Мат 6 1-34

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 6:1-34

Прыступаючы да вывучэньня гэтага разьдзелу, перад намі паўстае пытаньне: «Якое месца займае ў хрысьціянскім жыцьці ідэя нагароды?» Вельмі часта сьцьвярджаюць, што такая ідэя ня мае месца ў хрысьціянскім жыцьці. Нехта нават казаў, што ён заліў бы вадою ўсе агні пекла і спаліў бы агнём усе нябесныя радасьці, каб толькі людзі імкнуліся да дабрадзейнасьці выключна дзеля дабрадзейнасьці і каб выгнаць спрэс з жыцьця чалавека ідэю пра нагароду і ідэю пра пакараньне. Цікавая думка, але Ісус так ня думаў і казаў, што будзе нагарода таму, хто правільна робіці міласьціну, правільна моліцца і правільна посьціцца. Цікава? Тады ўсё па парадку.

Мац 6:1-6
«Сьцеражыцеся, не рабіце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, Які ў небе. Калі ж даеш міласьціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб людзі славілі іх. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю. У цябе ж, калі ты робіш міласьціну, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць правая, каб міласьціна твая была ўтоена, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна. І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, бо яны любяць у сынагогах і на вуглах вуліцаў, спыніўшыся, маліцца, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю.  Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна» (Мац 6:1-6).

У тагачасным рэлігійным жыцьці галоўнымі дзеямі сярод юдэяў былі міласьціна, малітва і пост. Ісус лічыў гэта бясспрэчным, але Яго вельмі хвалявала тое, як гэта рабілася юдэямі. Таму Ён і папярэджвае іх, што калі гэта робіцца з крывадушнасьці, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, дык яны, гэтыя цудоўныя дзеі, губляюць сваю каштоўнасьць. Чалавек можа даваць міласьціну ня дзеля таго, каб дапамагчы іншаму, а каб прадэманастраваць усім сваю шчодрасьць, здабываючы падзяку і пахвалу атачаючых людзей. Ён можа і маліцца так, каб прадэманстраваць іншым сваю асаблівую набожнасьць. Чалавек можа посьціць не на добрае сваёй душы, ня дзеля таго, каб упакорыцца перад Госпадам, але каб прадэманстраваць сьвету, як ён добра трымаецца ў гэтым мерапрыемстве. Чалавек можа рабіць гэтыя добрыя справы толькі для таго, каб атрымаць пахвалу людзей, узьняць свой прэстыж, паказаўшы сьвету сваю дабрачыннасьць.

Ісус, у Сваім папярэджаньні, як бы кажа наступнае. Для гэтага ж мы працытуем думку аднаго вядомага багаслова: «Калі вы даяце міласьціну дзеля таго, каб паказаць сваю шчодрасьць, вы даможацеся пахвалы ад людзей – вы атрымліваеце нагароду спаўна, бо гэта тое, што вам належыць. Калі вы молецеся, каб выставіць на паказ сваю пабожнасьць перад людзьмі, дык вы набудзеце рэпутацыю пабожнага чалавека, але гэта ўсё, бо тым самым вы атрымліваеце ўсё спаўна. Калі вы посьціцеся так, каб усе людзі пра гэта ведалі, вы набываеце рэпутацыю ўмеранага ў ежы і аскетычнага чалавека, але гэта і ўсё – гэта вам плата спаўна». Такім чынам Ісус, як бы, кажа: «Калі вашая адзіная мэта заключана ў тым, каб атрымаць нагароду ад сьвета, дык вы яе безумоўна і атрымаеце, але не чакайце той нагароды, якую можа даць толькі адзін Бог». Хто хапаецца за часовыя нагароды сьвету і губляе нагароду вечнасьці, той чалавек няшчасны і блізарукі.

