Мат 15 1-39

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 15:1-39

Гэтая частка аповяду Мацьвея не зьяўляецца лёгкай для разуменьня і вось чаму. Падаецца, што кніжнікі і фарысэі, якія прыйшлі з Ерусаліму ў Галілею, а гэта ня блізкі шлях, былі асобамі блізкімі да першасьвятара, каб задаць Ісусу не адно пытаньне, але пачалі яны з самага простага: «Чаму вучні Твае адступаюцца ад традыцыяў старэйшых? Бо ня мыюць рукі свае, калі ядуць хлеб». Ісус добра бачыў іхнія намеры, а таму перахапіў іх на словах «традыцыях старэйшых». Ісус перахапляе ініцыятыву і пускае гэта ў іншым рэчышчы. Далейшае сутыкненьне Ісуса з фарысэямі і кніжнікамі закончваецца сутыкненьнем дзьвух кропак позірку на юдэйскую рэлігію і на тое, што патрэбнае Богу.

Мац 15:1-9
«Тады прыходзяць да Ісуса з Ерусаліму кніжнікі і фарысэі, кажучы: “Чаму вучні Твае адступаюцца ад традыцыяў старэйшых? Бо ня мыюць рукі свае, калі ядуць хлеб”. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: “Чаму і вы адступаецеся ад прыказаньня Божага дзеля традыцыяў вашых? Бо Бог загадаў, кажучы: “Шануй бацьку твайго і маці”, і: “Хто праклінае бацьку ці маці, няхай сьмерцю памрэ”. А вы кажаце: “Калі хто скажа бацьку або маці: “Дар Богу тое, чым ты ад мяне карыстаўся”, той можа і не шанаваць бацьку свайго ці маці сваю”. І вы пазбавілі сілы прыказаньне Божае дзеля традыцыяў вашых. Крывадушнікі! Слушна прарочыў пра вас Ісая, кажучы: “Народ гэты набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і губамі шануе Мяне; а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых”» (Мац 15:1-9).

Кніжнікі і фарысэі абвінавачвалі вучняў Ісуса ў нечыстаце, што ёсьць парушэньнем традыцыяў старэйшых. Але, каб усьвядоміць гэтую спрэчку, мы павінны даведацца пра тое, што ёсьць напамінам пра чыстае і нячыстае. Канцэпцыя чыстага бярэ свой пачатак у Старым Запавеце, што кажа пра абрадавы парадак гэтага пытаньня.

Старэйшыны ж дадалі да гэтага яшчэ і традыцыі, калі настойвалі на тым, каб гебрай павінен быў мыць рукі па самы локаць. І ня толькі, бо гебрайская традыцыя патрабавала нашмат больш, чым гэта было ў Пісаньні. Зразумела, што Ісус ня толькі добра разумеў, але і бачыў тое, што гэтае пытаньне ёсьць толькі пачаткам падгатаваных абвінавачваньняў, а таму Ён адказаў пытаньнем на пытаньне.

Ісус не адказвае прама на абвінавачваньне фарысэяў і кніжнікаў, а пачынае контратаку, якая ня толькі падрывае іхні наступ, але і выбівае з іхніх рук іхнюю зброю – наступныя абвінавачваньні Ісуса і Ягоных вучняў. Ён кажа пра тое, што існуючыя традыцыі вельмі дрэнна ўзьдзейнічаюць на людзей і адмяняюць нешта больш важнае,- Сьвятое Пісаньне, прыводзячы канкрэтны прыклад, які даказвае гэта. У адной з Божых запаведзяў гаворыцца пра пра неабходнасьць шанаваньня сваіх бацькоў і клопат пра іх. Але, згодна традыцыі, калі чалавек прыносіў у Храм тую колькасьць грошай, якую ён мог бы выдаткаваць на бацькоў, дык ягоныя абавязкі, у адносінах да бацькоў, адмяняліся. Такія дары лічыліся праяваю вялікай набожнасьці, але відавочна тое, што яны проста прыносілі Храму неблагі прыбытак. І гэта падрывала сутнасьць Закону. Прытрымліваючыся такой хітрай традыцыі, яны, такім чынам, скасавалі Слова Божае, якое патрабавала ад іх клапаціцца пра сваіх бацькоў.

