Через Кипр на Дамаск
Вандроўка. Заманлівае мерапрыемства для большасьці людзей у гэтым сьвеце. Мы з цікавасьцю чытаем пра знакамітыя вандроўкі ў літаратурных творах. Мы ведаем і знакамітую вандроўку, да зямлі абяцанай, гебраяў, якая працягвалася на працягу сарака гадоў. Кожны з нас, нейкім чынам, вандроўнік, нават і аднаго дня. Але кожная вандроўка, доўгая ці не, мае сваю мэту. Нехта жадае пабачыць нешта новае, а хтосьці мае на ўвазе і іншыя мэты. Ганод, напрыклад, выкарыстаў вандроўку ў Рым, каб наладзіць працу буйнога гандлёвага прадпрыемства. Многія з нас ня маюць схільнасьці адрывацца ад роднай мясьціны нават і на кароткі час. Але. Мы ідзем па жыцьці, а таму мы вандруем па часе. Мы пакідаем за сабою нейкія падзеі і накіроўваемся ў невядомую будучыню. Невядомую? Ісус ведаў і вельмі жадаў, каб гэтая будучыня была вядомаю для ўсіх нас.
Мора сустрэла вандроўнікаў ранішнім лёгкім брызам, які прыемна абдзімаў целы сяброў. Ісус глядзеў на блакітныя воды і радаваўся, гледзячы на тое, як карабель лёгка разразае невялікія хвалі мора і перабіраючы ў памяці ўсе дэталі ўжо мінулага вандраванья. Нарэшце падыйшоў час, калі перад падарожнікамі паўстала працяглае зялёна-карычневае ўзьбярэжжа. На фоне дальніх высокіх гор, яны ўбачылі горад Паф. Кіпр выглядаў таемным і прыгожым, з туманамі, якія ранкам спаўзалі велічнымі вэлюмамі з ня меньш велічных вяршынаў кіпрыйскіх гор. Розныя пачуцьці былі ў гэтых трох сэрцах, калі сябры падыходзілі да Пафу. Яны ўважліва слухалі новага знаёмага Нікаса, адукаванага жыхара сталіцы, які з задавальненьнем пагадзіўся распавесьці вандроўнікам некаторыя зьвесткі пра сваю родную выспу.
Кіпр - тагачасная рымская правінцыя, вядомая сваімі меднымі руднікамі і караблебудаваньнем. Зрэшты Кіпр называлі Макарыем, што азначала «Шчасьлівая выспа». Клімат Кіпра лічыўся вельмі спрыяльным, а багацьце прадуктаў харчаваньня і выкапняў дазваляла кожнаму знайсьці тут усё неабходнае для дабрабыту. Саляміна - адзін з буйнейшых портаў імпэрыі Рыму і гандлёвая сталіца рымскага Кіпру не была адначасова сталіцай адміністратыўнай, бо адміністратыўныя функцыі ў кіраваньні выспай ажыцьцяўляла адміністрацыя ў горадзе Паф. Гебрайская прысутнасьць тут была даволі значнай. У тыя часы існавала безпамылковае правіла, якое ведалі ўсе. Калі ў якім-небудзь горадзе існавала хаця б адна сынагога, яго сьмела можна было адносіць да пасьпяховага месца гандлю, бо гебраі папросту не сяліліся ў бедных мясьцінах. На Кіпры яны абвясьціліся за некалькі стагодзьдзяў таму і займаліся, у асноўным, экспартам аліўкавага алею, садавіны, віна і медзі. Гебрайская абшчына існавала тут ужо дастаткова даўно, каб быць уплывовай і набыць багацьце ды ўладу. Па свайму абрысу выспа Кіпр нагадвае раскрыжаваную жывёльную скуру, дзе ролю хваста выконвае доўгая паласа зямлі ў-ва ўсходнім напрамку і якая закончваецца мысам Андрэас. Наогул падаецца, што памеры Кіпру ідэяльныя для выспы, бо ён і не вялікі, і не малы. Вакол яго ёсьць мора, але ўнутры яго існуюць тэрыторыі, дзе людзі займаюцца ўсякімі справамі і якія ня маюць ніякіх адносінаў да марскога промыслу. Горы і раўніны Кіпру - гэта ідэяльная прапорцыя жыцьцёвай прасторы для насельніцтва выспы. Адзін горны хрыбет знаходзіцца ўздоўж паўночнага ўзьбярэжжа, паралельна лініі прыбою, які горнымі пікамі стаўся ахоўным валам гэтых мясьцінаў. У другай жа, заходняй частцы выспы знаходзіцца горны камлюк - Траадас, з ягонымі сасновымі лясамі і цудоўнымі ўмовамі для пражыцьця ў гэтых мясьцінах. Гэтае цудоўнае зьмяшэньне гор ды раўнінаў і ёсьць асноўнае хараство выспы, дзе маляўнічыя ўзгоркі алівамі спускаюцца да марскіх затокаў, ад якіх ласкавы плёскат хваляў гучыць на значныя прасторы ўзьбярэжжа.
