Мат 23 1-39

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 23:1-39

У гэтым разьдзеле Эвангельля Мацьвей зьвяртае нашую ўвагу на апошнюю публічную пропаведзь Ісуса. Гэтая пропаведзь не пра збаўленьне, уваскрасеньне і прынцыпах Божага Валадарства, але, хутчэй, зьяўляецца пропаведзьдзю асуды ілжэнастаўнікаў. Ісус папярэджвае пра ілжывых рэлігійных кіраўнікоў Ізраіля і заклікае людзей не пераймаць іх. Ён зьвяртае ўвагу непасрэдна на кніжнікаў ды фарысэяў і ў апошні раз рэзка і адкрыта выкрывае іх. У заключных словах Ісус выказвае глыбокае спачуваньне да няверуючага Ізраіля і ўпэўнівае, што аднойчы, па Божаму абяцаньню, Ягоны выбраны народ з вераю навярнецца да Яго.

Мац 23:1-12
«Тады Ісус прамовіў да натоўпаў і вучняў Сваіх, кажучы: “На Майсеевай лаве паселі кніжнікі і фарысэі. Дык усё, што скажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх, бо яны кажуць і ня робяць. Бо яны вяжуць цяжары цяжкія і невыносныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі пальцам сваім ня хочуць зрушыць іх. Усе ж учынкі свае яны робяць, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філяктэрыі свае і павялічваюць крысо шатаў сваіх, і любяць першыя месцы на вячэрах і першыя месцы ў сынагогах, і вітаньні на рынку, і каб людзі называлі іх: “Раббі, раббі!” А вы не называйцеся “раббі”, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос, а ўсе вы — браты. І айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які ў небе. І не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос. А большы з вас няхай будзе вам за слугу. Усякі ж, хто ўзвысіць сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, будзе ўзвышаны”» (Мац 23:1-12).

Калі гебраі вярнуліся ў Палестыну пасьля сямілзесяці гадоў палону ў Бабілоне, Пісаньне, на пэўны час, зноў стала займаць галоўнае месца ў жыцьці і пакланеньні Ізраіля. Безумоўна, што гэтаму, у значнай ступені, паспрыялі Нэемія і Эздра, які лічыцца першым гебрайскім кніжнікам. Гебраі казалі, што Бог даў закон анёлам, анёлы далі яго Майсею, Майсей пердаў яго Ісусу Наву, Ісус Нава перадаў яго старшыням, старшыні перадалі яго прарокам, а прарокі - людзям у сынагозе, якіх пазьней назвалі кніжнікамі. З цягам часу гэтыя кніжнікі сталі адказваць за ня толькі перапісваньне і захаваньне Божага закону, але і за вывучэньне яго і ягонае тлумачэньне. Пасьля палону ў народзе больш не было прарокаў і таму гэтую ролю ў духоўным кіраўніцтве Ізраіля ўспадкавалі кніжнікі. У часы Ісуса кніжнікі былі і сярод фарысэяў, і сярод садукеяў, але, часьцей за ўсё, яны існавалі ў фарысэйскім асяродзьдзі.

Фарысэі зьявіліся ў гебрайскім грамадзтве дзесьці ў першай палове другога стагодзьдзя да Р.Х., калі большасьць ў першапачатковым складзе фарысэйскага руху, як раз і займалі знаўцы закону – кніжнікі. У часы ж Ісуса фарысэі былі асноўнай рэлігійнай групай і самай уплывовай сярод народу. Былі яшчэ і іншыя рэлігійныя групы: садукеі, ірадыяне і зілоты, які бачылі ў гэтым свае палітычныя выгады. Менавіта таму ў кніжніках і фарысэях людзі бачылі аўтарытэтных рэлігійных кіраўнікоў, што вельмі падабалася фарысэям і кніжнікам.

«На Майсеевай лаве паселі кніжнікі і фарысэі». Для гебраяў Майсей быў вышэйшым законадаўцам, вышэйшым прадстаўніком Бога. Таму сядзець на Майсеевай лаве азначала быць аўтарытэтным прадстаўніком Бога і менавіта на гэта прэтэндавалі многія з кніжнікаў і фарысэяў. Менавіта па гэтай прычыне яны зайздросьцілі Ісусу. Яны злаваліся таму, што Ён вучыў з сапраўднаю ўладай. Нават неадукаваны народ заўважаў, што ў вучэньня фарысэяў і кніжнікаў не хапае праўды, у той час, калі Ісус адкрываў яе людзям. У гэтым кіраўнікі бачылі пагрозу для сябе і сваёй рэлігійнай улады.

