Мат 26 1-75

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 26:1-75

Аповяд пра пакуты і сьмерць Ісуса Хрыста дадзены ўсімі эвангелістамі найбольш падрабязным чынам, чым любая іншая частка гісторыі Ягонага зямнога жыцьця. І гэта нездарма, бо ўсе мы жадаем, як мага болей, ведаць пра Хрыста, укрыжаванага на нас. І вось зараз і пачынаецца гэты незабыўны аповяд, дзе мы ўбачым падзеі, якія папярэджваюць асноўныя – пакуты і сьмерць Ісуса Хрыста.

Мац 26:1-13
«І сталася, калі Ісус скончыў усе гэтыя словы, сказаў вучням Сваім: “Вы ведаеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаваньне”. Тады сабраліся першасьвятары, і кніжнікі, і старшыні народу на падворак першасьвятара на імя Каяфа. І радзіліся яны, каб узяць Ісуса подступам і забіць. Але казалі: “Ня ў сьвята, каб ня сталася замяшаньня ў народзе”. А Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага. Падыйшла да Яго жанчына, якая мела алябастравы збанок міра шматкаштоўнага, і выліла на галаву Ягоную, калі Ён узьлягаў. Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя абурыліся, кажучы: “Навошта гэткае марнаваньне? Бо можна было добра прадаць гэтае міра і раздаць убогім”. А Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: “Што робіце прыкрасьць жанчыне? Бо яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.. Бо выліўшы міра гэтае на цела Маё, яна ўчыніла гэта на пахаваньне Маё. Сапраўды кажу вам: “Дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ў-ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе”» (Мац 26:1-13).

Вось ён, пачатак апошняй частцы гэтай трагедыі. Ісус яшчэ раз папярэджвае вучняў пра тое, што Яго чакае наперадзе. На працягу ўсяго гэтага тыдня Ён дзейнічаў так адкрыта, што складалася ўражаньне пра хуткі і непасрэдны выклік уладам. Але Ісус яшчэ раз кажа пра тое, што Ягоная мэта – Крыж.

У той жа самы час, юдэйскія кіраўнікі пачалі ладзіць змову супраць Ісуса, каб подступам схапіць і забіць Яго. Адбывалася гэта на падворку першасьвятара Каяфы. Язэп Каяфа, першасьвятар, які знаходзіўся на гэтай пасадзе ў 18-36 гадах па Р.Х. Пра яго вядома вельмі мала, але той факт, што ён займаў гэтую пасаду на працягу 18 гадоў, кажа сама за сябе. Чаму? Ад Майсея першасьвятарства было пажыцьцёвым, але пасьля прышэсьця рымлянаў, першасьвятары мяняліся вельмі часта, таму што Рым прызначаў першасьвятароў на свой погляд. Дастаткова прыгадаць, што з 37 па 67 год па Р.Х., калі быў прызначаны апошні першасьвятар перад разбурэньнем Храма, зьмянілася 28 першасьвятароў. І з гэтага можна зрабіць выснову, што даволі працяглы тэрмін знаходжаньня Язэпа Каяфы на сваёй пасадзе можа казаць пра тое, што Каяфа меў даволі дасканалыя адносіны з Рымам.

Трэба адзначыць той факт, што рымляне катэгарычна не трывалі ніякіх грамадзянскіх беспарадкаў. І калі б узьніклі якія-небудзь беспарадкі ў Ерусаліме, дык Каяфа мог адразу ж пазбавіцца сваёй першасьвятарскай пасады. Дададзім і тое, што становішча на пасхальных сьвятах у Ерусаліме заўсёды была небясьпечнай, бо горад, гэтым часам, быў перапоўнены паломнікамі з усёй імперыі. Гісторык Язэп Флаві аднойчы падлічыў прыкладную колькасьць людзей, якія маглі знаходзіцца гэтым часам у Ерусаліме: «Да кожнай ахвяры, па закону, павінна быць ня меньш за 10 чалавек і часта гэтая колькасьць дасягала лічбы 20. Было падлічана, што колькасьць забітых ягнятаў дасягала 256500, а гэта азначае, што колькасьць людзей магла быць ня меньш за 2750000 чалавек». Для параўнаньня заўважым, што самы буйны горад тагачаснага сьвету Рым налічваў у сваім складзе каля двух мільёнаў жыхароў.

Ня дзіўна таму, што Язэп Каяфа шукаў нейкага спрыяльнага моманту, каб таемна і спакойна схапіць Ісуса. Можа і таму, што сярод паломнікаў было шмат галілейцаў, якія лічылі Ісуса за прарока. Таму Каяфа і кажа: «Ня ў сьвята, каб ня сталася замяшаньня ў народзе», але Юда, як мы ведаем, даў яму магчымасьць вырашыць гэтую праблему раней дня Пасхі.

«Падыйшла да Яго жанчына, якая мела алябастравы збанок міра шматкаштоўнага, і выліла на галаву Ягоную, калі Ён узьлягаў». Мы бачым «марнатраўнасьць» любові. Гэтая жанчына не пашкадавала вельмі каштоўную рэч дзеля Ісуса. Юдэйскія жанчына вельмі любілі пахошчы і часта насілі на шыі маленькі алавастравы посуд з пахошчамі. У Марка і Яна вучні кажуць, што гатае міра каштуе ня меньш за 300 дынараў, а гэта азначае, што кошт гэтага посуду роўны гадавому заробку работніка. Кошт гэтага міру можна яшчэ параўнаць з тым, што за гэтыя грошы можна было накарміць натоўп у 5000 чалавек, бо мы ўжо чыталі пра Філіпа, які казаў, што на гэта ня хопіць і 200 дынараў. І вось такую каштоўнасьць жанчына аддае Ісусу. Любячы ніколі не разьлічвае і ніколі ня думае пра сваю выгаду. Гэта тычыцца і нас, бо мы яшчэ не хрысьціяне, калі думаем пра тое, каб, захоўваючы прыстойнасьць, даць Хрысту і Царкве як мага меней.

