Годы молодые

IX. ГАДЫ МАЛАДЫЯ

Нічога незвычайнага ці прыкметнага не адбывалася ў Назарэце. З таго трывожнага часу, калі, у Галілеі палала вогнішча паўстаньня зілотаў супраць Рыма, прайшло каля сямнаццаці гадоў. Віхор гэтай непрацяглай вайны не крануў маленькага Назарэта, а вось Цыпоры, як цэнтр паўстаньня, быў разбураны амаль што цалкам. Бацькоўскі дом Марыі ня быў адноўлены, хаця сам горад, намаганьнямі Ірада Антыпы, адбудоўваўся і набываў сучасны ды правабны выгляд. Назарэт жа заставаўся ў тым спакойным і разьмераным жыцьці, якое было тут і сто гадоў таму. Рамесьнікі працавалі ў горадзе, сяляне, ў акрузе, працавалі на сваіх палетках у даліне. Ішоў гандль на невялікім рынку, дзе кожны атрымліваў неабходнае для далейшага жыцьця.

Караванны шлях, што праходзіў праз Назарэт, прыносіў жыхарам навіны з іншых земляў ды неабходныя рэчы для асабістага ўжываньня. Людзі працавалі, нараджаліся і падрасталі дзеці, ствараліся новыя сем’і і зноў людзі нарадждаліся, каб вырасьці, працаваць, нарадзіць дзяцей і памерці. Так было, ёсьць і будзе ў Назарэце заўсёды. У гэтым асяродзьдзі разьмеранасьці і супакою Ісус сустракаў дваццаты год Свайго жыцьця. Ён працаваў у майстэрні з дзьвумя добрымі памочнікамі-братамі: Якубам і Язэпам. Усе ішло добра. Вырабы братоў карысталіся попытам ня толькі ў Назарэце, але і ў Цыпоры. Сям’я Ісуса жыла ў адносным дастатку: не багата, але і ня бедна. Ісус працаваў, перыядычна прапаведаваў ў сынагозе і займаўся выхаваньнем малодшых дзяцей. Усё было спакойна, калі на жыцьцёвым гарызонце зьявілася невялікая шэрая хмара.

У Ерусаліме, і навокал яго, актывізаваўся патрыятычны рух зілотаў, якія выступалі за эканамічную і палітычную незалежнасьць ад Рыма. Яны стваралі тайную ўзброенную групоўку супраць мясцовых уладных структураў Рыма. Прадстаўнікі гэтай групоўкі прыйшлі і ў Галілею, памятаючы пра паўстаньне супраць рымлянаў, якое калісьці адбылося тут. Яны знайшлі неблагую глебу для свайго таемнага войска, бо шмат хто памятаў і балюча перажываў разбурэньне рымлянамі Цыпоры ды сьмерці многіх суайчыньнікаў. Зьявіліся яны і ў Назарэце, праводзячы ціхую агітацыю па ўступу ў іхнюю групоўку, каб на месцы быць гатовымі да сілавых акцыяў да рымлянаў і іхнім памагатым, з ліку мясцовага насельніцтва. Прадстаўнікі групоўкі, у суправаджэньні дзядзькі Марыі, які вельмі сымпатызаваў папярэдняму паўстаньню, прыйшлі да Ісуса, як ўжо вядомага ды паважанага назараніна.

