Мат 27 1-66

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 27:1-66

Яшчэ адзін этап рэлігійнага суду адбыўся раніцай. Мы ўжо ведаем з юдэйскай гісторыі, што ніякую справу нельга было закончваць у той дзень, калі падсудны ня быў апраўданым. Мэтай гэтага было тое, што будучая ноч магла ўзьдзейнічаць на судзьяў пачуцьцем міласэрнасьці. Але, у дадзеным выпадку, першасьвятары і старшыні народу разглядалі справу Ісуса ноччу, што было парушэньнем закону. Складаецца ўражаньне, што тыя некалькі гадзінаў адпачынку перад ранішняй нарадай, толькі ўзмацнілі нянавісьць неадпачнуўшых судзяў да Ісуса. Заўважым, што згодна рымскаму закону, рэлігійныя ўлады ня мелі права зьдзяйсьняць сьмяротны прысуд без пастановы пракуратара Юдэі. І вось зараз сынэдрыён павінен быў сфармуляваць абвінавачваньне, з якім яны маглі б пайсьці да Пілата і патрабаваць зьдзяйсьненьня сьмяротнага прысуду для Ісуса. Што ж тычыцца Юды, дык, як падаецца, Мацьвей наўмысна перарывае, на кароткі час, гісторыю судовага перасьледу Ісуса, каб ня проста распавесьці пра жахлівы лёс здрадніка Хрыста, але каб паказаць прыгажосьць, чысьціню і веліч Таго, Каму здрадзілі. Веліч Ісуса праяўляецца нават на фоне агіднага грэху і сьмерці.

Мац 27:1-10
«А калі настала раніца, усе першасьвятары і старшыні народу мелі нараду адносна Ісуса, каб забіць Яго. І, зьвязаўшы Яго, павялі і выдалі Яго Понтыю Пілату, ваяводзе. Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што Ён асуджаны, пакаяўшыся, зьвярнуў трыццаць срэбнікаў першасьвятарам і старшыням, кажучы: “Саграшыў я, выдаўшы кроў бязьвінную”. Яны ж сказалі яму: “Што нам да гэтага? Глядзі сам”. І, кінуўшы срэбра ў бажніцы, ён выйшаў і, адыйшоўшы, павесіўся. А першасьвятары, узяўшы срэбра, сказалі: “Нельга кінуць іх у скарбонку, бо яны — цана крыві”. Зрабіўшы ж нараду, яны купілі за іх поле ганчара, каб хаваць чужынцаў. Дзеля гэтага завецца поле тое “полем крыві” аж да сёньня. Тады споўнілася сказанае праз Ярэмію прарока, які кажа: «І ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраіля, і далі іх за поле ганчара, як загадаў мне Госпад» (Мац 27:1-10).

Перад намі поўны жаху апошні акт трагедыі Юды і як бы мы не тлумачылі ягоныя намеры, відавочна адно – зараз Юда ўбачыў увесь жах створанага ім. У сьляпым адчаі, прыйшоўшы ў Храм, Юда пакаяўся перад першасьвятарамі і старшынямі народу, кінуўшы грошы ў бажніцу. А потым пайшоў і павесіўся. Сьвятары ж узялі гэтае срэбра настолькі «брудным», што не маглі пакласьці яго ў скарбонку Храма і таму купілі на іх зямлю для пахаваньня нячыстых паганаў, якія паміралі ў горадзе.

«Саграшыў я, выдаўшы кроў бязьвінную”. Яны ж сказалі яму: “Што нам да гэтага? Глядзі сам». Ёсьць некалькі ўзроўняў пакаяньня і мы бачым, што паміж шкадаваньнем Юды і сапраўдным пакаяньнем Пятра кардынальная розьніца. І шкадаваньне і пакаяньне пачынаюцца з таго, што мы глядзім на свой учынак як на памылку. Але шкадаваньне можа суправаджацца гневам, нянавісьцю да сябе і іншых людзей, што вядзе, у рэшце рэшт, да самаразбурэньня. Пакаяньне ж, якое выбраў Пётр, вядзе шляхам сораму, сьлёзаў і вяртае да жыцьця.

Першасьвятары і старшыні народу нават і не шкадавалі пра тое, што яны зрабілі ноччу, лічачы, што яны выкананалі свой абавязак перад Богам і сваёй краінай. Для іх не было важным, вінаваты Ісус ці не, але для іх важным было не наклікаць гнеў рымлянаў на іх саміх. І таму ніхто з іх не адгукнуўся на шкадаваньне Юды, які прыйшоў да іх у сваёй горычы. У гэтай жа гісторыі праглядаецца доля іроніі, бо яна распавядае ня толькі пра здрадніка Юду, але і пра пачатак канца Храма. Гэты «дом Божы» апынуўся пабудаваным на пяску і яму наканавана з трэскам абрынуцца. Першасьвятары ня хочуць дапамагчы чалавеку, які прыйшоў да іх, прызнаючы сваю віну, а таму гэта ёсьць паказчыкам таго, што ўся храмавая сістэма пачынае развальвацца. Трагедыя Юды – непадробная і жахлівая, якая працягваецца вечна, але трагедыя Храма яшчэ глыбейшая, бо ягоныя захавальнікі былі настолькімі занятымі сваімі палітычнымі інтрыгамі, што ня бачылі, як падмурак іхняга дому тоне ў пяску, а ягоныя муры ўжо маюць небясьпечныя расколіны.

Ці зможам мы заглянуць паглыбей у душу няшчаснага Юды? Чаму ён зразумеў свой грэх толькі тады, калі Ісуса судзілі на сьмерць? Магчыма, Юда да апошняга спадзяваўся на тое, што Ісус дасьць Каяфе такі пераканаўчы адказ, які можа упэўніць усіх. Магчыма Юда верыў, што дзякуючы гэтай небясьпечнай сітуацыі, якую ён стварыў, Бог дасьць у дапамогу Ісусу дванаццаць легіёнаў анелаў, якія перамогуць усіх ворагаў і вызваляць Ісуса. Але ўсё гэта не тлумачыць тыя трыццаць срэбнікаў, хаця зло далёка не заўсёды пасьлядоўнае і ня можа тлумачыцца рацыянальна. Юда памёр ад сваёй рукі, таму што вельмі любіў рабіць усё па-свойму. Ён усьвядоміў свой грэх і, ня ўбачыўшы славы, адчуў нявыноснасьць гэтага жыцьця.

