Бог спасет ребенка

IV. БОГ ЗАХАВАЕ ДЗІЦЯЦІ

Ерусалім – горад асаблівы. Ён жыў і жыве згодна існаваньня Храма, які ёсьць цэнтрам ня толькі гораду, Юдэі, Самарыі ды Галілеі, але і ўсяго гебрайскага грамадзтва, расьсеянага па ўсёй тэрыторыі Рымскай дзяржавы. Усё тут наладжана на забясьпячэньне функцыянаваньня Храма, асабліва ў дні вялікіх рэлігійных сьвятаў, якія адзначаліся тры разы на год, калі ў Ерусалім прыходзілі тысячы і тысячы паломнікаў з усіх куткоў Рымскай імперыі. Тутэйшыя жыхары абвыклі, што іхні горад наведваюць ня толькі гебраі, але і розныя іншыя людзі з розных краінаў сьвету. Не было тут асаблівай увагі і на гэты раз, калі на вуліцы Ерусаліма ўвайшоў караван іншаземцаў з усходу, калі глядзець на гэта па той адзёжы, у якую яны былі апранутыя. Цікавіцца імі маглі толькі тыя жыхары, якія прапанавалі прыходзячым жыльлёвы прытулак ды харчаваньне. Гэта было ўзімку 750 года ад заснаваньня Рыму.

Цікавасьць жа да гэтых незвычайных паломнікаў выявілася ўжо праз некалькі дзён, калі па гораду папаўзлі чуткі, што яны адшукваюць валадара Юдэі, пры гэтым зусім ня Ірада, а нейкага іншага, які нарадзіўся зусім нядаўна. Перадавалі людзі адзін адному і словы, якія казалі гэтыя вандроўнікі: «Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». Выявілася, што гэта былі усходнія мудрацы, якія выявілі ў небе знак вялікага Ўладара. Тое, што яны прыйшлі менавіта ў Ерусалім , нікога зьдзівіць не магло, бо ўсе чулі прароцтва з Пісаньня пра незвычайнага Чалавека Мэсію з Юдэі, Якому належала скарыць сьвет. «Дзе народжаны Валадар Юдэйскі?» - пыталіся мудрацы, але адказу не атрымлівалі, бо напужаныя людзі хутка праходзілі міма іх, не ўступаючы ў якія-небудзь размовы. Трэба было хоць крышачку ведаць пра справы і жыцьцё ў Ерусаліме тых гадоў, каб зразумець наколькі гэтае пытаньне зьяўляецца неасьцярожным ды задзірлівым. Хутчэй за ўсё гэты прышлыя людзі ці ледзь здагадваліся пра свой промах і дакладна ня ведалі адносна таго, што насамрэч дзеялася ў Юдэі пры валадары Ірадзе.

Валадар Ірад – чалавек жорсткі і славалюбівы, увесь час які разьдзіраецца запалам Далёкі ад рэлігійнага жыцьця, ён цалкам аддаваў сябе інтрыгам, ваенным заняткам, будаўніцтвам і жанчынам. Ірад будаваў крэпасьці, тэатры, сьвяцілішча ў гонар свайго заступніка Аўгуста, а таксама прыводзіў у належны парадак Ерусалімскі Храм – аб’ект асаблівага клопату валадара. Ірад ганарыўся Храмам, на рэканструкцыю якога ён ўклаў велізарную колькасьць грошай, зрабіўшы яго знакамітым на ўвесь сьвет. Але нават і гэта не дадала яму даверу і павагі ад народу. Аднойчы захапіўшы ўладу пры падтрымцы рымлянаў і супраць волі народа, ён дарэмна намагаўся набыць добрыя адносіны ад падданых. Ён валадарыў трыццаць тры гады, зьнешне бліскуча, але варожасьць да яго, асабліва ў апошні час ягонага жыцьця, толькі павялічвалася. Сын ідумейскага саноўніка і жанчыны арабскага паходжаньня, ня маў законнага права на валадараньне ў Юдэі.

