Мат 24 1-51

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 24:1-44

Пропаведзі Ісуса насілі, галоўным чынам, практычны характар, але зараз мы ўбачым прароцкую размову – прадказаньне будучых падзеяў. Гэтая размова не была нейкім інфармацыйным паведамленьнем, але мела сваёй мэтаю стаць кіраўніцтвам для сумленьня і жыцьця ўсіх Сваіх пасьлядоўнікаў. Заўважым і тое, што Ісус кажа гэтую прароцкую пропаведзь у самым канцы Свайго служэньня, што можна параўнаць з Адкрыцьцём Яна, якое дадзена апошняй у Новым Запавеце, як, дарэчы і кнігі прарокаў Старога Запавету. Усё гэта кажа пра тое, што нам, папярэдне, неабходна добра зацьвердзіцца ў простых і відавочных пытаньнях, каб зразумець пытаньні больш складаныя. Мы ж спадзямся, што наш чытач быў старанным у вывучэньні папярэдніх разьдзелаў, каб зразумець і гэты, вельмі няпросты разьдзел.


Мац 24:1-14
«І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні; і падыйшлі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні. А Ісус сказаў ім: “Ці бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны”. А калі сядзеў Ён на гары Аліўнай, падыйшлі да Яго вучні насамоце, кажучы: “Скажы нам, калі гэта будзе, і які знак Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?” І, адказваючы, Ісус сказаў ім: “Глядзіце, каб ніхто не падмануў вас, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: “Я — Хрыстос”, — і шмат каго падмануць. Маеце чуць пра войны і чуткі ваенныя. Глядзіце, не трывожцеся, бо ўсё гэта мусіць стацца, але гэта яшчэ не канец. Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць голад, і пошасьці, і землятрусы месцамі. А ўсё гэтае — пачатак мукаў радзін. Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас, і зьненавідзяць вас усе народы за імя Маё. І тады згоршацца многія; і будуць выдаваць адзін аднаго, і ненавідзець адзін аднаго. І многія фальшывыя прарокі паўстануць, і падмануць многіх. І дзеля памнажэньня беззаконьня ў многіх асьцюдзянее любоў. А хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. І будзе абвешчанае гэтае Эвангельле Валадарства па ўсім сьвеце на сьведчаньне ўсім народам, і тады прыйдзе канец» (Мац 24:1-14).

Ісус пакідае Храм і прыпыняе Сваё грамадзкае служэньне ў ім. Ён ужо сказаў Сваё слова: «Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. Бо кажу вам: ня будзеце бачыць Мяне ад сёньня, пакуль ня скажаце: “Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада”». Ісус ня проста пакінуў Храм, але пакінуў дзеля таго, каб ніколі туды не вяртацца. І за гэтым, як мы бачым, зьяўляецца прароцтва пра разбурэньне Храма. Ён пакінуў Храм, але не пакінуў Сваіх дванаццаць вучняў, гэты пачатак Эвангельскай Царквы, якая нараджаецца ўжо зараз, калі адбыўся канчатковы разрыў Хрыста з фарысэямі і кніжнікамі.

«Падыйшлі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні». Добра быць там, дзе ёсьць Ісус і пакідаць тое месца, дзе Яго няма. Вучні падыйшлі да Ісуса, каб, пасля грамадзкай пропаведзі, атрымаць ад Яго настаўленьне ў асабістай размове. Яны падыйшлі да Хрыста, каб паказаць Яму пабудовы Храма і гэта даволі дзіўна, бо Ісус, з дзяцінства, бачыў усё гэта і шмат разоў аглядаў гэтыя пабудовы. Магчыма, што яны ведалі гэта, але жадалі абудзіць Яго адмяніць Свой прысуд Храму і, як бы, кажуць: «Госпадзе! Няхай ня будзе запусьценьня ў гэтай прыгожай пабудове, у якой славілі Бога нашыя бацькі». Ісус жа, ведаючы іхнія думкі, прадказвае ў адказ тое, што безумоўна будзе: «Не застанецца тут камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны».

