Мат 11 1-30
Мац 11:1-30
Дзейнасьць Яна Хрысьціцеля скончылася трагічна. Ян прывык казаць праўду, пра каго б не ішла гаворка і ён ня мог спакойна глядзець на загану. Ён казаў мужна і выразна, і ўсё гэта пазбавіла яго бясьпекі. Ірад Анцыпа, валадар Галілеі, кінуў сваю першую жонку і ажаніўся на жонцы свайго брата Філіпа, спакусіўшы яе ў Рыме. Ян, ведаючы гэта, публічна асуджаў Ірада, а гэта было зусім небясьпечна. Больш таго, ён абвяшчаў, што Валадарства Божае набліжаецца і вельмі хутка прыйдзе сапраўдны Валадар. Ірад адпомсціў яму тым, што Ян апынуўся ў вязьніцы крэпасьці Махерон у гарах, непадалёку ад Мёртвага мора. Для многіх гэтая падзея з арыштам Яна сталася жахлівай, а для самога Яна гэта бало жахлівей удвая. Ён быў вольным чалавекам пустыні, а зараз ён апынуўся ў чатырох сьценах цеснай падземнай камеры. Ён чуў весткі з волі пра дзейнасьць Ісуса і ў ягонай галаве ўзьнікалі розныя думкі.
Мац 11:1-6
«І сталася, як скончыў Ісус загадваць дванаццаці вучням Сваім, пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у гарады іхнія. Ян жа, пачуўшы ў вязьніцы пра дзеяньні Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх сказаць Яму: “Ці Ты — Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?” І, адказваючы, Ісус сказаў ім: “Ідзіце, паведаміце Яну, што чуеце і бачыце: сьляпыя бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім дабравесьціцца. І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне”» (Мац 11:1-6).
Ян, сідзячы ў вязьніцы, чуў пра справы Ісуса і гэтыя чуткі выклікалі ў яго пэўныя расчараваньні. Ён чакаў, што Ісус прынясе з Сабою агонь, што будзе падобным да Іліі, які перамог прарокаў Ваала і збавіць Ізраіля. Ян спадзяваўся таксама і на тое, што Ісус вызваліць яго з вязьніцы ды пасадзіць яго на пачэснае месца каля Сябе. Але тое, што адбываецца, яму зусім не зразумела, бо Ісус паводзіць Сябе зусім ня так, як яму ўяўлялася. Ён зьбірае каля Сябе мытнікаў і грэшнікаў, а слава Ісуса расьце, але зусім не па справах, якіх ад Яго чакаў Ян. Што адбываецца? Няўжо ён памыліўся? Ён бачыў Ісуса пры хросьце і пасьля яго. Ян усё болей і болей разважаў пра Ісуса ў турме і ўсё ж схіляўся да высновы, што Ісус – гэта той Мэсія і ёсьць. І вось зараз ён укладаў усе свае надзеі толькі ў адно пытаньне: «Ці Ты — Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?» Магчыма, што гэта не пытаньне чалавека, які ў роспачы, але пытаньне чалавека, у вачах якога зьзяла надзея, якую ён толькі прасіў пацьвердзіць.
Ісус адказвае Яну упэўнена і давяральна: «Ідзіце, паведаміце Яну, што чуеце і бачыце: сьляпыя бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім дабравесьціцца. І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне». Ісус кажа, праз вучняў, Яну пра тое, што Ён робіць, а не на што прэтэндуе. Ісус патрабаваў, каб да Яго быў ужыты самы сур’ёзны крытэр выпрабаваньня – выпрабаваньне справамі, бо з усіх людзей толькі Ісус мог патрабаваць, каб Яго судзілі не па словах, але па справах. Патрабаваньне Ісуса накірована і ў сёняшні час. Ён ня столькі кажа: «Паслухайце, што Я павінен сказаць вам», колькі: «Паслухайце, што Я здольны зрабіць для вас. Паглядзіце, што Я зрабіў для іншых».