Міласьціна і дабрачыннасьць былі сьвятымі абавязкамі ў юдэяў. Даваць міласьціну азначала набываць заслугі ў вачах Бога і нават атрымаць прабачэньне за мінулыя грахі. У рабінаў была прымаўка: «Робячы міласьціну больш за таго, хто прыносіць ахвяры». У сьпісу добрых справаў міласьціна стаяла на першым месцы і таму вельмі натуральна тое, што чалавек богабаязны старанна даваў міласьціну. Больш таго, рабіны казалі: «Хто дае міласьціну ў тайне, вышэй за Майсея». І гэта, у вышэйшай сваёй праяве, адпавядала вучэньню Хрыста, але штодзённая практыка была далёкай ад запаведзі Бога. Людзі давалі міласьціну так, каб усе бачылі гэтае дзеяньне і хутчэй для таго, каб здабыць сабе пахвалу, а ня дзеля таго, каб па сапраўднаму дапамагчы людзям. Прыклад такой дасканалай міласьціны, у хуткім часе, вызначыць апостал Павал, у сваім зьвяртаньні да карынцянаў: «Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, быўшы багатым, зьбяднеў дзеля вас, каб вы Яго ўбоствам узбагаціліся» (2 Кар 8:9). Мы павінны даваць так, як даў нам усім Ісус Хрыстос.

Чалавек павінен даваць з пачуцьця доўга. Ён павінен даваць не таму, што іншым разам і ня хоча, але таму, што ня можа ўхіліцца ад гэтага, ня думаючы пра тое, каб мець заслугу ў вачах Бога. Міласьціна, якую дабраслаўляе Бог – гэта тое ахвяраваньне, пра якое, той хто дае, адразу ж забывае. Такая міласьціна робіцца ў любові, у адказ на патрэбу, не чакаючы падзякі. Нават левая рука не павінна ведаць пра зробленае правай, ня кажучы ўжо пра іншых людзей. Падзяка ці непадзяка – гэта ўжо ня нашая справа. Калі чалавек, які мае патрэбу, не адчувае неабходнасьці падзякі, дык мы павінны шкадаваць яго, але не сябе. У Ерусалімскім храме, дарэчы, быў так званы Пакой Маўчаньня, куды ціхенька заходзілі гебраі, каб пакінуць там свае ахвярныя грошы. Заходзілі туды і тыя, хто меў сур’ёзную патрэбу, каб узяць нешта з тых ахвярных грошай. І ніхто нічога ня ведаў. Але ведаў Бог, Якому ніякія нашыя грошы не патрэбны. Ахвяры ж патрэбныя нам самім і тым, каму мы служым у імя Яго. Апостал Павал пісаў філіпянам: «Ня тое, каб я шукаў дару, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашу карысьць» (Філ 4:17). Іншымі словамі гэта выглядае так. Калі мы даем, Бог нас дабраслаўляе і калі Бог дабраслаўляе, мы зноў даем з таго, чым Ён нас дабраславіў, як і вучыць нас Стары Запавет: «Тады ўчыняй сьвята сяміцаў Госпаду, Богу твайму, у меру дайнасьці рукі тваёй, колькі дасі, гледзячы па тым, чым спадобіць цябе Госпад, Бог твой» (Др Зак 16:10). Мы павінны дабраахвотна аддаваць з таго, што дае нам Бог. Ахвяраваньне – гэта ня толькі пра грошы, бо гэта тычыцца любой ахвяры ў славу Бога і дзеля патрэбы іншага чалавека. Шлях Божага народа – гэта заўсёды шлях ахвяры.

Галоўная мэта малітвы – гэта размова з Богам і калі Ён не займае галоўнае месца ў малітве, дык гэта і не малітва, але прытворства. Малітва – гэта задума Бога; гэта Ягоны план, але не чалавека. Ісус вучыць гэтаму вельмі проста: «Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна». Агульная малітва таксама мае месца быць, але асноўная частка нашага малітоўнага жыцьця ў літаральным сэнсе павінна быць тайнай. Ісус заўсёды адыходзіў ад усіх, каб памаліцца сам-насам. Нашыя блізкія і знаёмыя могуць ведаць, што мы молімся, але нашыя словы накірованы не да іх, а да Бога. Ісус зьвяртае нашую ўвагу на тое, што сапраўдная малітва – справа вельмі асабістая. Нават, калі мы молімся з іншымі людзьмі і робім гэта дабрасумленна, мы застаемся сам-насам з Богам. Кожны веруючы, які прыходзіць да Бога з чыстым сэрцам і тайнай малітвай, можа разьлічваць на асаблівую ўвагу Айца.

