Мат 25 1- 46
Мац 25:1-46
Дадзены разьдзел працягвае апошнюю пропаведзь Ісуса Хрыста, як пропаведзь папярэджаньня. Мэтаю гэтай размовы з вучнямі было жаданьне упэўніць іх у неабходнасьці бадзёрыцца і быць гатовымі да Божага прышэсьця. Ісус прапануе тры прыповесьці, мэта якіх адна і тая ж – запаліць у нас стараннасьць, з якім мы павінны падгатоўваць сябе да сустрэчы з Ісусам Хрыстом. Мы павінны сустрэць Яго, як гэта паказана ў прыповесьці пра дзесяць дзяўчынаў. Мы павінны даць Яму справаздачу, як гэта паказана ў прыповесьці пра трох слугаў. І мы павінны прыняць ад Яго наш канчатковы вырак і, пры тым, вырак да жыцьця вечнага. Усе гэтыя пытаньні патрабуюць ад нас уважлівага разгляданьня, бо гэтыя пытаньні ёсьць першараднымі для ўсіх нас.
Мац 25:1-13
«Тады падобнае будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчынаў, якія, узяўшы лямпы свае, выйшлі насустрач жаніху. А пяць з іх былі мудрыя, і пяць — дурныя. Тыя, што былі дурныя, узяўшы лямпы свае, ня ўзялі з сабою алею. А мудрыя ўзялі алей у пасудзінах сваіх разам з лямпамі сваімі. А як жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі. А сярод ночы ўзьняўся крык: “Вось, жаніх ідзе, выходзьце насустрач яму!” Тады ўсталі ўсе тыя дзяўчыны і направілі лямпы свае. Дурныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо лямпы нашыя згасаюць”. А мудрыя адказалі, кажучы: “Каб хапіла і нам, і вам, ідзіце лепш да прадаўцоў і купіце сабе”. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і падрыхтаваныя ўвайшлі з ім на вясельле, і дзьверы былі зачыненыя. А пасьля прыходзяць і другія дзяўчыны, кажучы: “Пане, пане! Адчыні нам!” Ён жа, адказваючы, сказаў: “Сапраўды кажу вам: ня ведаю вас”. Дык чувайце, бо ня ведаеце ані дня, ані гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы» (Мац 25:1-13).
Сучаснаму чалавеку гэтая прыповесьць можа падацца некалькі дзіўнай. Але, у сапраўднасьці, так гэта і было, бо нават і сёньня гэтая традыцыя дзе-нідзе захоўваецца ў вёсках Палестыны. Вясельле было вялікай падзеяй. Уся вёска выходзіла, каб вітаць маладых па дарозе да іхняга новага дому. Юдэйская прымаўка абвяшчае: «Кожны чалавек, ад шасьці да шасьцідзесяці пойдзе за вясельным барабанам». Рабіны пагаджаліся з тым, што чалавек можа нават прыпыніць вывучэньне закону, каб прыняць удзел у радасьці вясельнага піру. Галоўнае ў гэтай гісторыі ляжыць у юдэйскім звычаі, які вельмі адрозьніваецца ад ўсяго таго, што ведаем мы. Маладыя не адпраўляліся ў вясельную вандроўку, а заставаліся дома і, на працягу тыдня, трымалі дом адчыненым. Да іх, увесь гэты час, адносіліся як да вышэйшых валадарскіх асобаў, зьвяртаючыся да іх такім асобным чынам.Гэта быў самы радасны тыдзень у іхнім жыцьці і разам з імі сьвяткавалі і бліжэйшыя сябры і сяброўкі.
