Мат 12 1-50

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 12:1-50

Мы будзем назіраць паваротны момант у служэньні Ісуса, засяроджваючы сваю ўвагу на адпрэчваньні Мэсіі Ягоным уласным народам. Але гэта пачалося ня ўчора. Падступны план Ірада зьнішчыць абяцанага ў прароцтвах Валадара гебраяў праз забойства усіх дзяцей-мальчукоў да двухгадовага ўзросту ў Бэтлееме, быў першым сьведчаньнем таго, што Мэсію ня прымуць. Калі Ян Хрысьціцель папярэджваў фарысэяў і садукеяў бегчы ад будучага гневу, адпрэчваньне стала больш відавочным. Яго ня прынялі ў родным Назарэце землякі, намагаючыся забіць Яго. З самога пачатку служэньня гебрайскія правадыры ставіліся да Яго скептычна і гэты скептыцызм хутка перарос у крытыку, адкрытую варожасьць і процістаяньне. Яго абвінавачвалі ў блюзнэрстве і ў зносінах з мытнікамі ды грэшнікамі, а нават і ў сяброўстве з дэманамі. Чым больш Ісус паказваў гебрайскім правадырам іхнюю ўнутраную грахоўнасьць і зьнешнюю пустату, тым больш яны разьлютваліся супраць Яго. Спачатку простая сітуацыя з выкананьнем суботы выклікала незадаволенасьць у фарысэяў, потым рушыла ўсьлед абвінавачваньне на Ісуса, а ў выніку – змова супраць Яго.

Мац 12:1-14
«У той час праходзіў Ісус у суботу праз палеткі. Вучні ж Ягоныя былі галодныя і пачалі зрываць каласы і есьці. А фарысэі, убачыўшы гэтае, сказалі Яму: “Вось, вучні Твае робяць, што ня сьлед рабіць у суботу”. Ён жа сказаў ім: “Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім? Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, якіх не належала есьці ані яму, ані тым, што з ім былі, а толькі адным сьвятарам? Альбо ці не чыталі вы ў Законе, што ў суботы сьвятары ў сьвятыні парушаюць суботу, і бязьвінныя? Кажу ж вам, што тут ёсьць большы за сьвятыню. Калі б вы разумелі, што значыць: “Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры”, не асудзілі б бязьвінных. Бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы”. І, адыйшоўшы адтуль, Ён увайшоў у сынагогу іхнюю. І вось, быў чалавек, які меў сухую руку. І спыталіся ў Яго, каб абвінаваціць Яго, кажучы: “Ці належыцца аздараўляць у суботу?” Ён жа сказаў ім: “Ці ёсьць сярод вас чалавек, які мае адну авечку, і калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, ці ня возьме ён яе і ня выцягне? Дык на колькі чалавек лепшы за авечку? Так што можна ў суботу рабіць дабро”. Тады кажа таму чалавеку: “Выцягні руку тваю!” І той выцягнуў, і зрабілася яна здаровая, як другая. А фарысэі, выйшаўшы, учынілі нараду супраць Яго, каб Яго загубіць» (Мац 12:1-14).
Выкананьне суботы – аснова гебрайскай законьніцкай сістэмы і калі Ісус парушыў традыцыю, Ён закрануў фарысэяў за жывое. Нашае слова «субота», як і грэцкае «сабатон» - гэта транслітарацыя гебрайскага слова «шабат», асноўнае значэньне якога ёсьць спыненьне, адпачынак і бязьдзейнасьць. З кнігі Быцьця мы бачым: «І дабраславіў Бог сёмы дзень і асьвяціў яго, бо ў той дзень спачыў ад усіх дзеяў Сваіх, якія Бог тварыў і стварыў» (Быц 2:3). Госпад абвесьціў яго днём адпачынку для Свайго народу, уключыўшы гэты дзень у Свае Дзесяць Запаведзяў: «А дзень сёмы – субота Госпаду, Богу твайму. Не рабі ў гэты дзень ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні быдла тваё, ні прыхадзень, які ў брамах тваіх. Бо за шэсьць дзён стварыў Госпад небе і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, а ў дзень сёмы спачыў, таму дабраславіў Госпад дзень суботні і асьвяціў яго» (Вых 20:10-11). Трэба заўважыць, што гэтая запаведзь, адзіная з Дзесяці, насіла асаблівы, больш цырыманіяльны, характар, у адрозьненьні ад іншых, маючых маральны і духоўны накірунак.

Выкананьне суботы было абавязкам гебраяў, але заставаліся і пытаньні, бо дзень супакою ператварыўся ў дзень невыноснага цяжару. З-за тысячаў штучных правілаў, што тычыліся яе выкананьня, субота была больш стомнай, чым шэсьць дзён працы. Іншымі словамі «адпачываць» было цяжэй, чым працаваць. Гебрайскі гісторык Язэп Флаві распавядае пра тое, што Пампей змог захапіць Ерусалім толькі таму, што у суботу гебраі не абараняліся. Толькі адзін разьдзел Талмуда, галоўнага збору гебрайскіх традыцый, зьмястуе дваццаць чатыры пункты, у якіх пералічаны законы пра суботу. У большасьці сваёй дзіўныя. Адзін закон патрабаваў ня ўходзіць ад дома на адлегласьць больш за 900 метраў. Калі ж вы клалі ежу недзе ў гэтых межах, вы маглі пайсьці туды каб зьесьці яе і таму, што ежа лічылася часткаю дома, вы маглі прайсьці яшчэ 900 метраў ад гэтага месца. Гебрай ня мог пераносіць груз больш за сушаную смокву, але калі груз важыў у два разы меньнш, дык дазвалялася пераносіць яго двойчы. Нельга было ёсьці нічога больш за аліўку і калі вы, укусіўшы яе, убачылі гнілое і выплюнулі яе, дык лічылася, што вы ўжо зьелі палову дазволенага. Нельга было перасоўваць крэслы, бо можна было зрабіць разору. Жанчына не павінна была глядзець на сябе ў люстэрка, бо была спакуса вырваць сабе сівы волас. І гэтак далей, а пералічваць гэтыя дзіўныя абмежаваньні суботы можна яшчэ вельмі шмат часу.