З гэтага прыклада і пачынаецца асноўная атака Ісуса на фарысэяў і кніжнікаў. Ён называе іх крывадушнікамі, што літаральна азначае чалавека, які апранае нейкую маску, каб згуляць нейкую ролю. Такой маскай і зьяўляецца пазіцыя фарысэяў пра набожнасьць, калі на самой справе ў іхніх сэрцах няма ніякага жаданьня выконваць Божую волю. Іншымі словамі, яны надалі простым чалавечым звычаям статус Божых запаведзяў. Штучна перакручваючы Пісаньне, яны пацьверджвалі прароцтва Ісаі: «І сказаў Госпад: “Як што людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі сваімі, і языком сваім шануюць Мяне, а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне, і багавейнасьць іх перад Мною ёсьць вывучэньне запаведзяў чалавечых”». Іхняе пакланеньне Богу выглядае штучным, бо яны аддавалі большую перавагу чалавечым традыцыям, чым Божаму Слову.

Словы Ісуса накірованыя і для ўсіх нас, а таму сучасным служыцелям хрысьціянскіх цэркваў трэба рэгулярна правяраць сябе на прадмет адыходжаньня ад Пісаньня на карысьць чалавечых традыцыяў. Справа ня ў тым, што ўсе традыцыі састарэлі і патрабуюць зьмены на сучасныя. Ісус нічога такога ня кажа. Наадварот, Ягоная крытыка ў тым, што ўстаноўленыя імі правілы, падрывалі асновы Божых запаведзяў. Таму сур’ёзнае вывучэньне Сьвятога Пісаньня застаецца важнейшай задачай хрысьціянскіх цэркваў і іхніх лідараў. Калі мы ня будзем пастаянна асьвяжаць свой розум чытаньнем і вывучэньнем Пісаньня, мы ня зможам адрозьніць добрую традыцыю ад нядобрых правілаў. І што вельмі важна, ня зможам адрозьніць сапраўднае жыцьцё, што пастаянна абнаўляецца, ад мёртвага існаваньня.

Мац 15:10-20
«І, паклікаўшы натоўп, сказаў ім: “Слухайце і разумейце: Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, апаганьвае чалавека”. Тады вучні Ягоныя, падыйшоўшы, казалі Яму: “Ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, згоршыліся?” Ён жа, адказваючы, сказаў: “Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе выкарчавана. Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ўваляцца ў яму”. Пётр жа, адказваючы, сказаў Яму: “Растлумач нам прыповесьць гэтую”. А Ісус сказаў: “Няўжо і вы такія няцямкія? Ці ж яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выкідаецца прэч? А тое, што выходзіць з вуснаў, — з сэрца выходзіць; гэта апаганьвае чалавека, бо з сэрца выходзяць злыя думкі, забойствы, распуснасьць, чужалоства, крадзяжы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы. Гэта апаганьвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека» (Мац 15:10-20).

Для гебрая самым дзіўным з таго, што казаў Ісус, было тое, што Ён ня толькі асуджае рытуальную рэлігію кніжнікаў і фарысэеў, але нават і адкідвае вялікія разьдзелы кнігі Лявіт. Гэта ня толькі разыходжаньне з традыцыямі продкаў, але і з Пісаньнем. Гэтае выказваньне абвяшчае нядзейснымі старазапаветныя пастановы пра чыстую і нячыстую ежу. Гэтыя законы, можа быць, могуць дзейнічаць у сферы здароўя і чысьціні, здаровага сэнсу і медычнай мудрасьці, але яны губляюць сваю сілу ў сферы рэлігійнай. Ісус канкрэтна абвяшчае, што важным ёсьць не выкананьне рэлігійных традыцыяў, але стан сэрца чалавека.