Вандроўнік Аляксандр Фіндлі так апісвае бачанае ім у Палестыне: «Калі мы набліжаліся да брамы галілейскага горада, - піша ён, - я ўбачыў дзесяць прыгожа апранутых дзяўчынаў, якія гралі на нейкіх музычных інструмантах і танчылі на дарозе перад нашым аўтамабілем. На маё пытанне, што яны робяць, перакладчык сказаў мне, што яны складаюць кампанію нявесце ў чаканні жаніха. Я спытаў у перакладчыка, ці можна ўбачыць сам шлюб, але ён пакруціў галавой і сказаў: “Можа быць, яно будзе сёння ўвечары, ці заўтра ўвечары, ці праз два тыдні, ніхто ніколі дакладна не ведае гэтага”. Потым ён стаў тлумачыць, што вельмі цікава пабываць, падчас шлюбу, у сям'і сярэдняга класа на шлюбным балі. Жаніх прыбывае нечакана, часам сярод ночы; ён, праўда, павінен, на агульную думку, паслаць наперадзе па вуліцы чалавека, які выкрыквае: “Глядзіце! Жаніх ідзе!”, але гэта магло быць у любы час, і таму ўсе павінны былі ў любы час быць гатовымі выйсці на вуліцу, каб сустрэць яго, калі б ён ні захацеў прыйсці. Важна таксама адзначыць, што з надыходам цемры ніхто не можа выходзіць на вуліцу без запаленай лямпы, і што, калі жаніх прыбыў, то дзверы за ім зачыняліся, якія спазніліся ўвайсці ўжо не дазвалялася». Вось уся драма прыповесьці Ісуса, якая паўтарылася ў дваццатым стагоддзі. Перад намі не прыдуманая гісторыя, а кавалачак жыцця палестынскай вёсцы.
Як і многія прыповесьці Ісуса, гэтая прыповесьць мае як канкрэтнае, так і агульнае значэньне. У канкрэтным значэньні яна накірована супраць юдэяў. Яны былі выбраным Богам народам і ўся іхняя гісторыя была гісторыяй падрыхтоўкі да прышэсьця Мэсіі. Яны павінны былі быць падгатаванымі да гэтага, але калі Ісус прыйшоў, яны апынуліся ў непадгатаваным стане і засталіся за парогам вясельнага піру. Але прыповесьць адкрывае для нас і некалькі агульных рэчаў.
Прыповесьць папярэджвае нас пра тое, што некаторыя рэчы нельга дастаць ці зрабіць у апошнюю хвіліну. Позна пачынаць падрыхтоўку да іспыту, калі іспыт пачынаецца праз некалькі гадзінаў. Позна чалавеку пачынаць набываць майстэрства ці ўменьне, калі яму ўжо прапанавалі нейкае заданьне. Так і з Богам. Можна аддаць увесь свой час розным справам такім чынам, што ня будзе ўжо часу, каб падгатавацца да сустрэчы з Богам. Прыповесьць папярэджвае нас і пра тое, што ёсьць такія рэчы, якія нельга пазычыць у іншых. Неразумныя дзяўчыны не змаглі пазычыць алею, калі ён ім тэрмінова патрабаваўся. Чалавек ня можа пазычыць адносіны з Богам – гэтыя адносіны ён павінен мець сам. Мы ня можам жыць за кошт духоўнага набытку іншых людзей. Некаторыя рэчы мы павінны здабыць самі, таму што іх нельга пазычыць у іншых.
«Ён жа, адказваючы, сказаў: “Сапраўды кажу вам: ня ведаю вас”». Гэта пра тых неразумных дзяўчынаў, якія, па сутнасьці, былі прытворнымі сяброўкамі і якія ня мелі да гэтага вясельля ніякіх адносінаў. Зараз жа прытворства зьнікла, а іхняя грахоўная сутнасьць была выкрытая. Так і няверуючы людзі адчуюць момант вялікага жаху, калі ўбачаць Сьвятога Бога і па-сапраўднаму адчуюць, што яны загінулі навечна. Падобна, што тыя ж пачуцьці адчулі людзі ў дні Ноя, калі зразумелі, што дзьверы каўчэга ўжо не адчыняцца і воды патопа самкнуцца над іхнімі галовамі.