З-за гэтых абмежаваньняў, гебрай ня мог сарваць нават жменьку зерня для ежы, калі толькі ён не галадаў, але дзе тая рыса голаду? Калі чалавек захварэў, яго лячылі настолькі, каб той толькі не памёр. Гебраям забаранялася амаль што любая дзейнасьць, нават разьядноўваць ці звіьваць две ніткі. Субота была ўсім чым заўгодна, але толькі не адпачынкам. Яна сталася часам панурага разчараваньня і трывогі. І тое, што Ісус з вучнямі праходзілі праз палеткі ў суботу, само па сабе было парушэньнем гебрайскай традыцыі, хаця Пісаньне, пры гэтым і не парушалася. Тое, што яны былі галоднымі, ня кажа пра наўмыснае дзеяньне па пошуку ежы. Яны проста праходзілі міма. Заўважым, што ў ежу скарыстоўвалася толькі сьпелае зерне, а таму, гэты інцындэнт адбыўся, хутчэй за ўсё, у красавіку – незадоўга да Пасхі. Вучні не зьбіралі ўраджай у гэты дзень, што было пад забаронай, але проста спаталялі голад.

«Вось, вучні Твае робяць, што ня сьлед рабіць у суботу». Цікава было б запытаць гэтых фарысэяў пра тое, а што яны рабілі ў гэты дзень на палетках і ці не парушалі яны забарону адыходзіць ад дому больш за 900 метраў? Можа ім былі дадзеныя сьпецыяльныя паўнамоцтвы дзеля нагляду за выкананьнем суботы?. Але, як бы тое не было, фарысэі абвінавацілі Ісуса і Ягоных вучняў у тым, што яны не падпарадкаваліся гебрайскім традыцыям, хаця гэтыя традыцыі скажалі Божы замысел суботы. У адказ на ілжыве абвінавачваньне, Ісус раскрывае мэту Бога адносна суботы, сьцьвярджаючы, што субота была дадзена для праслаўленьня Госпада і для карысьці чалавека. Ён пачынае з таго, што дае прыклад валадара Давіда, які, у галодным стане, зайшоў у дом Божы і зьеў хлеба, прызначаныя для сьвятароў. Гэтыя словы ўяўляюцца вельмі важнымі і ў той жа час вельмі небясьпечнымі, таму што Ісус праводзіць паралель паміж Сабой і валадаром Давідам, даючы зразумець, наколькі Ягоная справа важнейшая за Храм. Калі Бог, пры вызначаных абставінах, дазваляе парушаць Свае асабістыя законы дзеля дабрабыту Свайго народа, сказаў Ісус, дык тым больш дзеля гэтай мэты Ён дазваляе парушаць безкарысныя і дурныя чалавечыя традыцыі.

«Альбо ці не чыталі вы ў Законе, што ў суботы сьвятары ў сьвятыні парушаюць суботу, і бязьвінныя? Кажу ж вам, што тут ёсьць большы за сьвятыню». Ісусу ня трэба было тлумачыць фарысэям, што Ён меў на ўвазе, калі казаў, пра парушэньні сьвятарамі суботы, якія рабілі многія справы ў дзень суботні, але не лічыліся парушальнікамі суботы. Паказаўшы на непасьлядоўнасьць законьніцкіх разважаньняў фарысэяў, Ісус прывёў іх у зьбянтэжанасьць і гнеў. Але гнеў хутка перайшоў у лютасьць, калі Ісус прамовіў: «Кажу ж вам, што тут ёсьць большы за сьвятыню». Гэтыя словы прывялі фарысэяў у неверагодны жах, бо ніхто і нішто, акрамя Самога Бога, не магло быць болей за сьвятыню. Але, у гэты момант, Ісус не казаў пра Свае адносіны да Айца. Ён толькі заўважыў, у сьвятле гэтага, што меў уладу адмяняць правілы суботы па Свайму меркаваньню,- нашмат большую, чым меў Давід, калі той парушаў законы скініі ці сьвятары якія мелі права парушаць суботу, калі несьлі служэньне ў сьвятыні.

«Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры, не асудзілі б бязьвінных. Бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы». Заўвага Ісуса пра суботу заключана ў тым, што выкананьне суботы ніколі не абмяжоўвала праяву міласэрнасьці, пра што фарысэі наўрад ці ведалі, бо такое было іхняе разуменьне Пісаньня. Ісус працытаваў тут Асію: «Бо Я міласьці хачу, а не ахвяры і Богаведаньня болей, чым цэласпаленьняў» (Ас 6:6). Выкананьне суботы было свайго рода ахвярай, як напамін пра Божае завершаньне стварэньня сьвету і той супакой, якога чакае Ягоны адкуплены народ і які ён набудзе ў збаўленьні ды ў нябёсах. Стары Запавет, які патрабаваў выкананьне суботы, ніяк не адмяняў сардэчнай праведнасьці і міласьці, якія ўласьцівыя дзецям Божым. Бог міласэрны і Ён загадвае Свайму народу, таксама быць міласэрным. Каб пацьвердзіць Сваю ўладу казаць тое, што Ён прамовіў, Ісус дадаў: «Бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы». Ён выказаўся недвухсэнсоўна, стоячы перад імі і кажучы, што Ён больш за сьвятыню і больш за суботу. А калі Гаспадар суботы прыйшоў, дык цяжар суботняга супакою больш ня быў неабходнасьцю і ня меў сілы. Але гэта ніяк не азначала, што Ісус, як Гаспадар, скасоўвае выкананьне суботы. Зусім не, але субота павінна быць асобным днём, калі чалавек павінен быў асаблівым чынам клапаціцца пра тое, каб у гэты дзень, па прыкладу Госпада, праяўляць міласэрнасьць. Але фарысэі, як і большасьць гебраяў, былі далёкія ад Бога, ад разуменьня прыроды Бога і Ягонай волі. Менавіта яны і былі сапраўднымі парушальнікамі суботы, таму што замянілі Божую запаведзь паданьнем ці традыцыяй. Тыя, хто асудзіў невінаватых, самі сталіся асуджанымі Госпадам за тое, што ім неставала міласэрнасьці.

