Детство в Назарете

VI. ДЗЯЦІНСТВА Ў НАЗАРЭЦЕ

Язэп і Марыя не дамаўляліся пра тое, што яны будуць казаць каму-небудзь пра незвычайнасьць іхняга Дзіцяці, бо добра памяталі, што гэта будзе зусім небясьпечным для маленькага Ісуса. Суседзі ведалі іх, як звычайную сям’ю, якая вярнулася на радзіму пасьля заканчэньня працы Язэпа ў Ерусаліме і Александрыі. Трохгадовы Ісус атрымаў ад бацькоў брата Язэпа і вельмі радаваўся, назіраючы за клопатам маці і гукамі немаўляткі. Марыя атрымала другога сына і з радасьцю ўспрымала гэтыя клопаты па падтрыманьню утульнасьці ды парадку ў іхнім доме, дзе ўсё было насычана ўзаемнай любоўю. Язэп працаваў у Цыпоры, з самага ранку выходзячы туды з Назарэту і вяртаючыся дамоў у другой палове дня. І кожны раз яго сустракала жонка, на руках з Язэпам, а маленькі Ісус першым выбягаў наперад да бацькі. Язэп падымаў Яго высока над сабою і яны, круцячыся вакол сябе, набліжаліся да Марыі, якая з усьмешкай сустракала іх. Пасьля невялікага адпачынку, Язэп пераходзіў у майстэрню, якую ён прыбудаваў да свайго дома, каб, у вольны час, вырабляць сталярныя ды цясьлярныя вырабы па замовах жыхароў Назарэта. Малы Ісус адразу ж бег за бацькам і назіраў, як той, цудоўным чынам, карыстаўся дрэваапрацоўчым інструмантам, ператвараючы неапрацованую драўніну ў прыемныя вырабы. Яму вельмі падабаўся той непаўторны пах, які зыходзіў ад гэтага працэсу. Так, у гэтых дзіцячых радасьцях, прайшлі два годы ціхамірнага жыцьця ў спакойным і ціхім Назарэце.

У жніўні гэтага года Ісусу споўнілася пяць гадоў, а за два месяцы да гэтага ў Яго зьявілася сястра Мірыям. Ісус з задавальненьнем гушкаў калыску Мірыям, якую, для гэтага, зрабіў у сваёй майстэрні Язэп. Калыска была вельмі зручнай ды ўтульнай, а клопаты маці па ўкладваньню маленькай Мірыям падзяляў з ёй і старанны ды дапытлівы Ісус. Наогул Ён задаваў шмат пытаньняў бацькам. Самыя розныя пытаньні маленькага Ісуса патрабавалі сур’ёзных адказаў ад бацькоў. Сапраўдная пачамучка Ісус ня тое што дакучаў дарослым, але, па добраму, прымушаў іх да цярплівых і грунтоўных адказаў. Язэп і Марыя добра ведалі каго яны выхоўваюць, але, пры ўсім тым, ніхто з іншых дзяцей не заўважыў ня ў чым таго, што, з-за старэйшага брата, яны неяк абдзеленыя ўвагаю бацькоў. Жыцьцё і працягвалася ў гэтым нясьпешным рытме. Язэп працаваў у Цыпоры і ў сваёй майстэрні, але кожную вольную хвіліну ён аддаваў выхаваньню Ісуса, бо, па гебрайскім законе, ён быў адказным за выхаваньне сына з пяцігадовага ўзросту. Але гэта ніяк не азначала, што маці больш ня ўдзельнічае ў выхаваньні Сына. Яна навучала Яго веданьнем разьбірацца ў нараджэньні і росьце розных расьлінаў – ад вінаграду да кветак, што атачалі іх каля дому і па-за Назарэту. Уся сям’я выходзіла ў даліну, дзе яны разам даглядалі невялічкі кавалак урадлівай зямлі, каб атрымаць садавіну ды гародніну для забясьпячэньня асабістых патрэбаў. Жыцьцё ў Назарэце спрыяла таму, што Ісус вырастаў вельмі здаровым і здольным для навучаньня Падлеткам.

