Греция
Ледзь прыкметная нітка паступова ператваралася ва ўсё павялічваючуюся паласу і ўжо зусім хутка сталі прыкметнымі абрысы берагавой лініі. Нікапаль сустрэў вандроўнікаў вясёлым і шумным гоманам марскога порту. Марскі порт вызначыўся прысутнасьцю многіх караблёў. Узьнятыя ветразі падыходзячых і адыходзячых караблёў перамешваліся з голымі шчогламі стаячых каля пірсу іхніх субратоў па марской працы. Порт выконваў сваю звычайную працу. Ён прымаў і разгружаў караблі, даючы адпачынак экіпажу. Ён і загружаў іх, выпраўляючы ў далейшы нялёгкі марскі шлях. Карабельная каманда, зладжана працуючы, гатавала швартоўку карабля да пірсу, а пасажыры ўжо зьбіралі свае дарожныя рэчы, каб, у хуткім часе, зыйсьці на бераг. Зямля прыняла падарожнікаў ветліва і з увагаю, бо ім адразу ж прапанавалі непадалёк, у зацішным месцы, карчму для адпачынку. Сябры скарысталіся гэтым і, ужо праз кароткі час, яны былі ў прыемнай унутранай прахалодзе карчмы.
Рэшту дня яны правялі ў шпацыры па цэнтры Нікапаля, дзе знаходзіліся мясцовы форум і рынкавая плошча. Нікапаль, што так гасьцёўна сустрэў вандроўнікаў, выразна вызначаў тое, што рымскі дух быў тут ад пачатку. Горад быў закладзены Актавіянам на тым месцы, дзе разьмяшчалася ягонае войска перад перамогай над аб’яднананым флотам Антонія і Клеапатры. З тых часоў порт Нікапаля быў важнай адзінкай у марскім яднаньні Грэцыі і Рыму. Велічны тэатр, стадыён, рымскія тэрмы, помнік ад Актавіяна і ўпрыгожаныя насы караблёў, захопленыя ім, - усё гэта вызначала адназначную і безумоўную рымскую накіраванасьць жыцьця горада. Наступным днём мелася быць субота і Ісус вырашыў наведаць мясцовую сынагогу, пра месцазнаходжаньне якой Ён даведаўся ад гаспадара карчмы. Невялікая сынагога ветліва сустрэла Ісуса і Ён зноў чытаў урывак з Ісаі, падрабязна каментуючы яго. Прысутныя захоплена слухалі гэтага дзіўнага невядомага Настаўніка, Які сур’ёзна вызначаўся ад усіх іншых прамоўцаў. Пасьля служэньня мясцовыя гебраі яшчэ значны час не адпускалі Ісуса і, з падзякамі, запрашалі Яго прыйсьці да іх і яшчэ, але Ісус, нічога не абяцаючы, шчыра падзякаваў і іх за такую паважлівую ўвагу. Наступны ж дзень сустрэў вандроўнікаў ужо ў дарозе. Яны накіроўваліся ў бок Атэнаў.