Ісус і сёньня робіць тое, што Ён рабіў у Галілеі, бо ў Ім адкрываюцца вочы тых, хто быў сьляпым у праўдзе пра самога сябе, пра сваіх блізкіх і пра Бога. Менавіта ў Ім набываюць сілу, каб заставацца на правільным шляху. У Ім аздараўляюцца тыя, хто вельмі хворы на грэх. У Ім пачынаюць чуць тыя, хто быў глухі да голасу сумленьня і Бога. У Ім уваскрасаюць да новага жыцьця тыя, хто быў мёртвы і бездапаможны ў грэху.
«І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне». Гэтыя словы накірованы непасрэдна да Яна, таму што ён усьвядоміў толькі частку праўды пра Ісуса. Ян прапаведаваў Эвангельле Божай сьвятасьці і Божага пакараньня, а Ісус прапаведаваў Эвангельле Божай сьвятасьці і Божай любові. Ісус, як бы кажа Яну: «Можа быць, Я раблю ня тое, што ты чакаў ад Мяне, але сілы зла перамагаюцца не вялікай сілай, а вялікай любоўю». Часам чалавек згоршваецца праз Яго таму, што Ісус супярэчыць ягонаму уяўленьню гэтага сьвету. Бог выконвае Сваю працу і чалавек, які зразумеў гэта бяз крыўды за тое, што ягоныя некаторыя чаканьні не зьдзяйсьняюцца, атрымае Божую ласку і Божае дабраславеньне.
Мац 11:7-15
«Калі ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: “Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае? Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць мяккія шаты, знаходяцца ў дамах валадарскіх. Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока. Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”. Сапраўды кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Валадарстве Нябесным большы за яго. Ад дзён Яна Хрысьціцеля дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца, і людзі гвалтоўныя захопліваюць яго. Бо ўсе Прарокі і Закон прарочылі да Яна. І калі маеце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае”» (Мац 11:7-15).
У сьвеце існуе шмат крытэраў, па якіх вызначаецца веліч чалавека. Такія крытэры могуць паказваць дасягненьні розуму, палітычнае і вайсковае кіраўніцтва, адкрыцьцё навукі, посьпехі ў медыцыне, спартовае, акторскае, літаратурнае і музыкальнае майстэрства. Мацьвей жа паказвае нам, як Ісус усталёўвае Божы крытэр велічы ў чалавечым і гістарычным вымярэньні на прыкладзе жыцьця і служэньня Яна Хрысьціцеля. Чытаючы гэтыя радкі, мы можам выразна бачыць тры крытэры ці прыкметы велічы Яна: ягоны характар, ягоны прывілей пакліканьня і яскравая кульмінацыя ягонага служэньня.
«Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае? Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць мяккія шаты, знаходяцца ў дамах валадарскіх». Разважаючы пра характар Яна, трэба усьвядоміць тое, з чаго, увогуле, складаецца характар: пераадоленьне цяжкасьцяў, цьвёрдасьць перакананьняў і самаадрачэньне.
Многія людзі ня здольныя ўзьняцца над сваімі цяжкасьцямі і слабасьцямі. Усе маюць розныя і пэўныя праблемы, але вялікія людзі адрозьніваюцца ад гэтых многіх, адмаўляючыся саступаць невуцтву, ляноце, абыякавасьці і іншым цяжкасьцям, якія паўстаюць на іхнім жыцьцёвым шляху. Ян Хрысьціцель меў гэтую здольнасьць узьнімацца над цяжкасьцямі жыцьця ў поўнай меры. І для гэтага ёсьць свае прычыны. Ян быў напоўнены Сьвятым Духам яшчэ ў-ва ўлоньні сваёй маці і быў аддзелены Госпадам для таго, каб абвесьціць пра Мэсію і прыгатаваць да гэтага Ізраіля. Ян бачыў, Як Сьвяты Дух сыйшоў на Ісуса пад час хросту і чуў, як Бог Айцец абвясьціў Ісуса Сваім улюбёным Сынам. Будучы ў вязьніцы, ён чуў пра справы Ісуса. Але, з-за цяжкіх абставінаў, няпоўнага адкрыцьця, уплыву памылковых грамадзкіх уяўленьняў і чаканьняў, Ян адчуў сумнененьне адносна Ісуса, як Мэсіі. І гэта ёсьць слабасьцю Яна, які, каб пераадоліць гэта, і паслаў сваіх вучняў да Ісуса, каб Ён пацьвердзіў праўду пра Сябе асабіста.