«Тады споўнілася сказанае праз Ярэмію прарока, які кажа: «І ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраіля, і далі іх за поле ганчара, як загадаў мне Госпад». Мацьвей, падобна, цытуе гэта па памяці, бо гэтыя словы не з прарока Ярэміі, а з прарока Захарыі. Ён цытуе з дзіўнага ўрыўку (Зах 11:10-14), дзе прарок кажа пра тое, як ён – атрымаў недастойную ўзнагароду і кінуў яе ганчару. Мы ж разумеем, што ў гэтай старажытнай карціне Мацьвей убачыў сымбалічную аналогію таму, што зрабіў Юда.

Мац 27:11-26
«А Ісус стаў перад ваяводам; і спытаўся ў Яго ваявода, кажучы: “Ты — Валадар Юдэйскі?” Ісус жа сказаў яму: “Ты кажаш”. І, калі абвінавачвалі Яго першасьвятары і старшыні, Ён нічога не адказваў. Тады кажа Яму Пілат: “Ня чуеш, колькі сьведчаць супраць Цябе?” І не адказаў яму ніводнага слова, так што ваявода надта дзівіўся. А на сьвята ваявода меў звычай вызваляць натоўпу аднаго вязьня, якога яны хочуць. Мелі ж тады знакамітага вязьня, называнага Барабба. Дык калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: “Каго хочаце, каб я вызваліў вам: Бараббу ці Ісуса, называнага Хрыстом?” Бо ведаў, што праз зайздрасьць выдалі Яго. Калі ён сядзеў на судовым пасадзе, жонка ягоная паслала да яго, кажучы: “Няма нічога рабіць табе і Праведніку Гэтаму, бо я шмат перацярпела сёньня ў-ва сьне дзеля Яго”. Але першасьвятары і старшыні пераканалі натоўп, каб прасілі Бараббу, а Ісуса загубілі. Адказваючы, ваявода сказаў ім: “Каго хочаце з гэтых двух, каб я вызваліў вам?” Яны ж сказалі: “Бараббу”. Кажа ім Пілат: “Што тады я ўчыню Ісусу, называнаму Хрыстом?” Кажуць яму ўсе: “Няхай будзе ўкрыжаваны!” А ваявода сказаў: “Дык якое зло ўчыніў Ён?” А яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: “Няхай будзе ўкрыжаваны!” Пілат, бачачы, што няма ніякай рады, але замяшаньне стаецца яшчэ большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад натоўпам, кажучы: “Бязьвінны я ў крыві Праведніка Гэтага. Вы глядзіце”. І, адказваючы, увесь народ сказаў: “Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых!” Тады ён вызваліў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў, каб быў укрыжаваны» (Мац 27:11-26).

Ранішняя нарада перашасьвятароў і старшыняў скончылася вызначаным абвінавачваньнем Ісуса перад Пілатам. Мацьвей ня кажа нам пра тое, якое яно было, але мы можам даведацца пра гэта ў Лукі. Судзьдзі добра разумелі, што Пілат не захоча нават і чуць пра блюзьнерства Ісуса, а таму яны падгатавалі трайное абвінавачваньне, кожнае з якіх было безумоўнай хлусьнёй. Па-першае, Ён выступае супраць рымскай улады. Па-другое, Ён падбівае народ на тое, каб не плаціць падаткаў цэзару і па-трэцяе тое, што Ён называе Сябе Валадаром. Такім чынам, усё зараз залежала ад пракуратара Понтыя Пілата. Але што гэта быў за чалавек?

Понты Пілат – пракуратар Юдэі, прадстаўнік воінскага асяродзьдзя, атрымаў гэтую адміністрацыйную пасаду ў 26 годзе па Р.Х., будучы адказным непастрэдна перад імператарам, а не перад рымскім сенатам, якому падпарадкоўваліся праконсулы. Пачаўшы сваю дзейнасьць на пасадзе пракуратара, ён нарабіў нямала такога, што выклікала нянавісьць юдэяў да сваёй асобы. У юдэйскага вучонага Філона Александрыйскага ёсьць характарыстыка Пілата. Ён кажа, што юдэі пагражалі сваім правам, какб паскардзіцца цэзару на Пілата. Гэтая пагроза вельмі злавала Пілата, бо ён баяўся, што Рым убачыць адмоўныя бакі ягонай дзейнасьці: хабарніцтва, пагардлівасьць, вымагальніцтва, жорсткасьць, ягоную манеру караць без суду і сьледства, ягоную бесчалавечнасьць. Понты Пілат карыстаўся ў юдэяў вельмі дрэннай рэпутацыяй і ўжо тое, што яны маглі паскардзіцца на яго ў Рыме, ставіла яго ў цяжкае становішча. Калі ж паглядзець на заканчэньне службовай кар’еры Пілата ў Юдэі, дык ён быў адкліканы ў Рым у 36 годзе па Р.Х. за асаблівую жорсткасьць у Самарыі, калі неабгрунтавана былі забітыя шмат людзей у сітуацыі даволі бясьпечнай. Самаране паскардзіліся сірыйскаму легату Вітэлію, непасрэднаму начальніку Пілата, які загадаў Пілату ехаць у Рым і даць справаздачу пра свае паводзіны. Але, па дарозе ў Рым, прыйшла вестка пра сьмерць цэзара Тыберыя і такім чынам Пілат пазьбег судовага перасьледу. Далейшы лёс Пілата дакладна невядомы, але, згодна легендам, ён скончыў сваё жыцьцё самазабойствам. Хаця існуюць і меркаваньні таго, што Пілат, усьлед за жонкай Пракулай, у рэшце рэшт, стаў хрысьціянінам. У выпадку ж з Ісусам, ён ведаў пра Ягоную невінаватасьць, але ягоныя мінулыя злачынствы далі юдэям сродак прымусіць яго, супраць сваёй волі і пачуцьця справядлівасьці, выканаць волю юдэяў.

