Путь в Рим

XI. ШЛЯХ У РЫМ

Праз два дні, пасля пасхальнага сьвяточнага тыдня, група вандроўнікаў, у складзе трох чалавек, выйшла, а дакладней выехала на аслах да марскога порту Міжземнага мора – Цэзарэі. Шлях іхні ляжаў праз Эмаус, Лідду і Ёппу, а потым, уздоўж марскога берагу на поўнач, праз Апалонію да Цэзарэі. Вандроўнікі нясьпешна спускаліся па горнай дарозе ад Ерусаліма да ўрадлівай даліны Айлон, на пачатку якой і знаходзілася паселішча Эмаус, якое схавала спадарожнікаў у цені міндальных дрэваў і масьлінаў. Гэтае месца заўсёды было перакрыжаваньнем важных дарог, якія сустракаліся менавіта тут, каб потым аб’яднацца ў адну – ерусалімскую. З захаду яна ішла ад порту Ёппы, з поўначы прыходзіла дарога з Самарыі, а з поўдня перакрыжаваньне сустракала дарогу з паўднёвай Палестыны.

Якую ж безліч народу бачылі гэтыя камяні ў-ва ўсе вякі, колькі ступакоў прайшло тут ў бок Ерусаліма і наадварот? Так, у голас, разважаў Ісус, накіроўваючы Свае словы да маладога Ганіда, які стаяў побач, калі яны сьпешыліся, шукаючы месца для адпачынку. Яны вырашылі не затрымлівацца тут і, зранку, працягнуць свой далейшы шлях да Ёппы, дзе ў Ганода былі арганізацыйныя справы па прыёмцы тавараў у мясцовым порце. Назаўтра, пасьля адпачынку, вандроўнікі працягнулі шлях і, мінуючы Лідду, набліжаліся да Ёппы. Прыморскі горад сустрэў іх асьвяжальным міжземнаморскім ветрам і гоманам марскога порту, дзе, нягледзячы на ўжо вечаровы час, працоўнае жыцьцё яшчэ не заціхла. Ганода сустрэў ягоны прадстаўнік, які кіраваў прыёмкай і адпраўкай гандлёвых тавараў са складоў у порце. Ён ужо падгатаваў месца для адпачынку непадалёк ад порта і яны, усе разам, накіраваліся да вызначанага месца адпачынку, дзе яны павінны будуць затрымацца на тры-чатыры дні.

Зранку Ганод, разам са сваім падначаленым, пайшоў у порт па сваіх гандлёвых справах, а Ісус, разам з Ганідам, пайшлі знаёміцца з гэтым прыгожым прыморскім горадам. Але Ганід, акрамя іншага, атрымаў даручэньне ад бацькі наведаць нейкага Сымона гарбара, з якім ён меў сур’ёзныя гандлёвыя адносіны, і запрасіць таго на заўтра да сябе. Наведваючы Сымона, Ісус пазнаёміўся з маладым чалавекам на імя Амос, які быў памочнікам Сымона па сувязях з іншаземцамі, бо ведаў, акрамя грэцкага, мовы ўсходніх краінаў. Гэты адукаваны малады чалавек, як заўважыў Ісус, быў шукальнікам праўды, а калі шукальнік праўды сустракаецца з носьбітам праўды, якім і быў Ісус, дык вынікам такой сустрэчы ёсьць вялікае азарэньне ў разуменьні гэтае праўды. І вось аднойчы, пасьля вячэры, яны сядзелі каля мора ля порту, адкуль, як лічылася, і адправіўся прарок Ёна ў сваё незабыўнае плаваньне. Сказаўшы пра гэта Ісусу, малады чалавек зьвярнуўся да Яго: «А як Ты лічыш. Ці сапраўды вялікая рыба праглынула Ёну?»

Ісус, гледзячы на Амоса, зразумеў, што гісторыя прарока Ёны вельмі ўразіла яго, а ягоныя разважаньні пра прыгоды прарока упэўнілі яго ў грахоўнасьці невыкананьня волі Божай. Адказваючы на гэтае пытаньне, Ён зьвярнуўся да Свайго маладога сябра: «Амос, усе мы, у нейкім сэнсе – “Ёны”, якім належыць жыць згодна волі Бога. І кожны раз, калі мы намагаемся ўхіліцца ад патрабаваньняў жыцьця і бяжым да спакусаў, мы падстаўляем сябе непасрэднаму ўзьдзеяньню тых уплываў, якія не кіруюцца сіламі праўды і праведнасьці. Бегчы ад абавязкаў – азначае ахвяраваньне праўдай. Уцёкі ад служэньня сьвятлу і праўдзе могуць прывесьці толькі да пакутлівага сутыкненьня з упартымі кітамі эгаізму, якія, праглынуўшы нас, непазьбежна вядуць да цемры і сьмерці, калі гэтыя “Ёны” не навярнуць свае сэрцы да пошуку Бога і Яго дабраславеньняў. І калі такія сэрцы шчыра шукаюць Госпада, смагнуць праўды і праведнасьці, ніхто і нішто не ўтрымае іх у палоне. Як бы глыбока яны ня ўпалі, калі ўсім сэрцам яны памкнуцца да сьвятла, дык Дух Божы вызваліць іх з палону. Неспрыяльныя абставіны жыцьця зьнікнуць і яны паўстануць на цьвёрдую глебу новых магчымасьцяў для адноўленага служэньня ды больш мудрага жыцьця». Амос уважліва слухаў свайго новага сябра і, калі яны вярталіся ад мора, моўчкі абдумваў гэтае навучаньне ад Ісуса. Памаліўшыся і пажадаўшы адзін адному добрага адпачынку, яны разыйшліся па сваіх пакоях.

