Первая Пасха в Иерусалиме
Сваім ходам ішоў час. Дні зьмянялі ночы. Холад зімы саступаў цяплыні лета. Людзі нараджаліся і паміралі. Дзеці ператвараліся ў падлеткаў і юнакоў, а іхнія бацькі, пакрысе, старэлі, працуючы ды выхоўваючы сваіх дзяцей. Час няўмольны і, у той ці іншай ступені, не шкадуе нікога. Ён не падпарадкоўваецца нікому з людзей і толькі Творца ўсяго непадуладны яму, бо знаходзіцца па-за створаным Ім часам. Час кранае і падлетка Ісуса, калі дае Яму юнацкае, а таму і дарослае жыцьцё. Ён, усё больш і больш, адчуваў, што Ягоныя гады – гэта набліжэньне да нейкай незвычайнай місіі, якую вызначыў Яму Айцец Нябесны.
У студзені гэтага года нарадзіўся самы малодшы з Ягоных братоў, Амос. Школьнае навучаньне падыходзіла да завяршэньня і ў сакавіку гэтага года настаў той знамянальны дзень у жыцьці сапраўднай гебрайскай сям’і – дзень, калі першанец аб’вяшчаўся сынам закону, выкупленым першародным сынам Госпада Бога Ізраіля і слугой Госпада ўсёй зямлі. Некалькі дзён таму Язэп вярнуўся з Цэпоры, каб прысутнічаць на гэтай радаснай падзеі. Настаўнік Ісуса быў упэўненым ў тым, што гэтага сур’ёзнага вучня чакаюць вялікія справы. Старэйшыны сынагогі ганарыліся сваім вучнем і вельмі спадзяваліся на тое, што Ён працягне адукацыю ў акадэміі рабінаў. А пакуль што, атрымаўшы віншаваньне, Ісус атрымаў права пайсьці ў Ерусалім разам з бацькамі для сьвяткаваньня Сваёй першай Пасхі.
У гэтым годзе сьвята Пасхі прыйшлося на 9 красавіка і паломнікі з Назарэта, у вызначаны час, былі гатовыя выйсьці ў Ерусалім. І вось, з самага ранку ў панядзелак, 4 красавіка, вялікая група жыхароў Назарэта, у колькасьці 105 чалавек, рушыла на поўдзень, у накірунку Самарыі. Перад уваходам у даліну Ізрэель, яны ўбачылі старажытнае селішча Сунэм, і Ісус, у чарговы раз, пачуў аповяд пра цуды, створаных тут Елісеем. Але, дасягнуўшы даліны Ізрэель, павярнулі на ўсход і, абмінуўшы гару Гелвуй, выйшлі на даліну Ярдана. Ісус запытаў у бацькоў, чаму яны не пайшлі больш кароткім шляхам і не прайшлі калодзеж Якуба? Адказ бацькоў быў крыху нечаканым. Яны самі ня супраць пайсьці праз Самарыю, але, у асноўным, гебраі не жадалі мець справаў з самарыцянамі і таму яны, разам з іншымі, пайшлі праз Ярданскую даліну. Ідучы ж па Ізрэельскай даліне, бацькі казалі пра дзеі Ахава і Езавэлі, а таксама пра подзьвігі Іуя. Мінуючы гару Гэлвуй, яны шмат казалі пра валадара Саула, які ўсьмерціў сябе на схіле гэтай гары. Ісус пачуў таксама і пра валадара Давіда, які быў зьвязаны з падзеямі на гэтым гістарычным месцы.
Пачаўся спуск у Ярданскую даліну і хутка, перад захопленым позіркам Ісуса, адкрыўся зьвілісты Ярдан, які нёс свае зіготкія ды цурцаючыя воды да Мёртвага мора. Каля Ярдана, адчуўшы сьпякоту, яны зьнялі верхнюю адзёжу і працягнулі свой шлях па гэтай трапічнай даліне, любуючыся хлебнымі палямі і цудоўнымі алеандрамі, з іхнімі ружовымі кветкамі. На поўначы ўзвышаўся, апрануты ў сьнежны капялюш, Ермон, які велічна пазіраў на гэтую цудоўную даліну. Мінуючы Скіфапаль, праз тры гадзіны, яны дасягнулі ручая, які вясёла цурчэў, заклікаючы да сябе падарожнікаў. Каля гэтага ручая і размясьціліся яны пад зоркавым небам Ярдана. На другі дзень яны прайшлі міма таго месца, дзе левы прыток Явок, перасякаючы Перэю, упадае ў Ярдан. Вандроўнікі, гледзячы з другога берагу на даліну Явока, успаміналі часы Гедэёна, калі мадыяніцяне імкнуліся адтуль захапіць гэтыя мясьціны Ізраіля. Яны ўзьнесьлі хвалу Госпаду, Які, дзіўным чынам, разьбіў для Ізраіля ўсе варожыя полчышчы. Калі ж захад прыняў да сябе дзённае сонца, паломнікі прыпыніліся каля самай высокай гары, якая ўзвышалася над Ярданскай далінай. Гара Сартаба, на вяршыні якой знаходзілася крэпасьць, прыняла, ў мінулыя часы, зьняволеньне адной з жонак Ірада ды магілы двух, забітых ім, сыноў.