Галоўнае ж ёсьць тое, што калі нашая малітва адпавядае Божым патрабаваньням, дык Айцец наш, Які бачыць тайнае, дасьць нам і яўнае. Самая галоўная тайна, якую Ён бачыць – гэта ня толькі словы ў таемным пакоі, але і думкі, што захаваныя ў патаемным пакоі нашага сэрца. Менавіта гэтыя тайны вельмі важныя для Яго, бо толькі Ён ведае пра іх усё. Трэба заўважыць, што мы самыя не заўсёды ведаем тайны свайго сэрца, бо схільныя памыляцца. Калі ж нашая малітва прызначана для Бога, дык і нагароду мы атрымаем ад Бога. Якая нагарода? Бог ведае і абавязкова дабраславіць нашую шчырасьць перад Ім. Тыя, хто моліцці няшчыра і крывадушна, атрымаюць нагароду ад сьвету, а тыя, хто моліцца шчыра і з пакорай, атрымаюць дабраславеньне ад Бога.

Мац 6:7-15
«А молячыся, не гаварыце лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць пачутыя. Ня будзьце падобныя да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго. Маліцеся ж вось гэтак: “Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё; прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня. І адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё Валадарства, і моц, і слава навекі. Амэн”. Бо, калі вы будзеце адпускаць людзям грахі іхнія, то і вам адпусьціць Айцец ваш, Які ў небе. А калі ня будзеце адпускаць людзям грахоў іхніх, то і Айцец ваш не адпусьціць грахоў вашых» (Мац 6:7-15).

Ісус падкрэсьлівае адрозьненьне Сваёй малітвы ад мудрагелістых магічных формулаў паганаў, якія заклікалі шмат якіх багоў, спадзяюячыся на тое, што нехта з іх адгукнецца на іхнія маленьні. Наогул, малітва – гэта адна з найвялікшых сусьветных таямніцаў. Людзі моляцца ў розных рэлігійных традыцыях і па рознаму. У хужэйшым выглядзе малітва – гэта крык у пустату з спадзяваньнем быць пачутым. У лепшым жа выглядзе прысутнасьць Госпада відавочная. Што тычыцца большасьці хрысьціянаў, дык іхняя малітва – гэта нешта сярэдняе паміж гэтымі дзьвума крайнасьцямі. Госпад дае ўсім нам аснову для ўсіх нашых малітваў, каб мы мелі магчымасьць разважаць і удасканальвацца ў сваіх зьвяртаньнях да Госпада.

Гэта нашая штодзённая малітва, якая пачынаецца з таго, з чаго і павінен пачынацца наш кожны дзень, нашае кожнае зьвяртаньне да Госпада, - кожная нашая шчырая малітва. Мы прызнаем нашага Бога нашым Айцом, бо кажам: «Ойча наш». І калі мы кажам гэтыя сьвятыя словы, мы ўпэўніваем Айца пра тое, што мы выйшлі з Ягонага дома, але мы вяртаемся да Яго. І калі мы не ўкладаем у свой розум сэнс гэтых словаў, дык нашая малітва губляе сваю шчырасьць і наўрад ці будзе прынятая Айцом. Мы прызнаем нашага Бога нашым Айцом, бо мы вяртаемся да Яго ў пакоры і з пакаяньнем у нашых злачынствах супраць Яго. Мы ўпэўненыя, што наш міласьцівы Айцец дазваляе нам прыйсьці ў Ягоны дом і наблізіцца да Ягонага пасаду, бо ахвярная сьмерць Ісуса Хрыста, якая дае нам новае жыцьцё ў Ім, дае нам упэўненасьць у сваім спадзяваньні, што мы прынятыя Айцом і зможам знаходзіцца каля пасаду Госпада разам з нашым вялікім Збаўцам і Хадайнікам перад Айцом, з нашым Абаронцам Ісусам Хрыстом.

«Які ёсьць у небе». Гэтымі словамі, мы, упакораныя дзеці Госпада, прызнаем усю веліч Айца, бо праз пакаяньне прызнаем усю глыбіню нашых злачынстваў і прызнаем усю веліч ахвяры Ісуса Хрыста за нас, Які збавіў нас ад гэтага цяжару злачынстваў, ад нашых грахоў. Мы заклікаем да Госпада, што мы любім Яго: «Сьвяціся імя Тваё». Калі мы, яшчэ немаўляты ў Хрысьце, дык нясьмела ляпечам: «Абба Ойча», але калі мы дужэем у веры і ўмацоўваемся ў Слове Госпада, дык прамаўляем упэўнена, як херувімы: «Сьвяты, сьвяты, сьвяты». Мы вывышаем і праслаўляем Імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, бо калі сьвяціцца Ягонае Імя ў нашых сэрцах, калі мы нясем сьвятло Ягонага жыцьця і сьмерці за нас, дык і самі будзем сьвятлом гэтага сьвету, і будзем сьвяціцца разам з Ім. Дык будзем сьвятымі, як і Ён сьвяты.

