Мат 28 1-20

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ


Мац 28:1-20

Гэта аповяд Мацьвея пра пустую магілу. І вельмі добра, што менавіта Марыя Магдалена і другая Марыя павінны былі першымі даведацца пра ўваскрослага Госпада і ўбачыць Яго. Яны былі ля Крыжа і яны прысутнічалі пры пакладзеньні Ісуса ў магілу. І вось зараз,- нагарода за любоў,- яны першымі спазналі радасьць Уваскрасеньня. Эвангельле паводле Мацьвея – гэта ня проста бязладны збор фактаў, ідэй ці гісторый, але, як усякі добры літаратурны твор, ён мае канкрэтны план і канкрэтную мэту. Так і гэты разьдзел – гэта ня проста заключная гісторыя пра жыцьцё Хрыста, але яркая кульмінацыя ўсяго таго, што Мацьвей напісаў пад кіраўніцтвам Сьвятога Духа. Галоўная падзея гэтай кульмінацыі, уваскрасеньне Ісуса Хрыста, таксама з'яўляецца галоўнай падзеяй Божай гісторыі адкупленьня. Уваскрасенне - гэта краевугольны камень хрысціянскае веры. І ўсё тое, што мы з сябе ўяўляем, што маем і на што спадзяемся, грунтуецца на рэальнасці ўваскрасення. Калі б не было ўваскрасення, не было б і хрысціянства.


Мац 28:1-10
«Пасьля суботы, пры надыходзе першага дня пасьля суботы, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. І вось стаўся вялікі землятрус; бо анёл Госпадаў, зыйшоўшы з неба, падыйшоўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сеў на ім. А выгляд ягоны быў, як бліскавіца, і адзеньне ягонае белае, як сьнег. І ад страху перад ім затрэсьліся вартаўнікі і сталіся як мёртвыя. А анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: “Ня бойцеся; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага. Яго няма тут, бо Ён уваскрос, як казаў. Хадзіце, паглядзіце месца, дзе ляжаў Госпад. І, хутка пайшоўшы, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых, і вось, ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось, я сказаў вам”. І, выйшаўшы хутка з магілы, яны са страхам і радасьцю вялікай пабеглі паведаміць вучням Ягоным. Калі ж яны ішлі паведаміць вучням Ягоным, вось, Ісус сустрэў іх, кажучы: “Радуйцеся!” І яны, падыйшоўшы, абнялі ногі Ягоныя, і пакланіліся Яму. Тады кажа ім Ісус: “Ня бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею; і там яны ўгледзяць Мяне”» (Мац 28:1-10).

Ня цяжка ўявіць сабе тую сумесь жаху і захапленьня, што ахапіла гэтых двух жанчынаў, якія прыйшлі тым ранкам да магілы. Марк і Лука кажуць, што яны прынесьлі з сабою пахошчы, бо пахаваньне праходзіла сьпешкай і цела Хрыста не было належным чынам падгатаваным да пахаваньня. Але Мацьвей проста кажа, што гэтыя жанчыны прыйшлі паглядзець на магілу і аплакаць сьмерць Ісуса ў цішыні. Але што яны ўбачылі тут?

У магілы яны засьпелі нешта незвычайнае: землятрус, анёл, напужаныя вартаўнікі і вестку пра тое, што жывы Ісус накіроўваецца ў Галілею. Сын Бога, Які маўчаў пад час укрыжаваньня, зараз кажа Сваё слова. Ён адказвае на незаданыя пытаньні Сваіх вучняў і на Ягонае крыжовае пытаньне. Тое, што зараз зьдзяйсьняе Бог, ня проста цуд і дэманстрацыя Сваёй звышнатуральнай сілы. Гэтыя падзеі зьяўляюцца пачаткам новага сьвету, які быў ад пачатку абяцаным Богам. Анёл Божы пасылае вучняў Ісуса спачатку ў Галілею, але потым яны будуць пасланыя Ісуам у розныя куткі сьвету з весткаю пра тое, што адбылося.