Кніжнікі і фарысэі былі наўпрост шакаванымі, бо з пад іхніх ног была выбітая глеба іхняй рэлігіі. Заява Ісуса была рэвалюцыйнай, бо калі Ісус правы, дык іхняя рэлігія ёсьць памылковаю. Яны атаясамлялі рэлігію і дагаджэньне Богу з выкананьнем нормаў і правілаў, якія тычыліся чыстаты і нечыстаты – з тым, что чалавек еў і як ён мыў рукі перад ежай. Ісус жа атаясамляў рэлігію са станам чалавечага сэрца. Ісус дадаў да гэтага, што фарысэі - гэта сьляпыя павадыры, якія ня маюць ніякага ўяўленьня пра шлях Божы і калі людзі, таксама сьляпыя, пойдуць за фарысэямі, дык іх чакае немінучае падзеньне ў яму.

«Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека». Ня від ежы, ні яе якасьць, ні стан нашых рук ня могуць аказаць на душу ніякага апаганьваньня ці заганы. Менавіта пра гэта і казаў апостал Павал: «Хто есьць, дзеля Госпада есьць, бо дзякуе Богу. І хто ня есьць, дзеля Госпада ня есьць, і дзякуе Богу» (Рым 14:6). Толькі тое апаганьвае чалавека, што робіць яго вінаватым перад Богам, агідным перад Ягонымі вачыма, а ежа, якую мы ядзім, калі толькі мы ядзім разумна і ўмерана, гэтага ня робіць – для чыстага, ўсё чыста: «Для чыстых усё чыста, а для апаганеных і бязьверных няма нічога чыстага, але апаганены і розум іхні, і сумленьне» (Ціт 1:15). Фарысэі ж ішлі далей патрабаваньняў закону, калі прыпісвалі апаганьваючае дзеяньне розным відам ежы і такім чынам абцяжарвалі закон сваімі асбістымі дадаткамі. Супраць гэтага і выступаў Ісус, падгатаўляючы тым самым шлях да скасаваньня абрадавага закону і вучачы Сваіх вучняў гэтаму.

«Але тое, што выходзіць з вуснаў, апаганьвае чалавека». Мы апаганьваемся ня ежаю, якую прымаем нямытымі рукамі, але словамі, якія выходзяць з нашага сэрца, так што вусны ўводзяць цела ў грэх. Ня вучні апаганілі сябе тым, што елі, але фарысэі апаганілі сябе словамі нянавісьці і асуджэньня ў іхні адрас, бо хто абвінавачвае іншых у парушэньні чалавечых запаведзяў, той бярэ на сябе віну парушэньня Божага закону, які забараняе асуджаць іншых. Той, хто любіць асуджаць іншых, сам нячысты больш за іншых.

«А тое, што выходзіць з вуснаў, — з сэрца выходзіць; гэта апаганьвае чалавека, бо з сэрца выходзяць злыя думкі, забойствы, распуснасьць, чужалоства, крадзяжы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы». Кожны, хто ня бачыць у гэтым праблемы ці лічыць, што адказ можна знайсьці ў правілах паводзінаў, яшчэ не ўсьвядоміў усёй глыбіні захаванай грахоўнасьці чалавека. Многія з нас, на самой справе, здольныя на гэтыя жахлівыя справы, хаця сам чалавек можа і не ўсьведамляць гэтага. Але калі грэх існуе ў нашых сэрцах, дык мы ёсьць нячыстымі ў вачах Бога. Ісус, па сутнасьці, кажа пра тое, што Бог прапануе кожнаму прайсьці шлях ачышчэньня ад гэтых нечыстотаў, якія глыбока заселі ў чалавеку.