«Навошта гэткае марнаваньне? Бо можна было добра прадаць гэтае міра і раздаць убогім». Гэта быў голас розуму, але любоў так ня лічыць, бо любоў падпарадкоўваецца законам сэрца. Большую частку жыцьця рэгулюе розум, але часам патрабаваньне любові можа выканаць толькі марнаваньне ды неразважлівасьць любові. Дар ня будзе сапраўдным дарам, калі яго лёгка набыць. Дар толькі тады будзе сапраўдным, калі ён зьвязаны з ахвяраю і мы даем нашмат больш таго, што можам сабе дазволіць. Наогул, гэтая гісторыя паказвае на тое, што некаторыя рэчы трэба рабіць тады, калі для гэтага знаходзіцца магчымасьць, таму што інакш гэтага зрабіць не ўяўляецца магчымым. Так, вучні імкнуліся дапамагчы бедным, але самі рабіны казалі: «Бог заўсёды пакідае з намі бедных, каб у нас ніколі не было недахопу ў магчымасьці рабіць добрую справу», што вельмі ўзгодніваецца з адказам Ісуса: «Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце». Многія свае дзеі мы можам рабіць у любы час, але для некаторых дзеяў можа быць толькі адна магчымасьць і ўпусьціць гэтую магчымасьць – азначае ўпусьціць гэтую магчымасьць назаўсёды. У нас часта бываюць дабрачынныя падахвочваньні, але мы ня дзейнічаем і вельмі верагодна, што гэтая магчымасьць і гэтыя абставіны ніколі больш ня будуць мець паўтору. Для многіх з нас трагедыя і заключана ў тым, што жыцьцё ператвараецца ў гісторыю ўпушчаных магчымасьцяў зрабіць добрую і цудоўную справу.

Прыгажосьць добрай справы ніколі не зьнікае, бо ў жыцьці так мала цудоўных рэчаў, якія асьвятляюць жыцьцё ў цемры гэтага сьвету. Напрыканцы жыцьця Ісуса было столькі горычы, столькі здрады, столькі інтрыгаў, столькі трагедыі, што гэтая гісторыя – прамень сьвятла ў цемры гэтага сьвету. А ў гэтым сьвеце толькі нешматлікія вялікія справы пакідаюць за сабою такую добрую памяць, як вось гэтая цудоўная і добрая справа.

Мац 26:14-25
«Тады пайшоў адзін з Дванаццаці, называны Юда Іскарыёт, да першасьвятароў. Ён сказаў: “Што хочаце мне даць, і я вам выдам Яго?” А яны паставілі яму трыццаць срэбнікаў. І з таго часу ён шукаў нагоды, каб выдаць Яго. А ў першы дзень Праснакоў падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы Яму: “Дзе хочаш падрыхтаваць Табе есьці Пасху?” Ён жа сказаў: “Ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: “Настаўнік гаворыць: ”Час Мой блізкі; у цябе ўчыню Пасху з вучнямі Маімі”. І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус; і падрыхтавалі Пасху. А калі настаў вечар, Ён узьлёг з Дванаццацьцю. І, калі яны елі, Ён сказаў: “Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне”. І, надта засмуціўшыся, яны пачалі гаварыць Яму, кожны з іх: “Ці ня я, Госпадзе?” Ён жа, адказваючы, сказаў: “Той, які мачае са Мною руку ў місе, гэты выдасьць Мяне. Сапраўды, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; лепш было б яму, каб ня быў нарадзіўшыся чалавек гэты”. Адказваючы, Юда, які выдаў Яго, сказаў: “Ці ня я, Раббі?” Кажа яму: “Ты сказаў”» (Мац 26:15-25).

Мы ўжо бачылі, што першасьвятары шукалі спосаб схапіць Ісуса так, каб ня выклікаць, пры гэтым, нейкіх грамадзянскіх беспарадкаў і вось зараз Юда Іскарыёт дае ім такую прывабную магчымасьць. Але, што магло кіраваць ім, калі ён прыйшоў да першасьвятароў?

Прагнасьць? Згодна Мацьвею і Марку, Юда пайшоў на гэта адразу ж пасьля памазаньня ў Бэтаніі, а Ян паведамляе, што менавіта Юда выказваўся супраць дзеяньня гэтай жанчыны, бо быў злодзеям і браў з грошай, якія былі ў грашовай скарбонцы апосталаў (Ян 12:6). У гэтым выпадку Юда зьдзейсьніў самую жахлівую зьдзелку ў гісторыі. Ён пагадзіўся выдаць Ісуса за трыццаць срэбнікаў – трыццаць срэбных сікляў, што складала сто дваццаць дынараў, а гэта, між тым, значна меньш за кошт таго міру, які жанчына выліла на галаву Ісуса. Калі прычынай здрады была прагнасьць, дык гэта ёсьць самым жахлівым прыкладам у гісторыі, як прыкладам таго, да чаго можа прывесьці любоў да грошай.

Расчараваньне? Юдэі заўсёды марылі пра магутнасьць і ўладу. Заўсёды тут былі радыкальныя нацыяналісты, якія былі гатовымі на забойствы і гвалт, каб выгнаць рымлянаў з Палестыны. Гэтых людзей называлі сікарыямі – нажаўшчыкамі, таму што яны прытрымліваліся тактыкі тэрору і замаху. Магчыма, што Юда быў адным з іх і магчыма глядзеў на Ісуса як на пасланага нябёсамі правадыра, Які, дзякуючы Сваёй уладзе, можа павесьці за Сабою вялікае паўстаньне. Юда, магчыма, бачыў, што Ісус сьвядома выбраў іншы шлях, які прыводзіў да ўкрыжаваньня і таму мы бачым разчараваньне, калі ягоная адданасьць пераўтварылася ў нянавісьць і шуканьне сьмерці чалавека, з якім былі зьвязанымі вялікія надзеі. Мабыць Юда вырашыўся на гэта, калі выявілася, што Ісус апынуўся ня тым Хрыстом, якім ён жадаў Яго бачыць.

