Мат 18 1-35

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 18:1-35
Гэты разьдзел аповяду Мацьвея мае вялікае значэньне для сферы хрысьціянскай этыкі, таму што ў ёй гаворыцца пра тыя ўласьцівасьці, якія павінныя адрозьніваць асабістыя адносіны хрысьціянаў.

Мац 18:1-7
«У тую гадзіну падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы: “Дык хто большы ў Валадарстве Нябесным?” І, паклікаўшы дзіцятка, Ісус паставіў яго пасярод іх і сказаў: “Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і ня станецеся, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Дык хто панізіць сябе, як гэтае дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным. І хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прыймае. А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб павесілі млынавы камень на шыю ягоную і ўтапілі яго ў глыбіні мора. Гора сьвету ад згаршэньняў, бо патрэбна, каб прыйшлі згаршэньні; але гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць згаршэньне”» (Мац 18:1-7).

Калі апосталы запыталі Ісуса пра тое, хто большы ў Валадарстве Нябесным, верагодна, яны мелі на ўвазе вялікіх людзей старажытнасьці, праслаўленых за мужнасьць на полі боя ці за іхнюю мудрасьць. Ісус жа не прыдае гэтаму ніякага значэньня і паказвае вучням маленькую дзяўчынку – сьціплую, няўпэўненую ў сабе, але даверлівую, з яснымі вачамі, гатовую слухаць, вучыцца і любіць. Вось гэта і ёсьць сапраўдная веліч, кажа Ісус. Ідзіце і вучыцеся быць такімі ж. Ісус вучыць апосталаў пераймаць дзецям, вачамі дзіцёнка глядзець на сябе, на сьвет і на Бога. Для ўсіх нас цяжка зразумець, што слабасьць і ранімасьць – гэта ня тое, чаго трэба саромецца. Менавіта пакора мае каштоўнасьць у Валадарстве Божым, таму што гордасьць і фанабэрыстасьць псуюць і разбураюць жыцьцё чалавека ды ягоных блізкіх.

Але Ісус вучыць ня толькі прынцыпам духоўнага росту, каб пасьлядоўнікі Яго маглі стаць «большымі» у Валадарстве Божым. Ён клапоціцца і пра саміх дзяцей, якія з-за сваёй даверлівасьці і гатоўнасьці слухаць дарослых зьяўляюцца самымі бездапаможнымі з усіх людзей. Гэта вечная тэма, бо і сёньня яна такая ж актуальная, калі не болей, як было і заўсёды. Ісус робіць сур’ёзнае папярэджаньне ўсім падманшчыкам і спакусіцелям дзяцей. Як звычайна, Ісус мэтанакіравана перабольшвае, малюючы драматычную карціну пакараньня для такіх людзей з дапамогаю жорнаў – вялікіх плоскіх камянёў з вялікай адтулінай пасярэдзіне, якія выкарыстоўваліся для перамалваньня зерня. Менавіта такі млынны камень можна ўявіць на шыі злачынца, якога выкідваюць з чаўна ў бездань мора. Калі гэтае пакараньне, як нам можа падавацца, занадта жорсткае, дык толькі таму, што мы таксама недаацэньваем «малых гэтых», пра якіх кажа Ісус. Ён мае на ўвазе ня толькі дзяцей, але і тых людзей, у якіх няма ніякай улады, хто бедны, слабы і ўразьлівы.

Для ўсіх нас вялікая каштоўнасьць дзіцёнка заўсёды павінна быць зьвязаную з закладзенымі ў яго магчымасьцямі. Усё залежыць ад таго, як і чаму яго вучылі і навучалі. Можа быць так, што закладзеныя ў ім магчымасьці ніколі не рэалізуюцца, а добрыя магчымасьці могуць быць навернутымі на злыя справы. А можа быць і так, што сьвет адчуе новую і моцную хвалю творчай энергіі. У кожным дзіцяці закладзены неабмежаваныя магчымасьць дабра і зла. На бацьках, настаўніках, хрысьціянскай Царкве ляжыць найвялікшая адказнасьць кантраляваць, каб гэтыя магчымасьці былі рэалізаваныя на добрае. Заціснуць жа іх, пакінуць нераскрытымі, навярнуць іх у злую сілу – гэта грэх.