Ён кажа пра гэтае разбурэньне, як пра поўнае. Храм будзе ня толькі разрабованы і пазбаўлены сваёй славы, але і зьнішчаны ўшчэнт, бо не застанецца тут камяня на камяні. Адзначым, што пад час будаўніцтва Храма, быў пакладзены камень на камень: «Цяпер павярніце сэрца вашае на час ад гэтага дня і назад, калі яшчэ ня быў пакладзены камень на камень у Храме Госпадавым» (Аг 2:15). Камяні будуць разбураныя і гісторыя гэта пацьвердзіць, калі раз’юшаныя ваяры Ціта, які меў намер захаваць Храм, цалкам разбурылі яго. Разбурэньне Храма было настолькі грунтоўным, што Турн Руф, пасьля гэтага, узараў гэтую тэрыторыю, каб споўнілася прароцтва Міхея: «Таму за вас Сыён узараны будзе як поле, і Ерусалім зробіцца грудай руінаў, і гара дома гэтага будзе лясістым пагоркам» (Міх 3:2). Праз тры стагодзьдзі, пры Юліяне Адступніке, юдэі намагаліся пачаць аднаўленьне Храма, каб процідзейнічаць хрысьціянству, але, дзякуючы нейкай жахлівай прыроднай зьяве на месца будаўніцтва, у іх нічога не атрымалася.

«Скажы нам, калі гэта будзе, і які знак Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?» Вучні запытваюць Яго пра гэта на гары Аліўнай, што знаходзілася недалёк ад Храма. Ісус, хутчэй за ўсё, вяртаўся зараз у Бэтанію і, як бачыцца, прысеў на адпачынак. Ісус сядзеў на гэтай гары, як Судзьдзя на судзейскім месцы, а Храм і горад былі перад Ім, як падсудныя на лаве і Ён, у гэты час, выносіў ім прысуд. Магчыма пра тое і казаў прарок Езэкііль: «І паднялася слава Госпада з сярэдзіны горада і спынілася над гарою, якая на ўсход ад горада» (Ез 11:23). Гэта, магчыма, было самым хвалюючым для вучняў часам з Хрыстом, калі яны разважалі пра набліжаючае Божае Валадарства. Грунтуючыся на сказанае Ісусам, вучні лічылі, што няверуючыя гебраі ўбачаць, наступным разам, Яго, калі Ён ужо прыйдзе ў славе, а яны будуць вымушаны прамовіць: «Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада». Як ніколі вучні былі ўпэўненымі, што гэты дзень не за гарамі і яны хутка ўсё гэтае ўбачаць.

Апосталі жадалі бачыць Ісуса Валадаром, але Ён кажа ім, што гэта будзе зьвязаным з разбурэньнем Храма, пагібельлю гэтага веку і мукамі нараджэньня новага сьвету. Так, кажа Ісус, будуць мукі радзінаў – войны, рэвалюцыі, землятрусы, голад. Прыйдуць жахлівыя часы і на долю пасьлядоўнікаў Хрыста выпадуць жорсткія выпрабаваньні, якіх многія не вытрымаюць і адракуцца ад Яго. Зьявяцца ілжэмэсіі, якія будуць заклікаць да гвалту, але верныя вучні Хрыста не павінны дазваляць уцягваць сябе ў падман. Яны павінны цярпліва чакаць, калі скончыцца пераход ад гэтага веку да таго часу, калі Добрая вестка пра Божае Валадарства распаўсюдзіцца ня толькі ў Ізраілі, але і ў-ва ўсім сьвеце.

Гэта тычыцца ўсіх пакаленьняў веруючых пасьля сьмерці Хрыста. Магчыма і тое, што нам таксама прыйдзецца перажываць цяжкія часы і вытрымаць усё да канца, працянваючы верыць у будучае прышэсьце Хрыста перад усім сьветам. І мы таксама пакліканыя жыць пад час мук нараджэньня новага веку і верыць у тое, што гэтыя мукі завершацца Божай перамогай.