Адзіная тонкая сувязь з папярэднімі валадарамі Хасманеямі была ягоная жонка Марыямна, якая паходзіла з князскага роду Хасманеяў. Але і гэтая сувязь была парваная, калі Ірад прылюдна ўсьмерціў жонку за падазрон на змову супраць яго. Яшчэ шмат злачынстваў выцягнуў ён на іншых са свайго сэрца, а таму апошнія гады свайго жыцьця былі для яго асабліва змрочныя. Набліжаныя да яго, хаця і вельмі баяліся, але лічылі яго ідэяльным валадаром, але ён сам добра ведаў, што нянавісьць да яго ад народа толькі ўзрастала. Лёгка ўявіць у якое замяшаньне ўвайшоў сямідзесяцігадовы валадар, калі даведаўся пра тое, што нейкія ўсходнія мудрацы распытваюць у горадзе пра народжанага Юдэйскага Валадара. Хто гэты прэтэндэнт на пасад і якія сілы стаяць за Ім? Самае непрыемнае ва ўсім гэтым было тое, што гэта сталася нечакана, бо ён ня бачыў вакол сябе нават і намёку на нейкую змову. Але так быць не павінна.

Ірад загадаў прывесьці да яго гэтых мудрацоў з усходу, а калі яны прыйшлі, ён, за пачастункам, запрасіў іх расказаць яму пра мэту свайго візіту ў Ерусалім. Ён з хваляваньнем успрымаў вестку пра тое, што яны бачылі на ўсходзе зорку нованароджанага Валадара Юдэйскага, а яны прыйшлі сюды, каб пакланіцца Яму. Размова з мудрацамі прывяла яго да разуменьня, што гаворка ідзе пра Дзіцяці, Якога лічаць будучым Мэсіей. Ірад вопытны кіраўнік і добра ведаў, што любую спробу захопа ўлады трэба зьнішчаць на караню, апіраючыся на хуткасьць і рашучасьць. Не падаўшы ніякага віду, ён ветліва запрасіў застацца ў палацы да ранку, каб потым ісьці далей. Калі мудрацы адыйшлі на адпачынак, Ірад запатрабаваў да сябе храмавых сьвятароў, якія распавялі яму, спасылаючыся на прарокаў, што будучы Мэсія павінен прыйсьці з Бэтлеема. Ісая шмат казаў пра прышэсьце будучага Мэсіі, а, згодна прарока Міхея, гэтая высокая чэсьць дадзена будзе гораду Давіда Бэтлеему. Бо так сказана ў Пісаньні: «І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым ня меньшы за ваяводзтвы Юды, бо з цябе выйдзе правадыр, Які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраіль». Адпусьціўшы сьвятароў, ён задумаўся ў адзіноцтве, складаючы план далейшых дзеяньняў. Меньш за ўсё яго клапаціла выкананьне біблейскіх прароцтваў. Пакаламучаны розум старога валадара термінова будаваў планы новай ды гвалтоўнай расправы.

Па рознаму ўспрынялі гэтую размоўную гісторыю яе ўдзельнікі. Сьвятары пайшлі ад Ірада з пачуцьцем выкананага абавязку, бо яны на тое і сьвятары, каб ведаць і тлумачыць Пісаньне. Мудрацы адпачывалі, дзівячыся такому ветліваму ды ўважліваму прыёму з боку Ірада, мяркуючы посьпех заўтрашняга пошуку народжанага Валадара Юдэі. І толькі Іраду не адпачывалася ў супакоі. Ён доўга ня мог заснуць, абдумваючы далейшыя свае крокі на заўтра. Ён ня будзе відавочна выказваць неспакой ці незадаволенасьць зьяўленьнем канкурэнта на валадарскі пасад. Паколькі ён мае справу з Дзіцяці, трэба выкарыстаць мудрацоў, каб высьветліць месцазнаходжаньне народжанага. Ніхто не павінен, пакуль што ведаць пра гэта, каб не парушыць гэтую першую частку плана, які склаў ён у гэтай бяссоннай начы. Другая частка ня будзе ўжо такой бяскрыўднай і гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя.

