Рождение в Вифлееме
Чэрвень у Цыпоры вельмі прыгожы. Зялёная фарба дрэваў ды кактусаў падкрэсьлівалася зьзяньнем ранішняга сонца, трава яшчэ не прыцьмела ад палаючага сонца, а ласкавы ветрык улагодніваў прамені сонца, каб зрабіць дзённае жыцьцё жыхароў больш камфортным ды працаздольным. Бацькоўскі дом сустрэў Марыям прыемнай прахалодай і асалодай чаканага адпачынку ад немалога пешага вандраваньня. У сэрцы яшчэ гучалі цёплыя жаночыя словы ад Альжбеты пад час іхняга растаньня, а таксама і жаль за тое, што Марыям не дачакалася нараджэньня немаўляткі Яна. Але яна павінна была зрабіць гэта, бо хутка меўся прыйсьці Язэп з Ерусаліму, а яна ўсім сваім дзявочым сэрцам імкнулася да гэтай сустрэчы. Яна не адчувала яшчэ яўнай прысутнасьці дзіцятка ў-ва ўлоньні, але знешне вопытнае вока адрозьніла б тую далікатную трысьцінку ад цяперашняй пасталеўшай Марыям. Утульныя пакоі навявалі супакой, але нявідзьмая сардэчная стрэмка парушала гэты стан ціхамірнасьці, бо як зразумее Язэп тое, што з ёй адбылося? І як да гэтага паставіцца?
Так прайшло больш за тыдзень, калі пачуўся ня вельмі громкі грук у дзьверы і знаёмы ды мілы сэрцу голас Язэпа. Сонца было высока і чэрвеньская сьпякота ўжо паказвала сябе. Язэп прыйшоў адразу ў свой назарэцкі дом, і, паглядзеўшы на ўтульнасьць і чысьціню пакояў, адразу ж накіраваўся ў бок Цыпоры, каб хутчэй сустрэць сваю Марыям. Дзьве гадзіны шляху паказаліся яму бясконцымі, але вось ужо і дом, дзе чакала яго будучая жонка. Цёплая сустрэча складалася са сьціплага вітаньня і той нявыказанай любові, што пасылалі адзін да аднога іхнія вочы. Язэп не заўважыў зьнешне пераменаў, якія ўжо пачалі непрыкметна кранаць дзяўчыну, але, усхваляваная Марыям, праз некаторы час, зразумела тое, што менавіта зараз яна павінна была расказаць Язэпу тое, што, акрамя Альжбеты і яе, пакуль што ня ведаў з людзей ніхто. Мужнае сэрца дзяўчыны трымцела ў хваляваньні, але Бог з ёю і яна, памаліўшыся да Госпада, расказала Язэпу сваю размову з анёлам, пра словы Альжбеты і сваё фізічнае адчуваньне гэтага. Усьмешка, з якой ён пачаў слухаць гэтую неверагодную гісторыю, паступова зыйшла з ягоных вуснаў, але ён, супакойваючы сябе, цешыў сябе думкаю, што гэта быў сон ці можа нейкая здань, бо як гэта можа быць са звычайным чалавекам. Але, прыглядзеўшыся да сваёй каханай дзяўчыны, яму падалося, што ніякага жарту тут няма і Марыям, якую ён пакінуў тры месяцы таму, зусім ужо ня тая Марыям. Сэрца скамянела, але Язэп ня быў хуткі на неабдуманыя ўчынкі і таму, спаслаўшыся на позьні ўжо час, пасьпяшаўся да дому ў Назарэт. Розныя думкі віхурыліся ў галаве, але ён адганяў усё нядобрае, спадзяючыся на час, які дасьць разважлівае рашэньне гэтай няпростай жыцьцёвай сітуацыі.