«Дык усё, што скажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх, бо яны кажуць і ня робяць». Ня трэба думаць, што Ісус хваліў кніжнікаў і фарысэяў з усімі іхнімі нормамі і правіламі. Мы ўжо бачылі, што ўсе дзесяць запаведзяў базуюцца на двух вялікіх прынцыпах, якія заснаваныя на шанаваньні: на шанаваньні Бога, Божага імя, Божага дня і бацькоў, якіх даў нам Бог. Яны заснаваныя на павазе: павазе чалавечага жыцьця, маёмасьці чалавека, ягонай асобы і самога сябе. Гэтыя прынцыпы вечныя і пакуль кніжнікі і фарысэі вучылі шанаваць Бога і паважаць чалавека, іхняе вучэньне заўсёды абавязковае і заўсёды мае сілу.

Але іхняе вучэньне, як разуменьне рэлігіі, вылівалася ў тое, што зводзіла рэлігію да тысячам нормаў і правілаў, што рабіла рэлігію невыносным цяжарам. Тут усё проста. Ці яна дае чалавеку крылы, каб падымацца ўверх, ці зьяўляецца грузам, які цягне ўніз. Ці яна дае чалавеку радасьць, ці душыць яго. Нясе яна чалавека ці наадварот. Калі рэлігія пачынае душыць чалавека сваім цяжарам і сваімі забаронамі, яна перастае быць сапраўднай рэлігіей. Фарысэі не дазвалялі ніякага паслабленьня, каб прыбраць хаця б адно з гэтых бязглуздых правілаў, а таму яна становіцца несапраўднай.

Калі ўзяць на ўвагу ўсё пералічанае вышэй, дык вельмі лагічна і тое, што яна, гэта рэлігія, павінна станавіцца паказной, якой яна, дарэчы, і стала. Калі рэлігія заключаецца ў тым, каб выконваць безьліч нормаў і правілаў, дык чалавек пачынае сачыць за тым, каб усе бачылі і ведалі, як ён добра выконвае ўсе гэтыя нормы і правілы, а таму мае дасканалую набожнасьць. І, у сувязі з гэтым, Ісус выбірае і падкрэсьлівае некаторыя ўчынкі і дзеі, якія фарысэі выстаўлялі напаказ.
«Пашыраюць філяктэрыі свае». Пісаньне кажа пра гэта: «І хай будзе табе гэта знакам на руцэ тваёй і помнікам перад вачыма тваімі» (Вых 13:9). Гэта пра філяктэрыі, маленькія скураныя скрыначкі, якія, пад час малітвы, юдэі павінны былі насіць на руцэ і на ілбе. Іх носяць у-ва ўсе дні, акрамя суботы і сьвятых дзён. Скрынька на запясьці нясе ў сабе кавалачак пэргамэнта з напісанымі чатырмя урыўкамі з Пісаньня: Вых 13:1-10; 13:11-16; 2 Зак. 6:4-9; 13:1-21. Другая ж скрынька, з чатырмя аддзяленьнямі, у кожны з якіх укладаўся адзін з гэтых тэкстаў, насілі на ілбу. Дык вось, каб прыцягнуць да сябе больш увагі, фарысэі ня толькі насілі філяктэрыі, але і рабілі іх больш вялікімі, каб прадэманстраваць усім сваю ўзвышаную набожнасьць.

«Павялічваюць крысо шатаў сваіх». Пісаньне кажа (Лік. 15:37-41 і 2 Зак 22:12), што Бог загадаў Свайму народу насіць крысо на сваіх шатах, каб, гледзячы на яго, гебраі ўспаміналі запаведзі Бога. Пазьней юдэі насілі іх на ніжняй бялізьне, а зараз яны захаваліся, як крысо на малітоўным шаліку. Фарысэі рабілі гэтае крысо асабліва вялікім, каб яны сталі відавочным знакам іхняй узвышанай набожнасьці. Гэтае крысо не напамінала чалавеку пра Божыя запаведзі, але прыцягвала да чалавека ўсеагульную ўвагу.

