Возвращение
Амаль што два гады прайшоў з таго часу, каля Язэп і Марыям пасяліліся ў Александрыі. Жыцьцё ў гэтым горадзе праходзіла спакойна і нічога ня азмрочвала іхняга існаваньня. Як законапаслухмяныя гебраі, яны кожную суботу наведвалі сынагогу і, кожнадзённа, заклікалі да Госпада ў малітвах і дзякавалі Яго за тое, што Ён даў ім такое служэньне і адказнасьць за выхаваньне гэтага незвычайнага дзіцяці Ісуса. Яны адчувалі Божую прысутнасьць ва ўсім сваім жыцьці, бо ўвесь дастатак і абароненасьць – усё гэта было ад Яго. Мір, любоў і супакой – вось тыя словы, якія здольныя паказаць звычайнаму чалавеку тыя адносіны, якія панавалі сярод гэтых трох: Язэпам, Марыям і Дзіцяткам Ісусам. Язэп, па-ранейшаму, працаваў на будоўлі. Марыям даглядала хатнюю гаспадарку і, разам з маленькім Ісусам, нецярпліва, кожны дзень, чакала любімага сэрцам Язэпа. Так ішлі дні, тыдні і месяцы, калі аднойчы ў сьне паўстаў перад Язэпам анёл Божы, кажучы: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраіля, бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці». Зноў быццам бы ўсё на яве, як і не знаходзіўся ён у сьне. Сон болей не змарыў яго і ён, яшчэ лежачы ў ложку, абдумаваў свае далейшыя крокі. Марыям ня зьдзівіцца гэтаму, бо добра ведала папярэднія словы анёла: «Бяжы ў Эгіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе», а вось на працы зьдзіўленьне будзе сур’ёзнае і будзе трэба пераканаўча давесьці да кіраўніка будоўлі, ды і да брата таксама, прычыну ягонага вяртаньня на радзіму.
Незадоўга ж да гэтага, у палацы Ірада, праходзіў апошні акт трагедыі жыцьця сямідзесяці двух гадовага валадара. Ён сьмяротна захварэў і страшэнна пакутаваў ад сваёй хваробы. Гебрайскі гісторык Язэп Флавій так апісаў сімптомы гэтае хваробы: «Яго мучылі таксама ўнутраныя нарывы, асабліва ж жудасныя болі ў страўніку; ногі яго былі напоўненыя празрыстай вадкасьцю. Такая ж хвароба спасьцігла і ніз ягонага жывата; на гнілых частках зьяўляліся чэрві. Калі ён хацеў падняцца, дыханьне прычыняла яму жудасныя пакуты, як з прычыны смуроду, так і з прычыны ацяжарвальнасьці сваёй. Усяго яго ахоплівалі курчы, прычым валадар выяўляў ненатуральную сілу». За пяць дзён да сьмерці, Ірад замахваўся на самазабойства і даў загад забіць свайго сына Антыпатра. Ён ляжаў у сваім раскошным палацы, пакрыты заразай і стомлены смагай, пагардлівы да ўсіх і ўсімі пагарджаны, жадаючы сьмерці, як збаўленьне ад пакутаў. Але Ірад і палохаўся сьмерці, як пераходу да неверагодна вялікіх жахаў. Ён турзаўся згрызотамі сумленьня, але яшчэ не зусім насыціўся крывёю. Гэты стары валадар ляжаў у дзікай утрапёнасьці, чакаючы прыходу апошняга часу. Калі ж ён даведаўся, што няма па яму плакальшчыкаў, дык вырашыў прымусіць усіх плакаць па іншых. Хворы выдаў пастанову, каб лепшыя прозьвішчы валадарства і старшыні каленаў, пад страхам сьмяротнага пакараньня за невыкананьне, прыйшлі ў Ерыхон. Сваёй жа сястры Саламеі, загадаў забіць іх усіх у мінуту ягонай сьмерці. Такім чынам, захлынаючыся крывёю і задумваючы забойства нават пад час трызьненьня, душа Ірада адыйшла на суд Божы.