Ён уважліва выслухаў прапановы ды довады гэтых людзей, але адмовіўся прыяднацца да гэтай групоўкі без асаблівага тлумачэньня прычынаў для гэтага, сказаўшы толькі тое, што мае шматлікія абавязкі да Сваёй немалой сям’і, як адказны за яе дабрабыт. Нягледзячы на незадаволенасьць дзядзькі маці, прадстаўнікі зілотаў пагадзіліся з довадам Ісуса і адыйшлі ад Яго. Маці, спачатку, не зразумела адмову Ісуса, бо ведала пра будучую незвычайную ды вельмі высокую місію Сына. Але, як гэта будзе? Можа гэта і ёсьць пачаткам місіі? Яна ня вытрымала і запытала Ісуса пра сапраўдную прычыну Ягонай адмовы. Ці ня трэба было, усё ж, пайсьці да іх, а можа і ўзначаліць гэты рух? Марыя ня ведала сапраўдных метадаў гэтай барацьбы і да чаго гэта можа прывесьці. Яна ня ведала крыві вайны і самае вялікае гора яе жыцьця абмяжоўвалася сьмерцю мужа і сына. Так думаў Ісус, калі спакойна, але ўладна, сказаў маці пра тое, што Ён супраць гвалту паміж людзьмі, у любым яго выглядзе. І ня важна хто гэта: рымляне ці гебраі. Ён прапаведуе любоў і добрыя дзеі як ў сям’і, так і ў сынагозе. Ён заклікае ўсіх людзей любіць адзін аднога, адвярнуўшыся ад злога, бо ўсе яны ёсьць блізкія ад Бога. Як жа Ён можа падтрымаць нянавісьць ды гвалт? Не, не для гэтага Яго нарадзіла маці і ня з гэтага складаецца Ягоная місія ў гэтым сьвеце.

Набліжалася Пасха і Ісус адчуў унутраную патрэбу сустрэць гэтае сьвята ў Ерусаліме. Ён вельмі знудзіўся па Лазару, Марфе і Марыі, бо, нароўне са Сваёй сямёй, вельмі любіў гэтых людзей. Ён ішоў у Ерусалім далінаю каля Ярдана, гледзячы на хуткія воды ракі, зноў і зноў вяртаючыся да апошняй сур’ёзнай размовы з маці, спадзяючыся на тое, што яна зразумела Ягоныя словы і не пакінула ў сваім сэрцы нейкае непаразуменьне ці ценю крыўды. Прайшоўшы Ерыхон, Ён дасягнуў Віфаніі, дзе павінен быў прыпыніцца на час сьвяткаваньня Пасхі.

Сям’я Лазара, не чакаючы нікога, дамовілася сустракаць сьвята непадалёк ад Віфаніі. Зараз-жа Ісус настойваў на тым, каб яны правялі сьвяточны дзень там, дзе яны і знаходзіліся – у доме Лазара. Сам Лазар ня быў супраць прапановы Ісуса, але яны ня маюць для гэтага пасхальнага ягняці. Якое ж выйсьце? Выйсьце ж у тым, што Нябеснага Айца сапраўды не цікавяць гэтыя бязсэнсоўныя ды наіўныя рытуалы. Так казаў Ісус, а пасьля ўрачыстай і пранікнёнай малітвы, калі яны падняліся, Ён працягнуў: «Няхай Мае нясьпелыя і захмураныя розумам супляменьнікі служаць свайму Богу так, як навучаў Майсей. Так будзе лепш для іх, але Я заклікаю на тое, каб мы, убачыўшыя сьвятло жыцьця, больш не зьвярталіся да нашага Айца праз цемру сьмерці. Дык будзьма вольнымі ў сваім веданьні праўды пра вечную любоў нашага Айца».

Калі вечар уступіў у свае правы, усе чацьвёра разьмясьціліся за сталом. І гэта была першая пасхальная трапеза набожных гебраяў без пасхальнага ягняці. На Пасху былі прыгатаваныя прэсны хлеб і віно, якія Ісус назваў хлебам жыцьця і вадою жыцьця, прапануючы пакаштаваць іх дзеля таго, каб усьвядоміць Божую праўду.