«І любяць першыя месцы на вячэрах і першыя месцы ў сынагогах». Фарысэі любілі займаць ганаровыя месцы на вячэрах, калі садзіліся з правага ці левага боку ад гаспадара. Таксама яны любілі займаць першыя месцы ў сынагогах. Звычайна заднія месцы займалі дзеці і самы нязначныя людзі. Чым бліжэй месца, тым больш гонар. Самымі ганаровымі былі месцы старшыняў, якія стаялі тварам да сходу. Чалавек, які сядзеў на ім, быў бачны ўсім і мог, на працягу ўсяго служэньня, дэманстраваць позу асаблівай набожнасьці і ўсіх яе атрыбутаў.

Акрамя таго, фарысэі любілі, каб да іх зьвярталіся як да рабіна і з вялікай павагаю. Яны прэтэндавалі на большую павагу, чым павага да бацькоў, таму што, казалі яны, бацькі далі чалавеку фізічнае жыцьцё, а настаўнік дае яму жыцьцё вечнае. Ісус жа кажа, што ў чалавека ёсьць толькі адзін Настаўнік – Хрыстос і толькі адзін Айцец у небе – Бог. Фарысэі думалі толькі пра адное – апранацца і чыніць так, каб прыцягваць да сябе ўвагу, але хрысьціяне павінны рабіць наадварот. Яны не павінны сябе выстаўляць, як фарысэі, але незаўважна рабіць добрае, каб узносілі хвалу Госпаду, бо іншае ня ёсьць хрысьціянства.

Мац 23: 13-22
«Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тым, што ўваходзяць, не дазваляеце ўвайсьці. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што аб’ядаеце дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моліцеся; за гэта атрымаеце цяжэйшы прысуд. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што абыходзіце мора і сухмень, каб зрабіць хоць аднаго празэлітам, і, калі станецца, робіце яго сынам геенны, удвая горшым за вас. Гора вам, павадыры сьляпыя, якія кажаце: “Калі хто прысягне бажніцаю, гэта нічога, а калі хто прысягне золатам бажніцы, дык вінен”. Дурныя і сьляпыя! Бо што большае: золата або бажніца, якая асьвячае золата? І: “Калі хто прысягне ахвярнікам, гэта нічога, а калі хто прысягне дарам, які на ім, дык вінен”. Дурныя і сьляпыя! Бо што большае: дар або ахвярнік, які асьвячае дар? Дык той, хто прысягае ахвярнікам, прысягае і ім, і ўсім, што на ім; і хто прысягае бажніцаю, прысягае ёю і Тым, Хто жыве ў ёй; і хто прысягае небам, прысягае пасадам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім» (Мац 23:13-22).

Галоўнае зло ўсіх ілжывых рэлігій складаецца з таго, што яны перашкаджаюць людзям уваходзіць у Божае Валадарства. Нягледзячы на ўвесь прывабны зьнешні бок такой рэлігіі ці філасофіі, іхняя канчатковая мэта – зачыніць людзям Божае Валадарства. Яна можа сілкаваць цела, узбуджаць думку і супакойваць чалавека, але, тым ня меньш, гэта шлях да пагібелі душы. Яна дапаможа пераадолець жыцьцёвыя праблемы і зьнешне палепшыць узаемаадносіны паміж людзьмі, але яна не выдаляе грэх і не паляпшае ўзаемаадносіны з Богам. Яна можа абяцаць нябёсы, але здольная даць толькі пекла. Усё гэта тычыцца фарэсэяў, якія робяць выгляд, што ведаюць Бога, але, на самой справе, ня ведаюць Яго. Яна рабілі выгляд, што яны ёсьць вястунамі Бога, але не былі імі, як і тое, што яны прыналежалі Божаму Валадарству. У сваёй бязьмежнай гордасьці яны нават лічылі, што самі зьяўляюцца брамнікамі ў Валадарстве.
Словы Ісуса маюць на ўвазе, што кніжнікі і фарысэі стаяць каля брамы Валадарства Нябеснага і зачыняюць іх перад тымі, хто хоча туды ўвайсьці. Людзі, якія зьвярталіся да іх з надзеяй, што тыя накіруюць іх і дапамогуць знайсьці Бога, фактычна знаходзілі сітуацыю, калі брама на гэтым шляху зачынялася. Ісус казаў, што Ён прыйшоў да юдэяў, каб абвесьціць Божае Валадарства і даць магчымасьць кожнаму ўвайсьці ў яго, але, як толькі хтосьці з гебраяў пачынаў цікавіцца Эвангельлем, дык адразу ж кніжнікі і фарысэі станавіліся паміж гэтым чалавекам і Хрыстом, каб перашкодзіць гэтай сустрэчы. Балючы нават уявіць гэтае мноства тысячаў людзей, для якіх юдэйскія рэлігійныя кіраўнікі зачынілі Божае Валадарства. А на колькі больш балючым гэта было для Ісуса Хрыста?

«Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што аб’ядаеце дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моліцеся; за гэта атрымаеце цяжэйшы прысуд». У чым жа праяўлялася іхняя бязбожнасьць? Яны аб’ядалі дамы ўдоваў, а гэта магло азначаць тое, што яны спыняліся ў іхніх дамах і жылі на іхнім утрыманьні. Магчыма і тое, што яны ўваходзілі ў іхні давер і, у якасьці апекуноў над іхняй маёмасьцю, каб потым завалодаць усім гэтым. Яны імкнуліся да асабістага ўзбагачэньня, а таму думкі пра справядлівасьць адмяталіся ў бок. Удовы, як слабыя жанчыны – гэта людзі найбольш безабаронныя ад падману, якіх лёгка было падмануць, тым больш што гэта рабілі людзі «паважаныя» ў гебрайскім грамадзтве. І ўсё гэтае рабілася пад прыкрыцьцём закону і яны рабілі гэта так прафесыйна, што гэта не выклікала да іх ніякага асуджэньня і ніколькі не паменьшвала да іх павагі ад народу.

Але, пад якой маскаю яны хавалі сваю бязбожнасьць? Яны паказна доўга маліліся, праводзячы за гэтым заняткам шмат гадзінаў у дзень. Паказна доўга маліліся і такім хітрым шляхам рабілі сабе багацьце, каб надалей падтрымліваць сваю веліч у вачах суайчыньнікаў. Няма нічога новага ў тым, што пад маскай паказной набожнасьці зьдзяйсьняюцца жахлівыя злачынствы. Тут, на зямлі, крывадушная набожнасьць можа падмануць людзей, але ў той дзень, калі Бог будзе судзіць людзей, за гэта спагоніцца ўдвая.

«Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што абыходзіце мора і сухмень, каб зрабіць хоць аднаго празэлітам, і, калі станецца, робіце яго сынам геенны, удвая горшым за вас». У той час, каб навярнуць паганіна ў юдаізм, трэба было прыкласьці нямала высілкаў, а кніжнікі і фарысэі працавалі над гэтым даволі актыўна, каб зрабіць паганіна празэлітам. Асноўнае значэньне слова «празэліт» - гэта чалавек, які прыйшоў. Яно, гэтае слова, стала шырока выкарыстоўвацца ў адносінах да тых, хто быў навернуты ў юдэйскую рэлігію. Калі б гэтыя намаганьні гебраяў былі накіраванымі ў патрэбнае рэчышча і мелі правільныя пабуджэньні, дык гэтае было б пахвальным, бо Ізраіль, ад пачатку, быў пакліканым быць Божай зброяй для таго, каб набыць увесь сьвет для Бога. У сынайскім запавеце Бог выбраў Ізраіля, каб той, падобна Мэсіі, павінен быў стаць сьвятлом для народаў.

Але большую частку сваёй гісторыі Ізраіль рабіў усё, што заўгодна, толькі ня тое, каб прыводзіць паганаў да Бога. Самая ідэя пра пакаяньне і збаўленьне паганаў была для юдэяў агіднаю, бо, такім чынам, пагане маглі займаць тое ж становішча перад Богам, што і гебраі. Прарок Ёна таму і намагаўся зьбегчы ад Бога ў Фарсіс, каб перашкодзіць пакаяньню і прабачэньню Нінэвіі.