Гэты час александрыйскага жыцьця прайшоў у супакоі і бясьпецы. Менавіта так адчувала сябе Марыям. Адзіны непакой, да якога прыслухоўвалася яна – гэта непакой за здароўе свайго маленькага Ісуса. Марыям хавала ўсё гэта ў сэрцы сваім і толькі Язэп ведаў гэтую трывогу жонкі, бо і сам быў адказны за бясьпеку і ўмовы жыцьця Дзіцяці. Але трывогі дарослых не адбіваліся на жыцьці маленькага Ісуса і двухгадовы Хлопчык рос здаровым ды звычайным і ўсё было добра. Але вось, загад ад Госпада: «Вяртайцесь у Ізраіль». Але куды і калі? Зразумела, што ня так, як пасьпешна яны беглі з Бэтлеема. Слушным будзе тое, калі яны крыху пачакаюць, даведашўыся пра тое, якая ўлада ўсталюецца ў Ерусаліме. Праз некалькі дзён прыйшлі з Ерусаліму гандлёвыя людзі, каб закупіць пшаніцу на патрэбу гараджанаў. Яны і расказалі пра апошнія дні Ірада: ягоную жудасную хваробу, забойства сына і спробу забіць, пры сваёй сьмерці, усіх старшыняў юдэйскага народу. Зараз жа ідзе падзел улады ды маёмасьці Ірада. Кажуць, што, хутчэй за ўсё, цэзар зацьвердзіць новым валадаром Архелая. Марыям пагадзілася з Язэпам, што будзе разумным пачакаць канчатковага рашэньня Аўгуста адносна валадарства Ірада.
Прайшло яшчэ некалькі месяцаў, калі стала вядомым рашэньне Рыма. Аўгуст падзяліў, згодна тастамэнту Ірада, валадарства паміж трымя сынамі наступным чынам: Архелай атрымаў уладу над Ідумеей, Юдэеей і Самарыей; Антыпа – над Галілеей і Перэей; а Філіп – над Ітурэей, Гаўланітыдай і Траханіцкай вобласьцю. Антыпа і Філіп атрымалі ад цэзара тытулы тэтрархаў, што азначала чвэрцьуладнікаў, а Архелай атрымаў тытул кіраўніка вобласьці – этнарха. Архелай намагаўся атрымаць тытул валадара, але мудры Аўгуст, ведаючы бацькаў характар Архелая, пакінуў за ім тытул этнарха, паабяцаўшы таму тытул валадара ў тым выпадку, калі ён таго заслужыць. Усё гэта стала добра вядомым і ў Александрыі, горадзе дасьведчаным і адукаваным. Кіраўнік будаўніцтва атрымаў пажаданьне Язэпа ад’ехаць у Палестыну яшчэ два месяцы таму, велімі смуткуючы за тое, што губляе добрага майстра і свайго памочніка. І вось зараз ён зразумеў, што гэты час ўжо настаў.
Для сям’і Ісуса гэты час стаўся быць вельмі адказным, бо настаў час зьяджаць. Але куды? Адказ на гэтае пытаньне павінен быў нарадзіцца толькі тут, у сям’і. Па логіцы, яны павінны вярнуцца ў Бэтлеем, бо нашчадак Давіда павінен выхоўвацца ў гэтым горадзе. Так думала і прапанавала Марыям. Язэп не пагаджаўся з ёй, бо, будучы шмат сярод простых людзей у Ерусаліме, ён добра ведаў жорсткі і непрадказальны характар Архелая. А што калі ён даведаецца ці ўспомніць пра словы мудрацоў? І што будзе, калі, пры ўзрастаньні Ісуса, праявіцца нешта з таго, пра што казалі мудрацы? Яны павінны быць вельмі адказнымі ды ўважлівымі да ўсяго таго, што можа чакаць іх у валоданьнях Архелая. Тым больш, што апошнія зьвесткі з Ерусаліма казалі пра тое, што Архелай, сьпяшаючыся заявіць пра сябе, як сапраўднага сына Ірада загадаў забіць у Храме тры тысячы сваіх суайчыньнікаў.