Мац 18:8-14
«Калі ж рука твая ці нага твая горшыць цябе, адсячы іх і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгавым ці калекаю, чым, маючы дзьве рукі або дзьве нагі, быць укінутым у агонь вечны. І калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную. Глядзіце, не пагарджайце ані адным з малых гэтых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага. Бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб збавіць тое, што загінула. Як вы думаеце, калі б нейкі чалавек меў сто авечак, і адна з іх заблукала, ці, пакінуўшы дзевяноста дзевяць у гарах, ня пойдзе ён шукаць тую, што заблукала? І, калі станецца, што знойдзе яе, сапраўды кажу вам: ён узрадуецца з яе больш, чым з дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі. Гэтак няма волі Айца вашага, Які ў небе, каб загінуў адзін з малых гэтых» (Мац 18:8-14).

Ісус зусім не жадаў, каб мы разумелі Яго літаральна і пачыналі адсякаць сабе рукі ды вырываць сабе вочы, бо гэта ёсьць прыкметаю псіхічнага засмучэньня, але не сапраўднай сьвятасьці. Як і тыя жорны на шыі - ёсьць наўмысным перабольшваньнем, але яно падкрэсьлівае важнасьць сказанага. Кожны, хто хоча адмовіцца ад шкодных звычкаў ведае, што такое рашэньне падобнае спробе адсячы сабе руку, нагу ці вырваць сваё вока. Звычкі, пра якія кажа Ісус, вельмі цяжка зьмяніць. Адсячы «руку», якая не жадае даваць міласьціну бедным ці «ногу», якая адмаўляецца ісьці на дапамогу слабым і бедным, вырваць «вока», якое ня хоча заўважаць усё гэтае – ставіць перад намі такую ж сур’ёзную задачу, якой яна была і ў часы Ісуса Хрыста.
Другі малюнак, які дае нам Ісус, уяўляецца прасьцей, хаця ён ня меньш дзіўны. Пастух пакідае дзевяноста дзевяць авечак і ідзе шукаць адну, якая заблукала. Гэта, дарэчы, стала сюжэтам многіх карцін і сьпеваў хрысьціянаў, сутнасьць якіх адна – вялікі клопат нашага Госпада пра кожнага з «малых гэтых». Ён ня скажа: «Ці неабходна клапаціцца пра гэтую дурную і дзіўную авечку, якая адбілася ад нашага вялікага статку, тым больш, што каштуе яна нядорага?» Не, бо менавіта гэтая авечка вельмі дарагая Госпаду.

Бог любіць кожнага асобнага чалавека. Якой бы вялікай не была сям’я, бацькам усе дзеці адколькава дарагія і яны не жадаюць губляць ніводнага з іх. Так і Бог адносіцца да нас. Божая любоў цярплівая. Глупства авечак, якія пападаюць у небясьпечныя сітуацыі, увайшла ў прымаўкі, але чалавек ідзе і вызваляе іх. Што ня скажаш у чалавечых адносінах, бо ў такіх выпадках, мы сьпяшаемся сказаць: «Яны самі вінаватыя, што апынуліся ў такой небясьпечнай сітуацыі». Але Бог так ня робіць. Можа людзі і нямудрыя, але Бог любіць і дурнога, які сам вінаваты ў сваіх грахах і сваіх смутках. Божая любоў – гэта любоў, якая шукае. Пастух ня стаў чакаць і пайшоў шукаць авечку. Дарэчы, такое ўяўленьне пра Бога, уласьцівае хрысьціянам, недаступна юдэям, якія пагадзіліся б з тым, што Бог можа прабачыць толькі тады, калі грэшнік на каленях сам вернецца да Яго. Але мы ведаем, што Бог, у Ісусе Хрысьце, прыйшоў шукаць тых, хто губляе шлях да Яго. Божая любоў – гэта любоў радасьці, бо ў ёй няма ніякага дакору, пагарды ці незадаволенасьці. Людзі ня могуць забыць чалавеку ягонага грэшнага мінулага. Бог жа лічыць, што з нашымі грахамі скончана і калі мы вяртаемся да Яго, дык сустрэнем толькі любоў. Божая любоў – збаўляльная любоў: яна збаўляе чалавека для служэньня сваім братам; яна дурнога робіць мудрым, грэшніка - чыстым, слабога – моцным, раба грэху – сьвятым, а раба спакушэньня – сваім пераможцам.