Толькі адзін крок аддаляе нашае шчырае пакланеньне і праслаўленьне ад сардэчнага служэньня, якое ёсьць вынік сапраўднай любові і найвышэйшай павагі: «Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі». Калі Бог кранаецца нас і, па волі Сваёй, ставіць нас перад абліччам Ісуса Хрыста, Ён сее на полі нашых сэрцаў гарчычныя зярняткі веры - зерне Валадарства Божага, што Духам Сьвятым вырастае ў вялікае дрэва, перамагаючы пустазельле грэху. Мы адмаўляемся ад непакоры і не спадзяемся больш на нашыя чалавечыя магчымасьці і сілу, бо аддаем перавагу Духу Святому і кажам Госпаду: «Не мая воля, але Твая». Прымаючы волю Божую, мы прымаем Духа Сьвятога ў сваё жыцьцё і жывем з Ягонаю сілай кожны дзень свайго жыцьця ў сьвеце. Мы прымаем Духа Святога аднойчы і назаўсёды – калі прымаем Ісуса Хрыста, як свайго Збаўцу ў гэтым сьвеце. Таму мы павінныя славіць Госпада і казаць разам з Давідам: «Буду славіць Цябе, Госпадзе, Божа мой, усім сэрцам маім і славіць імя Тваё вечна, бо вялікая ласка Твая да мяне. Ты выбавіў душу маю ад пекла апраметнага» (Пс 85:12-13), і, пакуль мы жывыя, няхай жыве дабраславеньне ўсіх тых, хто спазнаў ласку Госпада: «Слаўце Бога нябёсаў, бо вечная ласка Яго» (Пс 135:26).

«Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня» – гэта сардэчнае спадзяваньне нашае на Бога - Ягоную любоў, Ягоную справядлівасьць і Ягоную міласэрнасьць. Калі Бог выбраў нас, калі любіць, як стварэньні на падабенства Сваё, дык ніколі ня кіне нас у нястачы і заўсёды дасьць нам выйсьце з любых цяжкіх абставінаў, бо насычае нас Духам Сьвятым, Які напаўняе нашае жыцьцё радасьцю, супакоем, любоўю, мірам і праўдай.

Веруючы, сэрца якога асьвячаецца Сьвятым духам выяўляе, што ён ня толькі залежны ад Бога, але і грэшны, таму ён моліць пра дараваньне грахоў: «І адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым». Дух Сьвяты абвінавачвае нас, калі мы грашым і, часам, мы настолькі глухія да Ягоных абвінавачваньняў, што голас Духа Сьвятога падаецца шэптам. Але Ён будзе абвінавачваць нас у граху пакуль мы не пакаемся і не атрымаем за яго прабачэньня і не ачысьцімся ад яго, бо наш грэх з’яўляецца ганебнай плямай на нашай чысьціні перад Госпадам і Дух Святы не дазваляе яму ў нас заставацца. Госпадзе, хай мы пакінем нашыя грахі, хай набудзем мы прабачэньне і чысьціню, каб Ты мог выкарыстоўваць нас у праведнасьці Сваёй. Дух Сьвяты ачышчае нашыя сэрцы ад пустазельля крыўды на вінаватых нашых і калі мы атрымалі прабачэньне і апрануліся ў адзеньне праведнасьці, мы пакорліва просім: «І ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога».