Сонца ўжо хавалася за прыгоркі, калі Язэп прыйшоў у Назарэт. Увесь час, па дарозе, ён напружана думаў, як яму быць у гэтай непрыемнай і складанай сітуацыі. На сэрцы не было нічога злога ў адносінах да Марыям, тым больш, што яна не была яму яшчэ жонкай па законе. «У рэшце рэшт – ня выйшла, так ня выйшла» - падумаў Язэп, адчыняючы дзьверы свайго дому. І ён вырашыў не агалошваць пра гэта нікому, а пры сустрэчы з Захарыем у Ерусаліме, вярнуць таму пярсьцёнак, які ён атрымаў пры змовінах з Марыям. Ён выбачыцца перад ім, узяўшы ініцыятыву і адказнасьць за парыў адносінаў з дзяўчынай на сябе. А там, будзь што будзе. Але, што будзе з Марыям? З гэтымі невясёлымі думкамі Язэп і ўклаўся на ноч, папрасіўшы ў Госпада прабачэньня за такое сваё рашэньне. Стомленасьць вандроўкі выказалася сама за сябе і Язэп хутка пагрузіўся ў глыбокі сон.
Але, што гэта? Ён апынуўся, як быццам бы і ня ў сьне, бо перад ім паўстаў анёл Божы, які прамовіў да яго вельмі выразна: «Язэп, сыне Давідаў! Ня бойся прыняць Марыям, жонку тваю, бо Тое, што народзіцца ў ёй, ёсьць ад Духа Сьвятога. Вось жа народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў іхніх. А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: “Вось дзева прыйме ва ўлоньні і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Эммануэль, гэта значыць,- з намі Бог”». Першыя прамені ранішняга сонца ўжо краналі дахі ўсходняга боку Назарэта, калі Язэп, праснуўшыся, ускочыў на свае ногі. Ён выразна чуў словы анёла, а сам пасланец Божы, быццам бы толькі што адыйшоў з пакою дома. Сардэчны супакой ахінуў сэрца Язэпа і зараз ён думаў толькі пра тое, каб, як мага хутчэй, прыбегчы да Марыям і супакоіць яе, расказаўшы пра гэтую дзіўную сустрэчу з анёлам Божым.
Не хацелася ня піць і ня есьці, а сэрца, гулка грукаючы ў грудзях, нецярпліва патрабавала ў яго: «Бяжы хутчэй, бо цябе чакае твой лёс, твая жонка і твая адказнасьць за жыцьцё Марыям ды яе незвычайнага Дзіцяці». Хуткаю хадою, амаль што бягом, Язэп дасягнуў Цыпоры і, праз некалькі хвілінаў, ужо стаяў каля дзьверы дома нявесты. Пачуўшы грук, яму адчыніла прыслужніца, а за ёй, ў глыбіні пакоя, стаяла ўстрывожаная Марыям. Язэп павітаўся і, дачакаўшыся, калі прыслужніца выйшла з дому па справах, расказаў дзяўчыне пра тое, што адбылося з ім у сьне. Зараз гэта была ўжо іхняя агульная тайна і яны дамовіліся, што будуць вернымі ёй на ўвесь далейшы час іхняга жыцьця. Прыслужніца будзе вымушана з’ехаць дадому, а Язэп прывядзе Марыям у Назарэт, як сваю жонку. Так яны і зрабілі. Адпусьціўшы прыслужніцу, яны пайшлі ў Назарэт і Марыям увайшла ў дом мужа свайго, каб быць ужо там разам з Язэпам, які скончыў сваю працу ў Ерусаліме і не намерваўся пакуль што выходзіць далёка ад Назарэту. Так, у клопатах сумеснага жыцьця, праходзіў дзень за днём і месяц за месяцам. Яны мелі значны запас заробленых Язэпам грошай, каб можна было ня вельмі турбавацца наконт забясьпячэньня іх ежай ці пэўнымі рэчамі. Яны дамовіліся, што не спазнаюць адзін аднога да нараджэньня Сына, бо вельмі адказнай была іхняя місія перад Богам.
