Мат 21 1-46

 ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 21:1-46

Быў час Пасхі. Ерусалім і ягоныя навакольлі былі запоўненыя паломнікамі. Адзін з рымскіх пракуратараў вырабіў падлік ягнятаў, забітых у Ерусаліме на Пасху і вызначыў, што іхні лік набліжаўся да чвэрці мільёну. Па традыцыі аднога ягняці забівалі прыкладна на дзесяць чалавек, а гэта азначае, што на пасху ў Ерусаліме зьбіралася ня менш за два з паловай мільёну чалавек. Сюды прыходзілі ня толькі з Палестыны, але і з усіх куткоў тагачаснага рымскага сьвету. Больш драматычнага моманту Ісус выбраць і ня мог. Ён прыйшоў у горад, які быў перапоўненым рэлігійнымі юдэямі. Пасха сьвяткавалася ў чатырнаццаты дзень месяца, а гэта быў дзевяты дзень, у які, згодна закону, належала выбіраць пасхальнага ягняці і захоўваць яго да сьвята. Таму Ісус і быў зьяўлены Ерусаліму менавіта ў гэты дзень, як прэлюдыя да Ягоных пакутаў.

Мац 21:1-11
«І калі наблізіліся да Ерусаліму і прыйшлі да Бэтфагі на гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў, кажучы ім: “Ідзіце ў мястэчка, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і асьляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне. І калі хто скажа вам нешта, адкажыце, што Госпад іх патрабуе, і адразу пашле іх”. А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа: “Скажыце дачцэ Сыёну: “Вось, Валадар твой ідзе да цябе ціхі, які сядзіць на асьліцы і асьляняці, сыне пад’ярэмнай”. Пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус. Прывялі асьліцу і асьляня і ўсклалі на іх адзеньне сваё, і Ён сеў на іх. А шматлікі натоўп пасьцілаў на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе. А натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, крычалі, кажучы: “Гасанна Сыну Давіда! Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада! Гасанна на вышынях!” І як увайшоў Ён у Ерусалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: “Хто гэта?” А натоўпы казалі: “Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага”» (Мац 21:1-11).

Пасьля аздараўленьня двух сьляпых у Ерыхоне Ісус уваходзіў у Ерусалім да той мэты, якую паставіў перад Ім Нябесны Айцец. І вось Бэтфага, дзе Яго ўжо чакала асьліца і асьляня, каб увайсьці ў Ерусалім. Гэта быў панядзелак, дзевяты дзень месяца Ніссана, калі Ісус уваходзіў праз усходнюю браму Ерусаліма. Ісус заўсёды быў уладным над падзеямі, якія тычыліся Ягонага жыцьця. Ён паклаў пачатак Сваёй асабістай каранацыі, калі паслаў двух вучняў знайсьці тых аслоў, на якіх Ён павінен быў увайсьці ў Ерусалім. Такім чынам, Ісус прывёў у рух цэлую серыю вырашальных падзеяў, якія дасягнулі сваёй кульмінацыі ў добраахвотным прынясеньні Сябе ў ахвяру на Крыжы, што ад вечнасьці было Божым планам.

У многіх людзей, якія сустракалі Ісуса, не было запасной адзёжы, але, тым ня меньш, яны кідалі яе Яму пад ногі. Хто ведаў Пісаньне памяталі, што перад адным з старажытных валадароў людзі кідалі сваю адзёжу на ягоным шляху. Сустрэць таксама і Ісуса – азначала абвесьціць пра Ягоную валадарскую годнасьць. Людзі махалі пальмавымі галінамі, каб надаць гэтаму шэсьцю сьвяточнасьць, як гэта было ў старажытныя часы. Так было, калі гебраі сустракалі Юду Макабэя, які аднавіў валадарскую дынастыю гебраяў, калі перамог захопнікаў з паганаў. Ісуса сустраклі валадарскімі сьпевамі: «Гасанна Сыну Давіда! Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада! Гасанна на вышынях». Ужо шмат гадоў гебраі маліліся на тое, каб зьявіўся новы валадар, падобны Давіду, які збавіць іх ад улады Рыма.