У сынагогах было два віды празэлітаў. Адных называлі «празэлітамі ў браме», таму што гэтыя пагане наведвалі толькі богаслужэньні. Яны пакланяліся сапраўдаму Богу, але не пасьвячалі сябе цалкам юдаізму і не выконвалі ўсе неабходныя рытуалы.

Другі ж від празэлітаў называлі «праведнымі празэлітамі», таму што яны станавіліся настолькі рэлігійнымі, наколькі гэта было магчымым для паганаў. Яны, абрэзаныя, удзельнічалі ў-ва ўсіх сьвятах і выконвалі ўсе абрады: як біблійныя, так і традыцыйныя. Такім людзям давалі нават і юдэйскія імёны, каб аддзяліць іх ад паганскага мінулага. Але гэта не межавалася з праведнасьцю і таму, яны станавіліся ўвасабленьнем самаправеднасьці.

«Гора вам, павадыры сьляпыя, якія кажаце: “Калі хто прысягне бажніцаю, гэта нічога, а калі хто прысягне золатам бажніцы, дык вінен”. Дурныя і сьляпыя! Бо што большае: золата або бажніца, якая асьвячае золата?» Ісус называе тут Сваіх супернікаў не крывадушнікамі, але сьляпымі правадырамі, падкрэсьліваючы тое, што яны ня ведаюць праўды. А праўда ў тым, што кніжнікі ды фарэсэі і былі тымі сьляпымі правадырамі, якія вялі сьляпы Ізраіль, адмаўляючыся весьці да сьвятла, а таму былі асуджаныя на паганьбеньне.

«Дурныя і сьляпыя! Бо што большае: дар або ахвярнік, які асьвячае дар? Дык той, хто прысягае ахвярнікам, прысягае і ім, і ўсім, што на ім; і хто прысягае бажніцаю, прысягае ёю і Тым, Хто жыве ў ёй; і хто прысягае небам, прысягае пасадам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім». Іншымі словамі логіка Ісуса ў тым, што прысягаць ахвярнікам – азначае прысягаць ахвяраю, што на ім. Прысягаць бажніцаю – азначае прысягаць Богам, а прысягаць небам – азначае прысягаць пасадам Божым. Іншымі словамі, усё намі азначанае зьвязанае з Богам, а там, калі Бог ёсьць Творцам усяго, дык чым бы чалавек не прысягаў, дык гэтая прысяга будзе кранаць Бога.

Мац 23: 23-33
«Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяцё дзесяціну з мяты, аніжу і кмену, і пакінулі найважнейшае ў Законе: суд, і міласэрнасьць, і веру; гэтае трэба было рабіць, і таго не пакідаць. Павадыры сьляпыя, якія адцэджваеце камара, а глытаеце вярблюда! Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце звонку келіх і місу, а ўнутры яны напоўненыя рабункам і непаўстрыманасьцю. Фарысэй сьляпы, ачысьці перш знутры келіх і місу, каб і звонку сталіся чыстымі. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што падобныя да магілаў пава;пленых, якія звонку выглядаюць прыгожымі, а ўнутры напоўненыя косткамі мёртвых і ўсялякай нячыстасьцю. Гэтак і вы звонку выглядаеце людзям праведнымі, а ўнутры поўныя крывадушнасьці і беззаконьня. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і аздабляеце надмагільлі праведнікаў, і кажаце: “Калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, не былі б супольнікамі іхнімі ў крыві прарокаў”. Так што вы самі сьведчыце, што вы — сыны тых, якія забівалі прарокаў. Дапаўняйце ж меру бацькоў вашых. Зьмеі, спараджэньні яхідны, як уцячэце вы асуджэньня ў геенну?» (Мац 23:23-33).

