Мат 22 1-46

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 22:1-46

На працягу трох гадоў Ісус вучыў і прапаведаваў Эвангельле Валадарства. Але, напрыканцы гэтага служэньня, выявілася, што асноўная частка гебраяў адпрэчыла Яго і хаця Ён меў папулярнасьць сярод людзей, адносіны да Яго былі эгаістычнымі і несур’ёзнымі. Народ быў зьдзіўленым тым, як проста і ўладна вучыў Ісус, бо гэтае вучэньне вельмі адрозьнівалася ад складаных традыцыяў, якім вучылі кніжнікі і фарысэі. Людзі бачылі Ягоныя цуды аздараўленьня, як і тое, што Ён рабіў гэта бескарысьліва, але спачувальна і з любоўю. Як гэта добра, магчыма думалі яны, што Мэсія ня толькі магутны, але і вельмі спачувальны. Але, калі людзі нарэшце зразумелі, што Мэсія не зьбіраецца вызваляць іх з-пад гнёту рымлянаў, іхняе адабрэньне даволі хутка зьмянілася адпрэчаньнем на гэтым тыдні, апошнім тыдні зямнога служэньня Ісуса. Таму, працягваючы адказваць юдэйскім правадырам у Храме, дзе Ён вучыў у сераду зранку, Ісус распавёў трэцюю прыповесьць пра суд, якая тычылася і непасрэдна народу.

Мац 22:1-14
«І, адказваючы, Ісус зноў гаварыў з імі ў прыповесьцях, кажучы: “Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які справіў вясельле для сына свайго. І ён паслаў слугаў сваіх клікаць пакліканых на вясельле; і тыя не хацелі прыйсьці. Зноў паслаў ён іншых слугаў, кажучы: “Скажыце пакліканым: Вось, я падрыхтаваў бяседу маю, валы мае і, што ўкормлена, зарэзаны, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вясельле”. А яны, ня дбаючы на тое, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да свайго гандлю. А іншыя, узяўшы слугаў ягоных, зьняважылі іх і забілі. Пачуўшы пра гэтае, валадар загневаўся і, паслаўшы жаўнераў сваіх, выгубіў забойцаў тых, і горад іхні спаліў. Тады кажа ён слугам сваім: “Сапраўды, вясельле падрыхтаванае, але пакліканыя не былі вартыя. Дык пайдзіце на ростані дарог, і ўсіх, каго знойдзеце, клічце на вясельле”. І слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, злых і добрых; і на вясельлі было поўна гасьцей. Увайшоўшы ж пабачыць тых, што ўзьлягалі, валадар убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельнае адзеньне, і кажа яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, ня маючы вясельнага адзеньня?” Той жа маўчаў. Тады сказаў валадар слугам: “Зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьміце яго і ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных”» (Мац 22:1-14).

Гэтая прыповесьць набывае асобны сэнс таму, што яна расказаная Ісусам адразу пасьля ўражлівай гісторыі пра злых вінаградараў. Кожны, хто слухаў Ісуса, ведаў, што вясельле валадарскага сына – гэта сымбаль прышэсьця Валадарства Божага і Мэсіі. Пакліканыя на Божае вясельле для Сына – гэта тагачасныя рэлігійныя лідары Ізраіля і іхнія пасьлядоўнікі. Жыхары Галілеі, у сваёй большасьці, яшчэ раней адмовіліся прыйсьці на гэтае вясельле, а зараз таксама ўчыняюць і жыхары Юдэі. Бог вырашыў зладзіць вясельле ў гонар Мэсіі, якога яны так доўга чакалі, але яны, ня дбаўшы на гэта, пайшлі па сваіх справах, зьняважыўшы пры гэтым слугаў Валадара і за гэтае іхні горад будзе разбураны.