Мац 24:15-28
«Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую сказаў Данііл прарок, што паўстане на месцы сьвятым, — хто чытае, няхай зразумее, —тады тыя, што ў Юдэі, няхай бягуць у горы, хто на даху, няхай не зыходзіць узяць што з дому свайго, і хто ў полі, няхай не варочаецца назад узяць адзеньне сваё. Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні. Маліцеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою або ў суботу. Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе. І калі б не былі скарочаныя тыя дні, не было б збаўленае ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаныя тыя дні. Тады, калі хто скажа вам: “Вось, тут Хрыстос, ці там”, — ня верце. Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і выбраных. Вось, Я наперад сказаў вам. Дык, калі скажуць вам: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце; “Вось, Ён у пакоях”, — ня верце. Бо, як бліскавіца выходзіць з усходу і сьвеціць да захаду, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага. Бо дзе мёртвае цела, там зьбяруцца і арлы» (Мац 24:15-28).

Аблога Ерусаліму была адной з самых жахлівых у-ва ўсёй гісторыі чалавецтва. Падавалася, што горад быў непрыступным, бо стаяў на гары і меў моцныя муры, а таму надаваў упэўненасці фанатычным абаронцам. Рымляне ўсё гэта разумелі і дзейнічалі асьцярожна, ня кідаючы на безсэнсоўны штурм сваіх жаўнераў. Зыходзячы з гэтага, Ціт вырашыў узяць Ерусалім зморам.

Цяжка тлумачыць тое, што ёсьць «агідаю спусташэньня». Гэтая фраза ўзятая з кнігі прарока Данііла: «З часу, калі будзе прыпынена штодзённая ахвяра і будзе пастаўлена агіда спусташэньня, пройдзе тысяча дзьвесьце дзевяноста дзён» (Дан 12:11). Данііл кажа пра агіду спусташэньня ў Храме, калі ў 170 годзе да Р.Х. сірыйскі валадар Антыёх I Епіфан вырашыў выкараніць юдаізм, ўсталяваўшы грэцкую культуру і рэлігію. Ён захапіў Ерусалім, апаганіў Храм, паставіўшы там ахвярнік Зеўсу Алімпійскаму і прыносіў на ім у ахвяру сьвініну, а ў памяшканьнях Храма ўсталяваў публічныя дамы.

Ісус прадказвае, што ўсё паўторыцца зноў, як гэта ўжо было 200 гадоў таму, але зараз ужо ня будзе свайго Юды Макабэя, ня будзе ні вызваленьня, ні ачышчэньня, а будзе толькі канчатковае разбурэньне. Ісус казаў, што ў той дзень трэба бегчы ў горы і не варочацца з палёў, але людзі гэтага не зрабілі і пазьбіраліся за муры Ерусалімскія, што ў сотні разоў пагоршыла сітуацыю пад час аблогі. Гебрайскі гісторык, сьведка гэтай трагедыі, Язэп Флаві кажа пра тыя жахлівыя дні аблогі і голаду.

