Захария
Непадалёк ад Ерусаліму, прыкладна ў 10 км. на захад, у зялёнай даліне, каля гары Ора, зьмесцавалася невялікае мястэчка Ютта, так званае сьвятарскае месца. Туды і накіраваўся Захарыя, дзе яго чакала жонка Альжбета. Вінаград ды алівы сустракалі яго да самога дому, які зьмясьціўся на ўскрайку мястэчка. Усё добра было ў іхнім доме, але не чуваць было ніколі дзіцячага голасу ці плачу. Жыцьцё праходзіць, а гэтай радасьці пакуль што яны ня чулі. Колькі было малітваў да пазбаўленьня гэтага пакараньня, колькі плачу ды енку? Сьвятар Госпада Захарыя з Абіявае чэргі меў жыцьцё праведнае і тое, што было яму ўспадкавана, ён выконваў сумленна і з вераю ў Закон Майсея. Ён падыходзіў да дому, а з галавы яго не выходзіў той момант, калі ён праводзіў у Галілею Марыям ды Якуба. Як у іх усё складзецца? Сэрца падказвала пра тое, што ўсё ў гэтых маладзёнаў будзе добра і яны народзяць нямала дзетак на карысьць Ізраіля. Войстрая іголка кранула сэрца Захарыі, калі ён падумаў пра гэта, бо тое ня ставілася да яго і ягонае жонкі.
Так праходзілі дні і месяцы, калі падыйшоў чэраг Захарыі служыць у Храме. Нічога незвычайнага, але нешта гучала ў сэрцы пра тое, што гэтае нешта ёсьць нешта вельмі сур’ёзнае. І вось, калі павінен ён быў кадзіць у бажніцы, што папярэднічала сьвятая сьвятых, адбылося нешта незвычайнае. Анёл Божы стаў перад ім каля правага боку кадзільнага ахвярніку, сказаўшы наступнае: «Ня бойся, Захарыя, бо пачутая просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян. І будзе табе радасьць і весялосьць, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня ягонага. Бо ён будзўе вялікі перад Госпадам, і ня будзе піць віно і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ва ўлоньні маці сваёй. І многіх з сыноў Ізраіля зьверне да Госпада, Бога іхняга. І будзе ісьці перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непаслухмяным – лад думак праведнікаў, каб падрыхтаваць Госпаду народ падрыхтаваны». Усё гэта добра, але як гэта можа быць? Такая думка прамільгнула ў ягонай галаве, калі ён адказаў анёлу: «З чаго даведаюся я гэтае? Бо я – стары, і жонка мая ў гадах пажылых». Не паверыў Захарыя Госпаду, а таму пачуў у адказ тое, што і павінен быў пачуць ад Ягонага пасланца: «Я – Габрыель, які стаю перад Богам, і я пасланы гаварыць з табою і дабравесьціць табе гэтае. І вось, будзеш ты маўчаць, і ня зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час».
Захарыя ўбачыў сябе аднога і, як быццам бы, прамовіўшы нешта, не пачуў вакол сябе нічога. Ён зразумеў усё, што сказаў яму анёл Божы. Будзе так, бо гэта было Слова ад Бога. Захарыя павольна выйшаў з бажніцы і жэстамі патлумачыў народу, што ён ня можа нічога казаць нікому, пакуль ня зьдзейсьніцца, дадзеная яму, воля Бога. Так, у немасьці, працягвалася служэньне Захарыі, а калі скончыліся гэтыя дні ён пайшоў у дом свой. Ён заставаўся немы, а калі стала вядома, што Эльжбэта зацяжарыла, упэўніўся ён канчаткова, што Бог усеўладны і што Ён захоча, дык так і будзе. Радасьць ахапіла сэрца Захарыі і прыемнае чаканьне запоўніла ягоную істоту, бо гэта была радасьць ад Бога і будучы сын напаўняў ягонае жыцьцё ўжо сёньня.