Маці пачала вучыць Ісуса чытаць Пісаньньні на арамейскай мове, на якой яны і размаўлялі ў сям’і. Марыя, якая выхоўвалася з дзяцінства ў Ерусаліме, ня мела галілейскага акцэнту і таму вучыла Сына чысьціні прамаўленьня тых ці іншых словаў. Сапраўдны жа галілеянін Язэп не рабіў умяшальніцтва ў гэты працэс, але ў яго быў абавязак да іншага – ён навучаў Ісуса мове грэцкай, якую ведаў даволі добра. Марыя ня ведала гэтай мовы, а таму і сама падглядала што-нішто з гэтых заняткаў. Падручнікам для гэтага быў асобнік грэцкага пераклада Пісаньняў – поўны тэкст Закона і прарокаў, а таксама псальмы ды прыпавесьці Саламона. Гэты асобнік падарылі ім у Александрыі, калі яны канчаткова вырашылі пераязджаць у Назарэт. Такіх выданьняў Пісаньня было ў Назарэце толькі некалькі, а таму іхні дом стаў месцам паломніцтва мясцовых грэкамоўных жыхароў, многія з якіх прымалі юдэйскага Бога. Ісус заўсёды прысутнічаў на гэтых сустрэчах, знаёмячыся з прыхільнікамі веданьня і шукальнікамі Божай праўды. Калі Яму споўнілася шэсьць гадоў, Ён атрымаў гэтую каштоўную кнігу ў асабістае валоданьне, пачуўшы ад бацькоў, што гэта ёсьць падарунак ад родных і сяброў іхняй сям’і з Александрыі. Даволі хутка Ён чытаў яе без усялякіх цяжкасьцяў.

Сёмы год жыцьця прынёс Ісусу першыя дарослыя назіраньні і, у сувязі з гэтым, першыя расчараваньні ў сваіх ранейшых дзіцячых думках. Ён бачыў, што да іх прыходзілі людзі, якія прасілі бацькоў патлумачыць тыя ці іншыя месцы з Сэптуагінты. І атрымлівалі адказы. Ісус, па дзіцячаму, лічыў, што Ягоныя бацькі разумнейшыя ў сьвеце, бо ведаюць усё. Але зараз, чытаючы Пісаньні, ён адчуў унутранае імкненьне разумець гэтыя словы, а дзіцячы яшчэ розум ня быў здольным усьвядоміць сэнс напісанага і таму Ён неадкладна зьвяртаўся да бацькоў за тлумачэньнем. На многія пытаньні ён атрымліваў адказы, але пытаньні пра нейкія фізічныя ці сацыяльныя зьявы заставаліся нерасчыненымі. Аднойчы, пасьля невялікага землятрусу ў Назарэце, Ён запытаў бацьку пра прычыну гэтае зьявы, на што Язэп адказаў: «Сыне мой, я гэтага ня ведаю, бо гэта справа ад Бога». Ісус вельмі любіў Сваіх бацькоў, але прыходзілася разьвітвацца з дзіцячымі думкамі і прыходзіць да разуменьня, што яны ведаюць далёка ня ўсё. А ці ёсьць такія з людзей, што ведаюць усё?

У разгар лета, зусім нечакана да іх, прыйшлі ў Назарэт сваякі з пад самога Ерусаліма. Захарыя, Эльжбета і іхні сын Ян прыйшлі да іх па закліку сэрца, каб павітаць сям’ю сваіх родных людзей, дзе выхоўваўся Той, Які, па думцы Захарыі, павінен быў выхоўвацца ў Бэтлееме. Цёпла сустрэўшыся, яны не маглі нагаварыцца, бо прайшло ўжо больш за пяць гадоў, калі яны бачыліся апошнім разам. Дарослыя не маглі нагаварыцца, а старэйшыя з дзяцей: Ян ды Ісус, мелі свае размовы на свае дзіцячыя тэмы. Ісус паказваў Яну кветнік каля іхняга дому і расказваў пра тое, як ён, разам з маці, даглядае за гэтым цудоўным Божым стварэньнем. Ян быў старэйшы за Ісуса, Які ня толькі прыглядаўся, але і прыслухоўваўся да стрыечнага брата. Ян, зусім па даросламу, разважаў пра ролю Госпада ў-ва ўсім, нават і ў гэтых цудоўных кветках, якія так любяць і даглядаюць Ісус ды Ягоная маці. Словы Яна вельмі ўразілі Ісуса і Ён вельмі ўважліва слухаў брата пра гісторыю Ізраіля так, як гэта мог уявіць розум хлапчука, слухаючы , амаль што, свайго аднагодка.