Дзесяціна была важным складнікам юдэйскіх рэлігійных нормаў. Кнігі Лявіт (27:30) і Другі Закон (14:22) казалі пра гэта. Дзесяціна вызначалася Богам для ўтрыманьня лявітаў, якія павінны былі працаваць у Храме. Такім чынам было вызначана, што кожны чалавек павінен аддаваць дзесятую частку свайго ўраджаю Богу. Але мята, аніж і кмен? Гэтыя прыправы для ежы росьцілі ў вельмі малых памерах і, пры вызначэньні дзесятай частцы, магло быць так, што гэта ўсяго толькі адна ці дзьве галінкі. Але менавіта такімі былі фарысэі, калі лічылі важнымі і гэтыя дробязі, але, у той жа час, вызначаліся адсутнасьцю справядлівасьці і шчырасьці. Яны маглі быць жорсткімі і напышлівымі, не зьвяртаючы ўвагі на прашэньні пра міласьці. Яны маглі прысягаць і абяцаць, але маючы намер, пры гэтым, ухіліцца ад гэтых абавязкаў, забываючы пра вернасьць. Іншымі словамі, многія з іх выконвалі дробязныя правілы закону, забываючы, пры гэтым, пра сапраўды важныя справы.
Гэты фарысэйскі дух жывы і па-сёньня. Ён і не памрэ, пакуль сэрца чалавека ня будзе адданае Хрысту. Многія, ідучы ў царкву, адпаведна апранаюцца, дакладна ахвяруюць, займаюць правільную позу на малітве, заўсёды удзельнічаюць у ламаньні хлеба, але, пры гэтым, дрэнна ставяцца да сваіх дзённых абавязкаў, заўсёды раздражнёныя і сквапныя на грошы. Ісус і паказвае гэта на прыкладзе камара і вярблюда, якія лічыліся нячыстымі істотамі. Нельга быць відавочна скурпулёзнымі ў дробязях і ў той жа час не заўважаць сваіх недабрадзейных ды агідных учынкаў. Гэта ёсьць карціна чалавека, які згубіў пачуцьце адноснай важнасьці.

«Фарысэй сьляпы, ачысьці перш знутры келіх і місу, каб і звонку сталіся чыстымі». Ідэя нечыстаты наскрозь прасякае юдэйскі закон. І гэта не фізічная нечыстата, але абрадавая. Чалавек быў нячыстым, калі кранаўся мёртвага цела ці кантактаваў з паганінам. Жанчына была нячыстай з прычыны кравацечы ці нараджэньня дзіцяці. Калі такі чалавек кранаўся да нейкага посуду, дык ён, гэты посуд, таксама лічыўся нячыстым. Гліняны келіх мог быць нячыстым толькі знутры і адзіным спосабам ачысьціць яго было тое, што яго трэба было разьбіць. Ежа і пітво, якія знаходзіліся ў посудзе, маглі быць здабытымі падманам ці крадзяжом, маглі быць для абжэрства – усё гэтае ня мела ніякага значэньня, калі сам гэты посуд быў чыстым. Гэта яшчэ адзін з прыкладаў таго, як можна перабольшваць значэньне дробязяў і ня бачыць, пры гэтым, важнага. Такімі і былі фарысэі, бо па зьнешнім паводзінам яны былі вельмі рэлігійнымі і праведнымі, але іхняе сэрца было поўным грэху. Як гэта і сказана ў Шэксьпіра, што чалавек можа ўсьмяхацца, будучы, пры гэтым, злодзеям. Чалавек можа хадзіць у зьнешняй пакоры, апусьціўшы галаву, але ў той жа час пагардліва ставіцца да іншых. Сапраўды добраму чалавеку цяжка думаць пра тое, што ён добры, але той, хто бачыць асабістую сьвятасьць, ужо згубіў яе, якім бы яго не лічылі іншыя людзі.

«Калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, не былі б супольнікамі іхнімі ў крыві прарокаў». Ісус кажа юдэям пра тое, што ў іхняй гісторыі ёсьць ганебныя плямы забойства прарокаў, якія ніяк не забыліся. Кніжнікі і фарысэі даглядалі магілы пакутнікаў, сьцьвярджаючы пры гэтым, што яны б не зрабілі так, як гэта рабілі продкі. Але менавіта так бы яны і ўчынілі, бо зараз яны гатавалі тое ж самае. Ісус кажа, што гісторыя Ізраіля – гэта гісторыя забойстваў людзей Божых. Ад Абэля да Захарыі, бо забойства Абэля было першым, а забойства Захарыі – апошнім. Нічога істотна не зьмянілася і, за сьмерцю Яна Хрысьціцеля, настане і Ягоная, - Ісуса Хрыста. І ў гэтым ёсьць вялікая трагедыя, бо народ, якога выбраў і любіў Бог, падняў сваю руку на забойства Сына Божага.