Зоркавая ноч і цяплыня даліны далі ім добры адпачынак і, калі сонца пераадоліла Сартабу, яны пайшлі далей у накірунку Ерыхона, дзе паломнікі мяркавалі пераначаваць. У сувязі з гэтым бацькі ўспомнілі пераемніка Майсея Ісуса, сына Нава, які стаў пераможцам пры заваёве гэтага горада. Да таго ж было прыемным, што пераемнік Майсея і іхні Сын маюць адно і тое ж імя. Вандроўнікі ўтульна разьмясьціліся каля Ерыхона, каб ўжо заўтра быць у Ерусаліме. У чацьвёрты, апошні дзень шляху, дарога ператварылася ў суцэльны паток ідучых паломнікаў. Хутка пачаўся пад’ём на прыгоркі, праз якія ляжала дарога на Ерусалім. Падняўшыся на прыгорак, Ісус упершыню ўбачыў Элеонскую гару, за якой, як патлумачыў Язэп, яны і ўбачаць Ерусалім. Сэрца юнака забілася часьцей у радасным чаканьні сустрэчы з горадам Ягонага Нябеснага Айца.
Мінуючы Элеонскую гару паломнікі разыходзіліся, кожны па сваіх месцах. Адыйшлі ад іх і Марыя з Язэпам, спыніўшыся адпачнуць на ўсходнім схіле Элеона, у весцы Віфанія. Каля месца іхняга адпачынку стаяў дом Сымона, у якога было трое дзяцей, прыкладна ўзросту Ісуса – Марыя, Марфа і Лазар. Сымон, разам з дзецьмі, запрасіў назарэцкую сям’ю адпачнуць у іхнім доме перад уваходам у Ерусалім. Язэп з Марыяй прынялі гэтую прапанову і з гэтага часу пачалося цеснае сяброўства гэтых двух сем’яў. Пасьля невялікага адпачынку, яны стаялі ўжо на версе гары, дзе Ісус, упершыню, убачыў Ерусалім. Важныя каменныя будынкі, а найбольш велічны Храм Айца, захапілі сэрца юнака, Які атрымліваў асалоду, гледзячы на гэтую цудоўную панараму. У чацьвер, калі сонца ўжо пачала свой шлях да заходняга мора, яны ўвайшлі ў Ерусалім і накіраваліся да месца іхняга разьмяшчэньня, якое падгатаваў ім Захарыя, як гатаваў ім кожны год, калі сюды прыходзілі бацькі Ісуса. На наступны дзень, дзень прыгатаваньняў, яны і гатаваліся да належнага сьвяткаваньня Пасхальнай суботы.
Пакуль увесь Ерусалім узбуджана гатаваўся да Пасхі, Язэп знайшоў час паказаць Ісусу горад і наведаць акадэмію, дзе, па думцы бацькоў, павінен будзе працягнуць Сваю адукацыю Ісус, па дасягненьні пятнаццацігадовага ўзросту. Язэп заўважыў, што Ісуса ніяк не захапіла акадэмія, але Ён вельмі зацікавіўся функцыянаваньнем Храма. Наогул схільны да пытаньняў, ад раньняга дзяцінства, Ісус не ўтрымаўся і запытаў Язэпа: «Чаму Нябесны Айцец патрабуе забіваць такую вялікую колькасьць жывёлаў, якія тут выстаўленыя на продаж?» Язэп, па твару юнака, цудоўна бачыў, што ягоны адказ мала ў чым упэўніў ягонага глыбокадумнага і кемлівага Сына, Які глядзеў на гэтыя натоўпы паломнікаў прыязна, але нешта падказвала Яму, што ня гэта галоўнае ў жыцьці з Богам і ад Бога. Так завяршаўся шлях назарэцкага падлетка і пачынаўся шлях юнака, які ўсё глыбей усьведамляў Сваю сувязь з Айцом і Які пачынаў думаць пра Свой шлях у сьвеце. Але было яшчэ і намаганьне, каб сумясьціць расчыняючуюся мэту Свайго жыцьця з жаданьнямі бацькоў і абавязкамі ў адносінах да Сваёй сям’і.