Сям’я Яна, прабыўшы тры дні, адыйшла ў няблізкі шлях да дому, а Ісус, пад уражаньнем гэтай сустрэчы, пачаў праяўляць сур’ёзны інтарэс да гісторыі народа сваіх бацькоў. Язэп, які добра ведаў дапытлівы характар свайго Ісуса, не зьдзівіўся пытаньням пра гісторыю і традыцыі гебрайскага народу. Язэп, разумеючы цікавасьць Ісуса, пачаў даводзіць Яму гэта так, як яно ёсьць, бо ўжо добра разумеў, што пытаньні Ісуса не нясуць за сабою дзіцячы інтарэс. Язэп тлумачыў Яму сэнс усіх суботніх рытуалаў, пропаведзяў у сынагозе і галоўных сьвятаў Ізраіля. Язэп тлумачыў Яму сэнс усіх гэтых сьвятаў. Першым было урачыстае запальваньне сьвечак пасярод зімы, на працягу васьмі дзён, пачынаючы ад адной у першы вечар з дабаўленьнем кожны вечар па адной сьвечцы, бо так адзначалася асьвячэньне Храма пасьля аднаўленьня служэньня па Закону Майсея Юдай Макабэем. Далей ішоў Пурым – сьвята Эстэр і збаўленьне, якое яна прынесла свайму народу ў выгнаньні. Потым наступала ўрачыстая Пасха, якую дарослыя імкнуліся сустрэць у Ерусаліме, а застаўшыеся дома дзеці павінны былі памятаць, што пад час гэтага тыдня, яны не павінны ўжываць дражджавога хлеба. Потым наступала сьвята першых пладоў пры сборы ураджаю, за ім трэба было сьвяткаваць сустрэчу новага году – дня выбаўленьня. Але, найбольш за ўсё, Яму падабалася сьвята буданаў, якое было ўсталяванае ў памяць заканчэньня саракагадовага вандраваньня гебраяў у пустыні і якое супадала з пачаткам збору вінаграда. Гэта быў час адпачынку ўсяго гебрайскага народу, калі людзі жылі ў буданах, аддаючыся вясельлю ды забаўкам.

Сёмы год жыцьця Ісуса стаў годам назіраньня бацькоў за малітоўнымі паводзінамі свайго Сына. Яны заўважылі, што поўная глыбокай пашаны малітва, як і вучылі Яго бацькі, дапаўнялася Ім размоваю з Нябесным Айцом. Яны дзівіліся гэтаму, але памяталі і пра тое, што незвычайны Сын можа мець і незвычайныя малітвы, але што было ў іх незвычайнага, калі ў іх прысутнічаў непасрэдна Бог творца кожнага стварэньня ў сьвеце. У гэты ж жа год Ісус усьвядоміў патрабаваньні сямейнай ды хатняй дысцыпліны. Марыя была вельмі любячай, але даволі патрабавальнай і строгай маці. Язэп не вызначаўся строгасьцю, але ён аказваў вялікую ўзьдзейнасьць на Ісуса, калі, седзячы каля Яго, тлумачыў пра неабходнасьць абмежаваньня асабістых жаданьняў дзеля захаваньня дабрабыту і добрага настрою ў сям’і. Ён нічога не прыдумляў, бо казаў пра свае адносіны да гэтае справы. Ісус уважліва слухаў Язэпа і намагаўся паводзіць сябе менавіта так, як і казаў яму Ягоны зямны бацька. Ён старанны дапамагаў маці, а калі выдаваўся вольны час, дык Ён праводзіў яго вывучаючы ў дзень кветкі ды іншыя расьліны, а ноччу, лежачы на сьпіне, зачарована глядзеў на начныя зоркі. Так, незаўважна, падыйшоў восьмы год жыцьця хлапчука Ісуса.