Гасанна. Гэтае слова, у тыя часы, азначала «выратуйце зараз» і менавіта з гэтым заклікам народ, у часы бяды ці гора, зьвяртаўся да валадара ці Бога. Гэта, па сутнасьці, тое ж самае, што сказана ў Пісаньні: «О, Госпадзе, выратуй! О, Госпадзе, пашчасьці» (Пс 117:25). Магчыма, што гэтае слова шмат згубіла ад сваго першапачатковага значэньня, пераўтварыўшыся ў нешта вітальнае, але, у мінулым, гэта было воклічам народа пра збаўленьне і дапамогу ў дзень бедства – закліку прыгнечанага народу да свайго Збаўцы і Валадара. Вокліч натоўпу цалкам адпавядала гэтай падзеі і, па сутнасьці, было выкананьнем прароцтва, але людзі ня мелі ўяўленьня таго, што яны рабілі, ня кажучы ўжо пра тое, што Ісус у хуткім часе зробіць дзеля іх на Крыжы. Большасьць з іх, нягледзячы на свае воклічы пра Ягоную веліч, вельмі хутка выступяць супраць Яго і ніхто з іх не падтрымае Яго. Яны не разумелі ні Госпада , ні сябе, як і тое, што Ісус прыйшоў ня дзеля таго, каб перамагчы Рым, але дзеля таго, каб перамагчы грэх і сьмерць. Ён прыйшоў ня дзеля таго, каб авесьціць вайну Рыму, але дзеля таго, кам замірыць людзей з Богам.

«Узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: “Хто гэта?” А натоўпы казалі: “Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага”». Відавочна, што большасьць людзей ня вельмі ўнікала ў тое, пра што яны так гучна казалі, калі абвяшчалі Ісуса Мэсіей, Сынам Давідавым, Які прыйшоў у імя Госпада. Але, калі масавае захапленьне прайшло, людзі апынуліся ў зьдзіўленьні: «Кім жа, на самой справе, быў Ісус?» Таму яны толькі і маглі сказаць пра тое, што Ён быў Прарокам, Які прыйшоў з Назарэту галілейскага. Людзі больш не называлі Яго Сынам Давіда і ня славілі Яго, бо зараз Ён быў для іх ня больш за Прарока. Людзі ведалі, але не паверылі ў тое, што ведалі, а калі яны не паверылі, дык яны перасталі ведаць. Таксама як і іхнія продкі, якім прапаведаваў Ісая: яны чулі, але не ўспрымалі;  бачылі, але не разумелі,- таму што мелі агрубелыя сэрцы. Яны чулі словы Ісуса, былі сьведкамі Ягоных цудаў і нават прызнавалі Ягоную боскасьць, але адпрэчылі тое, што Ён быў Госпадам і Збаўцам. Яны былі матэрыялістамі і гатовымі прыняць Ісуса зямным валадаром, але не гатовымі прыняць Яго Валадаром ад Бога.

Гэтая гісторыя пра велічны і дзіўны ўваход Ісуса ў Ерусалім зьяўляецца яркай ілюстрацыяй таго, што нашыя чаканьні могуць не супадаць з Божым адказам і тады можа настаць пэўнае расчараваньне. Але гэта павярхоўнае расчараваньне, бо, калі паглядзець глыбей, дык можна пабачыць, што уваход Ісуса ў наш асабісты Ерусалім сапраўды зьяўляецца тым момантам, з якога пачынаецца сьвітанак збаўленьня.

Воклічы «Гасанна» былі цалкам апраўданыя, хаця і не таму, пра што ўсе думалі. Засвоіць гэты ўрок – азначае зрабіць вельмі вялікі крок да мудрасьці, пакоры і сапраўднай хрысьціянскай веры.

Мац 21:12-22
«І ўвайшоў Ісус у сьвятыню Божую, і выгнаў усіх, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў. І кажа ім: “Напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы”. А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў”. І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх. А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія крычалі ў сьвятыні і казалі: “Гасанна Сыну Давіда!”, — абурыліся і сказалі Яму: “Ці чуеш, што яны кажуць?” А Ісус кажа ім: “Так! Ці вы ніколі не чыталі: “З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты ўчыніў хвалу?” І, пакінуўшы іх, выйшаў з гораду да Бэтаніі, і правёў там ноч. А раніцою, вяртаючыся ў горад, адчуў голад. І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падыйшоў да яго, і нічога не знайшоў на ім, акрамя адной лістоты, і кажа да яго: “Няхай больш ня будзе з цябе плоду да веку”. І адразу ж засохла дрэва фігавае. І, убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся, кажучы: “Як гэта адразу ж засохла дрэва фігавае?” А Ісус, адказваючы, сказаў ім: “Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і ня будзеце сумнявацца, ня толькі зробіце тое, што з дрэвам фігавым, але калі і гары гэтай скажаце: “Будзь узятая і кінутая ў мора”, — станецца. І ўсё, што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце”» (Мац 21:12-22).