Паф сустракаў вандроўнікаў невялікім портам, за якім адкрывалася цудоўная панарама адміністратыўнай сталіцы Кіпру. Марскія хвалі павольна набягалі на камяністае ўзьбярэжжа заходняга Кіпру, аблізваючы нагрэтыя сонцам скалы. Бязвоблачнае блакітнае неба адлюстроўвала свае фарбы ў моры, паказваючы, пры гэтым, на будучае сухое і сьпякотнае надвор’е. Спадарожнікі ўваходзілі ў гэты велічны і цудоўны горад, дзе жылі найбагацейшыя людзі Кіпру. А дзе і жывуць багатыя людзі як не ў сталіцы, дзе знаходзілася і рэзідэнцыя рымскіх праконсулаў. Нікас даведаўшыся пра мэты знаходжаньня вандроўнікаў на Кіпры, запрасіў іх у свой дом, паабяцаўшы, у бліжэйшыя тры дні, суправаджаць сяброў, паказваючы ім найбольш цікавыя мясьціны горада і ягонага навакольля. Але найбольш за ўсё яму хацелася паразмаўляць з гэтым незвычайна адукаваным гебраем на імя Ісус. Праз некаторы час яны падыйшлі да дому Нікаса, прыгожага і даволі буйнога будынку, які падказваў заможнасьць ягонага гаспадара. Адсюль добра праглядаўся палац праконсула, які знаходзіўся бліжэй да гор, а таму і вышэй за ўсю астатнюю частку горада. Сябры разьмясьціліся ў прасторным пакоі, адпачываючы пасьля марской вандроўцы і шчодрага пачастунку ад Нікаса.
Наступныя некалькі дзён, яны, у суправаджэньні Нікаса, аглядалі горад і зьдзейсьнілі некалькі вандровак па навакольлях Пафа. Прырода гэтай частцы выспы уражвала і захапляла і, у сувязі з гэтым, вандроўнікі разважалі пра гэты прыродны цуд. Усе ўважліва і з цікавасьцю слухалі Ісуса, Які распавёў шмат цікавага пра прыроду і яе пераменлівым нораве, як і тое, што ўсё гэтае хараство створана Богам. Створана дасканала ды з любоўю. Аповяд Ісуса нарадзіў да сяброў і пэўныя пытаньні, над якімі яны раней і не задумваліся, але зараз атрымалі на іх зразумелыя адказы. Нікас запытаў Ісуса пра адрозьненьні чалавека ад жывёльнай частцы створанай Богам прыроды. Ісус прапанаваў прыпыніцца ў цені вялікага дрэва, адкуль былі бачнымі марскія хвалі, якія гучна набягалі на берег пад імі. Калі сябры уладкаваліся пад дрэвам, Ісус адарваў Свой позірк ад марскіх хваляў і прамовіў, зьвяртаючыся да сяброў: «Тэма чалавека і жывёльнага сьвету вельмі вялікая. І таму прыпынімся на некаторых характэрных асьпектах. Ніводная жывёліна ня здольнае ўсьведамляць сябе па часе. Жывёлы маюць фізіялагічную каардынацыю паміж усьведамленьнем адчуваньня і памяцьцю пра гэтае адчуваньне, але ніхто з жывёлаў ня можа асэнсаваць свае адчуваньні і не знаходзіць таго мэтанакіраванага ўзаемадзеяньня гэтых аб’яднаных фізічных уражаньняў, якое праяўляецца ў высновах чалавечага разважаньня. І гэты факт існаваньня чалавечай самасьвядомасьці, у сукупнасьці з духоўным вопытам, робіць чалавека патэнцыйным сынам Бога Творцы». Задаволеныя сваім вандраваньнем, у добрым настроі яны вярталіся ў дом Нікаса, дзе іх чакаў пачастунак і адпачынак. Назаўтра ж яны пачалі зьбірацца ў далейшы шлях праз усю выспу да порта Саляміны.