Восьмы год жыцьця гебрайскага хлопчыка – гэта пачатак навучаньня ў школе пры мясцовай сынагозе. Ня быў выключэньнем і Ісус, Які, з нейкім асаблівым хваляваньнем, гатаваўся да гэтага. Ён ужо мог чытаць, пісаць і казаць на двух мовах – арамейскай ды грэцкай. Зараз жа Яму належала навучыцца гэтаму на старажытным іўрыце і Ён, з нецярпеньнем, чакаў пачатку новага школьнага жыцьця. Але вось, гэты дзень настаў і Ён, упершыню, пераступіў парог пачатковай школы. Вучні садзіліся паўкругам на падлозе пакоя школы, а іхні настаўнік, хазан, сядзеў перад імі і кіраваў навучаньнем гэтых хлопчыкаў. Яны пачыналі з Лявіта, каб потым перайсьці да вывучэньня іншых кніг Закона, за якімі іх чакалі кнігі прарокаў і псальмы. Сынагога Назарэта мела ў сваім распараджэньні поўны тэкст Пісаньняў на іўрыце і, па жаданьню вучняў, яны мелі магчымасьць, у строга вызначаны час, займацца самастойна чытаньнем і вывучэньнем тэкстаў Пісаньняў. Вельмі хутка хазан заўважыў, што адзін з вучняў выкарыстоўваў гэты дабраславёны час нашмат больш за іншых хлопчыкаў школы.

І гэта быў Ісус, Які не выпускаў магчымасьцяў гэтых самастойных заняткаў. Хазан, бачачы гэты непадробны інтарэс Ісуса да сэнсу Пісаньняў, імкнуўся прысутнічаць пры гэтым, каб, пры неабходнасьці, дапамагчы гэтаму незвычайнаму вучню. Ён, будучы вельмі вопытным настаўнікам, ня мог прыгадаць такой стараннасьці, жаданьня ды кемлівасьці ў вывучэньні Пісаньняў. Ісус вельмі хутка заўважыў падвышаную цікавасьць да Сябе з боку Свайго настаўніка і ніяк не зьдзіўляўся, калі, пад час самастойных заняткаў па чытаньню Пісаньняў, дзіўным чынам, як быццам бы выпадкова, зьяўляўся хазан з прапановаю паслухаць Яго і што-нішто патлумачыць. Яны пасябравалі настолькі, што Ісус, дачакаўшыся ранку, з задавальненьнем бёг да сынагогі, каб памнажаць Свае веды, дзякуючы гэтаму мудраму чалавеку. Калі Ісус атрымліваў маральнае выхаваньне, галоўным чынам, у сям’і, дык, у значнай частцы, інтэлектуальную ды тэалагічную адукацыю Ён набываў ад Свайго шаноўнага настаўніка хазана.