Ерусалім сустрэў Яго шматгалосьсем паломнікаў з розных куткоў імперыі, бясконцым патокам якія падымаліся ў Ерусалім па ўсіх дарогах, якія вялі ў гэты сьвяточны горад. Усё, як заўсёды. Нічога не зьмянілася і ў Храме. Усё тыя ж мянялы і гандляры ахвярных жывёлаў. Па-ранейшаму ідзе напружаная праца на ахвярніку, дзе не змаўкаюць перадсьмяротныя крыкі нявінных жывёлаў. Усё, як раней. Ісус папрысутнічаў на пляцоўцы для дэбатаў, задаўшы некалькі пытаньняў храмавым настаўнікам наконт мэтазгоднасьці крывавага ахвярапрынашэньня, якое цягнецца ад Майсея. Ці палепшыўся ад гэтага народ Ізраіля за гэтыя мінулыя вякі? Пачуўшы звычайны ды завучаны адказ, Ён ня стаў уступаць у спрэчкі, а накіраваўся ў бок Ерыхону, у адваротны шлях. Прайшоўшы Ерыхон і ўбачыўшы зьвілістае рэчышча Ярдана, Ісус спыніўся непадалёк ад дарогі, каб сустрэць ноч і даць Сабе адпачынак. Гледзячы на зорнае неба, Ён разважаў пра далейшае аб’яднаньне сьмяротнай і боскай сутнасьці ў простую ды дзейсную чалавечую індывідуальнасьць. Ён унутрана ўпэўніваўся ў тым, што будучы бліжэйшы час трэба прысьвяціць яшчэ большаму спазнаньню чалавечага жыцьця, назіраючы ўсе бакі чалавечых узаемаадносінаў як паміж сабою, так і з Богам Айцом.

З першымі праменямі сонца, Ён працягнуў шлях на поўнач, уздоўж правага берагу Ярдана, з намерам наведаць родных у Магдале ды правесьці нейкі кароткі час на Галілейскім моры. Дасягнуўшы ўвечары Скіфапаля, Ён знайшоў зручнае месца непадалёк ад горада, дзе і застаўся да ранку. Наступны дзень застаў Ісуса на падыходзе да Філатэрыі, якая зьмесцавалася на паўднёвым беразе Галілейскага мора. Прайшоўшы гэты прыбярэжны горад, Ён накіраваўся да Тыберыяды, за якім ужо хутка адкрылася Магдала, непадалёк ад якой, на самым беразе, стаяў рыбацкі дом дзядзькі Ісуса.

Цяплынёй і любоўю сустрэў гэты дом Ісуса, Які прыйшоў да сваіх родных першы раз за апошнія пяць гадоў, вырашыўшы застацца тут на тры дні. Ісус вельмі любіў гэтыя мясьціны, знаёмыя Яму ад дзіцячых гадоў. Ён атрымліваў задавальненьне ад адзіноцтва на беразе гэтага цудоўнага мора Галілеі. Выхады ў мора пад ветразем, плёскат хваляў і вецер, што напружвае ветразь – усё гэта было па сэрцу і давала напамін пра Творцу Айца, Які даў усё гэтае хараство людзям. Па прашэсьцю гэтых дзён Ён накіраваўся ў Капернаум, каб паглядзець на становішча іхняга дома, які, ўсе гэтыя гады, здаваўся ў арэнду. Было вельмі прыемна ісьці ўздоўж берагу мора, гледзячы на гэты блакіт ды адпачываючы сэрцам і душою. Прайшоўшы Генісарэт, Ісус ішоў па дарозе каля мора, калі, у хуткім часе, паказаліся будынкі Капернаума. Усё было ў парадку і, выканаўшы пэўныя фармальнасьці з часовымі жыхарамі гэтага дому, Ён, у задаволенасьці, вярнуўся да Магдалы, адкуль дарога павяла Яго ў Назарэт.

