Мат 14 1-36

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 14:1-36

У гэтым трагічным аповядзе пра сьмерць Яна Хрысьціцеля ўсе дзеючыя асобы акрэсьлены проста і ясна. Гэта ёсьць сам Ян Хрысьціцель, Ірад Анцыпа, жонка Ірада Ірадыяда і яе дачка Саламея. Вось што кажа пра Яна тагачасны гебрайскі гісторык Язэп Флаві: «І вось, многія іншыя прыходзілі слухаць яго, таму што іх вельмі краналі ягоныя словы. Ірад, які баяўся, што Ян, узьдзейнічаючы на народ, можа скарыстацца гэтым і ўзьняць паўстаньне, а таму вырашыў забіць яго. І таму Ян быў пасланы вязьнем у крэпасьць Махерон, з-за падазронага характара Ірада, а потым забіты». Па Флавію менавіта падазронасьць і зайздрасьць абудзілі Ірада убіць Яна. Але аўтары Эвангельля глядзяць на гэта з іншай кропкі погляду. Ірад забіў Яна за тое, што той казаў праўду. Заўсёды небясьпечна дакараць тырана, а менавіта гэта Ян і рабіў.

Мац 14:1-12
«У той час пачуў Ірад тэтрарх чутку пра Ісуса і сказаў слугам сваім: “Гэта Ян Хрысьціцель; ён уваскрошаны з мёртвых, і дзеля гэтага цуды дзеюцца праз яго”. Бо Ірад, схапіўшы Яна, увязьніў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадыяду, жонку Філіпа, брата свайго, бо Ян казаў яму: “Не належыцца табе мець яе”. І, хочучы забіць яго, баяўся натоўпу, бо яго мелі за прарока. А калі Ірад спраўляў урадзіны, дачка Ірадыяды таньчыла пасярод іх і спадабалася Іраду. Таму ён з прысягаю паабяцаў ёй даць, чаго б ні папрасіла. Яна ж, падвучаная маці сваёй, сказала: “Дай мне тут на місе галаву Яна Хрысьціцеля”. І засумаваў валадар, але дзеля прысягі і тых, што ўзьлягалі з ім, загадаў даць. І паслаў адсячы галаву Яну ў вязьніцы. І прынесьлі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне, і яна занесла маці сваёй. І вучні ягоныя, прыйшоўшы, узялі цела і пахавалі яго; і, пайшоўшы, паведамілі Ісусу» (Мац 14:1-12).

Слова «час» азначае нейкую частку вечнасьці, але ў дадзеным кантэксьце маецца на ўвазе час, калі Ісус, у Сваім служэньні, сутыкаўся з нарастаючай варожасьцю юдэйскіх кіраўнікоў. Той жа час вызначаў год ці нязначна больш ад пачатку служэньня Ісуса Хрыста. У гэты час валадаром-чвэрцьуладнікам Галілеі і Пэрэі быў сын Ірада Вялікага Ірад Анцыпа, які знаходзіўся пры ўладзе ўжо трыццаць два гады. Большасьць свайго часу ён праводзіў у сваім палацы Тыберыяды, горадзе на паўднёва-заходнім узьберэжжы Галілейскага мора. Тут трэба заўважыць, што Ісус, у Сваім служэньні, ніколі ня быў у Тыберыядзе. Чаму? Можа таму, каб раней часу не прыцягваць увагі Ірада. Заўважым і тое, што паганскі валадар Ірад увогуле пагарджаў гебраямі ды быў напоўнены раскошаю жыцьця, каб цікавіцца жыцьцём падначаленага грамадзтва. Даведаўшыся ж пра Ісуса ён вельмі засмуціўся, думаючы пра тое, што гэты Ісус ёсьць уваскросшы Ян, што можа азначаць толькі помсту, а гэта параджала страх.

