Мариам
Галілейскі горад Цыпоры здаўна заняў сваё месца на пагорку сярод урадлівай зямлі зялёнага долу, якая насычалася ад шматлікіх крыніцаў і радавала чалавека, які абрабляў яе, славячы Госпада, Які даў яму такі цудоўны твор Божы. Палі шчодра давалі збожжа, смакоўніцы ды сенажаці не шкадавалі сваіх пладоў чалавеку і ягонаму быдлу. Пры падыходзе з даліны да гораду вас сустрэнуць вялікія зарасьнікі кактусаў, праз якія пракладзены дарогі да Цыпоры. Уся гэтая прыгажосьць добра праглядалася з вышыні гораду, як птушка бачыць усё гэта з вышыні сваёго палёту. Не дарма і назва гэтага гораду перакладаецца як «птушка», што сядзіць на вяршыні. Вас сустрэне упарадкаваны і заможны горад, праз які, з даўніх часоў, праходзілі некалькі гандлёвых шляхоў. Добрая забясьпечанасьць вадой і выгадная тапаграфія, рабілі гэтую мясцовасьць стратэгічна вельмі прывабнай. Перакрыжаваньне гандлёвых шляхоў – гэта перакрыжаваньне розных культур, моваў і, як сьледства, разьвіцьцё ня толькі эканамічнае, але і культурнае ўзбагачэньне народу. Большасьць насельніцтва складалася з гебраяў, якія кожнадзённа шанавалі Закон Майсея, праслаўляючы Госпада ў сынагогах ды наведваючы галоўную сьвятыню Бога ў Ерусаліме.
Даволі вялікі горад Цыпоры знаходзіўся на поўдні Галілеі, якая была паўночнай часткай Палестыны. На поўдзень ад Галілеі знаходзілася Самарыя, а далей, на поўдзень, - Юдэя, з вялікім горадам Ерусалімам. На ўсходзе ад Цыпоры, на адлегласьці 40 км. блішчэла сваімі непаўторнымі фарбамі перліна Галілеі – Галілейскае мора, а ў 10 км. на поўдзень заходзілася невялікае мястэчка Назарэт, ад якога да Ерусаліму заставалася 110 км. У 20 км., у паўднёва-усходнім напрамку ад Цыпоры, узвышалася знакамітая гара Фавор. Горад Цыпоры быў звычайным гебрайскім горадам, дзе самымі звычайнымі, але і значнымі, месцамі былі сынагогі, а таксама і рынкавая плошча, як значная кропка эканамічнага жыцьця даволі вялікай акругі вакол гэтага цудоўнага гораду.
На скрыжаваньні двух вуліцаў, непадалёк ад рынкавай плошчы, знаходзіўся немалы, але і невялікі дом, дзе жыла ўжо сталая, але бязьдзетная пара. Акім і Ганна – даволі заможная сям’я, у маёмасьці якой былі значныя надзелы зямлі ў даліне, а таксама і гандлёвыя кропкі на рынкавай плошчы гораду. Усё было добра паміж імі і не было ніякага няладу ў адносінах паміж сабою, але адсутнасьць дзіцяці накладала вялікую ды сумную ценю на іхняе агульнае зямное жыцьцё. Акім вельмі сумаваў на гэта, бо адсутнасьць дзяцей у Ізраілі лічылася ня больш ня меньш, як Божым пакараньнем. А пакараньне ад Бога - гэта ня жарт, як і пагардлівасьць ад суайчыньнікаў ня ёсьць звычайнай непрыязнасьцю, але пакараньнем ад Бога. Акім шмат гадоў прасіў Госпада даць яму дзіцяці, прыходзячы ў Ерусалім і прыносячы падвойныя ахвяры з заклікам прабачыць яго ды памножыць ягоную сям’ю. І вось аднойчы, будучы ў сталым узросьце, памятаючы, што Бог здольны рабіць розныя цуды, як зрабіў Ён гэта з Абрагамам, даўшы яму сына ад Сары, узыйшоў на вялікае сьвята ў Храм Ерусаліму, каб прынесьці Госпаду ахвяры свае ды прасіць дзіцяці ад жонцы сваёй. Але чакала яго непрыемнасьць у Храме, калі сьвятар Рувім забараніў Акіму першаму пакласьці ахвяру Госпаду з-за таго, што той ня даў нашчадкаў Ізраілю. Сэрца Акіма і так было напоўнена той шматгадовай боляй, якая ні на адзін дзень не адпускала яго, а зараз ён пачуў голас гэтай болі ад Рувіма. Не было межаў суму Акіма, бо ён ведаў, што Бог не пакідае праведнікаў усіх каленаў Ізраіля ў такой справе. Прыпамяталася, што такая ж бяда напаткала і сьвятара Захарыю з жонкай сваёю Эльжбэтай, сваякоў іхніх, але ж ці можа гэта паменьшыць болю сэрца Акіма?