Калі Добрая вестка пра вясельле- Валадарстве Божым – не была ўспрынятаю лідарамі гебраяў, дык Бог пасылае слугаў у-ва ўсе куткі сьвету клікаць на вясельле ўсіх тых, хто сустрэнецца. Як мы ўжо ведаем, за Ісусам пайшлі натоўпы – мытнікі, блудніцы, сьляпыя і кульгавыя. Гэтым ізгоям грамадзтва, таксама прызначалася Божая Добрая вестка. Але ёсьць розьніца паміж гэтым Божым запрашэньнем і нашым жаданьнем пачуць, што Бог любіць усіх нас – незалежна ад нашых учынкаў. Калі кульгавыя і сьляпыя прыйшлі да Яго, Ісус не сказаў ім, што яны добрыя і так, але аздаравіў іх. Калі да Яго прыйшлі блудніцы і мытнікі, Ягоная любоў не дазволіла ім заставацца ў цемры, а самыя гэтыя людзі і ўсё іхняе жыцьцё кардынальна зьмянілася да лепшага. На самой справе ніхто з нас ня лічыць, што Бог хоча пакінуць нас такімі, як мы ёсьць. Бог любіць усіх, нават і самых дрэнных з нас, але сутнасьць Божай любові ў тым, што Ён патрабуе кардынальных зьменаў у сэрцы чалавека, ненавідзячы дрэнныя ўчынкі. У рэшце рэшт, любячы Бог ня можа дапусьціць такіх людзей на вясельле ў гонар Свайго Сына, калі яны не жадаюць зьмяняцца. 

Пра гэта і кажа фінал гэтай гісторыі, які інакш падаўся б дзіўным. Адкуль у пакліканых магло зьявіцца вясельнае адзеньне, калі слугі сабралі іх на вуліцы і прывялі на вясельле? І чаму патрэбна кагосьці выганяць з-за непадыходнага адзеньня? Ці самое Эвангельле не накірованае супраць такіх адносінаў да людзей? Так, але толькі пры літаральным разуменьні гэтага тэксту. На самой жа справе Ісус выкарыстоўвае тут пэўны сымбаль: вясельная адзёжа – гэта любоў, справядлівасьць, міласьць і сьвятасьць Божага Валадарства. Калі вы адмаўляецеся ад такога адзеньня, значыць вам на гэтым вясельлі месца няма. Гэта ёсьць праўда. Калі нам не хапае мужнасьці прызнаць гэта, дык мы падманваем саміх сябе і тых, хто нас чуе.

«Бо шмат пакліканых, але мала выбраных». Гэтымі словамі і завершваецца гэтая прыповесьць. І сапраўды, калі з мноства пакліканых на вясельле адкінуць усіх тых, хто лёгкадумна паставіўся да пакліканьня і аддаў перавагу чаму-небудзь іншаму, адкінуць тых, хто кажа пра веру, але паводзіць сябе не па веры, адкінуць усіх крывадушнікаў, дык выявіцца, што выбраных вельмі мала. Шмат пакліканых на вясельле, але мала выбраных для вясельнай адзёжы – гэта азначае збаўленьне выбраных праз асьвячэньне Сьвятым Духам. Гэта і ёсьць цесная брама ды вузкі шлях, якія ня шмат хто знаходзіць.

Мац 22:15-22
«Тады, пайшоўшы, фарысэі зрабілі нараду, як злавіць Яго ў словах. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: “Настаўнік! Мы ведаем, што Ты праўдзівы і пра шлях Божы паводле праўды навучаеш, і не дагаджаеш нікому, бо не глядзіш на аблічча людзей. Дык скажы нам, як Ты думаеш, ці належыцца даваць даніну цэзару, ці не?” А Ісус, разумеючы зласьлівасьць іхнюю, сказаў: “Чаму спакушаеце Мяне, крывадушнікі? Пакажыце Мне манету для даніны”. Яны ж прынесьлі Яму дынар. І кажа ім: “Чый гэта вобраз і надпіс?” Кажуць Яму: “Цэзара”. Тады кажа ім: “Дык аддавайце тое, што цэзара, цэзару, а што Божае, — Богу”. І, пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся, і, пакінуўшы Яго, адыйшлі» (Мац 22:15-22).

