Юность

VIII. ЮНАЦТВА

Настаў чатырнаццаты год ад нараджэньня Ісуса. Ісус стаў нядрэнным выканаўцам хамутоў і добра рабіў шмат якія цяслярныя вырабы. У якасьці адпачынку Ён падымаўся на вяршыню прыгорка ў паўночна-заходнім накірунку ад Назарэта, каб памаліцца і паразважаць пра ўсьведамленьне характара Свайго знаходжаньня на гэтай зямлі. Седзячы на вяршыні прыгорка Ісус глядзеў на Назарэт і ягоныя навакольлі, разважаючы пра тыя часы, калі Дэвора і Варак перамаглі Сісару. Ён накіроўваў Свой погляд на Евал і Гарызім, паўтараючы пра сябе біблійныя гісторыі пра Абрагама, Якуба і Авіямэлэха. Ісус разважаў пра гістарычныя падзеі народа, да якога прыналежыў і Ягоны зямны бацька Язэп. Ён, як і раней, паглыблена займаўся вывучэньнем тэкстаў Пісаньня пад кіраўніцтвам настаўнікаў сынагогі, а таксама працягваў займацца хатняй адукацыяй маленькіх братоў і, асабліва, сёстраў, якіх не чакала школа, але была такая цудоўная магчымасьць хатняй адукацыі ад Маці ды старэйшых братоў.

Язэп, па ранейшаму, працаваў на будоўлі ў Цыпоры і вёў свае справы так, каб адкласьці пэўныя грошы ад прыбытку, які даваў невялікі дом у Капернауме, што быў набыты і адрамантаваны для здачы ў арэнду. Па думцы Язэпа, яны павінны былі адкласьці гэтыя грошы, каб забясьпечыць будучае навучаньне Ісуса ў Ерусаліме. Праца Язэпа, а таксама значная дапамога Ісуса, сьведчылі пра паляпшэньне эканамічнага становішча гэтай назарэцкай сям’і. Усё было добра і нічога не казала пра тое, што здарылася на пачатку верасьня, калі ганец з Цыпоры прынёс у Назарэт трагічную вестку: пад час будаўніцтва палаца для кіраўніка Галілеі Язэп быў цяжка паранены ўпаўшай пад’ёмнай прыспасобай. Ісус выклікаўся адразу ж пайсьці да бацькі, але Марыя не жадала гэтага чуць. Яна пайшла сама у суправаджэньні Якуба, якому споўнілася дзесяць гадоў, а Ісусу яна загадала заставацца з малодшымі дзецьмі да іхняга вяртаньня. Усё было марна, бо Язэп памёр да прыходу Марыі ад атрыманых цяжкіх ранаў. Язэпа перавезлі ў Назарэт, дзе, праз дзень, ён быў пахаваны побач са сваімі продкамі.

Планы бацькоў па далейшаму навучаньню Ісуса ня спраўдзіліся, бо Ён, у чатырнаццаць гадоў, усьвядоміў пра тое, што менавіта Яму прыйдзецца ўзяць на Сябе клопат пра маці ды сямёх дзецях. Гэты назарэцкі юнак стаўся адзіным апірышчам гэтай, зьнянацку асірацелай сям’і. Так было дазволена Госпадам, каб, у такім маладым узросьце, узяць на Сябе цяжкую, але маючую вялікае выхаваўчае значэньне адказнасьць, якая, у поўнай меры зьявілася пасьля таго, як Ён стаўся галавою Сваёй зямной сям’і, якую Яму было наканавана спазнаць у гэтым сьвеце. Ісус ахвотна прыняў абавязкі, якія так нечакана абрынуліся на Яго і дабрасумленна выконваў іх заўсёды. Ён старанна працаваў, забясьпечваючы матэрыяльна Сваю сям’ю, але не забываўся пра Свае заняткі з настаўнікамі сынагогі, а вечарамі займаўся музычнымі практыкаваньнямі, паслухаць якія прыходзілі іхнія суседзі па дабразычлівай згодзе Марыі. Матэр’яльнае становішча сям’і, пакуль што, было на ўзроўні, а малады Ісус выявіў войстры дзелавы розум ды фінансавую прадбачанасьць. Ён быў вялікадушным, але ашчадным; эканомным, але і шчодрым.