За ўсё, пакуль што яшчэ нядоўгае жыцьцё, не было больш хвалюючага выпадку, чым гэтае першае наведваньне Ерусаліма. Самастойны ўдзел у храмавых дыспутах і, наогул, магчымасьць самастойных дзеяньняў ды адчуваньне волі ад строгіх сямейных абавязкаў надхнялі юнака, але Ён ведаў і пра тое, што знаходзіцца ў доме Свайго Нябеснага Айца, дзе дысцыпліна ніяк не адмянялася.
Жанчыны ня часта прысутнічалі на сьвяткаваньні Пасхі, але Ісус настойваў на тым, што маці павінна пайсьці разам з Ім. Пагадзілася ня толькі яна, але і многія назарэцкія жанчыны пайшлі на сьвята разам з ёю. Па дарозе ў Храм яны громка сьпявалі сто дваццаць дзявяты псальм: «З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе! Пачуй голас мой. Хай будуць вушы Твае ўважлівыя да голасу маленьняў маіх. Калі Ты, Госпадзе, будзеш заўважаць беззаконьні, - Госпадзе, хто ўстоіць? Але ў цябе дараваньне, хай багавеюць прад Табою. Спадзяюся на Госпада, спадзяецца душа мая. На слова Ягонае спадзяюся. Душа мая чакае Госпада, болей чым варта – раніцы. Хай спадзяецца Ізраіль на Госпада, бо ў Госпада літасьць і вялікае ў Яго збавеньне. І Ён збавіць Ізраіля ад усіх беззаконьняў ягоных».
Разам з бацькамі Ісус прайшоў на тэрыторыю Храма, каб прыяднацца да групы новых сыноў закона, якія павінны былі прайсьці абрад пасьвячэньня ў грамадзянаў Ізраіля. Ён прайшоў рытуал пасьвячэньня, але быў некалькі расчараваны павярхоўным ды руцінным характарам гэтай працэдуры. Як жа не хапала тут прасторы асабістай зацікаўленасьці, характэрнай для назарэцкай сынагогі. Ісус вярнуўся да бацькоў і падгатаваўся да агляду ўсяго Храма – ягоных двароў, галярэй ды іншых тэрыторыў. Тэрыторыя Храма ўразіла Яго, але больш за гэта бянтэжылі разважаньні пра духоўны сэнс храмавых рытуалаў і зьвязаных з імі богаслужэньняў. Хаця, шмат якія, храмавыя цырымоніі кранулі Ісуса, Які быў вельмі адчувальны да прыгажосьці, тлумачэньня бацькоў сэнсу гэтых абрадаў, прыносілі Яму пэўныя расчараваньні. Ня так Ён уяўляў паводзіны людзей у Храме Айца, а тое, што Ён убачыў на двары паганаў, зусім зьнервавала Яго. Крыклівая гаворка, шум і лаянка зьліваліся з бляяньнем авечак і незразумелым шумам, што вызначаў прысутнасьць мяналаў ды гандляроў рознымі таварамі.
Ня лепш было і на двары сьвятароў, што знаходзіўся перад Храмам. Тут знаходзіўся ахвярнік, каля якога сьвятары-рэзьнікі забівалі жывёлаў, змываючы кроў з рук у бронзавым фантане. Заплямленая крывёю падлога, акрываўленыя рукі сьвятароў і крыкі паміраючых жывёлаў, - усё гэта было больш таго, на што быў здольны, любячы прыроду юнак. Убачыўшы гэтае жудаснае відовішча, Ён, схапіўшы за руку Язэпа, папрасіў таго пайсьці адсюль. Яны прайшлі праз двор паганаў, дзе нават грубы сьмех ды блюзнерскія жарты былі палёгкай пасьля толькі што ўбачанага. Яны прайшлі на верхні двор, каб забраць Марыю і потым гулялі ўдалечыні ад натоўпаў, аглядаючы палац Хасманеяў, велічны палац Ірада ды вежу Антонія, што знаходзілася побач з тэрыторыяй Храма. Пасьля гэтага яны пайшлі да сябе, каб прыгатавацца да сьвяткаваньня Пасхі.