Безумоўна тое, што Ісус вельмі моцна ўразіў Пілата, але ён не прымаў сур’ёзна заяву Ісуса пра Юдэйскага Валадара і ня бачыў у Ім бунтара. Велічнае маўчаньне Ісуса прымушала Пілата адчуваць нешта падобнае на тое, што ён сам знаходзіцца ў падсьледчым стане. Пілат адчуваў сілу і ўладу Ісуса і вельмі баяўся, што ня здолее гэтаму процістаяць. Ён шукаў з гэтага выйсьце і яму падалося, што знайшоў яго, калі прыгадаў звычай вызваляць на Пасху аднаго вязьня. Мацьвей называе гэтага вязьня знакамітым на імя Барабба, што азначае «сын айца», а гэта, у сваю чаргу, азначае магчымую прыналежнасьць да роду знакамітых рабінаў. Цікавым можа быць і тое, што Бараббу таксама звалі Ісусам, што пацьверджвае, напрыклад, старажытны хрысьціянскі філосаф Арыген. Але гэта не было прынцыповым, калі Пілат намагаўся знайсьці выйсьце з гэтага становішча. Натоўп жа зрабіў свой выбар, выбіраючы знакамітага злачынцу і адпрэчваючы невінаватага Ісуса Хрыста. Любячаму і невінаватаму людзі аддалі перавагу жорсткаму і злачыннаму.

Пілат спрабаваў зьняць з сябе адказнасьць за прысуд Ісуса, калі ўбачыў непахісную рашучасьць натоўпу. І вось перад намі дзіўная і трагічная карціна – Понты Пілат мые рукі. Гэты даўні гебрайскі звычай апісаны яшчэ ў Майсеевым Другім Законе, калі трэба было ачысьціцца ад віны за мёртвае цела. Пракуратар добра разумеў сэнс адбывалага і чуў голас справядласьці і законнасьці, які выходзіў з сумленьня. Больш таго, ён ведаў пра сон сваёй жонкі, але ня мог процістаяць натоўпу і вырашыўся на бескарысны ды марны жэст – умыў свае рукі перад натоўпам, каб пазьбегнуць адказнасьці. Але ці можна яе пазьбегнуць такім чынам?

Вобраз Понтыя Пілата выклікае хутчэй жаласьць, чым агіду, таму што гэта быў чалавек, настолькі загразлым у сваім мінулым, якое і зрабіла яго настолькі бездапаможным, што ён ня быў здольным на тую кропку погляду, на якую ён намагаўся ўстаць. Понты Пілат – фігура хутчэй трагічная, чым зладзейская. Мацьвей ня кажа, што пасьля мыцьця рук Пілат стаўся меньш вінаватым. Сутнасьць гэтай гісторыі ня ў тым, што зараз віна легла на юдэяў і іх дзяцей, якія будуць тысячамі забітыя пераемнікамі Пілата. Мацьвей лічыць вінаватымі ўсіх – першасьвятароў і старшыняў народу, самога Пілата і ўсіх тых людзей, якія пагадзіліся з гэтым прысудам. Пасьля сьмерці Ісуса адкупленьне гэтай усеагульнай віны будзе прапанована кожнаму чалавеку – таксама як вызваленьне вінаватага ў розных злачынствах Бараббы. Калі Ісус памірае як Валадар Юдэйскі, дык Ён прымае на Сябе віну ня толькі Ізраіля, яле і ўсяго сьвету.

Пытаньне пра віну ці невінаватасьцьІсуса – гэта ключ да разуменьня ўсяго. Першасьвятары і старшыні ўжо зрабілі сваю справу, Юда адыграў сваю ганебную ролю, народ ужо ўзяў на сябе і сваіх дзяцей гэтую віну, і вось зараз пракуратар Юдэі паказвае тое, чаго каштуе хвалёнае рымскае «правасудзьдзе». Усе чалавечыя грахі аб’ядналіся ў адно, каб укрыжаваць Ісуса Хрыста. Але Мацьвей хоча данесьці да нас ідэю пра тое, што невінаваты Ісус памірае замест грэшнікаў. Ягоны вялікі пасхальны подзьвіг адкрывае праход праз Чэрмнае мора грэху і сьмерці, заклікаючы і Бараббу, і ўсіх нас прайсьці па гэтаму шляху да свабоды.

Мац 27:27-37
«Тады жаўнеры ваяводы, узяўшы Ісуса да прэторыі, сабралі на Яго ўсю кагорту. І, зьняўшы з Яго ўсё, усклалі на Яго плашч пунсовы, і, сплёўшы вянок з церня, усклалі на галаву Ягоную, і далі трысьціну ў правую руку Ягоную, і, кленчучы перад Ім, зьдзекваліся з Яго, кажучы: “Радуйся, Валадару Юдэйскі!” І тыя, што плявалі на Яго, узялі трысьціну, і білі па галаве Ягонай. І, калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго плашч, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне. А выходзячы, яны знайшлі чалавека Кірэнэйца, на імя Сымон; яго прымусілі, каб нёс крыж Ягоны. І прыйшлі на месца, называнае Гальгота, што азначае Месца Чэрапа. Яны далі Яму піць воцат, зьмяшаны з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ён не захацеў піць. А тыя, што ўкрыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, каб споўнілася сказанае праз прарока: “Падзялілі адзеньне маё між сабою і пра вопратку маю кідалі жэрабя”. І, пасеўшы, пільнавалі Яго там. І зьмясьцілі над галавою Яго надпіс пра віну Ягоную: “Гэта Ісус, Валадар Юдэйскі”» (Мац 27:27-37)

Вось ён, пачатак жахлівага дзеяньня – Укрыжаваньня. Пілат загадаў бічаваць Ісуса, што было звычайным пачаткам гэтага сьмяротнага прысуду. Рымскае бічаваньне было жахлівым катаваньнем, бо біч уяўляў сабою скураную пляцёнку, куды ўпляталіся войстрыя косткі ад жывёлаў, а вынікі «працы» такога біча – ператварэньне голага цела ў шматкі сырога мяса і крывацечныя рубцы. Ня ўсе вытрымлівалі такога пакараньня, бо гублялі розум ці прытомнасьць, калі і не паміралі пры гэтым. Ісус і прайшоў гэты жахлівы крок, каб быць аддадзеным рымскім жаўнерам у прэторыю крэпасьці Антонія, якая ўзвышалася па-над паўночна-заходнім вуглом Храма. Для жаўнераў гэта быў шэрагавы асуджаны чалавек, над якім яны маглі зьдзеквацца колькі заўгодна, але не да сьмерці, бо наперадзе было крыжовае пакараньне. Калі яны і лічылі Ісуса нейкім асаблівым, дык толькі таму, што Ён абвясьціў Сябе Валадаром, а таму іхнія зьдзекі не насілі асабістага ці рэлігійнага характару. Гэтым зьдзекам няма апраўданьня, але трэба сказаць і тое, што гэта рабілася па прычыне духоўнага невуцтва.