Ян жадаў ведаць праўду пра Ісуса і не намагаўся схаваць сумненьні ад сваіх вучняў ці вучняў Ісуса, бо ён ня быў крывадушнікам і не займаўся самападманам. Яна не засмучала вядомасьць Ісуса, больш за ягоную вядомасьць, бо ён сам і казаў пра гэта: «Яму трэба расьці, а мне – малець» (Ян 3:30). Гордасьць разбурае сапраўдную веліч. Чалавек жа, які ня хоча вызнаваць свае слабасьці, каб пазбавіцца іх, асуджаны на крывадушнасьць і пасрэднасьць.
Цьвёрдасьць перакананьняў ёсьць другой складаючай характара чалавека. Чалавек, які слабы ў сваіх перакананьнях, схільны да сумненьня ці перамены сваіх поглядаў. Для такога чалавека зьменлівасьць не зьяўляецца повадам для зьбянтэжанасьці ці сораму. Але тое, што Ян, маючы цьвёрдыя перакананьні, вызнаў свае сумненьні, выклікае захапленьне.
Вучні Яна прынесьлі ад яго пытаньне Ісусу у прысутнасьці натоўпу, бо калі яны пайшлі, Ісус адразу пачаў казаць народу пра Яна. Безумоўна тое, што многія людзі, як, дарэчы, і вучні Ісуса былі разгубленымі, калі пачулі, што Ян – гэты сымбаль адвагі і ўпэўненасьці, выказаў свае сумненьні. Каб адказаць на гэтыя пытаньні, Ісус зьвярнуўся да людзей з пытаньнем: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае?» Людзі, ведалі, што Ян ніколі не хістаўся, як трысьціна на беразе Ярдана ад самага невялікага ветру. Ён процістаў кніжнікам, фарысэям, садукеям і нават самому Іраду, а зараз з-за гэтага знаходзіца ў вязьніцы. Ян сьвята верыў у тое, што праўда ёсьць праўда, нават калі ўсе супраць яе, а няпраўда ёсьць няпраўда, нават калі ўсе за яе. Але што з трэцяй складаючай характару чалавека?
Самаадрачэньне Яна выказана ў пытаньні Ісуса да натоўпу: « Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць мяккія шаты, знаходяцца ў дамах валадарскіх». Патураючы сваім жаданьням чалавек, які апрануты ў мяккія шаты, не жыве ў пустыне, як гэта рабіў Ян: «Сам жа Ян меў адзеньне з вярблюдавага воласу і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ежаю яго была саранча і дзікі мёд» (Мац 3:4). Гісторыкі сцьвярджаюць, што некаторыя кніжнікі ў часы Ісуса, каб даможыцца ўвагі валадара, зьмянілі сваё звычайнае адзеньне на багатае і раскошнае, што насілі пра двары валадара. Але Ян не клапаціўся пра свае асабістыя інтарэсы і быў настолькі заняты справаю ад Госпада, што сьвет яго ніяк не прывабліваў.
Ян не лічыў, што такое самаадрачэньне, само па сабе, добрая з’ява і ён ня быў падобны на будучых аскетаў, што ўзьнікалі ў будучых вяках, якія імкнуліся заваяваць увагу Госпада з дапамогаю такіх подзьвігаў як абяцаньне жабрацтва ды прычыненьне сабе болі і прыніжэньня. Ян нічога ня ведаў пра такую ілжывую дабрачыннасьць. Ягонае самаадрачэньне мела мэту; яно зьдзясьнялася дзеля ягонага служэньня, дапамагаючы Яну ў фізічнай і духоўнай дысцыпліне. Што ж тычыцца Ісуса, дык Ён, кажучы пра Яна, нейкім чынам кажа і пра Сябе. Ён ня хоча навязваць Сябе людзям. Яны самі павінны зразумець хто Ён і прыняць Яго. Гэта так і па-сёньня, бо, калі мы, хрысьціяне, будзем толькі называць сябе пасьлядоўнікамі Хрыста, дык гэта ня дасьць неабходнага ўражаньня. Лепшый жа спосаб даказаць гэта – пачаць вырашаць мноства цяжкіх праблемаў і тады людзі, падобна Яну ў турме, пачуюць пра вялікія дзеі Ісуса Хрыста.