Гэты год быў годам цікавых заняткаў у школе, дзе Ён старанна і пасьпяхова вучыўся, а таму ўваходзіў у лік лепшых вучняў класа. У школе існавала традыцыя, калі лепшыя вучні, адзін раз на тры месяцы, на адзін тыдзень вызваляліся ад заняткаў і адрымлівалі вольны час. Ісус меў гэты час і так пачало складацца, што Ён праводзіў вольны тыдзень па-за домам. Стрыечны брат Марыі меў сваю сялянскую гаспадарку ў даліне, непадалёк ад Цыпоры, і з задавальненьнем прымаў Яго на гэты час. Ісус ня толькі знаёміўся, але і прымаў пасільны удзел у сялянскіх справах, дапамагаючы ў апрацоўцы розных расьлінаў ды даглядзе хатніх жывёлаў. Другі дзядзька, брат Язэпа, жыў на беразе Галілейскага мора на ўскрайку Магдалы і займаўся выключна рыбалоўствам. Ён, таксама, з нецярпеньнем чакаў магчымага прыезду пляменьніка, Якога вельмі любіў. А хто з хлопчыкаў не жадаў выйсьці ў мора, каб адчуць сапраўдную сілу ветра і хваляў? А калі паўдзельнічаць яшчэ ў рыбалцы? Да гэтага трэба толькі дадаць што ўсе родныя, з боку бацькоў, любілі гэтага ветлівага ды разумнага хлопца, а таму і былі радыя, калі Ён гасьціў у іх. Марыя, спачатку, вельмі хвалявалася за бясьпеку Ісуса, але, з цягам часу, вызнаючы нарастальную адказнасьць і самастойнасьць свайго Сына, паступова зьмірылася з тым, што Ён, часова, адлучваўся ад дому.

Жыцьцё працягвалася і было вельмі актыўным для Ісуса. Ён, другі ўжо год, пасьпяхова вучыўся, а ўлетку адбылася Ягоная першая рабалка на Галілейскім моры. Там жа, у Магдале, Ён пазнаёміўся з сябрам Свайго дзядзькі – настаўнікам матэматыкі з Дамаску, які паказаў Ісусу новыя, невядомыя Яму, спосабы матэматычных дзеяньняў. Больш таго, Ён стаў уладальнікам невялікага падручніка матэматыкі на грэцкай мове, які падарыў Яму новы дарослы сябар. Набываючы веды, Ён адчуў патрэбу дзяліцца гэтым з іншымі, а таму стаўся для меньшага брата Язэпа ягоным першым настаўнікам, навучаючы таго першым крокам чытаньня ды пісьма. Настаўнікам і бацькам не было лёгка ад Ягоных пытаньняў у вобласьці рэлігіі і, у першую чаргу, навукі. Ён хацеў высьветліць прыроду перыядычнага прыходу сухога ды вільготнага часу на іхнюю зямлю, як і тое, чаму, у адзін той жа час, тэмпература паветра ў Назарэце і ў даліне такая розная. Шмат яшчэ на якія пытаньне Ён жадаў атрымаць для Сябе адказы, але дарослыя, дзівячыся гэтаму, далёка не заўсёды маглі дапамагчы дапытліваму Ісусу. У сярэдзіне гэтага года сям’я папоўнілася новым чалавекам – нарадзіўся яшчэ адзін брат, Сымон. Гэта было вельмі радасная падзея, але галоўная падзея гэтага году чакала Яго крыху пазьней.

Сьвятар Нахор, адзін з выкладчыкаў ерусалімскай акадэміі рабінаў, мэтанакіравана прыбыў у Назарэт, каб пазнаёміцца з хлопчыкам Ісусам і Ягонымі бацькамі. Нахор, першым чынам, накіраваўся ў сынагогу, дзе пагутарыў з класным выхавацелем Ісуса – хазанам. Ён прыехаў сюды пасьля працяглай размовы з Захарыяй, якога ён добра ведаў, які і сфармаваў яму мэту гэтага візіту ў Назарэт. Пасьля наведваньня сваякоў, Захарыя быў вельмі ўражаны асобаю Ісуса, застаўшыся пры сваёй думцы, што месца Ісуса для выхаваньня і навучаньня тут, у Ерусаліме. А таму, вельмі зацікаўлены Нахор і апынуўся ў Назарэце, каб убачыць усё на ўласныя вочы ды зрабіць пэўныя высновы з гэтага. Паразмаўляўшы ды паназіраўшы за Ісусам, ён быў зьдзіўленым веданьнем Ім трох моваў і Ягонай шчырасьцю ў разважаньнях ды адносінах да іншых людзей. Нахора крыху засмуціла вельмі добрае стаўленьне Ісуса да паганаў ды нетрадыцыйны погляд на некаторыя рэлігійныя пытаньні, але ўсё гэта можа быць зразумелым, калі аднесьці гэта на тое, што гэта ёсьць Галілея, дзе паганскі ўплыў на гебрайскае жыцьцё даволі значны. Але нічога і гэта ўсё можна выправіць, калі Ісус будзе навучацца і выхоўвацца ў асьвечаным центру гебрайскай культуры - Ерусаліме.