А ў гэты час, па адсутнасьці Ісуса, тры жаночыя назарэцкія сэрцы перажывалі драму пачуццьяў. Рэбэка – старэйшая дачка заможнага назарэцкага гандляра, працяглы час назіраючы за разумным, прыгожым ды ладным маладым мужчынам, якім Ісус і быў, паступова адчувае закаханасьць свайго дзявочага сэрца. Зараз жа, у адсутнасьць Ісуса, яна зразумела, што ня можа больш захоўваць у сабе гэтыя пачуцьці. Яна, па жаночы мудра, вырашыла адкрыць свае пачуцьці блізкаму да Ісуса чалавеку, такой жа дзяўчыне, як і яна – Мірыям. Мірыям жа ня стала рабіць гэта нейкім сакрэтам і ўсё распавяла маці. А хто ня ведае сэрца маці, атрымаўшае такую навіну? Устрывожаная Марыя, праз тры дні роздуму, вырашыла пагаварыць з гэтай закаханай дзяўчынай. Яна ня бачыла, пакуль што, адрыву Ісуса ад сям’і, якая сама мела вялікую патрэбу ў клопаце ад сына, брата і айца, якім Ён для іх і быў. Марыя, у суправаджэньні Мірыям, пайшла да Рэбэкі і расказала ёй ня толькі пра гэта, але і дадала, што яны вераць у тое, што Ісус зьўляецца сынам наканаванага лёсу і можа стаць вялікім рэлігійным правадыром, а можа і Мэсіей.

Рэбэка ўважліва слухала, але тое, што яна пачула ўсхвалявала яе так, што каханьне да Ісуса толькі ўзмацнілася. Яна была ўпэўненай у тым, што гатовая быць адданай жонкай і падзяліць з мужам любы, наканаваны Яму лёс. Рэбэка добра разумела, што Марыя губляе, пры гэтым, кармільца, але яе бацька, ведаючы пра пачуцьці дачкі, вырашыць гэтае пытаньне і матэрыяльнае забясьпячэньне сям’і Марыі захаваецца на дастойным узроўні. Марыя не пагадзілася з гэтым і яны разыйшліся, кожны пры сваіх думках. Закаханая, і з гэтага рашучая, Рэбэка зьвярнулася да бацькі, які зразумеў сваю дачку і пагадзіўся з ёю. Яны дамовіліся, што бацька запросіць Ісуса ў іхні дом у хуткім часе, каб разам сустрэць сямнаццацігодзьдзе Рэбэкі і прапанаваць Яму Рэбэку, як будучую жонку.

Ісус уважліва ды спагадліва выслухаў прапанову бацькі Рэбэкі і, вельмі мякка, выказаў думку, што ніякія грошы ня змогуць замест Яго выканаць самы сьвяты чалавечы абавязак – быць верным сваёй сям’і і выканаць тое, што павінен выканаць. Выхаваньне малодшых дзяцей яшчэ не завершана і для Яго гэта ёсьць галоўным прыярытэтам ў дадзены момант. Бацька Рэбэкі быў крануты адказам Ісуса, сказаўшы сваёй жонцы наступнае: «Ён ня зможа быць нашым сынам, бо занадта высакародны для нас». Ісус шчыра падзякаваў Рэбэку за выяўленае захапленьне, дадаўшы, што гэта будзе надхняць Яго ў-ва ўсе дні жыцьця, але Ён ня вольны уваходзіць у іншыя адносіны з жанчынай, акрамя як адносіны братэрскай павагі і чыстага сяброўства.

Дваццаць першы год жыцьця Ісуса асабліва не адрозьніваўся ад папярэдняга, за выключэньнем таго, што Ісус пайшоў у Ерусалім, на сьвята Пасхі, разам з братам Язэпам, які павінен быў быць пасьвячоным ў сыны Закону. Яны пайшлі звычайным шляхам праз даліну Ярдана, дзе Ісус пераказваў брату гісторыю гебрайскага народа. Яны прыпыніліся, на час сьвяткаваньня, у Лазара, дзе сустрэлі, як і заўсёды, чалавечую цяплыню ды любоў. Адваротны шлях зноў ішоў праз Ярдан, але яны ішлі па ўсходняму яго берагу, праз Амаф. І зноў Ісус рапавядаў гісторыю, кажучы пра выпрабаваньні плямёнаў Рувіма і Гада, якія насялялі гэтыя мясьціны на ўсходзе ад ракі. Язэп пытаўся ў Ісуса шмат пра што, але на пытаньні, якія тычыліся Ягонай місіі ў далейшым жыцьці, Ісус адказваў вельмі коратка: «Мой час яшчэ не прыйшоў». Жыцьцё ўвайшло ў звыклае рэчышча: праца ў майстэрні разам з братамі, прапаведваньне ў сынагозе, выхаваньне малодшых дзяцей, сямейныя і малітвы ў адзіноцтве – усё гэта цалкам займала жыцьцё маладога Ісуса.