Пятнаццаты год Свайго жыцьця адзначыўся нараджэньнем сястры Рут, для якой Ён зрабіў усё, каб замяніць для яе бацьку, хаця такім Ён быў і для ўсіх астатніх чальцоў сям’і. У гэты год прычынай сур’ёзных хваляваньняў Ісуса была Ягоная зьбянтэжаная сьвядомасьць. Адказнасьць за Сваю сям’ю выключыла ўсякую думку пра тое, каб неадкладна заняцца справай Нябеснага Айца, зразумеўшы Сваё прызначэньне ў гэтым сьвеце. Ісус справядліва разважыў, што клопат пра сям’ю Ягонага зямнога айца павінен быць першачарговым абавязкам. Працягваючы займацца з хазанам духоўнымі заняткамі, Ён пазнаёміўся з кнігай Эноха, дзе Ён знайшоў урывак з выразам «Сын Чалавечы», што адклалася ў сэрцы на многія будучыя гады.

Перыяды глыбокай задумлівасьці, частыя ўзыходы на вяршыню прыгорка для малітваў, некаторыя дзіўныя словы непакоілі Марыю. Часам ёй здавалася, што яе Сын не ў сабе, але яна праганяла гэтыя страхі, памятаючы, што Ён зьяўляецца запаветным дзіцём і, у нейкім сэнсе, павінен адрозьнівацца ад іншых юнакоў. Ісус жа, бачачы ўсё гэта, паступова прывучаўся да таго, каб не раскрываць некаторыя думкі гэтаму сьвету і нават Сваёй маці. Ён, усё меньш і меньш, раскрываў тое, што адбывалася ў Ягонай сьвядомасьці, каб відавочна не выглядаць дзіўным ці непадобным на іншых. Чалавечая існасьць марыла пра надзейнага ды блізкага сябра, хто б мог зразумець Ягоныя думкі і разважаньні, але гэта не магло быць зьдзейсьненым, бо гэта было занадта складаным для зямных знаёмых. Унікальнасьць гэтай незвычайнай сітуацыі прымушала Яго несьці гэты цяжар у адзіноцтве.

Настаў час, калі Закон дазволіў Ісусу афіцыйна займаць суботнюю кафедру сынагогі для служэньня. Яму ўжо пятнаццаць і Ён мае на гэтае права. Калі ж настала тая субота, Ён, стаўшы перад сходам, выбраў урывак з прарока Ісаі і пачаў чытаць: «Дух Госпада на Мне, бо Госпад памазаў Мяне зьвеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне і вязьням – адкрыцьцё цямніцы, прапаведаваць год Госпадаў спрыяльны і дзень помствы Бога нашага; суцешыць усіх, хто бядуе, абвясьціць тым, хто жаліцца на Сыён, што ім замест попелу дасца акраса, замест плачу – алей радасьці, замест заняпалага духу – слаўная вопратка; і назавуць іх моцнымі праўдаю, асалодаю Госпада ў славу Госпада». Ісус, зрабіўшы паўзу, зьвярнуўся да прысутных: «Рабіце добрае, а ня злое, і тады будзеце жыць, і Госпад Бог будзе з вамі. Абмыйцеся і ачысьціцеся, шукайце справядлівасьці, ратуйце прыгнечаных. Бараніце сіротаў і ўступайцеся за ўдоваў. З чым вы прыйдзеце да Госпада і схіліцеся перад Ўсемагутным? З ахвярнымі жывёламі? Ці будзе задаволеным Госпад, калі прынесьці Яму тысячу баранаў, дзесят тысячаў авечак ці рэкі алею? А можа прынесці вашага першанца за вашыя злачынствы? Не! Бо Госпад паказаў нам, што ёсьць добрае. Чаго ж яшчэ патрабуе ад вас Госпад, акрамя як дейнічаць справядліва, любіць міласэрнасьць і жыць у пакоры перад Богам вашым? Дык вось, з чым вы можаце параўнаць Бога, Які сядзіць над кругам зямлі? Падымеце вочы вашыя і паглядзіце, Хто стварыў гэты сусьвет, Хто пералічвае нябеснае войска, ведаючы ўсіх па імёнах і, дзякуючы Яму, усе зоркі на месцах сваіх». Узяўшы ў рукі сьвітак Пісаньня, Ён працягнуў урывак з Ісаі: «Бо, як зямля ўтварае расьліны свае, і як сад гадуе пасеяннае ў ім, так Госпад Бог выявіць праўду і славу перад усімі народамі». Скончыўшы чытаньне і пропаведзь, Ён сеў на Сваё месца, а людзі разыйшліся па хатах, разважаючы пра тыя словы, якія Ён прамовіў ім. Упершыню яны чулі гэты голас, які гучаў ня толькі сур’ёзна і шчыра, але мужна і рашуча.

