Мац 13 1-58
Мац 13:1-58
Мы пачынаем вывучэньне вельмі важнага разьдзелу ўсёй канцэпцыі Эвангельля. Гэта ёсьць пэўны паваротны пункт у пропаведзі Ісуса, якую Ён пачаў у сынагозе, але зараз мы бачым Ягоную пропаведзь на беразе Галілейскага мора. Вельмі важная перамена. Простыя людзі яшчэ віталі Яго ў сынагогах, але кіраўнікі сынагогаў ужо не хацелі прымаць Ісуса. Ісус, па сутнасьці, быў выгнаны з тагачаснай царквы, але гэта ніяк не магло прыпыніць Ягонае імкненьне несьці людзям Сваё запрашэньне ў Божае Валадарства. Калі перад Ім закрыліся дзьверы сынагогі, Ён пераўшоў у храм адкрытай прасторы і вучыў людзей на вуліцах, дарогах, на беразе мора і ў дамах звычайных людзей. Чалавек, у якога ёсьць сапраўдная вестка, якую ён павінен паведаміць людзям, заўсёды знойдзе спосаб давесьці яе.
Мац 13:1-9
«У той самы дзень, выйшаўшы з дому, Ісус сеў ля мора. І сабраліся да Яго шматлікія натоўпы, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе. І гаварыў ім шмат у прыповесьцях, кажучы: “Вось, выйшаў сейбіт сеяць. І калі сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. Іншыя ж упалі на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі; і адразу ўзыйшлі, бо зямля была неглыбокая, а калі ўзыйшло сонца, зьвялі і, як ня мелі кораня, высахлі. Іншыя ж упалі ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі іх. А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і далі плод: адно — сто, адно — шэсьцьдзесят, а адно — трыццаць. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае» (Мац 13:1-9).
Берагавая лінія Галілейскае мора, на захадным баку ад Капернаума, прыгожая сваімі невялікімі залівамі і даволі высокімі берагамі. Калі прыглядзецца да некаторых з іх, можна ўбачыць натуральныя прыродныя амфітэатры са сцэнаю на воднай паверхні мора. І зараз уявім сабе гэты шматлікі натоўп людзей, які заняў розныя месцы ў гэтым амфітэатры і слухае Ісуса, Які гаворыць да іх з чаўна перад імі. Адсутнасьць ветра і высокі бераг даюць вельмі добры акустычны эфект, а таму людзі на беразе добра чуюць Ісуса, Які ўнізе, перад імі. Ісус добра ведаў гэтыя цудоўныя асаблівасьці берагавой лініі мора, бо некалькі гадоў Свайго папярэдняга жыцьця працаваў тут, ствараючы чаўны для рыбакоў усяго ўзьбярэжжа. І вось Ісус, будучы ў цэнтры людзей пачаў гаварыць перад імі ў прыповесьцях. Заўважым і мы цікавую акалічнасьць, што Мацьвей зрабіў тое самае, калі зьмясьціў прыповесьці Ісуса ў цэнтр свайго Эвангельля. Гэтыя прыповесьці зьбіраюць цалкам усё, пра што гаварылася раней,- і пра тое, што чакае нас наперадзе.
Складаецца ўражаньне, што тэму прыповесьці Ісусу нагадаў рэальны сейбіт, які рабіў сваю справу непадалёк і быў у поле зроку ўсіх прысутных: «Вось, выйшаў сейбіт сеяць». Ісус выкарыстоўвае тут відавочную сучаснасьць, каб перайсьці на іншы бок прасторы і часу. Сідзячы ў чаўне, Ён пачаў з таго, што людзі бачылі на той момант, каб адкрыць ім разуменьне праўды, якой яны да гэтага часу ня бачылі.
У Ізраілі палі мелі форму вузкай паласы, між якімі былі пратаптаныя сьцежкі-дарогі, па якіх праходзіла шмат людзей, якія, між тым, маглі зрываць і каласы, калі ў гэтым была патрэба, каб спатоліць голад. Сейбіт ішоў па гэтай палосцы і шырокім ўзмахам рукі раскідваў зерне на глебу і зусім ня дзіўна, што некаторае зерне трапляла на сьцежкі-дарогі. Наогул, гэтыя вузкія засяваныя палоскі мелі неаднародны грунтавы склад і былі месцы, дзе падсьцілаючая скальная аснова мела на сабе зусім невялікі слой грунту, як былі і месцы, дзе церне мела магчымасьць для буйнога росту. Зерне, якое пасеялася на месцы камяністым, хутка прарастае, але ня мае магчымасьці укараніцца, ды і зямля хутка сохне ад сонца. Зямля з цернем падманлівая, бо спачатку падаецца чыстай, але толькі спачатку, бо потым вельмі хуткі рост гэтага пустазельля забівае рост культурных расьлінаў. І толькі добрая зямля, якая глыбокая і чыстая, прымае семя так, што яно мае добрае харчаваньне, добра расьце і прыносіць добры ўраджай.
Як жа разумець гэтую прыповесьць? Калі як перасьцярога слухачам, дык гэта азначае, што існуюць розныя падыходы да ўспрыяцьця Божага слова і сэрца, у якое гэтае слова пападае. Пачакаем жа крыху, каб пачуць непасрэдна ад Ісуса тлумачэньне гэтай прыповесьці.