Сёньня мы ня можам убачыць Хрыста так, як гэта бачылі гэтыя жанчыны тым ранкам. Безумоўна тое, што часткаю хрысьціянскага вопыту зьяўляецца духоўная сустрэча з Ісусам – у малітве і вывучэньні Ягонага жыцьця. Гэтыя асабістыя ўзаемаадносіны з жывым Госпадам зьяўляюцца цэнтрам хрысьціянства. Мы павінны разумець і тое, што Мацьвей хоча распавесьці нам, што ў сапраўднасьці адбылося, калі зьмяніліся сэрцы ня толькі двух жанчынаў і вучняў Ісуса, але і прабілася брэш у сусьветнай гісторыі.

Гэтая падзея назаўсёды зьмяніла сьвет. Яна азначала тое, што Валадарства Божае прыйшло і Сыну Чалавечаму аддадзена ўсё за Ягоныя пакуты. Настаў ня проста новы дзень у гісторыі Іззраіля і ўсяго сьвету – пачынаецца новы век, які працягнецца да таго часу, пакуль усе народы не падпарадкуюцца Богу. Укрыжаваньне сапраўды зьяўляецца кульмінацыйным момантам у гісторыі сьвету, але яно набывае свой сапраўдны сэнс толькі пры ўваскрасеньні з мёртвых укрыжаванага Хрыста. Усе вялікія пропаведзі, асабліва Нагораная, зьяўляецца спосабам для Мацьвея сказаць, што Ісус – Мэсія Ізраіля. Хрыстос дае Ізраілю і ўсяму сьвету новы Закон, які адкрывае перад кожным чалавекам новы Божы шлях. Усё гэта ёсьць праўдаю толькі таму, што зараз Ісус – уваскросшы Госпад.

Задумаемся над усім Эвангельлем і паглядзем, як адна ягоная частка абуджае другую, каб перад намі, нарэшце, паўстаў Той, Хто з дапамогаю Бога перамог сьмерць.

Мац 28:11-15
«Калі ж яны ішлі, вось, некаторыя з вартаўнікоў, пайшоўшы ў горад, паведамілі першасьвятарам усё, што сталася. І тыя, сабраўшыся са старшынямі і зрабіўшы нараду, далі даволі грошаў жаўнерам, кажучы: “Скажыце, што вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, укралі Яго, калі вы спалі. І, калі пачуе пра гэта ваявода, мы пераканаем яго, і вам учынім, каб ня мелі клопату”. Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І пашырылася слова гэтае між Юдэямі аж да сёньня» (Мац 28:11-15).

Навіна вартаўнікоў выклікала ў рэлігійных кіраўнікоў трывогу, страх і зьбянтэжанасьць, але гэта не прывяло іх да пакаяньня і веры. Ім паведамілі пра ўваскрасеньне, а яны яго і не адмаўлялі. Іх клапаціла толькі тое, каб схаваць гэтую вестку ад юдэяў, бо баяліся, што многія прымуць Ісуса Мэсіяй, а яны, як сьледства, згубяць сваю ўладу і сваё багацьце. Яны тэрмінова склікаюць нараду, каб перашкодзіць распаўсюджваньню весткі, якую прынесьлі вартаўнікі. Гэтая нарада прынесла тры рашэньні: даць нямалы хабар вартаўнікам, распаўсюдзіць хлусьню пра цела Ісуса і абраніць вартаўнікоў ад магчымага пакараньня з боку Пілата. Але ўзгадаем шлях, які прывёў іх да гэтага рашэньня. Каб схапіць Ісуса, яны выкарысталі здраду Юды. Яны незаконна судзілі Яго. Яны паклёпнічалі , каб абвінаваціць Яго перад Пілатам. І вось зараз яны намагаюцца зрабіць усё, каб схаваць гэтую праўду пра Яго. Але гісторыя паказвае, што праўду схаваць немагчыма, бо Эвангельле дабрадзейнасьці вышэй за хлусьню юдэйскіх першасьвятароў і старшыняў.

Хлусьня першасьвятароў жыве і па-сёньня, бо сьвет і зараз падкупае людзей усімі магчымымі спосабамі, намагаючыся намаляваць уяўленьне таго, што хрысьціянства ёсьць штучнай прыдумкай некаторых людзей ранейшага веку. Таму Мацьвей і папярэджвае нас сваім аповядам пра пастаянную неабходнасьць для хрысьціянскае веры казаць праўду Пасхі і быць упэўненымі, што сьвежы вецер уваскрасеньня праймае ўсё нашае жыцьцё і ўсё нашае ўяўленьне.