«Ірад, схапіўшы Яна, увязьніў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадыяду, жонку Філіпа, брата свайго, бо Ян казаў яму: “Не належыцца табе мець яе». Чверцьуласьнік узяў сабе за жонку Ірадыяду, адбіўшы яе ў брата Філіпа, пад час наведваньня Рыму. Для таго ж, каб ажаніцца з ёю, Ірад павінен быў разьвесьціся з папярэдняй жонкай, якая была дачкой Арэты, валадара Набатэі, валадарства якога суседнічала з землямі Анцыпы. Арэта вельмі разлаваўся за гэта, бо ягоная дачка ніякага поваду для разводу не давала. Вынікам жа гэтага стала вайна, дзе было, амаль што, зьнішчана войска Ірада і калі б не ўмяшальніцтва ў гэты канфлікт рымскага войску, быў бы забіты і сам Ірад. Сярод гебраяў гэты шлюб не лічыўся законным, бо мы бачым, што Мацьвей не называе Ірадыяду жонкай Ірада, але кажа, што гэта жонка Філіпа. Гэты шлюб быў ня толькі незаконным, але і кровазьмяшальным, бо Ірадыяда даводзілася Іраду роднай пляменьніцай.

І вось Ірадыяда. Мала хто мог параўнацца з ёй у амаральнасьці, падступстве і помсьлівасьці. З таго моманту, калі Ян упершыню выкрыў яе, яна вырашыла любым чынам пазбавіцца ад гэтага надакучлівага прарока, які вярэдзіў пачуцці і выклікаў нянавісць Ірадыяды. Яна і чакала свайго часу і той магчымасьці, якую яна і атрымала пад час сьвяткаваньня ўрадзінаў Ірада, калі яе дачка Саламія танчыла перад гасьцямі і спадабалася Іраду. Трэба адзначыць, што гебраі ўрадзіны не адзначалі, бо гэта лічылася паганскім мерапрыемствам, але ў-ва уладных колах гэта практыкавалася і практыкавалася даволі пышна. Ахмялелы валадар быў настолькі зачараваны Саламіяй, што паабяцаў ёй усё, чаго б яна не пажадала. Відавочна, што ўзбуждальны танец уваходзіў у падступны план Ірадыяды, якая і патрабавала ад дачкі патрабаваць ад Ірада прынесьці галаву Яна на місе.

Ян быў хутка абезгалоўлены ў вязьніцы і вось, Саламія нясе галаву Яна на місе сваёй маці Ірадыядзе. Што ж тычыцца Ірада, дык ён, больш за маральны закон, баяўся жаночага гневу і тым самым паказаў сваю слабасьць. Паводзіны Ірада, ў-ва ўсім гэтым, сталіся пачаткам ягонага канцу. Увогуле, процізаконны шлюб з Ірадыядай не прынёс Іраду нічога, акрамя непрыемнасьцяў. І вось чаму. Імператар Калігула, калі памёр чверцьуласьнік Траханіі і Ітурыі Філіп, перадаў гэтую тэрыторыю брату Ірадыяды Філіпу Агрыпе, даўшы яму тытул Валадара. Ірадыядай завалодала войстрае пачуцьце зайздрасьці і таму яна падбухторыла Анцыпу да таго, каб ехаць у Рым ды прасіць сабе тытул Валадара. Язэп Флаві перадае словы Ірадыяды да Ірада: «Паедзем у Рым і ня будем шкадавацьні высілкаў, ні грошай, няхай тое будзе срэбрам ці золатам, таму што лепшага ўжываньня для іх не знайсьці, як на атрыманьня валадарства». Ён і зьбіраўся гэта зрабіць, калі Агрыпа, данёс Калігуле пра тое, што, нібыта, Анцыпа гатуе паўстаньне супраць Рыму. Вынікам гэтага сталася тое, што Калігула адабраў у Анцыпы ягоную правінцыю і перадаў яе Агрыпе. Ірад Анцыпа ж быў сасланы ў далёкую Галію, дзе ён і памёр.

Калі ж патрэбны доказ на карысьць таго, што кожны грэх вядзе за сабой пакараньне, дык яго можна пабачыць на прыкладзе Ірада Анцыпы. То быў згубны дзень, калі Ірад упершыню спакусіў Ірадыяду. За гэтым актам нявернасьці рушыла ўсьлед забойства Яна і, у рэшце рэшт, было згублена ўсё: улада, багацьце, ды і самое жыцьцё.