Нахор паразмаўляў з бацькамі Ісуса і параіў ім пагадзіцца з тым, што ён, Нахор, забярэ іхняга Сына ў спецыяльную школу для адораных дзяцей пры акадэміі рабінаў, з перспектываю атрыманьня вышэйшай адукацыі. Захарыя будзе заўсёды побач і, калі гэта здарыцца неабходным, па свойскі падтрымае Яго. Усё гэта выглядала прывабным і Марыя, якая сама выхоўвалася з трох гадоў у Ерусаліме, была гатовай пагадзіцца на такую прапанову, бо ведала будучую ролю Ісуса для Ізраіля. Але Язэп вагаўся. Так, ён ведаў пра вялікую будучыню Ісуса, але якая яна будзе ў дакладнасьці, яны ня ведалі. Чым больш ён думаў пра прапанову Нахора, тым больш ён сумняваўся ў мэтазгоднасьці знаходжаньня Ісуса ў Ерусаліме. Нахор жа, бачачы розныя думкі бацькоў, прапанаваў расказаць пра гэтую прапанову самому Ісусу. Ісус уважліва выслухаў Нахора і паабяцаў даць адказ праз два дні. Ён пагаварыў з маці, падрабязна распытаўшы пра ейнае дзявочае жыцьцё ў Ерусаліме, ды як праходзіць працэс навучаньня і выхаваньня. Пасьля размовы з бацькам, Ісус пайшоў да суседа, мудрага чалавека, які працаваў разам з Язэпам у Цыпоры і з сям’ёй якога даволі цесна сябравала іхняя сям’я. Для Ісуса думка гэтага чалавека была вельмі важнай, бо гэта была думка незацікаўленага, але і неабыякавага чалавека. Пасьля гэтага Ён зьвярнуўся ў малітве да Госпада, каб Ён паклаў Яму на сэрца правільны адказ. Праз два дні, у прысутнасьці бацькоў і суседа Якуба, Ён адказаў Нахору, што пасьля размовы з гэтымі дарослымі людзьмі і размовы з Нябесным Айцом, Ён адчувае, што павінен застацца дома, пры Сваіх бацьках. Пасьля невялікай паўзы, якая ўзьнікла пасьля гэтых словаў, Ён прамовіў да ўсіх: «Бацькі, якія так Мяне любяць, змогуць больш для Мяне зрабіць і лепш весьці Мяне па жыцьці, чым староньнія людзі, якія могуць бачыць Маё цела ды назіраць Мой розум, але наўрад ці па-сапраўднаму будуць ведаць Мяне». Усе былі вельмі зьдзіўленыя такім мудрым адказам, а найбольш зьдзівіўся Нахор, калі пачуў ад Ісуса, што Ён зьвяртаўся да Нябеснага Айца. Нахор адправіўся ў Ерусалім з пачуцьцём нейкай незвычайнасьці ад узрастаньня Ісуса, бо было ў Ім нешта ад Бога. На разьвітаньне ён адзначыў, што будзе заўсёды рады бачыць Ісуса ў Ерусаліме, калі Той пераменіць Сваё рашэньне.