Можа быць і тое, што Юда ніколі і не жадаў сьмерці Ісуса. Магчыма ён проста вырашыў, што Ісус занадта паволіць і жадаў толькі паскорыць Ягоныя дзеяньні, каб прынудзіць Ісуса пачаць дзейнічаць. Шчыра кажучы, гэтая кропка погляду больш за іншае адпавядае тым фактам, якія мы маем. Ці ж ня гэтым тлумачыцца тое, чаму Юда зьдзейсьніў самазабойства, калі ягоны план не атрымаўся? Але як бы мы не лічылі, трагедыя Юды ў тым, што ён адмаўляўся прымаць Ісуса такім, якім Ён і быў, намагаючыся зрабіць Яго такім, якім ён жадаў Яго бачыць. Не, мы ня можам зьмяніць Ісуса, але павінны самі зьмяніцца пад узьдзеяньнем Ісуса. Мы ніколі ня зможам скарыстаць Яго для нашых мэтаў, але павінны скарыцца і служыць Ягоным мэтам. Трагедыя Юды – гэта трагедыя чалавека, які думаў пра тое, што ведае ўсё лепей, чым ведае гэта Бог.

«Дзе хочаш падрыхтаваць Табе есьці Пасху». Ісус прыйшоў у Ерусалім, каб сьвяткаваць Пасху. Мы ўжо ўсьвядомілі тую колькасьць людзей, якая зьбіралася тут на сьвята. Лічылася, што на час Пасхі ўсе гебраі павінны быць у горадзе, але гэта не было магчымым, з-за вялікай колькасьці пілігрымаў, а таму, на гэты час, такія вёскі як Бэтанія, таксама лічыліся горадам. Вучні запыталіся ў Яго гэтым пытаньнем, атрымаўшы вельмі канкрэтны адказ, бо ведаў наперад да каго паслаць вучняў, даўшы ім тыя словы, якія Ён уклаў і ў гэтага канкрэтнага чалавека: «Час Мой блізкі; у цябе ўчыню Пасху з вучнямі Маімі».

Два дні на папярэдні Пасхі, былі сьвятам Праснакоў, якім адзначалася найвялікшае здарэньне ў гісторыі Ізраіля – пачатак збаўленьне з палону Егіпта. Тым часам гебраям прыйшлося бегчы так хутка, што ў іх не было часу пекчы хлеб з скісьленага цеста. Праснакі можна было сьпекчы вельмі хутка, а зараз гэта было традыцыяй, як напамін пра збаўленьне. Дык вось, у чацьвер зранку яны гатавалі апраснокі і астатнія атрыбуты гэтага сьвята. На стол неабходна было паставіць келіх салёнай вады ў памяць пра сьлёзы, пралітых пад час Егіпецкай няволі. Далей неабходна было прыгатаваць сумесь горкіх траваў, каб гэта было напамінам пра горыч няволі і пра пучок ісопу, якім наносілі на касяк дзьверы кроў ахвярнага ягняці. Патрэбна была таксама паста Харасэт, прыгатаваная з яблыкаў, фінікаў, гранатаў, і арэхаў. Яна павінна была даваць напамін пра гліну, з якой яны павінны былі вырабляць цагліны для егіпцянаў. І, таксама, патрэбны былі чатыры келіха віна, якія павінны былі даваць напамін гебраям пра чатыры абяцаньні: « Дык вось, скажы сынам Ізраілевым: “Я Госпад, і выведу вас з-пад ярма Егіпцянаў, і выбаўлю вас з няволі іхняй, і выратую вас рукою працягнутаю і судамі вялікімі; і прыму вас Сабе ў народ і буду вам Богам, і вы ўведаеце, што Я Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з-пад ярма Егіпецкага”» Такія вось прыгатаваньні неабходна было зрабіць у чацьвер. Вучні Ісуса і прыгавалі ўсё гэта да шасьці гадзінаў вечару, калі пачыналася пятніца - 15 нісана, калі госьці маглі сесьці за стол.

«Адказваючы, Юда, які выдаў Яго, сказаў: “Ці ня я, Раббі?” Кажа яму: “Ты сказаў”». Складваецца ўражаньне, што Ісус і Юда жывуць у сьвеце, дзе існуюць толькі яны, бо ніхто з вучняў ня ведаў задумы здрадніка. Юда рабіў сваю ганебную справу ўтойліва ад вучняў, але ён ня мог схаваць гэтае ад Ісуса, Які бачыў ягонае сэрца. І зараз мы бачым, як Ісус абыходзіцца з грэшнікам. Ці ня мог Ісус, Сваёй уладаю, разбурыць планы Юды? Безумоўна што так, але адзіная зброя, якую выкарыстоўвае Ісус – гэта заклік да любові. Адна з найвялікшых тайнаў жыцьця – павага Бога да волі чалавека. Але што робіць Бог, калі хоча адвярнуць чалавека ад грэху?

Ён ставіць чалавека тварам да того, што задумаў чалавек. Ён намагаецца прыпыніць яго і прымусіць падумаць пра тое, што той задумаў. Нехта сказаў, што найвялікшай страхоўкай супраць грэху зьяўляецца нашая здольнасьць адчуваць пачуцьце жаху перад ім. Ісус зноў і зноў прапануе чалавеку пачакаць і ўсьвядоміць гэты жах, каб адыйсьці ад думак пра грэх. Ісус прымушае чалавека паглядзець на Яго, як бы кажучы: «Паглядзі на Мяне. Ці можаш ты, паглядзеўшы Мне ў вочы, потым пайсьці і зрабіць нядобрае?» Ісус дамагаецца, каб чалавек усьвядоміў увесь жах задуманага і зразумеў Ягоную любоў, якая хоча перакрыць чалавеку шлях да зла.

Менавіта тут мы і бачым увесь жах грэху і ягоную наўмыснасьць. Нягледзячы на гэты апошні заклік любові, Юда выйшаў. Нават пасьля таго, як ён яшчэ раз убачыў свой грэх і паглядзеў у вочы Хрыста, ён не павярнуў назад. Розны бывае грэх. Ёсьць грэх гарачага сэрца, які робіцца пад уплывам моманту ці раптоўных абставінах. Ня трэба зьменшваць вынікаў такога грэху, бо яны могуць быць вельмі жахлівымі. Але нашмат хужэй разьлічаны, бессардэчны, сьвядома зьдзяйсьняемы грэх чалавека, які стрымана выконвае задуманае. Грэх чалавека, які бачыў жах свайго дзеяньня і любоў у вачах Ісуса, але, усё ж, пайшоў сваім шляхам. Серцы нашыя абураюць дзеці, што разьбіваць сэрцы сваіх бацькоў, але менавіта так учыніў Юда ў адносінах да Ісуса. І гэта да ўсіх нас, бо трагедыя, як раз, у тым, што мы часта робім гэта і самі.