Мац 25:14-30
«Бо, як чалавек, выяжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і даў ім маёмасьць сваю. І аднаму даў пяць талентаў, а іншаму — два, а іншаму — адзін; кожнаму паводле сілы ягонай, і адразу выехаў. Той, які ўзяў пяць талентаў, пайшоўшы, працаваў з імі і прыдбаў другіх пяць талентаў. Гэтаксама і той, які ўзяў два, прыдбаў і другія два. А той, які ўзяў адзін, адыйшоўшы, закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра пана свайго. Праз доўгі час прыходзіць пан слугаў тых і рахуецца з імі. І, падыйшоўшы, той, які ўзяў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: “Пане, пяць талентаў ты даў мне; вось другія пяць талентаў я прыдбаў на іх”. А пан ягоны мовіў яму: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”. Падыйшоўшы, той, які ўзяў два таленты, сказаў: “Пане, два таленты ты мне даў, вось, другія два таленты я прыдбаў на іх”. Мовіў яму пан ягоны: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”. А той, які ўзяў адзін талент, падыйшоўшы, сказаў: “Пане, я ведаю цябе, што ты — чалавек жорсткі, які жне, дзе ня сеяў, і зьбірае, дзе не рассыпаў. І, збаяўшыся, я пайшоў і схаваў талент твой у зямлю: вось, трымай тваё”. Адказваючы, пан ягоны сказаў яму: “Злы слуга і лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў. Дык мусіў ты аддаць срэбра маё мянялам; і я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з прыбыткам. Дык вазьміце ў яго талент і дайце таму, які мае дзесяць талентаў. Бо ўсякаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе ўзята ў яго. А нягоднага слугу кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў”» (Мац 25:14-30).
Гэтая прыповесьць, падобна папярэдняй, зьмяшчае канкрэтны ўрок для тых, хто слухаў яе ў той час, але і ня толькі. Яна вядомая ўсім, як «Прыповесьць пра таленты». Талент быў грашовай адзінкай, але не манетай, а вагою і, адпаведна, ягоны кошт залежыў ад таго, было гэта золата, срэбра ці медзь. Часьцей за ўсё, гэта было срэбра. Каб зразумець узровень каштоўнасьці гэтай грашовай адзінкі, трэба ведаць, што адзін талент быў роўным плаце работніку за 15 дзён працы. Наша ж сёняшняе слова «талент», якое азначае здольнасьць ці майстэрства чалавека, паходзіць ад гэтага талента з эвангельскай прыповесьці.
Калі мы чытаем гэтую прыповесьць, дык мімаволі засяроджваем сваю ўвагу на тым чалавеку, які, атрымаўшы талент, схаваў яго ў зямлю, каб потым уручыць яго гаспадару ў захаваным выглядзе. Безумоўна, што гэта пра фарэсэяў ды кніжнікаў, якія атрымалі ў дар Закон Майсея, Храм і адчуваньне прысутнасьці Госпада. Ім былі дадзены цудоўныя абяцаньні, што Бог дабраславіць ня толькі Ізраіля, але, праз яго, і ўвесь сьвет. Але яны закапалі гэты свой талент у зямлю, аддаючы перавагу не таму, каб быць сьвятлом сьвету, але каб захаваць гэтае сьвятло для сябе. Яны сталіся недастойнымі слугамі і зараз іхні гаспадар вяртаецца, каб заклікаць іх да адказу. Будучае разбурэньне Ерусаліму і Храма павінна было быць успрынятым як пакараньне слугі, які не выканаў наказ свайго гаспадара. Уся мэта кніжнікаў і фарысэяў была ў тым, каб захаваць закон у першапачатковым стане. Па іхнім жа словам яны шукалі пабудаваць плот вакол закону і любое нейкае новае было для іх праклёнам. Падобна чалавеку з адным талентам, яны хацелі захаваць усё ў тым выглядзе, як гэта і было і за гэтае яны былі асуджанымі. Ісус кажа нам, што Бог ня можа атрымаць ніякай карысьці ад таго, хто адмяжаваўся ад усяго. Але ў гэтай прыповесьці заключана яшчэ і шмат іншага.
Бог дае людзям розныя таленты і здольнасьці. Адзін чалавек атрымлівае пяць талентаў, другі – два, а трэці – адзін. Але важна тое, як чалавек карыстаецца гэтым. Бог ніколі не патрабуе ад чалавека таго, чаго ў яго няма, але Ён патрабуе, каб чалавек у поўнай меры выкарыстоўваў тыя здольнасьці, якія ён атрымаў ад Госпада. Таленты ў людзей неаднолькавыя, але ў сваёй стараннасьці рэалізацыі талентаў, яны могуць быць роўнымі. Прыповесьць і кажа пра тое, што які б талент у нас ня быў, - маленькі ці вялікі, - мы павінны выкарыстоўваць яго ў служэньні Госпаду. Яшчэ мы бачым тое, што за добрую працу мы ўзнагароджваемся яшчэ большай працай для Госпада.