Мац 18: 15-20
«Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго між табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, ты здабыў брата твайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьведак змацавалася ўсякае слова. Калі ж не пачуе, скажы царкве, а калі і царквы не пачуе, няхай будзе ён табе, як паганін і мытнік. Сапраўды кажу вам: “Усё, што вы зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана ў небе. Ізноў кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодзяцца адносна любой справы, дык што ні папросяць, станецца ім ад Айца Майго, Які ў небе. Бо дзе двое або трое сабраныя дзеля імя Майго, там Я сярод іх» (Мац 18:14-20).

Гэтыя словы Ісуса – вельмі практычныя словы, бо прымірэньне мае сусьветны сэнс і характар. Да нас прыходзяць навіны з усіх куткоў сьвету. Тэрарысты ўзрываюць бомбы, дыктатары рэпрэсуюць сваіх грамадзянаў і распальваюць войны. А ў больш дробным памеры мы бачым рэлігійную варожасьць, разбурэньне сям’і, варожась35ць паміж суседзямі ды і шмат яшчэ іншага. Пералік можа быць вялікім.

Многія з нас аддаюць перавагу прыкідваньню на тое, што ўсё ў парадку, замазваючы расколіны ў адносінах, праглынаючы свой гнеў ці раздражненьне. У іншым разе мы проста пазьбягаем людзей з іншымі поглядамі, робячы выгляд, што яны для нас не існуюць. Многія хрысьціяне лічаць, што забыць пра нейкі непрыемны выпадак – гэта і ёсьць сапраўднае прабачэньне. Але калі нехта паводзіў сябе агрэсіўна і амаральна, хлусіў і некага крыўдзіў, дык нічога добрага ня будзе, калі мы прымірымся з гэтым без высьвятленьня прычынаў. Прабачыць – гэта не азначае, што трэба заплюшчыць на ўсё гэтае вочы, не падыходзячы і блізка да гэтых праблемаў. У кожным падобным выпадку патрабуецца папярэдняе высьвятленьне сітуацыі. Таму Ісус і дае нам такую канкрэтную інструкцыю паводзінаў у падобных сітуацыях.

Спачатку нам патрэбна сустрэцца з чалавекам сам-насам. Гэта патрабуе сьмеласьці і пакоры, бо гэты чалавек можа адказаць сустрэчным абвінавачваньнем, можа, нават, у чымсьці і справядлівым, бо не бывае так, што ўсё гэта адбылося безпадстаўна. Калі гэта атрымаецца – вельмі добра. Але калі пасьля малітваў і роздуму, мы разумеем, што нашая размова выніку ня мае, трэба сустрэцца яшчэ раз, але з удзелам надзейных сьведкаў. Надзейны сьведка – гэта такі чалавек, які ня толькі безумоўна нас падтрымае, але і скажа нам непрыемную праўду, калі гэта будзе неабходным.