Прывілей пакліканьня. Да таго часу, як пачалося служэньне Хрыста, ніводны чалавек ня быў пакліканы да такога сьвятога служэньня, як гэта было дадзена Яну Хрысьціцелю. Ісус задае народу трэцяе пытаньне: «Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока?» Безумоўна што так, бо так лічылі ўсе тыя хто прыходзіў слухаць яго. Вернемся ў Стары Запавет і ўбачым, што служэньне прарокаў пачалося ад Майсея і працягвалася аж да Бабілонскага палону, пасьля чаго, на працягу чатырох стагодзяў прарокаў не было, пакуль не прыйшоў Ян Хрысьціцель. Ён быў апошнім з прарокаў, які павінен быў ня толькі абвесьціць, што прыйдзе Мэсія, але і тое, што Ён ужо прыйшоў. Ян быў адначасова і прарокам і выкананьнем прароцтва. Ён быў тым, які павінен быў падгатаваць шлях да Мэсіі і нават хрысьціць Яго. Тысячагодзьдзямі Бог гатаваў Свой народ, прадказваючы пра Мэсію, паперш чым Яну быў дадзены прывілей быць Ягоным асабістым вястуном.
«Сапраўды кажу вам: “Сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля”». Ні сярод людзей, ні сярод прарокаў не узьнімаўся ніхто, роўны Яну, таму што Ян быў пасланы як прарок на пачатак Валадарства Госпада Ісуса. Але, каб людзі правільна зразумелі прыроду велічы Яна, Ісус дадаў наступнае: «Але найменшы ў Валадарстве Нябесным большы за яго». Хаця ён і быў духоўнай велічынёй сярод людзей, унікальная веліч Яна заключана ў той ролі, якую ён гуляў у гісторыі чалавецтва, але не ў ягонай духоўнай спадчыне, дзе ён будзе роўным любому веруючаму ў Ісуса Хрыста. А таму найменьшы ў Валадарстве Нябесным, у духоўным вымярэньні, вышэй за любога чалавека, у чалавечым вымярэньні, уключаючы Яна.
І вось кульмінацыя ягонага служэньня. Нават калі чалавек мае выдатныя асабістыя якасьці і выдатнае пакліканьне, ён павінен мець пэўныя магчымасьці для раскрыцьця патэнцыяла сваёй велічы. Згодна Божага плана, Ян Хрысьціцель атрымаў неабходны час у гісторыі. Да гэтага ж было чатыраста гадоў маўчаньня, калі Бог нічога не казаў Ізраілю і вось зараз Ян стаўся фіналам старазапаветнай гісторыі і прароцтва. Валадарства Нябеснае азначае агульнае Божае панаваньне, Ягоную волю і Ягоныя справы ў адносінах да чалавецтва і асабліва да выбранага Ізраіля. Гэта Божая мэта, Ягонае пасланьне, Ягоныя законы і дзеяньні адносна чалавецтва. І з таго часу, як пачаў прапаведаваць Ян, усё гэта было звязанае з пэўнымі высілкамі.
«Ад дзён Яна Хрысьціцеля дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца, і людзі гвалтоўныя захопліваюць яго». Ісус ужо вучыў, што тыя, хто ўваходзіць у Валадарства ідуць праз вузкі праход. Таксама казаў Ён, што Валадарства патрабуе самаадрачэньня і нясеньне свайго крыжа за Ім. Ісьці за Госпадам няпроста і патрабуе сур’ёзных высілкаў, энэргіі і напругі. Быць хрысьціянінам – азначае плыць супраць плыні сьвету, дзе ворагам ёсьць д’ябал. Тыя, хто ўваходзіць у Валадарства ласкі праз веру ў Хрыста, робяць гэта з сілаю, дзякуючы сіле і дзеяньню Сьвятога Духа.
