Мат 20 1-34
Мац 20:1-34
Гэтая прыповесьць выглядае так, быццам бы дае ўяўленьне ўяўнай сітуацыі, але гэта зусім ня так. Мы бачым спосаб аплаты і час гэтай гісторыі – сярэдзіна верасьня, калі пасьпяваў вінаград. Далікатнасьць сітуацыі была ў тым, што вінаград трэба было сабраць даволі тэрмінова, бо набліжаўся час дажджоў і гібель несабранага ураджаю. Плата за дзень працы складала адзін дзінар, што было нармальным для падзёншчыка. Рынкавая плошча была месцам для найму работнікаў на адзін дзень. Чалавек прыходзіў туды з інструмантам і чакаў найму на пэўную працу. Гэтая гісторыя дае нам яркую карціну таго, што магло адбывацца на рынкавай плошчы любой юдэйскай вёскі ці горада, калі трэба было тэрмінова, да наступу дажджоў, пасьпець сабраць вінаград.
Мац 20:1-16
«Бо Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека гаспадара дому, які выйшаў рана раніцаю наняць работнікаў у вінаграднік свой. І, умовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой. І, выйшаўшы каля трэцяе гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы. І сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе справядліва, дам вам”. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостае і дзявятае гадзіны, зрабіў гэтак сама. А выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: “Чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз працы?” Яны кажуць яму: “Ніхто нас не наняў”. Ён кажа ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік і, што будзе справядліва, атрымаеце”. А як надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку наглядчыку свайму: “Пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых”. І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, атрымалі па дынару. А тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што яны атрымаюць больш, але і яны атрымалі па дынару. І, атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: “Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цяжар дня і сьпёку”. Ён жа, адказваючы, сказаў аднаму з іх: “Дружа! Я ня крыўджу цябе. Ці ж не за дынар ты ўмовіўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. А я хачу даць гэтаму апошняму тое, што і табе. Ці ж я не магу ў сваім рабіць, што хачу? Або вока тваё злоснае, што я добры?” Гэтак будуць апошнія першымі, і першыя — апошнімі, бо шмат пакліканых, але мала выбраных» (Мац 20:1-16).
Вялікая і цудоўная прыповесьць ад Ісуса нясе ў сабе праўду, якая кранае самую сутнасьць хрысьціянскага жыцьця і дае пэўныя накірункі для разважаньня. Гэта перасьцярога для вучняў адносна будучага хрысьціянскага жыцьця, дзе Ісус, як бы кажа для іх: «Вам дадзены прывілей першымі ўвайсьці ў хрысьціянскую Царкву. Потым прыйдуць іншыя, кожны ў свой час. Вы ж не павінны патрабаваць асаблівай пашаны толькі таму, што прыйшлі да Хрыста раней за іншых. Усе людзі, незалежна ад таго, калі яны прыйдуць, аднолькава дарагія Богу». Гэта перасьцярога і юдэям, якія адчуваюць сябе выбраным народам, пагардліва гледзячы на паганаў. У гэтай сувязі існавала пагроза таго, што пагане, калі будуць прынятымі ў хрысьціянскую Царкву, будуць у статусе ніжэйшых. Але так не павінна быць, бо ў Божай суполцы ўсе роўныя, незалежна ад нацыі ці якой іншай прыналежнасьці.
Але гэта ня ўсё, бо мы бачым тут Божае суцяшэньне. Незалежна ад таго, калі чалавек прыходзіць у Божае Валадарства, у юнацкія гады ці напрыканцы жыцьця, ён аднолькава каштоўны Госпаду. Бывае так, што чалавек памірае ў пашане, скончыўшы сваю дзённую працу і выканаўшы заданьне перад Госпадам. Але бывае і так, што памірае чалавек малады, калі перад ім толькі адчыніліся дзьверы для дасягненьняў. Бог сустрэне іх аднолькава ветліва і не для каго, у нябесным сэнсе, жыцьцё ня скончылася занадта рана ці занадта позна. Мы бачым тут і спачуваньне ад Госпада, як гэта зрабіў гаспадар, які даў працу тым, хто заставаўся на плошчы. Чаму так? Ён жадаў добрага гэтым людзям.