Дарога, па якой яны перасоўваліся на набытым Ганодам у Нікапалі конным вазку, мала чым адрозьнівалася ад італійскіх. Пагоркі, зялёныя даліны і аліўкавыя гаі сустракалі ды выпраўлялі іх далей, каб новыя мясьціны радавалі вока вандроўнікаў. Некалькі разоў сябры прыпыняліся, каб падсілкавацца і адпачыць у ценю аліўкавага гаю. Так, у добрым настроі, яны і дасягнулі легендарнага гораду Атэны. Гэта быў старажытны цэнтр грэцкай навукі ды адукацыі і Ганід быў у захапленьні ад усьведамленьня таго, што ён знаходзіцца ў Атэнах – культурным цэнтры былой імперыі Аляксандра, якая распасьціралася да самой Індыі, роднай зямлі Ганіда. Інтэлектуальная і культурная сталіца сьвету была насычанай рознымі ідаламі. Як, дарэчы, і рознымі ідэямі. А таксама і разнастайнымі інтэлектуальнымі ды культурнымі навінамі. Прыезджы чалавек мог заўважыць, што атэнцы ні чым іншым ня бавіліся, як гаварыць і слухаць нешта новае. Але «новае» у Атэнах, з антычных часоў, сур’ёзна не ўспрымалася. Пра гэта можна было гаварыць і слухаць, але ўсе, пры гэтым, ведалі, што «старое» лепш за «новае», бо «старое» - гэта набыткі вякоў і яго можна бачыць, уяўляць, а нават і памацаць. «Новае» ж можа быць эфемерным і няўстойлівым, бо сёньня яно ёсьць, а заўтра яго можа і ня быць. Так, апынуўшыся у Атэнах, нечакана можна стацца і крышачку філосафам ў сваіх разважаньнях. Палітычная і культурная слава старажытнай Грэцыі, якая дасягнула сваіх вышыняў 5 стагодзьдзяў раней, хілілася да закату. Гэта адчувалася нават і ў Атэнах, гордым цэнтры элінскій культуры. Але інтэлектуальнае жыцьцё ўсё яшчэ бурліла ў гэтым горадзе, які, дарэчы, быў знакаміты на ўвесь сьвет сваім універсітэтам. Шмат якія выдатныя будынкі, створаныя пад час кіраваньня Грэцыяй знакамітым Перыклам, які быў пры ўладзе з 461 па 429 год старой эры, вабілі сваёй прыгажосьцю ды непаўторнасьцю і зараз.
Ганод ня меў тут ніякіх камерцыйных інтарэсаў, таму амаль што ўвесь свой час ён праводзіў разам з Ісусам і сваім сынам Ганідам, наведваючы разам з імі шматлікія выбітнасьці і ўважліва слухаючы цікавыя размовы сына з Ісусам. Цудоўны універсітэт яшчэ квітнеў у Атэнах, і вандроўнікі з задавальненьнем наведалі яго. Ім усім спадабалася мастацтва Грэцыі, узоры якога можна было сустрэць у розных кутках горада. Як Ганод, так і ягоны сын атрымалі вялікае задавальненьне ад дыскусіі Ісуса з мясцовымі філосафамі пра тое, што сапраўдная філасофія выходзіць з мудрасьці, якая, ў меру сваіх магчымасьцяў, усталёўвае суадносіны паміж колькаснымі і якаснымі назіраньнямі гэтага сьвету. Усе прысутныя былі ўражанымі словамі Ісуса і адзін з іх, грэк, сказаў Яму на разьвітаньне: «Вось нарэшце я ўбачыў гебрая, які разважае ня толькі пра сваю выбранасьць і гаворыць ня толькі пра рэлігію». Ісус не спрачаўся на гэтае, бо бачыў, што большасьць мясцовых жыхароў адрозьніваліся інтэлектуальнаю пыхай, якая зацьвердзілася з глыбіні стагодзьдзяў. Вандроўнікі адпачывалі тут ужо некалькі дзён, разважаючы пра далейшы накірунак вандроўкі. Далейшы ж шлях, па агульнай згодзе сяброў, пралягаў да Карынту.
Карынт знаходзіўся крыху на поўдзень ад вузкага перасмыку, які яднаў Пелапанэскую паўвыспу з правінцыяй Ахая. Праз Карынт праходзіў сухапутны гандлёвы шлях у паўночным і паўдзённым накірунку, а таксама і марскія шляхі усходняга і заходняга напрамкаў. Два марскія порты адносіліся да Карынту: Лэхэум на беразе Адрыятычнага мора і Кенхрэі - на ўзбярэжжы мора Эгейскага. Так склалася, што да Пелапанэса прычальваць караблям было зусім небясьпечна, так што гандлёвыя караблі швартаваліся ў гэтых портах, а адтуль тавары перапраўляліся непасрэдна ў Карынт. Што тычыцца гістарычных зьвестак, дык вядома, што гадоў 150 таму рымляне зьнішчылі Карынт цалкам, але, ў наступныя сто гадоў, горад быў зноў адбудаваны, бо высьветліліся пэўныя стратэгічныя якасьці гэтага месца.