Іншая справа – Антыпа, які не вызначаўся жорсткім характарам свайго бацькі і які быў прызначаны на валадараньне ў Галілею. Так, ён ня быў ідэяльным, шмат што дрэннага пераняўшы ад бацькі, але ён ня быў здольным на бязглуздыя забойствы. Таму трэба ісьці ў Галілею. Але і там былі некаторыя праблемы, бо, пад час хваробы Ірада, узьнялося паўстаньне Юды Галілеяніна супраць Рыма з цэнтрам у Цыпоры. Вельмі хутка карная экспедыцыя Квінтылія Вара задушыла паўстаньне, разбурыўшы, амаль што цалкам, горад Цыпоры. Не выпадала ісьці ў дом Марыям, так што яны пойдуць у Назарэт. Магчыма сам Госпад так падзяліў уладу паміж сынамі Ірада, каб даць Ісусу месца ціхае ды бясьпечнае для ўзрастаньня і выхаваньня. Марыям пагадзілася з довадамі мужа і яны вырашылі пачаць гатавацца да ад’езду з Александрыі.
Язэп завяршаў сваю працу на будоўлі, а Марыям гатавала паціху той няхітры скарб, які яны паспелі нажыць тут, у гасціннай Алеасандрыі. Родныя і новыя добрыя знаёмыя сям’і вельмі шкадавалі за іхняе рашэньне вярнуцца на радзіму, бо ўжо вельмі абвыклі да гэтай цудоўнай пары. Іхні новы сябра, грэцкага паходжаньня, Эздрыён прапанаваў ім марскі шлях у Палестыну на сваім караблі, якіў павінен быў адыйсьці праз тыдзень ад Александрыі і прыбыць ў порт Цэзарэі. Язэп і Марыям з радасьцю пагадзіліся з прапановай Эздрыёна, бо гэта будзе іх першым марскім падарожжам у такім вялікім моры. Увесь гэты тыдзень прайшоў у клопатах ад’езду. Але гэта для дарослых, бо маленькі Ісус не прымаў у гэтым удзелу, а займаўся сваімі дзіцячымі ды сур’ёзнымі справамі. Ён, гуляючы ў свае дзіцячыя гульні, назіраў за бацькамі, адчуваючы цеплыню, якая ахінала яго ў прысутнасьці гэтых любых людзей. Так прайшоў гэты тыдзень, калі Язэп і Марыям былі гатовы да пачатку вяртаньня ў родны Назарэт.
Міжземнае мора сустрэла іх лагодным ветрам і бліскучымі блакітнымі фарбамі. Александрыя, якую яны пасьпелі палюбіць усім сэрцам, усё больш і больш аддалялася ад іх, пакуль не схавалася за гарызонтам мора. Сэрца Марыям сьціскалася ад захапленьня і нейкага невыказальнага страху, бо вакол іх толькі мора і яны сярод гэтай бясконцай бездані вады. Хвалі заварожвалі яе, але пад гэтым, ласкаючым слых, шэптам мора знаходзілася неверагодная глыбіня, якая пужала сваімі насельнікамі, пра якіх яна чытала ў Пісаньні. Але нічога такога яна ня бачыла, а прыгажосьць мора заставалася і радавала ня толькі яе. Язэп, разам з маленькім Ісусам таксама з цікавасьцю назіралі за гульнёй марскіх хваляў. Заходні вецер напаўняў ветразі карабля, які хутка сьлізгаў па хвалях мора, набліжаючы маленькага Ісуса да роднага дому ў Назарэце.