А што Альжбета? Зачала яна і вельмі ўзрадавалася, але хавала гэтае ад іншых, кажучы: «Гэтак учыніў мне Госпад у дні, калі глянуў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі». Яна не сьпяшалася дзяліцца гэтым сярод суседзяў і знаёмых, бо гэты падарунак ад Госпада быў настолькі нечаканым, што Альжбета жадала пэўны час, у радасьці сваёй, захаваць гэта паміж Богам і сваім мужам Захарыем. Дзень ішоў за днём, тыдзень за тыднем і месяц за месяцам. Альжбета не адкрывала сваю цяжарнасьць нікому, як быццам бы чакала нешта незвычайнага, што дасьць ёй падставу адкрыць нараджэньне будучага дзіцяці гэтаму сьвету.
Так прайшло пяць месяцаў, калі ў горадзе Назарэце адбылося нешта незвычайнае. Нявеста Язэпа Марыям, разам з прыслужніцай сваёй, знаходзілася ў доме свайго будучага мужа, які быў у Ерусаліме па сваім будаўнічым справам. Яны прыйшлі сюды ў чарговы раз, каб дагледзець пакоі і працягнуць упарадкаваньне да будучага сямейнага жыцьця. Прыслужніца пайшла на рынак, каб купіць нешта да вячэры, а Марыям заставалася ў доме, прыстасоўваючы кветкі, якія яна назьбірала ў даліне па дарозе ў Назарэт. На сэрцы было спакойна і радасна, бо яна ведала, што яе чакае і пра яе думае мілы сэрцу Язэп.
Сьпевы былі ў душы яе і яна, сярод гэтых сьпеваў, уяўляла хуткую ды жаданую сустрэчу з мілым Язэпам. Але што гэта? У пакоі, дзе яна была адна, перад ёй паўстаў нейкі незнаёмы чалавек. Жах скамяніў дзявочае сэрца, але, паперш чым яна была здольнай нешта прамовіць, гэты незнаёмец жэстам паказаў, што няма чаго баяцца і назваў сябе анёлам Габрыелем ад Бога. Ён зьвярнуўся да яе, ласкава сказаўшы: «Радуйся дабрадатная! Госпад з табою; дабраслаўлёная ты між жанчынамі». І ўжо ня страх, але зьдзіўленьне прыйшло да яе, бо Марыям не зразумела сэнсу гэтага прывітаньня. Яна заціхла ў чаканьні далейшага, а Габрыэль, праз некалькі імгненьняў, перапыніў гэтую паўзу, сказаўшы наступнае: «Ня бойся Марыям; бо ты знайшла ласку ў Бога. І вось ты зачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус. Ён будзе вялікі, і Сынам Найвышэйшага назавецца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага, і Ён будзе валадарыць над домам Якуба на вякі, і Валадарству Ягонаму ня будзе канца».
Страх прайшоў, але зьдзіўленьне нарастала. Яна ўжо не была дзіцём і ведала, што без мужчыны гэтага ня можа быць, але як гэта можа быць зь ёю, калі да гэтага больш чым за паўгода? Яна так і сказала незнаёмцу: «Як гэта будзе, калі я не спазнала мужа?» І пачула вельмі дзіўны і незвычайны адказ: «Дух Сьвяты зыйдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе. І дзеля гэтага тое, што народзіцца Сьвятое, Сынам Божым назавецца. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і вось ужо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай. Бо ў Бога ніводнае слова ня будзе бяз сілы». Дзіўнае ды незвычайна прыемнае пачуцьце ахінула яе. Яна выхоўвалася ў Храме, адчуваючы руку Госпада, Які захоўваў яе, даючы ёй супакой і дабраславеньне. Вось і зараз яна адчула, што гэтае дабраславеньне і ёсьць воля Божая.