Твар Ісуса апухнуў ад зьбіцьця храмавай вартай і было аплёваным Ягонымі гебрайскімі мучыцелямі. Ягонае цела было пакрыта жахлівымі крывацечнымі ранамі, якія прычынялі невыносную болю. Але Ісус нічога не прамовіў і маўчаў. Жаўнеры ж, гледзячы на гэтыя дзіўныя паводзіны, палічылі гэта вар’яцтвам і вырашылі прадставіць Яго пасьмешышчам, што наважылася на валадарства. І яны зьдзекваліся над Ім, паказваючы гэтым тое, якое жахлівае зло жыве ў кожным чалавечым сэрцы, якое ня ведае Бога.

Пілат не правакаваў жаўнераў на падобны здзек над Хрыстом, але ён і не пярэчыў супраць яго. Нягледзячы на яго нерашучыя спробы вызваліць Ісуса, Пілат быў вядомы сваёй жорсткасцю і бязлітаснасцю. Загадаўшы бічаваць і ўкрыжаваць Ісуса, наўрад ці ён адчуваў згрызоты сумлення з нагоды злоўжывання кпінамі. Магчыма, воіны зладзілі ўвесь гэты паказ на вачах у пракуратара, каб даставіць і яму задавальненне. Жаўнеры, верагодна, падзялялі нянавісць іхняга камандуючага да гебраяў і выкарыстоўвалі гэтую магчымасць, каб выказаць усю сваю злосць на гэтага гебрая, асуджанага сваімі ж суайчыннікамі. Выпрабоўваючы страшныя пакуты і ўсім целам калоцячыся ад болю, Ісус стаў аб'ектам гэтай жорсткай і безсаромнай гульні.

Пасля бічаваньня асуджанага адводзілі на ўкрыжаваньне. Яго вялі пасярод чатырох рымскіх жаўнераў; па звычаю ён павінен быў сам несці перакладзіну крыжа - вялікі, вертыкальны слуп ужо чакаў на месцы пакарання. Абвінавачанне, па якім яго пакаралі смерцю, пісалі на дошцы; яе альбо вешалі яму на шыю, альбо яе нёс наперадзе яго судовы выканаўца; потым яе прымацоўвалі да самога крыжа. Асуджанага вялі да месца пакарання самым далёкім шляхам, каб як мага больш людзей маглі бачыць яго і бачыць у гэтым жудасным відовішчы перасцярогу самому сабе.

Уявім сабе фізічна ўжо слабага Ісуса, Які з цяжкасьцю нясе перакладзіну крыжа, а потым ідзе, хістаючыся, побач з Сымонам Кірэянінам, якога жаўнеры прымусілі дапамагчы Ісусу. І мы памятаем Ісуса, Які аздараўляў людзей, прапаведаваў Божае Валадарства, процістаяў перашасьвятарам і старшыням народу, а ўчора сьвяткаваў Пасху. Зараз жа, пакутуючы, ідзе на Крыж. Але ўкрыжаваньне Ісуса – гэта ня проста сумнае завяршэньне Яго бліскучага служэньня і дзейнасьці, а кульмінацыйны момант усяго Яго жыцьця, бо менавіта зараз Ісус зойме Свой пасад на Крыжы, а Ягоны тытул над галавою будзе ўспрымацца як сапраўдны. Над галовамі асуджаных звычайна прыстасоўвалі дошкі з надпісам пра іхнія злачынствы, а для рымлянаў заява Ісуса, што Ён ёсьць сапраўдным Валадаром Юдэйскім і было гэтым самым злачынствам.

І вось, Гальгота. Менавіта адсюль Ісус асьвятліць Божай любоўю ўсе цёмныя куткі сьвету. Менавіта тут Ён возьме на сябе ўсё зло сьвету – усю ягоную нянавісць, жорсткасьць, гвалт, зьдзекі і катаваньні. Месца пакарання знаходзілася на Гальгоце, названай так таму, што яна была падобная на чэрап. Пасля таго, як дасягалі месца пакарання смерцю асуджанага прыбівалі цвікамі да крыжа. Рукі павінны былі быць прыбіты цвікамі, ногі ж, звычайна, свабодна прывязвалі да слупа. У гэты час, каб аслабіць боль, асуджанаму давалі пітво - віно з падмяшанымі наркатычнымі сродкамі, прыгатаванае, як акт міласэрнасці заможнымі жанчынамі з Ерусаліму. Адзін тагачасны юдзейскі гісторык пісаў: «Калі чалавек ідзе на смерць, яму дазваляюць выпіць макулінку ладану ў чары віна для таго, каб заглушыць боль і прытупіць пачуцці... Заможныя ерусалімскія жанчыны звычайна ахвяравалі гэтыя рэчы і прыносілі іх». Чара з наркатызаваным віном была прапанавана і Ісусу, але Ён не стаў піць яго, таму што Ён быў поўны рашучасці прыняць смерць у самай пакутлівай і жудаснай форме і ні на кропельку не памяншаць болі.

Гэтая гісторыя кажа ўсім нам пра самую сутнасьць хрысьціянства, бо менавіта тут мы сутыкаемся тварам да твару з непрыкрытай горыччу і жорсткасьцю сьвету, ўся сіла якіх абрынулася на Таго, Хто ёсьць любоўю Самога Бога Творцы. І калі мы ўявілі ўсё гэта, ня дзіўным будзе нашая шчырая рэакцыя на гэтыя трагічныя і шакуючыя падзеі:

Па-першае, гэта натуральнае абурэньне тым, што гэта ўвогуле магло здарыцца. Але што робім мы, каб не дапусьціць нешта падобнае ў нашай сучаснасьці?