Цэзарэя сустрэла іх гоманам марскога порту і бляскам багатых асабнякоў з белага камяню. Яны разьвіталіся з Эздрыёнам і, знайшоўшы гандлёвы караван, пайшлі разам з ім у накірунку Назарэта. Караван гэты трымаў шлях да Дамаску праз Генісарэт, што прытуліўся да Галілейскага мора і частку гэтага шляху павінен быў прайсьці і маленькі Ісус, каб, разам з бацькамі, дасягнуць свайго галілейскага дому. Яны выйшлі з Цэзарэі зранку, пераначаваўшы ў прыдарожнай карчме і, разам з караванам, нясьпешна пайшлі па гандлёваму шляху ў бок Назарэту. Маленькага Ісуса караваншчыкі пасадзілі на вольнага ад працы асла, які ішоў ззаду каравана. Язэп і Марыям былі побач з Сынам і, з абоіх бакоў, пільна сачылі за Ім, падтрымліваючы па меры неабходнасьці. Праз сем гадзінаў шляху яны дасягнулі невялікага гораду Легія, адкуль пачыналася цудоўная сваёй прыгажосьцю даліна Ізрээль. Восеньская даліна сустрэла іх яркімі фарбамі сасьпелага ўраджаю і ветлівымі тварамі сялянаў, што прапанавалі ім сьвежую садавіну ды гародніну. Што-нішто закупіўшы, яны дасягнулі перакрыжаваньня на мяжы валоданьняў Архелая і Антыпы. Тут шляхі іх з караванам разыходзіліся і Язэп з Марыям, разьвітаўшыя, пайшлі на поўнач, дзе ў двух гадзінах хады і знаходзіўся Назарэт.
У тыя часы Галілея была вельмі населенай зямлёю, а геаграфічнае становішча рабіла яе прывабнай для многіх краінаў гэтага сьвету. Усе вятры сьвету дасягалі Галілеі, а таму многія змагаліся за гэтае месца. Здавалася, што ў гэтай даліне Ізрээль праходзілі сутычкі Эўропы і Азіі, юдэйства і паганства, Старога і Новага Запаветаў, гісторыі мінулага і надзеі будучага. Назарэт знаходзіўся ў баку ад гістарычных шляхоў і быў невялікім паселішчам з сотняю белых дамоў і плоскімі дахамі. Цудоўны куток зямлі, дзе паветра чыстае і празрыстае. Пасьля зімніх дажджоў назарэцкія схілы ператвараюцца ў сад, дзе вырастаюць кветкі самага рознага адценьня: лілеі, горныя цюльпаны і іншыя прыгажосьці. Увёсну палі Назарэта агалошваюць пошчакі жаўрукоў, а самі палі нараджаюць гародніну ды садавіну. У гэты вось зямны рай і вярталіся Язэп ды Марыям з маленькім сваім Ісусам.
Галілея – правінцыя, перададзеная Саламонам валадару Хіраму за пастаўку будаўнічага лесу для Храма ў Ерусаліме. Кажуць, што Хіраму ня вельмі падабалася гэтая мясцовасьць і таму ён назваў яе пагарджанай. Галілея, ніяк не перастала быць нейкай іншай, але, па думцы гаспадароў гэтай зямлі, яна лічылася другаснай у адносінах да іншых земляў Ізраіля. Але менавіта адсюль павінен быў прыйсьці Той, Які дасьць свайму народу збаўленьне. Жыцьцё ў Назарэце, для Ісуса, ніяк не адрозьнівалася ад папярэдняга жыцьця ў Александрыі, бо бацькоўская любоў, як была так і будзе да любага Дзіцятка, што дадзена ім ад Бога. Цыпоры быў разбураны рымлянамі, але, па загаду Антыпы, пачалося адбудаваньне гораду, каб зрабіць яго галоўным у сваім валадарскім надзеле. Язэп, праз некаторы час, атрымаў запрашэньне ў аднаўленьні і будаўніцтве гораду. Ён будзе кіраваць дваццацьцю будаўнікамі, каб горад аднавіўся і быў годным для знаёмых яму людзей.
Так прайшло каля года, калі нарадзіўся немаўлятка Язэп. Маленькі Ісус вельмі радаваўся гэтаму нараджэньню і не адыходзіў ад калыскі Язэпа, назіраючы за першымі рухамі немаўляткі. Марыям жа радавалася таму, што маленькі Язэп быў даспадобы Ісусу, Які дапамагаў ёй ва ўсіх клопатах сямейнага жыцьця.