Што ж тычыцца хрысьціянскай Царквы, дык хрысьціяне аддзялілі нядзелю, як асобны дзень пакланеньня, зносінаў і ахвяраваньняў, таму што ў гэты дзень наш Госпад увасрос з мёртвых. Але гэты дзень ня ёсьць копіяй гебрайскай суботы, а ёсьць днём радасьці, пакланеньня і Божага супакою.

Не чакаючы рэакцыі фарысэяў, Ісус увайшоў у іхнюю сынагогу, каб даць ім наглядны прыклад сапраўднага выкананьня суботы і Сваёй ўлады як над чалавекам, так і над суботай. Фарысэі ж, убачыўшы, што Ісус мае намер аздаравіць сухарукага, палічылі, што гэта ёсьць добры момант, каб абвінаваціць Яго ў блюзьнэрстве. Фарысэі выбралі гэтага сухарукага, каб выпрабаваць Ісуса, таму што аздараўленьне гэтага чалавека не было пытаньнем жыцьця і сьмерці, што, згодна традыцыі, было адзіным апраўданьнем дапамогі хвораму ў суботу. Калі Ісус сапраўды ад Бога, разважалі яны, дык Ён будзе паважаць гэтую традыцыю і пачакае наступнага дня, каб аздаравіць гэтага чалавека.

«Ці ёсьць сярод вас чалавек, які мае адну авечку, і калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, ці ня возьме ён яе і ня выцягне? Дык на колькі чалавек лепшы за авечку?» Адказ Ісуса пытаньнем мае глыбокі сэнс, бо любы гебрай знайшоў бы нейкі спосаб, каб выратаваць авечку, нягледзячы на суботу. Фарысэі гэта добра разумелі і таму не спрачаліся з Ісусам, а гэта, у сваю чаргу, падкрэсьлівала правільнасьць дадзенага адказу. Ні адзін фарысэй ня будзе сьцьвярджаць, што авечкі маюць тую ж каштоўнасьуь, што і людзі, якія створаныя на падабенства Бога, але на справе яны ставіліся да людзей хужэй, чым да тых жа авечак. Яны грэбавалі жыцьцём чалавека, падпарадкоўваючы ўсё рэлігійнай традыцыі.

«Так што можна ў суботу рабіць дабро». Гэта ёсьць канчатковым адказам Ісуса на папярэднія пытаньні, пасьля чаго Ён аздаравіў сухарукага. Ісус ня толькі адобрыў зьдзяйсьненьне добрага ў суботу, але і Сам зрабіў добрае. Як Гаспадар суботы Ён прадэманстраваў, што субота, гэта найлепшы дзень для таго, каб рабіць дабро. Але ні сіла довадаў Ісуса, ні сіла Ягоных цудаў ніяк не паўплывалі на фарысэяў. Яны не былі здольныя абвергнуць праўду, пра якую казаў Ісус і сілу, якой Ён усё рабіў, але фарысэі, выйшаўшы, мелі паміж сабой нараду, каб пагубіць Яго. І адзінае што заставалася – гэта вырашыць, як гэтае зрабіць.

Мац 12:15-21
«Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль; і пайшлі за Ім вялікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх усіх. І забараніў ім, каб не выяўлялі Яго, каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: “Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюбёны Мой, у Якім мае ўпадабаньне душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд. Ня будзе сварыцца, ані крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго. Трысьціны надламанай не пераломіць і лёну, што дыміцца, не загасіць, пакуль ня дасьць суду перамогі. І на імя Ягонае будуць спадзявацца народы”» (Мац 12:15-21).

Ісус бачыў сэрца кожнага чалавека і таму ведаў планы фарысэяў пагубіць Яго, а таму пайшоў адтуль. Чаму? Ён прыйшоў ня дзеля Сваёй волі, але волі Айца, а час, вызначаны Айцом, калі скончыцца зямное служэньне і жыцьцё Сына, яшчэ не настаў. Наогул, служэньне Ісуса уяўляла сабою бесьперапынны цыкл, які складаўся з наступных этапаў: прыход у пэўны горад ці мясцовасьць; пропаведзь; настаўленьне і аздараўленьне; прыняцьце Яго аднымі і адвяржэньне другімі; пераход у іншае месца. Па меры таго, як Ягонае служэньне працягвалася, з-за узмацняючайся варожасьці, цыклы станавіліся ўсё карацей.

Пасьля таго як Ісус пайшоў з сынагогі, мноства народу пайшло за Ім і Ён ацаліў усіх, але многія з іх не паверылі Ісусу да збаўленьня. Цуды аздараўленьня дэманстравалі Божую сілу Ісуса, але яны дэманстравалі і Божую любоў і спачуваньне да пакутуючых людзей, якіх, дарэчы, пагарджалі і гналі кніжнікі і фарысэі. Рэлігійных правадыроў цікавілі багатыя і ўплывовыя, а ня хворыя, бедныя і адрынутыя. Як у выпадку з чалавекам, у якога была сухая рука, бо ягоныя пакуты цікавілі фарысэяў толькі як сродак, які прымусіць Ісуса парушыць суботу, каб потым абвінаваціць і асудзіць. Хрыстос жа адчувае нашую болю і наш цяжар, які прыгнятае нас. Ён, у Сваёй міласэрнасьці, аздараўляе нас ад нашых боляў і здымае нашыя цяжары. Калі Ісус аздараўляў людзей, Ён забараняў пра гэтае казаць іншым. Чаму так? Можа таму, што цуды Ісуса спрыялі далейшаму ўзмацненьню лютасьці кніжнікаў і фарысэяў, бо, калі б слава пра Яго распаўсюдзілася далёка і хутка наперад, дык гэта заўчасна ўзмацніла апазіцыю супраць Яго.