Так прайшло каля пяці месяцаў, калі выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй імперыі Рыма. Быў вызначаны і тэрмін гэтага, а таму, ў хуткім часе, кожны пайшоў у свой горад, па свайму роду, каб пазначыцца ў перапісу. Зазьбіраўся па гэтай справе і Язэп, а шлях ня быў блізкім, бо трэба было ісьці ў Бэтлеем, горад Давідаў. Ці магла Марыям застацца ў Назарэце? Безумоўна так, але яны вырашылі застацца разам, каб разам сустрэць тую немінучую хвіліну, якая падцікоўвае кожную цяжарную жанчыну. Як гэта будзе і калі? Язэп ня вельмі хваляваўся за гэтае. Па-першае, яны сярод людзей, а па-другое ён, дужы мужчына і, ў неабходны момант, што-небудзь да і прыдумае. Так яны, сабраўшыся, нясьпешна і накіраваліся па дарозе ў бок Ерусаліма. Язэп не прывязваўся ні да якіх груп вандроўнікаў, якія таксама ішлі ў Ерусалім па розных сваіх справах. Яны нясьпешна ішлі, даволі часта прыпыняючыся для адпачынку Марыям. Нягледзячы на надыходзячыя халады, горы і даліны выглядалі, па свойму, вельмі прывабнымі, але Язэп не заўважаў гэтага, бо ўся ягоная ўвага была накіраваная цалкам на Марыям. Вось тое галоўнае ў ягоным жыцьці, асабліва пасьля той сустрэчы з анёлам Бога. Так думаў Язэп кожны дзень свайго жыцьця і зараз, гледзячы на сваю жонку, разумеў ўсё больш і больш, што яны сям’я незвычайная і складзеная Богам. У любові і радасьці.
Яны падымаліся да Ерусаліма. Язэп ішоў, трымаючы за руку Марыям, якая сядзела на асьле, якога прапанавалі выпадковыя спадарожнікі, бачачы становішча Марыям і пэўную цяжкасьць пад’ёму да горада. Потым яны разьвіталіся і падзякавалі новых сваіх знаёмых, а самі пайшлі да Храму, каб памаліцца і пайсьці далей у Бэтлеем. Потым быў адпачынак у доме, дзе пражываў Язэп пад час сваёй працы ў Ерусаліме. Цёплая сустрэча ды клопат гаспадароў вельмі кранула сэрца Марыям і цёплая хваля ахінула яе, калі яна бачыла радасьць сустрэчы гэтых людзей з Язэпам. Ранкам, пасьля адпачынку, яны, разьвітаўшыся з гаспадарамі, пайшлі ў напрамку Бэтлеема. Шлях павольна спускаўся ў горную даліну і ён быў не такі цяжкі, як учорашні пад’ём, а таму яны нясьпешна ішлі, любуючыся тым, што бачылі вакол сябе. Нарэшце перад імі пачаў адкрывацца горад, да якога яны імкнуліся прыйсьці. Бэтлеем – горад валадара Давіда, горад, пра які шмат чула, але ніколі ня бачыла Марыям. Яны ўваходзілі ў горад з пачуцьцем таго, што тут павінна адбыцца нешта вельмі важнае. Перапіс ці што іншае?
Адзіная гасьцініца горада была запоўненая, як ніколі, цалкам. Шмат народу прыйшло ў горад, каб выканаць загад Аўгуста і паўдзельнічаць у перапісу. Але трэба было што-небудзь рабіць. Хутка ўжо зьвечарэе, але месца для адпачынку яны пакуль што ня маюць. Пакінуўшы на час Марыям каля гасьцініцы Язэп кінуўся да далёкіх родзічаў, але з тым жа посьпехам, бо іхні дом, як тая гасьцініца, была ўжо запоўненай іншымі людзьмі. Ён хутка вярнуўся ў гасьцініцу і даведаўся ад гаспадара, што толькі што былі ачышчаныя ды падгатаваныя для прыезджых караванныя месцы, высечаныя ў скале ніжэй гасьцініцы. Дамовіўшыся пра аплату, яны спусьціліся па прыступках на гэты ніжні ярус і апынуліся ў былым сховішчы зерня, дзе вісела шатровая фіранка. Было чыста і адносна ўтульна, а ці многа трэба двум любячым сэрцам?