Калі ўваход у Ерусалім быў выклікам да ўладаў, дык уваход у Храм быў яшчэ большым выклікам. Каб уявіць гэтую карціну, мы павінныя ўявіць сабе Храм. Ёсьць Храм увогуле, як вялікая тэрыторыя з рознымі функцыянальнымі зонамі і ёсьць Храм, як маленькая частка, своеасаблівы каўчэг, якая і вызначаецца, як Святая Сьвятых.

Слова Храм перакладаецца, як «наос», а мы, каб ня блытацца, будзем лічыць Храмам наос, які аточаны іншымі вялікімі функцыянальнымі зонамі. Дык вось, уявім сабе вялікую тэрыторыю, на якой разьмяшчаюцца пасьлядоўна шэраг двароў. Спачатку ішоў двор паганаў, у які мог увайсьці кожны чалавек, але далей якога паганам уваход быў забаронены, нават і пад страхам сьмяротнага пакараньня. Пасьля мы бачым двор жанчынаў, у які прыводзіла Чырвоная брама і куды маглі зайсьці толькі гебраі. Далей ішоў двор гебраяў, у які ўваходзілі параз Ніканоравую браму, вялікую браму, абітую бронзай з Карынту, якую адкрывалі і закрывалі ня меньш за дваццаць чалавек. Менавіта тут і збіраліся гебраі для храмавага служэньня. На двары сьвятароў, на які маглі ўвайсьці толькі сьвятары, стаяў вялікі ахвярнік для цэласпаленьня, ахвярнік для курэньня, сямісьвечны сьвяцільнік, стол для хлябоў і вялікая медная рукамыйніца. І з гэтага двара існаваў уваход у асаблівае памяшканьне – сам наос, якое таксама называецца Храмам. У гэтае памяшканьне маглі ўваходзіць толькі першасьвятары ў дзень Ачышчэньня.

Сцэнай для дзеяў Ісуса і быў двор паганаў, куды мог увайсьці кожны чалавек. Тут заўсёды было людна і заўсёды кіпела гандлёвая дзейнасьць. Мы ўжо казалі пра тое, што ўсе гебраі павінныя былі, адзін раз на год, плаціць храмавы падатак у апошні месяц перад Пасхай. Але вялікая колькасьць гебраяў, асабліва з дыяспары, плаціла гэты падатак непасрэдна ў Храме. Яны прыходзілі ў Ерусалім з рознымі відамі грошай, але заплаціць маглі толькі асобнай манетай у паў-сікля. Таму тут і сядзелі мяняльнікі, якія , безумоўна, не забывалі і пра свой заробак у выглядзе камісыйнай узнагароды. Таксама і з галубамі, якіх ахвяравалі, як знак ачышчэньня жанчыны пасьля нараджэньня дзіцяці ці аздароўленьня ад праказы людзей. Тут, на тэрыторыі гэтага двара існавала вялікая гандлёвая частка, дзе гандлявалі ахвярнымі жывёламі. Гэтая гандлёвая частка, дарэчы, называлася базарам Анны, таму што была уласнасьцю гэтай першасьвятарскай сям’і.

«Напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы”. А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў». Апошнія словы цытаваныя з прарока Ераміі, якія паказваюць тое, як было апаганена гэтае месца, якое было прызначана да набліжэньня да Бога многіх людзей з паганаў. Калі крывадушная набожнасьць робіцца для беззаконьня і зла, дык можна казаць пра тое, што дом малітвы становяцца пячорай разбойнікаў, у якой яны хаваюцца. Базары, на жаль, вельмі часта становяцца «пячорамі разбойнікаў», таму што там шмат падману і махлярства, якія зьвязаныя з купляй і продажу. Гэта ў сьвеце. Што ж тычыцца базару ў Храме, дык існуючае там махлярства і падман, ёсьць махлярствам ды падманам супраць Бога, як Ён і кажа праз прарока Малахію: «Ці можна чалавеку абкрадваць Бога? А вы абкрадваеце Мяне» (Мал 3:8). Сьвятары, спакон веку, жылі, харчуючыся ад ахвярніка, але гэтае ім падавалася недастатковым і таму яны шукалі іншыя шляхі для ўзбагачэньня. Таму Ісус і называе іх разбойнікамі, якія дамагаюцца таго, што ім не прыналежыць.

«І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх». Ісус аздараўляе гэтых няшчасных і хворых людзей у двары Храма. Ісус выгнаў людзей з нячыстым сумленьнем, але гэтыя людзі засталіся тут. Чаму? Таму што тыя, хто мае вялікую патрэбу ніколі не ўходзіць ад Хрыста без нічога. Разбуральную сілу Ягонага гневу, суправаджае аздараўляльная сіла любові Хрыста.

Сярод тых, хто быў у гэтым двары, былі першасьвятары і кніжнікі, якія добра ведалі, што тытул «Сын Давідаў» быў тытулам мэсіянскім і што Мэсія будзе рабіць такія ж цуды, як і Ісус. Але іхняя рэакцыя была процілеглай рэакцыі прысутных дзяцей і дарослых, якія славілі Ісуса. Яны абурыліся. Для гэтых людзей дзіўнае аздараўленьне сьляпых і кульгавых было агідным, як былі агіднымі гэтыя сляпыя ды кульгавыя, якія, на іх погляд, былі пакаранымі Богам. Першасьвятары і кніжнікі, як бы казалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць? Як Ты можаш стаяць прымаць вітаньні, якія належаць толькі Богу?» Ісус ведаў усё гэта і таму адказвае проста: «Так», задаючы ім сустрэчнае пытаньне, цытуючы адказ з Псальмоў: «З вуснаў дзяцей і немаўлятак Ты зладзіў хвалу, дзеля ворагаў Тваіх, каб зьнямовіць мсьціўцу і ворага» (Пс 8:3).

«І, пакінуўшы іх, выйшаў з гораду да Бэтаніі, і правёў там ноч». Ісус пакінуў іх, але добра ведаў, што заўтра іхняя размова працягнецца, але зараз Ён быў з Сваімі сябрамі – Марыяй, Мартай, Лазарам, а таксама з іншымі Сваімі вучнямі, якія верылі ў Яго і любілі Яго.

У панядзелак пасхальнага тыдня Ісус увайшоў у Ерусалім. Сустракаўшыя Яго людзі крычалі «Гасанна» і клалі перад Ім сваё адзеньне ды пальмавыя галіны. У аўторак Ісус увайшоў у Храм і ачысьціў яго ад мяняльнікаў і гандляроў ахвярнымі жывёламі. Зараз жа, у сераду, Ён зноў уваходзіць у Ерусалім, але ў дарозе да гораду мы бачым яшчэ адно вучэньне Хрыста.

«І адразу ж засохла дрэва фігавае» Глыбока сымбалічным было тое, што Ісус зрабіў з фігавым дрэвам. Ён падыйшоў да яго ў надзеі знайсьці плады і, не знайшоўшы, грозна абвесьціў, што гэтае дрэва застанецца бясплодным назаўсёды. Тое самае адносіцца і да Храму, які не прыносіў пладоў малітвы. Пра сілу і значэньне малітвы Ісус настойліва кажа Сваім вучням. І зусім невыпадкова словы Ісуса пра тое, што па мілітве і гара можа зрушыцца і кінуцца ў мора, былі сказаныя непадалёк ад Храмавай гары. Ці гэта не папярэджаньне таго, што здарыцца з Храмам, калі прыйдзе час Божага суду над «разбойнікамі» і іхняй пячорай?

Нечакана ўсё, што рабіў Ісус у Галілеі, выяўляецца з новай сілаю тут – у Ерусаліме. Ён дае людзям дабраславеньне і вучэньне, якія яны павінныя былі атрымліваць усё гэтае ў Храме. Ягоныя уладныя дзеяньні – гэта ўжо ёсьць пачаткам Божага суду над Храмам і ягонымі служыцелямі. Але галоўны канфлікт яшчэ наперадзе.