Мац 13:10-17
«І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: “Дзеля чаго гаворыш ім у прыповесьцях?” А Ён, адказваючы, сказаў ім: “Бо вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім ня дадзена. Бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае. Дзеля таго гавару ім у прыповесьцях, што яны, гледзячы, ня бачаць і, слухаючы, ня чуюць, і не разумеюць.І спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: “Слыхам пачуеце, і не зразумееце, і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце. Бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма, і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх” Вашыя ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць. Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі ўбачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і пачуць, што вы чуеце, і ня чулі» (Мац 13:10-17).
У грэцкім тэксьце гэтага Эвангельля выкарыстоўваецца слова «містэрыя», перакладзенае як таямніца, як гэта і ёсьць у літаральным сэнсе. Ад пачатку новазапаветнага часу слова «містэрыя» выкарыстоўвалася ў асаблівым сэнсе і ўяўлялася, як нешта цяжкае для разуменьня, нешта таямнічае. Гэта быў тэрмін, для чагосьці незразумелага ў адносінах да староньняга чалавека, але зусім зразумелага для чалавека пасьвячонага. У часы жыцьця Ісуса, рэлігійны Рым быў насычаны рознымі містэрыямі розных багоў. Няма сэнсу пераліку гэтага пантэёну, бо гэта зойме шмат часу, але нам, з гэтага, зразумела тое, што містэрыя – гэта нешта вельмі каштоўнае для пасьвячонага чалавека. Па сутнасьці, наш удзел у Вячэры Госпадавай нясе ў сабе такі ж характар. Для чалавека, які гэтае ніколі ня бачыў, можа падацца дзіўным, як веруючыя людзі прымаюць невялікія кавалачкі хлеба і пьюць невялікі глыточак віна. Але для чалавека пасьвечанага сэнс гэтага служэньня ёсьць самым каштоўным у хрысьціянстве.
Такім чынам, Ісус кажа Сваім вучням, што староньнія людзі ня могуць зразумець тое, што Ён кажа, але вучні павінны гэта ведаць, бо яны побач Яго. Хрысьціянства, наогул, магчыма зразумець толькі знутры. Чалавек здольны зразумець яго толькі пасьля таго, як ён асабіста сустрэнецца з Ісусам Хрыстом. І таму крытыкаваць хрысьціянства звонку – гэта значыць крытыкаваць яго з-за нявуцтва. Чалавек жа, які гатовы стаць вучнем Хрыста, можа зразумець самыя каштоўныя асьпекты хрысьціянскае веры.
«Бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае». На першы погляд гэтыя словы падаюцца даволі жорсткімі, але гэта ня жорсткасьць, а толькі канстатацыя няўмольнага закону жыцьця. Так ёсьць у жыцьці. Таму, хто мае, дадаецца больш, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што ён мае. Для разуменьня, некалькі прыкладаў з жыцьця. Студэнт, намагаецца займець веданьне, якое адкрывае перад ім вялікія навуковыя перспектывы, мае ў сабе стараннасьць і адданасьць справе, якія і зрабілі яго годным для гэтага. Яму абавязкова дадасца яшчэ больш веданьняў і дасягненьняў. Наадварот жа, лянівы студэнт, які не жадае працаваць і імкнуцца да нейкіх дасягненьняў, непазьбежна згубіць і тыя веды, якія ў яго ёсьць. Любы дар можна разьвіваць, а калі не, дык гэты дар губляецца назаўсёды.
Так і з дабрадзейнасьцю, бо кожнае спакушэньне, якое мы пераадольваем, робіць нас больш здольнымі пераадоліць і наступнае, але кожнае спакушэньне, якому мы саступаем, павялічвае шанец таго, што мы саступім і наступнаму. Кожная добрая справа, кожны крок служэньня, робяць нас больш здольнымі на будучае і кожны раз, калі мы не скарыстаемся такой магчымасьцю, памяньшае нашыя магчымасьці ў будучым. Наогул жыцьцё – гэта працэс набыцьця чагосьці да таго, што маеш ці страты таго, што маеш. Ісус дае тут праўду таго, што чым бліжэй да Яго жыве чалавек, тым больш ён будзе набліжацца да хрысьціянскага ідэялу. І наадварот, чым больш чалавек адыходзіць ад Яго, тым меньш здольнасьць дасягнуць дабрадзейнасьці, бо слабасьць, як і сіла, павялічваецца.
«Дзеля таго гавару ім у прыповесьцях, што яны, гледзячы, ня бачаць і, слухаючы, ня чуюць, і не разумеюць». Вучні Ісуса зьдзівіліся таму, што Ён распавядае гісторыі, якія людзі могуць зразумець няправільна. Чаму Ён не падахвочвае народ дзейнічаць? І чаму Ён прымушае людзей думаць замест таго, каб даць ім ясныя ўказаньні? Гэтае зьдзіўленьне было падобным на расчараваньне дзіцяці, які даведаўся, што пасаджанае дрэва ня вырасьце адразу перад ягонымі вачыма. Яны атрымалі адказ ад Ісуса, але такі ж загадкавы ды хвалюючы, як і самі прыповесьці. Ён спасылаецца на прарока Ісаю, які ведаў рэакцыю Ізраіля на збаўленьне пасьля грознага Божага суду.