Усходняя ноч хуткая на прыход і, як толькі сонца схаваецца на захадзе за горы, адразу ж захоплівае прастору і будзе трымаць яе, пакуль сонечныя прамені не прагоняць яе з усходу. Ноч ужо прымала свае правы, калі Язэп і Марыям уклаліся на адпачынак. Язэп, засынаючы, адчуваў з прыемнасьцю руку сваёй Марыям у сваёй руцэ. Але гэты супакой ня быў доўгім, бо праз некалькі гадзінаў ён адчуў, як рука Марыям пачала, раз за разам, сьціскаць ягоную руку. Гэта працягвалася нядоўга і Марыям забылася ў сьне, але праз некалькі гадзін усё паўтарылася і яна адчувальна застагнала. Сонца адганяла ўжо ноч і, як быццам бы, абвяшчала гэтаму сьвету ня толькі нараджэньне новага дня, але і новага часу з нараджэньнем гэтага новага Чалавека. Моцны перадродавы боль ахапіў Марыям і яна, перазмагаючы гэта, прыпамятала словы Госпада да Евы: «Множачы памножу скруху тваю ў цяжарнасьці тваёй. У хворасьці будзеш нараджаць дзяцей». Раней яна проста чула пра гэта, але зараз словы Бога яна адчувала на сабе. Язэп ня ведаў, як самому дапамагчы жонцы, а таму хутка пабёг у гасьцініцу за дапамогай. Ужо хутка каля Марыям апынуліся жанчыны, якія добра ведалі што тут рабіць і як.
Так, праз некалькі гадзін, сьвету быў дадзены Дзіцяці, Які, загорнуты ў пялюшкі, спакойна спаў у ясьлях, пакладзены туды матчынымі рукамі і шчасьлівым сэрцам Язэпа. У той жа дзень, пасьля нараджэньня Дзіцяці, Язэп пайшоў на месца рэгістрацыі па перапісу і выканаў загад Аўгуста. Вярнуўшыся, ён сустрэў гаспадара гасьцініцы, які ішоў да іх, каб прапанаваць ім пакой, які будзе вольным заўтра ў поўдзень. А пакуль што Язэп не адыходзіў ад Марыям і народжанага Немаўляткі. І вось, наступіла першая зямная ноч, якую сустракалі разам з Дзіцяці Марыям і Язэп.
Ноч, яна неаднолькавая для ўсіх. Большасьць людзей адпачываюць ад працы і гатуюцца да працы наступнага дня, але ёсьць людзі, якія ня могуць спаць у начы, бо павінны вартаваць каго ці што-небудзь. Такімі былі пастухі, якія вартавалі статак, даручаны ім. Седзячы ля вогнішча, яны падбадзёрвалі сябе рознымі аповядамі і выпадкамі з жыцьця некаторых з іх. Але што гэта? Воблака яркага сьвятла ахінула іх так, што яны ўпалі на зямлю, вельмі напужанымі. Спалохаліся яны вялікім страхам, ня здолеўшы падняць і галавы, калі пачулі голас з гэтага воблака сьвятла: «Ня бойцеся! Бо вось, я дабравешчу вам вялікую радасьць, якая будзе ўсяму народу, бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад. І вось вам знак: вы знойдзеце Немаўлятка ў пялюшках, якое ляжыць у ясьлях». Падняўшы галовы, яны ўбачылі анёла Божага ў воблаку сьвятла, а за ім шматлікае войска нябеснае, якое славіла Бога і казала: «Слава на вышынях Богу, а на зямлі супакой, у людзях упадабаньне».
Ужо сьвітала, калі анёлы адыйшлі і воблака расьсеялася, а пастухі сказалі адзін адному: «Хадзем у Бэтлеем і ўбачым, ці сталася тое слова, якое абвесьціў нам Госпад». І яны, пакінуўшы пры статку дзяжурнага, пасьпешна пайшлі ў горад, каб знайсьці Таго, пра Якога казаў ім анёл Божы. Дух Бога ахінуў іх, бо ногі іхнія самі накіроўваліся да ніжняга яруса гасьцініцы Бэтлеема, дзе і былі ў гэты час Марыям, Язэп ды Немаўлятка, якое ляжала ў ясьлях. Прывітаўшыся, яны расказалі пра словы анёла, якія былі сказаныя ім пра гэтае Дзіцятка. Прысутныя пры гэтым дзівіліся таму, што казалі пастухі, а Марыям паклала гэтыя словы ў сэрцы сваім. Пастухі пайшлі, славячы Бога за пачутае і ўбачанае, а Марыям з Язэпам пачалі гатавацца да перасяленьня у пакой гасьцініцы.
