Галилея

XVI. ГАЛІЛЕЯ

Разьвітаўшыся з сябрамі Ісус, разам з Юдам, вярнуліся ў дом, каб і Ісус таксама падгатаваўся да апошняга этапу гэтага няпростага вандраваньня, мэтаю якога быў родны Назарэт, дзе Яго чакала маці ды і ўся Ягоная сям’я. Юда, дасьведчаны гебрай, калі яны вячэралі, запытаўся ў Ісуса пра Ягоныя адносіны да дзясятай Божай запаведзі, бо сказана ў Пісаньні: «Ня прагні дому блізкага твайго, ня прагні жонкі блізкага твайго, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, нічога, што ў блізкага твайго».

Ісус, уважліва паглядзеўшы на Свайго новага сябра, зьвярнуўся да яго: «Жаданьне Госпада, каб нашая душа была напоўнена міласэрнай любоўю і сэрца нашае было чыстае ад жаданьняў, якія супярэчаць гэтай любові – вось мэта гэтай Божай запаведзі. Сэнс жа запаведзі ў тым, каб да нас не прыходзіла ніякая думка, якая была б здольнай запаліць нашае сэрца жаданьнем, якое можа прынесьці шкоду блізкаму. Бог дае нам накірунак, што ўсякая справа, якую мы задумалі, павінна быць добрай і карыснай для нашых блізкіх. Папярэднія запаведзі Бога накіроўваюць нас у дзеяньнях і толькі апошняя, дзесятая запаведзь, патрабуе ад нас чысьціні нашага розуму і нашых думак, бо менавіта ад іх зыходзяць нашыя дзеі. Складаецца ўражаньне, што Бог праз Пісаньне падводзіць нас да гэтай складанай тэмы праз больш простыя запаведзі дзеяньня. Ад простага да складанага і ў гэтым праяўляецца найвышэйшая Божая мудрасьць, бо дзеяньне – ёсьць зьява другасная ад жаданьня розуму.

У папярэдніх запаведзях Госпад жадае, каб закон любові упакорваў волю чалавека, ягонае імкненьне і ягоныя справы, але зараз Ён жадае, каб Яму былі падпарадкованыя і нашыя думкі, якія нараджаюцца ў нашым разуменьні і каб яны не былі адмоўнымі. Раней Бог забараніў нашым сэрцам аддавацца гневу, нянавісьці, распуснасьці, хцівасьці, ілжы. Зараз жа Ён забараняе нашаму розуму турбаваць нашае сэрца, падштурхоўваючы яго да гэтых адмоўных справаў. Бог мае права патрабаваць ад нас такой глыбокай праведнасьці. І вось чаму. Усе мы ведаем і разумеем тое, што ўсе нашыя душэўныя пачуцці павінны служыць братэрскай любові да атачаючых нас людзей. І калі ў наш розум заляціць хоць адна адмоўная думка, дык гэта значыць, што нашая душа заганая. Атрымліваецца так, што калі толькі ў тваім розуме нарадзілася думка, якая здольная прынесьці шкоду твайму блізкаму, дык гэта значыць, што ты шукаеш асабістай выгады. Але калі тваё сэрца напоўнена любоўю, дык ніякі такі намер ня ўзьнікне ў тваім разуменьні. Калі ж адмоўныя жаданьні авалодалі сэрцам чалавека, дык гэта значыць, што сэрца ягонае пазбаўлена любові. Бог патрабуе такое заміранае сэрца, якое не магло б укалоць ніякае джала і ўзьняць яго супраць Закону любові. Дзесятая Божая запаведзь – гэта другая Скрыжаль Закону, што паказвае нам наш абавязак у адносінах да людзей, які зыходзіць ад любові да Бога і на якой стаіць любоў да блізкага. Бог патрабуе ня толькі устрымлівацца ад дрэнных дзеяньняў, але і не дапускаць нават самага малога жаданьня да прычыненьня шкоды іншаму.