Да гэтага моманту мы бачылі Ісуса, Які ня толькі пасьпяхова адбіваў атакі першасьвятароў і старшыняў, але і вымушаў іх абараняцца. Ён рапавёў тры прыповесьці, у якіх вельмі ясна паказваў на артадаксальных юдэйскіх лідараў. У прыповесьці пра двух сыноў яны фігуруюць, як непаслухмяныя сыны, якія непадпарадкоўваюцца свайму айцу. У прыповесьці пра злых вінаградараў яна бачацца пад маскай злых вінаградараў, а ў прыповесьці пра валадарскае вясельле – пад маскай нягодных пакліканых.

А зараз мы бачым, што юдэйскія кіраўнікі пачынаюць контратаку, задаючы падгатаваныя і вельмі прадуманыя пытаньні. Яны, між тым, робяць гэта адкрыта, калі натоўпы назіраюць і слухаюць, каб прымусіць Ісуса дыскрэдытаваць Сябе ў прысутнасьці ўсяго народу. Да гэтага трэба дадаць, што тагачасная Палестына была акупаванаю краінай, а юдэі былі падданымі імперыі Рыму. І вось яно, гэтае хітра сфармуляванае пытаньне: «Ці належыцца даваць даніну цэзару, ці не?» Але, перш чым пачуць адказ Ісуса на гэтае пытаньне, уявім сабе, што ёсьць данінаю цэзару.
Рымскі ўрад зьбіраў тры вызначаных падатку. Першы з іх – зямельны падатак.
Чалавек быў павінны аддаць дзяржаве дзесяць адсоткаў выраблянага ім зерня і дваццаць адсоткаў вырабляных ім алея і віна. Гэта падатак выплачваўся як натурай, так і грашыма. Таксама быў і падаходны падатак, які складаў адзін адсотак ад даходу чалавека. І, урэшце, існаваў асабісты падатак, які плаціў кожны мужчына ад 14 да 65 гадоў і кожная жанчына ад 12 да 65 гадоў. Гэты падатак складаў адзін дынар, які быў роўным з дзённым заробкам падзённага работніка.

Пытаньне ад фарысэяў паставіла Ісуса перад дылемай. Калі Ён скажа, што па гебрайскаму закону нельга плаціць падатак цэзару, дык фарысэі вельмі хутка б давялі гэта да ведама рымлянаў, а за гэтым рушыў бы ўсьлед нямінучы арышт. Калі б Ён сказаў, што падатак плаціць цэзару неабходна, дык гэта дыскрэдытавала б Яго ў вачах народа. Юдэі супрацівіліся гэтаму падатку, бо адзіным іхнім валадаром быў Бог і плаціць падатак зямному валадару, азначала ганьбіць Бога. Менавіта таму фарысэі і меркавалі, што любы адказ Ісуса надасьць Яму вялікія непрыемнасьці.
Сур’ёзнасьць гэтага кроку яшчэ і ў тым, што супраць Ісуса аб’ядналіся фарысэі з ірадыянамі, а гэтыя партыі заўсёды процістаялі адзін адному. Фарысэі лічылі падатак цэзару замахам на нябесныя права Бога, а ірадыяне, як прадстаўнікі сьвецкай улады, падтрымлівалі пастановы цэзара. І вось зараз, гэтая дзіўная кампанія, аб’яднаўшыся, выступіла разам супраць Ісуса. Пытаньне падатку ўяўляў сабою цяжкі асьпект вучэньня Ісуса, але паглядзем на далейшае разьвіцьцё гэтага дыялогу.