Прыповесьць кажа пра тое, што будзе пакараны той чалавек, які ня хоча нават і паспрабаваць нешта зрабіць. Чалавек з адным талентам не згубіў сваіх грошай, бо ён папросту нічога не рабіў. Было б нават лепей, каб ён паспрабаваў нешта зрабіць і з гэтага згубіць іх, чым не рабіць нічога. Чалавека, у якога ёсьць адзін талент, заўсёды турзае спакуса, каб сказаць: «Я чалавек малы і слабы, маючы толькі адзін талент, каб нешта істотнае зрабіць, а таму можа і ня трэба нават і спрабаваць». Такі чалавек будзе асуджаны, бо, маючы нават адзін талент, не прыклаў ніякіх намаганьняў, каб выкарыстаць яго на добрае.
Прыповесьць дае нам правіла жыцьця, якое справядлівае ў-ва ўсе часы: хто мае - таму будзе дадзена яшчэ, а хто ня мае, той згубіць і больш. Сэнс гэтага ў наступным. Калі ў чалавека ёсьць талент і ён выкарыстоўвае яго, дык ён будзе здольным рабіць усё больш і больш. Але, калі ў чалавека ёсьць талент і ён яго не выкарыстоўвае, дык ён непазьбежна згубіць яго. Гэта ў роўнай ступені справядліва для гульні ў футбол і на гітары, для сьпеваў і падрыхтоўцы пропаведзяў, для вывучэньня Пісаньня і тлумачэньня яго, для кулінарных справаў і стварэньня новых ідэяў. Жыцьцё вучыць нас, што ёсьць толькі адзін спосаб сапраўднага разьвіцьця здольнасьцяў – выкарыстоўваць іх на служэньне Богу і людзям. Прыповесьць пра таленты дае нам накірунак на разважаньне па чатырох асьпектах нашых духоўных магчымасьцяў: нашая адказнасьць за даручэньне ад Госпада; нашая рэакцыя, як стараннасьць выкананьня; нашая справаздача перад Госпадам і нашая нагарода.
Мац 25:31-46
«А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя анёлы з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй. І будуць сабраныя перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, якія праваруч Яго: “Ідзіце, дабраслаўлёныя Айцом Маім, вазьміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад заснаваньня сьвету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есьці; Я смагнуў, і вы напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы прынялі Мяне, быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне”. Тады адкажуць Яму праведнікі, кажучы: “Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасьмяглым і напаілі? Калі ж мы бачылі Цябе чужынцам і прынялі, ці голым і апранулі? Калі ж мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе?” І, адказваючы, Валадар скажа ім: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы ня далі Мне есьці; смагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і вы не адведалі Мяне”. Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасьмяглым, ці чужынцам, ці голым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?” Тады адкажа Ён ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, Мне не зрабілі”. І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі — у жыцьцё вечнае» (Мац 25:31-46).
Гэтая прыповесьць найбольш яркая з расказаных Ісусам і ўрок з яе цалкам зразумелы. Бог будзе судзіць нас па нашым адносінам да чалавечых патрэбаў. Ён будзе судзіць нас не за нашую набытую славу ці нашае набытае багацьце, а адзіна па аказанай намі дапамозе блізкаму. І гэтая прыповесьць вучыць нас некаторым рэчам адносна такога дзеяньня.
Простыя рэчы і простыя дзеяньні. Тое, што выбраў Ісус, - даць галоднаму есьці, даць сасьмягламу піць, прыняць чужынца, наведаць хворага, прыйсьці да таго, хто ў вязьніцы, апрануць голага, - гэта можа зрабіць кожны. Гэта не каштуе вялікіх грошай, але адкрывае кожнаму шлях да славы. Але гэта не павінна быць нейкім разьлікам пра набыцьцё заслугаў для вечнасьці, а толькі натуральнай рэакцыяй любячага сэрца. Многія гатовыя дапамагаць, калі пачуюць хвалу і падзяку і калі гэтае станецца вядомым усім. Але гэта ніяк не зьвязанае з шчодрасьцю, бо ёсьць прыхаваным эгаізмам. Бог ухваляе дапамогу, якая ёсьць проста дапамогаю. Ісус паказвае нам Сваю праўду: аказваючы такую дапамогу, мы аказваем дапамогу Яму, а ўсякая дапамога, якая не была аказаная, не была аказаная Яму. Як гэта разумець? Бог – вялікі Айцец і лепшы спосаб узрадаваць Божае сэрца – дапамагчы Ягоным дзецям, нашым блізкім.