«Тады голад пачаў распаўсюджвацца і паядаў людзей цэлымі сем’ямі і дамамі. Верхнія пакоі былі перапоўненымі жанчынамі і дзецьмі, якія паміралі з голаду. Вуліцы гораду былі поўныя мёртвых целаў старых і дзяцей. Маладыя людзі хісталіся як цені, апухлыя ад голаду і падалі там, дзе іх напаткае няшчасьце. Што тычыцца пахаваньня, дык тыя, хто застаўся ў жывых, няздольныя былі гэта зрабіць, а тыя, хто яшчэ неяк быў здольны на гэта, падалі разам з памерлымі. Многія ж лажыліся ў свае магілы самі, чакаючы свайго часу. Ніхто нікога не аплакваў, ніхто ні на што ня скардзіўся, бо голад зьнішчыў усе натуральныя звычаі. Глыбокая цішыня, як мёртвая ноч, ахапіла горад. І ўсе яны паміралі, гледзячы сваімі вачыма на Храм».
Язэп Флаві распавядае жахлівую гісторыю жанчыны, якая забіла, падсмажыла і зьела сваёго маленькага дзіцяці. Ён кажа, што нават і рымляне, калі яны, узяўшы горад, пайшлі рабаваць яго, жахнуліся ўбачанаму і адмаўлялія да чаго-небудзь кранацца. Флаві, які сам перажыў увесь жах гэтай аблогі паведамляе нам, што ў горадзе памерла 1100000 чалавек, 97000 былі ўзятымі ў палон.

І ўсё гэта прадбачыў Ісус і таму папярэджваў пра гэтыя падзеі. Мы ж павінны памятаць, што мудрасьць Ісуса Хрыста неабходная ня толькі асобным людзям, але і народам. Калі кіраўнікоў нацыяў і народаў не накіроўвае Хрыстос, дык яны здольныя прывесьці людзей да пагібелі, ня толькі духоўнай, але і фізічнай. Ісус ніколі ня быў летценьнікам, адхіленым ад сьвету. Ён абвяшчае законы, пры выкананьні якіх народ можа квітнець. І наадварот, калі іх не выконваць, дык іх абавязкова сустрэне жудасная пагібель.

«Бо дзе мёртвае цела, там зьбяруцца і арлы». Гэтыя словы ёсьць ясным намёкам на рымскіх легіянэраў, якія, як драпежныя птушкі, зьбяруцца вакол Ерусаліму, гатуючыся разарваць яго, падобна сьцярвятнікам, якія харчуюцца мяртвячынай у пустыне. Водгаласы гэтай жахлівай трагедыі першага веку шмат разоў паўтараліся ў жыцьці хрысьціянскай Царквы і ўсяго сьвету. Нават і зараз, многія браты і сёстры ў Хрысьце вымушаныя бегчы ад перасьледу і жорсткіх рэпрэсіяў, якія пагражаюць сьмерцю. Але іншых, таксама, адольваюць спакусы крочыць за ілжэмэсіямі, якія прапануюць хуткія і простыя рашэньні. Але Хрыстос вучыць таму, што сьвет адчувае мукі радзінаў, у якіх нараджаецца новы Божы сьвет. А таму жыць, усьведамляючы гэты факт і намагаючыся зразумець ягоныя доўгачасовыя наступствы, заўсёды было важнейшай часткаю хрысціянскага вучэньня.

Мац 24:29-35
«А адразу пасьля прыгнёту дзён тых сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі ўпадуць з неба, і сілы нябесныя захістаюцца. І тады зьявіцца знак Сына Чалавечага ў небе, і тады заплачуць усе калены зямлі і ўгледзяць Сына Чалавечага, Які ідзе на аблоках нябесных з сілаю і славаю вялікаю. І пашле Ён анёлаў Сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць яны выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю неба да краю яго. У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккаю і пускае лісты, ведаеце, што блізка лета. Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, ведайце, што блізка, у дзьвярах. Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца. Неба і зямля прамінуць; а словы Мае не прамінуць» (Мац 24:29-35).