Наступны год вызначыўся тым, што падлетак Сымон скончыў школу пры сынагозе і пачаў асвойваць адну з будаўнічых спецыяльнасьцяў, каб павялічыць пералік паслугаў, якія яны маглі прапанаваць іхнім замоўцам. У другой палове года Ісус пакінуў майстэрню і пайшоў у Цэпоры, дзе наняўся на працу ў каваля. Але перад гэтым, на сямейнай радзе, Ён урачыста зацьвердзіў Якуба, якому споўнілася васямнаццаць гадоў, выконваючым абавязкі галавы сям’і. Паабяцаўшы ўсебаковую падтрымку брату, Ён атрымаў ад кожнага чальца сям’і згоду і абяцаньне слухацца Якуба. З гэтага часу Якуб узяў на сябе ўсю адказнасьць за матэрыялнае забесьпячэньне сям’і пры ўсім тым, што Ісус будзе цалкам аддаваць у сям’ю Свой заробак у Цыпоры. Рэшту гэтага года Ісус, у асноўным, праводзіў у Цыпоры, што дало Яму добрую магчымасьць пазнаёміцца з паганскімі поглядамі на жыцьцё. Ён працаваў з імі і выкарыстоўваў любую магчымасьць для таго, каб падрабязна ды старанна вывучыць асаблівасьці іхняга жыцьця і мысьленьня.

Дваццаць трэці год жыцьця Ісуса вызначыўся тым, што, ідучы ў Ерусалім разам з Сымонам, Ён пазнаёміўся з купцом з Дамаску, якому так спадабаліся гэтыя назарэцкія браты, што ён запрасіў іх прыпыніцца ў ягонай ерусалімскай рэзыдэнцыі. Пасьля праходжаньня абраду пасьвячэньня ў сыны Закону, Сымон самастойна прыходзіў у Храм, каб памаліцца і паслухаць заўсёдныя дыспутовыя сустрэчы з храмавымі настаўнікамі. Ісус жа праводзіў час у працяглых гутарках з гаспадаром рэзыдэнцыі, абмяркоўваючы праблемы сьвету з гэтым добра адукаваным і шмат што пабачыўшым чалавекам. Гэтаму купцу, маючаму гебрайскія карані, прыналежала некалькі тысячаў караванных верблюдаў і ў якога былі камерцыйныя інтарэсы па ўсім рымскім сьвеце. Ён прапанаваў Ісусу прыйсьці да яго ў Дамаск, каб паўдзельнічаць у ягоных камерцыйных справах, але Ісус, пакуль што, не лічыў неабходным так далёка адыходзіць ад сям’і. Тым ня меньш, на адваротным шляху, Ён шмат думаў пра далёкія гарады і краіны, пра якія Ён шмат што чуў ад розных людзей, але ня бачыў на свае ўласныя вочы. Назарэт сустрэў іх сваёй цішынёю і цяплынёю роднага дому. Марыя ж была крыху занепакоенай аповядам Сымона пра тое, што Ісус праводзіў Свой час у размовах з людзьмі, якія прыйшлі з далёкіх краінаў. Сям’я не разумела вялікага інтарэса Ісуса да ўсіх людзей і вызнаваньня ад іх пра іхняе жыцьцё і пра іхнія думкі.