І вось зараз, напоўнены іншаземцамі і гандлярамі з усяго рымскага сьвету, горад стаўся месцам марнатраўства і распусты. Становішча горшылася тым, што менавіта тут знаходзіўся цэнтр пакланеньня Афрадзіты, багіні любові, служэньне якой вызначалася распустай у пэўнай рэлігійнай форме. Палітычна ж Карынт быў рымскай калёніяй і адміністратыўным цэнтрам правінцыі Ахая. На параўнальна невялікай прасторы сканцэнтравалася амаль што чвэрць мільёну людзей, большая частка якіх паходзіла з самых розных куткоў імперыі і ня мела тут значных каранёў, бо іхнія роды былі з іншых земляў. У параўнаньні з юдэямі гэтыя людзі ня мелі тут хоць невялікіх абшчынаў адзінаверцаў. Карынт быў горадам перанаселеным і матэрыялістычным, поўным распусты і забабонаў, якія хаваліся за тварам падманлівай рэлігійнасьці.
Яшчэ ў Рыме Ганід, слухаючы Ісуса пра служэньне ў сынагогах, зацікавіўся рэлігіяй гебраяў, бо, дзе б яны не былі, ён бачыў згуртаваную супольнасьць, якая зьбіралася ў сынагогах, каб славіць свайго Бога. Ён зьвярнуўся да Ісуса з пажаданьнем пайсьці разам з Ім на служэньне ў сынагогу. Праз два дні, у суботу, ён сядзеў на адмыслова адведзеным месцы і назіраў за служэньнем. З асаблівым захапленьнем Ганід назіраў за Ісусам, Які, выйшаўшы на кафедру, каментаваў прачытаны ўрывак з Пісаньня. Пасьля служэньня да іх падыйшоў начальнік сынагогі Крысп, які падзякаваў Ісуса за грунтоўную пропаведзь і запрасіў сяброў да сябе, каб у хатнім супакоі пагутарыць з гэтым незвычайным Прапаведнікам. Крысп спадабаўся Ісусу сваёй вучонасьцю і разуменьнем прарокаў. Ягоная мудрасьць праяўлялася і ў сям’і, дзе выхоўвалася пяцёра дзяцей. Ісус добра разумеў Крыспа, бо, на працягу многіх гадоў, быў галавой Сваёй сям’і, займаючыся выхаваньнем малодшых братоў і сёстраў. Ганід таксама прасякнуўся павагай да Крыспа, назіраючы мудрасьць гэтага гебрая ў кіраўніцтве жыцьця сваёй сям’і. Ісусу былі прыемныя размовы з Крыспам па розных пытаньнях рэлігійнага жыцьця, як і тое, што Крысп падзяляў погляд Ісуса на больш дасканалыя адносіны чалавека і Бога. Так прайшло яшчэ два тыдні і прыйшоў той час, калі вандроўнікі зазьбіраліся ў далейшы шлях. Шмат хто прыйшоў праводзіць сяброў, бо мала хто быў абыякавым пасьля пропаведзяў і вучэньняў Ісуса. Далейшы жа іхні шлях быў накірованы да Эфэсу.
Вандроўнікі, у суправаджэньні сяброў карынцянаў, накіраваліся ў Кэнхрэі, што ёсьць портам на ўзьбярэжжы Эгейскага мора, які прыналежыў Карынту. Сярод суправаджаючых быў і новы сябра Ісуса Юст, які жыў каля сынагогі і які апошні тыдзень не адыходзіў ад Ісуса, засыпаючы Яго рознымі пытаньнямі рэлігійнага і штодзённага жыцьця. Вандроўнікі нарэшце, разьвітаўшыся з карынцянамі, адплылі на караблі ў Эфэс. І зноў Ісус адчуў хараство марскога паветра ды прыгажосьць марскіх хваляў. Іхні шлях пралягаў між прыгожых Кікладскіх выспаў і сябры атрымлівалі асалоду ад убачаных марскіх пейзажаў. Ісус адчуваў асаблівую асалоду ад гэтага марскога вандраваньня, бо Ён ня быў абыякавым да прыгажосьці ўсяго, што бачыў. Ён думаў пра прыгажосьць зорак, гэтага мора і ўсяго таго, што Ён бачыў вакол Сябе, бо Ягонае сэрца было поўнае паэзіяй псальмаў і Ісус заўсёды ўспамінаў гэтыя радкі з Пісаньня: «Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра. Зямля поўная твораў Тваіх».