Ісус і цытуе прарока, каб патлумачыць, чаму Ён кажа прыповесьцямі. Ісус, нейкім чынам, расчараваны тым, што калі наблізілася Божае Валадарства, якое нясе суд і прабачэньне, людзі глядзяць і ня бачаць Праўду, слухаюць Яго, але не разумеюць. Ісус, безумоўна, ведае, што і гэта зьяўляецца часткаю Божага плану, як пра тое Ісая і казаў. Вучні ж Ісуса ўжо пачынаюць разумець Яго, хаця гэта няпроста нават і для іх. Яны сапраўды чуюць тое, што так доўга чакалі Божыя людзі. Ісус пойдзе наперадзе ўсіх і возьме на Сябе ўвесь цяжар Суду, таму і пойдзе, у свой час, у Ерусалім, каб памерці на Крыжы за ўсіх нас. І тое, што Ісус кажа да людзей прыповесьцямі, зьяўляецца часткаю плана Бога.
Прыповесьці – гэта ня проста прыгожыя ілюстрацыі, якія дапамогуць зразумець няпростую праўду, якая ёсьць рэальнасьцю. Праўда – гэта тое, што Бог робіць для людзей праз жыцьцё Ісуса Хрыста і праз Ягоную сьмерць і Ягонае ўваскрасеньне. Бог сапраўды наноў засейвае палі Ізраіля, з дапамогаю Ісуса садзіць саджанцы, якія павінны, з цягам часу, вырасьці ў вялікія дрэвы – глыбока веруючых пасьлядоўнікаў Ісуса Хрыста. Але гэта не было тым, чаго чакалі ад Ісуса тагачасныя гебраі. А як да гэтага ставімся мы – сучасныя людзі? Ці ня станемся мы, як тыя гебраі, якія гледзячы, ня бачаць і, слухаючы, ня чуюць, і не разумеюць?
Мац 13:18-23
«А вы паслухайце прыповесьць пра сейбіта. Да ўсякага, хто чуе слова пра Валадарства і не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным; гэта тое, што пасеянае пры дарозе. А пасеянае на камяністае месца — гэта той, хто чуе слова і адразу з радасьцю прыймае яго, але ня мае ў сабе кораня і нетрывалы: калі надыходзіць прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу горшыцца. А пасеянае ў цярніне — гэта той, хто чуе слова, але клопаты веку гэтага і падман багацьця заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным. А пасеянае ў добрую зямлю — гэта той, хто чуе слова і разумее, які дае плод, і дае адзін сто, а іншы — шэсьцьдзесят, а іншы — трыццаць» (Мац 13:18-23).
Усе ведаюць, што ёсьць лабірынтам. Адзін увахад і адзін выхад, а яшчэ некалькі шляхоў, якія вядуць у тупік. Многія прыповесьці Ісуса і падобныя на лабірынт, выхад з якога павінныя адшукаць самі слухачы. Але, шмат хто, ня здольныя зрабіць гэтага і будуць доўга блукаць у пошуках праўды, як выхаду з гэтага лабірынту. Ісус ведае гэта і таму дае пэўную схему, дзякуючы якой, можна зарыентавацца у складанасьцях той ці іншай прыповесьці. На самой справе нічога новага тут няма, бо заўсёды існавала старажытняя гебрайская традыцыя, калі прапанавалася тлумачэньне прыповесьцяў, сапраўдны сэнс якіх людзі не маглі зразумець самастойна.
Дастаткова зьвярнуцца да прарока Данііла, які тлумачыць выяву жахлівых зьвяроў, якія выходзілі з мора і ўвасаблялі сабою чатыры валадарствы. Ісус бачыў тыя шляхі разважаньняў, які прывядуць слухачоў у тупік. Таму Ён і прапанаваў той адзіны варыянт паводзінаў чалавека, які дасьць магчымасьць ім упадобніцца семяні, якое прынясе багаты ўраджай.
Але ня ўсё так проста, бо нават бліжэйшыя вучні Ісуса лічылі і чакалі, што Госпад прыйдзе ў зьзяньні Сваёй славы, каб зацьвердзіць Божае Валадарства. Безумоўна, што гэтага яны і чакалі ад Ісуса, верачы ў тое, што вецер аднаўленьня пранясецца праз Ізраіля і дасьць свабоду, справядлівасьць і мір усім народам. Замест жа гэтага яны слухаюць сьціплага прапаведніка, які прамаўляе загадкамі, якія могуць толькі заблытаць іх. Ім яшчэ трэба будзе ўсьвядоміць тое, што гэты спосаб быў і застанецца ўгодным Госпаду, на што ёсьць важныя прычыны. Каб не асудзіць увесь сьвет па вышэйшай катэгорыі справядлівасьці, Бог дае пэўны час, калі людзі, пад кіраўніцтвам Госпада, мелі магчымасьць знайсьці выхад з лабірынту нявер’я і грэху. Калі б ня даў нам гэтага часу, прызначанага для пакаяньня, дык кожны чалавек быў бы засьпеты Божым судом у сваім асабістым тупіку.