Дарэчы, колькасьць сведкаў – адзін ці два – падказвае нам закон Старога Запавету. Калі ж і гэта не дае ніякага выніку, трэба выносіць гэтае пытаньне на разгляд царквы. Тут трэба заўважыць, што пад час зямнога служэньня Хрыста, Ён мог мець на ўвазе невялікія групы людзей, якія зьбіраліся для малітвы і абмяркаваньня вучэньняў свайго Настаўніка. Менавіта такому сходу абноўленых Божых людзей і трэба будзе паведамляць пра ўсе нявырашаныя спрэчкі і абвінавачваньні.

І вось самая складаная частка гэтага вучэньня, бо можа быць зусім непрыемным для нас і нашага слыха. Ісус кажа, што калі чалавек не пагаджаецца саступіць ці прымірыцца з меркаваньнем усяго сходу, дык яго трэба лічыць ізгоям. Дарэчы, апостал Павал ставіўся да гэтага яшчэ больш жорсткім чынам: «Сабраўшыся разам у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і з духам маім, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста, аддаць такога шатану на зьнішчэньне цела, каб дух быў збаўлены ў дзень Госпада Ісуса» (1 Кар 5:4-5). Нам, безумоўна, гэта не падабаецца, але як быць? Калі зьдзейсьненае сапраўднае зло, дык прымірэньне з ім, азначае разбурэньне адзінства і сяброўства ў сходзе хрысьціянаў. Прымірэньне можа быць толькі ў тым выпадку, калі праблема вырашана канчаткова.

Але разам гэтымі, даволі цяжкімі, правіламі Ісус дае ўсім нам вельмі добрыя і хвалюючыя абяцаньні. Ён кажа пра тое, што ў барацьбе за стварэньня хрысьціянскіх сем’яў і царквы Бог будзе з намі. Усе нашыя зямныя дзеі маюць нябеснае адлюстраваньне і таму, калі мы молімся разам, мы можам быць упэўненымі, што Бог пачуе і адкажа нам. Галоўным для хрысьціянаў застаецца вялікі заклік Госпада, які кажа пра тое, што калі нават некалькі чалавек зьбяруцца ў Ягонае імя, дык Ён будзе пасярод іх. А гэта азначае, што мы будзем адчуваць прысутнасьць Госпада, а Ён будзе ведаць нашыя сардэчныя патрэбы. Калі мы аднясемся да гэтага сур’ёзна, дык заўсёды будзем імкнуцца дасягнуць прымірэньня, з надзеяй і радасьцю чакаючы вяртаньня да Госпада «згубіўшыхся авечак».

Мац 18:21-35
«Тады Пётр, падыйшоўшы да Яго, сказаў: “Госпадзе! Колькі разоў брат мой будзе грашыць супраць мяне, і я дарую яму? Ці да сямі разоў”. Кажа яму Ісус: “Не кажу табе: да сямі, але да сямідзесяці разоў па сем. Дзеля гэтага Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які захацеў разрахавацца са слугамі сваімі. Калі ж пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў дзесяць тысячаў талентаў. А як ня меў што аддаць, пан ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што меў, і заплаціць. Тады слуга той, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: “Пане! Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё табе аддам”. Пан, зьлітаваўшыся над слугою тым, адпусьціў яго і дараваў яму пазыку. А слуга той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен”. Тады таварыш ягоны, упаўшы да ног яго, прасіў яго, кажучы: “Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё аддам табе”. А той не захацеў, але адыйшоўшы, кінуў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу. Таварышы ягоныя, убачыўшы, што сталася, вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, паведамілі пану свайму ўсё, што сталася. Тады пан ягоны, паклікаўшы яго, кажа яму: “Злы слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, калі ты прасіў мяне. Ці ж ня мусіў і ты зьлітавацца над таварышам тваім, як і я зьлітаваўся над табою?” І, загневаўшыся, пан ягоны аддаў яго катам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі не даруе кожны з вас ад сэрца свайго брату свайму грахоў ягоных”» (Мац 18:21-35).