Але, мабыць, самай важнай прычынаю, чаму Ісус не хацеў, каб пра Ягоную цудоўную сілу казалі зашмат многа, зьяўляецца той факт, што для Яго гэта быў час не ўзьвялічваньня, але прыніжэньня. Шмат хто, у гэты час, зьдзіўляўся таму, што Ісус сапраўды быў Мэсіяй. Яго не прымалі рэлігійныя правадыры, бо ці мог такі Чалавек скінуць ярмо Рыма і аднавіць Ізраіля? Мацьвей кажа, што Ісус – сапраўды Мэсія, як і прадказаў прарок Ісая. Ісус прыйшоў ня дзеля таго, каб выканаць пустое ды недухоўнае чаканьне народу, але дзеля таго, каб выканаць Сваю місію ў гэтым сьвеце.

«Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюбёны Мой, у Якім мае ўпадабаньне душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд». Пад час хросту Ісуса Айцец абвесьціў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне». Бог кажа гэтым, што ня будуць людзі ўгоднымі Яму, калі тыя ня прыйдуць да Яго праз Сына, да Якога Ён мае ўпадабаньне. Апостал Павал кажа рымлянам: «Дык тыя, якія ў целе, Богу дагадзіць ня могуць. Вы ж ня ў целе, але ў духу, калі толькі Дух Божы  жыве ў вас. А калі хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны» (Рым 8:8-9). Бог мае ўпадабаньне да веруючых таму, што Ён глядзіць на іх, як на Свайго Сына. Праз Ісаю Бог абяцаў, што Ён унікальным чынам пакладзе Свой Дух на Мэсію і мы бачылі, як, пад час хросту, Сьвяты Дух сышоў на Ісуса ў выглядзе голуба. Памятаем мы і тое, што Ісус быў зачаты Духам Сьвятым і з гэтага ўсяго можна толькі ўявіць, якую сілу мае Божае ўпадабаньне. Ён быў зачаты Духам і таму Ягоная Божая прырода ўжо была адзіная з Духам і ня мела патрэбы ў дапамозе, але чалавечая прырода Ісуса такую патрэбу мела. Ісус быў Чалавекам у поўным сэнсе гэтага слова, бо спазнаў усё чалавечае, акрамя грэху. Ягоная чалавечая прырода атрымала сілу ад Сьвятога Духа, Які жыў у Ім, каб дзейнічаць у згодзе з Ягонай боскасьцю. Як дасканалы пакорлівы слуга, Ісус дзейнічае ня толькі па волі Айца, але і ў сіле Божага Духа.

Ісая прарочыў, што ўлюбёны Юнак Госпада абвесьціць праўду і суд народам, а гэта значыць і паганам. Менавіта гэта і зрабіў Ісус, бо павінен быў стацца Збаўцам усяго сьвету. Заўважым, што першая жанчына, якой адкрыўся Ісус, як Мэсія, была самаранка: «Гаворыць Яму жанчына: “Ведаю, што прыходзіць Мэсія, называны Хрыстос, і калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё”.Гаворыць ёй Ісус: “Гэта Я, Які гавару з табою”» (Ян 4:25-26). Пра сотніка з паганаў, слугу якога Ён аздаравіў, Ісус заўважыў, што і ў Ізраілі не знайшоў Ён такой веры. Гебраі, дарэчы, працівіліся гэтаму, бо сама ідэя Мэсіі, Які прыйшоў дзеля паганаў, была для іх зусім незразумелай. Але Божы план адкупленьня заўсёды ўключаў у сябе ўсе народы, а гэта азначае, што Мэсія павінен абвесьці суд і збаўленьне як гебраям, так і паганам.
«Ня будзе сварыцца, ані крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго». Наогул, словы «сварыцца і крычаць» нясуць у сабе ідэю спрэчкі ці нават сваркі. Але Ісус не прыйшоў для таго, каб, такім чынам, прымушаць людзей да збаўленьня, як гэта рабілі зілоты, калі падбухторвалі гебраяў да бунту супраць рымлянаў. Ісус казаў стрымана і з дастоінствам, не карыстаючыся ніякімі іншымі сродкамі для ўпэўніванія, як толькі праўдай. Ён не рабіў так, як рабілі Ягоныя супернікі, калі выкарыстоўвалі хітрасьць, інтрыгі і хлусьню. Ягоны шлях – гэта шлях мяккасьці і пакоры. Ісус ніколі не выкарыстоўваў сілу Валадара валадароў, каб забясьпечыць Сабе аудыторыю з дапамогай сілы ці эмацыйнай агітацыі. Нават чалавечая мудрасьць ведае, што з дапамогаю сілы нельга па-сапраўднаму ўпэўніць чалавека, як і казаў мудры Саламон: «Словы мудрых, спакойныя, выслухоўваюцца лепей, чым крык валадара сярод дурняў» (Экл 9:17).

«Трысьціны надламанай не пераломіць і лёну, што дыміцца, не загасіць, пакуль ня дасьць суду перамогі. І на імя Ягонае будуць спадзявацца народы». У старажытныя часы трысьнёг выкарыстоўваўся ў самых розных мэтах, але калі якая трысьціна была надламанай, яе выкідвалі. Таксама і лён, які выкарыстоўвалі ў якасьці кноту ў лямпе. Калі кнот цалкам выгараў, ён пачынаў тлець і дыміць, не даючы болей сьвятла. Такі кнот выкідвалі, як і надламаную трысьціну. Надламаная трысьціна і лён, які дыміцца, сымбалізуе стомленых ды разьбітых людзей, якія ўжо непатрэбныя гэтаму сьвету, які гатовы іх выкінуць і забыцца. Рымляне, напрыклад, ігнаравалі такіх людзей, як бескарысных, а фарысэі пагарджалі імі, як нікчэмнымі.
Адным з самых відавочных наступстваў грэхападзеньня зьяўляецца схільнасьць чалавека да разбурэньня. Маленькія дзеці наступаюць на казюльку, ламаюць вецьце і кідаюць камяні ў птушак. Дарослыя ідуць далей, калі вынішчаюць адзін аднога, шкодзяць адзін адному ў бізьнэсе, грамадзтве, палітыцы і нават ў сям’і. Прырода грэшнага чалавека імкнецца да разбурэньня, а прырода Бога – да аднаўленьня.

