Мат 16 1-28

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 16:1-28

Варожасьць і патрэба дзіўным чынам, часам, здольныя для аб’яднаньня. Дзіўна было бачыць разам фарысэяў і садукеяў, бо яны стаялі па розных баках успрыманьня як веры, так і палітыцы. Фарысэі жылі драбнюткімі нормамі няпісанага і пісанага закону, а садукеі адмаўлялі няпісанаму кніжнаму закону і вызнавалі адзіна закон Бібліі. Фарысэі верылі ў анёлаў і ўваскрасеньне цела, а садукеі ў гэта ня верылі. Фарысэі не былі палітычнай партыяй і гатовыя былі жыць пры любым кіраўніцтве, якое дазваляла ім жыць па сваім рэлігійным прынцыпам. Садукеі ж былі партыяй багатых арыстакратаў, якая супрацоўнічала з рымскімі ўладамі, каб захаваць свае багацьці і свае прывілеі. Фарысэі чакалі прышэсьця Мэсіі, а садукеі – не. І вось, яны аб’ядналіся ў сваім злым жаданьні зьнішчыць Ісуса. У-ва ўсіх гэтых злачынствах і памылках ёсьць нешта агульнае – варожасьць да Ісуса Хрыста.

Мац 16:1-12
«І, падыйшоўшы, фарысэі і садукеі, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: “Увечары вы кажаце: “Будзе пагода, бо неба чырвонае”. І раніцаю: “Сёньня не;пагадзь, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Крывадушнікі! Аблічча неба адрозьніваеце, а знакаў часу ня можаце? Пакаленьне злое і чужаложнае знаку шукае, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока”. І, пакінуўшы іх, адыйшоў. І, перабраўшыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлеба. А Ісус сказаў ім: “Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і садукейскай”. Яны ж разважалі між сабою, кажучы: “Бо мы хлябоў ня ўзялі”. Зразумеўшы ж гэта, Ісус сказаў ім: “Чаму разважаеце між сабою, малаверы, што хлябоў ня ўзялі? Ці яшчэ не разумееце і ня памятаеце тыя пяць хлябоў на пяць тысячаў, і колькі кашоў назьбіралі? Ці тыя сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў назьбіралі? Як не разумееце, што не наконт хлеба сказаў Я вам сьцерагчыся кісьлі фарысэйскай і садукейскай?” Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім сьцерагчыся ня кісьлі хлебнае, але навукі фарысэйскае і садукейскае» (Мац 16:1-12).

Фарысэі і садукеі патрабавалі знакаў з неба. Гебраі заўсёды мелі звычку патрабаваць ад прарокаў ці правадыроў пацьвердзіць сапраўднасьць свайго пасланьня якім-небудзь незвычайным знакам. Ісус жа адказаў на гэта, што знакі ёсьць, але справа ў тым, што яны іх бачыць не жадаюць. Кніжнікі і фарысэі маглі прадказваць надвор’е, бо добра ведалі, што чырвонае неба ўвечары прадказвае добрае надвор’е, а чырвонае неба зранку папярэджвае пра хуткую буру. Але яны былі сьляпыя і ня бачылі знакаў часу. Ісус сказаў фарысэям і садукеям, што ім будзе дадзена толькі адзін знак – знак Ёны прарока, які навярнуў жыхароў Нінэвіі да Бога ад іхніх заганых шляхоў. А знак, які паўплываў на навяртаньне жыхароў Нінэвіі да Бога быў ня ў тым, што Ёну праглынуў кіт. Пра гэта жыхары Нінэвіі нічога ня ведалі і Ёна не выкарыстоўваў гэты факт дзеля таго, каб заклікаць людзей пакаяцца перад Богам. Знакам Ёны быў сам Ёна і ягоная вестка ад Бога, а жыцьцё жыхароў Нінэвіі змяніла зьяўленьне прарока і прынесеная ім вестка.