Схіліўшы галаву перад анёлам, яна прамовіла: «Вось я – служка Госпада; няхай станецца мне паводле слова твайго». Падняўшы вочы яна знайшла сябе адной ў пакоі. Але што гэта было: відзеж ці наспраўдзе? Не, гэта не было відзежам, а размова з анёлам яшчэ вісела ў прасторы пакоя і зьмясьцілася ў дзявочым сэрцы. І яшчэ вось. Пацьверджаньне становішча Альжбеты паставіць на месца тое, што сказаў ёй анёл Божы. Марыям нічога не сказала прыслужніцы, але прысьпешыла тую да вяртаньня ў бацькоўскую хату, каб сабрацца і выйсьці ў няблізкі шлях да сваякоў – Захарыі і Альжбеты.
Зборы не былі доўгімі, бо спрытная прыслужніца хутка знайшла невялікі гандлёвы караван, кіраўнік якога пагадзіўся ўзяць з сабою да Ерусаліму гэтых двух жанчын. Так іх зноў сустрэла ды праводзіла маляўнічая даліна Цыпоры ў далёкую горную краіну паблізу Ерусаліма. Ютта сустрэла іх горнай ранішняй прахалодай месяца красавіка, але цяпло родных ёй людзей пазбавіла Марыям прахалоды ад ночы на прыканцы гэтага вандраваньня. Увайшоўшы ў дом Захарыі яна прывітала Альжбету, якая не чакала гэтага і, мабыць ад нечаканасьці, адчула нейкае ўнутранае напаўненьне ўзвышанай сілаю і адчуваньне незвычайнага. Мабыць ад гэтага і ўзварухнулася дзіцятка, якога яна насіла пад сэрцам. Альжбета зразумела ўсё і моцным голасам прамовіла, зьвяртаючыся да Марыям: «Дабраслаўлёная ты між жанчынамі, і дабраслаўлёны плод улоньня твайго. І адкуль мне гэта, што прыйшла маці Госпада майго да мяне? Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ва ўлоньні маім. І шчасьлівая тая, якая паверыла, бо зьдзейсьніцца сказанае ёй ад Госпада».
Калі і былі ў Марыям нейкія сумненьні наконт сваёй цяжарнасьці, дык пасьля гэтых словаў яна паверыла ў гэта як факт, які быў пацьверджаным Альжбетай. Узрушаная гэтым, як дабраславёным дарам ад Госпада, яна адказала Госпаду і ўсім тым, хто знаходзіўся вакол яе: «Узьвялічвае душа мая Госпада, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім, бо Ён глянуў на паніжэньне служкі Сваёй. Бо вось адгэтуль шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні, бо вялікае ўчыніў мне Магутны; і сьвятое імя Яго, і міласэрнасьць Ягоная з пакаленьня ў пакаленьне для тых, якія баяцца Яго. Ён зьявіў уладу рамяном Сваім; расьсеяў ганарыстых думкамі сэрца іхняга; скінуў моцных з пасадаў іўзвялічыў пакорных, галодных насыціў дабром, а багатых адпусьціў ні з чым. Падтрымаў Ізраіля, юнака Свайго, успомніў пра міласэрнасьць, як гаварыў адносна бацькоў нашых, адносна Абрагама і насеньня ягонага на вякі».
Нямы Захарыя з задавальненьнем слухаў сваю выхаванку, а прыслужніца Марыям і сама Альжбета шчыра дзівіліся такім дарослым веданьнем Пісаньня, якое зьмяшчалася ў гэтай зусім юнай жанчыны. Цяжарнасьць наблізіла гэтых розных па ўзросьце жанчын настолькі, што яны праводзілі ўвесь свой час разам як у размовах, так і ў розных гаспадарчых клопатах. Так працягвалася каля трох месяцаў, калі Марыям зазьбіралася дадому, бо павінен быў вярнуцца ў Назарэт яе Язэп. Тым жа, толькі адваротным шляхам, ішла яна з прыслужніцай у суправаджэньні гандлёвага каравану да бацькоўскага дому ў Цыпоры.