Ісус прайшоў праз маленства і добрае дзяцінства. Ззаду ўжо цяжкасьці пераходу ад дзяцінства да юнацтва. У гэтым, шаснаццатым годзе, Ён дасягнуў неблагога фізічнага разьвіцьця і людзі бачылі Яго, як мужнага і прыгожага юнака. Ісус станавіўся ўсё больш спакойным і сур’ёзным, застаючыся дабразычлівым ды спагадным. Ягоны погляд быў добрым, але дапытлівым. Ягоная ўсьмешка – нязьменна прываблівая і абадзёрваючая. Ягоны голас быў меладычным, але дастаткова ўладным. Ягонае прывітаньне – сардэчнае і натуральнае. І заўсёды, нават у самых звычайных зносінах, адчуваўся нейкі звышчалавечы, боскі пачатак. Спалучэньне спагаднага сябра і аўтарытэтнага настаўніка – гэта ўсё пра Ісуса, ладнага юнака, Які не дасягнуў яшчэ ўсёй паўнаты чалавечага мысьленьня, але ў поўнай меры дасягнуў здольнасьці да такога інтэлектуальнага разьвіцьця. Усё ж гэта разам, пачынала аб’ядноўвацца ў моцную, дзіўную і прывабную асобу.

У гэтым годзе Сымон пайшоў у школу, а Якуб займаўся адукацыяй сваіх сёстраў. Звычайна дзяўчынкі ў гебрайскіх сем’ях былі дрэнна адукаванымі, але Ісус лічыў, што так не павінна быць, а калі школа пры сынагозе дзяўчынак не навучала, дык гэта можна было зрабіць толькі наладзіўшы хатнюю адукацыю. На працягу ўсяго гэтага году Ісус не адыходзіў ад варштату. На радасьць сям’і, у Яго было шмат працы. Якасьць Ягоных вырабаў была настолькі высокай, што замовы паступалі да Яго без перапынку. Часам замоваў было столькі, што, пад кіраўніцтвам Ісуса, дапамагаў Якуб, які таксама выказваў добрыя задаткі сталяра. Напрыканцы гэтага году Ён ужо вырашыў, што пасьля таго, як малодшыя дзеці вырастуць, Ён адкрыта пачне прапаведаваць праўду, адкрываючы сьвету Свайго Нябеснага Айца. Ён ведаў, што Яму не дадзена стаць доўгачаканым юдэйскім Мэсіяй, а таму лічыў безсэнсоўным абмяркоўваць гэтыя пытаньні са Сваёй маці, бо ведаў ейныя ілюзіі наконт Ягонага прызначэньня ў будучым. Ісус прыпыніў размовы на гэтыя тэмы з кім бы тое не было, бо Ягонае будучае служэньне будзе настолькі незвычайнай, што ніхто з людзей гэтага сьвету ня быў здольным параіць Яму спосабы ягонага выкананьня.