Горка было на сэрцы і тое, што адбылося ў сьвятыні праз словы Рувіма, сталася апошняй кропляю для адчаю і рашучага дзеяньня. Акім вырашыў не вяртацца да дому: да жонкі і сваіх хатніх абавязкаў. Лепш скончыць жыцьцё адзіноцтвам у пустыні, адвярнуўшыся ад гэтага сьвету. Пост і малітва – вось далейшы лёс Акіма. Можа Бог і ўбачыць ягоную ахвяру ды зьлітуецца з ягонае ганьбы. Акім сыйшоў ад Ерусаліма ў пустыню і, паставіўшы намет свой, зьвяртаўся ў пасьце да Госпада са сваім, параніўшым сэрца, болем. Так працягвалася каля сарака дзён, калі, праз пэўны час, зьявіўся перад ім анёл Божы, кажучы да упаўшага на твар свой чалавека, што меў быць у адчаі: «Ня бойся Акім, Бог пачуў малітву тваю. Ідзі з гэтага месца да дому, бо жонка твая Ганна зачне ў-ва ўлоньні сваім. Яна адчувае сябе ўжо ўдавою, але так ня будзе і народзіцца вам дзіця. І ня будзе вам ганьбы сярод Ізраіля, а вы, Акім і Ганна, застанецеся ў памяці нашчадкаў вашых, як бацькі дзіцяці незвычайнага, але адзначанага Богам».
У той жа час дом Акіма ў Цыпоры быў напоўнены плачам Ганны, якая ўжо даведалася пра рашэньне Акіма памерці ў пустыні, як прыняцьце пакараньня ад Бога за іхнюю бязьдзетнасьць. Ганна і раней малілася Госпаду, каб далося ёй у-ва ўлоньне дзіцяці, але зараз адчулася становішча найбольш горшае, бо яна заставалася ня толькі бязьдзетнай, але і без падтрымцы свайго мужа, які быў для яе ўсім перад Богам. У адчаі сэрца і слязьмі на вачах, заклікала Ганна Госпада, кажучы: «Гора мне, што нарадзілася я такой. Я стала праклёнам у сыноў Ізраіля, бо абсьмяялі мяне ў храме, не прыняўшы ахвяраваньняў ад Акіма. Што рабіць мне і на каго я падобная? Не падобная я на птушак нябесных, бо і яны маюць птушанятак у Цябе, Госпадзе. Не падобная я нават і на стварэньне бязмоўнае, бо і стварэньні бязмоўныя маюць нашчадства ў Цябе. Божа мой. Не падобная я і водам Тваім, бо і воды даюць плады ў Цябе. Гора мне, Госпадзе. На каго падобная я? Не падобна я і на зямлю, бо і зямля дае ў свой час плады, дабраслаўляючы Цябе, Божа мой. Ці варта мне жыць далей бяз мужа і дзіцяці?»
Калі Ганна яшчэ прамаўляла два апошнія словы, зьявіўся перад ёй анёл Божы, які прамовіў адразу ж, калі скончыла Ганна: «Ня бойся Ганна. Госпад пачуў малітву тваю, бо ты зачнеш і народзіш ад мужа свайго, а пра дзіцяці тваё будуць казаць у-ва ўсім сьвеце і ў наступныя вякі». Ганна ж, не зважаючы на сьлёзы свае, адказала яму: «Жывы Госпад Бог мой! Калі нараджу дзіця хлопчыка ці дзяўчынку, усё роўна, аддам яго ў дар Госпаду майму, і яно будзе служыць Яму ўсё сваё жыцьцё тым служэньнем, да якога пакліча яго Бог». Як толькі зьнік з вачэй анёл Божы, пачуўся грук у дзьверы і Ганна, з заміраньнем сэрца пабегла адчыняць яе. На парозе хаты віталі яе слугі Акіма, якія прыйшлі абвесьціць, што ідзе гаспадар з надзелаў сваіх, абвяшчаючы тое, што казаў яму анёл Божы. Больш таго, ён загадаў ім падгатаваць дзесяць чыстых ягнятак для Госпада, дванаццаць цялят для сьвятароў ды яшчэ сто казьляткаў для ўсяго народу. Не пасьпелі яны яшчэ прамовіць пра ўсё гэта, Ганна ўжо бачыла здалёк, як падымаўся да яе з даліны Акім. Ня чуючы ног пад сабою, яна кінулася насустрач мужу і, абняўшы яго, сказала: «Ведаю зараз, што Госпад дабраславіў мяне. Будучы ўдавою, я зараз не ўдава. Будучы няплоднаю, я зараз зачну». І Акім, пераступіўшы парог, набыў супакой у сваім доме.