Ранкам наступнага дня Ірад зноў запрасіў да сябе мудрацоў вандроўнікаў. Ён паведаміў ім, што Той, каго яны шукаюць, знаходзіцца, па ўсёй верагоднасьці, у Бэтлееме, што разьмяшчаецца непадалёк ад Ерусаліму ў паўднёвым накірунку. Тон звароту да мудрацоў зусім не паходзіў на размову валадара і вандроўнікі падзівіліся той цяплыні, з якой Ірад звярнуўся да іх, калі сустрэча падыходзіла да свайго завяршэньня: «Пайдзіце, добра даведайцеся пра Дзіцятка і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму». Падзякаваўшы за добры прыём, яны паабяцалі выканаць ягоную просьбу, калі знойдуць гэтае Дзіцятка. З гэтым яны выйшлі з палацу і накіраваліся да паўднёвай брамы Ерусаліма. Шлях не заняў шмат часу і яны, праз некалькі гадзінаў ужо набліжаліся да Бэтлеема.

Нягледзячы на пачатак дня, яны ўбачылі тую самую зорку, якая сустрэла іх на падыходзе да горада і павяла іх далей па гарадзскім вуліцам, да таго дому, дзе знаходзіўся маленькі Ісус. Увайшоўшы ў дом, яны, убачыўшы Дзіцятка з Марыям, маці Ягонай, упаўшы, пакланіліся Яму. А потым, адчыніўшы свае дарожныя мяшкі, яны дасталі тое, што несьлі для гэтага Дзіцяці з далёкага Ўсходу. Мудрацы паклалі перад Ім свае падарункі: золата, ладан і сьмірну. Пабыўшы яшчэ некаторы час, яны пачулі ад маці Ісуса нядаўнюю гісторыю пра тое, як прыходзілі пастухі з поля ў першы дзень зямнога жыцьця Ісуса, каб пакланіцца Яму і перадаць словы, пачутыя ад анёла, што нарадзіўся ў гэтым горадзе Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад. Мудрацы з радасьцю ўпэўніліся, што яны сапраўды дасягнулі мэты свайго вандраваньня і, яшчэ раз пакланіўшыся, накіраваліся ў гасьцініцу, каб адпачыць перад заўтрашнім зваротным шляхам.

Яшчэ ў вечары яны дамовіліся прайсьці праз Ерусалім, каб выканаць абяцанае Іраду і расказаць яму пра гэтае дзіўнае Дзіцяці. Але з ранку іхнія планы раптам істотна памяняліся і яны адыйшлі ў сваю краіну іншым шляхам. Ноччу, у сьне, кожнаму з іх было дадзена слова, каб яны не варочаліся да Ірада і выходзілі ў адваротны шлях у іншым накірунку. Мудрацы ня сталі доўга абмяркоўваць свае далейшыя дзеяньні, а моўчкі і адзінадушна накіраваліся ў абыход Ерусаліма.
Увечары гэтага ж дня прыйшоў з Ерусаліму Язэп, якому Марыям распавяла пра дзіўныя падзеі ўчорашняга дня: пра гасьцей вандроўнікоў і пра іхнія дзіўныя дары для маленькага Ісуса. Яны прагаварылі ўвесь вечар і, уклаўшы Дзіцяці спаць, пайшлі адпачываць і самі. Сон адолеў іх вельмі хутка і, праз колькі часоў, нібыта на яву, зьявіўся Язэпу анёл Божы. Як быццам бы і не было сну, калі Язэп пачуў ад анёла: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную, і бяжы ў Эгіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад мае шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго». Пасьля гэтых слоў прачнуўся Язэп, бо словы анёла яшчэ не заціхлі ў сэрцы і ён ціхенька, каб не абудзіць Марыям, пачаў зьбірацца ў далёкі і невядомы шлях. Яшчэ ранішняе сонца не адолела вяршыні гор на ўсходзе, калі па дарозе на захад можна было бачыць две дарослыя постаці, адна з якіх сядзела на асьле, трымаючы на руках маленькага Дзіцяці. Язэп трымаў за аброць асла, на якім, акрамя наўючанага скарбу, сядзела Марыям, трымаючы на руках Ісуса. Яны спяшаліся хутчэй дабрацца да караваннага шляху, які прывядзе іх, падалей ад небясьпекі, у Эгіпет, які ў-ва ўсе вякі быў адзіным сховішчам для жыхароў Палестыны, што беглі ад арышту ці перасьледу. Перайсьці за раку Рынакалуру можна было праз тры дні, а на другім беразе ўжо не было валоданьняў Ірада.
Над Ерусалімам вечарэла. Дзень саступаў свае правы начы і ўсё было адносна спакойна. Зьнешне спакойна было і ў палацы Ірада, але ня меў належнага супакою ў пакоях адзін чалавек. Валадар Ірад знаходзіўся ў вялікім хваляваньні, чакаючы зьвесткі ад мудрацоў, якія пайшлі ў Бэтлеем, каб знайсьці Дзіцяці, Які павінен вырасьці ў канкурэнта, што вельмі непакоіла гаспадара гэтай зямлі. Ніхто ня можа і падумаць пра тое, бо валадарства Ізраіля – гэта ён – Ірад. Прайшло ўжо два дні, але ніякіх навінаў пра тое, што на сёньня яго больш за ўсё займала, ён не атрымаў. Не прывык ён да гэтага, і ніколі не прывыкне, бо ўсё, што перашкаджае ягонай уладзе павінна быць вядомым яму нават і тады, калі падобныя думкі нават толькі і ўзьнікнуць у галовах некаторых. Зараз жа цярпеньне ягонае было на зыходзе і калі да поўдня наступнага дня ён не атрымае ніякіх зьвестак ад мудрацоў, ён будзе дзейнічаць, як і прывык, тэрмінова і жорстка.