Больш таго, калі казаць па справядлівасьці, чалавек, які прапрацваў менш па часу і павінен атрымаць меньшую аплату. Але гаспадар ведаў, што адзін дынар у дзень – гэта мінімальная дзённая аплата, якая вызначае мінімальны пражытачны мінімум усёй сям’і чалавека. Гэта, між тым, кажа і пра тое, што любы чалавек мае права на працу і на пражытачны мінімум за зробленую працу. Мы бачым і шчодрасьць Бога, бо людзі, якія выканалі зусім не аднолькавую працу, атрымалі аднолькавую аплату. Калі мы аддаем для Госпада усё, што ў нас ёсьць, што можам, дык усякая такая праца ў аднолькавай пашане ў Бога. Мы бачым яшчэ і тое, што Бог усё дае ад Сваёй міласьці і ласцы. Мы ня здольныя зарабіць тое, што дае нам Бог і заслужыць гэтае, бо ўсё, што дае нам Бог – гэта дар, а не аплата, не ўзнагарода, але міласьць.
«Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цяжар дня і сьпёку». Першыя, атрымаўшы аплату, сталі наракаць на гаспадара дома за тое, што іх зраўнялі з апошнімі, якія працавалі вельмі кароткі і прахалодны час, але атрымалі такую ж нагароду. Гэта вельмі падобна на тое, што пагане, толькі толькі пакліканыя ў Божы вінаграднік, атрымалі тыя ж прывілеі Валадарства Мэсіі, што і юдэі, якія вельмі даўно працавалі ў вінаградніку старазапаветнай царквы пад цяжарам абрадавага закону, у чаканьні гэтага Валадарства. Гэта тычыцца ўсіх нас, бо шмат хто, які працуе ці пакутуе за Хрыста болей за іншых, чакае і большай нагароды. Але паслухаем апостала Паўла, які так шмат працаваў і пакутаваў за Хрыста, лічыў сябе нічым і найменьшым з апосталаў. І гэта ёсьць прыкладам для ўсіх нас.
«Вазьмі сваё і ідзі. А я хачу даць гэтаму апошняму тое, што і табе. Ці ж я не магу ў сваім рабіць, што хачу? Або вока тваё злоснае, што я добры?» Калі пад словам «сваё» разумець тое, што нам належыць па праву, дык гэта вельмі страшнае слова, бо калі мы застанемся толькі з гэтым, дык непазьбежна загінем. Замест таго каб скардзіцца на тое, што мы не атрымалі больш, давайце прыймем тое, што дадзена нам і падзякуем за гэтае. Калі Бог у нечым лепей ставіцца да іншых, дык мы ня можам скардзіцца на гэтае, бо павінныя разумець, што Ён ставіцца і да нас нашмат лепш, чым мы таго заслугоўваем. І дае нам наш дынар, бо гэта Ягонае рашэньне і Ягоная міласьць.
Злоснае вока – сутнасьць зайздрасьці, бо менавіта яму не падабаецца, калі іншым добра. Жадаць зла іншаму – гэта азначае грэх, які не прыносіць ні задавальненьня, ні выгады і ні чэсьці, бо гэта проста зло. Зайздрасьць ёсьць парушэньнем запаведзяў Божых – запаведзі пра любоў да Бога, з волей Якога мы павінны пагадзіцца і запаведзі пра любоў да блізкага, таму што павінныя радавацца таму дынару, які атрымаў ад Госпада іншы чалавек.
«Гэтак будуць апошнія першымі, і першыя — апошнімі, бо шмат пакліканых, але мала выбраных». Многія пайшлі за Хрыстом і гэтыя нованавернутыя юдэі, як падавалася, былі наперадзе іншых. Але Ісус, не жадаючы, каб вучні выхваляліся гэтым, кажа ім пра тое, што, магчыма, тыя, хто прыйдзе пасьля іх, перасягнуць іх у веданьні праўды і сьвятасьці Хрыста. Паганская царква яшчэ не народжаная, а пагане пакуль яшчэ чакаюць Божай працы на рынку, але гэта будзе і яны дадуць яшчэ выдатны плод на гэтай працы, перасягнуўшы юдэяў. Адзначым і тое, што выбраных хрысьціянаў зусім няшмат у адносінах да тых, якія засталіся толькі пакліканымі, а таму павінныя паклапаціцца на тое, каб будаваць свае нябесныя спадзяваньні на камяні вечнага выбраньня, а не на пяску зьнешняга закліку. Мы павінныя быць уважлівымі на тое, каб не апынуцца ўяўнымі, а значыць дрэннымі хрысьціянамі, што вядзе да грэху і спазьненьне ў Божае Валадарства.
