідзесяці сотняў, адным з якіх і камандаваў гэты рымскі сотнік, імя якога мы ня ведаем. Грэцкі гісторык Палібі так апісваў сотніка рымскага войска: «Яны павінны быць ня столькі безразважна адважнымі шукальнікамі небясьпекі, сколькі людзьмі, які здольныя кіраваць іншымі: цьвердымі, надзейнымі і ўраўнаважанымі ў дзеяньні. Яны не павінны занадта рвацца ў бой, але пры жорсткім націску ворага павінны ўтрымліваць сваю пазіцыю і быць гатовым памерці на сваім месцы». Сотнікі былі лепшымі людзьмі рымскага войску.
 
Цікава адзначыць, што Новы Запавет кажа пра сотнікаў не адзін раз. Сотнік, які прызнаў Ісуса на Крыжы, Карнілі – першы навернуты паганін, сотнік, які збавіў Паўла ад лютасьці натоўпу і, нарэшце, сотнік, які суправаджаў Паўла ў Рым і які, безумоўна, прыняў хрысьціянскую веру. Але ў гэтым сотніку з Капернаума было нешта незвычайнае, бо ён зьвяртаўся да Ісуса не за сябе, але за слугу. Ісус бачыў сэрца гэтага сотніка і Яго не магло не крануць пяшчота і любоў сотніка да свайго слугі. Любоў заўсёды вышэй за грэх, а чалавек, які клапоціцца, як мінімум за блізкіх, заўсёды блізкі да Ісуса Хрыста. Гэты сотнік, а гэта бачыў Ісус, быў чалавекам незвычайнай веры, які ўжо ведаў сілу Ісуса і таму зьвярнуўся да Яго. Сотнік быў чалавекам незвычайнай веры, веры, якая б дапамагла аздаравіць слугу, калі б ён зьвярнуўся да Ісуса. Але была і праблема, бо паганін зьвяртаўся да юдэя Ісуса.
 
Дык вось, Ісус сказаў слова і слуга сотніка ацаліўся. І хаця Ісус ведаў, што яшчэ не прыйшоў час для паганства ўвайсьці ў Валадарства Божае, вера сотніка была першым знакам таго, што гэта ўжо пачало адбывацца. Недарма сотнік называе Ісуса Госпадам, а Ісус, з гаркатою, бачыць будучае, дзе юдэі адмаўляюць Яму і тым самым губляюць шлях у Божае Валадарства. Непакой Ісуса пра лёс Свайго народа праглядаецца на працягу ўсяго Эвангельля, нават і па сёняшні час.

А і сёньня хрысьціянаў хвалюе пытаньне: «Што азначае прызнаць уладу Ісуса ды падпарадкавацца Яму?» Што азначае называць Яго Госпадам, як гэта зрабіў сотнік, і жыць у адпаведнасьці з гэтым? Аздараўленьне слугі адбылося дзякуючы веры сотніка і можна быць упэўненым у тым, што яна яшчэ больш замацавалася ў сэрцы сотніка, калі ён убачыў свайго слугу свабодным ад сьмяротнай хваробы. Будзем жа і мы, як гэты сотнік, спадзявацца на Госпада ў-ва ўсім, што адбываецца ці можа адбыцца ў нашым жыцьці.

«Як ты паверыў, станецца табе». Гэтыя словы Ісуса павінны стаць дэвізам для нас у нашым кожнадзённым жыцьці і ў нашым служэньні Ісусу Хрысту.

Мац 8:14-22
«І, прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы. І Ён дакрануўся да рукі ейнай, і пакінула яе гарачка, і яна ўстала, і паслугавала ім. Калі ж надыйшоў вечар, прывялі да Яго шмат апанаваных дэманамі, і Ён выгнаў духаў словам, і ўсіх хворых аздаравіў, каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: “Ён узяў нашыя нядужасьці і панёс хваробы”. Убачыўшы ж навокал Сябе шматлікія натоўпы, Ісус загадаў адыйсьці на другі бок. І, падыйшоўшы, адзін кніжнік сказаў Яму: “Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў”. І кажа яму Ісус: “Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву схіліць”. А іншы з вучняў Ягоных сказаў Яму: “Госпадзе! Дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго”. Ісус жа сказаў яму: “Ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых”» (Мац 8:14-22).