Падыходзіў да завяршэньня час знаходжаньня вандроўнікаў у Ёппе, пасьля чаго яны павінны працягнуць свой шлях да Цэзарэі, каб адтуль, па мору, дасягнуць егіпецкай Александрыі. Яны не адплылі адразу з порта Ёппы па прычыне таго, што справы чакалі Ганода ў Цэзарэі і дзе, у вызначаны час, іх будзе чакаць карабель да Александрыі. У апошні вечар перад адыходам у Цэзарэю, Ісус, разам з Ганідам і Амосам, зноў быў на беразе мора, непадалёк ад заціхаючага ад дзённага гоману порта. Амос, ідучы побач Ісуса, разважаў пра тое, што бачыў амаль што кожнага дня – пра дабро і зло. Ён, памятаючы словы Ісуса, што Бог і ёсьць крыніцаю дабра, зьвярнуўся да Ісуса і запытаўся ў Яго: «Як можа Бог, калі Ён бясконца добры, дазваляць людзям пакутаваць ад няшчасьцяў, якія прыносіць зло? І хто, у рэшце рэшт, робіць гэтае зло?»

Ісус, паглядзеўшы на маладых людзей, прамовіў да іх: «Браты Мае, Бог ёсьць любоў, а таму Ён ня можа ня быць дабрадзейным. Ягоная дабрадзейнасьць ніяк не зьмяшчае ў сабе зло. Зло – гэта нясьпелыя рашэньні ды бяздумныя ўчынкі тых, хто супрацівіцца дабрадзейнасьці і здраджвае праўдзе. Зло ёсьць разбуральнае і скажальнае ўзьдзеяньне невуцтва. Зло – гэта непазьбежная цемра, якая крочыць за неразумным адпрочваньнем сьвятла. Зло ёсьць тое, што змрочнае ды несапраўднае, як тое, што пры ўсьвядамленьні становіцца грэхам». Ісус, гледзячы на зацікаўленых сяброў, працягнуў: «Надзяляючы вас здольнасьцю выбіраць паміж праўдай і памылкаю, ваш Нябесны Айцец стварыў магчымасьць адмаўленьня станоўчага шляху сьвятла і жыцьця. Але памылкі, якія сьведчаць пра зло, у рэчаіснасьці зьяўляюцца неіснуючымі да таго часу, пакуль разумная істота не абуджае іх да жыцьця сваёй волей, якая выбірае шлях грэху. Менавіта таму наш Нябесны Айцец дапушчае адначасовае існаваньне дабра і зла да сканчэньня жыцьця – так жа, як прырода дазваляе пшаніцы і кукалям расьці разам да жніва».

Цэзарэя сустрэла вандроўнікаў палацамі з белага камяню і храмам Аўгуста з ягонай велічнай статуяй. Іх разьмясьцілі ў добрых пакоях, дзе яны павінны былі пражываць да адпраўленьня ў Александрыю. Прайшло некалькі дзён, калі Ганод упарадкаваў усе свае справы, але карабель, на якім яны павінны былі адплысьці, ня быў гатовым для гэтага. Рамонт карабельнага рыштунку зацягнуўся і таму вандроўнікі мелі пэўны вольны час у горадзе. Ісус ўжо азнаёміўся з горадам і, ў вольны час, назіраў за працай порту. Іхні карабель стаяў каля рамонтнай майстэрні, папраўляючы дэталі рыштунку і ўмацоўваючы некаторыя дэталі корпусу. Паглядзеўшы на працу майстроў, Ён прапанаваў ім больш дасканалы спосаб апрацоўкі дрэва, паказаўшы ім гэта на практыцы. Ісус застаўся сярод іх, працуючы разам з імі ды гатуючы карабель да адплыцьця ў Егіпет.

Адзін малады чалавек, на імя Анаксанд, працуючы разам з Ім і чуючы пра тое, што Айцец Нябесны клапоціцца пра ўсіх Сваіх дзяцей, запытаў Яго пра свайго начальніка майстэрні, які, праяўляў жорсткасьць і, ад якога, мала хто чакаў міласэрнасьці. Адказ Ісуса зьдзівіў яго: «Калі ты ведаеш шлях справядлівасьці, магчыма Бог зрабіў так, што гэты чалавек апынуўся каля цябе для таго, каб ты паказаў яму лепшы шлях. Можа ты і ёсьць сольлю, якая асаліўшы яго, дасьць яму магчымасьць палепшыцца. Сёньня гэты чалавек пануе над табою так, што ягоныя дрэнныя ўчынкі ўзьдзейнічаюць на цябе. Але, чаму і не паказаць сваю перавагу над злом, абапіраючыся на сілу дабрадзенства і, такім чынам, стаць галоўным у вашых адносінах. Я прадбачу, што тваё ўнутранае дабро здольнае перамагчы тваё ж унутранае зло, калі ты, да гэтага дабра, дадасі сапраўдную магчымасьць яму праявіцца». Анаксанда вельмі ўсхвалявалі словы Ісуса, якія ён запамятуе на ўсё сваё жыцьцё.