Мац 20:17-28
«І, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус дарогаю ўзяў дванаццаць вучняў Сваіх і сказаў ім: “Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і яны асудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго паганам на зьдзек, і бічаваньне, і ўкрыжаваньне; і на трэці дзень Ён уваскрэсьне”. Тады падыйшла да Яго маці сыноў Зэбэдэя з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў Яго. Ён жа сказаў ёй: “Чаго ты хочаш?” Яна кажа Яму: “Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі адзін праваруч Цябе, а другі — леваруч у Валадарстве Тваім”. А Ісус, адказваючы, сказаў: “Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, які Я маю піць, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?” Яны кажуць Яму: “Можам”. І Ён кажа ім: “Сапраўды, келіх Мой будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца, а сесьці праваруч Мяне і леваруч Мяне не магу даць вам, але каму падрыхтавана Айцом Маім”. І пачуўшы гэта, дзесяцёра абурыліся на двух братоў. А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: “Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі і магнаты маюць уладу над імі. А ў вас ня гэтак мае быць, але хто хоча між вамі стацца большым, няхай будзе служыцелем вашым, і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вашым слугою, як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх» (Мац 20:17-28).
Ўжо ў трэці раз Ісус кажа Сваім апосталам пра Свае набліжаючыя пакуты. Ён узыходзіў у Ерусалім, каб сьвяткаваць там пасху і прапанаваць Самога Сябе ў якасьці Вялікай Пасхі. Ісус казаў гэта, пакуль што, толькі вучням, бо гэта было адной з тайнаў, пра якія, у хуткім часе, яны будуць абвяшчаць у сьвеце. Ён адкрываў гэта ім, як Сваім сябрам, але не настаў яшчэ час казаць пра гэта адкрыта, бо гэта было ня толькі небясьпечным для вучняў, але і ўвогуле для грамадзтва. Але час настаў і Ісус сьвядома ідзе ў Ерусалім – насустрач пакутам і сьмерці на Крыжы.
Пакуты ж, якія чакалі Ісуса, былі пакутамі цела, розуму і душы. Ён павінен быў выдадзены першасьвятарам і кніжнікам – гэта пакуты сэрца. Вучні разьбягуцца, Пётр тройчы адрачэцца ад Яго, Ён атрымае сьмяротны вырак і будзе ўкрыжаваны. Ісус як бы зьбіраў на Сябе ўсе магчымыя фізічныя пакуты, як і пакуты душы і розуму. Але ўсё павінна скончыцца ўваскрасеньнем. За покрывам пакутаў Яго чакала адкрыцьцё славы. Пасьля ўкрыжаваньня – вянок, пасьля паразы – перамога, а пасьля сьмерці – жыцьцё.
Адразу ж, пасьля гэтых словаў Ісуса, да Яго падыйшла маці сыноў Зэбэдэя – Якуба і Яна, з даволі незвычайным пытаньнем, адносна будучых пасадаў у Ягоным Валадарстве. Гэта адзін з самых многазначных урыўкаў у аповядзе Мацьвея, бо пралівае сьвятло на вучняў Хрыста. Славалюбства. Яны ўсё яшчэ думалі пра асабістую нагароду і свой посьпех, без усякіх ахвяраў з іхняга боку. Яны жадалі, каб Ісус, Сваім валадарскім словам, забясьпечыў ім цудоўнае жыцьцё. Сказанае не на карысьць вучням, але шмат што кажа і на іхнюю карысьць. Нагадаем, што яны зьвяртаюцца да Ісуса са сваёй просьбай пасьля таго, як Ён зьвяртаецца да іх з прадказаньнем сваёй сьмерці. Вучні, тым ня меньш, думаюць пра Валадарства так, што перамога будзе за Ісусам. Так і з намі, бо як бы тое не было, мы павінныя заўсёды адчуваць, што перамога Ісуса – гэта нашая, разам з Ім, перамога. Гэтых вучняў Ісуса лёгка асуджаць, але нельга забываць веру і вернасьць, які ляжалі ў аснове іхняга славалюбства.