Наступны год ня вельмі вызначаўся ад папярэдняга: праца, малітва, пропаведзь у сынагозе, выхаваньне малодшых. Але людзі ўзрастаюць і ў іх, натуральным чынам, зьяўляюцца свае асабістыя планы ды інтарэсы. Аднойчы да Ісуса падыйшоў Якуб, распавёўшы пра свае пачуцьці і закаханасьць да назарэцкай дзяўчыны Эстэр, а таксама пра іхняе сумеснае жаданьне ажаніцца. Тым больш, што Язэпу хутка спаўняецца васямнаццаць гадоў, што дае яму права, каб выконваць абавязкі галавы сям’і. Ісус ведаў пра адносіны Якуба і Эстэр, а таму гэтая размова не была для Яго чымсьці нечаканым. Ён пагадзіўся з Якубам на тое, што той можа ажаніцца праз год, калі яны разам падгатуюць Язэпа да прыняцьця на сябе функцый галавы сям’і. Але Ісус добра ведаў, што падобная размова для Яго не апошняя, бо даўно ўжо назіраў, як ставіцца Ягоны пагодак Якуб, які ўзрастаў па суседству разам з імі, да прыгажуні Мірыям. І сапраўды, не прайшло шмат часу ад размовы з Якубам, як, надхнёная посьпехам брата, Мірыям таксама распавяла Ісусу пра яе адносіны з Якубам і пра іхнія далейшыя жыцьцёвыя планы. Ісус добра ведаў Якуба і ня бачыў нічога дрэннага ў тым, што той пойдзе па далейшым жыцьці разам з Мірыям. Ён загадаў, каб Якуб сам прыйшоў да Яго і афіцыйна абвесьціў гэтую прапанову, паабяцаўшы Мірыям, што дасьць яму згоду і дабраславіць іх абоіх.

Вось і прыйшоў новы доўгачаканы год, калі ўвёсну Якуб афіцыйна стаў жаніхом для Эстэр, а Мірыям была заручана з суседскім Якубам. Гэта быў дваццаць пяты год ад народзінаў Ісуса. Яшчэ Юда скончыў школу пры сынагозе і Ісус вырашыў пайсьці разам з ім на пасхальнае сьвята у Ерусалім, каб той прайшоў абрад у Храме ды стаў сынам Закону. Для Ісуса ўсё было, як звычайна, але Юда быў у захапленьні ад убачанага ды пачутага. На некалькі дзён яны затрымаліся ў Віфаніі, а потым пайшлі ў адваротны шлях, праз Ерыхон і даліну Ярдана, ў Назарэт.

Гэта была апошняя Пасха ў Ерусаліме, з удзелам родных Сваёй сям’і, бо набліжаўся час немінучага паслабленьня сувязей Сына Чалавечага са сваімі роднымі. Ісус разважаў пра ўсё гэта ў Сваёй майстэрні, перарываючы гэта вясёлым дзеяньнем малодшай Рут і яе сябрамі, якія вельмі любілі слухаць Ісуса пра Свае падарожжы ў Ерусалім ды аповяды пра прыроду і розных жывёлаў. Дзеці заўсёды былі жаданымі гасьцямі ў майстэрні, бо заўсёды гулялі побач на кучы пяску. Яны ціхенька заглядвалі ў майстэрню і, калі Ісус ня быў занятым, беглі да Яго хапаючы Яго за рукі, цягнулі да сябе, просячы распавясьці ім што-небудзь цікавае. Будучы агульналюбімым сярод дзяцей, Ён распавядаў ім розныя вясёлыя гісторыі, а яны вучыліся ад Яго сьмяяцца, і сьмяяцца ад усёй душы. Звычайна самыя маленькія забіраліся Яму на калені і ціхенька сядзелі там, у захапленьні гледзячы на Яго. Яго знаёмым цяжка было зразумець увесь размах Ягонай інтэлектуальнай дзейнасьці. Якім чынам Яму атрымоўвалася гэтак раптам і цалкам пераключацца ад глыбокіх разважаньняў рэлігіі і філасофіі на безтурботнае ды вясёлае свавольства гэтых малянят, якім было ад пяці да дзесяці гадоў. Але такім быў Ён, дасканалейшы з усіх людзей у гэтым сьвеце.