Прайшло каля дзевяці месяцаў, калі Акім пераступіў парог свайго дому пасьля размовы з анёлам Божым. Ганна гатавалася да нараджэньня дзіцяці, а яны разам гатаваліся да сустрэчы з новым маленькім чалавекам. Хлопчык ці дзяўчынка – гэта не было вельмі важным, хаця, напэўна, кожны, у сэрцы сваім, меў асабістыя перавагі. Але, як бы гэта не было, праз некалькі дзён нарадзілася дзяўчынка, доўгачаканае і Богам дадзенае дзіцяці. Усе былі здаровыя і шчасьлівыя. Акім дзякаваў Госпада, Ганна з радасьцю падносіла да сваіх грудзей дзіцяці, а самое дзіця было ў супакоі, адчуваючы супакой і радасьць сваіх бацькоў. Акім ня стаў спрачацца з жонкай, калі тая прапанавала імя іхняму дзіцяці. Так прыйшла ў сьвет дзяўчынка Марыям, якая ў будучым станецца Божым саўдзельнікам у справе, якая падзеліць час на стары і новы. Ганна ж, паклаўшы Марыям у дзіцячы ложак, неаднойчы сьпявала да Госпада свой сьпеў, пад які і засынала гэтая цудоўная дзяўчынка: «Апяю сьпеў Госпаду, бо Ён пачуў мяне і пазбавіў мяне ад зьняслаўленьня ворагаў маіх, даруючы мне плод справядлівасьці Сваёй, што спраўдзіцца ў будучым. Хто паведаміць сынам Рувіма, што Ганна корміць грудзьдзю? Слухайце, слухайце дванаццаць каленаў Ізраіля - Ганна корміць грудзьдзю дзяўчынку Марыям».
Ішлі месяц за месяцам, ды год за годам. Пасьля трэцяга году пасьля нараджэньня Марыям, прыйшоў час споўніць абяцаньне Ганны да Госпада – аддаць дачку на служэньне Яму. Гэтым месцам і быў Храм Божы ў Ерусаліме. Менавіта там існавала асаблівая дзявочая школа, дзе дзяўчынкі, ад трох да дванаццаці гадоў навучаліся Слову Божаму, а таксама ўнікальным рамёствам, што выконвалі толькі жанчыны і былі вельмі запатрабаванымі Храмам. Такое навучаньне чакала і маленькую Марыям, якая па даросламу сустрэла гэтае новае жыцьцё, будучы вельмі стараннай да ўсяго, што яе атачала і чаму яе вучылі старэйшыя ды настаўнікі. Так праходзіў час і маленькая дзяўчынка пераўтваралася ў прыгожую дзяўчыну, якая старанна вучылася і працавала. Ёй было дзесяць гадоў, калі ўпершыню, за ўвесь гэты час, да яе не прыйшлі бацькі, якія заўсёды наведвалі яе раз ці два на год. На сваё пытаньне да настаўніка, яна не атрымала адказу, але праз некаторы час яна атрымала, ў вельмі дэлікатнай форме, зьвестку пра тое, што бацька больш не прыедзе ніколі. Чаму? Ён адыйшоў да Бога, а маці знаходзіцца ў даволі цяжкім фізічным стане. Марыям ня можа вярнуцца да дому, а за маці даглядзяць людзі, якія маюць даручэньне ад Храма. Так загадвае Бог і дзяўчына Марыям павінна падпарадкавацца Госпаду. Пакора Госпаду і Храму – гэта першае і галоўнае, а таму, пасьля сьлёз і самоты, жыцьцё, паціху, ўвайшло ў сваю звычайную каляіну. Прайшло яшчэ два гады і дванаццацігадовая ды дарослая Марыям, ня маючы ўжо бацькоў, павінна была ісьці ў дарослае жыцьцё. Але як?