Ісус нясе слова Божае ў гэты сьвет, якое ёсьць духоўнаю мапай для людзей, пры дапамозе якой яны змогуць знайсьці свой сапраўдны шлях. Але далёка ня ўсе людзі, якія, чуючы Ісуса, выкарысталі гэта правільна і гэта было заўсёды, як гэта ёсьць і ў наш час. Таму правільнае тлумачэньне прыповесьці пра сейбіта, было карысным ня толькі для непасрэдных слухачоў Ісуса, але і сёняшніх хрысьціянаў. Некаторыя людзі дазваляюць д’яблу адразу ж скрасьці каштоўнае слова прапаведніка. У некаторых такое слова выклікае насьмешлівую, а нават і цынічную, рэакцыю.
Некаторыя ж адразу дэманструюць разуменьне і гатоўнасьць крочыць, згодна гэтага слова, але калі Эвангельле нешта ад яго патрабуе, дык аказваецца, што слова Ісуса ніколі ягонага сэрца і не дасягала. Ёсьць і такія людзі, у якіх слова Ісуса адкладваецца на сэрцы, але адначасова там, вельмі хутка, расьце і пустазельле, якое здольнае заглушыць нежныя расткі гэтага слова. Усе гэтыя варыянты вядуць у тупік гэтага лабірынту. Але ёсьць і добрая навіна.
Ісус кажа пра семя, якое сапраўды здольнае даць добры ўраджай. З мапай Ісуса дасягнуць гэтага зусім рэальна, але для гэтага трэба ня проста слухаць, а і разумець. Так, гэта патрабуе часу, настойлівасьці і гэта зусім неяпроста. Магчыма, што проста прачытаць Пісаньне, калі-некалі пабыць у царкве, каб паслухаць пропаведзь сьвятара, недастаткова. Трэба будзе старанна абдумваць кожнае Божае слова, пакуль яно ня дасьць росьцік у нашым сэрцы. Трэба, адначасова, ачысьціць сваё сэрца ад пустазельля і камянёў. І калі мы адчуем, што сапраўды чуем Госпада, дык гэта можа азначаць тое, што мы на правільным шляху і здольныя знайсьці выхад з лабірынту. Вынікам гэтага можа стацца тое, што мы ня толькі атрымаем посьпех у справе асабістага збаўленьня, але станемся семянамі Божага Валадарства, які здольныя прыносіць плоду ня толькі трыццаць ці шэсцьдзясят, але нават і сто.
Мац 13:24-35
«Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: “Падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, і пасеяў між пшаніцаю кукаль, і пайшоў. Калі ж узыйшла рунь і дала плод, тады паказаўся і кукаль. Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? Адкуль тады кукаль?” Ён жа сказаў ім: “Вораг чалавек зрабіў гэтае”. А слугі сказалі яму: “Дык хочаш, мы пойдзем зьбярэм яго?” А ён мовіў: “Не, каб, зьбіраючы кукаль, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: “Зьбярыце спачатку кукаль і зьвяжыце яго ў снапы, каб спаліць іх, а пшаніцу зьбярыце ў сьвіран мой”. Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: “Падобнае Валадарства Нябеснае да зярняці гарчычнага, якое чалавек, узяўшы, пасеяў на полі сваім. Яно меншае за ўсякае насеньне, а калі вырасьце — большае за ўсе расьліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і хаваюцца ў галінах яго”. Іншую прыповесьць сказаў Ён ім: “Падобнае Валадарства Нябеснае да рашчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меры мукі, пакуль ня ўкісла ўсё”. Усё гэтае Ісус гаварыў да натоўпаў у прыповесьцях і без прыповесьці не гаварыў ім, каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа: “Адчыню ў прыповесьцях вусны Мае; выкажу схаванае ад стварэньня сьвету”» (Мац 13:24-35).
Кукаль – пустазельная трава, супраць якой вельмі цяжка было весьці барацьбу селяніну. Назва гэтай травы – «Віка махнатая». Узрастаючы разам з пшаніцаю, кукаль ніяк не адрозьніваецца ад яе на першапачатковай стадыі разьвіцьця, пераплятаючыся каранямі так, што кукаль нельга было прапалоць, не вырываючы разам і пшаніцу. Наогул, гэтую прыповесьць можна аднесьці да самых практычных з усіх, якія распавёў Ісус. Чаму гэта так?
Яна вучыць нас таму, што ў сьвеце заўсёды ёсьць варожая нам сіла, якая намагаецца загубіць добрае семя. Вядома ж, што нашае жыцьцё заўсёды пацьверджана двум уплывам: адно з іх садзейнічае росту семяні слова, а другое намагаецца загубіць добрае семя яшчэ да таго, як яно зможа прынесьці нейкі плод. Яна вучыць нас таму, што вельмі цяжка адрозьніць тых, хто ёсьць у Валадарстве Божым ад тых, хто у ім не знаходзіцца. Чалавек можа выглядаць добрым, а на самой справе такім ня быць. І наадварот, а таму ня трэба адносіць чалавека да той ці іншай катэгорыі, калі мы ня ведаем гэтага чалавека. Яна вучыць нас не сьпяшацца з меркаваньнямі, а суд адкласьці да збору ўраджая. Суд будзе толькі ў самым канцы. Чалавек можа зрабіць нейкую памылку, а потым выправіць яе па міласьці Божай, а іншы чалавек можа весьці разважлівае жыцьцё, а потым сапсаваць усё добрае. Той, хто бачыць толькі частку, ня можа бачыць цэлае, так і ведаючы толькі частку жыцьця чалавека, ня можа судзіць усяго чалавека. Яна вучыць нас, што судзіць мае права толькі Бог, Які дасканала адрозьнівае зло ад дабра. Толькі Бог бачыць усяго чалавека і ўсё ягонае жыцьцё. Толькі Бог можа судзіць.