Запаведзь забараняе нам быць незадаволенымі тым, што ў нас ёсьць. Мы маем на ўвазе нейкія матэр’яльныя рэчы і таму выкананьне запаведзі – гэта выпрабаваньне на зайдрасьць кожнага з нас. І гэта вельмі сумна, калі ў нас ужываюцца думкі пра тое, што мы хочам мець тыя ці іншыя рэчы, як у некаторых, выбраных намі людзей і больш таго крыху лепей і абавязкова, каб гэтыя людзі бачылі гэта. Вымушаны канстатаваць, што калі сэрца нашае ў загане, дык і любові ў ім да нашага блізкага няма. Калі мы пачынаем думаць і разважаць у зайдрасьці, дык мы вельмі шкодзім найперш самім сабе, бо адмаўляемся ад супакою і набываем толькі горыч. Мэта запаведзі – дасканалая праведнасьць, як упадабленьне жыцьця чалавека чысьціні Бога як узору, бо Бог наш адлюстраваў у гэтай запаведзі Сваю прыроду. Майсей кажа свайму народу: “Дык вось, Ізраіле, чаго патрабуе ад цябе Госпад, Бог твой? Таго толькі, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, хадзіў усімі шляхамі Ягонымі і любіў Яго, і служыў Госпаду, Богу твайму і ад усёй душы тваёй, каб трымаўся запаведзяў Госпада і пастановаў Ягоных, якія сёньня наказваю табе, каб табе было добра”. Заўважым, што Майсей прамаўляе людзям накірунак Госпада з адзінай мэтай – каб нам, людзям, было добра. Бог хоча нам дабра, бо любіць нас і таму дае правілы жыцьця. Выкананьне закону дае нам магчымасьць набліжацца да сьвятасьці Госпада і праз гэта аб’яднацца з Ім.

Бог не патрабуе ад нас нейкіх даброт для Сябе, але прымушае нас рабіць добрае блізкаму, як казаў Давід: “Ты Госпад мой. Даброты мае Табе не патрэбныя. Да сьвятых на зямлі і да дзівосных Тваіх – да іх уся зычлівасьць мая”. Закон, які даў нам Бог, накірованы толькі на тое, каб мы несьлі карысьць блізкім сваім, бо ў ім няма нічога, што магло б даць падставу чалавеку рабіць карысьць толькі сабе. Бог вучыць нас гэтаму, бо ведае, што людзі па сваёй прыродзе вельмі любяць менавіта сябе і таму Ён дае нам Свае запаведзі, каб не распаляць у нас любоў да самога сябе, якая і так ня ведае меры. Таму відавочна, што добрым жыцьцём жыве той, хто, як мага меней, жыве для сябе, але як мага болей для іншых. З гэтага мы павінны разумець, што той, хто жыве толькі дзеля сябе і бачыць у кожным сваім кроке асабістую выгаду – жыве няправедна і беззаконна. Каб лепш паказаць, якую любоў мы павінны несьці да блізкага, Госпад і указвае на нашую любоў да саміх сябе. Але трэба адразу паставіць заслону тым, хто хоча перавярнуць гэтае вучэньне, бо перспектыва любіць іншых, а гэта значыць служыць ім, ня вельмі падабаецца, а дакладней вельмі не падабаецца самалюбцам, якія з задавальненьнем прымаюць сафістычныя перакруты сэнсу запаведзі. Яны сьцьвярджаюць тое, што Госпад запаведуе кожнаму ў першую чаргу любіць самога сябе і ўжо потым блізкага свайго. Бог ня хоча гэтага. Ён хоча, каб мы пераносілі на іншых тую любоў, якую мы адчуваем у сабе. Жаданьне дабра ёсьць у кожнага з нас, але жыць па законе – вось пытаньне. Кожны з нас любіць сябе і абдзяляць сябе, у той ці іншай ступені, ня хоча. Калі мы хочам дасягнуць сваёй асабістай карыснай мэты, дык знаходзяцца аргумэнты і нават праяўляюцца артыстычныя здольнасьці. Мы так любім сябе, што ацэньваем сябе вельмі недасканала. Бог бачыць гэта і Сваім Законам прымушае нас не абдзяляць блізкага. Але, на жаль, пры ўзаемаадносінах кожны думае пра сваю пазіцыю і зацікаўленасьць, як самую важную. Трэба быць сьціплымі і ўважліва назіраць за сабою, не патрабуючы ад блізкага таго, што хочаш менавіта ты па твайму разуменьню.