Госпад ніколі не пераломіць і не загасіць нават найменьшага з тых, хто прыходзіць да Яго. Рукі Збаўцы не выкідываюць надламаную трысьціну, але аднаўляюць яе і ня гасяць лён, які дыміцца, але наноў запальваюць яго.

Ісус кажа, што, ў рэшце рэшт, дабро пераможа. Нягледзячы ні на што, перамога Ісуса прадвызначана. Калі Ісус дасьць суду перамогу, Ён возьме з Сабою ўсіх, хто Яму прыналежыць. Калі Хрыстос зойме Сваё пачэснае месца, Як Госпад і Валадар, тады спраўдзіцца прароцтва Амоса: «Хай як вада цячэ суд і праўда – як моцны паток» (Амос 5:24).


Мац 12:22-32
«Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога, і Ён аздаравіў яго, так што сьляпы і нямы стаў і гаварыць, і бачыць. І дзівіліся ўсе натоўпы, і казалі: “Ці ня гэта Сын Давідаў?” А фарысэі, пачуўшы, казалі: “Ён выганяе дэманаў не іначай, як праз Бэльзэбула, князя дэманаў”. А Ісус, ведаючы думкі іхнія, сказаў ім: “Усякае валадарства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее; і ўсякі горад ці дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць. І калі шатан шатана выганяе, ён разьдзяліўся сам у сабе. Як можа ўстаяць валадарства ягонае? І, калі Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў, дык сыны вашыя праз каго выганяюць? Дзеля гэтага яны будуць вам судзьдзямі. А калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыцца, дасягнула вас Валадарства Божае. Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць рэчы ягоныя, калі раней ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом ягоны. Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не зьбірае са Мною, той раскідвае. Дзеля гэтага кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства будзе адпушчана людзям, а блюзьнерства на Духа ня будзе адпушчана людзям. І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, будзе адпушчана яму; хто а калі скажа супраць Духа Сьвятога, ня будзе адпушчана яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым» (Мац 12:22-32).

Па свёй прыродзе Бог ёсьць Богам прабачэньня. Стары Запавет дае шмат такіх прыкладаў ад самога пачатку. Калі Адам і Ева зграшылі, Бог прабачыў іх. Калі Абрагам, Ісаак і Язэп зграшылі, Бог прабачыў іх. Калі Майсей зграшыў, Бог прабачыў яго. Калі, Ізраіль кіруемы судзьдзямі і валадарамі ўвесь час грашыў, Бог прабачаў яго. Гісторыя Ізраіля – гэта гісторыя Божага прабачэньня. Таксама і Новы Запавет уяўляе Бога, як у вышэйшай ступені Бога прабачэньня. І ў гэтым сутнасьць Эвангельля, дзе Бог, па Сваёй міласьці, робіць усё для прабачэньня грахоў чалавека. І няважна, які грэх чалавека, бо Ён можа яго прабачыць. Колькасьць грэху таксама ня мае значэньня для праявы Божай міласэрнасьці. Бог прабачае і самаправеднасьць, якая ўяўляе сабой хітры грэх, калі чалавек думае, што ён не рабіў ніякага грэху. Дык вось, прывялі да Ісуса апанаванага дэманам сьляпога і нямога і Ісус аздаравіў яго.

Нічога незвычайнага ў гэтым аздараўленьні не было, бо Ісус і да гэтага аздаравіў шмат людзей. Ён аздаравіў гэтага чалавека сьпецыяльна для фарэсэяў, якія чакалі гэтага, каб абвінаваціць Ісуса ня толькі ў парушэньні суботы, але і ў сувязі з шатанам. Але фарысэі былі непрыемна зьдзіленымі, калі ўбачылі рэакцыю народа, які казаў: « Ці ня гэта Сын Давідаў?» Фарысэі ўбачылі ў гэтым небясьпеку, бо тут яўна праглядаліся прыкметы Мэсіі, а таму яны зрабілі сваю заяву: «Ён выганяе дэманаў не іначай, як праз Бэльзэбула, князя дэманаў».

Адказваючы фарысэям, Ісус паказвае ім, што іхняе абвінавачваньне ёсьць лагічным абсурдам і вось чаму: «Усякае валадарства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее; і ўсякі горад ці дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць. І калі шатан шатана выганяе, ён разьдзяліўся сам у сабе. Як можа ўстаяць валадарства ягонае?» Пасьля Госпада шатан зьяўляецца самай разумнай істотай у сьвеце і ён, безумоўна ж, не накіруе сваіх дэманаў, каб яны біліся адно з адным і знутры разбуралі ягоныя планы. Хаця праўда і тое, што зло нясе сваёй прысутнасьцю разбурэньне, але можа стацца і так, што зьнешняе разбурэньне нясе ў сабе вынік самаразбурэньня. Шатан – бацька нянавісьці і хлусьні, а дзе валадараць нянавісьць і хлусьня, там заўсёды валадараць разбурэньне і хаос. У асяродзьдзі злых істотаў ня можа быць сапраўднай гармоніі. Так жа, як Бог ёсьць Гаспадаром парадку і гармоніі, так і шатан ёсьць гаспадаром разбурэньня і хаосу. Трэба пагадіцца з тым, што адзінства ў валадарстве шатана далёка няма, але, нягледзячы на пэўны непарадак, дэманы не выганяюць адзін аднога. У валадарстве шатана няма гармоніі, даверу ці вернасьці, але ён ня церпіць непаслушэнства ці падзелу. А таму абвінавачваньне Ісуса ў выгнаньні дэманаў сілаю шатана, уяўляецца цалкам абсурдным.