Усе мы, так ці інакш, слухаем музычныя творы. Будучы дома, едучы на аўто ці праслаўляючы Госпада ў царкве. Цудоўныя кампазіцыі складаюцца з адначасовай гульні некалькіх музычных інструманатаў. Уявім сабе, што гэты ўрывак Эвангельля і ёсьць часткаю такога музычнага твору, дзе галоўная тэма – зьяўленьне Сына Чалавечага. Некалькі музычных партыяў аб’ядноўваюцца ў адно, каб вызначыць галоўную тэму твора. Але, што гэта за партыі і як гэта суадносіцца з Пісаньнем?
Першая партыя выкарыстоўвае грозную мелодыю з кнігі прарока Ісаі: «Вось, прыходзіць дзень Госпада грозны, з гневам і палкаю лютасьцю, каб зрабіць зямлю пустыняю і вынішчыць з яе грэшнікаў яе. Зоркі нябесныя і сьвяцілы не даюць свайго сьвятла; сонца цьміцца пры ўзыходзе сваім, і месяц ня зьзяе сьвятлом сваім» (Іс 13:9-10). Мацьвей, як творца гэтай кампазіцыі, і выбірае з гэтай крыніцы неабходнае для стварэньня свайго твору. Для Ісаі, як і для вучняў Ісуса, гэтыя словы ня несьлі ў сабе літаральнага сэнсу, бо ўсе разумелі, што гаворка ідзе пра нейкія сацыяльныя ўзрушэньні. Гэтымі словамі Мацьвей падкрэсьлівае, што прыйсьце Сына Чалавечага адбудзецца тады, калі сьвет перавернецца ўверх дном і пачнецца хаос.

Але вось другая партыя гэтай кампазіцыі і ўзятая яна з кнігі прарока Данііла: «Бачыў я ў начных уявах, вось, з аблокамі нябеснымі ішоў як бы Сын Чалавечы, дайшоў да Спрадвечнага днямі і падведзены быў да Яго. І Яму дадзена ўлада, слава і Валадарства, каб усе народы, плямёны і роды служылі Яму; Валадарства Ягонае — Валадарства вечнае, яно ня мінецца, і Валадарства Ягонае не разбурыцца» (Дан 7:13-14). Але тут прарок ня кажа пра вяртаньне Мэсіі, пасьля некаторай адсутнасьці, а кажа пра ўзьнясеньне да Бога, як знак адплаты за ўсе пакуты і жахлівую сьмерць. Вось з гэтых розных партыяў Мацьвей і складае гэтую цудоўную кампазіцыю.

Гэтая цудоўная мелодыя ад Мацьвея кажа нам пра некалькі будучых падзеяў, якія пацьверджваюць тое, што Ісус – Сын Чалавечы, пра Ягога казалі прарокі. Першае – гэта ўваскрасеньне Ісуса, якое скасуе вырак юдэйскага суду і рымскіх катаў, бо менавіта гэтая падзея пацьвердзіць, што Бог сапраўды выбраў Хрыста, як сапраўднага Валадара Ізраіля. Другая падзея – гэта разбурэньне Храма, якое стане сымбалем усяго непрымальнага Богу. Ісус папярэджваў людзей пра жахлівыя пакуты, якія іх чакаюць пры гэтым разбурэньні і пра небясьпеку паверыць ілжэпрарокам, а не Яму. Разбурэньне Храма пацьвердзіць правату Ісуса, а Ягонае ўзьнясеньне над Храмам і сьветам будзе знакам, назаўсёды запісаным на скрыжалях гісторыі, як і сказана ў Мацьвея: «І тады зьявіцца знак Сына Чалавечага». Трэцяя ж падзея – гэта распаўсюджваньне весткі пра ўваскрасеньне Ісуса ў-ва ўсім сьвеце. Людзі ўбачаць дзіўных весьнікаў (анёлаў), з гучным голасам трубным, які скажуць, што Ісус уваскрос, а таму Ён – Мэсія ад Бога і Госпад усяго сьвету.

Ісус абяцае вучням, што гэтыя падзеі адбудуцца яшчэ пры іхнім жыцьці і будуць мець магчымасьць пабачыць знакі іхняга набліжэньня так жа ясна, як зьяўленьне лістоў на дрэве, што сьведчаць пра лета. Мы ж павінны памятаць пра гэтую высокую музыку Бога, што ёсьць Ягоны замысел адносна ўсіх нас. Згодна гэтаму замыслу, мы здольныя выяўляць за кожным словам Эвангельля указаньне на нейкія важныя падзеі, якіх мы чакаем. Аднойчы Бог завершыць пачатае Ім у першым стагодзьдзі і пакажа Сваім дзецям славу Божую ўяве. Мы павінны ня толькі азірацца назад, але і глядзець у будучыню, дзякуючы Бога за тое, што Ісус ужо стаў Госпадам усяго часу і ўсёй гісторыі.