Ісус сеяў семя Валадарства, якому трэба прарасьці і заквітнець, хаця многія Ягоныя ворагі зьберагалі пустазельле, каб перашкодзіць праполцы Божага поля. Зараз мы пачынаем разумець сэнс вучэньня Ісуса. Мы можам ня крочыць законам чысьціні Ізраіля, але абавязаныя зразумець тое, на колькі далёкія ад дасканаласьці нашае сэрца, думкі і намеры, пра якія сьведчаць нашыя словы. А калі гэта так, што нам трэба рабіць? Ісус зараз не прапануе лекаў ад таго становішча людзей, якое Ён вызначыў. Гэтыя лекі мы знойдзем у далейшым аповядзе Мацьвея, калі Ісус Сваёй сьмерцю перамагае сьмерць і грэх, якім заражаны ўвесь род чалавечы.

Мац 15:21-28.
«І, выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у межы Тыру і Сідону. І вось жанчына Хананейская, выйшаўшы з тых ваколіцаў, крычала Яму, кажучы: “Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачка мая цяжка апанаваная дэманам!” А Ён не адказаў ёй ані слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: “Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі”. Ён жа, адказваючы, сказаў: “Я пасланы толькі да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі”. А яна, прыйшоўшы, пакланілася Яму, кажучы: “Госпадзе! Дапамажы мне”. Ён жа, адказваючы, сказаў: “Ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам”. А яна сказала: “Так, Госпадзе! Але і сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала; гаспадароў іхніх”. Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: “О, жанчына! Вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш”. І была аздароўленая дачка ейная з тае гадзіны» (Мац 15:21-28).

Складаецца ўражаньне, што Ісус адмаўляўся ад дапамогі жанчыне толькі таму, што яна належыці іншай нацыянальнасьці. Ці можам мы паважаць доктара, які не жадае лячыць хворага іншай нацыянальнасьці? Тут мы зноў дасягнулі таго месца Эвангельля, якое дапамагае нам зразумець самую сутнасьць місіі Ісуса. Ісус ня быў проста доктарам, які гатовы лекаваць кожнага, бо Ён меў асаблівае пакліканьне.

Ісус павінен быў абвесьціць гебраям пра наступ Божага Валадарства, якога яны так чакалі і пра тое, што Бог зараз выконвае Свае абяцаньні, а сам Ісус ёсьць Хрыстом – сапраўдным Валадаром. Ізраіль павінен быў пачуць Эвангельле першым з усіх народаў. Ісус дае напамін Ізраілю пра ягонае пакліканьне, таму што настаў час выкананьня Божага абяцаньня. Калі б Ісус адразу пачаў пропаведзь прышэсьця Валадарства людзям усіх нацыянальнасьцяў, Ён парушыў бы вызначаны парадак Божага абяцаньня.

Але, як ужо ня раз было ў жыцьці Ісуса, будучыня зноў уварвалася ў Ягонае жыцьцё і планы. Мы памятаем пра сотніка ў Капернауме, які зьдзівіў Ісуса сваёй вераю, а зараз мы бачым нешта падобнае ў выпадку з хананеянкай. Хананеі жылі паўночней Ізраіля і гебраямі не былі, але так сталася, што Ісус і вучні прыйшлі сюды, каб, хутчэй за ўсё, пазьбегнуць далейшага абвайстрэньня з фарэсэямі на радзіме. І вось жанчына ня толькі верыць, што Ісус можа аздаравіць дачку, але і зьвяртаецца да Яго, як да Сына Давіда. Гэта мэсіянскі тытул, да якога толькі толькі прыходзілі вучні Ісуса, а гэтая хананеянка казала пра гэта вельмі ўпэўнена, чым дзівіла Ісуса. Яна разумее, што Ісус павен клапаціцца, у першую чаргу пра дзяцей-юдэяў, але спрытна пераварочвае словы Ісуса на сваю карысьць. Сапраўды тое, што сабакам нельга аддаваць дзіцячую ежу, але крошкі заўсёды падаюць са стала гаспадароў на карысьць сабакам. Заўважым і тое, што гэтая жанчына пакорна прымае ў свой адрас слова «сабака», якое вызначала адносіны гебраяў да паганаў. Яна ж настойвае на сваім, верачы ў тое, што гебрайскі Мэсія можа аздараўляць людзей усяго сьвету, так што паганам таксама нешта застанецца.