Ісус папрасіў прынесьці Яму дынар, як манету для платы падатку, на якім быў адлюстраваны вобраз цэзара. Каб гэтае падкрэсьліць, Ісус запытаў фарысэяў і ірадыянаў: «Чый гэта вобраз і надпіс?» Пачуўшы адказ, што тут выява цэзара, Ён сказаў ім: «Дык аддавайце тое, што цэзара, цэзару, а што Божае, — Богу”» Тут трэба ўдакладніць, што такія манеты былі сымбалем улады валадара і лічыліся ягонай уласнасьцю, а юдэйскі Талмуд кажа: «Валадаром краіны зьяўляецца той, чыі грошы знаходзяцца ў абароте гэтай краіны». Таму Ісус і кажа, што ўласьніку трэба «аддаваць» даніну, у выглядзе ягоных уласных грошай, але не «даваць», як гэта казалі фарысэі і ірадыяне. Ісус, як бы, кажа ім: «Аддайце іх назад, калі цэзар выпусьціў гэтыя манеты, дык няхай ён і распараджаецца імі. Зараз позна абмяркоўваць гэтае пытаньне, бо вашая краіна стала правінцыяй Рымскай імперыі і вы, карыстаючыся гэтымі грашыма, пацьверджваеце гэта. Таму аддавайце тое, што павінны аддаць».

Але, кажа Ісус, больш важна тое, каб людзі аддавалі Божае Богу. Ён не аддзяляе сьвецкае чалавечае грамадзтва ад рэлігіі, як бы кажучы, што чалавек абавязаны быць верным чалавечаму ўраду ў матэр’яльнай сфэры, а Богу – у духоўнай. Пісаньне ня робіць такога падзелу, таму што ўсё ў гэтым сьвеце, у любым выпадку, прыналежыць Госпаду, а значыць Божае цэзару не прыналежыць і ня сьлед прапанаваць яму тое, што прыналежыць толькі Богу. Дарэчы, ахвяруючы Госпаду, чалавек таксама «аддае», а не «дае», бо ўсё, што ён мае, зноў жа ёсьць уласнасьцю Бога.

«І, пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся, і, пакінуўшы Яго, адыйшлі». Фарысэі і ірадыяне вельмі зьдзівіліся Ягонай мудрасьці. Ім не было чаго сказаць, але ў іх хапіла здаровага сэнсу адыйсьці да таго, каб іхняе невуцтва і заганасьць не раскрыліся ў яшчэ большай меры. Заўважым і тое, што яны, захапляючыся Ягонай мудрасьцю, не ідуць за Ім, захапляючыся Ягонай сілай, не скараюцца ёй. Пасаромленыя, яны пайшлі сваім шляхам так і не зразумеўшы, што ў барацьбе з Хрыстом, чалавек нічога не дасягае.

Мац 22:23-33
«У той дзень падыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго: “Настаўнік, Майсей сказаў: “Калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, брат ягоны няхай возьме жонку ягоную і адновіць насеньне брату свайму”. Было ж у нас сем братоў, і першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы насеньня, пакінуў жонку сваю брату свайму. Таксама і другі, і трэці, аж да сёмага. Пасьля ўсіх памерла і жонка. Дык пры ўваскрасеньні якога з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе мелі яе”. Адказваючы, Ісус сказаў ім: “Вы памыляецеся, ня ведаючы ані Пісаньня, ані моцы Божае. Бо пры ўваскрасеньні ані жэняцца, ані замуж выходзяць, але будуць як анёлы Божыя ў небе. А наконт уваскрасеньня мёртвых, ці не чыталі вы сказанага вам Богам, Які кажа: “Я — Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба!” Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых”. І, пачуўшы, натоўпы дзівіліся з навукі Ягонай» (Мац 22:23-33).