Некалькі назарэцкіх сем’яў атрымалі запрашэньне ад Сымона з Віфаніі, каб разам адсьвяткаваць Пасху. Дзеля гэтага ён набыў, для ўсёй кампаніі, пасхальнага ягняці. Ісусу вельмі спадабалася гэтая сям’я і таму Ісус быў вельмі задаволеным, што яны пойдуць на сьвяткаваньне Пасхі да дому Сымона. Усе елі смажанае мяса з праснакамі і горкімі заправамі. А так як Ісус зьяўляўся новыс сынам Запавета, Яго запрасілі распавесьці пра паходжаньне Пасхі, з чым Ён добра зладзіўся. Але ён некалькі зьбянтэжыў прысутных, таму што ўставіў у Свой аповяд некалькі заўвагаў, якія ў мяккай форме адлюстроўвалі ўражаньне ад убачанага і пачутага сёньня ў Храме. Ісус падумаў пры гэтым, ня кажучы гэта нікому, што настане час, калі Пасху будуць сьвяткаваць бяз гэтых ахвярных забойстваў у Храме. Гэтае сьвяткаваньне было пачаткам сямідзённых цырымоній сьвяткаваньня Пасхі. На другі дзень зранку Ісус перайшоў пад апеку маладога Лазара, разам з якім Ён пачаў планамернае вывучэньне Ерусаліма і ягоных навакольляў. На прыканцы дня яны зноў прыйшлі ў Храм і слухалі выступы настаўнікаў, якія адказвалі на пытаньні прысутных. Задаў некалькі пытаньняў і Ісус, але, сьвядома, у нормах гебрайскіх традыцыяў. У сераду пасхальнага тыдня Ісусу дазволілі, разам з Лазарам, пайсьці на ноч у Віфанію, дзе, у той вечар, Лазар, Марфа і Марыя слухалі, як Ісус казаў, зусім па даросламу, пра тленнае і вечнае, чалавечае і боскае. Дзеці Сымона вельмі палюбілі Ісуса і з гэтага дня лічылі Яго за свайго брата.
Так прайшло яшчэ некалькі ерусалімскіх дзён. Ісус атрымаў магчымасьць пазнаёміцца з дзясяткамі хлопчыкаў, якія прыйшлі сюды з розных краінаў. З усходу і захаду, з поўдня і поўначы прыйшлі гэтыя хлапцы і Ісус, у поўнай меры, карыстаўся гэтай крыніцаю, каб папоўніць Свае веды адносна розных краінаў сьвету. У выніку ж гэтых зносінаў у Ісуса зьявілася вялікае жаданьне калі-небудзь адправіцца ў вандроўку па сьвету, каб даведацца пра гэтыя краіны і людзей, якія знаходзяцца там.
Назарэцкія паломнікі дамовіліся сабрацца каля Храма ў першы дзень пасьля сьвяткаваньня Пасхі, каб разам ісьці дадому. Пакуль яны зьбіраліся, а для гэтага быў час, Ісус пайшоў у Храм, каб паслухаць адказы настаўнікаў на шматлікія пытаньні паломнікаў. Усё ішло сваёй чаргою і паломнікі выйшлі з Ерусаліму ў Назарэт. Марыя меркавала, што Ісус ідзе з бацькам, бо так было заведзена, што ў Ерусалім Ён быў павінен ісьці з маці, а ў Назарэт, як ужо дарослы, з бацькам Як гэта было і заведзена, мужчыны і жанчыны ішлі паасобку, а таму ніхто з іх і не заўважыў, што Ісуса ў складзе вяртаючыхся паломнікаў няма. Ісус жа быў настолькі захопленым дыспутам у Храме, што і не заўважыў, як настаў час адыходу паломнікаў з Ерусаліму. Бацькі ж не хапіліся адсутнасьцю Ісуса па прычыне вельмі простай. Мужчыны меркавалі, што Ён ідзе з маці, а маці лічыла, што Сын ідзе, як і павінна было ўжо быць, з бацькам. Яны прайшлі за Ерыхон, знайшоўшы ўжо прыпынак на ноч, калі выявілася, што Ісуса сярод іх няма. Ноч бяз сну сустрэла Язэпа і Марыю, дзе яны, губляючыся ў здагадках і мякка дакараючы адзін аднога, чакалі сьвітанку, каб хутчэй вяртацца ў Ерусалім.