Ісус, як бы, кажа фарысэям: «Калі Я выганяю дэманаў – а вы гэта не адмаўляеце, да ня можаце адмовіць, а гэта азначае, што Я ўвайшоў на тэрыторыю, якую займае шатан. Відавочна, што ніхто ня можа ўвайсьці ў дом асілка, калі той ня будзе зьвязаным і пазбаўлены сілы. І таму сам гэты факт, што Я здолеў уварвацца на тэрыторыю шатана, ёсьць доказам таго, што ён зьнясілены і ня здольны да супраціву». Дарэчы, тэму пра асілка знаўца Пісаньня Ісус выкарыстаў ад Ісаі: «Ці можа быць адабрана ў дужага здабыча, і ці могуць быць адабраны ў пераможцы палонныя?» (Іс 49:24).

«Дзеля гэтага кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства будзе адпушчана людзям, а блюзьнерства на Духа ня будзе адпушчана людзям». Што ж меў на ўвазе Ісус, калі казаў гэтыя словы? У адпаведнасьці з вучэньнем юдэяў Сьвяты Дух меў некалькі функцыяў. Сьвяты Дух прыносіў людзям Божую праўду. Гэта па-першае. А па-другое, Сьвяты Дух даваў людзям здольнасьць разумець гэтую праўду, калі яны яе бачылі. Каб больш зразумець гэта, трэба зрабіць некалькі ўмоўных крокаў. Па-першае, чалавек можа згубіць усякую здольнасьць, калі толькі ён адмаўляецца ёю карыстацца. Такое ёсьць у любых сфэрах жыцьця, як фізічнай, так і ў духоўнай. Чалавек можа, таксама, згубіць здольнасьць распазнаваць дабрадзейнасьць і праўду, калі бачыць іх. Калі ён зачыняе вочы і вушы на Госпада, аддаючы перавагу асабістым думкам, але ня Божым, дык, у рэшце рэшт, вынік гэтага ў тым, што такі чалавек ня здольны спазнаць Божую праўду, прыгажосьць і дабрачыннасьць, калі бачыць іх. І вось у гэтым стане ягоныя заганы падаюцца яму адзінай дабрачыннасьцю, а Божая дабрачыннасьць падаецца яму заганаю і злом.
Да такога вось стану і дайшлі кніжнікі і фарысэі, калі заставаліся глухімі і сьляпымі да кіруючай рукі Божай. Яны, ад сваёй упартасьці, не змаглі спазнаць Божую праўду, калі бачылі яе. Яны маглі глядзець на Божага Сына і называць Яго саюзьнікам д’ябла. Грэх супраць Сьвятога Духа – гэта доўгае і ўпартае адмаўленьне Волі Божай, што, у рэшце рэшт, ня можа быць спазнаным нават і тады, калі яна цалкам праяўляецца сярод нас.

«І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, будзе адпушчана яму; хто а калі скажа супраць Духа Сьвятога, ня будзе адпушчана яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым». Настрой чалавека можна бачыць па ягоных словах. Старажытны грэцкі камедыёграф Менандр сказаў: «Характар чалавека можна спазнаць з ягоных словаў». Тое, што ляжыць у сэрцы, можа выйсьці на паверхню праз вусны. Нічога так не выкрывае, як словы. Ня трэба доўга размаўляць з чалавекам, каб зразумець тое, якія ў яго думкі: чыстыя ці брудныя. Ня трэба доўга слухаць чалавека, які прапаведуе ці настаўляе на што-небудзь, каб убачыць яснасьць ягоных думак. Сваімі словамі мы кожнадзённа паказваем усім, хто мы такія.

Мац 12:33-42
«Або ўчыніце дрэва добрым і плод ягоны добрым, або ўчыніце дрэва благім і плод ягоны благім, бо дрэва пазнаецца паводле пладоў. Спараджэньне яхідны! Як вы можаце гаварыць добрае, калі вы злыя? Бо з перапоўненага сэрца гавораць вусны. Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу выносіць злое. Кажу ж вам, што ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, аддасцца ім у дзень суду. Бо паводле словаў сваіх будзеш апраўданы і паводле словаў сваіх будзеш асуджаны». Тады адказалі некаторыя з кніжнікаў і фарысэяў, кажучы: “Настаўнік! Хочам бачыць ад Цябе знак”. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: “Пакаленьне злое і чужаложнае шукае знакаў, і знакі ня будуць дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока. Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. Нініўцы ўстануць на суд з пакаленьнем гэтым і асудзяць яго, бо яны навярнуліся праз пропаведзь Ёны; і вось, тут большы за Ёну. Валадарка з Поўдня паўстане на суд з пакаленьнем гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; і вось, тут большы за Салямона» (Мац 12:33-42).

Ня дзіўна тое, што Ісус, адразу пасьля крытыкі фарысэяў, пачаў казаць пра адказнасьць за свае словы. Самыя жахлівыя словы былі ад рэлігійных правадыроў, якія вінавацілі Ісуса ў выгнаньні дэманаў сілай д’ябла, пры гэтым жа, гэтымі словамі, яны асудзілі самі сябе. І вось зараз Ісус дае адно з Сваіх самых сур’ёзных папярэджваньняў і, адначасна, адкрывае праўду пра прыроду чалавечага сэрца.

Ісус пачынае Сваё папярэджаньне з кароткай праповесьці, якая паказвае просты прынцып: дрэва і ягоны плод адпавядаюць адзін адному. Добрае дрэва дае добры плод, дрэннае – дрэнны. Што меў на ўвазе Ісус? Хвароба і сьмерць – гэта вынік грэху, што ведаюць фарысэі. Апанаванасьць – справа д’ябла, злая справа. Таму вызваленьне чалавека ад дэманаў – добрая справа, бо гэтае вызваленьне чалавека ад разбуральнага ўплыву грэху ёсьць справа ад Бога, а не ад шатана. І калі фарысэі абвінвачваюць Ісуса ў тым, што Ён робіць добрыя справы сілаю шатана, дык атрымліваецца так, што яны прыпісваюць шатану справы Сьвятога Духа, а гэта ёсьць найвялікшае блюзьнерства. Такім чынам Ісус зноў паказвае фарысэям на іхняе перакручанае мысьленьне.