Юда абдумана зрабіў свой выбар прадаць Хрыста і таму нёс асабістую адказнасьць за свой учынак.

Мац 26 26-35
«Калі ж яны елі, Ісус узяў хлеб, і, дабраславіўшы, паламаў, і даў вучням, і сказаў: “Бярыце, ешце; гэта ёсьць Цела Маё”. І, узяўшы келіх і падзякаваўшы, даў ім, кажучы: “Піце з яго ўсе, бо гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх дзеля адпушчэньня грахоў. Кажу ж вам, што адгэтуль ня буду піць ад гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду яго піць з вамі новае ў Валадарстве Айца Майго”. І, засьпяваўшы, яны пайшлі на гару Аліўную. Тады кажа ім Ісус: “Усе вы згоршыцеся праз Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі статку”. Але пасьля ўваскрасеньня Майго прыйду перад вамі ў Галілею”. Адказваючы, Пётр сказаў Яму: “Калі і ўсе згоршацца праз Цябе, я ніколі ня згоршуся”. Сказаў яму Ісус: “Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне”. Кажа Яму Пётар: “Калі б мусіў і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе”. Таксама гаварылі і ўсе вучні» (Мац 26:26-35).

Мы ведаем, як дзейнічалі прарокі, калі хацелі нешта сказаць людзям. Яны выкарыстоўвалі метад сымбалізму. Гэты метад выкарыстоўвае і Ісус. Мы бачылі ўжо трыумфальны ўваход Ісуса ў Ерусалім, а таксама і выпадак з смакоўніцай. Тое самае і зараз, бо ўвесь сымбалізм сьвята Пасхі і ўсе рытуальныя дзеяньні павінны былі відавочна паказаць людзям тое, што Ён хацеў ім сказаць, таму што ўсё гэта было дэманстрацыяй таго, што Ён хацеў зрабіць для людзей. Але якую карціну малюе Ісус і якая праўда ляжыць у-ва ўсім гэтым?

Пасха – гэта сьвята ў гонар вызваленьня, якое павінна была даваць напамін гебраям пра тое, як Бог вызваліў Ізраіля з егіпецкай няволі. І таму Ісус абвяшчае, што менавіта Ён – Збаўца. Ён прыйшоў, каб збавіць нас ад страхаў, якія перасьледуюць нас і ад грахоў, якія ня хочуць адпускаць нас. Пасхальнае ягня быў, перш за ўсё, сымбалем бясьпекі. У тую памятную ноч зьнішчэньня першанцаў, кроў пасхальнага ягняці забясьпечыла Ізраілю бясьпеку. Так і Ісус прыйшоў, каб даць людзям бясьпеку на зямлі і ў небе, у часе і ў вечнасьці. Ісус кажа вучням, што Ягоная Кроў – гэта Кроў Новага Запавету, маючы тут наўвазе Запавет паміж Богам і чалавекам. Іншымі словамі – гэта новыя адносіны Бога і чалавека. Тое, што зрабіў Ісус адкрыла шлях да ўсёй прыгажосьці і сузіраньня гэтых новых адносінаў з Богам.

«І, засьпяваўшы, яны пайшлі на гару Аліўную». Сьпевы Халел былі важнай часткаю сьвята Пасхі. Халел азначае – «Хваліце Госпада!» Гэта былі хвалебныя псальмы (Пс 112-117), якія сьпяваліся ў розныя моманты сьвяткаваньня Пасхі. Па заканчэньню сьвяткаваньня сьпявалі Вялікі Халел – Псальму 135. Менавіта гэты гімн і сьпявалі Ісус з вучнямі, перад тым, як яны пайшлі на гару Аліўную. Тут трэба дадаць, што паміж тым сьвяткаваньнем Пасхі і сучасным ламаньнем хлеба, ёсьць адна істотная розьніца. Тое было паўнавартаснай трапезай, бо, па законе, трэба было зьесці ўсяго ягняці, не пакідаючы нічога. Гэта не было смакаваньнем кавалачка хлеба і глыточка віна, але трапезай галодных людзей. І тут можна сьцьвярджаць, што Ісус вучыць людзей ня толькі зьбірацца ў царкве, каб смакаваць запаветную і сымбалічную трапезу, але кожны раз, калі яны садзяцца за абедзенны стол, павінны памятаць пра Яго.

«Калі і ўсе згоршацца праз Цябе, я ніколі ня згоршуся». Гэта словы Пятра ў адказ на заяву Ісуса, што ўсе вучні згоршацца праз Ягоны арышт у гэтай начы. Мы бачым рэалізм Ісуса і Ягонае веданьне будучага, бо бачыць згоршаньне вучняў, як і сказана ў Захарыі: «О меч! Падыміся на пастыра Майго, кажа Госпад Саваоф. Пакарай пастыра і расьсеюцца авечкі». (Зах 13:7). Мы бачым і ўпэўненасьць Ісуса, калі Ён кажа: «Але пасьля ўваскрасеньня Майго прыйду перад вамі ў Галілею». Ісус заўсёды бачыў далей за ўкрыжаваньне і быў упэўненым у славе, як і тое, што чакала Яго ў пакутах. Мы бачым Ягонае спачуваньне, бо Ён ведаў, што Ягоныя вучні пабягуць без аглядкі, але Ён не папракае іх, але кажа пра тое, што гэты жахлівы час пройдзе і Ён зноў прыйдзе да іх. Гэта паказвае веліч Ісуса. Ён ведае нашыя чалавечыя слабасьці, Ён ведае, што мы зьдзейсьнім нейкія памылкі і што нам недастае вернасьці, але гэта не пераўтварае Ягоную любоў у рэзкасьць ці пагарду. Наадварот, Ісус спачувае людзям, якія, па сваёй слабасьці, упадаюць у грэх.