Па-другое, гэта ўпэўненасьць у тым, што ўзыходжаньне Ісуса на такі «пасад» прынясе прабачэньне, аздараўленьне і надзею мільёнам людзей у-ва ўсім сьвеце. Але ці дастаткова старанна мы мы перадаем гэтую ўпэўненасьць іншым людзям?

Па-трэцяе, гэта глыбокае ўзрушэньне тым, якія пакуты ўзяў на Сябе Ісус Хрыстос дзеля нас. Але ці можам мы па-сапраўднаму быць удзячнымі Ісусу і маліцца Яму, чый твар і ў сьмерці паварочваецца да нас з любоўю.

Бо толькі так мы зможам крочыць за Ім па шляху, так добра апісаным Мацьвеем у Нагорнай пропаведзі,- таму шляху, які да канца прайшоў сам Ісус.

Мац 27:38-44
«Тады былі ўкрыжаваныя з Ім разам два разбойнікі: адзін — праваруч, а другі — леваруч. А тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: “Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш, збаў Сябе Самога! Калі Ты — Сын Божы, зыйдзі з крыжа!” Таксама і першасьвятары з кніжнікамі і старшынямі, зьдзекуючыся, казалі: “Іншых збаўляў, а Сябе ня можа збавіць! Калі Ён — Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, і мы паверым Яму. Спадзяваўся на Бога, няхай Ён цяпер выбавіць Яго, калі хоча Яго. Бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”. Да таго і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зьневажалі Яго» (Мац 27:38-44).

Разам з Ісусам былі ўкрыжаваныя яшчэ два чалавека – разбойнікі, якія мелі сьмяротны прысуд і чакалі сьмерці разам з Бараббай. Вельмі магчыма, што яны былі паплечнікамі Бараббы, на крыжы якога і знаходзіўся зараз Ісус. Невядома, з якой прычыны яны ненавідзелі Ісуса, Які не зрабіў гэтым людзям нічога дрэннага. Але, па ўсёй верагоднасьці, яны адчулі, што Ягонае праведнае жыцьцё служыць асудаю іхняй грахоўнасьці і таму яны, сваёй знявагаю, далучыліся да натоўпу і рэлігійных правадыроў, якія зьдзекваліся і насьмяхаліся над Ісусам. Жыцьцё гэтых разбойнікаў, як і жыцьцё многіх людзей сучасных, круціцца вакол матэрыяльных багацьцяў і задавальненьняў. Іх, як і рымскіх жаўнераў, ня вельмі хвалявала рэлігія, мараль ці справядлівасьць. Яны любілі сьвет, але ня Бога. І таму, знаходзячыся на краі сьмерці, яны выкарыстоўвалі свой астатні час, каб выліць свой гнеў на Таго, Хто мог даць ім надзею.

У многіх з нас былі такія моманты ў жыцьці, калі нейкі твой крок праз невядомасьць, мог прывесьці да нейкага цудоўнага выніку. Невядомасьць палохала і мы туды не ішлі, бо нас і палохала невядомасьць. Ісус жа першым пайшоў на сьмерць, каб паказаць шлях у новае жыцьцё, бо ніхто, акрамя Яго, гэтага не разумеў. Рымскія жаўнеры сьмяяліся над Ім, як над Юдэйскім Валадаром, Які паўстаў перад Пілатам. Але зараз мы зноў сустракаемся з юдэйскімі лідарамі, якія патрабуюць ад Ісуса доказаў таго, што Ён і ёсьць Сынам Бога, сапраўдным Мэсіяй.

Мацьвей, як падаецца, хоча даць нам напамін ня толькі пра суд у Каяфы, але і пра больш ранейшыя падзеі – хросту і спакушэньні ў пустыні. Менавіта пасьля хросту Бог сказаў, што Ісус – Ягоны ўлюбёны Сын. Пасля гэтага Ісус жыў і дзейнічаў з упэўненасьцю ў Сваім прызначэньні, ведаючы пра будучыя выпрабаваньні. Першае з іх пачалося з гаворкі спакусіцеля: «Калі Ты – Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі». І далей прапанова доказаў пра тое, што Бог клапоціцца пра Яго, а найбольш прапанова пра тое, што адразу можна ўсталяваць Божае Валадарства. І вось зараз мы бачым нешта падобнае, калі чуем прапанову зруйнаваць бажніцу і за тры дні яе адбудаваць. І чаму Яму не сыйсьці з Крыжу, каб не прымаць гэтыя пакуты?

У ранейшым спакушэньні Ісус адказваў словам з Пісаньня, а зараз ня кажа нічога, але гэта не гаворыць пра тое, што Ягоная вера ў баблейскія прароцтвы скончылася. У прамежку паміж спакушэньнямі ў пустыні і крыжовымі зьдзекамі над Ісусам, прайшла Ягоная пастырская дзейнасьць, пад час якой Яму кідалі шмат якія выклікі юдэйскія лідары. Яны абвінавачвалі Яго ў парушэньні Закону у тым, што Ён заадно з д’яблам. Яны ня верылі ў тое, што шлях Ісуса вядзе ў Божае Валадарства. Гэты шлях не прывабліваў людзей, хаця Ён падмацоўваў Свой заклік цудоўнымі справамі і Сваім вучэньнем. Уся гісторыя дзейнасьці Ісуса – гэта не аповяд пра Ягоны ўзьлёт грамадзкай дзейнасьці з наступным спадам і паразаю. Шмат хто быў захопленым цудамі Ісуса і Ягонымі словамі пра разбурэньне Храма, што адкрывае шлях да новага Божага Валадарства. Але далёка ня ўсе.

Мацьвей тлумачыць нам, што ніхто, акрамя Яго Самога, ня ведаў, што Яго чакае наперадзе. Падобна Ізраілю, які прайшоў скрозь глыбіню Чэрмнага мора, Яму трэба было нырнуць у глыбокую цёмную ваду. Ён верыў у тое, што Бог правядзе Яго на другі бераг, дзе Яго чакая зямля абяцаная. Гэта быў сапраўдны шлях Ізраіля, які вёў праз сьмерць да новага жыцьця. Ісус не зьбіраўся перамагаць рымлянаў ці першасьвятароў. Яму трэба было перамагчы самую сьмерць. Але, дзеля гэтага, Ісусу трэба было перанесьці насьмешкі тых людзей, якія называлі Яго вар’ятам, хлусам, шэрагавым фанатыкам, які ўяўляе сябе Божым выбранцам.