Падапечны Ісуса Ганід, які, быўшы побач, бачыў і чуў усе размовы Настаўніка з рознымі людзьмі, вырашыў запытаць Ісуса пра Ягоныя адносіны да ўсіх людзей: «Навошта Ты, з такой сталасьцю, страчваеш Свой час на сустрэчы з чужымі людзьмі?» Ісус, спакойна выслухаўшы Сваго вучня, пасьля некатораў паўзы, адказаў: «Ганід, для чалавека, які спазнаў Госпада, няма чужых. Калі ты знаходзіш Нябеснага Айца, ты пачынаеш разумець, што ўсе людзі – браты і нічога дзіўнага ў тым няма, што чалавек адчувае радасьць, калі сустракае новага брата. Пазнаёміцца з братамі і сёстрамі ды навучыцца любіць іх – гэта і ёсьць вышэйшым вопытам нашага жыцьця». Ганід падзякаваў Ісуса за гэты, даволі дзіўны для яго, адказ, але ён меў яшчэ адно пытаньне да Настаўніка: «Воля Бога і воля чалавека – у чым розьніца?» Ісус быў вельмі задаволеным гэтым пытаньнем таму, што яно зыходзіла ад неабыякавага чалавека, які намагаўся даведацца Божай праўды. І Ён, з задавальненьнем, адказаў Ганіду: «Божая воля ёсьць Божы шлях, шлях саўдзелу ў выбары Госпада ва ўмовах рэальнай альтэрнатывы. Таму выкананьне волі Бога ёсьць вопыт паступовага набыцьця Божага падабенства. Бог зьяўляецца крыніцаю і мэтай усяго дабрадзейнага, цудоўнага і праўдзівага. Чалавечая ж воля ёсьць чалавечы шлях – сукупнасьць таго, чым чалавек вырашае быць і што ён вырашае рабіць. Воля ёсьць наўмысны выбар самасьвядомай істоты, які вядзе да разумнага дзеяньня. Воля ёсьць тая праява чалавечага розуму, якая дазваляе суб’ектыўнай сьвядомасьці выявіць сябе аб’ектыўна і адчуць цуд імкненьня да богападобнасьці. Менавіта ў гэтым сэнсе кожны разумны і маючы духоўныя схільнасьці чалавек можа стаць стваральным».

Праз некалькі дзён рамонт карабля быў завершаны і вось настаў той ранак, калі вандроўнікі стаялі ля борту гледзячы, як аддаляецца бераг Цэзарэі. Спрыяльны ўсходні вецер цалкам напаўняў ветразі карабля, які весела сьлізгаў па паверхні, абганяючы марскія хвалі. Наперадзе была Александрыя, пра якую Ён чуў ад маці і Язэпа, дзе, будучы зусім маленькім, Ён ужо тут быў. Падыходзячы да горада, яны, у захапленьні, убачылі вялічэзны Фароскі маяк, разьмешчаны на высьпе, якую Александр Македонскі аб’яднаў з матэрыком з дапамогаю мола. Маяк узвышаўся над портам, які і сустрэў карабель з Цэзарэі, каб той выканаў свой, прызначаны для яго, маршрут. Ганода сустрэў ягоны прадстаўнік у Александрыі, каб правесьці вандроўнікаў да месца адпачынку. Праз тры гадзіны пасьля прыбыцьця ў порт, яны разьмясьціліся ў доме каля галоўнай вуліцы Александрыі і, першым жа чынам, дазволілі сабе вячэрні шпацыр па галоўнай вуліцы. Ранак сустрэў іх гоманам вялікага гораду. Ганод пасьпяшаўся па сваіх справах, а Ісус з Ганідам накіраваліся ў бок бібліятэкі Александрыі, якая, была самай буйною ў-ва ўсім рымскім сьвеце. Ісус распавёў Ганіду пра тое, што менавіта тут быў зроблены пераклад сьвятых кніг гебраяў на грэцкую мову, пад назваю Сэптуагінта.

Некалькі дзён запар яны прыходзілі сюды, знаёмячыся з рукапісамі многіх краінаў сьвету, у тым ліку і з Індыі. Вынікам гэтай пазнавальнай працы былі іхнія размовы пра асноўныя сусьветныя рэлігіі. Ісус, на правах выхавацеля, паказваў Свайму маладому сябру тую праўду, якая знаходзіцца ў кожнай з іх. Але, у выніку, Ён сказаў Ганіду наступнае: «Уяўленьне пра Бога Ізраіля сфармавалася з адкрыцьця Мэлхісэдэка і запавета Абрагама. Гебраі зьяўляліся нашчадкамі Абрагама, якія потым прыйшлі ў тую ж зямлю, дзе жыў і вучыў Мэлхісэдэк. Менавіта іхняя рэлігія стала адлюстраваньнем больш яснага ўсьведамленьня Госпада Бога Ізраіля як Усеагульнага Нябеснага Айца, чым якая-небудзь іншая». Што ж тычыцці рымлянаў і грэкаў, дык тут яны прыйшлі да высновы, што ў рэлігіі рымлянаў няма сапраўднага Бога і якая, наспраўдзе, ператварылася ў пакланеньне цэзару, а філасофія грэкаў узьнялася вышэй за рэлігію.

Дарэчы, пацьверджаньнем гэтага былі лекцыі розных філосафаў, якіх яны чулі ў музеі Александрыі, які зьяўляўся, адначасова, і інтэлектуальным цэнтрам рымскага сьвету. Ганід адразу ж заўважыў нейкую ганарлівась і самаўпэўненасьць выступоўцаў, на што Ісус выказаўся наступным чынам: «Гордасьць неадухаўлёнай вучонасьці зьяўляецца адной з падступных зьяваў у чалавечым вопыце. Сапраўдны настаўнік захоўвае сваю інтэлектуальную шчырасьць дзякуючы таму, што заўсёды застаецца вучнем». Ісус не адмаўляў зусім грэцкай філасофіі і сьцьвярджэньням стоікаў і казаў маладому чалавеку пра тое, што многія з гэтых вучэньняў вядуць чалавека да богашукальніцтва ды жывога вопыту спазнаньня Вечнага Бога.