Мы бачым і некаторы рысы характара Пятра. Ягоны недахоп відавочны – ён занадта ўпэўнены ў сабе. Ён ведаў, што любіць Ісуса і ў гэтым няма ніякага сумненьня, але ён лічыў, што можа сам даць рады ў любой сітуацыі. Ён бачыў сябе мацнейшым, чым яго лічыў Ісус. Гэта да ўсіх нас. Мы толькі тады можам лічыць сябе ў бясьпецы, калі ў нашым сэрцы замест фанабэрыстай упэўненасьці зойме пакора і сьціпласьць, калі чалавек усьвядоміць сваю слабасьць і сваю поўную залежнасьціь ад Ісуса Хрыста.

Юдэі, як і рымляне, падзялялі ноч на чатыры стражы: ад шасьці гадзінаў да дзевяці гадзінаў вечару; з дзевяці гадзінаў вечара да поўначы; з поўначы да трох гадзінаў ранку і з трох гадзінаў ранку да шасьці ранішніх гадзінаў. Певень павінен быў прапець паміж трэцяй і чацьвёртай стражаю. Ісус тут кажа Пятру, што ён адрачэцца ад Яго яшчэ да таго, як настане зара. Працягваючы абараняць сваю адданасьць, Пётр настойваў на тым, што лепш памрэ з Хрыстом, чым адрачэцца ад Яго. Усе вучні казалі тое ж самае, але гэта было таму, што яны ня ведалі сваіх сэрцаў.

Мац 26:36-46
«Тады ідзе з імі Ісус у месца, званае Гетсэманія, і кажа вучням: “Пасядзіце тут, пакуль Я, адыйшоўшы, памалюся там”. І, узяўшы Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэя, пачаў тужыць і сумаваць. Тады кажа ім: “Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце са Мною”. І, адыйшоўшыся трохі, упаў на аблічча Сваё, молячыся і кажучы: “Ойча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне келіх гэты; аднак не як Я хачу, але як Ты”. І прыходзіць да вучняў, і знаходзіць іх у сьне, і кажа Пятру: “Гэтак не маглі вы і аднае гадзіны чуваць са Мною? Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу. Сапраўды, дух ахвочы, а цела кволае”. Ізноў, другі раз адыйшоўшы, маліўся, кажучы: “Ойча Мой! Калі ня можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яго, няхай станецца воля Твая!” І, прыйшоўшы, знаходзіць іх ізноў у сьне; бо вочы іхнія абцяжэлі. І, пакінуўшы іх, адыйшоўшы, маліўся трэці раз, кажучы тое самае слова. Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: “Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў. Уставайце, хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае» Мац (26:36-46).

Падзеі Гетсэманіі прымушаюць, у вялікім хваляваньні, назіраць тугу і сум Ісуса. Складаецца ўражаньне, што ўсю дэлікатнасьць убачанага можна сапсаваць толькі адным неасьцярожным словам, а таму сэрца аўтара ў трымценьні зьвяртаецца да Хрыста, каб атрымаць дабраславеньне ў разуменьні гэтай барацьбы сэрца Сына Божага. Дзякуй Госпаду, што Ён вядзе кожнага з нас у тым служэньні, якое Ён даручыў нам, бо выбраў нас быць прысутнымі сярод гэтых падзеяў, як выбраў Пятра і сыноў Зэбэдэя.

«Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце са Мною». Вельмі верагодна тое, што вучні былі шакаваныя ад гэтых словаў Ісуса. Так, яны бачылі Яго сумным, калі яны ж Яго не разумелі і нават бачылі, як Ён перажывае, калі Яго абвінавачвалі ці перакручвалі Ягоныя словы. Але яны заўсёды бачылі Ісуса моцным. У Яго заўсёды была напагатове нейкая гісторыя, пытаньне ці вастрыня, каб павярнуць любое падступнае пытаньне супраць Свайго суперніка. Паказваючы Божае Валадарства, Ён меў усе адказы на ўсе пытаньні. Што ж здарылася зараз?

Ісус, быццам бы ў начным кашмары, бачыў келіх, які стаяў перад Ягонымі вачыма. Але гэта быў ня той пасхальны келіх, напоўнены віном, а той, пра які казалі прарокі і Ён сам раней казаў Якубу ды Яну. Гэта быў келіх Божага гневу, за якім, у цемры, бачыліся дэманы, што глядзелі на Яго з ухмылкай. Гэта і ёсьць той дэлікатны і драматычны момант у-ва ўсёй гэтай гісторыі. Мы бачым душэўныя пакуты чалавечай істоты Ісуса, якая ўжо была ўпэўненай, што наперадзе яе чакае сьмерць. Таму мы і чытаем гэтыя словы: «Ойча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне келіх гэты; аднак не як Я хачу, але як Ты». Ісус не адхіляўся ад Крыжа, але як бы казаў наступнае: «Ойча Мой! Калі ёсць які-небудзь іншы шлях, які дазваляе гэтым бязбожным грэшнікам здабыць выратаванне, акрамя Майго шляху на Крыж, адкрый гэты шлях зараз жа! Але пры ўсім гэтым Я хачу, каб Ты ведаў: “Я не жадаю нічога адваротнага волі Тваёй”». Які ж быў адказ? Ніякага, бо нябёсы маўчалі. І з гэтага красамоўнага маўчаньня мы ведаем, што, каб апраўдаць вінаватых грэшнікаў, у Бога не было іншага шляху, як толькі Хрысту, бязгрэшнаму Збаўцу, памерці за нас, стаўшыся нашым грэхам.

«Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу. Сапраўды, дух ахвочы, а цела кволае». Калі Ісус вярнуўся да вучняў, Ён знайшоў іх у сьне. Іхні дух быў ахвочым, цела ж было кволым. Асьцеражэмся абвінавачваць іх, калі падумаем пра сваё малітоўнае жыцьцё, бо мы сьпім лепш, чым молімся і думкі нашыя безуважлівыя замест канцэнтраванасьці. Як часта Госпаду прыходзіцца гаварыць нам, як той ноччу Пятру: «Гэтак не маглі вы і аднае гадзіны чуваць са Мною?» Павучальны ўрок, дадзены апосталам, - гэта ўрок і ўсім нам, бо мы павінны, пад час малітвы, бадзёрыцца, памятаючы пра ўдзел Ісуса Хрыста. Калі ж Ён падыйшоў да іх другі, а потым і трэці раз, яны зноў спалі. Ён маліўся, а яны спалі. Вось тады Ісус і сказаў: «Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў. Уставайце, хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае». Магчымасьць чуваць з Ім, калі Ён маліўся, яны выпусьцілі, бо ўжо былі чутнымі крокі здрадніка, а словы Ісуса: «Уставайце, хадзем» не азначалі адступленьне, але значылі іншае – ісьці наперад ворагу.

Мац 26:47-56
«І калі Ён яшчэ гаварыў, вось, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, і з ім шматлікі натоўп з мячамі і кала;мі ад першасьвятароў і старшыняў народу. А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: “Каго я пацалую, гэта Ён; бярыце Яго”. І адразу, падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: «Радуйся, Раббі!», і пацалаваў Яго. А Ісус сказаў яму: “Дружа, дзеля чаго ты прыйшоў?” Тады тыя, што прыйшлі, усклалі рукі на Ісуса і ўзялі Яго. І вось, адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы руку, выхапіў меч свой і, ударыўшы слугу першасьвятара, адсек яму вуха. Тады кажа яму Ісус: “Вярні меч твой на месца ягонае; бо ўсе, што ўзялі меч, ад мяча загінуць. Ці ты думаеш, што Я ня маю сілы цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён паставіць побач Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? Як жа споўніцца Пісаньне, што гэта мусіць стацца?” У тую гадзіну сказаў Ісус натоўпу: “Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я з вамі, навучаючы ў сьвятыні, і вы не хапалі Мяне. А гэта ўсё сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў”. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі» (Мац 26:47-56).

Як мы ўжо разважалі, Юда мог дзейнічаць з двух памкненьняў. Ён мог гэта зрабіць з прагнасьці ці расчараваньня, але магчыма і таму, каб абудзіць Яго да актыўнага дзеяньня, а таму хацеў бачыць Яго ў дзеяньні, але не памерлым. І гэтае дзяньне Юды можна тлумачыць па рознаму. Калі ў сэрцы Юды была толькі нянавісьць і велізарная прагнасьць, дык гэта быў самы жахлівы пацалунак у гісторыі і самы жахлівы знак – знак здрады. Але ёсьць знакі таго, што гэта было і ня так. Бо навошта было ўказваць на чалавека праз пацалунак? І чаму Юда зрабіў гэта менавіта так? Пытаньне, але і магчымасьць для разважаньня.

Навошта, наогул, было ўказваць на Ісуса? Уладам не патрэбна было нейкае апазнаньне, але патрэбна была зручная магчымасьць схапіць Ісуса. Тыя, хто прыйшоў арыштоўваць Ісуса былі пасланымі першасьвятарамі, а гэта, у вялікай ступені верагоднасьці, была храмавая варта. Немагчыма ўявіць сабе, што гэтая варта ня ведала чалавека, Які выгнаў з Храма мянялаў і гандляроў галубамі. Немагчыма, каб варта ня ведала чалавека, Які вучыў тут штодзённа ўвесь гэты тыдзень. Калі варту прывёў сюды Юда, яны вельмі добра ведалі гэтага чалавека, Якога прыйшлі арыштоўваць.

Больш верагодна тое, што Юда шчыра пацалаваў Ісуса, як звычайна вучань цалаваў свайго настаўніка, а потым адыйшоў назад, з надзеяй чакаючы, што вось зараз Ісус, нарэшце, пачне дзейнічаць супраць уладаў. Цікава адзначыць, што пасьля гэтага пацалунку Юда, цалкам зьнікае з апісаньня падзеі начы ў Гетсэманіі і вяртаецца толькі з прычыны свайго самазабойства. Яго няма ў сынедрыёне ў якасьці сьведкі супраць Ісуса. Найбольш верагодна, што Юда, ашаломлены і ўзрушаны, у адно імгненьне ўсьвядоміў, як ён пралічыўся і пайшоў, адчуваючы сябе зламаным і перасьледваемым чалавекам. Калі ж гэта так, дык у той момант Юда знайшоў, створанае для сябе самога, пекла, як поўнае ўсьведамленьне ўсіх жахлівых наступствах грэху.

«Тады тыя, што прыйшлі, усклалі рукі на Ісуса і ўзялі Яго». Ісус не дапусьціў ніякага супраціву. Мы бачым толькі тое, што адзін з вучняў, выхапіўшы меч, параніў аднаго са слугаў першасьвятара. У аповядзе Яна гэты вучань – Пётр, які адразу ж кінуўся абараняць сваго Настаўніка, што кажа пра мужнасьць Пятра. Але Ісус не падтрымаў Пятра, калі забараніў яму гэта і аздаравіў параненага слугу. Безумоўна і тое, што Юда, бачыўшы ўсё гэта, зразумеў тое, што ён нарабіў. Але справа была ня ў гэтым.

Ісус ішоў на сьмерць па асабістаму выбару. У Яго не было неабходнасьці прыходзіць у Ерусалім на гэтае сьвята. Але і прыдзячы ў Ерусалім, у Яго не было неабходнасьці праяўляць такое адкрытае непадпарадкаваньне першасьвятарам і старшыням. Нават і ў Гетсыманіі Ён мог, у цемры ночы, выйсьці адтуль, як выйшаў аднойчы з раз’юшанага Назарэту. Ён мог заклікаць сілу Божую і зьнішчыць Сваіх ворагаў. Кожны Ягоны крок апошняга тыдня паказвае на тое, што менавіта Ён аддае Сваё жыцьцё, а ня тое, што нехта забірае жыцьцё Ісуса. Ён Сам выбірае сьмерць, бо гэта было планам Бога, як да гэтага прадказвалі прарокі. У імя любові, што ёсьць адзіна правільны шлях: «Вярні меч твой на месца ягонае; бо ўсе, што ўзялі меч, ад мяча загінуць». Гвалт спараджае гвалт і жахлівыя наступствы, а Ісус прыйшоў у гэты сьвет зусім не для гэтага. Божае прызначэньне можа быць выкананым толькі ахвярнай любоўю. Гісторыя і паказала гэта, бо юдэі, што схапілі Яго і якія заклікалі да крывавай барацьбы з рымлянамі, праз сорак гадоў убачылі свой горад і Храм, разбураным ушчэнт. У той час, як Ісус навечна заваладарыў у сэрцах людзей.