Вырошчваньне гарчыцы ў тыя часы мела свае асаблівасьці. Трэба заўважыць і тое, што гарчычнае зерне ня ёсьць самым малым з зярнятаў, бо зерне кіпарысу яшчэ меньшае за гарчычнае. Але на ўсходзе маленькі памер гарчычнага зерня ўвайшло ў прымаўку. Так, напрыклад, юдэі казалі пра парушэньні Закону, пачынаючы параўноўваць парушэньні ад памераў гарчычнага зерня. У жыцьці ж з такога маленькага зерня вырастала даволі вялікая расьліна, якая дасягала трох метраў вышыні і якую выбіралі птушкі, каб харчавацца мякькімі чорнымі зярнятамі.
Паводле Ісуса Валадарства Божае і падобнае на гарчычнае зерне, якое вырастае ў вялікае дрэва. Ідэя простая. Божае Валадарства пачынаецца з самога малога, але ніхто ня ведае, дзе ягоны канец. На ўсходзе, ды і ў самым Старам Запавеце, буйная імпэрыя малюецца ў выглядзе буйнога дрэва, а заваяваныя народы – у выглядзе птушак, якія маюць прытулак у галінах гэтага дрэва. Менавіта пра гэта кажа прарок Езэкііль, калі параўноўвае валадарства Егіпта з ліванскім кедрам: «На суках яго вілі гнёзды ўсякія птушкі набесныя, пад галінамі яго выводзілі дзяцей ўсякія зьвяры польныя і пад ценем яго жылі ўсякія шматлікія народы». (Ез 31:6). Так і прыповесьць Ісуса кажа пра тое, што Божае Валадарства пачынаецца з невялікага, але, у рэшце рэшт, у ім будуць сабраныя шматлікія народы.
Мы можам бачыць і тое, што гэтая прыповесьць, як ніякая іншая, кажа пра Яго асабіста. Уявім настрой Ягоных першых вучняў, які былі схільныя да адчаю, бо іх так мала, а сьвет такі вялікі. Як могуць яны калі-небудзь завалодаць ім і зьмяніць яго? І, тым ня меньш, з Ісусам прыйшла ў сьвет непераможная сіла. Ангельскі пісьменьнік Герберт Уэлс сказаў аднойчы: «Хрыстос – гэта дамінуючая фігура ў гісторыі. Гісторык жа, які ня мае наогул ніякіх багаслоўскіх перакананьняў, зразумее, што нельга шчыра апісаць прагрэс чалавецтва, калі не паставіць на першае месца беднага настаўніка з Назарэту». Ісус кажа ў гэтай прыповесьці ўсім нам, што кожны, на сваім месцы, павінен служыць і сьведчыць, што кожны павінен быць маленькім пачаткам таго, што, у рэшце рэшт, усе зямныя валадарствы стануцца адзіным Божым Валадарствам.
У тыя часы хлеб пеклі дома. Тры меры мукі – гэта сярэдняя колькасьць мукі, неабходная на выпечку хлеба для даволі вялікай сям’і. Ідэю пра рашчыну, што падобна на Божае Валадарства, Ісус, безумоўна, узяў з хатняй справы Сваёй маці Марыі, якая расчыняла тры меры мукі для вялікай сям’і ў Назарэце. Расчына – гэта невялікі кавалачак цеста, захаваны ад папярэдняй выпечкі і які забрадзіў пад час захаваньня.
Але ня ўсё так проста і з гэтым параўнаньнем, бо, па ўяўленьням юдэяў, рашчына зьвязвалася з дурным узьдзеяньнем, бо недарма падрыхтоўка да Пасхі складалася з таго, што ў доме не павінна было застацца ні кавалачка такога цеста. І можна толькі ўявіць, наколькі такое параўнаньне магло шакаваць слухачоў, але можна зразумець і тое, што такая нечаканасьць магла абудзіць іхні інтарэс да гэтага незвычайнага параўнаньня. Увесь жа сэнс прыповесьці зводзіцца да аднога – да пераўтваральнага ўзьдзеяньня рашчыны. Рашчына зьмяняе ўвесь характар прыгатаваньня хлеба, бо, ў адрозьненьні ад праснакоў, хлеб атрымліваўся мякькім, порыстым і смачным. Замешваньне рашчыны цалкам пераўтварае цеста, так і прышэсьце Божага Валадарства пераўтварае нашае жыцьцё. Мы павінны разумець, што Ісус Хрыстос і Эвангельле вызвалілі ў сьвеце новую сілу, і што гэтая сіла ціха, але няўхільна садзейнічае росту праведнасьці ў сьвеце, і што Бог з кожным годам паступова і няўхільна рэалізуе Свае планы.