«Спараджэньне яхідны». Мы ўжо чулі гэтыя словы ад Яна ў адносінах да крывадушных фарысэяў і садукеяў, які прыйшлі да яго хрысьціцца. Яхідна – зборная назва распаўсюджаных ў гэтых месцах атрутных і каварных зьмеяў, якія былі вельмі небясьпечнымі для чалавека. Фарысэі ж увасаблялі сабою рэлігійны і маральны распад, а значыць небясьпеку. Як спараджэньні яхідны, яны хадзілі з месца на месца, звычайна групамі, каб навязваць гебраям свае штучныя традыцыі. Іхнія небіблійныя традыцыі атручвалі розум гебраяў і настройвалі іх супраць чыстай і збаўляльнай праўды Божага Слова, а іхняя крывадушная самаправеднасьць заахвочвала многіх займаць такую ж заганую пазіцыю.

«Як вы можаце гаварыць добрае, калі вы злыя?» Гэтыя словы паказваюць на заганасьць чалавечага сэрца, якое здольнае спараджаць толькі зло, таму што самое зьяўляецца злым. Стары Запавет ясна паказвае заганае сэрца чалавека. З часоў грэхападзеньня Адама чалавецтву уласьцівыя нянавісьць, распуста, забойствы, хлусьня і многія іншыя віды заганы. Давід ведаў, што ўспадкаваў грахоўную прыроду ў момант зачацьця: «Вось, я ў беззаконьні зачаты і ў грэху маці мая нарадзіла мяне» (Пс 50:7), а Ерамія кажа: «Падступнае сэрца чалавечае найбольш і да краю сапсаванае» (Ер 17:9). Апостал Павал скажа потым эфэсцам, што ўсе людзі, пакуль не павераць Ісусу Хрысту, каб атрымаць збаўленьне, мёртвыя праз свае грахі і праступкі.

«Бо з перапоўненага сэрца гавораць вусны. Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу выносіць злое». Гэта адзін з асноўных прынцыпаў Пісаньня, што тычыцца чалавека: «З перапоўненага сэрца гавораць вусны». Тое, што чалавек уяўляе сабою ўнутры, абавязкова праявіцца праз вусны. Якуб, брат Ісуса, казаў: «Бо ўсе мы спатыкаемся. Хто не спатыкаецца ў слове, той дасканалы чалавек, які мае моц, каб зацугляць і ўсё цела» (Як 3:2). Менавіта гэта мы і бачым ад фарысэяў, бо іхнія злыя сэрцы вымусілі іх ганьбіць Сьвятога Духа, абвінаваціўшы Ісуса пра тое, што Ён выганяў дэманаў сілай шатана. Яны казалі злое, таму што іхнія сэрцы былі напоўненыя злом. Але, імкнучыся асудзіць Ісуса, яны асабістымі словамі асудзілі саміх сябе. Наогул чалавек, які мае варожасьць да каго-небудзь, абавязкова праявіць яе. Чалавек, напоўнены юрлівымі думкамі, у рэшце рэшт выкажа іх у нейкіх непрыстойных выразах ці заўвагах. Чалавек, які напоўнены гневам і нянавісьці, рана ці позна выкажа гэтыя пачуцьці ў словах ці дзеяньні. Такім жа чынам, чалавек, які напоўнены любоўю і ўвагаю да іншых, ня можа ня выказаць гэтых пачуцьцяў у словах ці ўчынках. Калі Ісус патлумачыў гэтыя прынцыпы, раскрывае далей іхнія станоўчыя і адмоўныя асьпекты.

«Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу выносіць злое». Сэрца чалавека – гэта скарбніца ягоных думак, імкненьняў, жаданьняў і адносінаў. Гэта крыніца, з якога вусны чэрпаюць свае словы, а таму з добрага выліваецца добрае і з злога выліваецца злое, як і кажа Якуб: «Ці ў аднаго жарала крыніцы выцякае салодкая і горкая вада?» Такім чынам, нам зразумела тое, што якасьць таго, што знаходзіцца ў сэрцы чалавека, вызначае якасьць словаў, якія выходзяць з ягоных вуснаў. Ісус сказаў, што чалавек павінен будзе даць адказ за кожнае тое слова, якое ён прамаўляе не падумаўшы ці калі знікаюць самаабмежаваньні. Такія вось словы і паказваюць, хто ён на самой справе, бо старанна падабраныя словы могуць быць разьлічанай крывадушнасьцю. Калі чалавек пастаянна і сьвядома насьцярожаны, ён загадзя падумае пра тое, што і як ён будзе казаць, але калі ён паводзіць сябе свабодна, у ягоных словах праяўляецца характар. Вельмі часта менавіта гэтыя словы прычыняюць найбольшую шкоду, бо, напрыклад, у гневе чалавек можа сказаць такое, што ён ніколі не сказаў бы ў іншы час. І гэтае сказанае можа зрабіць незалечную душэўную рану і стварае сур’ёзны бар’ер у адносінах паміж людзьмі. Усім вядомы Піфагор аднойчы сказаў: «Лепш кінуць наўзгад камень, чым выказаць выпадковае слова», бо, як толькі выказана крыўднае ці заганае слова, яго ўжо вярнуць назад немагчыма, куды б яно не папала.
Чалавек павінен добра ведаць сябе і кантраляваць свае словы, каб выявіць, у якім стане знаходзіцца ягонае сэрца. Таксама трэба разумець і тое, што Бог судзіць не па старанна падабраных словах, але па словах, якія прамаўляюцца ў нейкіх абвостраных ці крычных сітуацыях, калі выходзяць з сэрца ягоныя сапраўдныя пачуцьці.

