Мат 19 1-30
У гебраяў былі самыя высокія нормы шлюбу ў тагачасным сьвеце. Шлюб быў сьвятым абавязкам кожнага чалавека. Заставацца нежанатым пасьля дваццаці гадоў, калі толькі чалавек ня вызначыў аддаць жыцьцё на вывучэньне закону, азначала парушэньне запаведзі «пладзіцеся і множцеся». У-ва ўяўленьні юдэяў чалавек, здольны да гэтага, але ня мае дзяцей, забівае сваё нашчадства і прыніжае вобраз Божы на зямлі. Яны казалі: «Калі муж і жонка дастойныя, слава Божая знаходзіцца з імі». А таму браць шлюб было няпростым і сур’ёзным заняткам, бо існавала цэлая адпаведная сістэма стварэньня сям’і. Ісус, дарэчы, добра ведаў гэтыя пытаньні, бо, як старэйшы ў сям’і, удзельнічаў у гэтым для Сваіх малодшых братоў і сёстраў. У ідэяле развод лічыўся пагардлівай справаю і недарма юдэі казалі, што нават алтар плача, калі мужчына разводзіцца з жонкаю сваёй маладосьці. Але ідэял ды рэчаіснасьць не ішлі рука аб руку і праблема разводаў у грамадзтве існавала.
Мац 19:1-9
«І сталася, калі скончыў Ісус словы гэтыя, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія на той бок Ярдану. І пайшлі за Ім шматлікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх там. І падыйшлі да Яго фарысэі, спакушаючы Яго і кажучы Яму: “Ці за ўсякую віну можна чалавеку разводзіцца з жонкаю сваёю?” Ён жа, адказваючы, сказаў ім: “Ці вы не чыталі, што Той, Хто стварыў на пачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх? І Ён сказаў: “Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо ня двое, але адно цела. Вось жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае”. Яны кажуць Яму: “Як тады Майсей даў прыказаньне даць разводны ліст і пакінуць яе?” Ён кажа ім: “Майсей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, а на пачатку не было гэтак. А Я кажу вам: “Хто пакіне жонку сваю не за распусту і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць; і хто ажэніцца з разьведзенаю, чужаложыць”» (Мац 19:1-9).
Адна з найважных праблемаў разводу была зьвязанаю з законам Майсея: «Калі хто возьме жонку і зробіцца мужам яе, і яна ня знойдзе ўпадабаньня ў вачах ягоных, бо ён знаходзіць у ёй што-небудзь агіднае, і напіша ёй разводны ліст, і дасьць ёй у рукі, і адпусьціць яе з дома свайго» (2 Зак 24:1). Мы бачым, што юдэй можа разьвесьціся, калі жонка ня знойдзе ўпадабанья ў вачах ягоных ці ён знойдзе ў ёй што-небудзь агіднае. Пытаньне, як раз, і заключана ў тым, як разумець фразу: «што-небудзь агіднае»? Рабіны тлумачылі гэтае па рознаму, але менавіта тут і планавалася правакацыйныя дыскусія з Ісусам. Але, да гэтае фразы. Школа Шамая стаяла на тым што выраз «што-небудзь агіднае» азначае блуд, пазашлюбныя сувязі і толькі гэта давала мажлівасьць разводу з жонкай. Нават калі жанчына непаслухмяная і шкодная, як сама Іезавель, яе нельга адпусьціць, калі яна не парушыла шлюбнай вернасьці. Школа ж Гілеля, да якой прыналежыў і фарысэй Саўл, тлумачыла гэты выраз значна шырэй і лічыла, напрыклад, што муж можа разьвесьціся з жонкай нават і тады, калі яна сапсавала мужніну страву ці непаважліва казала пра ягоных бацькоў і вельмі гучна спрачалася. Уся трагедыя грамадзтва і была ў тым, што перавага аддавалася школе Гілеля, а таму шлюбы не былі моцнымі і разводы адбываліся па самых банальных повадах.