Дарога, па якой яны ішлі, праходзіла па гарыстай мясцовасьці каля паўднёвага берагу выспы. З імі ішоў Нікас, які выклікаўся праводзіць сваіх новых сяброў да гораду Тамасос, дзе знаходзіліся знакамітыя медныя руднікі. У свой час імператар Аўгуст аддаў гэтыя руднікі ў распрацоўку Іраду Вялікаму. Зразумела таму і знаходзілася ў гэтых мясьцінах буйная гебрайская абшчына, а паколькі заўтра мелася быць субота, яны вырашылі прыпыніцца і наведаць сынагогу. Нікас быў асабліва рады гэтаму рашэньню, бо яму вельмі хацелася яшчэ і яшчэ паразмаўляць з Ісусам ды паслухаць Ягоныя вучэньні. Падыходзячы да гораду яны ўбачылі аліўкавы гай, дзе знаходзіліся дрэвы вялікіх памераў. Чаму яны такія? Яны пачулі адказ Нікаса пра тое, што алівы наогул ніколі не паміраюць, бо калі дрэва засыхае, яно дае новыя пабегі і жыцьцё дрэва пачынаецца наноў. Вандроўнікі ўвайшлі ў горад і Нікас адразу павёў іх да дому свайго сябра,- гандляра.
Яны хутка ўладкаваліся і выйшлі на вячэру ў-ва ўтульны дворык іхняга новага знаёмага, які зацікаўлена і ўважліва слухаў размову Нікаса і Ісуса, Які адказваў сябру пра тое, што ёсьць спакуса. Вячэрнюю цішыню дворыка парушаў толькі голас Ісуса, бо зачараваныя прысутныя, у цішыні, слухалі свайго Настаўніка: «Ніхто ня можа пазьбегнуць спакушэньняў, але трэба дастойна сустракаць ворага разумеючы, што спакуса прыводзіць да грэху, як гэта і кажа Пісаньне. Пісаньне ж кажа, што спакуса не зьяўляецца грэхам, а толькі прадвесьнікам яго. Спакуса правярае веру на яе сілу і здольнасьць абараніцца ад грэху. Ня мае сэнсу турбавацца тымі думкамі, што спакуса – гэта вынік нашай няправеднасьці. Мы ня можам забараніць нейкім злым думкам зьяўляцца ў нашай галаве, але мы здольныя не прымаць іх і не зясяроджвацца на іх, бо як толькі мы пачнем разважаць на гэтыя тэмы, дык адразу ж нараджаецца грэх. Калі спакушэньню саступаюць дык яно становіцца грэхам. Але, калі яму супрацівяцца, дык наш Бог праслаўляецца гэтым, а чалавек становіцца мацнейшым, вырастае ў веры і становіцца больш дасканалым у Богу, Які і дапамагае атрымліваць перамогі над спакусамі. Дзякуючы вернасьці Бога мы і застаемся на паверхні гэтага мора сьвецкіх спакусаў. Спакуса – гэта звычайная зьява для ўсіх веруючых людзей. Кожны чалавек павінен чакаць спакушэньня, а таму бадзёрыцца і маліцца, каб не паддацца спакусе, якую ён пераадоліць Словам Божым, малітвай, процістаяньнем д’яблу, пошукам шляхоў, якія вядуць ад спакушэньня і да гатоўнасьці крочыць па гэтаму шляху, калі яго адкрывае Бог».