Мац 26:57-68
«А тыя, што схапілі Ісуса, завялі Яго да першасьвятара Каяфы, дзе былі сабраныя кніжнікі і старшыні. Пётр жа ішоў за Ім здалёк аж да падворку першасьвятара; і, увайшоўшы ў сярэдзіну, сеў з паслугачамі, каб бачыць канец. А першасьвятары і старшыні, і ўвесь сынэдрыён шукалі фальшывага сьведчаньня супраць Ісуса, каб забіць Яго. І не знаходзілі; і многія фальшывыя сьведкі, што прыходзілі, не знайшлі. Нарэшце, два фальшывыя сьведкі, якія прыйшлі, сказалі: “Ён прамаўляў: “Магу зруйнаваць бажніцу Божую і ў тры дні збудаваць яе”. І, устаўшы, першасьвятар сказаў Яму: “Ты нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?” А Ісус маўчаў. І, адказваючы, першасьвятар сказаў Яму: “Заклінаю Цябе Богам жывым, каб Ты сказаў нам, ці Ты — Хрыстос, Сын Божы?” Кажа яму Ісус: “Ты сказаў. Да таго кажу вам: адгэтуль угледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і ідзе на аблоках нябесных”. Тады першасьвятар разьдзёр шаты свае, кажучы: “Ён блюзьніць! Якую яшчэ маем патрэбу ў сьведках? Вось, цяпер вы пачулі блюзьнерства Ягонае. Што вы думаеце?” Яны ж, адказваючы, сказалі: “Ён варты сьмерці”. Тады плявалі Яму ў аблічча і білі Яго; а іншыя білі Яго па шчоках, кажучы: «Праракуй нам, Хрыстос, хто ўдарыў Цябе?”» (Мац 26:57-68).

Калі ўважліва чытаць аповяд Мацьвея адносна суду над Ісусам, дык складаецца ўражаньне, што ён складаецца з трох частак: начнога паседжаньня ў доме Каяфы, ранішняй нарады сынэдрыёну і суду ў Пілата. Перш за ўсё, паўстае пытаньне: «Ці быў начны сход афіцыйным паседжаньнем тэрмінова сабранага сынэдрыёну, ці гэта было папярэднім расследваньнем для вызначэньня вінаватасьці Ісуса, каб зранку, у афіцыйным паседжаньні, вынесьці прысуд?» Але як бы мы не разважалі, зразумела толькі тое, што юдэі парушалі свой жа закон, а калі начное паседжаньне лічыць афіцыйным, дык, у гэтым выпадку, парушэньне насіла больш сур’ёзны характар. Падобна на тое, што Мацьвей палічыў начное паседжаньне афіцыйным, таму што сказана: «А першасьвятары і старшыні, і ўвесь сынэдрыён шукалі фальшывага сьведчаньня супраць Ісуса, каб забіць Яго». Але што ёсьць гэты юдэйскі суд, з кропки погляду юдэйскага закону.
Сынэдрыён – вярхоўны суд юдэяў, які складаўся з кніжнікаў, фарысэяў, садукеяў і старшыняў народу, лікам у семдзесят адзін чалавек пад старшынствам першасьвятара. Для такога суду, як гэты, патрабавалася прысутнасьць ня меней за дваццаць тры чалавекі. Існавалі нормы і правілы, па якіх усе крымінальныя справы павінны былі разглядацца на працягу дня. Пад час сьвяткаваньня Пасхі такія справы не разглядаліся. Справа магла быць скончанай ў адзін дзень толькі ў тым выпадку, калі суд выносіў апраўдальны прысуд – не вінаваты. У іншых выпадках да вынясеньня прысуду павінна была прайсьці ноч з тым улікам, каб у судзьдзяў магло прачнуцца пачуцьце жаласьці. Акрамя гэтага, ніводнае рашэньне сынэдрыёну не магло быць сапраўдным, калі яно не было вынесеным у залі паседжаньняў. Усе сьведчаньні павінны былі быць пацьверджанымі дзьвума сьведкамі, які дапытаваліся паасобку, без усякіх кантктаў аднаго з адным.

Усе ілжывыя паказаньні караліся сьмерцю. Кожнаму сьведку асабліва указвалася на сур’ёзнасьць і важнасьць сказанага, калі справа ішла пра жыцьцё чалавека: «Памятай сьведка, што адна справа даваць паказаньні ў справе, дзе вырашаецца грашовае пытаньне, але другая, калі вырашаецца пытаньне жыцьця і сьмерці, на цябе ўпадзе кроў нявіннага і ягонага семя да сканчэньня веку». Акрамя гэтага, пры ўсякім судовым разглядзе суду, па–перш, выкладаліся сьведчаньні пра невінаватасьць і толькі потым выкладаліся сьведчаньні супраць. Такія і былі нормы сынэдрыёну, а з гэтага зразумела тое, што сынэнрыён парушыў свае ж нормы. Нянавісць дасягнула такой кропкі, што ўсе сродкі былі добрымі, каб толькі пазбавіцца Яго.