«Калі Ён — Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, і мы паверым Яму». Калі Ён сапраўды быў Сынам Божым, дык што Ён забыўся на гэтым ганебным крыжы? Няхай вызваліць Сябе і людзі павераць Яму. Але ці было б так? Яшчэ адзін цуд, у дадатак да папярэдніх, ня далі б ніякага выніку, бо нават Ягонае ўваскрасеньне не надала ім веры. Мацьвей кажа ўсім, што менавіта як Сын Божы Ісус павінен застацца на крыжы, бо толькі так сьвет можа быць збаўленым, а сьмерць пераможанай. Толькі так Ісус можа выканаць тое, што даручыў Яму Айцец. А пакуль мы з трапятаньнем сэрца назіраем за гэтай эвангельскай гісторыяй, чуючы ў ім голас Госпада: «А ты гатовы ісьці за Мною, нягледзячы на тое, што будуць гаварыць пра гэта людзі?»

Мацьвей кажа пра укрыжаваных, разам з Ім, разбойнікаў, якія разам з іншымі зьневажалі Яго. Але адзін з іх хутка зьмяніў сваю пазіцыю і гэтым атрымаў збаўленьне, як тое мы чытаем у Лукі: «І сказаў Ісусу: “Узгадай пра мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё!” І сказаў яму Ісус: “Сапраўды кажу табе: сёньня будзеш са Мною ў раі”» (Лук 23:42-43).

Мац 27:45-56
«А ад шостае гадзіны цемра сталася па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае. Каля ж дзявятае гадзіны загаласіў Ісус моцным голасам: “Элі! Элі! Лама сабахтані?”, што значыць: “Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты Мяне пакінуў?” А некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы, казалі: “Ён Ільлю кліча”. І адразу адзін з іх, пабегшы, і ўзяўшы губку, і напоўніўшы яе воцатам, і ўсклаўшы на трысьціну, даваў Яму піць. А іншыя казалі: “Пакінь, паглядзім, ці прыйдзе Ільля збавіць Яго”. А Ісус, зноў усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа. І вось, заслона ў бажніцы была разьдзёртая надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася; і скалы разьдзерліся. І магілы адчыніліся; і шмат целаў памёршых сьвятых папаўставала, і, выйшаўшы з магілаў, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і зьявіліся многім. Сотнік жа і тыя, што з ім пільнавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што сталася, страхам напалохаліся, кажучы: “Праўда, Ён — Сын Божы”. Было там шмат жанчынаў, што глядзелі здалёк, якія ішлі за Ісусам з Галілеі, паслугуючы Яму. Між імі былі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба і Ёсіі, і маці сыноў Зэбэдэя» (Мац 27:46-56)

Калі Ісус нарадзіўся, начное неба над Бэтлеемам сталася сьветлым і слава Госпада асьвяціла пастухоў, што былі ў полі. Але першы знак, які суправаджаў сьмерць Ісуса, ня быў сьвятлом, але цемраю, якая паглынула святло на тры гадзіны. Цемра настала ад шостай гадзіны, а гэта азначае, што быў поўдзень і сонца было ў зеніце, а ўкрыжавалі Ісуса раніцай, на тры гадзіны раней гэтага знаку. Зацьменьне сонца, безумоўна, было надзвычайным умяшальніцтвам Бога ў гэтую гісторыю. Эвангельлі не даюць ніякага тлумачэньня гэтай зьяве, але, згодна бабілонскаму Талмуду, той факт, што гасьне сонца, кажа пра тое, што Бог карае сьвет за вельмі і вельмі жахлівы грэх. І калі пад час укрыжаваньня Божы намер і быў такім, дык Ён відавочна паказаў усяму сьвету тое, што ён быў саўдзельнікам найвялікшага грэху за ўсе часы існаваньня сьвету.

«Каля ж дзявятае гадзіны загаласіў Ісус моцным голасам: “Элі! Элі! Лама сабахтані?”, што значыць: “Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты Мяне пакінуў?» Ісус, па сутнасьці, цытаваў 21 Псальм, добра ўсім вядомы. Тры гадзіны не гучаў голас Ісуса з цемры, але зараз Ён моцным голасам загаласіў. Загаласіў ад душэўных пакутаў, таму што першы раз перажываў растаньне з Сваім Нябесным Айцом. Заўважым, што гэта быў першы выпадак, калі Ён не называе Бога Айцом. Сын узяў на Сябе грэх і Бог адвярнуўся ад Яго. І гэта ёсьць вялікая тайна, якую спасьцігнуць вельмі цяжка. Якімсьці чынам, на Гальгоце, Сын Божы быў падзелены з Богам. Гэта адбылося, калі ўвесь Божы гнеў выліўся на бязгрэшнага Сына, Які, у Сваёй прыроднай праведнасьці, стаўся грэхам за веруючых у Яго. Ісус памёр ня як пакутнік за справядлівасьць, які незаконна асуджаны. Не была Ягоная сьмерць нейкім геройскім учынкам супраць жорсткасьці людзей, бо жорсткасьці людзкой ад пачатку хапала, але Бог, у большасьці, не рэагаваў на гэта. Але, паколькі Ісус памёр як замяшчальная ахвяра за грахі ўсяго сьвету, Праведны Айцец павінен быў пакараць Яго адпаведна гэтаму грэху.

Ісус Хрыстос ня толькі панёс грэх чалавека, але фактычна стаўся грэхам замест чалавека, каб веруючыя ў Яго маглі збавіцца ад пакараньня за свае грахі. Ісус прыйшоў да нас, каб дасканалым чынам расказаць людзям усё пра Бога і паказаць усім дасканалыы прыклад сьвятасьці і праведнасьці. Але прыходзіў ня толькі дзеля таго, каб навучыць людзей праўдзе і быць для іх прыкладам, але дзеля таго, каб аддаць сваю душу для збаўленьня многіх. Калі Бог Айцец пакінуў Хрыста, іхні падзел ня быў падзелам па прыродзе і сутнасьці. Ён не перастаў быць Сынам таксама, як дзіцёнак, які ўчыніў нешта перад сваім зямным бацькам, не перастае быць яму дзіцём, хаця, на некаторы час, і губляе цёплыя адносіны з бацькам.