Такім чынам, Ісус кажа, што Ён Сам і Ягоная вестка і ёсьць знакам Божым. Ісус, як бы казаў: «У-ва Мне вы тварам да твару сустрэлі Божую праўду. Чаго ж вам яшчэ патрэбна? Вы настолькі сьляпыя, што ня можаце бачыць гэты знак». У гэтым праўда і гэтым жа перасьцярога пра тое, што далей Ісуса Хрыста адкрыцьцё Бога ісьці ўжо ня можа. Менавіта ў Ім усе могуць ясна чуць Божую вестку. Менавіта ў Ім дадзены знак Божы людзям. Калі мы стаім перад Ісусам Хрыстом, мы стаім перад апошнім заклікам Божым. А калі гэта так, што застаецца чалавеку, які адкідвае гэтую апошнюю магчымасьць слухаць гэтае апошняе слова і адварочваючыся ад апошняга закліку?

«І, перабраўшыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлеба. А Ісус сказаў ім: “Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і садукейскай”». Кісьля мае здольнасьць пранікаць у цеста, дзе яе замяшалі і таму яна здольная пранікаць у жыцьцё чалавека і псаваць яе. Вучні зразумелі, што Ісус кажа зусім не пра хлеб, але перасьцярагае іх ад шкоднага ўплыву вучэньня фарысэяў і садукеяў. Ісус хацеў даць напамін усім нам, што матэрыяльны росквіт – гэта далёка ня самае галоўнае, а палітычныя дзеяньні не прыносяць важнейшых вынікаў. Сапраўдная ж асалода – гэта асалода сэрца, а сапраўднае пераўтварэньне – гэта не зьмяненьне зьнешніх абставінаў, але зьмяненьне сэрцаў людзей.

Мац 16:13-20
«А прыйшоўшы ў межы Цэзарэі Філіпавай, Ісус спытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: “Кім людзі называюць Мяне, Сына Чалавечага?” А яны сказалі: “Адны — Янам Хрысьціцелем, другія — Ільлём, а іншыя — Ярэміем ці адным з прарокаў”. Ён кажа ім: “А вы кім Мяне называеце?” Сымон жа Пётр, адказваючы, сказаў: “Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога”. І, адказваючы, Ісус сказаў яму: “Шчасьлівы ты, Сымон, сын Ёны, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец Мой, Які ў небе. І Я кажу табе: Ты — скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не перамогуць яе. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў небе». Тады загадаў Ён вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос» (Мац 16:13-20).

Мы бачым аб’яву пра прыход Ісуса з вучнямі ў межы Цэзарэі Філіпавай. Заўважым, што шлях Ісуса з Тыру ў Дэкапаль, з вялікай верагоднасьць, пралягаў менавіта праз Цэзарэю Філіпаву, а вызнаўшы, што той шлях працягваўся ня меньш за тры-чатыры месяцы, можна выказаць здагадку, што Ісус ўжо заставаўся там і што гэтыя мясьціны былі Яму дастаткова знаёмыя. Цэзарыя Філіпава размяшчалася прыкладна ў сарака кіламетрах паўночней Галілейскага мора па-за межамі ўлады Ірада Анцыпы, валадара Галілеі. Насялялі гэтую краіну, у большасьці, пагане, што давала Ісусу добрую магчымасьць мець пэўны супакой і вучыць Сваіх апосталаў. Заўважым і тое, што гэтая вандроўка адбылася адразу пасьля абвастрэньня, у першую чаргу, з садукеямі, якія былі непасрэднімі прадстаўнікамі першасьвятароў, а гэта казала пра тое, што фінальная частка служэньня Ісуса дасягае сваёй кульмінацыі. Часу мала, бо Ягоныя дні гублялі свой адлік, а таму Ісус вырашыў запытацца ў вучняў пра тое, за каго Яго вызнаюць людзі.