Словы Ісуса праліваюць сьвятло на жыцьцё хрысьціяніна, бо Ён сказаў ім пра келіх пакутаў, які яны павінныя падзяліць разам з Ім. Што гэта за келіх? Калі паглядзець на жыцьцё гэтых братоў, дык іхняе жыцьцё было зусім розным. Якуб, першым з апосталаў, памёр пакутлівай сьмерцю. Менавіта такім быў ягоны келіх, а што тычыцца Яна, дык ягоным келіхам была пастаянная барацьба, на працягу свайго доўгага жыцьця, за чысьціню хрысьціянскае Царквы. Гэта ёсьць прыкладам для ўсіх нас, бо няма адзінага келіха для ўсіх хрысьціянаў. Адзін можа выпіць яго ў адзін вялікі момант, а іншы можа піць яго на працягу ўсяго свайго жыцьця. Выпіць гэты келіх – гэта азначае крочыць за Хрыстом, куды б Ён не павёў нас. Выпіць гэты келіх – гэта значыць быць падобным на Яго ў любой сітуацыі, у якую нас паставіць жыцьцё.
Мы ўжо пабачылі, што Якуб і Ян, нягледзячы на сваю памылку, захоўваюць вернасьць Ісусу Яны сапраўды памыляліся ў сваіх славалюбных замыслах, яны былі часам сьляпыя, маючы няправільныя ідэі і ўяўленьні, але Ісус наколі не пакінуў іх, як безнадзейных. Ён ведаў наперад іхнюю вернасьць і гатоўнасьць да самаахвяраваньня. Гэта да ўсіх нас. Нават, калі мы памыляемся і, ад гэтага, пагарджаем сабе, мы павінныя памятаць вялікую праўду: Ісус любіць нас. Хрысьціянін – гэта чалавек, які мае любоў і давер Ісуса Хрыста.
Зварот Якуба і Яна да Хрыста вельмі ўсхвалявала астатніх апосталаў. Яны не разумелі, чаму гэтыя браты павінныя апярэдзіць іх і, наогул, чаму ім дазволена прад’яўляць свае патрабаваньні на перавагу. Ісус жа ведаў гэтыя настроі вучняў і таму зьвярнуўся да іх з заклікам, які і складае падмурак хрысьціянскае веры. Сапраўды, у сьвеце лічыцца вялікім той, хто мае ўладу гаспадарыць над іншымі. Сьвет лічыць іх вялікімі. Але, ня так у Хрыста. Сярод Ягоных пасьлядоўнікаў веліч – гэта служэньне. Служэньне іншаму. І чым болей гэтае служэньне, тым больш велічы: «Але хто хоча між вамі стацца большым, няхай будзе служыцелем вашым, і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вашым слугою, як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх». Гэта і ёсьць хрысьціянская рэвалюцыя, бо цалкам зьмяняюцца стандарты сьвету. І, як гэта ня дзіўна, сьвет паступова прыймае гэтыя новы нормы. Сьвет добра ведае, што паважаны чалавек той, хто служыць іншым людзям. Сьвет будзе паважаць уладнага чалавека ў страхе, але ён будзе любіць любячага чалавека. Чалавек, да якога мы заўсёды можам прыйсьці і які ніколі ня скажа, што мы перашкаджаем яму – вось такіх людзей любяць усе.
Вось так мы бачым Ісуса Хрыста, Які ёсьць вялікім прыкладам для ўсіх нас. Аддаўшы Сваё жыцьцё, Ён набыў вечную славу ды пашану Бога і людзей. Гэта і ёсьць сапраўдны шлях да сапраўднай велічы.
Мац 20:29-34
«І як выходзілі яны з Ерыхону, за Ім ішоў шматлікі натоўп. І вось, два сьляпыя, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус праходзіць, закрычалі, кажучы: “Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!” А натоўп сварыўся на іх, каб маўчалі; а яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: “Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!” І, супыніўшыся, Ісус паклікаў іх і сказаў: “Чаго вы хочаце, каб Я зрабіў вам?” Яны кажуць Яму: “Госпадзе! Каб адчыніліся вочы нашыя”. Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх, і адразу сталі бачыць вочы іхнія, і яны пайшлі за Ім» (Мац 20:29-34).