Збаўлены Госпадам веруючы з усіх сілаў імкнецца процістаяць спакусам. Ён заклікае да Бога, каб умацавацца Духам Сьвятым і абараніцца ад спакусаў. Сілай Духа Сьвятога мы здольныя перамагчы д’ябла: «Так што, хто думае, што стаіць, няхай сьцеражэцца, каб ня ўпасьці. Вас наведала спакуса ня іншая, як чалавечая. Але верны Бог, Які не пакіне вас быць спакушанымі больш, чым вы можаце, але са спакусай зробіць і выхад, каб вы маглі перанесьці» (1 Кар 10:12-13). У Госпадзе мы знаходзім сілу, каб перамагчы нячыстага: «Дык падпарадкуйцеся Богу; супраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас» (Як 4:7). Д’ябал, на кожным кроку, імкнецца абвінаваціць нас перад Айцом, але ласка Божая ёсьць у тым, што калі мы паверылі Ісусу Хрысту, як нашаму Збаўцу – мы атрымліваем сілу Духа Сьвятога і можам утрымлівацца перад усімі дзеяньнямі нячыстага супраць нас і, такім чынам, рабіць усе абвінавачваньні д’ябла несэнсоўнымі і ня маючымі законнай сілы: «І пачуў я голас вялікі, які казаў у небе: «Цяпер сталася збаўленьне, і моц, і Валадарства Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінавальнік братоў нашых, які дзень і ноч вінаваціў іх перад Богам нашым. І яны перамаглі яго праз кроў Ягняці і праз слова сьведчаньня свайго і не любілі душы сваёй аж да сьмерці.» (Адк 12:10-11).

Пасьля закліку пра дабраславеньне, мы ўзносім хвалу Госпаду: «Бо Тваё Валадарства, і моц, і слава навекі. Амэн». Мы радуемся таму, што наш Валадар кіруе ў міласьці Сваёй «ад ракі да канцоў зямлі» і ня будзе канцу Ягонаму Валадарству. Такім чынам, гэтая асноўная нашая малітва вядзе душы нашыя ад адчуваньня вяртаньня ў дом Айца, да дасканалых зносінаў з нашым Госпадам. Наш нябесны Айцец хоча, каб мы маліліся кожнадзённа, спасьцігаючы Ягоную любоў, атрымліваючы новыя веданьні і ўдасканальваючыся ў сваім служэньні Яму.

Мац 6:16-24
«А калі посьціце, ня будзьце панурымі, быццам крывадушнікі; бо яны зьмяняюць абліччы свае, каб, посьцячыся, паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю. А ты, посьцячыся, памаж галаву тваю і абмый аблічча тваё, каб ня перад людзьмі паказацца посьцячым, але перад Айцом тваім, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна. Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчаць, і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць; але зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ані моль, ані іржа ня нішчаць, і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць. Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае. Сьветач цела ёсьць вока. Калі вока тваё чыстае, усё цела тваё будзе сьветлае. Калі ж вока тваё злое, усё цела тваё будзе цёмным. Калі ж сьвятло, якое ў табе, ёсьць цемра, дык якая ж цемра сама? Ніхто ня можа служыць двум панам; бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне» (Мац 6:16-24).

Пост заўсёды быў важным складнікам рэлігійнага жыцьця на ўсходзе. Старажытныя гебраі трымалі пост, які доўжыўся ад пачатку дня да заходу сонца. У больш позьнія часы мусульмане строга выконвалі і выконваюць пост у Рамадан – дзявяты месяц мусульманскага календара, ў гонар першага адкрыцьця прароку Магамету. Выключэньні былі толькі хворым, цяжарным, ваенным ды вандроўнікам. У часы Ісуса быў толькі адзін абавязковы пост – у дзень Ачышчэньня. У гэты дзень з ранку і да вечара ўсе былі павінны ўпакорвацца: «Гэта субота спачыну вам, упакорвайце душы вашыя. Гэта пастанова вечная» (Ляв 16:31). Былі і яшчэ розныя посты, па розным прычынам жыцьця, але кожны з іх быў намаганьнем прыцягнуць да гэтага ўвагу Бога. Але, якімі б высокімі не былі ідэялы гебраяў пра пост, практыка посту казала пра адваротнае. Людзі імкнуліся паказаць іншым высокія паказчыкі сваёй набожнасьці. Усё гэта ведаў і бачыў Ісус, а таму, асуджаючы няправільны пост, прапануе мудры спосаб посьціцца, які мы ўсе павінны падтрымліваць.