Прайшло яшчэ некалькі дзён. Жыцьцё якасна перамянілася, бо Дзіцяці, як і іншае дзіцятка сьвету, патрабавала да сябе матчынай увагі і клопату абодвух бацькоў. Але жыцьцё набывала і пэўны сэнс, сэнс адказнасьці за жыцьцё Немаўляткі і ягонай маці. Менавіта так думаў Язэп, гледзячы на Марыям, якая клапатліва завіхалася вакол свайго Першынца. Падыходзіў восьмы дзень жыцьця народжанага, які, па законе, павінен быць днём абразаньня. Дзеля гэтага і прыйшоў з Ерусаліма Захарыя, атрымаўшы вестку ад Марыям на трэці дзень пасьля родаў. Ранкам восьмага дня, калі сонца ўжо цалкам завалодала небам і адбылася гэтая нескладаная хірургічная працэдура, дзе прыведзены Захарыем моэль і зрабіў гэта ў прысутнасьці бацькоў ды блізкіх. Захарыю запрасілі быць сандакам, які павінен быў трымаць Дзіцяці на сваіх каленах, падтрымліваючы Ягоныя ножкі. Пасьля гэтага абвясьцілі і імя абрэзанага - Ісус, бо менавіта такая была воля Бога.
Пасьля ўрачыстага пачастунку, калі Захарыя застаўся адзін з Марыям і Язэпам, ён прапанаваў ім застацца на нявызначаны тэрмін тут, у Бэтлееме. Ён ужо ведаў таямніцу зачацьця і нараджэньня Ісуса, як ведаў і словы анёла, сказаныя раней да Марыям: «Ён будзе вялікі, і Сынам Найвышэйшага назавецца, і дасьць Яму Госпад пасад Давіда, бацькі Ягонага, і Ён будзе валадарыць над домам Якуба на вякі, і Валадарству Ягонаму ня будзе канца». Захарыя меркаваў, што калі гэта так, дык найбольш правільным будзе тое, што Дзіцяці, нашчадак Давіда і будучы Валадар над домам Якуба, павінен выхоўвацца ў родным горадзе Давіда. Захарыя ўжо пагутарыў са сваякамі Язэпа, якія вельмі паважалі вядомага сьвятара і пагадзіліся даць усе ўмовы для часовага пражываньня гэтай маладой сям’і. Так і пачаўся час жыцьця ў Бэтлееме. Язэп вярнуўся да плотніцкай і будаўнічай працы ў Ерусаліме, а Марыям займалася хатнімі справамі, чакаючы мужа, які не затрымліваўся больш за тыдзень па-за домам.
Так прайшло трыццаць тры дні ад дня нараджэньня Ісуса і Марыям, зазьбіралася ў Храм, каб прынесьці ахвяру ў выглядзе двух маладых галубоў, каб пацьвердзіць сваё ачышчэньне. Ерусалім сустрэў іх велічнымі мурамі, а Марыям спаймала сябе на думцы, што яна вельмі знудзілася па сваёй школе і той спакойнай, але і урачыстай атмасферы, што панавала на тэрыторыі Храма. Марыям першай увайшла ў браму, а за ёй увайшоў Язэп, трымаючы на руках маленькага Ісуса. Тут яны ўбачылі Захарыю, які павінен быў ім дапамагчы ў гэтай працэдуры ачышчэньня. Яны разам стаялі на зьнешнім двары Храма, калі да іх падыйшоў чалавек сталага веку на імя Сымон.