«Бо ўсе Прарокі і Закон прарочылі да Яна. І калі маеце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае». Усе папярэднія прароцтвы дасягнулі сваёй кульмінацыі ў Яне Хрысьціцеле. Усё, пачынаючы ад Быцьця да Малахіі, а потым да Яна, указвала на Хрыста Мэсію. Апошнімі словамі апошняга старазапаветнага прарока Бог сказаў: «Вось, Я пашлю да вас Ільлю прарока прад наступленьнем дня Госпадавага, вялікага і страшнага. І ён паверне сэрцы бацькоў да дзяцей і сэрцы дзяцей да бацькоў іхніх, каб Я, прыйшоўшы, не пакараў зямлю праклёнам» (Мал 4:5-6). Тое, што прароцтва Малахіі адносіцца да Яна Хрысьціцеля, а не да літаральнага вяртаньня Ільлі, зразумела з таго, што казаў анёл Божы Захарыі пра Яна: «І будзе ісьці перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непаслухмяным — лад думак праведнікаў, каб падрыхтаваць Госпаду народ падрыхтаваны» (Лук 1:17). Большасьць Ізраіля не прымала вестку Яна і таму, для гэтй большасьці, ён ня стаўся Ільлёй, а Валадарства не было ўсталёвана паўсюдна. Ісус жа, з гэтага, папярэджвае Ізраіля: « Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».
Ян быў вялікім чалавекам, які нарадзіўся да Хрыста, але найвялікшая веліч, якую прапануе Бог, не падобнае на Янаваю, які быў унікальным чалавекам і якога бог скарыстаў яго магутна ў збаўляльным плане да Новага Запавету. Але Янава веліч блякне перад тымі, хто ўваходзіць у Ягонае духоўнае Валадарства праз веру ў Яго як Госпада і Збаўцу ў Новым Запавеце. Сапраўдная веліч заключана ня ў тым, каб быць як Ян, але ў тым, каб быць як Хрыстос. Менавіта гэта і ёсьць той найкаштоўнейшай пэрлінай, якая дастойная таго, каб дзеля яе ахвяраваць усім.
Мац 11:16-24
«Да каго прыраўняю пакаленьне гэтае? Яно падобнае да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы і клічуць да таварышаў сваіх, і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”. Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць: “Дэмана мае”. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажуць: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе”. Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш сталася цудаў Ягоных, за тое, што яны не навярнуліся: “Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, даўно б яны ў зрэбніцы і ў попеле навярнуліся. Аднак кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень суду, чым вам. І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш, бо калі б у Садоме сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў табе, ён застаўся б да гэтага дня. Аднак кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень суду, чым табе”» (Мац 11:16-24).
У-ва многіх грамадзтвах бацькі перасьцерагаюць сваіх дзяцей ад зносінаў з людзьмі пэўнага тыпу, так і юдэі не былі з гэтага выключэньнем. Другі Закон, як збор правілаў для жыцьця юдэяў на зямлі абяцанай, зьмястуе папярэджаньне пра такіх людзей і пра небясьпекі, якія зыходзяць ад іх. Другі Закон зьвяртае ўвагу на такіх людзей і папярэджвае пра небясьпеку ад іх: «Калі ў каго будзе сын упарты і непакорлівы, які ня слухаецца голасу бацькі свайго і голасу маці сваёй, і яны каралі яго, але ён ня слухаецца іх, - дык бацька ягоны і маці ягоная няхай возьмуць яго і прывядуць яго да старэйшынаў горада свайго і да варотаў свайго жытла і скажуць старэйшынам горада свайго: “гэты сын наш упарты і непакорлівы, ня слухаецца слоў нашых, ласун і пэяніца”. Тады ўсе жыхары горада ягонага няхай паб’юць яго камянямі да сьмерці; і так вынішчы зло спасярод сябе, і ўсе ізраільцяне пачуюць і збаяцца» (Др Зак 21:18-21). Але дзе ж яшчэ мы чулі нешта падобнае?