Пост карысны для здароўя, таму што многія вядуць такі вобраз жыцьця, што могуць стаць хворымі ды слабымі. Многія і жывуць, каб есьці, але не ядуць, каб жыць. І таму многім і многім вельмі было б карысным посьціцца, каб пазбавіцца хваробаў ды павялічыць тэрмін свайго жыцьця. Пост карысны для самадысцыпліны, бо зусім няцяжка патураць сябе ў-ва ўсім. Пост захоўвае нас ад таго, каб мы ня сталі рабамі сваіх звычак, бо для таго, хто мудра посьціцца, нічога ня можа стаць мэтаю і ніякая звычка ня стане гаспадаром. Пост разьвівае здольнасьць абыходзіцца бяз пэўных рэчаў, бо некаторыя рэчы, асабліва раскошныя, маюць вельмі сур’ёзны ўплыў на жыцьцё чалавека. Пост прымушае нас яшчэ больш цаніць нашае жыцьцё з Госпадам нашым Ісусам Хрыстом. Пост – гэта акт адрачэньня ад самога сябе, «зьнішчэньне» цела, накладаньне сьвятога спагнаньня на самога сябе і пакоры пад моцную руку Бога. Такім чынам хрысьціяне прызнаюць, што ім няма чым хваліцца і што яны нявартыя нават і свайго штодзённага хлеба. Пост прызначаны для ўтаймаваньня цела і яго пажаданьняў, ён робіць нас больш энэргічнымі ў практыкаваньнях пабожнасьці, у той час, як поўны страўнік цягне да сну. Апостал Павал, напрыклад, вельмі часта посьціў, упакорваючы і ўціхамірваючы сваё цела. Ісус настаўляе нас у тым, каб ня посьціцца так, як гэта робяць крывадушнікі, каб не згубіць нагароды ад Бога, але быць у згодзе з Ім.

«Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі». Ісус папярэджвае людзей ад наступстваў такога зьбіраньня: «Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае». Чалавек, шчасьце якога залежыць ад рэчаў, якія ён зьбірае, будзе, у рэшце рэшт, расчараваны, бо ніводная з іх ня мае вечнага жыцьця, але ўсё вечнае ёсьць у небе. Юдэі казалі, што добрыя справы, якія зьдзейсьніліся на зямлі, ператвараюцца ў скарбы ў небе. У юдэяў, дарэчы, была знакамітая гісторыя пра нейкага валадара Манабаза, які навярнуўся ў юдаізм. Гэты Манабаз, у галодны год, раздаў усе свае багацьці бедным людзям. Браты ж ягоныя сказалі яму: «Бацькі твае зьбіралі багацьце і дадавалі гэта да багацьця бацькоў сваіх, а ты раскідаў іх і свае багацьці». На што Манабаз адказаў : «Бацькі мае зьбіралі багацьці для сьвету зямнога, а я зьбіраў багацьці для сьвету нябеснага. Яны захоўвалі багацьці там, дзе ёсьць улада чалавека, а я зьмясьціў багацьце там, дзе яно непадуладна чалавеку. Бацькі мае зьбіралі багацьце, якія не прыносілі ніякай карысьці, а я зьбіраў скарбы свае для карысьці людзям. Бацькі мае зьбіралі матэрыяльныя багацьці, а я зьбіраю духоўныя скарбы. Бацькі мае зьбіралі багацьці для іншых, а я сабраў скарбы для сябе. Бацькі мае зьбіралі скарбы ў гэтым сьвеце, а я зьбіраў скарбы для сьвету будучага». Юдэі былі ўпэўненымі ў тым, што эгаістычныя набыткі стануцца стратаю, а тое, што аддадзена іншым, створыць скарбы ў небе.

У будучы сьвет нябёсаў чалавек можа ўзяць толькі самога сябе і чым выдатней гэтае «Я», якое ён бярэ з сабою, тым больш скарбаў у яго будзе там. Калі чалавек шануе толькі зямное, дык ён з жалем будзе пакідаць гэты сьвет; калі ж думкі чалавека былі ў сьвеце будучым, дык ён з радасьцю пакіне гэты сьвет, бо ён, нарэшце, ідзе да Бога. Гэты сьвет ня ёсьць канцом усяго жыцьця, але ёсьць прыступкам на шляху жыцьця. І таму чалавек не павінен аддаваць сваё сэрца скарбам зямным, але вочы і сэрца ягоныя павінны заўсёды імкнуцца ў нябёсы да Госпада. Ісус вучыць усіх нас, што жыць трэба так, каб служыць Госпаду і любіць Яго больш за ўсе скарбы гэтага сьвету.