У тагачаснай Галілеі назіралася некалькі відаў гарачцы. Адна называлася мальтыйскай, маючы вельмі цяжкія і сьмяротныя наступствы. Другая ж была падобная на брушны тыф – тыфная малярыя. У тых месцах, дзе Ярдан уваходзіў і выходзіў з Галілейскага мора, была значная забалочанасьць з малярыйнымі камарамі і таму гарачка ў Капернауме была хваробай невыпадковай. Хутчэй за ўсё Пётр, убачыўшы першыя цуды Ісуса, запрасіў Яго ў свой дом, каб дамагчы хворай цешчы. Заўважым, што ў доме Пятра не было натоўпу, а толькі некалькі вучняў Ісуса і сур’ёзна хворая жанчына, якая кідалася ў ліхаманцы. Ісус заўсёды жадаў дапамагчы і чалавечыя патрэбы не былі Яму чужымі. Ніякая сітуацыя не казалася Яму занадта простай, каб аказаць людзям дапамогу і Яму не патрэбны быў захаплёны натоўп, каб зрабіць гэты цуд. Дзе б Ісус ня быў, Ён заўсёды аддаваў Сваю любоў і Сваю сілу кожнаму, хто меў угэтым патрэбу.

Гэты ж цуд Ісуса паказвае нам і аздароўленага чалавека. Як толькі Ён аздаравіў гэтую жанчыну, яна пачала клапаціцца пра ўсіх у гэтым доме. Зусім відавочна, што яна глядзела на сябе, як на «збаўленую, каб служыць». Ісус аздаравіў яе і яе адзінае жаданьне было ў тым, каб выкарыстаць сваё, зноў набытае, здароўе на тое, каб быць карыснай Яму і іншым людзям. Цешча Пятра выкарыстала сваё адноўленае здароўе на служэньне Ісусу і іншым людзям. Таксама і мы павінны добра выкарыстаць кожны, дадзены нам, дар Божы.

Ісус аздараўляе цешчу Пятра, а потым і ўсіх тых, хто прыходзіць да Яго. Таму што Ён бярэ на Сябе ўсю болю і нямоц чалавецтва, аздараўляючы людзей. Недарма Мацьвей цытуе прарока Ісаю: «Ён узяў нашыя нядужасьці і панёс хваробы». Гэтыя словы асыцыююцца ў хрысьціянаў з крыжовымі пакутамі і сьмерцю Хрыста, але для Мацьвея няма розьніцы паміж гэтымі цудамі і пакутамі на Крыжы, калі Ён гэтым збавіў нас ад грэху і сьмерці.

Ісус перасьцерагае вучня, які кажа пра тое, што гатовы ісьць за Ім куды заўгодна. Ісус кажа яму, што гэта ня проста захапляльная вандроўка, але тое, што можа прынесьці болю і пакуты, каб служыць людзям. Нават дзікія зьвяры маюць нейкія сховішча для адпачынку і жыцьця, а Ісус ня мае такога месца, бо Ягонае месца там, дзе ў Ім маюць патрэбу.

Яшчэ адзін чалавек, які меў намер ісьці за Ісусам, але пасьля таго, каб пахаваць свайго бацьку. Ісус жа сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых». На першы погляд патрабаваньне Ісуса выглядае вельмі жорсткай, бо для юдэя гэта было сьвятым абавязкам, каб дастойна пахаваць свайго бацьку. Але чаму Ісус меў такое жорсткае патрабаваньне? Ісус добра ведаў чалавечую прыроду, бо калі чалавек не пакрочыць за Ім зараз жа, дык ён ня зробіць гэтага ніколі. Дай жа нам Госпадзе такую рашучасьць, якая збавіць нас ад трагедыі невыкарыстанага моманту.

Мац 8:23-27
«І калі ўвайшоў Ён у човен, пайшлі за Ім вучні Ягоныя.І вось, сталася вялікае ўзрушэньне на моры, так што хвалі залівалі човен, а Ён спаў. І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя пабудзілі Яго, кажучы: “Збаў нас, мы гінем!” І кажа ім: “Чаго вы палохаецеся, малаверы?” Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася вялікая ціша. А людзі зьдзіўляліся, кажучы: “Хто ж Ён, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?”» (Мац 8:23-27).