Ісус прыводзіць словы людзей пра Яго Самога: «Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе». Меркаваную выснову кніжнікаў і фарысэяў можна сфармуляваць прыкладна так: «Ён – непакорны сын, які ўводзіць Ізраіля з сапраўднага шляху». Сутыкнуўшыся з такімі абвінавачваньнямі, Ісус быў пэўным чынам разчараваным, бачачы, што людзі ня любяць цяжкіх задачаў, тым больш, што ім прапануюць кардынальна зьмяніць звыклае агульнае жыцьцё. Асабліва калі адзін чалавек паказвае, што Божая любоў па новаму ўрываецца ў сьвет – падобна моцнаму ветру, які зрывае жоўтае лісьце з дрэваў. Больш таго, каму падабаецца, што Ісус прымушае іх згарнуць з шляху, па якому яны так доўга ішлі. Мы бачым строгія папярэджаньні тым, хто адмовіцца ўсьвядоміць заклікі Хрыста. Няўжо Ісус так раззлаваўся, што наклікае праклён на галовы тых, хто не паслухае Яго? Ніяк. Ісус працяглы час жыў у Капернауме і ведаў большасьць жыхароў гэтага гораду, а Яго, хутчэй за ўсё, ведалі ўсе. Безумоўна і тое, што Ён ведаў Харазін і Бэтсаіду, якія знаходзіліся непадалёк ад Капернаума. І ўсе гэтыя людзі не паверылі пропаведзі Ісуса, хаця і бачылі ўсе тыя цуды, што ішлі ад Ісуса. Яны, па ранейшаму ўяўлялі сабе прышэсьце Божага Валадарства ў выглядзе рэвалюцыі, як перамогу гвалту над гвалтам. Гэтыя людзі гатаваліся да супрацьстаяньня з паганамі і не падтрымлівалі заклікі Ісуса любіць ворагаў ды не адказваць падшчэчынай на падшчэчыну. Ісус добра бачыў да чаго гэта прывядзе, а таму лепш было апынуцца ў Садоме і Гаморы, чым змагацца за Бога д’ябальскай зброяй.
Сваімі папярэджваньнямі Ісус дае людзям апошні шанец адумацца. Да гэтага, у Нагорнай пропаведзі, Ён дапамагаў ім зразумець, што ёсьць сапраўднае Божае Валадарства. Ён вучыў людзей у гарадах і вёсках па ўсёй Галілеі. Ісус, усім Сваім жыцьцём, наяўна паказваў, якім будзе жыцьцё ў Божым Валадарстве. Ягоныя аздараўленьні сьведчылі пра цуды будучага Валадарства. Але людзі, у сваёй большасьці, не хацелі прымаць Хрыста і былі гатовымі выкарыстоўваць, дзеля гэтага, любы паклёп: «Ён апанаваны дэманамі. Ён п’яніца і абжора. Ён менавіта той, каго мы павінны баяцца». Якія ж адгаворкі выкарыстоўваюць людзі сёньня? Што ў выніку можа здарыцца? Як нам працягваць жыць і вучыць Божаму Валадарству, калі ён, у асноўным, ня хоча ведаць гэтага вучэньня?
Мац 11:25-30
«У той час, адказваючы, Ісус сказаў: “Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе. Усё Мне аддадзена Айцом Маім, і ніхто не спазнаў Сына, акрамя Айца; і ніхто не спазнаў Айца, акрамя Сына і каму Сын пастанавіў адкрыць. Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супачынак. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я — ціхі і пакорнага сэрца, і знойдзеце супачынак душам вашым. Бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі» (Мац 11:25-30).