«Зьмеі, спараджэньні яхідны, як уцячэце вы асуджэньня ў геенну?» Зьмеі – гэта агульнае слова, якое азначае ўсіх зьмеяў, а яхідна – гэта маленькая, але вельмі небясьпечная зьмяя, якая маскіруецца пад сухую галінку і з гэтага становіцца яшчэ больш небясьпечнай. У часы Ісуса Хрыста яхідна сымбалізавала надзвычайнае зло і небясьпеку. Таму, калі Ісус назваў кніжнікаў і фарысэяў спараджэньнямі яхідны, Ён абвінаваціў іх у тым, што яны былі і злыя, і сьмяротна небясьпечныя. А зараз «геенна». Так называлі месца, каля Ерусаліму, дзе спальвалі гарадзкое сьмецьце. Тое ж, што Ісус зьвязаў яхідну з геенай, паказвае на звычайны занятак селяніна, які спальваў сухое іржышча на сваім полі, каб падгатаваць яго да наступнага засеву. Калі полымя падыходзіла на нораў яхіднаў, дык у іх не было шанцаў збавіцца ад полымя. Па сутнасьці, Ісус, як бы казаў: «Вы, злыя і ілжывыя людзі, няўжо вы думаеце, што зможаце зьбегчы ад Божага вогненага суду?»

Ісус дае напамін кніжнікам і фарысэям, што яны былі вінаватымі ў тым, што ўводзілі людзей ад Божага Валадарства; што яны духоўна разбуралі людзей; што яны скрывілі Божую праўду і падмянілі прыярытэты; што яны рабавалі Божы народ і духоўна апаганьвалі ўсіх, да каго краналіся; што яны прыкідваліся праведнымі, а на самой справе былі злымі і больш таго – яны мелі намер забіць Самога Божага Сына.

Мац 23:34-39
«Вось, дзеля гэтага Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і вы адных заб’яцё і ўкрыжуеце, і іншых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць з горада ў горад. Няхай жа прыйдзе на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Абэля праведнага да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі між бажніцаю і ахвярнікам. Сапраўды кажу вам, што ўсё гэтае прыйдзе на пакаленьне гэтае. Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не захацелі. Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. Бо кажу вам: ня будзеце бачыць Мяне ад сёньня, пакуль ня скажаце: “Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада”» (Мац 23:34-39).

На працягу многіх вякоў гебраі чакалі прышэсьця Мэсіі. У сэрцы кожнага гебрая цеплілася надзея, што аднойчы настане дзень, калі прыйдзе Мэсія і ўсталюе Сваё Валадарства і тады настане час выкананьня абяцаньняў для Божага народу. Але, калі Мэсія сапраўды прыйшоў і прапанаваў Сваё Валадарства, надзею і збаўленьне, дык народ, замест таго, каб прыняць Яго з верай і любоўю, адпрэчыў Яго з нявер’ем і нянавісьцю. У гэты змрочны час выбраны і дабраславёны Божы народ пацьвердзіў, што ставіць хлусьню вышэй за праўду, цемру вышэй за сьвятло, беззаконьне вышэй за праведнасьць, нікчэмныя справы вышэй за Божую ласку, а шляхі д’ябла вышэй за шляхі Божыя. З тых часоў як на зямлі існуюць праведнікі, існуюць на ёй і забойцы праведнікаў, таму што праведнікі, самі па сабе, зьяўляюцца папрокам няправеднасьці. Усякі раз, калі грамадзтва будзе выказваць сваю нянавісць да праведнасьці, а значыць нянавісьць да Бога, дык яно будзе абражаць і нават зьнішчаць праведных людзей, якія прыналежаць Богу.