Ян Хрысьціцель, Ільля, Ярэмія. Людзі аддавалі ім вялікі гонар, бо Ярэмія і Ільля вельмі высока ставіліся ў вачах Ізраіля. І калі яны прыйдуць, лічылі юдэі, тады і Божае Валадарства прыйдзе вельмі хутка. Але як быць з самымі вучнямі? Вучні выказвалі думкі народу, але зараз настаў іхні час і зусім верагодна, што пытаньне Ісуса пра тое, што думаюць пра гэта менавіта яны, паставіў іх у вельмі непрыемную паўзу. Але тут Пётр і зрабіў сваё вялікае адкрыцьцё, калі сказаў, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Бога Жывога. А гэта азначае, што Ісус Хрыстос ёсьць Мэсія, Якога векавечна чакаў народ Ізраіля. Пётр вызнаў той факт, што чалавечыя катэгорыі, нават і самыя высокія, непрымальныя для характарысьцікі Ісуса Хрыста. Так, яны ставілі Ісуса высока, але яны ставілі Яго недастаткова высока, таму што няма такіх чалавечых катэгорыяў, якія былі б прыдатнымі для характарыстыкі Ісуса Хрыста. Аднойчы імператар Напалеён сказаў пра Хрыста: «Я ведаю людзей, але Ісус Хрыстос – большы, чым чалавек». Пётр, безумоўна, ня мог так тонка выказацца, але ён быў упэўнены ў тым, што для Ягонай характарыстыкі не падыходзіць ні адзін чалавечы выраз.

Гэты дыялог з вучнямі вучыць нас таму, што мы павінныя адкрыць Ісуса Хрыста для сябе асабіста. Калі Понці Пілат запытаў Яго, ці Ён Валадар юдэйскі, Ісус адказаў яму пытаньнем на пытаньне: «Ці ты ад сябе гаворыш гэта, ці іншыя сказалі цябе пра Мяне?» (Ян 18:34). Ісус хоча, каб мы ведалі Яго не з другіх вуснаў. Чаму? Чалавек можа ведаць кожнае меркаваньне пра Ісуса і ведаць усе хрысталогіі вякоў. Ён можа быць здольным даваць агляд тлумачэньняў пра Ісуса ад выдатных багасловаў – і ўсёж ня быць хрысьціянінам. Хрысьціянства вызначаецца ня веданьнем пра Ісуса, але веданьнем Ісуса. Ісус Хрыстос патрабуе ад кожнага асабістае меркаваньне, бо Ён запытаў ня толькі Пятра, але і ўсіх нас: «А вы кім Мяне называеце?»

Пётр абвесьціў, што Ісус ёсьць Мэсія і ў Ісуса знайшліся добрыя ды важныя словы ў адносінах да Свайго вучня. Імя Пётр (па арамейскі Сымон) і азначае камень. Ісус абяцае, што, з-за сваёй адданасьці, Пётр станецца падмуркам новага будынку, якое засноўвае Ісус – Царквы Ісуса Хрыста. На самой справе, Хрыстос не зьбіраецца будаваць новы Храм, але хоча пабудаваць новае грамадзтва людзей, якія адданыя Богу і прымаючыя Ісуса Хрыста, як памазанага Богам Валадара. І гэтае грамадзтва пачынаецца тут і зараз – у Цэзарэі Філіпавай. Пётр жа становіцца кіраўніком гэтага грамадзтва Божых людзей. Яму яшчэ многаму прыйдзецца навучыцца, выправіць шмат якіх памылкаў, але так і павінна было стацца, бо новае грамадзтва Ісуса буде складацца з шмат якіх прабачаных людзей.

Мац 16:21-28
«Ад таго часу пачаў Ісус паказваць вучням Сваім, што Ён мусіць пайсьці ў Ерусалім і шмат перацярпець ад старшыняў, і першасьвятароў, і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. І, адклікаўшы Яго, Пётр пачаў забараняць Яму, кажучы: “Будзь міласьцівы да Сябе, Госпадзе! Няхай ня будзе гэтага з Табою!” Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: “Адыйдзі ад Мяне, шатан! Ты Мне згаршэньне, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае”. Тады Ісус сказаў вучням Сваім: “Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, і возьме крыж свой, і ідзе. Бо за Мною хто хоча душу; сваю выратаваць, той загубіць яе, а хто загубіць душу; сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе. Бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы; сваёй пашкодзіць? Або што дасьць чалавек у выкуп за душу; сваю? Бо мае прыйсьці Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных. Сапраўды кажу вам: ёсьць некаторыя, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, Які ідзе ў Валадарстве Сваім» (Мац 16:21-28).