Наступны дзень, як ён ужо і меркаваў, не прынёс ніякага станоўчага выніку, бо не прыйшлі да яго мудрацы, а таму ён павінен дзейнічаць неадкладна і жорстка. Чаму яны не прыйшлі і што стаіць за гэтым? Калі гэтага Дзіцяці ў Бэтлееме няма, дык чаму пра гэта і не сказаць? А калі ён ёсьць, а мудрацоў няма? Што думаць валадару, як ня тое, што над ім пасьмяяліся. Так Ірад і падумаў, калі даў загад выклікаць начальніка асабістай аховы, каб вызначыць сваю валадарскую волю. Ён пажадаў, з дрэнна захоўваемым раздражненьнем, каб той арганізаваў зьнішчэньне ўсіх мальчукоў у Бэтлееме, якія не дасягнулі двухгадовага ўзросту. Ірад да гэтага дадаў, што маючая быць сьмяротная акцыя ёсьць рэч сакрэтная ды звыштэрміновая, а таму ўсё павінна ўсё вызначацца так, што гэта ня ёсьць загадам валадара.

Загад валадара ёсьць законам для падначаленага і таму высокапастаўлены вайсковец ня доўга вагаўся, бо ўжо праз тры гадзіны атрад, лікам пяцідзесяці жаўнераў, выступіў у накірунку Бэтлеема. Па дадзеным выведнікаў, якія тэрмінова выйшлі ў Бэтлеем за две гадзіна да выступу асноўнага вайсковага атраду, каб вызначыць месцы, дзе знаходзіліся мальчукі да двух гадоў узросту. Да прыбыцьця асноўных сілаў вайскоўцаў усё было зроблена і шаснаццаць адрасоў для выкананьня заданьня валадара былі імі падгатаваныя. Далей усё было проста, бо падобныя дзеяньні ўначы не былі для аховы валадара нечым незвычайным, а таму шаснаццаць мальчукоў, узростам меней за два гады, былі гвалтоўна пазбаўленымі свайго жыцьця ў тую жудасную ноч. Отрад падзяліўся на дробныя групы па тры жаўнера ў кожнай. Практычна адначасова былі забраныя гэтыя шаснаццаць маленькіх дзяцей на падставе таго, што Ірад забірае гэтых дзяцей да сябе, у валадарскі палац. Асаблівага ляманту і не было, бо хто ведае – можа іхнія дзеці будуць выхоўвацца каля самога валадара.