Мац 13:36-43
«Тады Ісус, пакінуўшы натоўпы, увайшоў у дом, і падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: “Растлумач нам прыповесьць пра кукаль на полі”. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: “Сейбіт добрага насеньня — гэта Сын Чалавечы. Поле — гэта сьвет, добрае насеньне — гэта сыны Валадарства, а кукаль — сыны злога; вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал, жніво — сканчэньне веку, а жняцы — анёлы. Бо як зьбіраюць кукаль і агнём паляць, так будзе пры сканчэньні веку гэтага: пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Валадарства Ягонага ўсе згаршэньні і ўсіх, хто чыніць беззаконьне, і ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў. Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Валадарстве Айца іхняга. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае”» (Мац 13:36-43).
Каментаваць тлумачэньне Ісуса пра тое, хто ёсьць хто і што ёсьць што у гэтай прыповесьці, занятак амаль што дарэмны, але пра будучы Божы Суд паразважаць патрэбна і нават неабходна. Чытаючы ў Бібліі пра жахлівыя сцэны Божага суду, мы павінны разумець, што гэта сымбалі, якія трэба навучыцца правільна тлумачыць. Калі мы чытаем пра печ вогненую, дзе будзе плач і скрыгат зубоў, дык можам лёгка ўявіць сярэднявечныя карціны вечных пакутаў грэшнікаў у пекле. Падобныя карціны дапамагалі тагачасным прапаведнікам прыводзіць людзей у сваю веру. Многія з тых, хто адмоўна ставіцца да вучэньня пра Суд Божы, сьцьвярджаюць, што добры і любячы Бог ніколі нікога не пакарае і не асудзіць. Іншыя ж лічаць, што Ён адкладзе суд да таго моманту, пакуль кожнае зярнятка ня станецца каласком пшаніцы.
Усе такія думкі ёсьць карыкатурамі на Госпада і Ягоны суд. Безумоўна, што Бог ня ёсьць жорскай істотаю, які лёгка аддае агню Свае стварэньні. Але Ён і не дабрадушны дзядуля, які балуе ўнукаў салодкімі цукеркамі і дазваляе ім рабіць усё, што яны захочуць. Мы павінны адмовіцца ад гэтых падыходаў да праблемы Божага Суду. Кожны, хто пасьля тых жахлівых падзеяў, што адбыліся ў XX стагодзьдзі і адбываюцца зараз у XXI, ня бачыць, што ў сьвеце ёсьць сапраўднае і жахлівае зло, проста бясьпечна глядзіць на гэты сьвет скрозь ружовыя акуляры. Чалавек, які ня верыць, што Творца сьвету зьменіць яго да лепшага, сам сябе прымушае лічыць сёняшні сьвет Ягоным няўдалым жартам. Ёсьць жа і такія, хто чакае ад Бога зьмяненьня сьвету да лепшага, але без Ягонага сутыкненьня са злом і Божага Суду над людзьмі, якія прыналежаць да зла ды заганы і якія залучаюць іншых у вялікія сусьветныя трагедыі.
Нельга казаць і тое, што толькі відавочнае зло павінна падпадаць пад Божы Суд. Як мы маглі ўпэўніцца, у Эвангельлі ёсьць строгае папярэджаньне пра тое, што мы адказныя за кожнае прамоўленае слова. У гэтай прыповесьці не абмяркоўваецца тое, як грэшныя людзі могуць стацца Божымі людзьмі. Мы бачым добра знаёмыя рэчы: пшаніца і кукаль – гэта добрыя і злыя людзі, але гэта зусім не відавочна, хто ёсьць кукалем, а хто пшаніцай, а таму распазнаць гэта і судзіць гэта можа толькі Бог, Які перадаў Свае паўнамоцтвы Сыну Чалавечаму. Ісус папярэджвае Сваіх вучняў, што Божы Суд ня будзе лёгкім нават і для іх, а таму яны павінны добра абдумаць тое, што Ён прамаўляе і робіць. Таму нават тлумачэньне гэтай прыповесьці ад Ісуса закончваецца словамі: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае». І гэтае папярэджаньне Ісуса тычыцца і ўсіх нас.
Мац 13:44-53
«Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які, знайшоўшы, чалавек схаваў, і ў радасьці сваёй ідзе, і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле. Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлінаў, які, знайшоўшы адну каштоўную пэрліну, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе. Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да нерату, які закінуты ў мора і сабраў усякага роду рыбы. Калі ён напоўніўся, выцягнуўшы яго на бераг і сеўшы, добрую сабралі ў пасудзіны, а благую выкінулі вонкі. Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы, і аддзеляць злых спасярод праведных, і ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў. Кажа ім Ісус: “Ці зразумелі вы ўсё гэтае?” Яны кажуць Яму: “Так, Госпадзе!” Ён жа сказаў ім: “Дзеля гэтага ўсякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара дому, які выносіць са скарбу свайго новае і старое”. І сталася, калі скончыў Ісус прыповесьці гэтыя, Ён выйшаў адтуль» (Мац 13:44-53).
Хаця для сучаснага чалавека гэтая прыповесьць гучыць даволі дзіўна, але для жыхароў Палестыны часоў Ісуса яна гучала вельмі натуральна. Чаму? Таму што звычайныя людзі таго часу, пры пэўнай небясьпецы, закопвалі свае каштоўнасьці ў зямлю, каб скарыстацца гэтым у небясьпечны час. Існавала нават прымаўка ад рабінаў, згодна якой для грошай ёсьць толькі адно небясьпечнае месца – зямля. Можна падумаць, што Ісус ухваляе чалавека, які намагаецца прысвоіць знойдзены скарб. Але трэба заўважыць тое, што па рабінскаму праву, у адрозьненьні ад права рымскага, дазвалялася прысвойваць такія знаходкі. Што ж тычыцца прыповесьці, дык галоўная думка яе ў тым, што радасьць, зьвязаная з знаходкай, якая пабудзіла чалавека ахвяраваць усім, каб прысвоіць гэтыя каштоўнасьці. Усё астатняе ў прыповесьці ня мае ніякага значэньня.