Мац 21: 23-32
«І калі прыйшоў Ён у сьвятыню, падыйшлі да Яго, калі Ён вучыў, першасьвятары і старшыні народу, кажучы: “Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу?” А Ісус, адказваючы, сказаў ім: “Спытаюся і Я ў вас адно слова; калі на гэта скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта. Хрышчэньне Яна адкуль было: з неба ці ад людзей?” Яны ж разважалі між сабою, кажучы: “Калі скажам: “З неба”, — Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?” А калі скажам: “Ад людзей”, — баімся натоўпу, бо ўсе маюць Яна за прарока”. І, адказваючы, сказалі Ісусу: “Ня ведаем”. І Ён сказаў ім: “І Я вам не скажу, якою ўладаю гэтае раблю. А як вы думаеце: чалавек меў двух дзяцей, і ён, падыйшоўшы да першага, сказаў: “Дзіцятка, ідзі сёньня працаваць у вінаграднік мой”. Той жа, адказваючы, сказаў: “Не хачу”, а пасьля, пакаяўшыся, пайшоў. І, падыйшоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Той, адказваючы, сказаў: “Іду, пане”, і не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі?” Кажуць Яму: “Першы”. Кажа ім Ісус: “Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ідуць наперадзе вас у Валадарства Божае. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніцы паверылі яму; вы ж, бачачы гэтае, не пакаяліся пасьля, каб паверыць яму”» (Мац 21:23-32).

Калі, азірнуўшыся на папярэднюю дзейнасьць Ісуса, ўявіць сябе ўсё тое незвычайнае, што рабіў Ісус, нельга зьдзіўляцца таму, што юдэйскія ўлады пачалі цакавіцца: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу?» Ісус жа ня мог парушыць Божы план і паскорыць канец, сказаўшы ім, што Ён ёсьць Сынам Божым, а таму адказвае першасьвятарам іншым пытаньнем: «Хрышчэньне Яна адкуль было: з неба ці ад людзей?» Некаторы час першасьвятары і старшыні маўчалі, а потым далі зусім незадавальняючы адказ: «Ня ведаем» і гэтым асудзілі сябе самі. Чаму? Таму што яны павінныя былі ведаць гэта, бо, будучы членамі сынедрыёну, абавязаны былі адрозьніваць сапраўдных ад ілжывых прарокаў. Тут жа яны казалі, што няздольныя на гэта. Дылема, якая паўстала перад імі, прывяла іх да ганебнага самапрыніжэньня.

Гэтая перасьцярога тычыцца і ўсіх нас. Ёсьць людзі, якія, з баязьлівасьці, аддаюць перавагу таму, каб нічога ня ведаць. Калі чалавек прымае на ўвагу, перш за ўсё, выгаду і мэтазгоднасьць, а ня прынцып, ён будзе разважаць прыкладна так: «Трэба сказаць тое, што бяспечней, а ня тое што правільнае». Гэтыя выгада ды мэтазгоднасьць прымусяць яго зноў і зноў маўчаць. Ён будзе адгаворвацца: «Я ня ведаю, што сказаць», хаця добра ведае, але баіцца гэтае сказаць. Лепш запытаць сябе: «Што ёсьць больш правільным, чым што больш бясьпечным». Знарочыстае няведаньне ад страху, баязьлівае маўчаньне ад выгады – гэта дрэнныя ўчынкі. Калі чалавек ведае праўду, ён абавязаны сказаць яе, нават калі ў дадзены момант і падасца яму нявыгадным.

Ісус яшчэ ня скончыў дыскусіі з першасьвятарамі і старшынямі, калі прапанаваў ім прыповесьці пра двух сыноў. Адзін з іх кажа свайму бацьку «не хачу», але потым ідзе і выконвае тое, што павінен. Іншы ж кажа «іду пане», але, тым ня меньш, нічога ня робіць. Ісус тлумачыць сэнс гэтай прыповесьці наступным чынам.