Для Сваёй сям’і Ён стаўся сапраўдным прадаўжальнікам бацькоўскай справы Язэпа. Кожную вольную хвіліну Ён праводзіў з малодшымі братамі і сёстрамі, а тыя адказвалі Яму сваёй любоўю. Марыя вельмі засмучалася, бачачы, колькі Яму прыходзілася працаваць, каб забясьпечыць сям’і годнае жыцьцё. Яна, па-ранейшаму, лічыла, што яе старэйшы Сын павінен вучыцца ў акадэміі Ерусаліма, але, гледзячы на іхняе жыцьцё, кропелькі сумненьня, ўсё больш і больш, пранікалі ў матчына любячае сэрца. Хаця ёй шмат што не было зразумелым у Сыне, Марыя любіла Яго і была глыбока удзячнай Яму за тую гатоўнасьць, з якой Ён узяў на Сябе цяжар адказнасьці за сям’ю. У гэтым жа годзе Якуб скончыў школу і дасягнуў дарослага ўзросту. Ён стаў паўнавартасным працаўніком хатняй майстэрні, прафесыйна вырабляючы шмат якія вырабы, якія карысталіся попытам у насельніцтва Назарэту. Ісус кіраваў іхняй сумеснай працай, з задавальненьнем адзначаючы майстэрства Якуба. Гэта адбілася на матэрыяльным становішчы сям’і, якая мела дастатковыя сродкі для годнага існаваньня.

Наступны год сустрэў іх годна ды забясьпечана і, калі падыйшоў час сьвяткаваньня Пасхі, Ісус узяў з Сабою Якуба. Яны выйшлі з Назарэту на дзень раней астатніх паломнікаў і пайшлі ў бок Ерусаліму праз Самарыю. Ідучы, па гэтай прыгожай зямлі, Ісус шмат разважаў у Вэфілі і каля калодзежа Якуба. Яны размаўлялі пра Абрагама, Ісака і Якуба, а таксама і пра тое, што чакае малодшага брата ў Ерусаліме. Дасягнуўшы Віфаніі, яны засталіся ў доме Лазара, які застаўся галавою ў сям’і пасьля сьмерці і пахаваньня ягонага бацькі Сымона. Назаўтра, яны былі ў Храме, гатуючыся да абраду пасьвячэньня Якуба ў сыны Закону. Праз дзень гэты абрад і адбыўся, а Якуб стаўся дарослым грамадзянінам Ізраіля. Якуб меў свой крытычны погляд на тое, што адбывалася ў Храме, але, увогуле, ён атрымаў задавальненьне ад знаходжаньня ў Ерусаліме.

Пасхальную вячэру яны праводзілі ў Віфаніі. Ісус прынёс пасхальнага ягняці і яны, разам з Лазарам і ягонымі сёстрамі, сустрэлі гэтае сьвята. Наступным ранкам яны падняліся на вяршыню Элеёнскай гары, адкуль добра праглядаўся Ерусалім. Якуб быў у захапленьня ад убачанага і ня мог зразумець, чаму Ісус глядзеў на Ерусалім моўчкі і ў задуменьні. Вечарам таго дня яны вярнуліся ў дом Лазара, каб, пасьля адпачынку, ранкам пайсьці ў адваротны шлях. Але, ужо дарослы, Якуб настаяў на тым, каб яны яшчэ раз прыйшлі ў Храм, каб паслухаць храмавых настаўнікаў, якія праводзілі духоўныя дыспуты. І хаця гэта было сапраўды так, але, ў глыбіні сваёй душы, ён вельмі жадаў паслухаць Ісуса, як удзельніка гэтых дэбатаў. Якуб быў расчараваны тым, што Ісус толькі слухаў, не ўступаючы ні ў якія спрэчкі ці размовы, а на ягонае зьдзіўленьне адказваў толькі адно: «Мой час яшчэ не настаў». Наступным днём яны адправіліся дамоў праз Ерыхон і даліну Ярдана, а Ісус распавядаў Якубу шмат што з таго, што Ён адчуваў, калі ішоў па гэтаму шляху дванаццацігадовым падлеткам.