Ішоў трэці год навучаньня ў пачатковай школы і дзясяты год жыцьця Ісуса. Ён рос здаровым хлопчыкам, не вызначаючыся сур’ёзнымі захворваньнямі, бо быў паслухмяным і дысцыплінаваным у пытаньнях патрабаваньня бацькоў да тых бытавых дробязяў, якія дазваляюць захоўваць цела ад розных прастудных непрыемнасьцяў. Ісус па-ранейшаму наведваў сваякоў, працуючы ды вывучаючы розныя расьліны, а таксама, разам з дзядзькам, выходзячы пад ветразем па хвалях блакітнага Галілейскага мора. Пасьля выкананьня школьных заданьняў ды нейкай хатняй працы, Ісус браў у рукі цытру – музычны інструмант, які захаваўся ад маці з часоў яе навучаньня ў школе пры Храме. Марыя і перадавала Яму свае навыкі ў выкананьні найлепшых гебрайскіх мелодый. Яшчэ Ісусу вельмі падабалася маляваць, што ня вельмі падабалася Язэпу, бо гебрайская традыцыя лічыла гэты занятак паганскім, спасылаючыся на запаведзь Бога: «Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі». Жаданьне Ісуса маляваць выявілася і ў школе, калі Ён накідаў партрэт настаўніка вуглем на падлозе, але гэта выклікала непрыемную рэакцыю з боку старшыняў сынагогі, якія патрабавалі ад Язэпа паўзьдзейнічаць на Сына, каб Той не парушаў запаведзь ад Бога. Пачуўшы гэта ад Язэпа, Ён пайшоў да старшыняў і дамогся таго, каб Яго выслухалі. Ісус мужна выступіў у абарону Сваіх поглядаў на гэтую запаведзь, але запэўніў старшыняў, што Ён, тым ня меньш, падпарадкуецца патрабаваньню бацькі і, з гэтым, старшыні моўчкі разыйшліся. У сярэдзіне гэтага года сям’я Ісуса зноў была ў прыбытку, бо нарадзілася яшчэ адна сястра, Марфа. Сям’я павялічвалася, як павялічвалася і ўсеагульная радасьць ад гэтага. Старэйшыя дзеці дапамагалі сваім бацькам, дапамагаючы малодшым, а ўсе разам, па меры магчымасьцяў удзельнічалі ў агульных справах сваёй сям’і.

Адзінаццаты год жыцьця прывёў Ісуса ў старэйшую школу пры сынагозе, дзе, на працягу трох гадоў, Ён будзе вучыцца да Свайго паўналецьця. Час Ісуса праходзіў паміж заняткамі ў школе і хатнімі справамі, дзе значны час адводзіўся для працы ў майстэрні Язэпа, выконваючы пэўныя даручэньні бацькі па вырабу неабходных драўляных дэталяў. Адзін раз на тыдзень, адзін з вечароў, Ён праводзіў з настаўнікам хазанам, які дапамагаў Яму асвойваць сьвятыя кнігі гебраяў. Хазан вельмі любіў свайго вучня і, як мог, дапамагаў Яму ў навучаньні. Але для яго заставалася поўнай загадкай тое, чаму Ісус ніяк не рэагаваў ня ягоныя прапановы працягнуць адукацыю ў Ерусаліме. А прычыны для гэтага былі і вельмі важныя. У верасьні гэтага году нарадзіўся Юда, але роды прайшлі вельмі цяжка і, каля месяца, Марыя знаходзілася ў дастаткова цяжкім стане. Язэп некалькі тыдняў не выходзіў на працу, а Ісус, як старэйшы Сын, падзяляў з бацькам, увесь цяжар па дагляду за маці і забясьпечэньню парадку ў сям’і. З гэтага часу Ён ужо не лічыў для Сябе магчымым вяртацца да безтурботнага жыцьця падлетка. Хвароба маці узрушыла Яго настолькі, што адказнасьць за дабрабыт сям’і пераважвала ўсе падлеткавыя імкненьні. Так, неўзаметку, прайшоў гэты год і пачаўся дванаццаты год жыцьця Ісуса.