Падобнае пытаньне ужо даўно абмяркоўвалася паміж сьвятароў, адказных за працу храмавай дзявочай школы, бо яны былі адказнымі і за далейшы лёс сваёй выхаванкі. Далейшае знаходжаньне Марыям у Храме было ня тое што нямэтазгодным, але і катэгарычна немагчымым згодна пастановам Храма. Выйсьце з гэтай сітуацыі высьпяла аднадушна. Марыям павінна выйсьці замуж, а ў якасьці бацькоў павінен выступіць Храм, бо менавіта ён быў апякуном Марыям і адказваў за маёмасьць Акіма ды Ганны. Па гебрайскай традыцыі пытыньнямі прапановаў займаўся прафесійны сват (шадхан), які атрымліваў невялікую частку ад пасагу нявесты. Але толькі ня ў дадзеным выпадку.
Сьвятар Захарыя стаўся нявольным сватам, які ўжо даўно прыглядаўся да маладога гебрая Язэпа, які не аднойчы выконваў плотніцкія і будаўнічыя працы ў вялікай гаспадарцы Храма. Ён паходзіў з Назарэту, быў спакойнага складу і вельмі багабаязным. Амаль што дваццаціаднагадавы хлопец - рослы, чарнавалосы ды чарнаглазы Язэп вызначаўся дабрасумленнасьцю і адданасьцю рэлігійным звычаям ды традыцыям свайго народу. Ён ня быў шматслоўным, але бачылася ў ім схільнасьць да ўнутранай развагі. Захарыя неаднойчы размаўляў з ім, усё больш і больш упэўніваючыся ў тым, што гэты чалавек і будзе найлепшым сужонцам для Марыям. Аднойчы ён, з уласьцівай яму шчырасьцю, прапанаваў Язэпу гэты шлюб. Захарыя не настойваў на неадкладным адказе, але прапанаваў паглядзець на гэтую дзяўчыну так, каб тая гэтага ня бачыла. Язэп пагадзіўся і, ўбачыўшы сьветлавалосую з карымі вачыма дзяўчыну, зачараваўся ёю. Дабразычлівасьць, лёгкасьць і весялосьць, глыбіня гэтых дзявочых вачэй у момант скарылі ягонае сэрца так, што ён ня здольны быў нават і варухнуцца з месца.
Многавопытны Захарыя ўсё зразумеў і без усях слоў ужо ведаў адказ Язэпа. Захарыя не стаў чакаць далейшага працягу і, паклікаўшы Марыям, пазнаёміў двух маладых людзей. Позіркі іх сустрэліся і нешта, адразу ж, аб’яднала іх. Сэрца дзяўчыны, у прыемнай стоме, адчула, што недарма дзядзька Захарыя стаіць тут і знаёміць яе з гэтым прыгожым маладым чалавекам. Так што, калі, праз некалькі дзён, ён прапанаваў Марыям змовіны з Язэпам, тая, апусьціўшы долу вочы, хутка пагадзілася і, разьвітаўшыся з Захарыем, пабегла па сваіх дзявочых справах. Шчокі яе гарэлі, але сэрца нешта радасна напявала, нягледзячы на невядомыя ёй перамены ў будучым жыцьці. Некалькі дзён яна разважала пра сваё рашэньне ў некаторым неспакоі, але супакоілася тым, што прапанаваў ёй гэта ня хто-небудзь, а родзіч Захарыя, які вельмі любіў яе і, як ёй падавалася, ня мог жадаць яе далейшаму жыцьцю нічога дрэннага.
Праз дзесяць дзён, на дазволенай тэрыторыі Храма, адбылося тое, што ўжо з нецярпеньнем чакалі маладыя. Адбыліся змовіны ў прысутнасьці двух сьведкаў: Захарыі і сябра Язэпа, які працаваў разам з ім на тэрыторыі Храма. Захарыя ўручыў Язэпу кесэф – каштоўны пярсьцёнак і абвесьціў усім рашэньне Храма: «Вясельле адбудзецца праз год у гэты ж дзень. Марыям, увесь гэты час, будзе жыць у бацькоўскім доме пад наглядам прыслужніцы. Усе неабходныя фінансавыя расходы, на гэты час, бярэ на сябе Храм з тых сродкаў, якія засталіся з маёмасьці Акіма. Пасьля весельля Марыям павінна будзе пераехаць да мужа ў Назарэт».