Упэўніўшыся, што назарэцкай групы ўжо няма, Ён вырашыў захоўваць супакой разважыўшы, што хутка вызначыцца Ягоная адсутнасьць і бацькі, па логіцы, павінны вярнуцца ў гэтае месца, а таму Ён павінен быць тут, у Храме. Ісус вярнуўся на агульны двор Храма і астатнюю частку другой паловы дня заставаўся тут, слухаючы выступоўцаў, пра сябе разважаючы над тымі тэмамі, якія краналіся настаўнікамі. Пасьля заканчэньня пасьляабедзеннага дыспуту, Ён накіраваўся ў Віфанію, спадзяючыся на тое, што бацькі маглі зайсьці туды, пакінуўшы зьвестку пра тое, дзе яны будуць знаходзіцца ў Ерусаліме. А далей яны з Лазарам хутка іх расшукаюць. Сям’я Сымона гатавалася ўжо да вячэры, калі Ісус пагрукаў у дзьверы дома. Сымон выслухаў Ісуса і ўхваліў Яго за правільнасьць выбранага рашэньня. Лазар жа з сёстрамі ня вельмі перажывалі за гэтую сітуацыю, а больш радаваліся нечаканай магчымасьці правесьці яшчэ нейкі час з Ісусам. Раніцай наступнага дня, пасьля сьняданку, Ён пайшоў у Храм, каб чакаць там бацькоў ды прыняць удзел у размовах з настаўнікамі. Між тым Язэп і Марыя, аддзяліўшыся зранку ад групы назарэцкіх паломнікаў, пайшлі ў бок Ерусаліма, складаючы свой план дзеяньняў па пошуку Сына.
Апынуўшыся сярод людзей, якія прыйшлі паслухаць настаўнікаў і прыняць удзел у размовах, Ісус пачаў задаваць пытаньні, слухаючы ўважліва адказы на іх, дапаўняючы некаторыя з іх. Але тое, якім чынам Ён прымаў удзел у храмавых дыскусіях, захоўваючы тон, належны Ягонаму ўзрасту, вельмі ўразіла прысутных. Часам войстрыя пытаньні Ісуса, крыху бянтэжылі адукаваных настаўнікаў гебрайскага Закона, але Ягоная пачцівасьць была такой шчырай, а смага ведаў такой відавочнай, што большасьць храмавых настаўнікаў паставіліся да Яго з усёю павагай. Але ня ўсе і гэта выявілася пасьля таго, Як Ён усумніўся ў справядлівасьці сьмяротнага пакараньня для нецьвярозага паганіна, які бадзяўся за межамі паганскага двара, папаўшы на забароненую і, як лічылася, сьвятую тэрыторыю Храма. Адзін з настаўнікаў ня вытрымаў і незадаволена запытаў у юнака пра тое, колькі ж Яму гадоў. Ісус адказаў яму: «Трынаццаць гадоў без чатырох месяцаў» і атрымаў адказ: «У такім выпадку, як ты можаш тут знаходзіцца, не дасягнуўшы ўзроста сына Закона?» І калі Ісус патлумачыў, што Ён прайшоў абрад пасьвячэньня пад час Пасхі, бо зьяўляецца выпускніком назарэцкіх школаў, храмавыя настаўнікі, у адзін голас і з насьмешкай, усклікнулі: «Як жа мы не здагадаліся, што Ён з Назарэта!» Настаўнік жа, які кіраваў сходам, не пагадзіўся з незадаволенымі і вырашыў, што Ён можа і далей прысутнічаць, у якасьці вучня, на гэтых храмавых дыспутах. Так, неўзаметку, прайшоў гэты дзень і Ён не дачакаўшыся бацькоў, зноў пайшоў у Віфанію. Бацькі ж, у той дзень, мінуючы Віфанію прыйшлі ў другой палове дня да родных, дзе яны знаходзіліся пад час Пасхальных сьвятаў, аглядаўшы навакольле, дзе звычайна гулялі дзеці. Але пра Ісуса ня ведаў ніхто і яны засталіся на ноч у сваіх родных, знаходзячы ў вялікім непакоі.