Калі фарысэі і ірадыяне скончылі свой напад і пасаромлена адыйшлі, на барацьбу супраць Ісуса выйшлі садукеі. Адносна фарысэяў, садукеяў было няшмат, але гэта быў багаты кіруючы клас – арыстакраты. У палітыцы яны былі гатовымі супрацоўнічаць з рымскім урадам, каб захаваць свае прывілеі. У сваёй юдэйскай веры яны былі традыцыяналістамі і не прымалі няпісаныя законы кніжнікаў, якія мелі вялікае значэньне для фарысэяў. Больш таго, яны лічылі абавязковай толькі адну частку Пісаньня – Пяцікніжжа Майсея, - першыя пяць кніг Старога Запавету і не прызнавалі прарокаў ды паэтычных кнігаў Пісаньня. Асабліва яны разыходзіліся з фарысэямі ў тым, што адмаўлялі жыцьцё пасьля сьмерці. Фарысэі ж заяўлялі, што ўсякі, хто адмаўляе ўваскрасеньне, адлучаны ад Бога.

Садукеі задалі пытаньне, якое, па іхняй думцы, даводзіць да абсурда вучэньне пра уваскрасеньня цела. У юдэяў існаваў звычай левірата, які вызначаўся ў Другім Законе 25:5-10. Калі мужчына паміраў, не нарадзіўшы сына, дык брат памерлага быў абавязаны ўзяць удаву сабе за жонку, і зачаць з ёй дзяцей за сваго брата. Па закону такія дзеці лічыліся дзецьмі памерлага брата. Калі ж брат адмаўляўся ўзяць удаву за жонку, яны павінны былі пайсьці да старшыняў. Жанчына павінна была зьняць з ягонай нагі бот, плюнуць яму у твар і праклясьці яго. Пасьля гэтага ягоны дом называлі домам разутага, што было вялікаю ганьбай. Абапіраючыся на гэты звычай, садукеі прывялі прыклад левірата, калі памерлі, не пакінуўшы пасьля сябе сыноў, адзін за адным, сем братоў, якія бралі за жонку адну і тую ж жачыну, а потым садукеі запыталі: «Дык пры ўваскрасеньні якога з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе мелі яе». Гэта было пытаньне-пастка.

Ісус пачаў з таго, што выказаў адзін прынцып. Усё гэтае пытаньне заснаванае на важнай памылцы – думаць пра нябёсы у зямных уяўленьнях ды тэрмінах, думаць пра вечнасьць у тэрмінах часу. Ісус адказаў, што ўсякі, хто чытае Пісаньне, павінен разумець, што гэтае пытаньне недарэчнае, таму што нябёсы не зьяўляюцца простым працягам гэтага сьвету. Там будуць новыя і цудоўныя адносіны, якія нашмат перавышаюць фізічныя адносіны па часе. А потым Ісус перайшоў да поўнага руйнаваньня пазіцыі садукеяў. Яны заўсёды казалі пра тое, што ў Пяцікніжжы Майсея няма такога месца, якое б можна было прывесьці ў якасьці доказу таго, што існуе уваскрасеньне цела Але які самы распаўсюджаны тытул Бога ў Пяцікніжжы? Так: «Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба». Бог ня можа быць Богам мёртвых, раскладзеных целаў. Жывы Бог павінен быць Богам жывых людзей. Пазіцыя садукеяў была разбурана. Ісус зрабіў тое, што не маглі зрабіць мудрэйшыя рабіны з фарысэяў. Ён абверг садукеяў тэкстам з самога Пісаньня і паказаў ім, што існуе жыцьцё пасьля сьмерці, пра якую нельга думаць зямнымі ўяўленьнямі. Натоўпы дзівіліся такому майстэрству прыводзіць довады і ўяўляецца тое, што нават і фарысэі не маглі ўтрымацца ад пахвальных воклічаў.