Паводзіны першага сына сымбалізуе мытнікаў і грэшнікаў, якія спачатку не падпарадкоўваліся Богу, але пачуўшы Яна, пакаяліся і кардынальна зьмянілі сваё жыцьцё. Другі ж сын – гэта першасьвятары і іншыя рэлігійныя служыцелі, якія быццам бы выконваюць волю Бога, выконваючы ўсе ўстаноўленыя правілы, але яны ня рушылі на заклік Яна да пакаяньня. І вось зараз Сам Мэсія прыйшоў, каб заклікаць іх да адказу. І зусім ня дзіўна тое, што ім гэта не спадабалася.

Зноў жа гэта да ўсіх нас. Мы павінны ўпэўніцца ў шчырасьці нашага адказу Хрысту. Ці не прыпадабняемся мы другому сыну, кажучы «так» Госпаду, рухаючыся ў адваротным накірунку? І яшчэ ня меньш важнае пытаньне: «Што павінныя зрабіць пасьлядоўнікі Хрыста сёньня, каб зьбянтэжыць нашых уладароў весткаю пра тое, што Ісус Хрыстос – сапраўдны Гаспадар сьвету?» І калі людзі запытаюць нас, якой уладаю мы гэта робім, ці зможам мы ў адказ не казаць загадкамі, але распавесьці пра Самога Ісуса?

Мац 21:33-46
«Паслухайце другую прыповесьць: быў нейкі чалавек, гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім тоўчню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў. Калі ж наблізіўся час пладоў, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў узяць плады свае. І схапілі вінаградары слугаў ягоных, аднаго зьбілі, другога забілі, а іншага ўкаменавалі. Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш, чым раней; і з імі зрабілі тое самае. Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”. А вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца! Хадзем, заб’ем яго і атрымаем спадчыну ягоную”. І, схапіўшы яго, выгналі вон з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі? Кажуць Яму: “Ліхадзеяў гэтых жорстка выгубіць, а вінаграднік здасьць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час”. Кажа ім Ісус: “Няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых. Дзеля гэтага кажу вам, што будзе забранае ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які ўчыняе плады ягоныя. І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць”. І, пачуўшы прыповесьці Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён гаворыць пра іх. І, шукаючы ўзяць Яго, збаяліся натоўпаў, таму што яны мелі Яго за прарока» (Мац 21:33-46).

Прыповесьці, як правіла, пры іх тлумачэньні, прапануюць адну ідэю з ігнараваньнем дэталяў гэтых аповядаў. Але ня так у дадзеным выпадку, бо тут дэталі маюць вельмі важнае значэньне. Кожная дэталь гэтай прыповесьці базуецца на агульнавядомым факце. Народ Ізраіля, як вінаграднік Госпада, як ідэя, была вельмі любімай сярод прарокаў і была вядомай усім: «Вінаграднік Госпада Саваофа ёсьць дом Ізраілеў, і мужчыны Юды – любыя саджанцы Яго. І чакаў Ён правасудзьдзя, але вось – праліцьцё крыві; чакаў праўды, і вось - лямант» (Іс 5:7). Вінаграднік меў сваю агарожу і ўсю неабходную тэхналогію: прэс, тоўчню і вежу, якая служыла жытлом для работнікаў і ў якасьці аховы ад злачынцаў. Гаспадар, зрабіўшы ўсё гэта, здаў яго арэндатарам, што было звычайным у Ізраілі. Арэндную плату збіралі па рознаму: рэнтай, нейкай колькасьцю вінаграду ці часткаю агульнага ўраджаю. Як ўжо мы пабачылі, слухачам гэтай прыповесьці было нескладана ўбачыць усіх і ўсё.

Вінаграднік – гэта народ Ізраіля; гаспадар – гэта Бог; вінаградары – гэта рэлігійныя кіраўнікі Ізраіля. Слугі, пасланыя гаспадаром – гэта прарокі, пасланыя Богам, якіх вельмі часта адпрэчвалі і забівалі. Сын жа, які прыйшоў апошнім – гэта Сам Ісус. Тут Ісус выклаў адразу і гісторыю пагібелі Ізраіля. Але якія асьпекты раскрывае нам гэтая прыповесьць?

Яна кажа нам пра Бога і Ягонага даверу людзям. Гаспадар вінаградніку даверыў яго вінаградарам, як і Бог давярае людзям Сваю працу. Усякая атрыманая намі задача ад Бога – гэта задача, якую трэба выконваць найлепшым чынам.