Прайшлі тры тыдні з таго дня, калі іхні карабель прышвартаваўся ў порце Александрыі. Праз тыдзень іхні шлях будзе працягнуты ў накірунку Рыма, праз выспу Крыт, а пакуль што вандроўнікаў чакала сустрэча з вядомым філосафам, які выступаў з лекцыямі пра вучэньне Платона. Вечарам таго ж дня, абмяркоўваючы размову з грэцкім філосафам, Ісус дадаў да тэмы пра веданьне і праўды: «Веданьне ёсьць прастора матэрыяльнага розуму, які спасьцігае факты. Праўда ёсьць прастора духоўна адоранага інтэлекту, які ўсьведамляе факт веданьня Бога. Веданьне ў доказе, а праўда спасьцігаецца вопытам. Веданьне зьяўляецца функцыяй недухоўнага ўзроўню, праўда ж ёсь ступень інтэлектуальна-духоўнага ўзроўню. Матэрыяльны розум бачыць сьвет фактычнага веданьня, а адухоўлены інтэлект спасьцігае сьвет сапраўдных каштоўнасьцяў. Два гэтых погляда, ва ўзаемнай каардынацыі і гармоніі, расчыняе сьвет рэальнасьці, у якім мудрасьць інтэрпрэтуе зьяўленьне з кропкі погляду павялічваючага асабістага вопыту». Так скончыўся гэты дзень, а назаўтра былі запланаваныя зборы ў далейшы шлях і адплыцьцё на выспу Крыт.

Міжземнае мора сустрэла вандроўнікаў лагодным паўдзённа-усходнім ветрам і іхні карабель, напоўніўшы ветразі, поўны курсам накіраваўся да наступнага свайго прыпынку. Ганод ня меў на Крыце свайго прадстаўніцтва і таму мэтаю іхняга знаходжаньня на высьпе, быў адпачынак і знаёмства з прыродай ды людзьмі ў гэтай мясцовасьці. Нягледзячы на папярэджаньне александрыйскіх знаёмых пра няпросты характар мясцовага насельніцтва, Ісус палюбіў гэтых, у сваёй большасьці, простых людзей, якія цягнуліся да слова Ісуса, каб больш даведацца пра адзінага Бога сусьвету. А да гэтага яны прышвартаваліся ў порце Лясэя і, адпачнуўшы, накіраваліся на поўнач, да Геракліёну. Маляўнічая дарога, пятляючы як змяя, праходзіла праз горы і даліны, радуючы вандроўнікаў зялёнымі дрэвамі даліны і вяршыняй Іды, якая ўзвышалася над імі ўвесь час іхняга пераходу да Геракліёну. Яны ішлі не сьпяшаючы, прыпыняючыся ў невялічкіх паселішчах і заводзячы знаёмствы з мясцовымі жыхарамі. Ісус вельмі цікавіўся жыцьцём гэых людзей, адказваючы на самыя разнастайныя пытаньні ад гэтых цудоўных людзей.

Ідучы па горнай дарозе Ісус размаўляў з Ганодам пра веру ў Нябеснага Айца, пасьля чаго зьдзіўлены, але і захоплены, Ганод сказаў: «Зараз мне ня дзіўна тое, што мой сын прыслухоўваецца да кожнага Твайго слова, але хачу заўважыць, што за такую веру, пра якую кажаш Ты, я ня чуў нават і ў Ерусаліме». Ганід моўчкі слухаў размову старэйшых, але, калі гэта было магчымым, запытаў Ісуса пра тое, чаму Ён ня стаў прапаведнікам, маючы школу ці што іншае. Ісус жа сказаў на гэта: «Усяму свой час. Ты нараджаешся ў гэтым сьвеце, але ніякае нецярпеньне не дапаможа табе вырасьці. Ты павінен чакаць свайго часу. Толькі час робіць сьпелым вісячы на дрэве зялёны плод. Толькі з цягам часу зіма зьмяняецца летам, а ўсход сонца – ягоным заходам. Вось зараз мы ідзем па гэтай дарозе па шляху ў Рым і робім тое, што дазваляе нам час. І гэтага дастаткова на сёньня. Мой жа заўтрашні дзень цалкам знаходзіцца ў руках Майго Нябеснага Айца».

Нарэшце яны дасягнулі марскіх варотаў Крыту – Геракліёну. Галоўны партовы горад Крыту сустрэў сяброў ветлівым прыбярэжным марскім ветрам. Дом, што даў прытулак спадарожнікам, знаходзіўся каля берагу, непадалёк ад порту Геракліёна і таму ён сустракаў вятры з мора адразу ж як тыя прыносілі марскія хвалі на ўзбярэжжа. Голас набягаючых хваляў супакойвае сэрца чалавека і закалыхвае яго для адпачынку. Усе яшчэ адпачывалі, калі Ісус прачнуўся і выйшаў на марскі бераг. Ужо абудзіўся порт, адкуль, праз цішыню ранку, даносіліся гукі ранішняй працы. Ісус ведаў ужо гэты партовы рытм, калі караблі заўсёды сьпяшаюцца, каб хутчэй загрузіцца ці выгрузіцца і зноў выйсьці ў мора, у наступны пункт свайго прызначэньня. Ісус глядзеў на мора і думаў пра Свой пункт прызначэньня, пра будучую працу на гэтай зямлі. Павярнуўшыся ж да гораду і дому, які прытуліў Яго, Ісус узьнёс свае рукі да Госпада, праслаўляючы Яго за тыя дзеі, якія прывялі Яго і Ягоных сяброў на гэтую зямлю. Ісус павярнуў ад мора да дому, дзе ўжо былі чутныя, мілыя сэрцу, галасы ягоных сяброў.