Фактычна фарысэі запытвалі Ісуса на тое, якой школе Ён аддае перавагу: строгай у пытаньні разводаў – Шамая ці больш вольнай у гэтым пытаньні – Гілеля, каб выцягнуць Ісуса на дыскусію з імі. За пытаньнем, якое задалі Ісусу, стаяла вельмі балючая праблема, але Ягоны адказ паставіў у тупік абодва бакі і гэты адказ наводзіць на думку, што трэба радыкальна зьмяняць усю сітуацыю. У Сваім адказе Ісус вярнуўся да самога пачатку, да ідэялу стварэньня. На пачатку Бог стварыў мужчыну і жанчыну, якія былі створаныя адзін для аднога і не для каго больш. Іхні зьвяз быў дасканалым і непарыўным. Ісус кажа, што гэтыя двое зьяўляюцца сымбалем і прыкладам для ўсіх будучых пакаленьняў.
Фарысэі заўважылі Ісусу, што разводы дазволеныя законам Майсея. Ісус жа адказаў на гэтае, што дадзенае Майсеем было не законам, але толькі саступкай. Майсей не загадваў развадзіцца, а толькі дазволіў гэта, каб прывесьці ў парадак сітуацыю, якая магла прывесьці да поўнага беспарадку. Кніга Быцьця дае нам прыклад ідэялу: двое, уступіўшыя ў шлюб, павінныя стаць такім непарыўным адзінствам, каб быць, як адно цела. Ідэял шлюбу знаходзіцца ў непарушным, дасканалым зьвязе Адама і Евы. Такім павінен быць шлюб, бо такім яго хацеў бачыць Бог. І гэты ідэял заключаны ў тым, што два чалавека знаходзяць сваё завяршэньне, сваю паўнату. Шлюб не павінен рабіць жыццьцё больш абмежаваным, ён павінен рабіць яго больш поўным. У шлюбным зьвязе дзьвух асобаў, адзін дапаўняе другога і кожны знаходзіць сваё завяршэньне. Гэта зусім не азначае таго, што ня трэба неяк прыстасоўвацца адзін да аднога ці ахвяраваць нечым дзеля гэтага, але, у рэшце рэшт, такія адносіны і ёсьць тая поўня, якая падабаецца Госпаду.
Сапраўдная аснова шлюбу простая і нескладаная для разуменьня – гэта любоў, якая клапоціцца пра шчасьце другога больш, чым пра сваё. Любоў, якая ганарыцца, калі можна служыць, якая здольная разумець і таму здольная прабачаць. Іншымі словамі, гэта такая любоў, як у Ісуса Хрыста, якая ведае, што яна знойдзе сябе ў самазабыцьці і што, згубіўшы сябе, яна набудзе ўсю поўню. Ісус хацеў прынесьці такое аднаўленьне сьвету, каб урэшце мог збдзейсьніцца замысел Бога-Творцы. І Ён хоча, каб мы не прадпрымалі ніякіх спосабаў жыцьця ў шлюбе, акрамя самага найлепшага.
Мац 19: 10-15
«Кажуць Яму вучні Ягоныя: “Калі гэткі абавязак чалавека да жонкі, не карысна жаніцца”. Ён жа сказаў ім: “Ня ўсе ўмяшчаюць слова гэтае, але каму дадзена. Бо ёсьць скапцы, што з улоньня маці гэткімі нарадзіліся; і ёсьць скапцы, якія выпакладаныя людзьмі; і ёсьць скапцы, якія самі сябе выпакладалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа ўмясьціць, няхай умесьціць”. Тады прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.
А Ісус сказаў: “Пакіньце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне; бо гэткіх ёсьць Валадарства Нябеснае”. І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль» (Мац 19:10-15).
Апосталы напалоханыя строгім вучэньнем Хрыста пра разводы і таму пачынаюць сумнявацца пра неабходнасьць шлюбу, бо ўсе яны былі выхаваныя на сьвецкай мудрасьці фарысэяў, якая казала прыкладна так: «Шкодная жонка падобная на праказу для мужа. Якія лекі? Няхай ён разьвядзецца з ёю і аздравіцца ад праказы». Зусім не пазбаўленыя сэнсу словы вучняў, якія адрэагавалі так проста, бо калі развод, у любым выпадку, забаронены, дык лепш зусім не жаніцца, таму што няма шляху з пагібельнай сітуацыі.