Галоўнай мэтай гэтага начнога паседжаньня было знаходжаньне хоць якога сьведчаньня супраць Ісуса, але іх, калі казаць пра справядлівасьць, не існавала. Ня так проста было знайсьці і фальшывых, бо ўсе ведалі, якое пакараньне ідзе за гэтым. Але знайшлі, можа за тыя ж трыццаць срэбнікаў, хто ведае. Нехта нешта чуў пра тое, як Ён казаў: «Магу зруйнаваць бажніцу Божую і ў тры дні збудаваць яе». Відавочна, што гэтае абвінавачваньне ёсьць перакручваньнем некаторых словаў, якія Ісус сапраўды казаў, калі казаў пра разбурэньне Храма. Ісус адмовіўся адказваць на гэтае сьведчаньне і закон быў на Ягоным баку, бо ніхто ня мог прымушаць агаворваць сябе. Гэта разумелі ўсе і Каяфа, выкарыстаўшы ўсе іншыя магчымасьці, задае пытаньне, ад адказу на якое немагчыма было уйсьці: «Заклінаю Цябе Богам жывым, каб Ты сказаў нам, ці Ты — Хрыстос, Сын Божы?»

Вось ён, вырашальны момант. Увесь сусьвет чакае адказу, бо калі Ісус скажа «не», дык наогул зьнікае ўвесь сэнс судовага працэсу і Ісус можа выйсьці адтуль вольным ад перасьледу. А калі наадварот, дык Ён падпісвае Свой сьмяротны прысуд і Крыж становіцца абсалютнай непазьбежнасьцю. Ісус, не вагаючыся кажа «так», цытуючы, пры гэтым, з Данііла (7:13), дзе была дадзена яркая карціна канчатковай перамогі Божага Сына. Ісус добра ведаў тое, што Ён робіць, бо адразу ж раздаліся крыкі пра блюзьнерства і ўсе ўбачылі, як Каяфа разьдзірае свае шаты, паказваючы гэтым, што Ісус варты сьмерці. Пасьля гэтага Яму сталі пляваць у твар і біць па шчоках, кажучы: «Праракуй нам, Хрыстос, хто ўдарыў Цябе?» Была забытаю нават зьнешняя форма правасудзьдзя, бо мы бачым, як вырвалася вонку злобная нянавісьць. Начное паседжаньне пачалося, як судовы разгляд, а скончылася неймавернай дэманстрацыяй нянавісьці.

І па сёняшні дзень чалавек, які сутыкнуўся з Ісусам Хрыстом, павінен ці ненавідзець Яго, ці любіць; ці цалкам падпарадкавацца Яму, ці адпрэчыць Яго. Чалавек, які зразумеў чаго патрабуе Ісус Хрыстос, ня можа заставацца нейтральным. Ці ён становіцца на бок Хрыста, ці становіцца Ягоным ворагам.

Мац 26:69-75
«А Пётр сядзеў звонку, на падворку, і падыйшла да яго адна служка, кажучы: “І ты быў з Ісусам Галілейцам”. Ён жа адрокся перад усімі, кажучы: “Ня ведаю, што ты кажаш”. Калі ж ён выходзіў за браму, убачыла яго другая і кажа тым, якія былі там: “І гэты быў з Ісусам з Назарэту”. І ён ізноў адрокся з прысягаю, што ня ведае Чалавека Гэтага. Неўзабаве тыя, што падыйшлі і стаялі там, сказалі Пятру: “Праўда, і ты з іх, бо і гаворка твая выяўляе цябе”. Тады ён пачаў бажыцца і прысягаць, што ня ведае Чалавека Гэтага. І адразу запяяў певень. І ўзгадаў Пётр слова Ісуса, сказанае яму: “Перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне”. І, выйшаўшы вонкі, заплакаў горка» (Мац 26:69-75).

Чытаючы гэтыя радкі нельга не зьдзіўляцца ўзрушаючай шчырасьцю Новага Запавету, бо нягледзячы на будучы аўтарытэт Пятра, а Эвангельлі ствараліся менавіта ў гэты час, мы бачым гэты пакутлівы сорам. Аповяд Мацьвея блізкі да аповяду Марка, дзе гэтая падзея пададзена яшчэ больш падрабязна. Мы ведаем таксама, што Марк, памочнік Пятра, пісаў сваё Эвангельле па тым зьвесткам, якія ён атрымаў ад Пятра. І таму мы стаім перад дзіўным фактам, што гісторыя адрачэньня Пятра дайшла да нас таму, што Пётр сам распавёў іншым пра гэта.

Не схаваўшы гэтую гісторыю, Пётр выкарыстаў яе для свайго дабравесьця і зрабіў гэта з самых добрых пачуцьцяў, бо кожны раз ён мог сказаць: «Вось так можа прабачаць Ісус. Ён прабачыў мяне, калі я пакінуў Яго ў час Ягоных пакутаў. Больш таго, Ён прыняў мяне з тым, каб я зноў мог быць Яму карысным». І гэта да ўсіх нас, бо мы не павінны забываць тое, што распавёў сам Пётр пра свой сорам, каб усе людзі маглі спазнаць славу ўсёдаравальнай любові і сілы Ісуса Хрыста. Чаму нельга глядзець на Пятра з асудаю? Таму што тое няшчасьце, якое спасьцігла Пятра, магло адбыцца толькі з чалавекам вялікай сьмеласьці, бо, калі ўсе зьбеглі, ён пайшоў за Хрыстом і ўвайшоў у двор першасьвятара, а гэта не было небясьпечным. Што б хто не казаў пра Пятра, але, сярод усіх вучняў, ён стаўся самым сьмелым, якім, дарэчы, ён і быў.

«І ўзгадаў Пётр слова Ісуса, сказанае яму: “Перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне”. І, выйшаўшы вонкі, заплакаў горка». Мы ня ведаем, што адбывалася з Пятром адразу пасьля гэтага, бо эвангельская гісторыя накідвае заслону на мукі ягонага сораму, але трэба разумець і тое, што вельмі нямногія з нас адважыліся б, у такі час, пайсьці на двор першасьвятара. Гэта любоў надала Пятру мужнасьці, гэта яна ўтрымлівала яго там, хаця яго апазналі ўжо тры разы. Гэта любоў прымусіла ўспомніць словы Ісуса. Гэта любоў пагнала яго плакаць уначы, бо любоў адкупае ўсе грахі У рэшце рэшт, гэтая гісторыя вымушае нас бачыць у гэтым ня толькі баязьлівасьць Пятра , але і ягоную любоў


Рецензии