Калі ж мы сталі ў праўдзе і ўбачылі сваю злачыннасьць ды недасканаласьць, дык мусім прыйсьці да высновы і канстатаваць, што самастойна мы ня здолеем пазбавіцца таго зла, што ляжыць у нашым сэрцы і што нам патрэбны Госпад, што Сваёй любоўю выбавіць нас і пакажа шлях да праведнасьці ды сьвятасьці. І гэты накірунак дае нам Бог у запаведзях Сваіх. Амэн».

Наступны дзень прайшоў для Ісуса ў падрыхтоўцы да апошняга этапу Сваёй вандроўкі. Ён накіроўваўся ў Назарэт, дзе Яго чакалі родныя і блізкія. Ісус пагадзіўся з прапановаю Юды прайсьціся па месцах гораду, якія вельмі падабаліся гаспадару гэтага дому і, можа быць, спадабаюцца і такому цудоўнаму госьцю. Яны прайшлі па вуліцы Простай і зьвярнулі да ракі Абан, якая працякала ў некалькі сотняў метраў ад дома Юды. Пабыўшы некаторы час каля ракі, яны зноў выйшлі на вуліцу Простую і павольна пайшлі ў накірунку дома Юды. Настаўшы вечар даў ім добрую вячэру, а таксама і размову, дзе Ісус распавёў да Юды наступнае: «Мы павінны славіць Госпада, пець Яму гімны хвалы, бо мы абавязаныя Яму ўсім. Сваім жыцьцём, дабрабытам, здароўем, сваім розумам, здольнасьцямі і ўсім іншым, што ёсьць у нас і вакол нас. Кожны з нас павінен рабіць гэта. Але ці добра мы выконваем загад Госпада? Няхай кожны паставіць перад сабою гэтае пытаньне і адкажа на яго ў шчырасьці сэрца свайго. І калі мы ўбачым, што парушаем загад Госпада, дык давайце станем перад Ім і пакаемся за сваё непаслушэнства і малавернасьць.

Бог чакае ад нас праслаўленьня, бо гэта Ягоная слава і Ён патрабуе ад нас Сваё. Так, слава Госпада не паменьшыцца ад таго славім мы Яго ці не, бо Ягоная слава – гэта вечнасьць. Бог загадвае нам гэта рабіць таму, што гэта патрэбна нам. Бог любіць нас і таму патрабуе ад нас праслаўленьня, бо калі мы славім Госпада, дык займаем правільную пазіцыю ў адносінах да Бога. І ня толькі да Бога, але і да саміх сябе. Госпад з прыемнасьцю прымае нашу хвалу. Ён зьвяртае на гэта ўвагу і адказвае нам. І вось такі цудоўны кантакт з Богам дае нам разуменьне таго, што ты – чалавек Божы і таму дастойны Божай прысутнасьці.

Няхай смага славіць Госпада ўзрастае ў нас дзень у дзень і няхай хвала Яму памнажаецца. Калі Госпад дае нам посьпех у справах, дык няхай мы адкажам Яму падзякай і вернасьцю. Калі Госпад вучыць нас мудрасьці, дык няхай нашыя словы будуць прыемнымі Яму. Калі мы пазбаўлены хваробы і наш смутак ператварыўся ў радасьць, дык няхай мы будзем яшчэ грамчэй славіць Ягонае імя і сьпяваць Яму гімны хвалы. Госпадзе, дай нам усім праславіць Цябе жыцьцём сваім, сваім служэньнем і ўзрастаньнем у Тваёй праведнасьці і сьвятасьці. Дай нам Госпадзе Тваёй прысутнасьці і няхай славіцца імя Тваё на вякі вякоў. Амэн».