У наступны дваццаць шосты год Свайго жыцьця, Ісус пачаў адчуваць у Сабе вялізарную патэнцыйную магутнасьць, але, у той жа час, Ён выразна ўсьведамляў, што ня мае права выкарыстаць гэта, пакуль ня прыйдзе Ягоны час. Ісус шмат маліўся, кажучы пры гэтым: «Кім бы Я ня быў і якая б магутнасьць не была ў Маіх руках, Я заўсёды падпарадкоўваўся і надалей буду падпарадкоўвацца волі Майго Айца».

Справы сям’і былі дастаткова добрымі, але былі пэўныя праблемы з Юдай, які, маючы неспакойны характар, раз ад разу парушаў адбудаваны Ісусам парадак паводзінаў у сям’і. Юда схіляўся да патрыятычна-агрэсіўных поглядаў зілотаў і не жадаў падпарадкоўвацца старэйшым братам, ігнаруючы навучаньне сямейнаму рамяству, якое прыносіла дастатак у сям’ю. Вельмі незадаволеныя малодшым братам Якуб і Язэп, выказваючы Ісусу сваё незадавальненьне, прапанавалі радыкальныя меры, якія прадугледжвалі нават і выгнаньне з сям’і. Ісус не пагадзіўся з гэтым, параіўшы братам наступнае: «Будзьце цярплівымі. Будзьце разважлівымі ў сваіх дзеяньнях. Падавайце прыклады з асабістага жыцьця, каб ваш брат мог спачатку вызнаць лепшы шлях, а потым і крочыць па гэтаму шляху».

Мудрая ды добрая парада Ісуса прадухіліла раскол у сям’і і захавала іхнюю еднасьць. Ісус жа меў даволі працяглую гаворку з малодшым Юдай, каб вызначыць жыцьцёвыя прыярытэты юнака. Юда неаднаразова быў разам з Ісусам у родзіча рыбака на Галілейскім моры і вельмі заахвочваўся гэтай справай. І зараз ён выказаўся на конт таго, што быў бы ня супраць паспрабаваць сябе на гэтай ніве. Ісус адчуў шчырасьць гэтай размовы і, не адкладаючы, вырашыў ісьці ў Магдалу і пакінуць там Юду пад падпарадкаваньне Свайму дзядзьке рыбаку. Далейшае жыцьцё Юды зьвязалася з морам так, што ён ня бачыў сябе па-за гэтага занятку, а Ісус, бачачы тое, што ўсе браты знайшлі сябе ў гэтым жыцьці, пачаў падумваць пра тое, каб адарвацца ад сям’і і адчуць жыцьцё іншых краінаў і гарадоў, пра якія Ён толькі чуў ад іншых людзей.

У кастрычніку гэтага года адбылася падвойнае вясельле. Якуб, брат Ісуса жаніўся на Эстэр, а Мірыям выходзіла за суседа Якуба. Гэта было сапраўды радаснай падзеяй. Нават Марыя зноў адчувала сябе шчаснаю, але нешта ўнутры яе падказвала, што гэтыя падзеі неяк связаныя з будучым адыходам Ісуса ад сям’і. Яна пэўным чынам пакутавала пад цяжарам нявызначанасьці, бо чаму б Яму не пагаварыць з ёй так, як гэта было неаднойчы ў дзяцінстве. Але Ісус быў замкнутым ад юнацтва і яна нічога не разумела адносна будучага сына, акрамя Ягоных словаў: «Мой час яшчэ не прыйшоў». Якуб і Эстэр перабраліся ў невялікі дом у заходняй частцы Назарэта, які падаравалі ім бацькі Эстэр, а Мірыям перайшла ў дом свайго Якуба і жыла па суседству з маці. Што ж тычыцца Юды, дык гэтыя вясельлі паўплывалі на яго настолькі станоўча, што ён запэўніў старэйшага Язэпа, што той можа цьвёрда разьлічваць на ягоную дапамогу ў матэрыяльнай складаючай сям’і.