Справядлівасьць – адно з самых патаемных жаданьняў чалавецтва. Калі яе няма, дык мы, у сэрцы сваім, адчуваем тое, што адбываецца нешта няправільнае. Гэтае разуменьне азначае ня проста пакараньне амаральнасьці, але нешта нашмат большае – вяртаньне сьвету да першапачатковай рэальнасьці. Хрысьціяне, як і юдэі, упэўненыя ў тым, што нашае жаданьне да справядлівасьці зыходзіць ад Самога Бога. Існуе вера, што, у рэшце рэшт, Бог усталюе справядлівасьць у-ва ўсім сьвеце. Толькі тады сьвет будзе прыведзены ў парадак.
«Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі». Хто ж такія гэтыя меньшыя браты? Ісус казаў пра тое, што гэта ёсьць кожны, хто выконвае волю Божую. Ён кажа пра тое, што хрысьціяне павінны клапаціцца пра чалавека так, як пра самога Ісуса. Але ўсё ж сэнс гэтай прыповесьці – ня толькі ў гэтым звыклым тлумачэньні. Гэты аповяд зьяўляецца апагеем папярэдняй пропаведзі Ісуса, дзе Ён абвінавачваў гебраяў і казаў пра Сваё будучае ўзьнясеньне. Ісус абвяшчае, што Ён будзе судзіць сьвет у адпаведнасьці з тым, як народы адносіліся да таго Ізраіля, які ўжо адноўлены Ім. Суд над народамі заўсёды лічыўся часткаю прызначэньня Мэсіі, Які часта ўяўляўся пастухом, як гэта і сказана ў Ізэкііля: «І пастаўлю над імі аднаго пастыра, які будзе пасьвіць іх, раба Майго Давіда; ён будзе пасьвіць іх і ён будзе ў іх за пастыра» (Ез 34:23). Магчыма таму Мацьвей і кажа пра авечак і казлоў.
Але калі Ісус зойме Свой пасад, у атачэньні ўсіх сьвятых анёлаў? Мы ўжо чыталі раней пра гэтыя падзеі, дзе Ісус кажа не пра Сваё другое прышэсьце, але пра тыя падзеі, якія адбудуцца яшчэ пры жыцьці гэтага пакаленьня. У адпаведнасьці з многімі новазапаветнымі тэкстамі, Ісус ужо кіруе сьветам і ці не павінны мы лічыць, што суд адбываецца на працягу ўсёй чалавечай гісторыі – ад часу ўваскрасеньня і ўзнясеньня Хрыста да сёняшняга дня? Можа быць, што апошні суд няўхільна рухаецца нам насустрач? Безумоўна тое, што аднойчы суд над сьветам адбудзецца канчаткова. І Мацьвей дае нам напамін пра тое, што Ісус, ужо кіруючы сьветам, клапоціцца за Сваіх пасьлядоўнікаў, -як Сваіх братоў і сёстраў – на ўсіх шляхах іхняга жыцьця.
«І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі — у жыцьцё вечнае». Ісус асуджае гэтых людзей не таму, што яны не паслужылі Яму, як, дарэчы, і іншых Ён збавіў не за тое, што яны Яму паслужылі. Гэтыя людзі асуджаныя за тое, што адпрэчылі Хрыста, а тыя, хто ўвайшоў у Валадарства Божае, сталі праведнымі, таму што прынялі Яго, як свайго Госпада і Збаўцу. Тыя ж, хто адпрэчыў Хрыста, засталіся ў тым становішчы, у якім не маглі рабіць праведных учынкаў. Заўважым і тое, што Ісус выкарыстоўвае слова «вечнае», калі кажа пра асуджэньне ці пра збаўленьне. Калі веруючыя будуць заўсёды з Госпадам у нябёсах, дык загіблыя грэшнікі будуць заўсёды ў пекле з д’яблам. Праведныя веруючыя ўвойдуць у жыцьцё вечнае, каб у славе быць з Госпадам і Збаўцам.
Свидетельство о публикации №226010402076