Мац 28:16-20
«А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды вызначыў ім Ісус. І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а некаторыя сумняваліся. І, падыйшоўшы, Ісус сказаў ім, кажучы: “Дадзена Мне ўся ўлада ў небе і на зямлі. Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку”. Амэн» (Мац 28:16-20)

Эвангельскі аповяд Мацьвея падыходзіць да свайго завяршэньня. Ён вельмі падобны на сімфанічную мелодыю, калі падыходзіць час фінальных акордаў, дзе запавольваецца тэмп і акорды, як марскія хвалі, накатваюцца на нас адзін за адным, прымушаючы нас разумець, што ўвесь сэнс папярэдній музыкі засяроджваецці ў гэтых апошніх акордах. Мы чуем апошнія словы Ісуса, як тыя фінальныя акорды гэтай цудоўнай гісторыі. І будзе вельмі карысным запаволіць тэмп і паразважаць над гэтымі апошнімі словамі, бо ўсё Эвангельле засяроджана ў гэтай апошняй сустрэчы Ісуса з Ягонымі вучнямі.

Усё пачынаецца на гары, як і большая частка таго, пра што распавядае Мацьвей. Спакушэньне, Нагорная пропаведзь, Ператварэньне, Пропаведзь на гары Аліўнай і вось зараз – сцэна растаньня. У старажытнасьці Майсей і Ільля сустракаліся з жывым Богам на гары Сынай, а ў Эвангельлі яны ж размаўляюць з Ісусам на гары Гэрмон. І вось зараз Ісус заклікаў вучняў сустрэць Яго на гары ў Галілеі, магчыма, што на той жа гары, дзе яны чулі Нагорную пропаведзь, каб атрымаць ад Яго вялікае даручэньне. Мацьвей, як сьведка гэтай сустрэчы, кажа ня ўсе пакланіліся Яму, бо некаторыя сумняваліся. Чаму так, ня вельмі зразумела. Сумняваліся яны, што перад імі сапраўдны Ісус? А можа у тым, ці могуць праведныя гебраі, якія вераць у Егову, як адзінага Бога, пакланяцца яшчэ і Ісусу? Гэта застаецца незразумелым. Але як бы тое не было, у хуткім часе ўсё стане на свае месцы. А пакуль што Ісус робіць наступнае.

Ён упэўнівае Сваіх вучняў у дадзенай Яму ўлады: « Дадзена Мне ўся ўлада ў небе і на зямлі». Зараз усё было ва ўладзе Таго, Хто памёр і перамог сьмерць.

Ён даў вучням даручэньне: «Ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам». Ісус паслаў іх зрабіць увесь сьвет Ягонымі вучнямі. Магчыма тое, што ўказаньне хрысьціць уяўляе сабою некаторае разьвіцьцё сапраўдных словаў Ісуса. Пра гэта можна спрачацца, але важна падкрэсьліць тое, што Ісус даручыў вучням упэўніць усіх людзей і прывесьці іх да Яго.

Ён абяцаў вучням Сваю прысутнасьць: «І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку». Адзінаццаці сьціплым галілеянам магло падацца ўзрушаючым і ашаламляльным тое, што яны пасланыя для заваёвы ўсяго сьвету. Напэўна, калі яны пачулі гэта, іхнія сэрцы паніклі, але пасьля таго як ім было дадзена даручэньне, было адразу ж дадзена і абяцаньне. Яны былі пасланыя, як і ўсе мы, на выкананьне найвялікшага даручньня ў сьвеце. Але з імі, як і з намі, заўсёды быў і заўсёды будзе найвялікшы ў сьвеце – Ісус Хрыстос.

Ісус ня прыйдзе бачным чынам на зямлю і ня явіць Сябе ў велічнай славе і сіле да сканчэньня веку. Але, да таго часу, Ён заўсёды будзе з тымі, хто прыналежыць Яму, накіроўваючы і даючы ім сілы выканаць Ягонае Вялікае даручэньне. Амэн.


Рецензии