Пётр толькі што сказаў ад імя астатніх вучняў тое, што Ісус ёсьць Мэсія, Якога так чакалі гебраі. А гэта ёсьць тая сіла, якая можа аднавіць валадарства Давіда. Дык што рабіць? Можа ісьці ў Ерусалім, каб захапіць уладу і пазбавіцца рэлігійнай улады першасьвятароў, якія, на самой справе, уводзяць Ізраіля з сапраўднага шляху? Хутчэй за ўсё, але план Ісуса быў зусім не такім, як гэта ўяўлялі сабе вучні Хрыста. Так, Божае Валадарства хутка набліжаецца, але яно прыйдзе іншым шляхам, які зусім не падобны на планы апосталаў. Ісус сапраўды сутыкнецца з першасьвятарамі Ерусаліму, але, на жаль, Ён ня будзе пераможцам. Хрыстос кажа, што Ён уваскрэсьне з мёртвых, але пакуль ні Пётр, ні іншыя апосталы ня могуць Яго зразумець. Яны разумеюць тое, што Ісус прадбачыць нешта неймавернае і страшнае, а таму Пётр і вырашаецца на сваю першую сур’ёзную памылку. Гэты «камень», на якім Хрыстос зьбіраецца пабудаваць Сваю Царкву, на некаторы час становіцца зыбучым пяском, так што Ягоны недабудаваны дом захістаўся. І тады Пётр пачуў ад Ісуса непрыемнае: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Ты Мне згаршэньне, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае». Мы бачым сур’ёзную перасьцярогу ўсім тым, хто пакліканы служыць Госпаду і Ягонай Царкве. Тыя ж, каму аказаны вялікі давер, могуць заслужыць і суровы папрок.

Ісус кажа, што Бог думае зусім ня так, як сьмяротныя і грэшныя людзі. Ён бачыць сапраўднае становішча справаў і сэрца чалавека, у той жа час як мы – толькі, як праз мутнае шкло: «Бо цяпер мы бачым праз мутнае шкло, невыразна; а тады — абліччам да аблічча; цяпер я разумею часткова, а тады пазнаю гэтаксама, як я сам пазнаны» (1 Кар 13-12). Апостал Павал кажа, што ў рэшце рэшт мы зможам убачыць сьвет такім, якім яго бачыць Бог.

Мы пакліканыя крочыць за Ісусам Хрыстом. Гэты заклік чуецца праз усе вякі, як гук магутнага звону, які аддаецца рэхам: «Вазьмі крыж свой і ідзі за Мною». Гэты шлях будзе каштаваць нам усяго, што раней было дорага, але і дасьць нам усё сапраўды неабходнае. На гэтым шляху няма месца кампрамісам. Неабходна адрачыся ад свайго папярэдняга жыцьця, каб знайсьці сваю сапраўдную душу. Нам трэба нырнуць у глыбіні Божай мудрасьці, праўды і любові, каб адчуць нашае сапраўднае жыцьцё.

«Сапраўды кажу вам: “Ёсьць некаторыя, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, Які ідзе ў Валадарстве Сваім”». Мы бачым заяву Ісуса пра тое, што павінна здарыцца яшчэ пры жыцьці Ягоных вучняў. Ня ўсе зразумелі гэтыя словы Ісуса, а Ён, між тым, ня меў на ўвазе велічныя падзеі на прыканцы гісторыі, калі адбудзецца другое прышэсьце Хрыста. Словы Хрыста азначаюць тое, што за пакутамі Ісуса будзе справядлівая адплата, калі Ён уваскрэсьне з мёртвых і атрымае ўсю ўладу на нябёсах і на зямлі.

Тым, хто крочыць за Хрыстом сёньня, Ён дае такія ж вялікія абяцаньні. Ісус – ужо ўваскрос і быў узьнесены ў Нябёсы. Нам ня трэба чакаць, як Ягоным сучасьнікам, апраўданьня пакутаў Ісуса. Усё гэта ўжо было. Крочыць за Хрыстом – гэта азначае вучыцца думаць наадварот: тое, што сьвет называе вялікім, лічыць глупствам, а тое, што сьвет называе глупствам,- цаніць, як сапраўдную мудрасьць. Калі будзеш чапляцца за сваё жыцьцё і сваю маёмасьць – згубіш усё гэта, а калі аддасі жыцьцё і ўсё, што маеш, - збавішся. Падаецца, што ў кожным пакаленьні ёсьць людзі, якія гатовыя ўспрымаць гэтыя словы Хрыста сур’ёзна. Ці зможам і мы з вамі прыяднацца да іх?


Рецензии