Два наступных дня прайшлі ў шпацырах па гораду ды ўдзелу ў дыспутах на рынкавай плошчы Геракліёна, дзе кожнадзённа зьбіраліся прадстаўнікі розных філасофскіх плыняў, адстойваючы сваю кропку погляду па розных грамадзкіх пытаньнях, у тым ліку і рэлігійных. Ісус больш слухаў выступоўцаў і ўступаў у спрэчкі толькі тады, калі, на Яго погляд, пытаньні і адказы на іх уяўлялі сабою дастойны ўзровень дыскусіі. Ранак чацьвёртага дня сустрэў іх на борце карабля, які, праз Мэліту, накіроўваўся ў бок Рыма. Па-ранейшаму дзьмуў паўднёва-усходні вецер, які дазваляў караблю, на добрай хуткасьці, крутым бэйдэвіндам, трымаць курс да Мэліты. Роўны папутны вецер і шпаркі ход карабля дазволіў ім, ужо праз тры дні, убачыць вузкую палоску ўсходняга берагу Мэліты. Галоўны горад і порт Валетта сустрэла ўтульнай ды зручнай бухтай, дзе, па розных прычынах, стаялі з дзясятка два караблёў. Адным патрабаваўся адпачынак ад доўгага пераходу, другім неабходны быў рамонт, а іншыя, сумяшчаючы з адпачынкам экіпажа, займаліся пагрузкай ды выгрузкай тавараў, выконваючы свае камерцыйныя мэты. Карабель жа нашых вандроўнікаў прышвартаваўся на два дні з мэтаю частковай разгрузкі і пагрузкі гандлёвых тавараў, прызначаных для портаў Італіі. Спадарожнікі засталіся на караблі, выходзячы на дзённыя шпацыры, каб пазнаёміцца з горадам і паразмаўляць з мясцовымі жыхарамі. Хутка прабёг гэты час і вось яны зноў між невялікіх хваляў Міжземнага мора. Наперадзе была сталіца Сіцыліі – Сіракузы.

Ад Мэліты карабель прайшоў без усякіх цяжкасьцяў каля васьмідзесяці марскіх міляў да Сіракузаў, які знаходзіўся на ўсходнім ўзбярэжжы Сіцыліі. Карабель павінен будзе прастаяць тут тры дні, каб потым працягнуць свой шлях да Рэгіі, якая знаходзілася на паўднёва-заходнім ускрайку Італіі ¬ на наску «Італійскага боту». Вандроўнікі праводзілі гэты час па рознаму. Ганод праводзіў свой час у порце, сустракаючыся з гаспадарамі прыбываючых сюды караблёў, каб правесьці перамовы і наладзіць з імі дзелавыя сувязі. Ісус жа і Ганід знаёміліся з горадам і ягонымі жыхарамі. Ісусу спадабаліся гэтыя ветлівыя людзі. Гаспадар карчмы, дзе яны мелі месца для адпачынку, на імя Эздра, паслухаўшы Ісуса зьвярнуўся да Яго з пытаньнем, якое, на працягу доўгага часу, не давала супакою ягонай душы: «Як мне быць, бо я хачу быць сапраўдным сынам Абрагама, але не магу знайсьці Бога?» Ісусу спадабалася шчырасьць гэтага чалавека і Ён адказаў яму: «Калі ты сапраўды жадаеш знайсьці Бога, дык самое гэтае жаданьне сьведчыць пра тое, што ты ўжо знайшоў Яго. Твая бяда ня ў тым, што ты ня можаш знайсьці Яго, бо Айцец ужо знайшоў цябе,- а толькі ў тым, што ты ня маеш веданьня пра Яго. Прарок Ерамія сказаў: “Шукайце Мяне і знойдзеце, калі шукаеце Мяне ўсім сэрцам вашым”. Ён жа сказаў і наступнае: “І Я дам вам сэрца, каб ведаць Мяне, што Я – Госпад і вы будзеце Маім народам, а Я буду вашым Богам”». Пасьля гэтай размовы з Ісусам Эздра зразумеў, што ён знайшоў Бога і ягоная душа супакоілася.

Ад Сіракузаў яны працягнулі свой шлях да Рэгіі, якая знаходзілася на паўднёва-заходнім ускрайку Італіі. Карабель прышвартаваўся ў Рэгіі на кароткі час, бо, на радасьць маракоў, падзьмуў спрыяльны паўдзённы вецер, які дазволіць караблю даволі хутка прайсьці яшчэ сто восемдзесят міляў на поўнач, уздоўж заходняга ўзьбярэжжа Італіі да Путэолаў. Вандроўка праходзіла без асаблівых прыгодаў, бо лагодны ды спадарожны вецер не дастаўляў шмат клопатаў камандзе карабля, зладжаная праца якой, захапляла ня толькі Ісуса, але і ўсіх прысутных. Нарэшце вандроўнікі убачылі Неапалітанскі заліў, зьлёгку дымлівы Везувій і горад Пампэі. Карабель прышвартаваўся ў Путэолах, галоўным порце заліву, дзе Ісус упершыню ступіў на зямлю Італіі. Менавіта сюды прыходзілі вялікія караблі з Александрыі, якія везьлі ў Рым зерне і іншыя тавары. Гэты порт разьмяшчаўся на паўночным беразе Неапалітанскага заліву. Сам горад знаходзіўся прыкладна ў 240 км. на паўднёва-усходнім накірунку ад Рыму.

Ісус даведаўся ад Ганода, што бліжэйшым портам для Рыма была Осьція, але вандроўнікі і гандляры часта сыходзілі на бераг у Путэолах, бо Осьція ня мела магчымасьцяў прыняць усе караблі, якія ішлі да Рыму. Путэолы - гэта прыморскі горад, які раскінуўся ў 10 км. ад Неапаля. Гавань Путэолаў была найбольш значнай на заходнім беразе Італіі і выкарыстоўвалася для гандлю з усходнімі краінамі. Звычайна тут і разгружаліся гандлёвыя караблі, каб сухім шляхам дастаўляць розныя тавары ў сталіцу тагачаснага сьвету - Рым. Менавіта тут і высадзіліся вандроўнікі, каб ісьці далей. Паколькі ж Ганод меў неадкладныя справы ў Неапалі, яны, не губляючы часу, пайшлі туды, плануючы затрымацца там дзён на пяць.