Наступным ранкам, калі сонца толькі прабівалася з усходніх прыгоркаў, Ісус развітваўся каля гарадзкой брамы з Юдай, які ўпершыню чуў ад Ісуса тое, пра што ён раней і ня думаў, бо ягоная сьвядомасьць абмяжоўвалася абраднымі звычаямі сынагогі і тым звычайным вучэньнем, якое зыходзіла адтуль. Сонца цалкам завалодала ўжо небам і асвятляла сьнягі велічнай гары Гэрмон, калі Ісус набліжаўся да яе, рухаючыся ў бок Бэтсаіды. Дасягнуўшы Бэтсаіды Ісус не зайшоў у горад, але пайшоў далей да ўзьбярэжжа Галілейскага мора, якое хутка адкрылася перад Ім. Сіняя роўнядзь ранішняга мора ўразіла Ісуса. Ён павольна пайшоў па дарозе на Капернаум, дзе ўсё было знаёмым. Падыходзячы да Капернаума Ісус ужо ведаў, што затрымаецца тут на некалькі дзён, каб, хоць крыху, спатоліць смагу сустрэчы з блізкімі і знаёмымі Яму людзьмі. Прайшло ўжо два гады, калі Ён пакінуў Капернаум, а таму смагнуў сустрэць Зэбядэя ды паглядзець на тое, як будуюцца на ягоным прадпрыемстве лодкі, якія распрацаваў менавіта Ісус. Ды і наогул адчуць вытворчую атмасфэру майстэрні з яе пахамі струганага дрэва, кляёў і смалы.

Правінцыйная цішыня, характэрная для невялікіх гарадоў, сустрэла Ісуса пры ўваходзе ў Капернаум, нягледзячы на тое, што дзённае жыцьцё працягвалася ў звычайным рытме, характэрным для гэтай пары года. Працавалі невялічкія крамы, хто-ніхто рухаўся па сваіх нейкіх справах. Дзе-нідзе чуўся брэх сабак ды галасы хатніх жывёлаў. Ісус з задавальненьнем глядзеў на малых дзяцей, якія маленькімі стайкамі прабягалі каля Ісуса, прыпыняючыся перад незнаёмым мінаком і, сьмеючыся, кружылі вакол Яго. У добрым настроі Ён накіраваўся ў бок берагу мора, дзе, у гэты час, было даволі шматлюдна, бо рыбакі карысталі зіму для рамонту і падрыхтоўцы сваіх лодак да вясеньняга часу, калі яны выйдуць у мора насустрач ветру і вынікам сваёй нялёгкай працы. Ісус асабіста ведаў амаль што кожнага з іх і таму яны хутка сабраліся вакол Яго, цёпла вітаючы Ісуса. Ён жа з задавальненьнем адказваў на іхнія шматлікія пытаньні, распавядаючы пра гарады ды мясьціны, дзе Ён пабываў пад час гэтай незабыўнай і цудоўнай вандроўкі.

Прайшло ўжо тры гадзіны гэтай размовы, але людзі не разыходзіліся. Наадварот, падыходзілі ўсё новыя людзі, якія віталіся з Ім і слухалі Ягоны аповяд пра вандроўку. Яглядаючы прысутных, Ісус, з заміраньнем сэрца, убачыў падыходзячага да іх Зэбядэя, якому ўжо сказалі пра вяртаньне Ісуса. Ісус выйшаў насустрач Зэбядэю, блізкаму чалавеку, каб асабіста павітаць яго. Зэбядэй запрасіў Ісуса ў майстэрню і яны, падзякаваўшы ўсіх прысутных за гэтую цёплую сустрэчу, накіраваліся ў тое месца, дзе яны разам працавалі над стварэньнем рыбацкай лодкі новага тыпу. Заявак на пабудову лодак было зашмат і таму майстэрня Зэбядэя атрымала значную прыбудову, дзе будавалася дадатковая колькасьць лодак і вырабляўся рыштунак для іх. Вельмі прыемна было назіраць за вытворчым працэсам стварэньня лодак, якія, за даволі кароткі час, набылі такую вядомасьць у-ва усіх кутках Галілейскага мора.