Мац 22:34-46
«А фарысэі, пачуўшы, што Ён прымусіў змоўкнуць садукеяў, сабраліся супраць Яго. І спытаўся адзін з іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы: “Настаўнік, якое найбольшае прыказаньне ў Законе?” А Ісус сказаў яму: “Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім”. Гэта ёсьць першае і найбольшае прыказаньне. Другое ж падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”. На гэтых двух прыказаньнях трымаецца ўвесь Закон і Прарокі”. А ў фарысэяў, якія сабраліся, Ісус спытаўся, кажучы: “Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын?” Кажуць Яму: “Давіда”. Кажа ім: “Як жа Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы: “Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”. Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён — сын ягоны?” І ніхто ня змог адказаць Яму ані слова; і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго»(Мац 22:34-46).

Мацьвей, у сваім аповядзе, кажа, што, пасьля паразы садукеяў, у барацьбу з Ісусам кінуліся фарысэі. Некалькі спрэчнае пытаньне, бо ў Эвангельлі паводле Марка зусім іншае становішча. У Марка законьнік задае Ісусу гэтае пытаньне ня дзеля таго, каб спакусіць Яго, але ад пачуцьця удзячнасьці за тое, што Ён абверг кропку погляду садукееў і дзеля таго, каб даць Ісусу магчымасьці прадэманстраваць тое, як мудра Ён можа адказваць на пытаньні. Але і ў Мацьвея, нягледзячы на тое, што фарысэі намагаліся спакусіць гэтым пытаньнем Ісуса, тым ня меньш яны пагадзіліся з адказам Ісуса. А сутнасьць адказу Ісуса ў тым, што Ён дае поўнае вызначэньне рэлігіі.

«Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім». Ісус цытуе гэта з Другазаконьня (6:5). Гэтымі словамі, і па сёньня, адкрываецца кожнае юдэйскае богаслужэньне. Гэта той першы тэкст, які запамінае кожнае юдэйскае дзіця. Гэта азначае, што мы павінны аддаць Богу ўсю нашую любоў, якая валодае ўсімі нашымі пачуцьцямі і накіроўвае нашыя думкі і ўчынкі. Рэлігія пачынаецца з любові, якая ўяўляе сябе, як пасьвячэньне жыцьця Госпаду.

«Любі бліжняга свайго, як самога сябе. На гэтых двух прыказаньнях трымаецца ўвесь Закон і Прарокі». Другая, працытаваная Ісусам, запаведзь узятая Ім з Лявіта (19:18). Нашая любоў да Бога павінна праяўляцца ў любові да людзей. Трэба ж адзначыць і тое, у якім парадку выказаныя гэтыя запаведзі: спачатку любоў да Бога, а потым любоў да чалавека. Мы можам палюбіць чалавека толькі тады, калі мы палюбім Бога. Пісаньне кажа, што чалавек створаны на вобраз Божы і менавіта таму чалавека можна любіць. Любоў да чалавека трывала заснаваная на любові да Бога.
Раней мы неаднаразова бачылі, як Ісус забараняў вучням абвяшчаць Яго Мэсіей да таго часу, пакуль Ён не навучыць іх сапраўднаму уяўленьню пра Мэсію. Самы распаўсюджаным тытулам Мэсіі быў тытул Сына Давідавага. За гэтым хавалася чаканьне таго, што аднойчы зьявіцца нашчадак Давіда, які зьнішчыць ворагаў Ізраіля і павядзе народ да заваёвы ўсіх народаў. Пра Мэсію звычайна думалі ў нацыяналістычным, палітычным і ваенным плане, у сьвятле сілы і славы. Але тут мы бачым спробу Ісуса зьмяніць агульнае ўяўленьне пра Мэсію.

Ісус запытаў фарысэяў: «Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын?» Адказ быў чаканым для Ісуса : «Давідаў». І вось, зусім нечакана Ён цытуе з Псальмаў (109:1): «Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”». Першы Госпад – гэта Бог, другі ж Госпад – гэта Мэсія. Іншымі словамі, Давід называе Мэсію Госпадам, але, калі Мэсія - Сын Давідаў, дык як мог Давід называць свайго сына сваім Госпадам. З гэтага ясна вызначаецца тое, што Мэсію нельга называць проста Сынам Давідавым. Гэта ня сын Давіда – гэта Госпад Давіда.