Мац 14:13-22
«І, пачуўшы, Ісус адыйшоў адтуль на чаўне ў пустыннае месца адзін, і натоўп, пачуўшы тое, пайшоў за Ім з гарадоў пехатою. І, выйшаўшы, Ісус убачыў шматлікія натоўпы, і зьлітаваўся над імі, і аздаравіў нямоглых іхніх. А калі настаў вечар, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: “Тут месца пустыннае, і гадзіна ўжо позьняя; адпусьці натоўпы, каб, пайшоўшы ў мястэчкі, купілі сабе ежы”. А Ісус сказаў ім: “Ня трэба ім ісьці. Вы дайце ім есьці”. Яны ж кажуць Яму: “Нічога тут ня маем, толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы”. А Ён сказаў: “Прынясіце Мне іх сюды”. І, загадаўшы натоўпам узьлегчы на траве, узяў пяць хлябоў і дзьве рыбы, і, зірнуўшы ў неба, дабраславіў і, паламаўшы, даў вучням хлеб, а вучні — натоўпу. І елі ўсе, і насыціліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, дванаццаць поўных кашоў. А тых, што елі, было каля пяці тысячаў мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей. І адразу змусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць натоўпы» (Мац 14:13-22).

Вучні Яна, узяўшы цела, пахавалі свайго настаўніка. Цяжка ўявіць пачуцьці гэтых людзей, калі яны несьлі абезгалоўленае цела таго, каго пяшчотна любілі і за кім крочылі. Ян быў вялікім чалавекам, які быў ім сябрам і настаўнікам, чыя палымяная пропаведзь прымусіла іх пакаяцца і пакінуць свае грахі, хто надхняў і накіроўваў іх, каб і яны прыводзілі да пакаяньня іншых. І вось, магчыма па папярэдняму настаўленьню Яна, пайшлі да Ісуса, каб паведаміць Яму пра гэтую трагедыю. Ісус любіў Яна ад дзяцінства і менавіта гэтая сьмерць прымусіла Яго адыйсьці ад усіх, каб у адзіноцтве, яшчэ і яшчэ раз, прагартаць тыя сустрэчы са Сваім стрыечным братам, якія памяталіся ад дзяцінства і да нядаўняга хросту.

Галілея – невялікая краіна, дзе няпроста знайсьці месца для адзіноты, бо шчыльнасьць насельніцтва тут была найвышэйшай, у параўнаньні з астатнімі терыторыямі Палестыны. У такім густанаселеным месцы было нялёгка зыйсьці ад людзей надоўга, але на ўсходнім беразе Галілейскага мора было спакойна і адносна бязлюдна. Найбольшая шырыня мора складала 12 км., а таму Ісусу, як знаўцу чаўноў і ветразьнага рыштунку, не складала вялікай цяжкасьці пераадоліць хвалі мора і апынуцца на ўсходнім беразе. Але пабыць Яму адному не выпадала. З берагу, у Капернауме, было добра відаць, як Ісус уздымае ветразь чаўна і куды Ён накіроўваецца, каб абыйсьці паўночную частку мора і сустрэць Яго на ўсходнім беразе. Мы ня ведаем ветравых абставінаў на гэты час, але логіка падказвае, што вецер для Ісуса быў сустрэчным, а гэта азначае, што перасоўвацца трэба было пад вуглом да ветру, рознымі галсамі, што запавольвала шлях пераходу ў некалькі разоў, чым пры ветры папутным. Як жа тое і не было, але народ ужо чакаў Яго, калі Ён дасягнуў берагу.

Рэакцыя на гэтую сітуацыю з боку Ісуса даволі дзіўная. Ён толькі што згубіў блізкага чалавека і прыйшоў сюды, каб пабыць аднаму ў цішыні, але Ён бачыць тут натоўпы са сваімі клопатамі і праблемамі. І Ён пераўтварае Свой смутак за Яна ў спачуваньне гэтым людзям, якія маюць у Ім патрэбу. Няма сумненьня ў тым, што разам з натоўпамі прыйшлі сюды і апосталы, якія, як бачыцца, зьдзіўлены паводзінамі Ісуса, Які, жадаючы пабыць у адзіноцтве, так спачувальна клапоціцца пра прысутных. Жадаючы прыняць удзел у гэтым, яны падыходзяць да Ісуса і прапануюць: «Тут месца пустыннае, і гадзіна ўжо позьняя; адпусьці натоўпы, каб, пайшоўшы ў мястэчкі, купілі сабе ежы». Ісусу вельмі падабалася, калі вучні праяўлялі ініцыятыву да нейкай дапамозе іншым, маючым у гэтым патрэбу. Але Ён самым дэлікатным чынам удакладніў іх: «Ня трэба ім ісьці. Вы дайце ім есьці». Вучні зьбянтэжаныя. Ім зусім не шкада, але як гэта можна зрабіць, калі ў наяўнасьці маецца толькі пяць хлябоў і дзьве рыбіны?