Ерусалім ведаў гэтага праведнага ды пабожнага чалавека, які чакаў пацяшэньня Ізраіля. Многія ведалі і тое, што яму было сказана ад Духа Сьвятога, што ён ня мусіць памерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага. Дух Сьвяты быў на ім, калі ён уваходзіў на зьнешні двор, бо ўбачыўшы Дзіцятка на руках у бацькоў ён зразумеў усё і накіраваўся да іх. Прывітаўшы Захарыю і бацькоў Ісуса Сымон папытаў на свае рукі Дзіцятка. Узяўшы Яго на рукі і, дабраславіўшы Госпада, сказаў да ўсіх прысутных: «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Уладару, паводле слова Твайго, у супакоі, бо ўбачылі вочы мае збаўленьне Тваё, якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў, сьвятло для асьветы паганаў, і славу народу Твайго - Ізраіля». Сымон уважліва паглядзеўшы на крыху зьдзіўленых бацькоў і ўбачыўшы зацікаўленыя вочы падыйшошых да іх людзей, дабраславіў Язэпа і Марыям і зьвярнуўся да маці Ісуса: «Вось, ляжыць Гэты на падзеньне і паўстаньне многіх у Ізраілю, і на знак, якому працівіцца будуць. І табе самой меч пранікне ў душу, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».
Сымон асьцярожна паклаў Дзіцятка на рукі маці Яго, калі наблізілася да іх Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з калена Асэра. Яна была ў вельмі сталым веку, будучы ўдавою, пражыўшы з мужам сваім толькі сем гадоў. Восемдзясят чатыры гады пражыла яна ў гэтым сьвеце, не адыходзячы ад сьвятыні пасьля сьмерці мужа, постам і малітваю служачы Богу дзень і ноч. Хто ня ведаў Ганну прарочыцу, якая добра ведала Сымона і разам з ім жыла ў сардэчным чаканьні выбаўленьня ў Ерусаліме. Яна пазнала выхаванку школы пры Храме Марыям, якую ведала з дзіцячага ўзросту. Ганна, слухаючы Сымона, зразумела Каго ён трымае на сваіх руках і, падыйшоўшы, прамовіла да іх: «Няхай будзе дабраславёны Госпад, Бог Ізраіля, бо Ён прыйшоў да нас і збавіў Свой народ. Ён узьвёў рог збаўленьня для ўсіх нас у доме слугі Свайго Давіда. Як і абвяшчаў Ён вуснамі Сваіх сьвятых прарокаў – збаўленьне ад ворагаў і ад рукі нашіх ненавісьнікаў. Ён даў міласьць Сваю бацькам нашым, заклікаўшы памятаць Свой сьвяты запавет – абяцаньне, якое Ёе даў Абрагаму, бацьку нашаму, што выбавіць нас ад ворагаў, каб маглі ў шчырасьці служыць Яму, у сьвятасьці і праведнасьці ўсё нашае жыцьцё. А ты, запаветнае Дзіцё, будзеш называцца Сынам Усявышняга, каб стварыць Ягонае Валадарства. Ты абвесьціш людзям пра збаўленьне, бо прабачацца іхнія грахі. Узрадуйцеся ласцы Бога нашага, бо зазьзяў нам новы сьвітанак з нябёсаў, каб асьвятляць тым, хто жыве ў цемры і страху сьмерці, каб паказаць нам шлях да міру».
З дапамогай Захарыі, яны прынесьлі ахвяры за ачышчэньне Марыям і прайшлі неабходны абрад выкупу маленькага Ісуса для Госпада і жыцьця, заплаціўшы для гэтага пяць сікляў у скарбонку Храма. Вяртаючыся ў Бэтлеем, Язэп і Марыям ішлі моўчкі, бо былі пад моцным уражаньнем ад усяго таго, што адбылося толькі што. Марыям быццам бы чула яшчэ зварот да іх Ганны прарочыцы і праведнага Сымона, а Язэп быў узрушаны сказаным, бо гэта ўсё ўяўляла Ісуса доўгачаканым Мэсіей для гебрайскага народу. Няўжо гэта так? І сэрца Язэпа напаўнялася, пад уражаньнем сказанага, яшчэ большай адказнасьцю за выхаваньне і бясьпеку гэтага маленькага Сына Ўсявышняга.
Ад аўтара:
Уважлівы чытач безумоўна ж заўважыў адсутнасьць канкрэтнае даты нараджэньня Ісуса Хрыста, хаця па тэксту безумоўна можна арэнтавацца на месяц сьнежань, згодна грыгарыянскага календара. Але і юліянскае вызначэньне часу не мяняе прынцыповага значэньня па часе нараджэньня нашага Госпада і Збаўцы, бо што ёсьць два тыдні па часе ў параўнаньні з вечнасьцю. Але, дзеля аб’ектыўнасьці, мы павінны дасьледаваць гістарычныя факты, як падзеі, каб параўнаць іх з сучасным падыходам вызначэньня нараджэньня Ісуса Хрыста, як падзелу старога і новага часу годазьлічэньня.