Тыповыя для Эвангельля паводле Мацьвея тытулы «прарокі, мудрыя і кніжнікі» носяць выключна гебрайскі характар. Хаця Ісус казаў пра апосталаў і іншых вучняў Сваіх, Ён выкарыстоўваў характэрныя гебрайскія словы, якія былі зразумелымі для ўсіх. Гэтыя людзі павінны былі стаць ня толькі служыцелямі збаўленьня, але і служыцелямі асуды. Прыводзячы многіх да прыняцьця Хрыста сваім Збаўцам, яны будуць спрыяць і таму, што іншыя зацьвердзяцца ў сваім адмаўленьні гэтага. На тое Ісус і кажа: «Няхай жа прыйдзе на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі», каб фарысэі атрымалі яшчэ большыя магчымасьці адпрэчыць Яго, ускладаючы на сябе яшчэ большы цяжар віны, які прывядзе іх да яшчэ большай асуды, як, у хуткім часе, і скажа апостал Павал: «Але праз упартасьць тваю і ненавернутае сэрца ты зьбіраеш сабе гнеў на дзень гневу і адкрыцьця праведнага суду Божага» (Рым 2:5). Гэта зусім не азначае, што Бог жадае таго, каб людзі адпрэчвалі Ягоную ласку і вялі сябе да асуды, але, калі яны будуць упарціцца, дык наклічуць на сябе Ягоны праведны гнеў. Чым больш яны чуюць Божую праўду, тым больш становяцца вінаватымі, калі працягваюць адпрэчваць яе.

Усё гэта тычыцца і сучаснасьці. Царква не заўсёды сьведчыла пра Хрыста так ясна, поўна і з любоўю, як магла б, але ні адно пакаленьне ў гісторыі, ня лічачы тых, хто жыў у дні Хрыста, ня мела большага доступу да Божай праўды і шляху збаўленьня, чым сучасны чалавек. У яго ёсьць перавага, якая вызначаецца сьвятлом, сілай і дабраславеньнямі Эвангельля, назапашаных за две тысячы гадоў. Але, як бачыцца, кожнае новае пакаленьне адпрэчвае Эвангельле яшчэ больш за папярэдняе, уцяжарваючы сваю віну і наклікаючы на сябе яшчэ большую асуду.
«Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не захацелі. Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты». Любы селянін ведае, як хатняя курыца ахоўвае свах птушанят у выпадку небясьпекі пажару. Яна зьбірае іх пад свае крылы і ахвяруе сабою дзеля сваіх дзяцей. Уявім сабе Ісуса ў выглядзе птушкі, а жыхароў Ерусаліма – у выглядзе птушанятаў. Што гэтым параўнаньнем хацеў данесьці да людзей Ісус?

Ісус прымае на сябе лёс Ізраіля і пра гэта неаднаразова казаў прарок Ісая (Іс 42:1; 52:13-53:12). Сьвет кінуў выклік свайму Творцу, пакланяючыся балванам ды разбураючы ўсё навокал і Ізраіль таксама ўдзельнічаў у гэтым, небясьпечна гуляючыся з агнём. І калі гэты агонь выйшаў з пад кантролю, Ісус, падобна той курыцы, хацеў укрыць птушанятаў сваімі крыламі і прыняць на Сябе ўсю разбуральную сілу агню. Але людзі адмовіліся і таму грозны агонь паразіць усіх тых, хто адпрэчыў збаўленьне, прапанованае Хрыстом. Ісус хацеў збавіць Ізраіля ад наступстваў ягонай адмовы прыняць збаўленьне ад Яго. І вось зараз Ісус кажа, што ўвесь цяжар Божага суду ўпадзе на Ерусалім і на ягоны Храм: «Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты». Жывы Бог, Які абяцаў знаходзіцца ў Храме, папярэджвае людзей, што з-за іхніх грахоў Ён пакідае Храм, які станецца безабаронным супраць ворагаў.

«Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада». Гэтымі словамі і зараз вітаюць адзін аднога гебраі. Адзіны спосаб атрымаць збаўленьне, прапанованае Ісусам, - гэта добрае разуменьне тых словаў жыхароў Ерусаліму, якімі яны сустракалі Ісуса. А як мы вітаем сапраўднага Хрыста, Які прыйшоў выкрыць зло і ўзяць на Сябе цяжар гэтага зла ў знак вялікай і неабмежаванай любові? Ці мы аддаем перавагу вітаць толькі таго Ісуса, Які адпавядае нашым чаканьням і планам?


Рецензии