Наступны крок Ісуса і ёсьць тое, што называецца цудам. У цэнтры Ягонай увагі – добры намер вучняў накарміць натоўпы. Нават, калі мы лічым гэта немагчымым, але гатовыя аддаць апошняе, каб, хоць як, дапамагчы сітуацыі. Цяжка апісаць уражаньне ад загадкавай дзейнасьці Ісуса з той, неверагодна малой колькасьцю ежы, якую прынесьлі Яму. Малітва да Айца і Ён ламае хлеб ды дае вучням, каб тыя разьнесьлі ўсім астатнім. Але ці зразумелі яны, што адбываецца і як такое магчыма?
Абдумаем гэтую гісторыю, бо яна вельмі павучальная для ўсіх нас. Знаходжаньне вучняў побач Ісуса абарочваецца для іх служэньнем. Так і з намі, калі знаходзімся з Хрыстом. Мы не разумеем, як мы можам Яму дапамагчы і прапануем Яму тое, што ў нас ёсьць. Нават і дробязі. Ісус прымае ад нас, як некалі хлеб і рыбу, нашыя ідэі, грошы, час, таленты, красамоўства, пачуцьцё гумару і яшчэ шмат чаго. Ісус паказвае ўсё гэта Айцу з малітвай і дабраславеньнем. Потым Ён падзяляе гэтыя дары такім чынам, каб мы, атрымаўшы іх назад, маглі падзяліцца з тымі, хто мае ў гэтым патрэбу. Пасьля ж гэтага нашыя дары – ужо ня толькі нашыя, а нешта іншае – вялікае, моцнае і загадкавае. Нашыя дары сталіся часткаю сапраўднага хрысьціянскага служэньня.

«І адразу змусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць натоўпы». Ісус зноў шукаў адзіноцтва, магчыма прадчуваючы будучае ўкрыжаваньне пасьля сьмерці Яна Хрысьціцеля. Што ж тычыцца ўсіх нас, дык калі мы жадаем крочыць за Хрыстом, мы павінны аддаць Яму сваё сэрца і свае дары, дзеля служэньня людзям, мы павінныя памятаць пра тое, што гэта каштавала Ісусу Хрысту.

Мац 14:23-36
«І, адпусьціўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару памаліцца насамоце; і, як надыйшоў вечар, быў там адзін. А човен ужо быў пасярод мора, кіданы хвалямі, бо вецер быў супраціўны. А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры. І вучні, убачыўшы Яго, як ішоў па моры, стрывожыліся, кажучы: “Гэта здань”, і ад страху закрычалі. Ісус жа адразу загаварыў з імі, кажучы: “Будзьце пэўныя, гэта Я; ня бойцеся”. Адказваючы ж Яму, Пётр сказаў: “Госпадзе! Калі гэта Ты, загадай мне ісьці да Цябе па вадзе”. Ён жа сказаў: “Ідзі”. І, выйшаўшы з чаўна, Пётр пайшоў па вадзе, ідучы да Ісуса. Але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў, кажучы: “Госпадзе, ратуй мяне!” А Ісус адразу, працягнуўшы руку, схапіў яго і кажа яму: “Малаверны! Чаму ты засумняваўся?” І калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сьціх. А тыя, што былі ў чаўне, падыйшоўшы, пакланіліся Яму, кажучы: “Сапраўды, Ты — Сын Божы!” І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генэсарэцкую. І людзі тамтэйшыя, пазнаўшы Яго, паслалі ва ўсю ваколіцу тую, і прынесьлі да Яго ўсіх хворых. І прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і ўсе, якія дакрануліся, былі аздароўленыя» (Мац 14:23-36).

Застаўшыся адзін, Ісус падняўся ў горы памаліцца, але, праз некаторы час, падыходзіла ноч. Вучні недзе ў моры і Ісус, ведаючы ўсё, зьвярнуў увагу на тое, што там адбываецца. А адбывалася ня вельмі прыемнае, бо шторм з сустрэчным ветрам – гэта не самы прыемны шлях да дасягненьня месца прызначэньня. І тое, што ўбачыў Ісус, зусім не зьдзівіла Яго, калі Ён убачыў іх на сярэдзіне Галілейскага мора.