Родны дом сустрэў іх цяплынёй сям’і, а жыцьцё ўсталявалася ў папярэдняе і звыклае рэчышча. Старэйшыя браты старанна працавалі ў сваёй майстэрні, радуючы вынікамі сваёй працы як замоўцаў, так і сваіх родных. Адзін раз на месяц Ісус прапаведаваў у сынагозе, чытаючы Пісаньне і прапануючы Свае каментары, але, звычайна, Ён выбіраў урыўкі так, што каментароў і не патрабавалася, бо парадак чытаньня выбіраўся такім чынам, што адзін урывак тлумачыў папярэдні. Жыцьцё ў Назарэце праходзіла ціха і спакойна. Праца ў майстэрні, выхаваньне малодшых дзяцей, духоўныя заняткі з хазанам, малітва на прыгорку, - усё гэта цалкам займала Ісуса, але кожны наступны дзень прыносіў Яму ўмацаваньне здольнасьці накіроўваць Свае разумовыя, душэўныя і фізічныя сілы на вырашэньне пастаўленных мэтаў. Усё было добра, але кастрычніцкія вятры прынесьлі яшчэ адно гора ў сям’ю Ісуса. Пасьля тыднёвай гарачцы, выкліканай незразумелай хваробай, памёр іхні маленькі брат Амос. Цяжка перажыўшы гэтую сямейную трагедыю, Ісус уваходзіў у дзевятнаццаты год Свайго жыцьця. На пачатку года іх наведалі Эльжбета і, ужо дарослы, Ян. Ісус і Ян разам маліліся, размаўляючы на розныя тэмы, што краналі іх абоіх, а растаючыся, яны дамовіліся пра тое, што абавязкова сустрэнуцца пры тым служэньні, якое дасьць кожнаму з іх Айцец Нябесны.

Гора збліжае і Ісус, Які не заўсёды знаходзіў паразуменьне і падтрымку Сваіх поглядаў у маці заўважыў тое, што маці глядзела на Яго неяк інакш, - з большай цеплынёй, вызнаючы ў Ім бацьку для яе дзяцей. Кожны дзень прыносіў шмат якіх неадкладных клопатаў і яны, усё меньш казалі пра справу Ягонага жыцьця, а больш пра жыцьцё і выхаваньне Ягоных братоў і сёстраў. Марыя пагадзілася ўрэшце і з канцэпцыяй выхаваньня малодшых – пазітыўнага прадпісаньня рабіць добрае, замест усеагульнага гебрайскага метаду, які вызначаўся забаронай рабіць злое. У Сваёй сям’і, як і ў грамадзкай пропаведзі, Ісус карыстаўся пазітыўнай формай настаўленьня, заўсёды і ўсюды кажучы: «Рабіце так» ці «Вам належала б зрабіць вось гэтак». Ён не карыстаўся негатыўнымі метадамі настаўленьня, якія ўзыходзілі да старажытных табу. Ісус імкнуўся не акцэнтаваць увагу на зло, але, замест гэтага, Ён узвышаў дабро, загадваючы яго рабіць. У гэтым доме час для малітвы быў і магчымасьцю абмяркаваньня самых розных пытаньняў, маючыя адносіны да дабрабыту ўсёй сям’і.