Яны ішлі па прыгожай дарозе ў бок Неапаля, калі Ісус запытаўся ў незнаёмага спадарожніка неапалітанца, які крочыў побач з імі, ці ня можа той распавесьці ім гісторыю гэтага гораду? І, на зьдзіўленьне Ганіда, той пагадзіўся з прапановаю Ісуса, пачаўшы свой аповяд пра гісторыю Неапаля, якая перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне мясцовых жыхароў. Гісторыя гэтая пачалася 800 гадоў таму, калі грэкі заснавалі тут паселішча пад назвай Партэнопа. Цікава, што назва гэта адпавядала імяні міфалагічнай сірэны грэкаў. Праз 400 гадоў горад быў разбураны італійцамі, якія захапілі гэтае месца. Яны ж і адбудавалі горад наноў, даўшы яму і новую назву - Неапаліс, што азначала – Новы горад. Іхні новы знаёмы, на імя Фабій, пагадзіўся паказаць ім горад ды распавесьці пра найбольш знакамітыя месцы Неапаля. Дамовіўшыся сустрэцца назаўтра зранку, яны пайшлі ў гасьцініцу, дзе звычайна прыпыняўся Ганод. Ранішняя карціна марскога заліву, якая адкрывалася з гаубеца, зачаравала Ісуса сваёй прыгажосьцю. Уздымаючае ўсходняе сонца на вачах ператварала шэрую фарбу воднай паверхні ў блакітную, пачынаючы ад гарызонту і паступова набліжаючыся да берагу. Пасьля сьняданку Ганод пайшоў па сваіх неадкладных справах, а Ісус і Ганід павінны былі пачаць знаёмства з Неапалем, пры ўдзеле свайго новага знаёмага Фабія.

Горад расчыніў перад імі веліч сваіх будынкаў, даўшы ім і незабыўную панараму Неапальскага заліву, дзе белыя плямы ветразяў узвышаліся над дзясяткамі караблёў, якія перасоўваліся зараз каля неапальскага порту. Шмат што паказаў ды патлумачыў ім тут Фабій, які апынуўся, да таго ж, ня толькі гісторыкам, але і філосафам, які меў свае погляды на жыцьцё чалавека. Уважліва паслухаўшы Ісуса пра Бога і Айца, Фабій папытаў Ісуса распавесьці падрабязьней пра чалавека і Бога ды іхнія ўзаемаадносіны. Ісусу спадабаўся гэты малады італіец, які імкнуўся да спазнаньня праўды ў гэтым існуючым і няпростым сьвеце.

Ён заўважыў непадробны інтарэс і ў вачах Ганіда, які моўчкі слухаў размову Ісуса і Фабія, а таму Ён зьвярнуўся да іх абодвух: «Бог вышэй за ўсіх – Ён ёсьць Усявышні нябёсаў і зямлі. Бог ёсьць дасканалы круг вечнасьці і ўсё, што ўзвышана, сапраўдна і выдатна, падобна нашаму Богу. Усявышні ёсьць першы і апошні, пачатак і канец усяго. Ёсьць толькі адзін Бог, і імя Яго – Праўда. Бог ёсьць Сам у Сабе. Ён пазбаўлены гневу і варожасьці. Ён безсьмяротны і бясконцы. Ён ведае ўсё – нашыя таямніцы і нашыя патрэбы, як і тое, што заслугоўвае кожны з нас. Бог дае прымірэньне і аддана абараняе ўсіх, хто баіцца Яго і давярае Яму. Ён дае збаўленьне ўсім, хто служыць Яму. Бог пралівае дождж на зямлю і дае сонцу асьвятляць яе, бо Ён ёсьць Творца неба і зямлі. Ягоная міласэрнасьць ахоплівае ўсе нашыя душы і, дзе б не зьвярнуліся да Яго ў малітве, Ён заўсёды будзе з намі. Мы можам схавацца ад людзей, але не ад Бога, бо Ён бачыць усё. Ён напаўняе ўсё і жыве ў сэрцы таго чалавека, які баіцца Ягонага сьвятога імяні. Твор знаходзіцца ў Творцы і Творца знаходзіцца ў творы. Чалавек, які ведае Бога, глядзіць на ўсіх людзей як на роўных сабе і ўсе яны – Ягоныя дзеці. Той, хто эгаістычны, хто не заўважае сваіх братоў па целу, атрымае ва ўзнагароду толькі стомленасьць. Той жа, хто любіць сваіх суграмадзянаў ды мае чыстае сэрца, убачыць Госпада, а Бог накіруе шчырых сэрцам да праўды, бо Бог і ёсьць праўда».

Ісус, паглядзеўшы на зацікаўленыя твары сяброў, працягнуў, звяртаючыся да іх: «Зьнішчайце свае памылкі і пераадольвайце зло любоўю да жывой праўды. Бог вялікі міласэрнасьцю, бо першым палюбіў нас і таму хоча даць нам збаўленьне. І ня важны памер вашага багацьця, бо зараз усе вы – браты, а Бог – ваш Айцец. Заўсёды заклікайце імя Яго і вашыя малітвы будуць пачутымі. І памятайце, што ў-ва ўсякім смутку Ён смуткуе разам з вамі, а ў-ва ўсякай вашай радасьці Ён радуецца з вамі, бо праўдзівае тое, што мы ў Ім жывем і рухаемся і існуем».