Аперацыя прайшла хутка і амаль што ціха. Выйшаўшы з гораду, жаўнеры закапалі забітых дзяцей у даліне, непадалёк ад шляху ў Ерусалім. Так, будзе плач у Бэтлееме, але ня сёньня, а крыху пазьней. Атрад жа вярнуўся ў Ерусалім, калі цемра ночы пачала ўжо саступаць сьвятлу, а вуліцы гораду былі зусім пустымі. Праз некалькі гадзін, начальнік аховы даклаў Іраду пра начное выкананьне загаду валадара. Ірад выслухаў у дэталях ход правядзеньня начной аперацыі і ківам падзякаваў падначаленага. Ён адчуў палягчэньне ва ўсёй сваёй істоце, хаця маленькі, зусім нязначны, сумнёў усё ж не адпускаў яго пры думцы, што ён, на гэты раз, не прамахнуўся.

Апынуўшыся на эгіпецкі беразе Рынакалуры, Язэп з Марыям выдахнулі з палёгкай. Яны былі ў бясьпецы і мелі магчымасьць, упершыню за тры дні, добра адпачыць і абдумаць план сваіх далейшых дзеяньняў у Эгіпце. Рашэньне было на паверхні і яны пойдуць у Александрыю да стрыечнага брата Язэпа. У Александрыі пражывала даволі вялікая гебрайская дыяспара і ў асяродзьдзі сваіх яны не прападуць ды неяк уладкуюцца да годнага жыцьця. Яшчэ пяць дзён спатрэбілася ім, каб дасягнуць Александрыі.

Міжземнае мора сустрэла іх сьвежым марскім подыхам і велічнай сваёй прыгажосьцю. Ніколі ў жыцьці яны ня бачылі такога вялікага мора ды такой колькасьці караблёў, якія соваліся ў розныя бакі ад Александрыі, выконваючы вельмі неабходную для людзей працу. Накіраваўшыся да мясцовай сынагогі, яны, бяз цяжкасьцяў, даведаліся пра месца пражываньня родзіча Язэпа, што было зусім недалёка ад сынагогі. Язэп і Марыям былі прыемна зьдзіўленыя таму цёпламу прыёму, які яны сустрэлі тут, у Александрыі. Яны ўладкаваліся ў невялічкай прыбудове да асноўнага дому і былі незвычайна рады, што ўсё ў іх складалася добра на новым месцы. З дапамогай родзічаў Язэп даволі хутка ўладкаваўся на працу па будаўніцтву грамадзкага будынку. Будучы добрым ды кваліфікаваным майстрам, ён адразу ж зьвярнуў на сябе ўвагу кіраўніка будоўлі, які, праз некаторы час, прапанаваў Язэпу пасаду кіраўніка значнай па колькасьці групы майстроў. Адданая праца новага кіраўніка брыгады майстроў была даспадобы кіраўніку будоўлі, а таму заробак Язэпа быў даволі значным, што давала магчымасьць сям’і годна жыць, ды яшчэ нешта адкладаць на будучае. Так і праходзіў час. Язэп старанна працаваў на будоўлі, а Марыям займалася хатняй гаспадаркай, аддаючы ўсю сябе маленькаму Ісусу.

Ад аўтара:
Па думцы аўтара ня будзе залішнім глыбей паказаць усю жорстскасьць і падступнасьць валадара Ірада. Назва Вялікі была дадзена яму лісьліўцамі ўжо пасьля ягонага пахаваньня. Але якім ён быў, гэты валадар? У 30 годзе да новага часу становішча Ірада было вельмі добрым. Актавіян, пасьля працяглых палітычных і ваенных перэпетый, атрымаў усю паўнату ўлады ў Рыме, а таму і Ірад адчуваў сябе вельмі ўпэўнена на сваім пасадзе. Давер і падтрымка Аўгуста забясьпечвалі гэта, але жыцьцё азмрочвалася невыноснымі абставінамі ў асабістым доме. Фатальную ролю адыгралі ў ягоным жыцьці адносіны, якія ня склаліся з жонкай Марыямнай – адзінай істотай, якую ён шчыра кахаў. Хасманейская княжна не была здольнай хаваць пагарду да свайго мужа, а яе маці Аляксандра яшчэ больш дадавала трывогі і без таго недаверлівага ды жорсткага Ірада. Гэтая Аляксандра, праз валадарыню Клеапатру, дамаглася пасады першасьвятара свайму сямнаццацігадоваму сыну і брату Марыямны, які стаў карыстацца павагай і любоўю народа ў Ерусаліме. Гэта вельмі не падабалася Іраду і ў 35 годзе да н. ч., пад час сьвятаў, брата Марыямны утапілі ўначы на вачах валадара. Сьмерць юнака падалі як няшчасны выпадак, але сястра і маці добра разумелі, што гэта зусім ня так.