«Сьветач цела ёсьць вока». Што мае на ўвазе Ісус? Ці ня тое, што наш погляд заўсёды павінен быць зьвернутым на Яго? Так, хаця мы і ня можам убачыць Яго рэальна. Але ёсьць сьветач цела, які, адчуваньнем Божай прысутнасьці, бачыць Яго, даючы чалавеку магчымасьць размаўляць з Ім і служыць Яму. Апостал Павал і кажа пра гэта, зьвяртаючыся да карынцянаў: «Бо гэты караценькі лёгкі прыгнёт наш робіць яшчэ большай і большай вагу славы вечнае для нас, якія глядзім не на бачнае, але на нябачнае, бо бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае». Адзін чалавек сказаў, што сапраўдны хрысьціянін падобны на жаўрука, які ўзьнімаецца ўсё вышэй і вышэй, забываючы пра тое, што засталося ў нізе. Крывадушнік жа, маючы злое вока, падобны на каршука, які, лётаючы высока, уважліва глядзіць уніз, каб выглядзець ахвяру і, пры магчымасьці, схапіць яе. Ісус вучыць нас, што самае важнае ў нашым рэлігійным жыцьці – гэта быць праўдзівым і шчырым у сваіх мэтах, як і неабходнасьці зрабіць сваёй мэтай ня бачнае, але нябачнае.

«Ня можаце Богу служыць і мамоне». Мамонай раней называлі ўсё, што тычылася маёмасьці і багацьця. Мамоне нават і пакланяліся, як боству, ад чаго і перасьцярагаў Ісус. Мы шмат жартуем наконт грошай, таму што ведаем пра іхнюю ўплывовую сілу. Адзін чалавек жартоўна выказаўся пра свае адносіны з імі: «Грошы размаўляюць па рознаму, але асабіста мне яны заўсёды кажуць: “Да пабачэньня”». Ісус ведае, што грошы маюць магчымасьць авалодаць душамі людзей, але калі мы маем правільны выбар, дык адзіным нашым уладаром ёсьць Бог, Якому і трэба служыць усім тым, што мы маем.

Мац 6:25-34
«Таму кажу вам: не клапаціцеся пра душу вашую, што вам есьці і што піць, ані пра цела вашае, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела — за адзеньне? Паглядзіце на птушак нябесных, што ані сеюць, ані жнуць і не зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за іх. Хто ж з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? І наконт адзеньня чаго клапоціцеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць. А Я кажу вам, што нават Салямон у-ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так апранае, дык ці ня шмат больш вас, малаверы? Дык не клапаціцеся, кажучы: “Што нам есьці?”, ці: “Што нам піць?”, ці: “У што апрануцца?” Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане. Бо Айцец ваш Нябесны ведае, што вам усё гэтае патрэбна. Шукайце ж перш Валадарства Божага і праведнасьці Яго, і тое ўсё дадасца вам. Дык не клапаціцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень сам будзе клапаціцца пра сябе. Досыць дню свайго ліха» (Мац 6:25-34).

Чытаючы гэтыя радкі прыходзіць думка, што такое мог сказаць чалавек шчасьлівы, які ня мае асаблівых клопатаў і ня вельмі турбуецца пра дзень будучы. А калі гэта словы Ісуса, дык з гэтага вынікае, што менавіта Яго і можна назваць шчысьлівым. Так, Пісаньне кажа пра Мэсію, як чалавека скрухі. І гэта часткова так, бо мы ведаем выпадкі відавочных пакутаў Ісуса. Мы бачылі Ягоныя сьлёзы ля магілы Лазара. Мы ведаем пра Ягоны плач па Ерусаліму. Мы ведаем Ягоную малітву да крывавага поту ў Гэтсэманскім садзе. Мы ведаем, што ўся цемра і скруха сьвету абрынуліся на Ісуса, калі Ён узыйшоў на Крыж. І ўсё ж – гэта выключныя выпадкі, якія падобныя цёмным плямам нязначнага памеру на фоне вялікага сьветлага палатна Ягонага жыцьця.