Нарэшце карабель увайшоў у невялікую бухту Эфэса і перад сябрамі адкрылася велічная карціна гораду. Зьлева ўзвышаліся прыгоркі, што аддзялялі Эфэс ад заліва Сьмірны. Справа ж ад гораду яны ўбачылі гару Карэс і частку дзесяцікіламетровага кальцавога муру, які быў пабудаваны Лісімахам яшчэ тры стагодзьдзі таму. У самым канцы заліву стаяла даволі высокая вартаўнічая вежа. Яркія каляры асьляплялі вочы. Вандроўнікі бачылі безьліч жылых дамоў, якія цясьніліся ў даліне. Быў бачны і тэатр, які быў высечаны ў схіле гары Піён, а ў паўночным накірунку ад гэтай гары, каля невысокага прыгорку, велічна зьзяў аграменны храм Артэміды, які лічыўся адным з сямі цудаў сьвету, будучы ў чатыры разы больш за Парфенон у Атэнах. Гэты храм меў сваю знакамітую гісторыю, калі фанатык Герастрат спаліў яго у тую самую ноч, калі нарадзіўся ў Македоніі Аляксандр Вялікі, але яго адбудавалі наноў у сваёй папярэдняй велічы. Нарэшце карабель прышвартаваўся і сябры, сыйшоўшы на пірс, накіраваліся ў горад.
Вандроўнікі даволі хутка знайшлі прытулак і астатак дня, а ўжо вечар уступаў у свае правы, правялі ў сваіх пакоях, адпачываючы ад папярэдняга шляху. Наступным днём была субота і Ісус, у суправаджэньні Ганіда, накіраваўся ў сынагогу. На гэты раз Ён цытаваў з прарока Ераміі, даючы грунтоўны каментар да сказанага. Ганід бачыў захопленасьць прысутных і цікавасьць да Ісуса пасьля служэньня. Ісус з задавальненьнем адказваў на розныя пытаньні ад зацікаўленых людзей, калі да яго падыйшоў філосаф і рытар Тыран, які меў сваю асабістую школу філасофіі і рыторыкі. Ісус паабяцаў яму, што абавязкова наведае яго ў ягонай школе, каб працягнуць тую размову, якую яны распачалі зараз пра тое, што ёсьць душа чалавека.
Назаўтра ж, сустрэўшы з Тыранам, Ісус працягнуў іхнюю размову, сказаўшы: «Душа – гэта тая частка чалавека, якая сузірае асабістае “Я,” можа бачыць праўду, ўспрымаючы дух і ўзвышае чалавека над узроўнем жывёлаў. Самасьвядомасьць, як такая, ня ёсьць душа, але маральная самасьвядомасьць утварае аснову для чалавечай душы, якая вызначае вялікую каштоўнасьць чалавечага вопыту. Знакамі душы зьяўляюцца маральны выбар і духоўнае набыцьцё, здольнасьць ведаць Бога і імкненьне быць падобным да Яго. Душа чалавека ня можа існаваць асобна ад маральнага дзеяньня і духоўнай актыўнасьці. Бязьдзейная душа памірае. Душа чалавека адрозьніваецца ад боскага духа, які знаходзіцца ў розуме. Боскі дух існуе з маральным дзеяньнем чалавечага розуму і паказвае гэтым стан душы чалавека. Душа мае заўсёды быць у напрузе, намагаючыся служыць і дабру, і злу. У вышэйшай жа ступені шчасьлівым зьўляецца той розум, які цалкам прысьвечаны выкананьню волі нябеснага Айца. Душу не магчыма прадэманстраваць, але кожны маральна сьвядомы чалавек ведае пра існаваньне сваёй душы ў сваім асабістым жыцьцёвым вопыце». Яшчэ шмат пытаньняў пачуў Ісус ад Тырана і гэты зьдзіўлены мясцовы філосаф атрымаў на іх кароткія, але грунтоўныя адказы. Так мінуў яшяэ тыдзень, калі вандроўнікі зазьбіраліся ў далейшы шлях. Наперадзе ў іх быў Кіпр.