Ужо сам факт наражэньня Ісуса Чалавекам нясе ў сабе пэўную частку падзелу з Айцом, бо зьняў з Сябе частку боскага на карысьць чалавечага. На крыжы ж гэты падзел стаўся больш глыбокім, чым, нават, пры ўваходзе ў чалавечае жыцьцё і на працягу ўсяго трыццацітрохгадовага жыцьця. Тайна гэтага падзелу – вялікая тайна нават і для няблага дасьведчаных веруючых. Але Бог адкрывае нам галоўнае ў гэтай таемнай праўдзе, каб з дапамогаю Сьвятога Духа, Які вучыць нас, мы прынялі і зразумелі гэта ў межах нашых магчымасьцяў. Нідзе ў Пісаньнях мы ня зможам так ясна адчуць ахвярную сьмерць Ісуса Хрыста і тыя пакуты, які Ён адчуў ад падзелу з Сваім Айцом, як у Ягоных пакутах на крыжы за грахі людзей. Дабраахвотна ўзяўшы на Сябе ня толькі нашыя грахі, але і грахі ўсіх людзей у-ва ўсе часы, Ісус пакутаваў не ад ірваных ранаў рымскага біча і не ад тых цьвікоў, якімі Яго прыбілі да перакладзіны крыжа, а ад непараўнальнай болі страты зносінаў з Айцом, як сьледства таго, што Ён стаўся грахом замест нас.

Падаецца неверагодным тое, што трохгадзінная цемра сярод дня ніяк не напужала гэты натоўп, бо яны былі настолькі напоўненыя пагардай да Ісуса, што нават зацьменьне сонца не пахіснула іх. Ведаючы, што Стары Запавет кажа, што падобная раптоўная цемра зьвязвалася з судом Божым, яны павінныя былі хаця б задумацца над гэтым Божым знакам. Але іхні розум быў заняты толькі тым, каб зрабіць сьмерць Ісуса больш пакутлівай і зьневажальнаю. І яны, ніякім чынам не разумелі, што пакуты, якія яны бачылі, выходзілі з таго падзелу з Айцом за іхнія ж грахі.

«А Ісус, зноў усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа». І тут ключавое слова «аддаў», бо ў ім падкрэсьліваецца валявое дзеяньне. Ня людзі адабралі жыцьцё ў Ісуса, але Ён Сам аддаў Свой дух сьвядомым дзеяньнем Сваёй паўнаўладнай волі, як калісьці і казаў Сваім вучням, што ніхто з людзей ня можа пазбавіць Яго жыцьця і не пазбавіць, бо толькі Ён мае ўладу аддаць Свой дух, таксама як і прыняць яго. Ісус усклікнуў моцным голасам, а гэта кажа і пра тое, што, нягледзячы на пакуты, Ён меў яшчэ дастаткова моцы, але памёр раней за іншых, чым зьдзівіў нават і Пілата, які патрабаваў ад сотніка пацьверджаньня факту сьмерці. Усё гэта сьведчыць пра тое, што Ісус дабраахвотна аддаў Свой дух і жыцьцё тым, хто шукаў яго і хто інакш не атрымаў бы яго ніколі. На крыжы Айцец асудзіў грэх сьвету, які Ягоны Сын усклаў на Сябе. А Сын, у Чыіх руках знаходзіцца жыцьцё і сьмерць, дабраахвотна аддаў Сваё жыцьцё, як плату за гэты грэх.

«І вось, заслона ў бажніцы была разьдзёртая надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася; і скалы разьдзерліся. І магілы адчыніліся; і шмат целаў памёршых сьвятых папаўставала, і, выйшаўшы з магілаў, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і зьявіліся многім». Блакітнага колеру, багата упрыгожаная заслона падзяляла непасрэдна бажніцу ад усяго астатняга храму. Адзін раз на год, на Дзень Ачышчэньня, першасьвятару дазвалялася заходзіць за заслону, каб пакрапіць ахвярнік крывёю за грахі свайго народу, але гэтая прысутнасьць сьвятара ў бажніцы не павінна была быць працяглаю, бо, як і Божая прысутнасьць, гэтая асаблівая ахвяра была толькі сымбалем. Абрад паўтараўся з году на год, сымбалізуючы чаканьне сапраўднай ахвяры за грахі людзей, якую павінен быў аднойчы прынесьці Хрыстос – Сын Божы.
Калі Ісус аддаў Свой дух, дык гэтая адзіная ахвяра за ўсіх і была прынесенай, а таму не было больш той патрэбы ў гэтай заслоне. І зараз, любы чалавек, прыходзячы да Сына, мае цудоўную магчымасьць прыйсьці непасрэдна да Бога, а таму няма ніякага сэнсу ў гэтай заслоне. Гэты цуд зьдзейсьніў Бог, таму што зараз для тых, хто паверыў ў Сына, як Госпада і Збаўцу, грэх, які загароджвае чалавека ад Бога, выдалены назаўсёды. Бог Айцец разьдзёр заслону ў той час, калі храм быў напоўненым тысячамі паломнікамі, якія зьдзяйсьнялі пасхальнае ахвяраваньне і ўсе ўбачылілі тое, што бажніца сталася адкрытаю для ўсіх. Стары Запавет адмяняўся, бо ўступаў у сілу Новы Запавет.
Сам сьвет адгукнуўся на сьмерць Ісуса асабістай сымбалічнай сьмерцю, калі затрэслася зямля і разьдзерліся скалы, а храм, як цэнтр гебрайскага сьвету, падвергся сымбалічнаму разбурэньню. Сьмерць Ісуса зьявілася пачаткам канца той сістэмы, якая адраклася ад свайго пакліканьня несьці сьвятло ўсім народам з Храмавай гары. Замест гэтага народы будуць прыходзіць да другой гары – Гальгоце, на якой Владар Юдэйскі памёр жорсткай і ганебнай сьмерцю. Але ўжо тады рымскі сотнік, уражаны нечакана адкрытай яму праўдай, прамовіў тыя знакамітыя словы, якія будуць паўтараць мільёны і мільёны людзей: «Праўда, Ён — Сын Божы».