Трэба заўважыць, што першая хрысьціянская царква ў Ерусаліме не выканала даручэньне Ісуса несьці сьвятло Эвангельля ўсім народам, бо з самога пачатку прымала паганаў з умовай абразаньня і іншых гебрайскіх абрадаў. Трэба сказаць і тое, што менавіта на такой пазіцыі стаяў кіраўнік царквы і брат Ісуса Якуб. Але праўда Ісуса ў тым, што магчымасьць збаўленьня павінны атрымаць усе, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасьці. Таму Ён і выбраў апосталам паганаў Паўла, каб той, сваёй працаю, упэўніў таго ж Якуба, што пагане не павінны выконваць гебрайскія традыцыі, каб быць вернымі Хрысту. Тое, што зьдзіўляе нас у словах Ісуса зараз, зьдзіўляла ягоных вучняў і ў тыя часы. Вера жанчыны хананеянкі дапамагла ёй апярэдзіць час, зазірнуўшы ў будучыню, калі Ісус, пасьля ўваскрасеньня, пашле вучняў на пропаведзь да людзей усяго сьвету.

Быць хрысьціянінам сёньня азначае мець такую ж веру, з дапамогаю якой можна наблізіць будучыню, якую абяцаў Госпад. З якімі ж пытаньнямі мы сутыкаемся сёньня? Якія Божыя абяцаньні, якія адносяцца да будучыні, мы маглі б наблізіць, калі б нашая вера і малітвы былі такія, каб Бог зьвярнуў на іх увагу?

Мац 15:29-39
«І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сеў там. І падыйшлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і пакінулі іх ля ног Ісуса; і Ён аздаравіў іх, так што натоўп зьдзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць, і славіў Бога Ізраіля. А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў: “Шкада Мне гэтых людзей, што ўжо тры дні са Мною і ня маюць, што есьці; і не хачу адпусьціць іх галоднымі, каб не саслабелі ў дарозе”. І кажуць Яму вучні Ягоныя: “Адкуль у нас у пустыні гэтулькі хлеба, каб накарміць гэтакі натоўп?” І кажа ім Ісус: “Колькі маеце хлябоў?” Яны ж сказалі: “Сем, і некалькі рыбак”. І Ён загадаў натоўпам узьлегчы на зямлі. І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, падзякаваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — натоўпу. І елі ўсе, і наеліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў поўных. А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей. І, адпусьціўшы натоўп, Ён увайшоў у човен і прыйшоў у ваколіцы Магдалы» (Мац 15:29-39).

Ісус, пасьля спрэчкі і абвайстрэньня з кніжнікамі і фарысэямі, пайшоў у паганскую Фінікію, дзе, згодна Мацьвею, мы ўбачылі толькі адзін цуд аздараўленьня, калі былі дадзены «крошкі хлеба з гаспадарскага стала» жанчыне хананеянкі. І вось зараз Ён вяртаецца да Галілейскага мора, каб зноў, сабраўшы натоўпы, аздаравіць усіх нядужых і накарміць натоўпы сямю хлябамі. Згодна эвангелісту Марку, Ісус вяртаецца да мора Галілейскага даволі дзіўным шляхам: «І зноў, выйшаўшы з межаў Тыру і Сідону, пайшоў Ён да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкапаля» (Мар 7:31). Пасярод межаў Дэкапаля – даволі вялікай тэрыторыі аб’яднаньня дзесяці грэцкіх гарадоў, якая знаходзілася на паўднёва-ўсходняй частцы ад Галілейскага мора. Але чаму быў выбраны менавіта гэты маршрут і колькі працягвалася вандроўка Ісуса?
Аповяд Мацьвея не дае прамога адказу на гэтыя пытаньні, але ўважлівае чытаньне можа даць нам прыкладнае ўяўленьне працягласьці па часе вандроўцы Ісуса і, у залежнасьці ад гэтага, патлумачыць і першае пытаньне.