Мац 24:36-44
«А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, нават анёлы, якія ў небе, а толькі Айцец Мой адзін. Але, як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага. Бо як было ў дні перад патопам: елі, пілі, жаніліся і замуж выходзілі, аж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага. Тады будуць двое ў полі: адзін бярэцца, а другі пакідаецца. Дзьве, якія мелюць у жорнах: адна бярэцца, а другая пакідаецца. Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш аводле вайны паміж прыйдзе. Вы ж разумееце тое, што, калі б ведаў гаспадар дому, у якую варту прыйдзе злодзей, чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой. Дзеля гэтага і вы будзьце падрыхтаваныя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце» (Мац 36-44).

Некаторыя дасьледчыкі Пісаньня мяркуюць, што Мацьвей забягае наперад, кажучы пра другое прышэсьце Хрыста, як высновы іхняе думкі пра тое, што Ісус казаў, крыху раней. Не пра Ягонае ўзьнясеньне, але пра Ягонае вяртаньне на зямлю. Дадзеныя словы Ісуса можна інтэрпрэтаваць па рознаму, у тым ліку, прымаючы і некалькі версіяў адначасова. Відавочна тое, што Слова Божае тлумачаць па рознаму, нават і так, што гэта не маглі прадбачыць і аўтары Эвангельляў. Але, як бы тое і не было, усім нам, патрабуецца зразумець першапачатковы сэнс тэксту, каб не пачаць апраўдваць Пісаньнем усё што заўгодна. І вельмі важна падумаць пра тое, як падобныя словы маглі быць зразумелымі першым чытачам Эвангельля паводле Мацьвея.

І зараз мы вяртаемся да таго жаху, які, неўзабаве, дасягне Ерусаліму, хаця, на гэты час, ніхто ня ведаў гэтага часу. Зараз мы ведаем, што гэта адбылося ў 70 годзе па Р.Х. паміж Рымам і Юдэей. У дні ж Ісуса, юдэі павінны былі падгатавацца да нечага жахлівага, што паламае іхняе звыклае жыцьцё, але давала разуменьне прышэсьця Сына Божага Ісуса, што ёсьць фіналам імклівых ды нечаканых падзеяў, уключаючы і разбурэньне Храма. Зьвярнем увагу на некаторыя важныя асьпекты, наконт сказанага раней. Ніхто дакладна ня ведае таго, калі адбудуцца гэтыя падзеі, хаця яны павінны былі адбыцца на вачах у сучасьнікаў. Далей тое, што да апошняй хвіліны жыцьцё будзе працягвацца як і заўсёды, а паралеля гэтаму – часы Ноя перад патопам. Потым жа тое, што будучае падзеліць людзей па словах Ісуса; «Адзін бярэцца, а другі пакідаецца». Гэта зусім не азначае, што адзін будзе збаўлены Богам, а іншы ня будзе. Захопнікі Ерусаліму самі вырашалі, каго браць на пакараньне, а каго не чапаць – пакінуць.

І вось галоўнае. Ісус упэўнівае Сваіх вучняў на тое, што яны павінны бадзёрыцца, - таксама як людзі, што чакаюць важных наведвальнікаў, але ня ведаючых дакладнага часу іхняга прыбыцьця. Дадзенае папярэджваньне адносілася паперш да прмежку часу ад сьмерці і ўваскрасеньня Ісуса да разбурэньня Храма. Але гэтае папярэджаньне данясьлося скрозь стагодзьдзі да нашых неспакойных часоў. Хто ведае, што будзе на наступным тыдні ці наступным годзе? Кожная царква і кожны хрысьціянін павінен адказаць на простае пытаньне: «Ці бадзёрацца яны, калі гатуюцца да будучых пераменаў?» Калі Госпад вернецца, дык тыя, хто будзе гатовы, ня толькі апынуцца ў Божай прысутнасьці, але Сам Госпад будзе асабіста служыць ім Сваёй рукою.