Ісус пачаў мудра дысцыплінаваць Сваіх братоў і сёстраў з самага раньняга ўзросту, што не заўсёды падабалася Марыі, але вынікі казалі самі за сябе. Для забясьпячэньня іхняга хуткага паслушэнства, практычна не патрабавалася пакараньняў. Адзіным выключэньнем быў Юда, якога прыходзілася перыядычна караць за сьвядомае ды наўмыснае парушэньне, усталяваных у доме правілаў. Але мера пакараньня прызначалася адзінагалосным рашэньнем старэйшых дзяцей, з чым пагаджаўся і сам Юда, прызнаючы сваю няправасьць. Ісус кіраваў усім гэтым і, хаця быў выключна метадычным і арганізаваным у-ва ўсім, ён рабіў так, што кожнае Ягонае рашэньне вызначалася гнуткасьцю ды індывідуальнасьцю падыходу да кожнае справы, зьдзіўляючы ўсіх дзяцей духам справядлівасьці, які зыходзіў ад іхняга брата-айца. Ісус ніколі не падвяргаў малодшых дзяцей адвольным пакараньням і гэтая заўсёдная шчырасьць ды асабістая ўвага, выклікалі вялікую любоў да Яго ўсёй сям’і. Якуб і Сымон вырасьлі, крочачы за вучэньнем Ісуса – улагоджваць забіяцкіх ды гняўлівых сяброў па гульням пры дапамозе перакананьня і непраціўленьня і гэта прыносіла ім нядрэнныя вынікі. Але ня так было з Язэпам і Юдай, якія ня вельмі замарочваліся перакананьнямі і абаранялі сябе фізічна даволі актыўна. Наогул, непраціўленьне не было асноўным правілам сям’і, бо за праўду, іншым разам, трэба было і пастаяць. Як правіла, усе дзеці, асабліва дзяўчынкі, прыходзілі да Ісуса за радай, дзелячыся з Ім дзіцячымі нягодамі і давяраючы Яму так, як яны давяралі б любячаму бацьку.


Ад аўтара:
Ісус выходзіць з юнацкага жыцьця ў дарослае, зьяўляючыся галавою Сваёй сям’і, але што ёсьць Ягоная сям’я ў гэты дадзены момант? Загіблага бацьку Язэпа і памерлага маленькага Амоса мы будзем мець на ўвазе. Марыю, маці ўсёй гэтай сям’і, мы ведаем. А вось што астатнія?:
Якуб – ураўнаважаны і вытрыманы юнак з даволі высокім узроўнем выхаваньня. Добры майстар сталярных вырабаў і станоўчы ў справах сям’і.
Язэп – дабрасумленны хлопец, які вельмі добра пераймаў прафэсійныя навыкі старэйшых, але не вызначаўся інтэлектуальнымі здольнасьцямі старэйшых братоў.
Юда – бунтар па жыцьці. Пры высокіх ідэялах ён меў няўстойлівы характар. Па сваёй рашучасьці і настойлівасьці ён пераўсходзіў сваю маці, але яму не хапала яе пачуцьця меры і разважлівасьці.
Мірыям – ураўнаважаная ды спакойная дзяўчына, глыбока адчуваўшая ўсё ўзвышанае і духоўнае.
Марфа – павольная ў думках і дзеях, але надзвычайна надзейнай і выканаўчай дзяўчынкай.
Рут – радасьць усёй сям’і. І хаця словы яе адзначаліся безтурботнасьцю, сэрца гэтай дзяўчынкі вызначалася абсалютнай чысьцінёю. Яна шанавала і амаль што пакланялася старэйшаму брату, Які быў ёй за айца. Яна была цудоўныя дзіцёнкам, хаця і не такой прывабнай, як Мірыям, якая была першай прыгажуняю сям’і, калі і не ўсяго Назарэту.

Пазнаёміўшыся падрабязьней з сям’ёй Ісуса, мы працягнем нашае падарожжа ў гэты час і паглядзем на далейшыя падзеі.


Рецензии