Насычэньне пяці тысячаў людзей пяцю хлябамі адбылося ўвёсну, таму што ў гэтай сьпякотнай краіне, ні ў які іншы час, ня можа быць зялёнай травы, на якую можна было б узьлегчы. Другую адпраўную кропку для вызначэньня часу вандроўцы мы бачым пасьля вяртаньня Ісуса праз Дэкапаль да Галілейскага мора, калі Ён накарміў сямю хлябамі чатыры тысяч чалавек. І вось тут Ён загадвае людзям узьлегчы на зямлю, бо, як бачыцца, трава ўжо цалкам высахла ад сонца, а гэта бывае ўжо ў другой палове лета. Іншымі словамі, гэтая вандроўка магла працягвацца каля пяці-шасьці месяцаў. Мы ня ведаем, што адбывалася за гэты час, акрамя аздараўленьня дачкі хананеянкі, але мы можам быць упэўненымі ў тым, што гэта быў вельмі важны час у жыцьці Ягоных вучняў, бо менавіта гэты час быў аддадзены вучням, каб мэтанакірована вучыць іх успрыманьню Божай праўды ўдалечыні ад фарысэйскай варожасьці.

Але вандроўка яшчэ не завершана, бо, пасьля гэтага служэньня на беразе мора ў Дэкапалі, Ён прыйдзе на чаўне ў ваколіцы Магдалы, а значыць у родную Галілею. Чаму ў Магдалу? Можа таму, што там жыў Ягоны малодшы брат Юда. Але вернемся да насычэньня чатырох тысячаў сямю хлябамі. Дэкапаль быў, у большасьці, паганскім, а таму, хутчэй за ўсё, каля Ісуса сабраліся ня меньш за палову паганаў. Менавіта гэтым можна патлумачыць некалькі дзіўныя словы: «Натоўп зьдзіўляўся і славіў Бога Ізраіля», бо ў вачах паганаў гэта было праяваю сілы Бога Ізраіля. Незвычайнасьць ды цуд гэтых аздараўленьняў і насычэньня ў тым, што міласэрнасьць і спагада Ісуса распаўсюдзілася на паганаў. Гэта ёсьць сымбалем і прадвесьцем таго, што хлеб жыцьця прызначаецца ня толькі для гебраяў, але і для паганаў, якія таксама павінныя мець частку з Тым, Хто ёсьць хлебам жыцьця.

Мы бачым, як выліваецца сіла і спагада Госпада на задавальненьне шматлікіх чалавечых патрэбаў. І, у сувязі з гэтым, існуе цудоўная думка пра тры стадыі служэньня Ісуса. Усе тры пасьлядоўныя стадыі Свайго служэньня Ісус завяршае насычэньнем Сваіх людзей. Спачатку гэта было насычэньне пяці тысячаў на прыканцы служэньня ў Галілеі, бо, пасьля гэтага, Ісус больш ніколі не вучыў, не прапаведаваў і не аздараўляў у Галілеі. Далей – насычэньне чатырох тысячаў на прыканцы Ягонага служэньня паганам за межамі Палестыны, спачатку ў межах Тыра і Сідону, а потым у Дэкапалі. І, нарэшце, апошняя стадыя – Тайная Вячэра ў Ерусаліме на прыканцы Свайго зямнога жыцьця.

І гэта сапраўды цудоўная думка. Ісус заўсёды пакідаў людзей, даючы ім, папярэдне, сілы на іхні далейшы шлях. Ён заўсёды цалкам аддаваў ім Сябе. І сёньня Ён прыходзіць да нас, прапануючы нам хлеб, які насычае нашыя душы і дае сілу на працягу ўсяго нашага жыцьця.


Рецензии