Так прайшло яшчэ некалькі дзён, калі Ганод завершыў свае гандлёвыя справы ў Неапалі. Вандроўнікі падзякавалі Фабія за ягоны ўдзел у мерапрыемствах гэтых дзён, а Фабій, у сваю чаргу, выказаў шчырую ўдзячнасьць за тыя духоўныя размовы, якія расчынілі вочы гэтага неапалітанскага філосафа, паказаўшы яму адзіна сапраўдную і стваральную філасофію Бога Айца. Фабій, не жадаючы яшчэ развітвацца з новымі сябрамі, выклікаўся праводзіць іх да Капуі. Яны селі на арэндованы Ганодам воз і нясьпешна рушылі ў бок Капуі. Ганод сам кіраваў возам, слухаючы адказы Ісуса на пытаньні Фабія. Хутка яны дасягнулі Апіевага шляху, які, каля Капуі, ішоў на захад, у накірунку Тырэнскага мора. Тут яны і разьвіталіся з Фабіем, які пайшоў у Неапаль зусім іншым чалавекам у параўнаньні з тым Фабіем, які, на дарозе каля Путэолаў, упершыню адказаў на пытаньне Ісуса.

Апіевы шлях уразіў вандроўнікаў ня толькі сваёй грунтоўнасьцю, але і тым, што ўсё тут было прадумана на карысьць чалавека. Мільныя слупы, паказальнікі мястэчак і гарадоў, месцы для дзённага і начнога адпачынку – усё гэта падкрэсьлівала значнасьць гэтага шляху, па якому перасоўваліся ўсе: ад самага беднага да самага багатага чалавека. Дасягнуўшы прыморскага мястэчка Фарміе, вандроўнікі прыпыніліся ў прыдарожнай карчме на адпачынак, каб раніцай працягнуць свой шлях. Ранішні марскі брыз сустрэў вандроўнікаў на прыгожай Апіевай дарозе, якая адводзіла іх ад мора, у накірунку Тэрачыны. Нясьпешна перасоўваючыся па дарозе, яны назіралі вакол сябе маляўнічую карціну навакольнай даліны, якая радавала вока вандроўніка сялянскімі палеткамі ды зелёнай фарбай аліўкавых дрэваў. Ужо хутка яны падымаліся да Тэрачыны, адкуль ім зноў убачыўся бераг Тырэнскага мора. На ўскрайку горада вандроўнікі прыпыніліся, каб з вышыні берага палюбавацца змарагдавым узьбярэжжам мора. Яны пайшлі далей, калі ўбачылі, што Апіевы шлях праходзіць праз горад, уздоўж горнай грады, падзяляючы яго на верхнюю і ніжнюю часткі. Ганод, убачыўшы гэтае хараство, прапанаваў застацца тут на некаторы час, каб пазнаёміцца з гэтым цудоўным месцам. Ён, пры дапамозе мясцовых жыхароў, хутка знайшоў гасьцініцу і яны, разьмясьціўшыся, усе разам выйшлі на вячэрні шпацыр па галоўнай вуліцы гэтага гораду.

Наступны дзень быў прысьвечаны азнаямленьню з горадам, асабліва з ніжняю яго часткай. Неўзаметку прайшоў гэты дзень, а назаўтра, зранку, яны выправіліся ў далейшы шлях. Вандроўнікі ехалі ўздоўж канала, па якім перасоўваліся невялікія гандлёвыя лодкі да Апіевай плошчы, дзе знаходзіўся вялікі гандлёвы рынак самых разнастайных тавараў, якія дастаўляліся сюды з розных партоў Італіі. Пасьля невялікага адпачынку, яны працягнулі свой шлях і ўжо хутка дасягнулі мястэчка пад назвай Тры карчмы, якое знаходзілася ў 30 мілях ад сталіцы сьвету. Хутка знайшоўшы гасьцініцу, вандроўнікі вырашылі правесьці рэшту дня ў гэтым месцы, каб, добра адпачнуўшы, прыйсьці ў Рым. Уладкаваўшыся, яны адпачывалі ў дворыку гасьцініцы, калі Ісус пазнаёміўся з дасьведчаным і адукаваным гебраем рымскай дыяспары на імя Якуб, які быў у Путэолах па справах гандлю, а зараз вяртаўся ў Рым. Ісус прапанаваў яму вольнае месца на іхнім возе, прадчуваючы цікавую размову з гэтым чалавекам, бо для Яго ўсё тут было навіною.

Ранак сустрэў спадарожнікаў сваёй прахалодай і яны, у добрым настроі, крануліся ад гасьцініцы ў бок Рыма. Бліскуча-блакітнае італійскае неба адлюстроўвалася ў шчыльна падагнаных, адзін да аднаго, камянёў Апіевага шляху. Іхні новы сябра Якуб, назіраючы за Ісусам, заўважыў Ягоны зацікаўлены позірк на уладкаваньне гэтай цудоўнай дарогі. Гісторыю гэтага знакамітага шляху да Брундызія Якуб ведаў ад дасьведчаных рымлянаў, і зараз, гледзячы на зацікаўленага Ісуса, ён распавёў спадарожнікам гэтую гісторыю.

«Валадарыня дарог» - гэта дарога з каменнага брусу даўжынёю ў 540 км. Больш за трыста гадоў таму, высілкамі цэнзара Апія Кляўдыя Цэка, была збудаваная першая частка гэтай дарогі даўжынёй 195 км., па якой яны і ехалі. У хуткім часе Апій набыў статус дыктатара дзяржавы і працягнуў будаўніцтва гэтага шляху да Брундызія, адкуль Рым, праз Адрыятычнае мора, атрымліваў выхад на Эгнацыйскі шлях, праз Грэцыю на ўсход. Усе ведалі прымаўку пра тое, што ўсе шляхі вядуць у Рым. І сапраўды, усе шляхі ў імпэрыі будаваліся так, каб аб’яднаць гэты горад з усімі, нават і самымі дальнімі правінцыямі. Але ўсе разумелі, што будаўніцтва ўсіх рымскіх шляхоў выдаткоўвалася Рымам, а таму больш справядліва было б казаць, што ўсе шляхі адыходзяць ад Рыму. Ісус даведаўся і пра тое, што гэта ёсьць даволі сур’ёзная інжэнэрная пабудова, якая складалася з некалькіх пластоў пад тым, па якім ішлі падарожнікі. Базальтавыя пліты верхняга пласту ўкладаліся настолькі шчыльна, што вякі не маглі крануць іх са свайго месцу. Якуб распавёў Ісусу і аповяд, які хадзіў у народзе пра тое, як сам Апій кантраляваў якасьць кладкі камянёў на гэтай дарозе. Ён устаўляў паміж камянямі лязо свайго кінжала і калі яму гэта атрымоўвалася, дык тое месца разьбіралася і ўсё перараблялася наноў. У выніку ж шлях атрымаўся вельмі роўным і зручным ня толькі для колаў, але і для пешых падарожнікаў. Праз роўныя прамежкі, каля дарогі, стаялі мільныя слупы з указаньнем пройдзенага шляху, месцаў адпачынку і іншай карыснай інфармацыі. Апіевы шлях атрымаў своеасаблівую разметку, мера якой раўнялася адной рымскай мілі - 1478 м. Мільныя слупы і дзялілі шлях на гэтыя роўныя прамежкі. Ісус даведаўся і пра тое, што менавіта ўздоўж гэтага шляху былі ўкрыжаваныя больш за шэсьць тысячаў паўстанцаў рабоў пасьля перамогі рымлянаў над Спартаком.