Мац 24:45-51
«Хто такі верны і мудры слуга, якога пан ягоны паставіў над хатнімі сваімі даваць ім ежу ў свой час? Шчасьлівы той слуга, якога пан ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэтак. Сапраўды кажу вам, што над усёю маёмасьцю сваёю паставіць яго. А калі скажа той злы слуга ў сэрцы сваім: “Марудзіць прыйсьці пан мой”, — і пачне біць таварышаў сваіх, таксама есьці і піць з п’яніцамі, — прыйдзе пан слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае, і адлучыць яго, і ўчыніць яму адзін лёс з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў» (Мац 24:45-51).

На працягу ўсяго гэтага разьдзелу, тэмы ягоныя зьмяняліся, але сутнасьць заставалася нязьменнай. Зараз жа перад намі зьяўляецца гаспадар дому, які нечакана вяртаецца да яго. Ці застае ён сваіх працаўнікоў у сумленнай працы? Як мы ведаем, у тыя часы, падобная гісторыя ўзьнімалася, як гісторыя пра Бога і Ізраіля. Бог даў Свайму выбранаму народу заданьне і хоча даведацца, вярнуўшыся, пра ягонае выкананьне. Мы бачым Ісуса, Які размаўляе з вучнямі на Аліўнай гары і зьбіраецца даручыць ім працу прапаведваньня Эвангельля ўсім народам. Як жа яны справяцца з гэтым даручэньнем?

Варыянт разьвіцьця падзеяў, у аповядзе Мацьвея, даволі змрочны. Калі слуга, ў адсутнасьці гаспадара, запамятае свае абавязкі, дык абавязкова пападзе ў бяду. Для выразу гэтага жахлівага пакараньня Мацьвей выкарыстоўвае апісаньне жахлівага пакараньня: «Учыніць яму адзін лёс з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў». Розьніца паміж паслухмянасьцю і непаслухмянасьцю ёсьць яшчэ і розьніцаю паміж мудрасьцю і глупствам. У Саламона мы знойдзем мноства прыкладаў таго, што мудры – гэта той, хто памятае пра Бога, тады калі дурны забывае пра Яго. Але мудрасьць і дурасьць мае праяву і ў штодзённым жыцьці людзей: дома і на вуліцы, у шчырасьці і хлусьні, працавітасьці і ляноце.

Быць мудрым – значыць быць заўсёды гатовым да таго, што Бог, у любую хвіліну, можа пастукацца да нас з прапановаю справаздачы. Больш таго, Ісус ужо прыйшоў, а з Ім і Божае Валадарства і мудры чалавек павінен ведаць пра тое, які зараз час у Божым распарадку. І сёньня, ня меньш чым тады, мы павінны, у любы момант, даць справаздачу пра асабістую мудрасьць ці дурасьць. Зразумела, што мы мы ня здольныя пазьбегнуць памылак, але як Пётр ды іншыя вучні Ісуса, мы павінны хутка выяўляць свае памылкі і рабіць усё магчымае, каб іх выправіць.

Разам з абяцаньнем прабачэньня, у Эвангельлі гучыць заклік да пільнасьці і адданасьці. Нельга выкарыстоўваць Божую міласэрнасьць для апраўданьня сваёй слабасьці, як гэта сказаў нехта: «Бог прабачыць мяне, бо гэта Ягоная праца». Нават калі нам падаецца, што за намі ніхто не назірае, мы павінны памятаць пра тое, што каму многае дадзена, з таго многа і спытаецца.


Рецензии