Ад аўтара:
Вандроўка Ісуса па Грэцыі ня мела працяглага характару і абмяжоўвалася Нікапалем, Атэнамі і Карынтам, а таксама шляхам паміж імі і тымі людзьмі, якія сустракаліся на гэтым шляху. Ужо пазьней апостал Павал нёс і распаўсюджваў у гэтых мясьцінах хрысьціянскае вучэньне. Нікапаль стаўся першым горадам грэцкай зямлі, куды ступіла нага Ісуса, а для Паўла ён быў апошнім, бо менавіта адсюль арыштованага апостала вывезлі караблём на сьмяротны суд Нэрона ў Рым. Заўважым і тое, што апошні маршрут Паўла ў Рым быў тым жа, што і Ісуса з Рыма ў Нікапаль, толькі наадварот. Як і Ісус, Павал з Атэнаў пайшоў у Карынт, дзе і ўмацоўваў хрысьціянства на працягу двух гадоў. Дык гэта супадзеньне, ці выпадковасьць? Ніяк не, бо ў Госпада ніякіх выпадковасьцяў ці супадзеньняў не бывае. І з гэтага бачна тое, што служыцель сыгагогі Крысп, а таксама і Юст, пасьля сустрэчы з Ісусам, сталіся супрацоўнікамі апостала Паўла. Прыпамятаем першую сустрэчу Саўла з Ісусам каля Дамаску і даручэньне Госпада Ананію, каб той перадаў Паўлу пры ягоным аздараўленьні: «Ідзі, бо ён – Мая выбраная пасудзіна, каб несьці імя Маё перад паганамі, і валадарамі, і сынамі Ізраіля, бо Я пакажу яму, колькі ён мусіць перацярпець за імя Маё». Ісус яўна гатаваў глебу для служэньня Паўла ў тых мясцінах, дзе быў Сам. І пачалося гэта для Паўла з Кіпру, дзе таксама вандраваў Ісус, пракладаючы для апостала шлях для распаўсюджваньня хрысьціянскага служэньня. Гэта ж тычыцца і Рыму, дзе Ісус знаходзіўся даволі працяглы час, прапаведаючы розным сынагогам вечнага гораду. Можа менавіта таму і адбылася першая сустрэча Паўла з прадстаўнікамі сынагогаў Рыму, а сам Павал плённа працаваў на працягу двух гадоў у Рыме, знаходзячыся пад хатнім арыштам на час сьледства. Нагадаем і Сэнэку, які апраўдаў апостала і знойдзем тут сувязь паміж сустрэчамі кіраўніка рымскага ўрада з Ісусам і апраўданьнем апостала Паўла. Эфэс, Антыёхія Сірыйская і Дамаск – таксама ёсьць месцамі, дзе гатаваў глебу для дзейнасьці Паўла Ісус. Ісус гатуе глебу для хрысьціянскага вучэньня і для ўсіх нас, калі дае кожнаму з нас асобнае хрысьціянскае служэньне. Мы ж павінныя, як і апостал Павал, з сардэчнай радасьцю служыць Ісусу Хрысту тым служэньнем, якое Ён даручыў кожнаму з нас. А пакуль што, разам з Ісусам, мы паплывем на караблі ў бок Кіпру, каб разам з Ім адчуць гэтую кіпрскую вандроўку Ісуса.
Свидетельство о публикации №226011101903