Пасьля таго як Ісус стварыў шмат цудаў для пацьверджаньня Свайго прызначэньня і пасьля таго як Ён падрабязна патлумачыў сутнасьць Эвангельля, жыхары Галілеі мелі цудоўнейшую магчымасьць даведацца пра Бога і шляху збаўленьня, нашмат большую магчымасьць, чым любы народ у гісторыі. Але, нягледзячы на гэта, большасьць людзей сьвядома адпрэчылі Хрыста і Ягоную вестку ці ад пачуцьця варожасьці, ці ад абыякавасьці. І хаця народ, у сваёй большасьці, адвярнуўся ад Мэсіі, Ісус працягваў заклікаць да Сябе тую меньшасьць, якая стамілася ад духоўнага цяжару і шукала супакою ў Божай ласцы. Вучэньне Ісуса станавілася ўсё больш накірованым ці на тых, хто прыняў Яго, ці на тых, хто Яго адпрэчыў. Ісус толькі што засьведчыў пра Бога пакараньня і гневу, а зараз Ён прадстаўляе Бога любові і ласкі.
Фраза «адказваючы, сказаў» - гэта гебрайская ідыёма, якая азначае «казаць громка і адкрыта». Заклік Ісуса крочыць за Ім быў усеагульным і адкрытым для тых, хто быў гатовым прысьці да Яго на Божых умовах. Ісус жадаў, каб Ягоная малітва да Айца была пачутая будуючымі веруючымі. Калі Ісус маліўся: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі», Ён зьвяртаў увагу як на Сваю унікальную сувязь з Айцом, так і на поўную ўладу Айца над збаўленьнем. Госпад неба і зямлі забясьпечвае збаўленьне, яно не зьяўляецца вынікам чалавечай мудрасьці, планаў ці нейкіх высілкаў. Вось за гэтую праўду і славіць Айца Ісус. Калі Ісусу абвяшчаў Божае Валадарства і заклікаў Божую любоў аздараўляць, прабачаць, даваць новае жыцьцё, Ён усьведамляў, што людзі, каля Яго, ня ведаюць Ягонага Айца. Гэтае разуменьне і ператварылася ў праслаўленьне Бога.
Стары Запавет вельмі добра кажа пра мудрасьць людзей. Госпад даваў яе тым, хто меў страх Божы. Лічылася, што чалавек, які цалкам прысьвяціў сваё жыцьцё вывучэньню Торы і малітвам, у рэшце рэшт, станецца мудрым. Ісус ня згодны з гэтым, калі кажа, што трэба быць падобным да дзіцяці. Ісус ведаў Свайго Айца, не вывучаючы кнігаў пра Яго, а проста жывучы з Ім і робячы так, як робіць Айцец. Ісус бачыў і тое, што ў адрозьненьні ад мудрых і вучоных, простыя людзі: бедныя, грэшнікі і мытнікі, адкрывалі для сябе Госпада, проста крочачы за Ім. Для такіх людзей Ісус стаўся «дзьвярмі» да жывога Бога, сапраўднага Айца. Прызначэньне ж Ісуса і было ў тым, каб адкрыць заслону тайны і распавесці праўду пра Айца. Можна толькі ўявіць зьдзіўленьне вучняў, ды і ня толькі, што сапраўднага Бога можна спазнаць толькі праз Ісуса Мэсію. Але менавіта гэта давала Яму падставу зрабіць адно з самых надхняльных прапановаў: «Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супачынак». Фарысэі казалі, што людзі павінны несьці цяжкае «ярмо Торы» - ношу прадпісаньняў гебрайскага Закону. Ісус жа прапануе іншую ношу – лёгкую, дзякуючы Ягонай любові і гатоўнасьці прабачаць. Ён быў гатовым прыняць любога чалавека, угнечанага фізічнай ці духоўнай нямоцай, адсутнасьцю грошай ці яшчэ чаго-небудзь. Ісус прапанаваў тое, што ёсьць у Ім Самім.
Ісус кажа пра Сябе, што Ён «ціхі і пакорны сэрцам» зусім не для таго, каб падкрэсьліць узровень Сваёй духоўнасьці. Ісус хоча, каб мы ня бачылі ў Ім нейкага строгага Настаўніка, з наглядальнымі функцыямі. Ён прапануе нам гасьціннасьць, калі прапануе запрашэньне Самога Бога. Прыняўшы гэтае запрашэньне мы зможам убачыць, хто ёсьць наш сапраўдны Айцец і з надхненьнем стаць пад пакрыву Ягонай міласьці і любові.
Свидетельство о публикации №226010100036