Апостал Павал кажа: «Бо і юдэі просяць знакаў» (1 Кар 1:22). І так было заўсёды. Юдэі патрабавалі знакі ад тых, хто абвяшчаў сябе вястуном Божым. Яны прасілі нешта глабальна незвычайнага і не жадалі бачыць Бога ў штодзённым жыцьці, дзе Ён і адкрываецца нам болей за ўсё. Ісус называе юдэяў пакаленьнем злым і чужаложным, а гэта азначае адступніцтва ад Бога. Далей Ісус кажа, што народу будзе дадзена толькі адзін знак – знак Ёны прарока, які быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы. Таксама і Сын Чалавечы будзе ў чэраве сьмерці тры дні і тры ночы. Ісус кажа, што Ён і ёсьць тым знакам, але юдэі ня здольныя гэтага ўбачыць. І ў гэтым ёсьць дзіўная праўда. Ісус ёсьць знак Божы, таксама, як і Ёна быў Божым вястуном для жыхароў Нінэвіі, а Салямон – Божай мудрасьці для валадарыні Саўскай. Ёсьць толькі адно важнае пытаньне ў жыцьці чалавека: «Як мы рэагуем, калі мы сустракаем Бога ў Ісусе Хрысьце?» Можа гэта халодная варожасьць, як у кніжнікаў і фарысэяў? Ці гэта безумоўнае прыняцьце Божай праўды, як у жыхароў Нінэвіі і валадарыні Саўскай? Самае галоўнае ў жыцьці пытаньне: «Што мы думаем пра Ісуса Хрыста?»

Мац 12:43-50
«Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, праходзіць праз бязводныя месцы, шукаючы супачынку, і не знаходзіць. Тады кажа: “Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў”. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным. Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, зьлейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і для чалавека таго апошняе стаецца горш за першае. Так будзе і з гэтым пакаленьнем злым. Калі ж Ён яшчэ гаварыў да натоўпаў, вось, маці і браты Ягоныя сталі вонкі, шукаючы гаварыць з Ім. А нехта сказаў Яму: “Вось маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, шукаючы гаварыць з Табою”. Ён жа, адказваючы, сказаў таму, які гаварыў з Ім: “Хто маці Мая, і хто браты Мае?” І, выцягнуўшы руку Сваю на вучняў Сваіх, сказаў: “Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе, той Мне брат, і сястра, і маці”» (Мац 12:43-50).

У гэтай кароткай і жахлівай прыповесьці мы бачым простую праўду. Нячысты дух выгнаны з чалавека, але ён ня зьнішчаны. Іншымі словамі, у гэтым сьвеце, зло можа быць пераможана, выгнана, але ня можа быць вынішчаным. І гэтае зло заўсёды будзе імкнуцца ў контратаку, каб вярнуць сабе згубленае. Зло – гэта тая сіла, якую можна загнаць у кут, але, у гэтым сьвеце, немагчыма зьнішчыць. З гэтага вынікае, што рэлігія, якая толькі забараняе, ня можа быць дастатковай і асуджаная на няўдачу. Праблема тут у тым, што чалавека можна ачысьціць, забараніць яму дрэнныя ўчынкі, але яго нельга захаваць чыстым.

З гэтага вынікае, што адзіным сапраўдным аздараўленьнем можа быць толькі хрысьціянская актыўнасьць. Любое вучэньне, якое кажа чалавеку, што рабіць ня трэба, асуджана на няўдачу: чалавеку трэба таксама сказаць, што яму трэба рабіць. Гультайства і бязьдзейнасьць – гэта сур’ёзная хвароба, бо наступствы яе вядуць да заганы. Кажуць, што самы просты спосаб пазбавіцца ў садзе пустазельля – гэта засеяць яго карыснымі расьлінамі. Самы ж просты спосаб вызваліць жыцьцё ад грэху – напоўніць яго добрай і карыснай дзейнасьцю дзеля Хрыста.

«Бо хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе, той Мне брат, і сястра, і маці». Адна з трагедыяў зямнога жыцьця Ісуса былая тая, што самыя блізкія і родныя людзі Яго не разумелі. Яна кажа пра гэта наступнае: «Бо і браты Ягоныя таксама ня верылі ў Яго» (Ян 7:5). Таксама чытаем і ў Марка: «І, пачуўшы гэта, сваякі Ягоныя пайшлі ўзяць Яго, бо казалі, што Ён зьдзівачэў» (Мк 3:21). Усім ім падавалася, што Ён, так неахайна рызыкуючы Сваім жыцьцём, наўпрост зьдзівачэў. Падобна на тое, што Ісус палічыў прыход родзічаў несвоечасовым, бо гэта адцягвае ўвагу вучняў ад Ягонай пропаведзі. Але задача Мацьвея зусім ня ў тым, каб паказаць нейкі негатыў у адносінах да родных людзей. Ён хоча падкрэсьліць дзіўныя і трапяткія адносіны да Сваіх вучняў, якія выконваюць волю Божую, а таму менавіта яны і ёсьць Ягонай сям’ёй.

На падставе гэтага можна зрабіць выснову, што сапраўднае сваяцтва – гэта не заўсёды кроўныя адносіны. Кроўныя ж адносіны, тым ня меньш, застаюцца сувязьзю, якую парваць нельга, але тут могуць быць і нюансы. Нярэдка бывае і так, што менавіта самыя блізкія людзі меньш за ўсіх разумеюць чалавека, а сапраўднае сяброўства гэты чалавек знаходзіць з тымі, з кім працуе дзеля агульных ідэялаў і з кім у яго ёсьць агульныя перажываньні. Одное, у-ва ўсякім выпадку, зусім відавочна, што калі хрысьціянін бачыць неспачуваньне ягоных родных у сям’і, дык у яго застаецца любоў Ісуса Хрыста і сяброўства ўсіх тых, хто любіць Госпада.


Рецензии