У адказ Ісус пералічвае выпадкі, калі людзі ня жэняцца, таму што ня хочуць гэтага ці ня могуць. Некаторыя нараджаліся фізічна непаўнавартаснымі, іншых умысна выпакладалі, як гэта было з некаторымі рабамі. Некаторыя ж маглі сьвядома выбраць шлях адмаўленьня ад шлюбу, каб прысьвяціць сябе выключна служэньню Богу. Такім чалавекам быў Ян Хрысьціцель і, безумоўна ж, Ісус Хрыстос. Магчыма, Ісус кажа загадкава для таго, каб не адказваць на магчымае пытаньне пра Ягонае асабістае адмаўленьне шлюбу, але дае на гэта ўскосны адказ: «І ёсьць скапцы, якія самі сябе выпакладалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа ўмясьціць, няхай умесьціць». Але нельга успрымаць гэта літаральна, як вырываньне вачэй ці абрубаньне рук. Зусім не, бо гэта падобна на заклік Пісаньня да абразаньня сэрца чалавека. Ісус ведае, што Бог не патрабуе ад кожнага вернага служыцеля такога самаадрачэньня, але людзі, якія чуюць Божы заклік і маюць сілы адказаць на яго, павінныя ісьці гэтым шляхам настолькі, наколькі яны здольныя на гэта.
Ён прама кажа, што ня ўсе людзі здольныя прыняць гэта, але толькі тыя, каму гэта дадзена. Іншымі словамі, толькі хрысьціяне здольныя прыняць хрысьціянскую этыку. Толькі той чалавек, у якога заўсёды ёсьць дапамога Ісуса Хрыста і кіраўніцтва Сьвятога Духа, як стварыць такія асабістыя адносіны, патрабуе ідэял шлюбу, пра які і кажа Ісус. Толькі з дапамогаю Хрыста можна ўсталяваць спачуваньне, разуменьне, дух узаемнага прабачэньня і уважлівую любоў. Менавіта гэта і патрабуе сапраўдны шлюб, як і тое, што хрысьціянскі ідэял шлюбу вызначае тое, што абодва сужонцы – хрысьціяне.
«Тады прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім». Маці прыносілі сваіх дзяцей, каб Ісус дабраславіў іх, бо яны бачылі, як гэтыя рукі вярталі зрок сьляпым і аздараўлялі сухія рукі, а таму яны і хацелі, каб рукі Ісуса крануліся і іхняга дзіцяці на далейшае добрае ў жыцьці. Вучні ж забаранялі ім. Чаму так? Магчыма ад жаданьня нейкім чынам абараніць Ісуса, бо добра бачылі Ягоную стомленасьць і тое, чаго каштавала Яму аздараўленьне людзей. Ня будзем асуджаць апосталаў, бо яны жадалі толькі абараніць Яго ад яшчэ аднога настойлівага патрабаваньня, якое патрабавала ад Ісуса шмат высілкаў. Але што Ісус? Гэта гісторыя кажа пра многае, бо Ён быў з тых людзей, якіх вельмі любяць дзеці. Нехта сказаў, што чалавек ня можа быць пасьлядоўнікам Хрыста, калі каля ягонай дзьверы баяцца гуляць дзеці. А Ісуса дзеці любілі ад юнацтва і ня толькі малодшыя браты і сёстры, але і іншыя дзеці Назарэту.
Для Ісуса не было нязначных людзей і ніхто для Яго ня быў перашкодай ці кімсьці няважным. Ён ніколі ня быў занадта стаміўшымся, каб адмовіцца аддаць Сябе цалкам усякаму, хто меў у Ім патрэбу. Шлях у Ягоную прысутнасьць быў адкрыты самому сьціпламу чалавеку і самому малому дзіцёнку. Гэта дзеці. Ісус сказаў прысутным, што гэтыя дзеці бліжэй да Бога, чым яны самыя. Дзіцячая прастата сапраўды бліжэй да Бога. Трагедыя жыцьця як раз у тым і ёсьць, што, па меры таго, як мы ўзрастаем, мы часта аддаляемся ад Бога, замест таго, каб наблізіца да Яго.
Мац 19:16-22
«І вось нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: “Настаўнік добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?” Ён жа сказаў яму: “Чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, захоўвай прыказаньні”. Кажа Яму: “Якія?” Ісус жа сказаў: “Не забівай; не чужалож; не крадзі; ня сьведчы фальшыва; шануй бацьку твайго і маці; і любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Кажа Яму юнак: “Усё гэта я захаваў ад юнацтва майго. Чаго яшчэ мне не стае?” Ісус мовіў яму: “Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною”.Пачуўшы гэтае слова, юнак адыйшоў засмучаны, бо меў вялікую маёмасьць» (Мац19:16-22).