Яна кажа нам пра доўгацярпеньне ад Бога. Ён пасылаў аднога слугу за адным і не жадаў караць адразу, пасьля таго, як вінаградары пабілі і забілі іх. Бог зноў і зноў даваў людзям шанец адказаць на Ягоны заклік.

Яна кажа пра Божы суд, бо ў выніку гаспадар адабраў вінаграднік у гэтых вінаградараў і аддаў яго іншым людзям. Самае жорсткае пакараньне – гэта тое, калі Бог адбірае з нашых рук справу, якую Ён даручаў нам.

Яна кажа нам пра свабоду чалавека. Гаспадар пакінуў вінаградараў выконваць сваю працу так, як яны палічаць правільным. Бог, як мудры будаўнік, разьмяркоўвае працу і потым дае людзям самім выконваць гэтую працу.

Яна кажа пра адказнасьць людзей. Для кожнага чалавека аднойчы настане час справаздачы перад Богам.

Яна кажа пра сьвядомасьць зьдзейсьненых чалавечых грахоў. Вінаградары сьвядома праводзілі палітыку непадпарадкаваньня ў адносінах да гаспадара. Грэх – гэта сьвядомае непадпарадкаваньне Богу, бо грашыць азначае ісьці сваім шляхам, але ня шляхам Бога.

Яна кажа пра ахвяру Ісуса Хрыста, паказваючы, што Ісус добра ведаў, што Яго чакае наперадзе. Хрыстос памёр не таму, што быў вымушаны на гэта, але Ён пайшоў на сьмерць дабраахвотна і з адкрытымі вачамі.

«Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла». Ісус цытуе гэта з Псальмаў, як карціну Ізраіля, які прайшоўшы праз рабства і пагарду, быў выбраны народам Бога. Людзі могуць адпрэчваць Хрыста і адмаўляцца ад Яго, але яны ўбачаць, што Хрыстос, Якога яны адмаўлялі, зьяўляецца самай важнай Асобаю ў сьвеце. Пляменьнік Канстанціна Вялікага імператар Юліян, у сярэдзіне чацьвёртага стагодзьдзя па Р.Х. зрабіў намаганьне павярнуць назад час гісторыі, каб вярнуць паганскіх багоў і знішчыць хрысьцінства. Ён атрымаў поўную паразу і, у рэшце рэшт, быў вымушаны прызнаць наступнае: «Спіхнуць Хрыста аказалася мне не пад сілу». Так Чалавек на Крыжы стаўся Судзьдзей і Валадаром сьвету.

«І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць». Гэта другая карціна камяня, які стаўся галавою вугла і якая засноўваецца на словах прарока Ісаі: «Госпада Саваофа - Яго шануйце сьвята, і Ён - страх ваш, і Ён - дрыжаньне вашае! І будзе Ён сьвятыняю і каменем спатыканьня, і скалою спакусы абодвум дамам Ізраіля, пасткай і сеткай жыхарам Ерусаліма. І многія з іх спатыкнуцца і ўпадуць і разаб'юцца, і заблытаюцца ў сетцы і будуць злоўленыя» (Ісая 8:13-15).

За ўсім гэтым стаіць ідэя, што ўсе старазапаветныя карціны камяня зьведзеныя ў Хрысьце Ісусе. Ісус – гэта асноватворны камень, на Якім пабудаванае ўсё і краевугольны камень, Які зьвязвае ўсё разам. Адмовіцца ад Ягонага шляху- гэта азначае стукацца галавою аб мур Божага закону. Аказваць Яму адкрытае непадпарадкаваньне – азначае быць расьціснутым і выкінутым з жыцьця. Гэта гісторыя поўная глыбокага сэнсу, смутку і сілы. Яна распавядае пра тое, як Ісус прыйшоў у Ерусалім, каб заклікаць «вінаградараў» да пакаяньня перад Богам. Ізраіль павінен быў стацца сьвятлом Божага сьвету. Гэта гісторыя пра тое, як Ізраіль, праз сваіх першасьвятароў і старшыняў, адмовіцца прыняць Хрыста і заб’е Яго.


Рецензии