Сынагога Тамасосу ветліва сустрэла вандроўнікаў, а Ісусу, як звычайна, было з павагай прапанована зачытаць урывак з Пісаньня і пракаментаваць напісанае з прарока Ераміі: «Ідзі і абвясьці ў вушы дачцэ Ерусаліма: “Так кажа Госпад. Я ўспамінаю дружнасьць маладосьці тваёй, пра каханьне тваё, калі ты была нявеста, калі пайшла сьледам за Мною ў пустыню, у зямлю незасеяную”». Ісус казаў пра Ізраіля, які ішоў за Майсеем пад кіраўніцтвам Госпада і які ўвайшоў нарэшце ў зямлю абяцаную. Але што потым? Ісус узяў у рукі сьвітак і працягнуў урывак з Пісаньня: «Я вывеў вас у зямлю плодную, каб вы карміліся пладамі яе і дабром яе. І вы ўвайшлі і апаганілі зямлю Маю, і набытак Мой зрабілі мярзотаю». Ізраіль ня слухаўся і ня слухаецца Госпада, хаця і робіць выгляд вернасьці, ахвяруючы безьлічную колькасьць жывёлаў у Ерусаліме. Але Бог хоча сапраўднай вернасьці Свайго народа, а не абраднай, бо Яму даспадобы чыстае і адданае сэрца чалавека. Прысутныя гэтага сходу ніколі раней ня чулі такога, але яны і не адмаўлялі сказанаму. Пасьля служэньня яшчэ працяглы час Ісус размаўляў і адказваў на пытаньні розных людзей, якіх вельмі зацікавілі разважаньні гэтага незвычайнага гебрая з Галілеі.
Ужо назаўтра, пасьля знаёмства з гэтым невялікім, але незвычайным горадам, сябры пачалі гатавацца ў далейшы шлях да Саляміны. Наступнай раніцай яны разьвіталіся з Нікасам, які павінен быў вярнуцца ў Паф і, пасьля гэтага, працягнулі свой шлях на ўсход выспы. Яны ішлі пешкам, падганяючы двух аслоў, нагружаных набыткам Ганода і Ганіда. Прыпыніўшыся вечаровым часам на адпачынак у прыдарожнай карчме, яны ў другой палове наступнага дня дасягнулі Саляміны, дзе і прыпыніліся для адпачынку каля марскога порту ў гасьцявым доміку карчмы. Гаспадар карчмы ветліва сустрэўшы вандроўнікаў, паабяцаў ім, што дамовіцца ў порце з караблём, які будзе адплываць у бок Антыёхіі. Сябры ўтульна разьмясьціліся і, пасьля вячэры і невялікага шпацыру па марскому берагу каля порта, адыйшлі да сну. Ранішняе сонца абудзіла вандроўнікаў і яны, пасьля сьняданка, сустрэліся з гаспадаром карчмы, які паведаміў ім, што бліжэйшы карабель на Антыёхію адплывае заўтра, бо сёньня ён загружаецца рознымі таварамі з Кіпру. Наперадзе быў вольны дзень і сябры вырашылі прысьвяціць яго азнаямленьню гэтага самага буйнога гораду Кіпра і проста адпачынку перад сур’ёзным марскім пераходам, бо набліжаючая восень усё болей і болей узрушвала мора бурамі, якія нічога добрага не абяцалі караблям і тым, каго яны перавозілі.