А тым часам прыйшла пара Альжбеты нарадзіць свайго сына і гэтая вестка абляцела ўсю акругу, аж да Ерусаліма. Яна радавалася сыну, а разам зь ёй радаваліся ўсе тыя, хто хоць колькі-небудзь ведаў няплодную Альжбету. На восьмы дзень абрэзалі дзіцяці і прапанавалі маці назваць немаўлятку Захарыем, але Альжбета не пагадзілася і сказала прысутным: «Не, але ён будзе называцца Янам». Родныя і прысутныя падзівіліся гэтаму ведаўшы, што сярод родзічаў Захарыі і Альжбеты ніколі такіх імёнаў ніколі не было, а таму яны на мігах зьвярнуліся да Захарыя з пытаньнем пра будучае імя дзіцяці. Неразмаўляючы Захарыя, памятаючы пра сваю размову з анёлам, напісаў на паданай яму дошцы: «Ян імя яму». Пасьля гэтага адразу расчыніліся вусны ягоныя, і ён стаў гаварыць дабраслаўляючы Бога.
Дух Сьвяты напоўніў яго і Захарыя выказаў прароцкія словы, зьвяртаючыся да ўсіх: «Дабраславёны Госпад, Бог Ізраіля, што адведаў народ Свой і і даў выбаўленьне яму, і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго, як абвясьціў вуснамі сьвятых прарокаў Сваіх, што былі адвеку, збавіць нас ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх, якія ненавідзяць нас, учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўзгадаць сьвяты запавет Свой, прысягу, якой кляўся Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам бяз страху, выбавіўшы нас, з рукі ворагаў нашых, служыць Яму ў сьвятасьці і праведнасьці перад Ім у-ва ўсе дні жыцьця нашага. І ты, дзіцятка, будзеш названы прарокам Найвышэйшага, бо будзеш ісьці наперадзе перад абліччам Госпада падрыхтаваць шляхі Яму, даць народу пазнаць збаўленьне ў адпушчэньні грахоў іхніх, праз унутраную міласэрнасьць Бога нашага, у якой адведаў нас Усход з вышыні, зьявіць сьвятло тым, што сядзяць у цемры і ў ценю сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на шляхах супакою».
Захарыя вярнуўся да сваіх сьвятарскіх абавязкаў, а немаўлятка Ян пачаў свой жыцьцёвы шлях у любові сваіх бацькоў і міры сямейнага жыцьця.
Ад аўтара:
Гісторыя Захарыі ды Альжбеты дакладна апісана ў Эвангельлі ад Лукі і тут няма чаго дадаць. Але ў Лукі сказана, што Захарыя ёсьць сьвятаром Абіявай чаргі і тут ёсьць нешта патлумачыць. Што ёсьць Абіевая чарга? Зразумела, што зацікаўлены чалавек лёгка знойдзе неабходную інфармацыю ў вікіпедыі, але няхай кароткая даведка пра арганізацыю сьвятарскага служэньня ў Ізраілі скароціць час зацікаўленага чытача і дасьць яму простае ўяўленьне пра служэньне сьвятароў у Храме. Дык вось. Арганізацыю сьвятарскага і лявіцкага служэньня даў Ізраілю валадар Давід. Ён падзяліў усіх святароў на 24 класа, па ліку святарскіх пакаленьняў ад сыноў Аарона, зь якіх 16 належалі да роду Элеазара і 8 да роду Ітамара. Менавіта сьвятары гэтых родаў павінны былі служыць у Храме па чарзе якая вызначылася жэрабем. Род Абія, па лініі Ітамара, вызначыўся па ліку восьмым і, вось зараз, прадстаўнік гэтага роду Захарыя нёс сваё служэньне ў вызначаны чаргою час.
Мы ж вернемся разам з Марыям у Цыпоры і пабудзем сьведкамі далейшага разьвіцьця гэтых цікавых падзей, якія падзеляць сьвет на стары і новы час.
Свидетельство о публикации №226010701763