Уяўляецца, што гэтыя словы Ісуса відавочна выліваюцца з Ягонага асабістага жыцьцёвага вопыту. Ісус быў дасканалым Чалавекам. Пачынаючы ад дзяцінства. Ён быў дасканалым вучнем, дасканалым майстрам, і дасканалым выхавацелем у Сваёй сям’і. Ён быў дасканалым дасьледчыкам прыроды і дасканалым псіхологам, бо шмат вандраваў, бачачы розныя краіны і розных людзей. Відавочна, што Ён назіраў за птушкамі, што луналі над галілейскімі прыгоркамі, разумеючы, што яны атрымліваюць асалоду ад палёту і проста жывуць, не клапотячыся пра дзень наступны. Ісус бачыў шмат розных прыгожых кветак, што расьлі ў Галілеі ды і ў розных іншых краінах. Ісус кажа пра лілеі, але пад лілеямі маглі мецца на ўвазе і крокусы, гладыёлусы ды і іншыя розныя кветкі. Пры поглядзе на гэтыя кветкі, займала дух ад гэтай крохкай прыгажосьці. Дастаткова прабегчы сарне ці нейкай хатняй жывёліне і больш няма гэтай прыгажосьці. Але хто стварыў гэтую незвычайную прыгажосьць? Як заўважыў адзін хрысьціянскі пісьменьнік, яна не стаяла гадзінамі ў люстэрка, адфарбоўваючы сябе. Яна ня бегала па крамах за прыгожымі адзеньнямі. Яна, гэтая прыгажосць, натуральная, цудоўная і выдатная. І ўсё гэта дадзена Госпадам.

Ісус вельмі добра адчувае стваральную любоў Свайго Нябеснага Айца, Творцы гэтага сьвету. Духоўнасьць Ісуса стаіць вельмі далёка ад падыходу тых мысьліўцаў і філосафаў, якія сьцьвярджаюць, што сучасны сьвет – гэта сукупнасьць цемры, ганарыстасьці і марнасьці. Па думцы гэтых мысьліўцаў, сапраўдны філосаф павінен пазьбягаць сьвету і засяроджвацца на разумовай працы. У Ісуса ўсё ня так. Ён раіць Сваім вучням не турбавацца пра заўтрашні дзень і дае ім Свой прыклад. Ісус не зазіраў у будучыню з нецярпеньнем, бо меў дзіўную здольнасьць цалкам атрымліваць задавальненьне ад цяперашняга часу. Ён аддаваў Сябе кожнаму моманту жыцьця, славячы любоў і шчодрасьць Госпада тут і зараз. Ці гэта ня лепшы спосаб быць шчасьлівым?

Ісус хацеў, каб усе Ягоныя вучні, у-ва ўсе часы, таксама былі шчасьлівымі. Ён заклікае людзей зрабіць сваім прыярытэтам не якога-небудзь паганскага бога, але Бога Творцу, Які напоўніў сьвет цудоўнымі і загадкавымі рэчамі, поўнымі энэргіі і жыцьцёвай сілы. Наш Бог хоча, каб людзі, хто верыць у Яго і любіць Яго, усё неабходнае для іхняга жыцьця атрымлівалі менавіта ад Яго. Калі Ісус заклікае нас не турбавацца пра тое, што нам есьці піць ці насіць, Ён зусім не сьцьвярджае, што ўсё гэтае ня мае ніякага значэньня. Ён, у адрозьненьні ад іншых настаўнікаў, ня кажа, што трэба хадзіць у лахманах, каб выказаць сваю пагарду матэрыяльнаму сьвету. Ісус ня кажа гэтага, бо зноў дае Свой прыклад. Ісус вітаў прыгожае адзеньне і Сам яе меў. Недарма ж рымскія жаўнеры, пад Крыжом, кідалі косьці, каб завалодаць верхнім хітонам Ісуса. Але, калі нешта сьвецкае, нават і вельмі цудоўнае, станецца галоўным, дык у хуткім часе яно згубіць ўсю сваю прыгажосьць і раптоўна згасьне. Калі ж у нас на першым месцы будзе Бог, дык і сьвет, з Ягонай дапамогаю, заўсёды будзе цудоўным.

Ісус ня мае на ўвазе, што чалавек не павінен займацца штодзённай і карыснай справай. Ніяк не. Хутчэй мы павінны рабіць гэта з радасьцю, таму што Бог, наш нябесны Айцец, Творца ўсяго, хоча накарміць і адзець нас. Мы павінны радавацца той працы, якая дадзена нам. Безумоўна і тое, што мы жывем у неспакойным сьвеце, а гэта, так ці інакш, адбіваецца і на нас. Але ўсе настаўленьні Ісуса, дадзеныя ў Нагорнай пропаведзі, павінны надхніць і абадзёрыць нас. Божае Валадарства, праведнае жыцьцё, добрыя справы, жыцьцё з Госпадам – усё гэта дасьць неабходны дастатак чалавеку.


Рецензии