Гэта адна з самых любімых і цытаваных эвангельскіх гісторый, якая мае месца ня толькі ў аповядзе Мацьвея, але ў Марка і Лукі. У гэтай гісторыі даецца адзін з самых глыбокіх урокаў, на якім узьнікае адрозьненьне паміж правільным і ілжывым уяўленьнем пра тое, што ёсьць вера.
Нейкі багаты чалавек, які зьвярнуўся да Ісуса, шукаў, па ягоных словах, вечнае жыцьцё. Ён шукае шчасьця, задавальненьня і міру з Богам. Але самое пытаньне раскрывае яго, калі ён кажа пра тое, што ён павінен рабіць для гэтага. Гэты чалавек разважае ў катэгорыях дзеяў і ўчынкаў, чым вельмі падобны на фарысэяў, бо думае пра дасягненьне станоўчага балансу ў адносінах з Богам шляхам выкананьня справаў закону. Відавочна тое, што ён ня мае ніякага ўяўленьня пра веру міласэрнасьці і ласкі, а таму Ісус намагаецца прывесьці яго да правільнага погляду. Ісус адказвае яму ў ягоных жа выразах, калі загадвае яму выконваць запаведзі, пасьля чаго пералічвае яму пяць з дзесяці запаведзяў, пры тым з другой паловы дэкалогу. У іх жа гаворыцца не пра нашыя адносіны да Бога, але пра нашыя абавязкі ў адносінах да іншых людзей.
Вялікая праўда гэтай размовы ў тым, што ў ёй разглядаецца сэнс вечнага жыцьця. Вечнае жыцьцё – гэта жыцьцё, якім жыве Сам Бог. Вялікая асаблівасьць Бога заключана ў тым, што Ён вельмі любіць і вельмі шчодра дарыць любоў. І таму жыцьцё вечнае – гэта не стараннае і разьлічанае выкананьне запаведзьдзяў, нормаў і правілаў, але добрыя адносіны і ахвярная шчодрасьць да нашых братоў. Калі нам наканавана набыць жыцьцё вечнае, а з ім радасьць, супакой розум і шчасьце, дык не накапленьне станоўчага балансу дзеяў ў адносінах з Богам, але праявай Божай любові і клопату пра блізкіх. Крочыць за Хрыстом і служыць міласэрна ды вялікадушна людзям, за якіх памёр Ісус – гэта адно і тое ж.
У рэшце рэшт, гэты багаты чалавек адыйшоў засмучаным. Ён не прыняў прапанову, дадзеную яму, таму што ён меў вялікую маёмасьць. Ягоная трагедыя была ў тым, што ён любіў маёмасьць больш за людзей. Ён любіў сябе больш за іншых людзей. Кожны чалавек, які ставіць маёмасьць вышэй за чалавека, а сябе вышэй за іншых, паварочваецца сьпіной да Ісуса Хрыста. У-ва ўсіх нас ёсьць нешта ад гэтага багатага чалавека і таму, перад кожным з нас стаіць задача заглянуць у сваё сэрца і паспрабаваць зразумець, менавіта што не дазваляе нам цалкам аддаць сябе на служэньне Госпаду, як гэтага чакае ад нас Ісус Хрыстос.
Мац 19: 23-30
«А Ісус сказаў вучням Сваім: “Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае. Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае”. Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя надта дзівіліся, кажучы: “Хто ж тады можа быць збаўленым?” А Ісус, паглядзеўшы, сказаў ім: “У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма”. Тады Пётр, адказваючы, сказаў Яму: “Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што ж будзе нам?” А Ісус сказаў ім: “Сапраўды кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, у адроджаным сьвеце, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Сваёй, сядзеце на дванаццаці пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраіля. І кожны, хто пакінуў дамы, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля імя Майго, атрымае ў стакроць больш і ўспадкаеміць жыцьцё вечнае. Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі» (Мац 19:23-30).
Гісторыя пра багатага чалавека пралівае яркае і трагічнае сьвятло на небясьпеку, якую нясе з сабою гэтае багацьце. Мы бачылі перад сабою чалавека, які адмовіўся ад вялікага шляху таму, што ў яго была вялікая маёмасьць. Ісус падкрэсьлівае гэтую небясьпеку: «Цяжка багатаму ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае». Падкрэсьлівае Ён і ступень гэтай цяжкасьці: «Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае». Вярблюд быў самай вялікай жывёлаю, што ведалі юдэі. Вядома, што ў буйных гарадах меліся брамы дзённыя і начныя. Начныя брамы і ёсьць ігольнымі вушкамі, таму што былі меньш за рост чалавека, а таму вельмі цяжкімі для праходу вярблюда. Як жа словы Ісуса пра багацьце адбіваюцца дзеяньнях чалавека?