У жыцьці вельмі часта дзьме сустрэчны вецер. Мы стаім перад цяжкасьцямі і жыцьцё становіцца стомнай барацьбой з самім сабою – з сваімі матэрыяльнымі праблемамі, спакушэньнямі і смуткам у сваіх рашэньнях. У такія хвіліны ніхто не павінен змагацца ў адзіноцтве, таму што Ісус абавязкова прыйдзе да яго скрозь буры жыцьця, з працягнутымі для збаўленьня рукамі і спакойным голасам заклікаючы нас быць мужнымі і не баяцца. Ня мае вялікага значэньня, як разумець гэта, бо тут закладзена больш таго, што зрабіў Ісус пад час шторму ў Галілейскім моры. Тое, што зрабіў Ісус для Сваіх вучняў – гэта сымбаль таго, што Ён зробіць для Сваіх людзей, калі дзьме сустрэчны вецер і ёсьць небясьпека быць перакуленым жыцьцёвай бурай.

У Новым Запавеце такога ўрыўка, дзе характар Пятра раскрываўся бы так поўна, як у гэтай сітуацыі, больш няма. Ісус ведаў усе недахопы Пятра. Якія? Петр быў схільны дзейнічаць імпульсіўна, не аддаючы сабе справаздачы ў тым, што ён робіць. Ягоная памылка заключалася ў тым, што ён, зноў і зноў, дзейнічаў, не паглядзеўшы на ўсе абставіны. Тое ж ён рабіў, калі абвяшчаў пра вернасьць да сьмерці Хрысту, а потым тройчы адрокся ад Яго. Усе праблемы Пятра зыходзілі з таго, што ён дзейнічаў па голасу свайго сэрца, але, як бы ён не памыляўся, ягонае сэрца заўсёды было напоўнена любоўю. Нягледзячы на свае паразы, Пётр моцна трымаўся за Ісуса і складаецца ўражаньне, што ягоныя падзеньні ўсё больш і больш прывязвалі яго да Хрыста. Нехта добра сказаў, што сьвяты – гэта ня той, хто ніколі не памыляецца, але той, хто пасьля кожнага падзеньня ўстае і ідзе далей. Так і з Пятром. Усе няўдачы і падзеньні вялі Пятра да таго, што ён яшчэ больш любіў Хрыста.

«І, выйшаўшы з чаўна, Пётр пайшоў па вадзе, ідучы да Ісуса. Але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў, кажучы: “Госпадзе, ратуй мяне”». Па закліку Ісуса Пётр пайшоў па вадзе Яму насустрач і пакуль ён ня зводзіў ад Яго вочы, дык рабіў немагчымае, бо ісьці па вадзе – гэта і ёсьць нешта немагчымае. Але, у той момант, калі ён зьвярнуў увагу на моцны вецер і вялікія хвалі, Пётр пачаў тануць. Госпад не дазволіў гэтага і, узяўшы за руку Пятра, вярнуў яго ў човен, мякка папракнуўшы таго за малую веру. Раптам зьнік і вецер, а ў чаўне адбылося вялікае служэньне пакланеньня, калі вучні сказалі: «Сапраўды, Ты — Сын Божы!»

Падобна хаджэньню па вадзе, хрысьціянскае жыцьцё, у чалавечым вымярэньні, немагчыма. Жыць хрысьціянскім жыцьцём магчыма толькі сілаю Сьвятога Духа. Пакуль мы глядзім толькі на Ісуса Хрыста, адводзячы наш погляд ад іншага ў гэтым сьвеце, мы можам жыць звышнатуральным жыцьцём. Але як толькі нашая ўвага пераключаецца на нас саміх ці нашыя жыцьцёвыя абставіны, мы пачынаем тануць. І ў гэтым выпадку мы павінны, як Пётр, заклікаць да Госпада за дапамогаю, бо толькі Ягоная сіла здольная згасіць тую жыцьцёвую буру, што ахінула нас.

Човен з Ісусам і вучнямі прыстаў да берагу Генісарэта, што на паўночна-заходняй частцы Галілейскага мора. Як толькі мясцовыя жыхары заўважылі Ісуса, яны сабралі ўсіх хворых да Ісуса, каб тыя мелі магчымасьць хоць дакрануцца краю Ягонага адзеньня, каб ад гэтага аздаравіцца. І яны аздаравіліся. Праз прышэсьце сюды Вялікага Доктара гэтая мясьціна адчула сваё аздараўленьне.


Рецензии