Ад аўтара:
Эвангельлі не даюць зьвестак пра эгіпецкі перыяд жыцьця маленькага Ісуса, а тое што выкладзена вышэй ёсьць позірк аўтара на гэты час, упэўненага ў тым, што так магло быць. Але, як бы тое не было, Язэп, Марыям і маленькі Ісус вярнуліся ў Палестыну, у Галілейскі Назарэт. І з гэтага падаецца неабходным даць больш інфармацыі пра гэтую цудоўну краіну, дзе будзе выхоўвацца мой і твой Збаўца.
Прырода Палестыны цудоўная. Уздоўж берага Міжземнага мора ляжаць две раўніны, Сэфэльская і прыморская, якія цягнуцца да гораў Карміла. Уздоўж іх цягнуцца прыгоркі, а на ўсход можна пабачыць глыбокую нізіну Эль-Гор і даліну Ярданскую. Па той жа бок Ярдана бачыцца ланцуг Маавіцкіх і Галаадзкіх гор. Такім чынам геаграфічны характар краіны ад поўначы да поўдня ўяўляе сабою чатыры паралельных стужкі: прыморскай берагавой лініі, горнай краіны, Ярданскай даліны і заярданскіх земляў. Горная краіна, займаючая прастору паміж прыморскай нізінай і глыбокай Ярданскай далінай, скончваецца двумя працягамі доўгага шэрагу прыгоркаў праз даліну Ізрээль. Паўдзённая частка гэтых прыгоркаў утварае Юдэю, а паўночная – Галілею.
Галіль, па гебрайскі, азначае акружнасьць і была, ад пачатку, назвай правінцыі, складаючай дваццаць гарадоў у акрузе Кэдэс-Нафталі, аддадзенай Саламонам Хіраму за пастаўку кедраў ды кіпарысаў для будоўлі Храма. Вось, што кажа пра гэта Стары Запавет: «І выйшаў Хірам з Тыра паглядзець гарады, якія даў яму Саламон, і яны не спадабаліся яму. І сказаў ён: “Што гэта за гарады, якія ты, брат мой, даў мне?” І назваў іх зямлёю Кавул, як называюцца яны па сёньня». Назва Кавул мае значэньне, як пагарда. Такім чынам Галілея назаўсёды засталася краінай пагардлівай і гэтая пагарда толькі ўзмацнілася, таму што, у апошнія часы, яна была заселена зьмяшаным народам і мела назву - Галілея паганская.
Сярод ланцугу прыгоркаў, якія складаюць верхнюю мяжу даліны Ізрээль, знаходзіцца праход у невялікую даліну, а за ёй дарога падымаецца ўверх, дзе, паміж прыгоркаў, якія разьмясьціліся па кругу, нібыта кратэр вулкана, мы ўбачым невялічкі горад, які і прыняў маленькага Ісуса, для далейшага жыцьця і ўзрастаньня. Назарэт - гэта той горад, у якім і пройдзе ўзрастаньне нашага Збаўцы. Эвангельлі ня кажуць пра тамтэйшае жыцьцё і сталеньне Ісуса, але яно было, як было і тое, што паветра гэтага гораду, сям’я і Ягонае атачэньне былі дадзены Госпадам, для выхаваньня найлепшых якасьцяў Яго, як чалавека. Язэп і Марыям пачалі новы этап свайго жыцьця, надзеленыя Госпадам асаблівай адказнасьцю па выхаваньню Ісуса, а мы будзем вельмі ўважлівымі сьведкамі жыцьця гэтай сям’і ў Назарэце. Аўтар жа абяцае і тое, што, згодна традыцыі і тэксту Новага Запавета, сапраўднае імя Марыям больш гучаць ня будзе і, ў далейшым, мы будзем называць маці Ісуса Хрыста – Марыя.
Свидетельство о публикации №226010801982