Ісус скончыў Сваё служэньне ў Галілеі, паслужыў на ўсходнім беразе Ярдана ў Перэі і вось зараз, перайшоўшы Ярдан, увайшоў у Ерыхон. Гэты горад, безумоўна, быў пэрлінай у няплоднай пустыне каля Мёртвага мора. Гэта быў цудоўны аазіс, дзе была вада, расьлі прыгожыя дрэвы і дзе зьбіралі добрыя ўраджаі розных фруктаў. Прыгожыя пальмы напаўнялі горад. Недарма Ірад пабудаваў тут свой зімні палац, бо, як казаў тагачасны гісторык Язэп Флаві, калі ў Ерусаліме ішоў сьнег, дык у Ерыхоне, гэтым часам, было цёпла ды прыемна. І вось зараз, калі Ісус выходзіў з Ерыхону, за ім ішоў шматлікі натоўп.
Гэтыя двое сьляпых чакалі свайго часу і калі яны атрымалі магчымасьць аздараўленьня, дык ухапіліся за гэтае абодвума рукамі. Яны, безумоўна, ужо чулі пра сілу Ісуса і былі ўпэўненыя ў тым, што гэта і ёсьць іхні шанец, можа і апошні. Яны сядзелі пры дарозе шмат гадоў, просячы і зьбіраючы міласьціну на падтрымку свайго жыцьця. Яны былі сьляпыя, але не глухія і таму дабра ведалі, што адбываецца на гэтай дарозе, ведаючы, у залежнасьці ад абставінаў, што прасіць і як прасіць. Яны прывыклі цярпець холад і сьпякоту, каб сабраць неабходныя грошы, каб здолець пражыць наступны дзень. Калі ж Ісус падыходзіў да іх, яны зразумелі, што могуць атрымаць ад Яго нашмат больш, чым нейкія грошы.
«А натоўп сварыўся на іх, каб маўчалі; а яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: “Зьлітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!”» Гэтыя жабракі назвалі Ісуса ня толькі валадаром – Сынам Давіда, але і Госпадам – Мэсіей, а гэта кажа пра тое, што яны ўсьведамлялі сілу Ісуса і вельмі спадзяваліся на цуд ад Госпада, калі адказалі на Ягонае пытаньне: «Госпадзе! Каб адчыніліся вочы нашыя». Ісус аздаравіў іх, бо спачувае кожнаму з нас. Хто ёсьць жабраком і сьляпым, той ёсьць няшчасным і нікчэмным, а таму зьяўляюцца аб’ектам спачуваньня. Менавіта па міласэрнасьці Госпада было дадзенае сьвятло і зрок тым, хто знаходзіцца ў цемры. Мы ня здольныя дапагчы гэтым няшчасным, як Ісус, але мы павінныя, як і Хрыстос, спачуваць і перажываць пра іх.
Калі Той, Хто стварыў вочы ці ня можа аздаравіць іх? Магчыма так і думалі гэтыя сьляпыя людзі, спадзяючыся на Ісуса. Ён і зрабіў гэта, калі толькі крануўся да іх. Такім чынам Ісус ня толькі даказаў людзям, што пасланы Богам, але і паказаў, з якім даручэньнем Ён пасланы – даць зрок духоўна сьляпым людзям і вярнуць іх ад цемры да сьвятла. У выніку ж гэтыя аздароўленыя людзі пайшлі за Ісусам. Адзначым жа і тое, што ніхто, будучы духоўна сьляпым, не ідзе за Хрыстом. Ён адкрывае адразу чалавеку вочы, а потым запрашае ягонае сэрца да Сябе. Яны пайшлі за Хрыстом як Ягоныя вучні, каб сьведчыць пра Яго, пра Ягоную сілу і ласку. Тое, што Ісус зрабіў для сьляпых вачэй, было яркім правобразам таго, што Ён жадае зрабіць для сьляпых душ.
Але відушчыя людзі яшчэ ня ведаюць, што азначае ісьці за Хрыстом. Ім прыйдзецца пакінуць ззаду звыклае жыцьцё і пачаць зусім новае. Так можа здарыцца з кожным, хто зьвярнецца з заклікам да Хрыста, калі Ягонае сустрэчнае пытаньне абудзіць сапраўднае жаданьне чалавека, якое было схаваным ад яго самога. І калі гэты заклік будзе выкананы, дык адзіна магчымы адказ на гэтае – гэта стаць сапраўдным вучнем Ісуса Хрыста. Ісьці за Ісусам няпроста, але калі Ён даў вам тое, у чым вы мелі вялікую патрэбу, дак што вам застаецца?
Свидетельство о публикации №226010402180