Вельмі тыповая для Галілейскага мора сітуацыя. Гэтае ўнутранае мора зусім невялікае, даўжыня якога складае 21 км. з поўначы на поўдзень, шырыня – 12 км. Наогул даліна ракі Ярдан мае вельмі глыбокую расьселіну на зямной паверхні, а Галілейскае мора і зьяўляецца часткаю гэтай расьселіны, якая знаходзіцца на 208 метраў ніжэй за ўзровень міравога акіяну. Гэта, дарэчы, забясьпечвае гэтым мясьцінам цёплы ды лагодны клітмат, але мае часам і вялікую небясьпеку. На заходнім баку мора ёсьць пагоркі, якія выконваюць ролю незвычайных ды вялікіх варонак. Паветра ў іх як-бы сьціскаецца і вырываецца ў мора з вялічэзнай сілай ды так раптоўна, што выліваюцца ў нечаканы шторм. Штормы тут унікальныя па сваёй раптоўнасьці і сіле, а таму няма нічога дзіўнага, што вучні Ісуса апынуліся ў такой сітуацыі.

Гэтая гісторыі, увогуле, мае вялікае значэньне і значнае яна тым, што там, дзе прысутнічае Ісус Хрыстос, прысутнічае супакой і пацяшэньне. Калі налятае на нас парыў запалу, прысутнасьць Ісуса дае нам мір і абарону і калі віхор сумненьняў намагаецца завалодаць намі, у прысутнасьці Хрыста мы маем моцную бяспеку. Любы шторм, які трасе сэрца чалавека, сьціхае, калі з намі Ісус Хрыстос. Ісус заўсёды з намі і ў Ягонай прысутнасьці лютасьць буры навяртаецца ў супакой, які ня можа ўнесьці ніякі шторм.

Мац 8:28-34
«І, калі Ён прыйшоў на другі бераг у край Гергесэнскі, перанялі Яго двое апанаваных дэманам, якія выйшлі з магілаў, страшэнна злыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю. І вось яны закрычалі, кажучы: «Што нам і Табе, Ісусе, Сыне Божы? Ці Ты прыйшоў сюды перад часам мучыць нас?» Далёка ж ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіняў. А дэманы прасілі Яго, кажучы: «Калі нас выганяеш, дазволь нам адыйсьці ў гэты гурт сьвіняў». І Ён сказаў ім: «Ідзіце». І тыя, выйшаўшы, адыйшлі ў гурт сьвіняў. І, вось, рынуўся ўвесь гурт сьвіняў са стромы ў мора, і загінуў у вадзе. А тыя, што пасьвілі, уцяклі і, прыйшоўшы ў горад, паведамілі пра ўсё і пра тых, што былі апанаваныя дэманам. І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб зыйшоў ад межаў іхніх» (Мац 8:28-34).

Калі мы чытаем нейкі захапляльны раман ці глядзім тэатральную пастанову, мы адчуваем і назіраем, як разьвіваецца сюжэт, прыходзячы ў вышэйшую кропку свайго разьвіцьця. Так і ў Мацьвея, які паказвае нам дзейнасьць Ісуса пасьля Нагорнай пропаведзі. Аздараўленьне пракажонага, слуга сотніка, цешча Пятра, утаймаваньне буры. І вось зараз мы бачым нашмат большае. Ісус выганяе злых дэманаў з двух апантаных людзей і гэтыя дэманы, увайшоўшы ў сьвіней, кідаюцца з высокага берагу ў мора, каб там і загінуць. Гэта гісторыя дае напамін папярэдняй, калі Ісус утаймоўвае марскі шторм. Зараз жа мы бачым, як Ісус утаймоўвае бушуючае мора ўнутры чалавека. Існуе дастатковая колькасьць такіх людзей, якія заўважаюць, што іхнія эмоцыі, уяўленьні і думкі кантралююцца нейкімі, непадуладнымі ім, сіламі. Сёняшняя навука, псіхалогія і медыцына пэўным чынам тлумачыць гэта, але ў тыя старажытныя часы падобнае становішча чалавека тлумачылася апантанасьцю злых духаў – дэманаў. Некаторыя людзі і зараз лічаць такі падыход да гэтай праблемы правільным.

Цікава, што гергесэнцы сустрэлі Ісуса з жахам і, пасьля аздараўленьня апанаваных дэманамі людзей, папрасілі Яго зыйсьці ад іхніх межаў. Чаму? Можа таму, што яны былі паганамі і не схацелі прымаць гебрайскага Мэсію, а можа занепакоіліся пра страту усіх сьвіней Гергесэнскага краю? Гэта невядома, а таму няхай кожны адкажа на гэтае пытаньне самастойна. Мы ж ведаем Ягоную вялікую сілу і ўладу, як бачылі, дарэчы, гэта і гергесэнцы. Такі і ёсьць Ісус Хрыстос, за якім мы павінны крочыць ды несьці ў гэты сьвет вестку пра Яго.


Рецензии