Мора сустрэла апосталаў ранішнім лёгкім брызам, які прыемна абдзімаў целы вандроўнікаў. Ісус глядзеў на блакітныя воды і радаваўся, бо Ён палюбіў гэтыя марскія вандроўкі, нягледзячы на тыя небясьпекі, якія маглі здарыцца менавіта ў гэтую пару года, бо восеньскі час вызначаўся сур’ёзнымі бурамі, а таму заставалася толькі атрымліваць асалоду ад пругкіх ветразяў, якія гналі карабель спадарожным ветрам у бок порту Селеўкіі. Яны не сустрэлі буры, калі прайшлі левым бортам уздож берагу Кілікіі. Ісус стаяў ля борту, гледзячы як карабель лёгка разразае хвалі мора і перабіраючы ў памяці ўсе дэталі мінулых дзён вандраванья. Ці ўсё было зроблена так, як жадаў гэтага Ісус? Ці выклаўся ён цалкам у служэньні Божаму Валадарству? Безумоўна што не, але наперадзе ў яго будуць новыя землі, новыя людзі і новае служэньне. Ёсьць час і ёсьць магчымасьць выкарыстаць гэты вопыт, каб улічыць ня толькі станоўчыя набыткі, але і памылкі гэтага падарожжа. Карабель жа, са спадарожным заходнім ветрам, весела набліжаўся да порту Селеўкіі. Пасьля швартоўкі карабля, вандроўнікі сыйшлі на бераг па гнуткаму трапу і апынуліся ў прасторы марскога порту. Ісусу быў ужо знаёмы гэты вясёлы рознамоўны партовы гоман грузчыкаў, якія падымаліся і спускаліся з караблёў, пераносячы грузы ў склады порту і наадварот. Жыцьцё кіпела і пот ліўся ручаямі, а сябры, тым часам, выйшлі з порту і накіраваліся ў бок Антыёхіі Сірыйскай уздоўж правага берагу ракі Аронт.
Вандроўнікі ніколі не былі у гэтых мясьцінах і таму з цікавасьцю разглядалі гэтыя марскія вароты Антыёхіі, якія бралі свой пачатак у Селеўкіі. Порт Селеўкіі быў даволі буйным і вядомым, бо абслугоўваў трэці па велічыні горад рымскага сьвету. Рымскія ўлады вельмі клапаціліся пра гэты порт, бо праз яго праходзіў адзін з важнейшых шляхоў на ўсход імперыі. Ісус заўважыў і пэўную асаблівасьць, якая складалася з таго, што сам горад быў адбудаваны на вяршыні гары, якая стромка абрывалася ў мора. Тысяча пяцьсот метраў вышыні падзялялі Селеўкію і марскі порт, да якой былі пракладзены два шляхі: стромкая лесьвіца ўздоўж мора і пакатая дарога, па якой і правозілі з порту грузы ў накірунку да Антыёхіі. Сябры пайшлі па дарозе, якая падымалася ў гору ад порту да горада. Любуючыся блакітным морам і тутавымі дрэвамі, якія густа пакрывалі схілы залацістых гор, яны непрыкметна падыйшлі да гораду і прыпыніліся, каб крыху адпачыць ад гэтага пад’ёму. З вышыні горада мора выглядала бясконцым і спакойным, уражваючы вандроўнікаў яркім блакітным колерам. Адпачнуўшы, яны прайшлі праз горад і выйшлі на шлях, які павёў іх да Антыёхіі. Іхні шлях пачынаўся сярод гор, паступова пераходзячы ў даліну, напоўненую вінаграднікамі, абрыкосамі і тутавымі дрэвамі. Сябры праходзілі мясьціны, дзе на схілах гор былі бачныя дываны нарцысаў і плямы кустоў алеандра. Наперадзе была бліскучая Антыёхія.
Нядоўгі шлях адкрыў ім цудоўную панараму горада, які, у большасьці, знаходзіўся за Аронтам, пад гарою Сільпій. Рака Аронт, праходзячы праз паўночную частку горада, праклала свой шлях праз граду камяністых узгоркаў, каб вынесьці свае воды ў Міжземнае мора. Вялікі горад быў падзелены на чатыры частцы, кожная з якіх была агароджана асобным мурам, а разам яны абараняліся мурам агульным, які ўзыходзіў на гару Сільпій, дзе разьмяшчалася вайсковая крэпасьць, гарнізон якой назіраў з вышыні за бясьпекай гораду ад сірыйскага нагор’я. Ісуса зьдзівіў і сам горад, які быў распланаваны вельмі строга, бо ўсе вуліцы, ад галоўнай і паміж сабою, разьмяшчаліся пад роўнымі вугламі адносна адзін аднаго. Сябры ўвайшлі ў горад праз Маставыя вароты і накіраваліся да дому, дзе заўсёды быў чаканым Ганод. Пасьля кароткага адпачынку Ісус выйшаў у горад, каб паглядзець і крыху азнаёміцца з ім. Ён быў уражаны нават і тым, што можна было ўбачыць за некалькі гадзінаў шпацыру па вуліцам Антыёхіі. Галоўная вуліца з портыкам, амфітэатр, тэатр цэзара і форум Валенты ўразілі яго. Немагчыма было аглядзець усё адразу, а гэта было і немагчымым, бо Антыёхія займала вялікую тэрыторыю і налічвала каля 500 тысячаў сваіх жыхароў.