Асноўны ўрок гэтай прыповесьці ў тым, што дзеля таго, каб увайсьці ў Валадарства, можна ахвяраваць усім. Але што значыць увайсьці ў Божае Валадарства? Згодна малітвы Госпадавай, Божае Валадарства – гэта стан грамадзтва на зямлі, у якім воля Бога выконваецца таксама дасканала, як і ў небе. Выкананьне волі Божай каштуе любой ахвяры. Таксама, як і той чалавек, які знайшоў скарб, у якісьці момант прасьвятленьня, мы можам адчуць волю Божую да нас. Каб прыняць яе, магчыма патрабуецца ахвяраваць пэўным вобразам жыцьця – адным словам, прыняць свой крыж і пайсьці за Ісусам Хрыстом, бо няма іншага шляху да душэўнага супакою ў гэтым жыцьці і да славы жыцьця будучага. І сапраўды ж, варта аддаць усё, каб прыняць волю Божую і выконваць яе.
У старажытным сьвеце пэрліны займалі асобнае месца ў сэрцы чалавека. Людзі жадалі валодаць гэтым ня толькі дзеля грошай, але і дзеля прыгажосьці. Валадарства Божае параўноўваецца з пэрлінай таму, што ў вачах тагачаснага сьвету пэрліна была найбольш каштоўным, што можна было б мець, а гэта азначае тое, што Божае Валадарства ёсьць самым цудоўным у сьвеце. У гэтай прыповесьці ёсьць тая ж ідэя, што і ў папярэдняй, але з істотнай розьніцай: чалавек у поле не шукаў скарбу, бо ён прыйшоў да яго зусім нечакана, а чалавек, які шукаў пэрліну, праводзіў у пошуках усё сваё жыцьцё. Але вынік гэтага пошуку павінен быць адзіны – ахвяраваць усім, каб завалодаць пэўнай каштоўнасьцю.
Калі Ісус параўноўваў Валадарства з нератам, дык гэта кажа пра тое, што Ён вельмі добра ведаў пра рыбалоўства ў Галілеі. Нерат, па сваёй прыроде, неразборлівы ў тым, што ён захоплівае, калі яго цягнуць па вадзе. Гэта будзе сумесьсю патрэбнага і непатрэбнага, карыснага і некарыснага. Калі гэта параўнаць з царквою, дык яна, як той нерат, павінна зьбіраць розных людзей: добрых і нядобрых, карысных і наадварот. Наогул, тут ёсьць два погляды на царкву. Першы – выключны, які зыходзіць з таго, што царква існуе для добрых людзей, цалкам верных і непадобных да іншых. Прывабная кропка погляду, але ці на гэтым заснаваны Новы Запавет і ці дадзена людзям права судзіць пра гэта? Не чалавеку дадзена судзіць і казаць пра тое, хто адданы Хрысту, а хто не. Кропка погляду ж, якая ўключае, на ўзроўні інстынкту адчувае, што царква павінна быць адкрытай для ўсіх і складацца з розных людзей. Менавіта пра гэта прыповесьць і кажа.
Але гэтая прыповесьць кажа таксама і пра тое, што будзе час, калі добрыя і нядобрыя будуць пасланыя ў вызначаныя для іх месцы. Гэты ж падзел ажыцьцявіць Бог, а не чалавек. Таму мы павінны зьбіраць у царкве ўсіх, хто прыходзіць, а не судзіць і не падзяляць ды аддзяляць, пакінуўшы канчатковы суд толькі Богу.
Прыповесьці Ісуса ёсьць цэнтральным зьвяном Эвангельля паводле Мацьвея, бо словы: «І сталася, калі скончыў Ісус прыповесьці гэтыя, Ён выйшаў адтуль» падобныя на тыя, якімі закончваецца кожная вялікая частка аповяду Мацьвея, - 7:28; 11:1; 19:1; 26:1. Падзел Эвангельля паводле Мацьвея на пяць сэнсавых частак дае напамін пра Пяцікніжжа Майсея, але зьмест яго – нешта новае і хвалюючае.
Эвангельле – гэта ня проста нейкая рэлігійная ідэя, над якой прыемна разважаць, калі выпадае вольны час і гэта не музейны экспанат, якім можна пацікавіцца, праходзячы міма. Эвангельле можна параўнаць са скарбам у схованцы, дзеля якога мы павінны прадаць усю сваю маёмасьць, каб купіць поле з гэтай схованкай. Эвангельле – гэта самая вялікая, самая цудоўнае і самая чыстая пэрліна, якую толькі можна ўявіць. І гэтая пэрліна прызначана для нас, але толькі ў тым выпадку, калі мы адмовімся ад усяго таго, што нас прываблівала раней. Гэтая найкаштоўнейшая пэрліна і ёсьць Валадарства Нябеснае, пра якое казаў Ісус і якое Ён увасабляў у Сабе. Бяз гэтага новага і хвалюючага скарбу, усё што ў нас ёсьць выглядае нейкай старой казкай, у якую, на жаль, верыць большая частка гэтага сьвету.