Ён працягваў пасьпяхова вучыцца ў школе, але, адначасова, уважліва вывучаў метады, з дапамогаю якіх людзі зараблялі сябе на забясьпячэньне асабістага жыцьця. Ісус пачаў больш працаваць у майстэрні, вырабляючы гатовыя вырабы з дрэва, якія даволі пасьпяхова ішлі на продаж. Ён атрымаў дазвол ад бацькоў на асабістае распараджэньне частцы грошай, што было вялікай рэдкасьцю ў гебрайскай сям’і. У гэтым жа годзе Ён узяў за правіла нічога не казаць пра падобныя рэчы за межамі Сваёй сям’і. Ён пачаў разумець, чым Ён мог выклікаць непрыемнасьці ў сваім акружэньні і станавіўся больш абачлівым, хаваючы ўсё, з-за чаго Яго маглі лічыць нейкім незвычайным адносна іншых Яго аднагодкаў. На працягу гэтага году Ён неаднаразова перажываў няўпэўненасьць ды сумненьне адносна ўнутранага адчуваньня таго, што Яму дадзена ад Бога нейкая важная місія. Розум чалавека, які толькі разьвіваецца, ня можа пакуль што ўсьвядоміць усю рэальнасьць Ягонай падвойнай сутнасьці. Але, ня ўсё адразу.

А пакуль што Ён пачаў лепш ладзіць з братамі і сёстрамі, становячыся больш тактоўным і уважлівым да іхніх патрэбаў ды клопатаў. Як старэйшы, сярод дзяцей, Ён, уважліва назіраючы, гасіў любыя канфлікты і непаразуменьні сярод малодшых, заклікаючы тых да ўзаемацярпеньня і любові адзін да аднога. Ісус працягваў займацца музычнымі практыкаваньнямі, а таксама знаходзіў час для заняткаў ў малодшымі братамі і сёстрамі, вучачы іх школьным дысцыплінам. Гледзячы на старэйшага Сына, бацькі ўсьведамлялі, што ў Ім, усё больш і больш, выяўляецца нешта звышчалавечае, але яны не былі здольнымі зразумець сапраўдную прыроду гэтых пераменаў. На працягу апошняга часу, Ён адчуваў унутраны дыскамфорт з-за сумяшчэньня Ягоных поглядаў на рэлігійныя звычаі ды нормы грамадзкіх паводзінаў з тымі прынцыпамі, на якіх стаялі Ягоныя бацькі. Хлопца бянтэжыла супярэчнасьць быць верным асабістым перакананьням з сьвядомай неабходнасьцю, з пакораю, падпарадкоўвацца бацькам. Але Ён не адступаўся ад Свайго слова і ніколі не ўхіляўся ад кожнадзённага абавязку неабходнасьці ўзгадненьня вернасьці асабістым перакананьням і абавязаньняў ў адносінах да Сваёй сям’і. І Ісус, у выніку, атрымліваў задавальненьне ад гарманічнага аб’яднаньня асабістых перакананьняў і сямейнага абавязку ў ператворваньне гэтага ў ідэю групавой салідарнасьці, якая базуецца на вернасьці, справядлівасьці, цярплівасьці і любові.


Ад аўтара:
У паганскім сьвеце гэтага часу цяжка было знайсьці сям’ю, здольную даць лепшае разумовае, маральнае ды рэлігійнае выхаваньне, чым гебрайскія сем’і Галілеі. Мясцовыя гебраі прытрымліваліся сістэматычнай праграмы выхаваньня і адукацыі сваіх дзяцей. Яны падзялялі жыцьцё дзіцёнка на сем этапаў:

1. Нованароджаны – з першага да восьмага дня;
2. Грудны дзіцёнак;
3. Дзіцёнак, адняты ад грудзі;
4. Перыяд залежнасьці ад маці, які працягваецца да заканчэньня пятага года жыцьця;
5. Пачатак незалежнасьці дзіцяці і – калі гэта хлопчык – прыняцьце бацькам адказнасьці за ягоную адукацыю;
6. Хлопчыкі і дзяўчынкі падлеткавага ўзросту;
7. Юнакі і дзяўчыны.

У такой вось галілейскай сям’і, якая вельмі строга сачыла за выкананьнем выхаваньня сваіх дзяцей, прытрымліваючыся гэтых этапаў, што былі ў гебрайскім грамадзтве Назарэта безумоўным законам. Падлетак жа Ісус гатаваўся да прыняцця дарослага жыцьця.


Рецензии