Ганод меў тут свае гандлёвыя інтарэсы, якія ня тычыліся Ганіда, а таму ён, разам з Ісусам, меў некалькі дзён вольнага часу азнаямленьня з тым, што было вакол іх. Пад час іхняга шпацыру па гораду яны апынуліся на вуліцы Сігон, непадалёк ад якой адна са скалаў гары была нейкім чынам ператворана ў скульптурную кампазіцыю, якая малявала галаву Харона. Сябрам распавялі пра гэтага Харона, які быў мітавым персанажам, што перавозіў душы памерлых праз падземную раку Сьцікс. Казалі яшчэ, што гэтая скульптура была выраблена па загаду аднаго з імператараў сто пяцьдзясят гадоў таму, каб перапыніць эпідэмію чумы. Так гэта ці ня так, а гэты Харон стаўся выбітнасьцю гэтага месца і прывабліваў многіх да сваёй асобы. Яны ўжо вярталіся дадому, калі Ганід запытаўся Ісуса пра тое, што ўжо працяглы час непакоіла яго, а сёньня міт пра гэтага Харона ўзрушыў яго пытаньнем: «Ці праўдзівы гэты аповяд і што, наогул, ёсьць праўда ў жыцьці чалавека? І дзе крыніца гэтае праўды?»
Яны ўжо сядзелі за вячэрай, калі Ісус, нагадаўшы пытаньне Ганіда, зьвярнуўся да ўсіх прысутных: «Слова Бога – гэта пропаведзь праўды, бо чытаючы ці слухаючы Божае пасланьне, мы бачым словы праўды. Нехта з гэтым можа і не пагадзіцца, бо праўда, як катэгорыя Божая, большасьці людзей не даспадобы. Чаму так? Таму што кранае асабістае ўяўленьне праўды і няпраўды. Але як бы там не было, праўда ёсьць тое, што зыходзіць ад Бога. І іншага існаваць ня можа. Так кажа Бог. Бог – гэта тая крыніца, якую вычарпаць немагчыма. І гэтая крыніца напоўнена ў немагчымай для нашай сьвядомасьці колькасьцю мудрасьці, міласэрнасьці і праўды. Недарма мы просім у сваіх малітвах Госпада, каб нам піць з гэтае крыніцы. І Ён дае кожнаму столькі, колькі можа ўспрыняць гэтым часам розум і сэрца чалавека.
Бог хоча гэтага, і таму Ён заклікае да нас: “Пакліч Мяне – і Я адкажу табе, пакажу табе вялікае і недаступнае, чаго ты ня ведаеш”. Кожны чалавек намагаецца праўды, а дакладней патрабуе праўду. Ці бачылі вы чалавека, нават і падманлівага, які не жадаў бы ў адносінах да сябе праўды і справядлівасьці? Хлусьлівы бацька ня хваліць за хлусьню свайго дзіця. Хлусьлівы начальнік не жадае, каб сярод яго падначаленых былі ашуканцы. Можна жыць у ілюзіі і падмане, але імкненьне да праўды, у той ці іншай ступені, існуе ў кожным з вас. І кожны з вас, у рэшце рэшт, павінен даць адказ пра гэтыя ілюзіі ці падман. Гэтым адказам ёсьць праўда пра грэх, які палоніць сэрцы людзей і адварочвае іх ад Госпада. Праўда пра грэх – гэта праўда пра недавер Богу, Які і ёсьць праўда. Складаецца дзіўная гісторыя. Вы імкнецеся да праўды, вы шукаеце яе, але ў той жа час не прымаеце Таго, Хто ёсьць крыніцаю праўды. Чаму так? Таму што шукаеце праўду ў чалавечых крыніцах, чуючы, што праўда ў кожнага свая. У выніку ж ніякай праўды вы не знайшлі. Ілюзія і падман засталіся і вы будзеце працягваць гэтыя безсэнсоўныя пошукі праўды паміж сабою нявызначана доўгі час. І вы не разарвеце гэтае кола пакуль ня ўздымеце галаву і ня ўбачыце адзіную крыніцу праўды – Бога.