Мы многім абавязаныя Пятру тым, што ў яго быў войстры язык. Ён часта ўмешваўся ў размову, адкрываючы крыніцы вучэньня Ісуса. Зараз жа ён думаў, што гэтай фразаю праяўляе вялікадушнасьць, калі запытвае Ісуса пра прабачэньне блізкага і называе гэтыя сем разоў прабачэньня. І гэтаму ёсьць падстава, бо гебрайскае вучэньне казала пра тры разы прабачэньня. Рабіны Ізраіля казалі: «Калі чалавек абразіць адзін раз – яго прабачаюць, калі ён зробіць гэта ў другі раз – яго прабачаюць, прабачаць і трэці раз, але на чацьвёрты раз не прабачаюць». Пётр думаў, што ў сваёй вялікадушнасьці ён заходзіць вельмі далёка, калі бярэ вучэньне рабінаў, памнажае яго на два, для паўнаты прыбаўляе яшчэ адзін і мяркуе, што гэтая лічба ад Пятра будзе нешта незвычайным у вачах Ісуса. Пётр чакае, што яго пахваляць, але Ісус адказвае на гэта, што хрысьціяніну да ліку прабачэньняў няма справы.

Пасьля гэтага мы бачым гісторыю пра чалавека, якому валадар прабачыў вялікі доўг, але той чалавек жорстка абыходзіўся са сваім даўжніком, які быў павінен гэтаму чалавеку мізэрную частку ад таго, што быў павінен гэты чалавек валадару. І вось вынік. Гэты чалавек быў жорстка пакараны валадаром. У гэтым дадзена нам некалькі ўрокаў, пра якія і кажа Ісус. Урок першы пра тое, што Новы Запавет заключаны ў тым, што, каб атрымаць прабачэньне, чалавек павінен прабачаць сам. Той, хто не прабачае сваіх братоў, ня можа спадзявацца на тое, што Бог прабачыць яго. Нябеснае і чалавечае прабачэньне ідуць рука аб руку. Другі ж урок у розьніцы доўгу. Дзесяць тысячаў талентаў і сто дынарыяў – вялікая розніца, якая складае 1/500000 частку ад ягонага асабістага доўгу перад валадаром. Розьніца вялічэзная і ідэя гэтага аповяду ў тым, што ўсё, што могуць зрабіць нам людзі, ня можа ісьці ні ў якое параўнаньне з тым, што мы ўчынілі Богу. І калі Ён прабачыў наш доўг, які мы павінныя Яму, дык і мы павінныя прабачыць нашым блізкім, якія нешта павінныя і нам. Нам быў прабачаны грэх, які проста немагчыма заплаціць, таму што грахі людзей былі прычынаю сьмерці Ісуса Хрыста. Таму мы павінныя прабачыць іншым, каб Бог прабачыў нам, бо ў іншым выпадку не выпадае спадзявацца на міласэрнасьць.

І яшчэ – абавязанасьць прабачэньня. Мы павінны прабачаць ад усяго сэрца, бо калі гэта ня так, дык нашае прабачэньне няправільнае і непрымальнае, бо Бог глядзіць менавіта ў сэрца чалавека. Ніякае зло і ніякая варожасьць не павінныя заставацца ў ім. Ніякая помсьлівасьць не павінная затрымлівацца ў ім, як гэта бывае з тымі, хто прымірыўся толькі зьнешне. Нават і гэтага недастаткова. Мы павінныя жадаць і шукаць дабрабыту нават і тым, хто зграшыў супраць нас.

Адказ Ісуса Пятру кажа пра многае. Калі мы ўсё яшчэ падлічваем, колькі разоў мы прабачалі сваім крыўдзіцелям, дык на самой справе гэта ня ёсьць сапраўдным прабачэньнем, бо гэта ёсьць толькі адтэрміноўкай помсты для іх. Трэба прабачаць да сямідзесяці разоў па сем – так кажа Ісус, як бы раздражняючы вучняў у Сваёй звычайнай манеры. Безумоўна ж тое, што Ён хоча сказаць нам: «Нават і не пачынайце лічыць, але прабачайце адразу і назаўсёды».


Рецензии