Менавіта такой рэакцыі на гэтыя дзіўныя падзеі чакае Мацьвей ад усіх чытачоў свайго Эвангельля. Самае ж незвычайнае з гэтых падзеяў – «і шмат целаў памёршых сьвятых папаўставала». І што б мы ня думалі пра гэтыя падзеі, людзям нашага часу ня трэба даказваць з дапамогаю цудоўных здарэньняў, што сьмерць Ісуса Хрыста зьмяніла сьвет. Вынікі таго, што Ісус ахвяраваў Сваім жыцьцём, атрымаўшы перамогу над сіламі зла, мы можам бачыць у мільярдах людзей, якія моляцца да Хрыста ў надзеі на прымірэньне і аздараўленьне. Сьвет сапраўды стаўся іншым.

Вучні Ісуса, мужчыны і жанчыны, былі ў жаху і засмучэньні, бачачы толькі цемру і сьмерць. Але чытачы Мацьвея ўжо ведаюць пра тое, што адбудзецца на трэці дзень і яны гатовыя абвесьць пра тое, што Ісус ёсьць Сынам Божым. Калі мы падзяляем з мільёнамі людзей гэтую веру, дык тым самым прымаем на сябе абавязак кожны дзень даведвацца пра любоў Айца, гледзячы на Сына.

Мац 27:57-66
«А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса. Ён, падыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела. І, узяўшы цела, Язэп абкруціў Яго чыстай палатнінаю і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую ён высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магілу, адыйшоў. Былі ж там Марыя Магдалена і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы. А на наступны дзень, які пасьля дня прыгатаваньня, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата, кажучы: «Пане! Мы ўзгадалі, што падманшчык той, як быў яшчэ жывы, казаў: “Праз тры дні ўваскрэсну”. Дык загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб не прыйшлі вучні Ягоныя ўначы, і ня ўкралі Яго, і не сказалі народу: “Ён уваскрос з мёртвых”. І будзе апошні падман горшы першага”. Пілат жа прамовіў да іх: “Маеце варту; ідзіце, вартуйце, як ведаеце”. Яны ж, пайшоўшы, вартавалі магілу з вартаю, запячатаўшы камень» (Мац 27:57-66).

Па юдэйскаму закону нават цела злачынцы нельга было пакідаць вісець на крыжы ўсю ноч: «Калі ў кім знойдзецца злачынства, вартае сьмерці, і ён будзе ўсьмерчаны, і ты павесіш яго на дрэве, дык цела ягонае не павінна начаваць на дрэве, а пахавай яго таго ж самага дня, бо пракляты прад Богам павешаны на дрэве, але не апаганьвай зямлі тваёй, якую Госпад, Бог твой, дае табе ў дзялянку» (2 Зак 21:22-23). У выпадку з Ісусам гэта было ўдвая абавязкова, бо наступны дзень быў суботай. Па рымскаму праву родзічы злачынцы маглі патрабаваць ягонае цела для пахаваньня, а калі цела не забіралі яно магло заставацца на зямлі, пакуль яго не растурзавалі драпежнікі. Але родзічы Ісуса не маглі забраць цела Ісуса, бо ў іх не было сваёй магілы ў Ерусаліме і тут, за іх, гэта зрабіў Язэп з Арыматэі, чалавек багаты, які меў новую магілу, высечаную ў скале. Ён пахаваў Яго там, дзе яшчэ ніхто ня быў пахаваным.

Язэп з Арыматэі быў членам сынэнрыёну, але ён ня быў на тым ганебным судовым сходзе, якое адбылося папярэдняй ноччу ў доме Каяфы. Складаецца ўражаньне, што ў тую ноч Каяфа паклікаў у свой дом толькі тых, каго ён і хацеў бачыць – сваіх прыхільнікаў і ворагаў Хрыста. Відавочна і тое, што Язэп з Арыматэі выявіў вялікую мужнасьць, бо выступіў на баку укрыжаванага злачынцы, рызыкуючы наклікаць на сябе гнеў Пілата і нянавісьць юдэяў. Сапраўды Язэп з Арыматэі зрабіў у гэты дзень усё, што мог зрабіць. Усё ж сталася, як тое прарочыў Ісая: «Ён катаваны быў, але цярпеў з добрай волі і не размыкаў вуснаў Сваіх. Як авечку, вялі Яго на закол, і як ягня перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх. З вязьніцы і суду Ён быў узяты; але род Ягоны хто высьветліць? Бо Ён адарваны ад зямлі жывых, за злачынствы народу Майго перацерпеў сьмерць. Яму выраклі магілу са зладзеямі, але Ён пахаваны ў багатага, бо ня ўчыніў грэху, і ня было маны ў вуснах Ягоных» (Іс 53:7-9).

«А на наступны дзень, які пасьля дня прыгатаваньня, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата». Гэты наступны дзень быў днём суботнім і тое, што першасьвятары ды фарысэі рабілі, было дзеяньнем сур’ёзнага парушэньня закону суботы. А калі гэта так, дык у эвангельскай гісторыі няма больш яркага прыкладу таму, як адчайна юдэйскія кіраўнікі намагаліся скончыць з Ісусам. Дзеля таго, каб упэўніцца ў тым, што Ісус канчаткова прыбраны з дарогі, яны былі гатовымі парушыць свае ж самыя сьвятыя законы. Цікавасьць іхняй заявы ў тым, што яны прасілі Пілата паставіць варту каля магілы да трэцяга дня, быццам бы ад крадзяжа цела Ягонымі вучнямі, але, на самой справе, яны баяліся сапраўднага Ўваскрасеньня. На што Пілат адказаў ім, каб яны ўсё гэтае рабілі самі, як бы кажучы ім: «Утрымайце Хрыста ў магіле – калі зможаце». І юдэі прынялі свае меры. Уваход у такія магілы зачыняўся вялікімі круглымі камянямі, падобна колам, якія перасоўваліся па высечанаму у камяні жолабу. Першасьвятары і фарысэі запячаталі гэтую магілу і паставілі каля яе храмаваю варту.

Але яны не разумелі аднаго – у сьвеце няма такой магілы, якая магла б утрымаць Ісуса Хрыста. Нічыі планы ня могуць зьвязаць Уваскросшага Госпада, а чалавек, які намагаецца надзець путы і ланцугі на Ісуса Хрыста, бярэцца за безнадзейную справу.


Рецензии