Шчасьлівы той, хто стаіць на баку праўды, а значыць на баку Бога. І наадварот. Няшчасьлівы той, хто стаіць на баку няпраўды, а значыць на баку д’ябла. Дык будзем жа маліцца ў праўдзе і за праўду. Каб яна была ў нас, у нашых блізкіх і ў-ва ўсім сьвеце. Каб мы любілі праўду і стаялі з ёй перад Богам. І з Богам. Амэн».
Так скончыўся яшчэ адзін дзень іхняе вандроўкі. Уражаны Ганід яшчэ доўга ня мог заснуць, перабіраючы ў памяці ўсё сказанае Ісусам. Але ноч прайшла і ранак абвясьціўся праменямі сонца, што ўзыходзіла з усходу. Ганод завершыў тут свае гандлёвыя справы і вандроўнікі пачалі гатавацца ў далейшы шлях, які павінен прывесьці іх у Дамаск. Ганід з сумам вызначаў для сябе тое што гэта будзе апошні сумесны шлях з Настаўнікам, бо сумесная вандроўка на гэтым скончыцца. Ісус павінен будзе ісьці ў Галілею, а яны з бацькам – у бок сваёй роднай Індыі. Сум Ганіда перамешваўся з тым цудоўным пачуцьцём таго, што ён атрымаў ад свайго Настаўніка. Мудрасьць, міласэрнасьць, любоў, вытрыманасьць у аносінах да людзей і сардэчны супакой – усё гэта ён захавае у сваім сэрцы і ўсё гэта будзе штодзённым напамінам пра блізкага ўжо яму Чалавека. Ганод дамовіўся з гандлёвым караванам, які накіроўваўся праз Дамаск у Арабію, каб ісьці разам з ім. Марскі шлях у Дамаск праз Сідон быў ужо немагчымы з-за адсутнасьці навігацыі і гэта азначала, што заўтра, з першымі праменямі сонца, яны, разам з караванам, пойдуць на Дамаск.
Ад аўтара:
Антыёхія добра сустрэла Ісуса, дзе Ён, у свой час, сустрэў цікавых і дабразычлівых людзей. І ня дзіўна таму, што менавіта тут пасьлядоўнікі Ісуса, у будучым, назавуцца хрысьціянамі. Але чаму будучыя пакаленьні так часта называлі хрысьціянамі першых веруючых Ерусаліма, Самарыі і нават Ёппы? Таму што з вышыні будучых часоў адчувалася тое, што ўсе яны былі хрысьціянамі, бо былі ад Хрыста. Гэта для ўсіх звыкла. А як, на самой справе, адбылася гэтая дзіўная падзея, калі вучні Ісуса Хрыста сталі хрысьціянамі? Шлях да гэтага быў даволі цікавым. Справа ў тым, што жыхары Антыёхіі вызначаліся здольнасьцю даваць людзям, ці групам людзей, розныя, у тым ліку і насьмешлівыя, мянушкі. Казалі, што калі Антыёхію наведаў барадаты цэзар Юліян, дык антыяхійцы празвалі яго мянушкай «Казёл». Наогул, канчатак слова «янін» азначала прыналежнасьць да якой-небудзь партыі ці народу. Так нарадзілася, нейкім чынам, нават і пагардлівая мянушка - хрысьціянін. За прыналежнасьць да руху Ісуса Хрыста. Вядома, што гэтую мянушку прыдумалі людзі няверуючыя. Але, дзіўная справа. Веручыя людзі прынялі гэтую пагардлівую мянушку на поўным сур’ёзе і праславілі яе на ўвесь сьвет, пераўтварыўшы ў імя, якое, у-ва ўсе часы, выклікае павагу і захапленьне.
А мы, зацікаўленыя чытачы, далучымся, разам з Ісусам, да гандлёвага каравану і пойдзем паміж прыгоркаў па дарозе ад Антыёхіі да Дамаску.
Свидетельство о публикации №226011102007