Трэці дзень, які правёў Ісус з вучонымі настаўнікамі, сабраў натоўп людзей, якія пачулі ад іншых пра незвычайнага галілейскага юнака, што той разважае на ўзроўне паважаных храмавых настаўнікаў, а ў некаторых пытаньнях нават ставіць тых і у пэўны тупік. Сымон таксама прыйшоў сюды разам з Ісусам, каб паглядзець і паслухаць Яго на гэтым шматлюдным сходзе. На працягу ўсяго дня слухаючыя дзівіліся пытаньням гэтага юнака, але больш за ўсіх быў зьдзіўлены сам Сымон. Звыш чатырох гадзінаў гэты назарэцкі юнак засыпаў гебрайскіх настаўнікаў сваімі пытаньнямі – пытаньнямі, якія прымушалі слухаючых задумацца ды прыслухацца да голасу свайго сэрца. Майстэрскі фармулюючы Свае пытаньні, Ісус адначасова і спрачаўся з довадамі настаўнікаў, прапануючы Сваё бачаньне на тыя ці іншыя рэчы. Але, задаючы пытаньні ці адказваючы на іх, Ён быў заўсёды шчырым ды тактычным, а спалучэньне мудрасьці і гумару падкуплялі нават тых, хто, у рознай ступені, абураліся Ягонай маладосьцю. У гэты ж час бацькі Ісуса, праходзячы каля Храму, пачулі гоман сходу, а таксама размову мінакоў, якія казалі пра незвычайнага юнака, які нічым не саступае паважаным настаўнікам. Сэрцы бацькоў на імгненьне замерлі, але, у наступны момант, яны зразумелі, што гэты незвычайны юнак і ёсьць іхнім Ісусам. З хваляваньнем і надзеяй яны пабеглі да сходу з храмавымі настаўнікамі і ім, усё болей і болей, чуўся такі родны голас іхняга Сына.
Язэп радаваўся, але маўчаў. Марыя ж дала волю свайму страху ды хваляваньню і, падбяжаўшы да Сына, Які падняўся насустрач бацькам, сказала: «Дзіця! Што Ты зрабіў нам гэтак? Вось, бацька Твой і я з вялікай мукаю шукалі Цябе». У паветры павісла напруга. Усе глядзелі на Ісуса, чакаючы Ягонага адказу. Язэп не сказаў нічога, бо Ісус быў ужо пасьвячоны ў грамадзяніна Ізраіля і меў права на Сваё рашэньне, але маці папракнула Яго перад усім сходам, не зважаючы на прысутных. Але Ісус адказаў так, як быў і павінен адказаць: «Навошта вы шукалі Мяне? Ці ж вы ня ведаеце, што Я мушу быць у тым, што належыць Айцу Майму?» Ягоная манера казаць уразіла ўсіх прысутных і яны моўчкі разыйшліся, пакінуўшы Яго з бацькамі. Застаўся з імі толькі Сымон, які прыйшоў сюды разам з Ісусам. Дзень падыходзіў да вечару, каб перадаць свае правы ночы і яны, разам з Сымонам, пайшлі ў Віфанію, каб, пасьля адпачынку, працягнуць свой шлях у родны Назарэт.
На працягу трох дзён шляху ў Назарэт Ісус быў няшматслоўны, ды і бацькі таксама, у асноўным, маўчалі. У глыбіні сваёй душы, яны не маглі зразумець паводзінаў свайго першага Сына, але з іншай, яны, пэўным чынам, ганарыліся тым, што Ён так дастойна паводзіў Сябе паміж настаўнікаў, якія дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных. Калі ж яны прыйшлі ў Назарэт, Ісус зьвярнуўся да бацькоў, запэўніўшы іх у Сваёй любові і завершыў Свой зварот словамі: «Хаця Я павінен выконваць волю Майго Нябеснага Айца, Я буду таксама паслухмяным майму зямному бацьку. Я буду чакаць Свайго часу». Язэп быў зьбянтэжаны, а эмацыйная Марыя яшчэ працяглы час не магла супакоіцца ад мінулага здарэньня. Што ж тычыцца Ісуса, дык Ён з вялікай пакорай падпарадкоўваўся Свайму зямному бацьку і звычаям Сваёй сям’і. Нават і тады, калі Ён ня мог пагадзіцца, Ён рабіў усё магчымае, каб падпарадкавацца бацькам. Ён навучыўся вельмі добра ўзгадняць адданасьць Свайму абавязку з аднога боку і неабходнасьцю выконваць Свае абавязкі перад сям’ёй - з іншага. Аповяд пра Ягоныя дэбаты з храмавымі настаўнікамі пацешыў увесь Назарэт, асабліва Ягоных настаўнікаў школы пры сынагозе. Усе хвалілі Яго, успамінаючы, што яшчэ дзіцёнкам Ён вызначаўся мудрасьцю і правільнымі паводзінамі, што, магчыма, прывядзе да таго, што з Галілеі выйдзе вялікі настаўнік. І ўсе, з нецярпеньнем, чакалі, калі Яму споўніцца пятнаццаць гадоў і Ён атрымае дазвол да суботняга чытаньня Пісаньняў у сынагозе.