Багацьце надае чалавеку ілжывае пачуцьце незалежнасьці, бо калі ў чалавека ёсьць усе багацьці сьвету, дык ён пачынае думаць, што здольны адолець любую сітуацыю. Багацьце звычайна робіць чалавека эгаістам. Як бы многа ў чалавека не было, ён хоча яшчэ больш, як сказаў нехта: «Дастаткова – гэта заўсёды крыху больш, чым ёсьць у чалавека». Багацьце моцна прывязвае чалавека да гэтага сьвету: «Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае» (Мац 6:21). Калі жаданьне чалавека абмяжоўваюцца гэтым сьветам, калі ўсе ягоныя інтарэсы знаходзяцца тут, ён ніколі ня будзе думаць пра будучы сьвет. Чалавек можа быць настолькі зацікаўленым сьвецкім, што забывае пра нябеснае, настолькі заняты відзьмым, што забывае пра нявідзьмае. І ў гэтым ёсьць трагедыя, таму што відзьмае – часовае, а нявідзьмае – вечнае.
Але Ісус ня кажа, што багатаму чалавеку немагчыма ўвайсьці ў Божае Валадарства. Закхей быў вельмі багатым чалавекам у Ерыхоне, але, зусім нечакана, знайшоў шлях у Валадарства Божае. Язэп з Арыматэі, як і Нікадэм таксама былі багатымі людзьмі, але былі вучнямі Ісуса. Зусім ня значыць тое, што багацьце ёсьць грэхам, але яно ёсьць небясьпекаю. Але менавіта там, дзе закончваюцца чалавечыя разьлікі, адкрываюцца новыя магчымасьці для Бога. Ісус і кажа зьдзіўленым вучням пра новы Божы сьвет, які, ў-ва многім, процілеглы звычайнаму жыцьцю.
«Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што ж будзе нам?» Ісус мог бы дакорам адказаць на гэтае недарэчнае пытаньне Пятра, але мы бачым іншае, калі Ісус выкладае праўду хрысьціянскага жыцьця. Праўда ж у тым, што кожны, хто падзяляе з Ісусам Ягоную барацьбу, падзеліць з Ім і Ягоную перамогу. І хто нясе крыж, будзе насіць вянок. Праўда таксама і ў тым, што хрысьціянін атрымае нашмат больш таго, чым ён ахвяраваў, але ён атрымае ня новыя матэрыяльныя набыткі, а новае грамадзтва – чалавечае і нябеснае. Калі чалавек становіцца хрысьціянінам, ён непазьбежна страчвае некаторых сваіх папярэдніх сяброў, але набывае, пры гэтым, больш шырокае кола новых сяброў, нават і сусьветнага масштабу. Калі чалавек стновіцца хрысьціянінам, ён набывае і нябеснае грамадзтва, набываючы валоданьне вечнага жыцьця. Ён можа быць разлучаным з многім зямным, але ніколі ня будзе адлучаны ад любові Божай у Ісусе Хрысьце, ягоным Госпадзе.
Ісус кажа апосталам пра дванаццаць пасадаў для іх і гэтыя словы вучні маглі зразумець літаральна, што было вельмі прыемным. Але, ужо ў хуткім часе, яны выявяць тое, што адзін з іх станецца здраднікам, а атачаць ім давядзецца пасад, зроблены з дзьвух драўляных брусоў. Доля, якая чакае Ісуса ў Ерусаліме, ясна паказвае на тое, што ў новым Божым сьвеце ніякага значэньня ня будуць мець прыкметы сьвецкай велічы і славы.
І, у рэшце рэшт, Ісус кажа, што канчатковая адзнака людзей нясе ў сабе пэўныя сюрпрызы. Чаму? Бог судзіць людзей не па чалавечым стандартам, бо Ён бачыць сэрца чалавека. Новы сьвет пераглядае старыя стандарты і выпраўляе няправільныя меркаваньні часу. І можа стацца так, што сьціплыя ды незаўважныя на зямлі людзі будуць вялікімі ў нябёсах, а вялікія гэтага сьвету будуць сьціплымі ды незаўважнымі ў будучым сьвеце.
Свидетельство о публикации №226010400780