Да 29 году ад н. ч. сітуацыя ў сям’і Ірада склалася наогул катастрафічнай. Нянавісьць Марыямны за забойства брата стала яўнай настолькі, што валадар западозрыў жонку ў змове супраць яго. Вынікам гэтага стаў вырак суду і павешаньне. На пакараньне сьмерцю Марыямна ішла спакойна, ня просячы міласьці. Маці ж яе Аляксандра, баючыся за сваё жыцьцё, публічна няславіла яе, што вельмі непрыемна ўразіла шматлікіх сьведкаў. Ірад вельмі цяжка перажыў сьмерць жонкі і, як гэта ня дзіўна, амаль што пазбавіўся здароўя, а з гэтым і жыцьця. Але ня сталася і Ірад, акрыяўшы, з падвойнай сілай працягнуў сямейныя забойствы. Ён усьмерціў Аляксандру, пакараў сьмерцю мужа сваёй сястры і яшчэ шмат каго з блізкіх яму людзей. Праз некаторы час у Ерусалім з Рыма прыбылі сыны Марыямны Аляксандр і Арыстабул пасьля працяглага жыцьця ў сталіцы імперыі. Ірад спачатку прыняў іх вельмі добра, але падазронасьць да ўсіх і да ўсяго ўзялі верх. Александр і Арыстабул былі павешаны па ягонаму загаду ў Самарыі. Шмат яшчэ якія злачынствы былі створаны ім, а калі нарадзіўся Госпад Ісус, дык і шаснаццаць забітых дзяцей занялі сваё месца ў доўгім ланцугу ягоных злачынстваў.

Падаецца мэтазгодным патлумачыць і гэтую колькасьць забітых, па загаду Ірада, дзяцей. Мацьвей, у сваім Эвангельлі, кажа наступнае: «Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы з яго пасьмяяліся, вельмі разгневаўся і паслаў забіць усіх дзяцей у Бэтлееме і ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і малодшых, паводле часу, які даведаўся ад мудрацоў. Тады збылося сказанае праз прарока Ярэмію, які кажа: “Голас у Раме чутны, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахель плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо іх няма”». Першае, што трэба ведаць у гэтым пытаньні, дык гэта тое, што ў тагачасным Бэтлееме знаходзілася ня больш за тысячу жыхароў і ў год нараджалася каля 30 немаўлятак, а колькі там было мальчукоў прыкладна невядома. Так што лічба шаснаццаць мальчукоў, за два гады, не зьяўляецца неверагоднай. Так, лічба загіблых дзяцей магла быць і крыху большай, але гэта ня мае істотнага значэньня, бо сьмерць нават і адгога дзіцяці – гэта ўжо ёсьць трагедыя і плач Рахелі ў Ярэміі ёсьць праяваю звычайнай чалавечай рэакцыі на сьмерць такой колькасьці дзяцей. Тагачасны гісторык Язэп Флавій, які дае шмат зьвестак пра злачынствы Ірада, ніяк ня кажа пра забойства ў Бэтлееме маленькіх мальчукоў. Магчыма таму, што гэтая тайная аперацыя Ірада не атрымала грамадзкага рзанансу і грамадзкай асуды, але ў любым выпадку падобнае злачынства мела месца, што і было адзначана ў Эвангельлі паводле Мацьвея.


Рецензии