Ад аўтара:
У няпоўных трынацць гадоў Ісус атрымаў абавязковую, на той момант, адукацыю ў Назарэце. Наперадзе дарослае жыцьцё, а нам, дасьледчыкам жыцьця нашага Збаўцы, ня будзе залішнім даведацца, увогуле, пра школьную сістэму адукацыі тагачаснага Ізраіля. Гістарычныя крыніцы даводзяць нам, што на Блізкім Усходзе школьная адукацыя існавала яшчэ 2500 год да нашага часу, калі ў гэтых мясьцінах гебраяў яшчэ не было. Эгіпет таксама вызначаўся наяўнасьцю адукацыі, бо гэта было неабходным для фунцыянаваньня дзяржаўных інстытутаў. Існавалі ваенныя школы і школы, якія давалі прафесыйную ды тэхнічную адукацыю. Асаблівая ўвага давалася навучаньню пісьма, як асновы для перадачы тэхнічных, прафесыйных і справаводчых ды вучоных навыкаў. Гэтыя школы вучылі хлопчыкаў з вышэйшага кола грамадзтва. І таму няма ніякага сум’неньня, што Майсей вучыўся ў гэтай школе, як чалец сям’і фараона. Падобная карціна назіралася і ў Месапатаміі, дзе юнакоў вучылі гадамі, каб тыя, потым, займалі пасады пры храмах, войску і чыноўным апараце валадара. А што ў Ізраілі?
Першыя зьвесткі пра адукацыю ў Ізраілі дае кніга Старога Запавету – Другі Закон. Ад пачатку адукацыя дзяцей, галоўным чынам, ускладалася на бацькоў, якія былі адказныя, найперш, за асноўныя рэлігійныя настаўленьні. Прафесійнае навучаньне цалкам знаходзілася ў адказнасьці бацькі, які навучаў сыноў сваім асабістым прафесійным навыкам. Гебрайскі алфавіт складаецца з 22 негалосных літараў і, у сувязі з гэтым, было адносна лёгка вучыць пісаць ці чытаць, а гэта кажа пра тое, што адукаванасьць у Ізраілі была вышэй чым у Эгіпце ці Месапатаміі, дзе алфавіт быў нашмат складанейшым.
Адукацыя ў Ізраілі служыла тым жа мэтам, што і ў іншых краінах, бо існавала неабходнасьць навучаньня сьвятароў і лявітаў для храмавых рытуалаў, як і падрыхтоўка рабінаў для працы ў шматлікіх сынагогах, дзе, між тым, функцыянавалі школы, у якіх яны былі настаўнікамі на працягу шасьці гадоў навучаньня. Маладых людзей трэба было гатаваць для працы на адміністрацыйных пасадах валадароў краіны, юрыдычных і дыпламатычных пасадах. Таксама была вялікая патрэба ў пісцах, якія абслугоўвалі насельніцтва ды дзяржаўныя інтарэсы, захоўваючы храмавыя кнігі Бібліі ды запісваючы хронікі валадарства. У Ізраілі прысутнічала вельмі моцная ўпэўненасьць, што сапраўдным Настаўнікам Ізраіля быў Госпад і таму кожны настаўнік зьяўляўся інструмантам у руцэ Божай, які фармаваў характар вучня і разьвіцьцё ведаў і навыкаў, каб, у далейшым, служыць народу і краіне. Пажадаем жа і нашаму часу, каб Госпад вучыў нашых маладых людзей праз адданых справе і пасьвячоных настаўнікаў. Няхай так і будзе.
Свидетельство о публикации №226010900941