Апіевы шлях вызначаўся сваёй значнасьцю і раскошай, якія дзіўным чынам сумяшчалася з беднасьцю і нястачай. Багатыя асабнякі дзялілі прыдарожную прастору з небагатымі карчмамі, дзе соваўся просты люд і ведалі сваё месца жабракі. Фамільныя магілы ўздоўж дарогі ўражвалі сваёй архітэктурнай пышнасьцю. Справа ў тым, што згодна рымскаму закону, прынятаму яшчэ палову стагодзьдзя таму, забаранялася хаваць нябожчыкаў у рысе сталіцы, а таму і існавала практыка будаваньня фамільных склепаў уздоўж дарог. Яны зьвярнулі ўвагу на знакамітыя магілы Сцыпіёнаў і Цэцыліі Мэтэлы, якія стаялі сярод іншых, багата ўпрыгожаных магіл. Кідалася ў вочы і наяўнасьць, праз кожныя пяцьдзясят метраў, невысокіх сядушак для адпачынку падарожнікаў. Розныя людзі штодня праходзілі і праязджалі тут. Грузавыя вазы і пасажырскія павозкі, ад простых да пышных, праходзілі ў розных накірунках. Праконсулы і рознае чынавенства сьпяшаліся да сваіх правінцыяў ці вярталіся ў сталіцу па справаздачах і іншых дзяржаўных справах. Легіёны і кагорты вайскоўцаў рухаліся ў розныя бакі, абганяемыя коннымі атрадамі вершнікаў. Жыцьцё кіпела на гэтай дарозе так, як нідзе ў сьвеце. Пасольствы з далёкіх краінаў зьдзіўлена праходзілі па Апіевай дарозе ў сваіх рознакаляровых адзеньнях і шоўкавых цюрбанах на галовах сваіх смуглявых твараў. Сябры ехалі сярод гэтага стракатага патоку людзей і жывёлаў, у накірунку Рыма. Нарэшце, праз некалькі гадзінаў, перад іхнімі вачамі паўстала Капенская брама. Адсюль і пачынаўся Рым.



Ад аўтара:
Мы ўбачылі першую частку вандроўцы Ісуса па Міжземнамор’ю, якая была для Яго вельмі захапляльнай. І гэты пачатак быў цудоўным пачаткам Ягонага асабістага служэньня, бо яшчэ не прыйшоў час служэньня грамадзкага. Ён працягваў заставацца плотнікам з Назарэту, стваральнікам рыбацкіх лодак з Капернаума і Сынам Чалавечым. Ён не дасягнуў яшчэ дасканалага валоданьня Сваім чалавечым розумам і быў Чалавекам сярод людзей. Як Чалавек сярод людзей, Ён ставіўся да Нябеснага Айца з незвычайным ды ўзвышаным даверам. Ён давяраў Айцу, як дзіця давярае свайму зямному бацьку. Ягоная вера была дасканалай. Ён не адчуваў расчараваньня ад нейкіх няўдач і паразы не краналі Яго. Ён любіў людзей як братоў, але, у той жа час, бачыў, якімі рознымі яны былі па свайму ўнутранаму складу і набытымі ўласьцівасьцямі. Ён быў незвычайна жыцьцярадасным Чалавекам, але ня быў сляпым ды безразважным аптымістам. Ён быў заўсёды кранальна спагадлівы да ўсіх людзей, таму што любіў іх і верыў ім. Але, разам з тым, Ён быў нязьменна верны Сваім перакананьням і велічна цьвёрды ў Сваёй прыхільнасьці да выкананьня волі Айца. Ягоная цьвёрдасьць магла параўнацца толькі з Ягоным цярпеньнем. Калі Яго заклікалі да несваячасовых дзеяньняў, Ён адказваў: «Мой час яшчэ не настаў». Ён ніколі не сьпяшаўся і захоўваў велічны супакой. Яго абурала зло і Ён быў нетрывальны да грэху, але Ягонае абурэньне грэхам ніколі не праяўлялася ў гнеўных адносінах да грэшніка. Ён заўсёды знаходзіў агульную мову з малымі дзецьмі, бо быў добрым Настаўнікам для малодшых братоў і сёстраў. Ён быў мякькім і непатрабавальным у Сваім асабістым жыцьці, але, разам з тым, Ён быў самым дасканалым Чалавекам у сьвеце.

Наперадзе Ісуса Рым і зараз Ён пяройдзе праз Капенскую браму, каб адчуць гэты горад усярэдзіне. Пойдзем жа за Ім і мы, каб далей убачыць жыцьцё і дзейнасьць гэтага дасканалага Чалавека.


Рецензии