Праз некалькі дзён пасьля вясельляў, Ісус запрасіў да важнай размовы Свайго брата Якуба. Ісус паведаміў яму, што настаў той час, калі Ён павінен пакінуць сям’ю. І ён, Якуб, павінен назіраць за дабрабытам сям’і, нягледзячы на тое, што, з гэтага моманту, ён будзе жыць асобна ад іхняй цудоўнай сям’і. Так, паступова, уся сям’я зразумела, што Ісус, іхні самы галоўны Чалавек, зьбіраецца іх пакінуць. Смутак ад прадчуваньня растаньня зьмягчалася толькі той паступовасьцю, з якой Ён гатаваў іх да абвяшчэньня пра Свой сыход. На працягу больш за чатыры гады яны ўсьвядомлівалі, што Ісус гатуецца да гэтага растаньня.


Ад аўтара:
Так, з цягам часу, гэты малады Назаранін працягвае знаёміцца з жыцьцём у тым яе выглядзе, у якім яно ёсьць у целе, існуючым у часе і прасторы. Ён жыве поўным і разнастайным жыцьцём, каб стаць дасканалым Чалавекам. Ён пакіне гэты сьвет, маючы такі вопыт дасканалага жыцьця сярод людзей, якога ня мае ніхто з нас. І ўвесь гэты вопыт, на вякі вякоў, стаў здабыткам Валадара Сусьвету, Які зьяўляецца нашым спагадным братам, спачуваючым сябрам, і усемагутным Валадаром. Народжаны немаўляткай гэтага сьвету, Ён пакінуў ззаду дзяцінства і прайшоў праз перыяды падлетка ды юнака. Зараз жа, Ён стаіць на парозе сапраўднай жыцьцёвай сталасьці, маючы багаты жыцьцёвы вопыт, вычарпальнае разуменьне чалавечай прыроды і глыбокае спачуваньне да яе слабасьцяў. Ён набывае навыкі майстэрскага мастацтва – адкрываць Айца сьмяротным стварэньням усіх вякоў. І зараз, як дарослы Чалавек, Ён гатуецца працягнуць Сваю вышэйшую місію: адкрыць Госпада людзям і прывесьці людзей да Госпада. Падлеткам Ён набыў вялізарны запас ведаў. Юнаком Ён расклаў, кваліфікаваў і супаставіў гэтую інфармацыю. І зараз, стаўшы дарослым Чалавекам, Ён прыступае да арганізацыі гэтага інтэлектуальнага здабытку перад тым, каб выкарыстоўваць яго ў Сваім наступным вучэньні і служэньні ў выгоду Сваіх сьмяротных братоў у гэтым сьвеце.

Праўда ў тым, што Сын Божы, як дасканалы Чалавек знаходзіўся на гэтай зямлі. Ён працаваў, стамліваўся і адпачываў. Ён адчуваў голад і спаталяў яго ежай. Ён адчуваў смагу і спаталяў яе вадою. Ён спазнаў увесь сьпектр чалавечых пачуцьцяў і эмоцыяў. Ён спакушаны ў-ва ўсім, акрамя грэху і, паміраючы пакутаваў. Як і ўсе сьмяротныя людзі гэтага сьвету, Ён атрымліваў веды, набываў вопыт і аб’ядноўваў іх у мудрасьць. Да Свайго хросту, Ён ня будзе карыстацца звышнатуральнай сілаю. Ён не выкарыстоўваў ніякіх сродкаў, якія не былі часткай Ягоных чалавечых здольнасьцяў, як сына Язэпа і Марыі. Да пачатку грамадзкага служэньня Ягонае веданьне людзей і зьяўленьняў набываліся толькі Ім самім. Безумоўна, што пры абароне і надхненьні ад Бога Айца, але Ён быў сапраўдным і дасканалым Чалавекам сярод людзей.


Рецензии