Ужо на пачатку свайго Эвангельля Мацьвей, у радаводзе Ісуса, паказвае, што Ісус ёсьць нашчадкам Давіда. Далей, на працягу аповяда Мацьвея, мы бачылі, як людзі віталі Ісуса. Двое сьляпых у Галілеі, яўна прызнаючы ў Ім абяцанага Мэсію Хрыста крычалі Яму: «Зьлітуйся над намі, Сыне Давідаў!» Двое сьляпых у Ерыхоне зьвярнуліся да Яго гэтак жа. Калі Ісус аздаравіў апантанага чалавека, які быў сьляпым і нямым, народ, зьдзіўляючыся, казаў: «Ці ня гэта Сын Давідаў?» Безумоўна тое, што народ абвесьціў Ісуса Сынам Давіда, абурыла рэлігійных кіраўнікоў, бо Яго віталі, як Мэсію і Ён не адмаўляў гэтага. Але гэта, па факту, было так, бо радавод Ісуса ад Давіда быў бяспрэчным. У Храме захоўваліся радаводы ўсіх гебраяў і ніхто ў Ізраілі ня мог займаць адказную пасаду, калі ня быў пацьверджаны ягоны радавод. Безумоўна таму, што першасьвятары і старшыні старанна праверылі радавод Ісуса і выявілі, што Ён сапраўды зьяўляецца законным нашчадкам Давіда. Інакш яны б проста паказалі Яму, што Ён ня можа прэтэндаваць на спадчыну Давіда і на гэтым усе спрэчкі пра Ягонае магчымае мэсіянства хутка б і скончыліся. Хаця першасьвятары і кніжнікі лічылі тытул Ісуса занадта высокім для Яго, наспраўдзе ж, ён быў занадта абмежаваным. Як ужо паказаў Ісус, Мэсія прэтэндаваў на такую веліч, якая нашмат пераўзыходзіла Ягонае паходжаньне ад Давіда.

«І ніхто ня змог адказаць Яму ані слова; і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго». Сказанае ад Ісуса ашаламіла фарэсэяў і іншых рэлігійных кіраўнікоў, але ня ўпэўніла іх; прымусіла іх змоўкнуць, але ня выкрыла; прынізіла, але не скарыла; мімаволі ўразіла, але не прывяла да веры. Хутчэй за ўсё яны думалі, што гэта быў апошні раз, калі гэты нефармальны рабін з Назарэту здолеў напужаць і зьбянтэжыць іх. Хрыстос прымусіў змоўкнуць ня толькі фарысэяў, а таксама і ўсіх астатніх, хто шукаў повадаў і спосабаў улавіць Яго. І з гэтага дня ніхто ўжо не адважваўся задаваць Яму падступных і спакусьлівых пытаньняў.

Бог праславіцца ў маўчаньні людзей, калі не праславіцца ў іхнім збаўленьні. Шмат каго слова ўпэўнівае, але не навяртае да Бога. Калі б гэтыя людзі навярнуліся, дык яны задалі б Яму яшчэ больш пытаньняў, у прыватнасці наступнае: «Што нам рабіць, каб збавіцца?» Але яны, не дамогшыся нічога, не схацелі мець з Ім ніякіх зносінаў. Такім чынам, кожны, хто змагаецца з Госпадам, упэўніцца, як упэўніліся гэтыя фарысэі, што Бога перамагчы немагчыма. У гэты дзень, безумоўна, нямногія зразумелі Ісуса, але калі Ён абвесьціў пра тое, што Ён – Мэсія, Божы Сын, нават самыя чэрствыя адчулі дрыжыкі ў прысутнасьці вечнай таямніцы. Яны адчулі пачуцьце, поўнае глыбокай пашаны, што яны пачулі голас Божы і на імгненьне ўбачылі аблічча Самога Бога ў Ісусе Хрысьце.


Рецензии