Так, па сутнасьці, пачалося новае жыцьцё для Марыям у гэтым сьвеце. Цыпоры сустрэў дзяўчыну верасьнёўскім дзённым цяплом і ранішняй прахалодай, якая асабліва адчувалася на вышыні горада. Бацькоўскія муры прынялі Марыям супакоем і нейкім холадам адсутнасьці чалавека, але папярэдняя ўтульнасьць вярталася, як тое было і раней, калі маленькія ножкі той маленькай дзяўчынкі нясьмела тупалі па гэтых пакоях. Марыям ня памятала бацькоўскае хаты і тое, што зараз адбывалася, было амаль што пачаткам новага жыцьця. Пакоі напаўняліся цяплом гэтага юнага Божага стварэньня, якое было ўжо ня проста дзяўчынай, але амаль што дарослай жанчынай і гэта надавала ёй нейкае адчуваньне адказнасьці за тое, што адбываецца зараз. Язэп праводзіў сваю Марыям да бацькоўскае хаты. Таксама яны наведалі і хатку Язэпа ў Назарэце, куды, неўзабаве, яна і пераедзе. Марыям паабяцала Язэпу, што яна, разам з прыслужніцай, будзе наведаваць гэтае месца, каб даглядаць, і, нейкім чынам, упарадкоўваць яго для далейшага сямейнага жыцьця. Язэп жа павінен застацца ў Ерусаліме яшчэ на некалькі месяцаў да заканчэньня пэўнага этапу працы, пасьля чаго ён будзе мець магчымасьць адведаць яе. А пакуль што яна будзе дзяліць свой прытулак з прыслужніцай, падзяляючы з ёй час і штодзённыя клопаты свайго новага жыцьця.
Ад аўтара:
Гісторыя жыцьця Ісуса Хрыста пачынаецца з дня Ягонага нараджэньня. Эвангельле ад Мацьвея, а найбольш ад Лукі даюць нам зьвесткі ня толькі пра нараджэньне Ісуса, але і зьвесткі, якія папярэджваюць гэтую падзею. Але што мы ведаем пра нараджэньне маці Ісуса Марыі (Марыям), пра яе бацькоў і пра яе ўзрастаньне? Эвангельлі не даюць нам гэтага веданьня і таму мы намагаемся зьвярнуцца да іншых крыніцаў, якія могуць нешта паведаміць у гэтым напрамку. Пратаэвангельле Якуба - апакрыфічнае эвангельле, якое распавядае пра бацькоў Марыям, яе нараджэньне, узрастаньне, сужонства і нараджэньне Ісуса. Агульнапрызнана, што гэты твор быў напісаны ў другой палове другога стагодзьдзя нашае эры і што ён ня мае дачыненьня да брата Ісуса Хрыста, але зьвесткі, дадзеныя ў ім, вельмі цікавыя. Другое стагодзьдзе – гэта вельмі блізкі гістарычны час да паказаных падзеяў, бо гэта ня дзьве тысячы гадоў пасьля, а таму ёсьць у гэтым апавяданьні россып фактаў, тых самых перлінаў праўды, якія мы павінны разглядзець, каб наблізіцца да сапраўднае версіі нараджэньня і выхаваньня Марыям.
Зразумела што аўтар не прымае версію пра вельмі сталага Язэпа, маючага дарослых дзяцей і прызначанага Храмам для захаваньня некранутасьці Марыям і яе ўсеагульнай сьвятасьці. Цяжка ўявіць, што Храм гатаваў гэтую дзяўчыну дзеля зьдзяйсьненьня місіі ад Бога, каб нарадзіць у некранутасьці дзіцяці (Хрыста?) і заставацца некранутаю ўсё далейшае жыцьцё. Чаму ж Храм адмовіўся прызнаць у Сыне Марыям Мэсію Хрыста, калі так старанна гатаваў яе для гэтага? Аўтар з задавальненьнем прымае гісторыю Акіма і Ганны, як і выхаваньне Марыям у дзявочай школе пры Храме ды далейшае жыцьцё гэтай цудоўнай жанчыны. Аўтар разумее, што напісанае вышэй можа мець нейкія, можа і значныя, кроплі мастацкай выдумкі, але сэрца аўтара імкнецца менавіта да такога разьвіцьця падзеяў. У штодзённай малітве ён просіць Госпада скіраваць яго Духам Сьвятым на той шлях, які будзе найбольш блізкім да сапраўдных падзеяў, якія маглі адбывацца ў часы, блізкія да нараджэньня Ісуса Хрыста.
Свидетельство о публикации №226010701700