Але рашэньне трэба прымаць і прымаць неадкладна, бо сьвет не разьвіваецца цыклічна, як пра гэта думаюць многія філосафы, а наадварот лінейна – ад пачатку і да канца, і гэты канец непазьбежна набліжаецца. Прышэсьце ў гэты сьвет Ісуса Хрыста і паклаў пачатак вялікага Божага Суду. Ісус вучыў законам Валадарства Нябеснага і Сам паводле іх жыў. Пасьля Ягонага прышэсьця сьвет і падзяліўся на Хрыстовых і тых, хто не прымае вучэньне Хрыста. Гэты падзел працягваецца і зараз. Суд будзе, а таму перад кожным з нас стаіць сур’ёзны, рашучы і лёсавызначальны выбар.
Прыповесьці Ісуса патрабуюць ад нас разуменьня і дзейнасьці. І тут трэба заўважыць, што разуменьне бяз дзейнасьці – справа марная, але і дзейнасьць без разуменьня ня мае ніякага сэнсу. Калі мы разважым пра тое, што казаў Ісус, дык, хутчэй за ўсё, узьнікне пытаньне: «Што азначае быць кніжнікам, які навучаны Божаму Валадарству, у наш час? І як нам дасягнуць таго, каб нашыя думкі, словы і дзеі уходзілі каранямі ў старыя каштоўнасьці, але ў той жа час несьлі ў сабе новыя плады Божага Валадарства?»
Мац 13:54-58
«І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну Сваю, навучаў іх у сынагозе іхняй, так што яны дзівіліся і гаварылі: “Адкуль у Яго гэткая мудрасьць і моц? Ці ж ня цесьляў Ён сын? Ці не Ягоная маці завецца Марыя, і браты Ягоныя — Якуб, і Ёсія, і Сымон, і Юда? І сёстры Ягоныя ці ж ня ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэтае?” І горшыліся праз Яго. А Ісус сказаў ім: “Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім”. І не ўчыніў там шмат цудаў дзеля недаверства іхняга» (Мац 13:54-58).
Назарэт. Тут Ён узрастаў, хадзіў у школу, навучаўся прафесіі, выхоўваў малодшых братоў і сёстраў. Тут Яго ведалі ўсе. І ведалі з найлепшага боку, але яны не маглі сабе ўявіць, каб хто-небудзь і калі-небудзь жыўшы сярод іх, меў права казаць так, як гэта казаў Ісус. Ён быў для іх тым жа ўзросшым хлопчыкам з суседняй вуліцы, браты і сёстры Якога і зараз жывуць побач з імі. Мацьвей паказвае нам абвастрэньне аносінаў з суайчыньнікамі ў вельмі агульнай форме, кажучы, што яны горшыліся праз Ісуса. Але ад Лукі мы ведаем, што сітуацыя ў Назарэце была найвайстрэйшай, калі Ісуса зьбіраліся нават і забіць: «І ўсе ў сынагозе напоўніліся ярасьцю, пачуўшы гэтае, і, устаўшы, выгналі Яго навонкі з гораду, і павялі Яго на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны горад іхні, каб скінуць Яго, але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў» (Лук 4:28-30). Заўважым, што Ісус, пасьля гэтага, ніколі ў родны горад не вяртаўся.
Непрыманьне і варожасьць да Ісуса ў Назарэце, безумоўна, прадвесьціць яшчэ большае непрыманьне на ўзроўні першасьвятароў. Гэта дае нам напамін і разуменьне таго, што пропаведзь Эвангельля ніколі не бывае лёгкаю справай, бо многія сустрэнуць з недаверам, а нават і з варожасьцю. Але ёсьць і добрая навіна, нягледзячы на словы Ісуса пра лёс ранейшых прарокаў. Мы ведаем, што, пасьля ўваскрасеньня Ісуса, тыя ж браты, асабліва Якуб і Юда, сталіся безумоўнымі лідарамі тагачаснай царквы Ерусаліму. З дапамогаю Божай любові можна дастукацца да сэрцаў нават тых людзей, які, на сёняшні дзень, зьяўляюцца ворагамі Эвангельля.
Паводзіны жыхароў Назарэта ёсьць вялікі ўрок для ўсіх нас. Паводзіны веруючых у царкве кажуць больш чым пропаведзь і тым самым вызначаюць пэўную атмасфэру, якая ці ставіць заслону, скрозь якую не пранікае слова прапаведніка, альбо напоўнена такім чаканьнем, што нават і слабая пропаведзь запальвае сэрцы веруючых. І зноў жа, мы не павінны судзіць чалавека па ягонаму мінуламу ці ягоным сямейным сувязям, але павінны успрымаць тое, кім ён ёсьць. Шмат добрых і правільных пасланьняў было загублена толькі таму, што людзі не ўспрымалі прапаведніка. Зьбіраючыся разам слухаць Слова Божае, мы павінны прыходзіць на пропаведзь у добрым чаканьні. І павінны разважаць не пра чалавека, які кажа да нас, але пра Духа Сьвятога, Які прамаўляе праз гэтага чалавека.
Свидетельство о публикации №226010101693