Новы Запавет не дае нам даты нараджэньня нашага Збаўцы і на гэта ёсьць важкія прычыны. Справа ў тым, што па традыцыі, яшчэ з часоў Майсея, гебраі не сьвяткавалі дзён народзінаў, лічыўшы гэта прыкметаю паганства. Вядома, што свой узрост ведаў кожны, але дакладнай даты народзінаў ня ведаў ніхто з-за дзеючага сонечна-луннага календара з плывучым пачаткам года, які вызначаўся нават не вясеньнім маладзіком, а днём, «калі закалосіцца ячмень». Так было і ў часы валадара Ірада, які кіраваў Юдэяй трыццаць чатыры гады да сьмерці ў вёсну 4-га году да новага часу, пад час жыцьця якога і нарадзіўся немаўлятка Ісус. Ірад памёр адразу пасьля месяцовага зацьменьня 13 сакавіка таго году, што адпавядала 750-му году ад заснаваньня Рыму. Амаль што да канца 1-га веку новага часу пытаньне пра дату нараджэньня Ісуса Хрыста не было актуальным, бо матчына царква хрысьціянства была ў Ерусаліме. Але пасьля разбурэньня Ерусаліму ў 70 годзе новага часу і расьсеяньня гебраяў, у тым ліку і хрысьціянаў Юдэі, сітуацыя істотна зьмянілася, бо намаганьнямі апостала Паўла і ягоных вучняў колькасьць хрысьціянаў з паганаў узрасла настолькі, што нашмат перавысіла колькасьць хрысьціянаў з юдэяў і якія, з часоў прыняцьця календара Юлі Цэзара, сьвяткавалі свае дні народзінаў. З другога века і далей, пачынаючы з царквы ў Александрыі, вызначалі гэтую дату, як 6 студзеня па юліянскаму каляндару, хаця астранамічна гэта ўжо не было дакладным, бо на самой справе зімняе сонцастаяньне належала адзначаць на два тыдні раней.
Па традыцыі паганскага сьвету Дух Сонца кіруе сусьветам, зімняе ж сонцастаяньне – гэта пачатак прыбытку сьветлавога дня, а гэта азначала перамогу сьвятла над цемраю ў сьвеце. Сьвята адраджэньня Сонца адзначалася ў Рыме ў ноч з 24 на 25 сьнежня. І вось, як бы тое не было, у 337 годзе новага часу Папа рымскі Юлі I зацьвердзіў дату 25 сьнежня як дату Раства Хрыстова. Дарэчы, летам 1996 года, у адным са сваіх пасланьняў, Папа рымскі Ян Павал II пацьвердзіў, што гістарычнае Раство Хрыста невядомае, і што, ў рэчаіснасьці, Збаўца нарадзіўся на 5-7 гадоў раней новага часу – афіцыйнага Хрыстовага Раства. Застаецца толькі дадаць, што ў 1918 годзе, пасьля прыняцьця савецкай Расіяй грыгарыянскага календара, Маскоўская праваслаўная царква, каб заставацца ў юліянскім разьліку дзён, перанесла ўсе царкоўныя сьвяты на 13 дзён наперад, а таму з 1919 года Раство Хрыста сьвяткуецца ў ноч з 6 на 7 студзеня.
Сучасныя дасьледчыкі, і не безпадстаўна, сцьвярджаюць, што сапраўднае раство Ісуса Хрыста прыходзіцца на верасень-кастрычнік. Але ўсе гэтыя дэталі не вызначаюць нешта такое, што можа азмрочыць тую вялікую падзею, што пачалася з нараджэньнем нашага Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста. Галоўнае тое, што з нараджэньнем Хрыста пачаўся новы час, які даў нам служэньне, сьмерць і ўваскрасеньне Ісуса Хрыста, Які памёр за нашыя грахі і на трэці дзень уваскрос, каб быць разам з намі кожны дзень нашага жыцьця.
Свидетельство о публикации №226010701931