Вечар сустрэў Ісуса ў доме Зэбядэя з пачастункамі ад гаспадара, які ня чуў пакуль што аповяду Ісуса пра цікавыя моманты вандраваньня па вялікай частцы Рымскай імперыі. Яго цікавіла жыцьцё суайчыньнікаў па-за межамі Ізраіля, як і лад жыцьця іншых народаў. І безумоўна Рым – сталіца сьвету. Доўга працягвалася гэтая размова, у якой Зэбядэй прысутнічаў як зацікаўлены і ўважлівы слухач. Толькі ўжо глыбокая ноч перапыніла яё, калі яны, ухваліўшы Госпада, паклаліся на адпачынак. Наступны дзень меўся быць суботай, што азначала суботняе служэньне ў сынагозе. Ранак сустрэў іх прахалодай ночы, якая паступова саступала свае правы праменям узыходзячага сонца, каб пачакаць яго заходу ды зноў вярнуцца на сваё месца, запрашаючы ўсіх да адпачынку. Але зараз адпачывала сама ноч, а дзень ужо дзейнічаў, запрашаючы жыхароў на ранішні сход для праслаўленьня Госпада.

Сынагога сустрэла ветлымі позіркамі і словамі прысутных, бо ўсе яны ведалі Ісуса па ранейшых пропаведзях і цудоўным веданьні Пісаньня. Служэньне пачалося і, калі прыйшоў час, Ён узыйшоў на кафедру і прамовіў, узяўшы сьвітак Пісаньня, з Малахіі: «Вось, Я пасылаю анёла Майго, і ён падрыхтуе шлях перад Мною, і нянаджана прыйдзе ў храм Свой Госпад, Якога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы жадаеце. Вось, ён ідзе, кажа Госпад Саваоф». Тлумачэньне Ісуса па гэтаму ўрыўку не было працяглым і складалася з таго, што ўжо настае той дзень, калі прароцтва Малахіі праявіцца ў жыцьці гэтага пакаленьня і ў бліжэйшы час яны пабачаць падзеі, пра якія казаў прарок. Ісус бачыў вакол Сябе ўважлівую цішыню і зьдзіўленьне, бо ніколі яны ня чулі гэтага ад сваіх духоўных настаўнікаў. Пасьля служэньня Яго яшчэ доўга не адпускалі, цікавячыся Ягоным вандраваньнем і найбольш запамінальнымі момантамі на працягу гэтага часу. Ісус не пакінуў нікога без адказу на ягонае пытаньне, але падыйшоў час і яны, разам з Зэбядэем, пайшлі да ягонага дому, дзе ўжо чакала іх смачная ежа і суботні адпачынак.

Наступны дзень Ісус правёў у майстэрні разам з Зэбядэем назіраючы за вытворчым працэсам, а таксама і ўдзельнічаючы ў некаторых тэхналагічных момантах стварэньня рыбацкай лодкі, канструкцыі якой Ён аддаў частку Свайго жыцьця. Вельмі хутка праляцеў гэты дзень і ўжо назаўтра, разьвітаўшыся з Зэбядэем, Ісус выйшаў з Капернаума ў напрамку да Магдалы. Ён ішоў па дарозе ўздоўж Галілейскага мора, прадчуваючы сустрэчу з роднымі людзьмі, якія Яго заўсёды чакалі і заўсёды цёпла сустракалі. Хацелася пабачыць Юду, які наладжваў сваю асабістую рыбацкую справу на гэтым беразе Галілейскага мора. Ісус даведаўся ад Зэбядэя, што Юда будуе свой дом і мусіць у хуткім часе ажаніцца, але бяз згоды Ісуса ня ладзіць змовіны.

З добрым хваляваньнем Ён ўвайшоў у Магдалу і накіраваўся да дому Свайго дзядзькі, дзе, пакуль што, знаходзіўся і Юда. Нечаканая сустрэча з роднымі людзьмі адбылася на беразе мора, дзе дзядзька і Юда займаліся рамонтнай працай, гатуючы свае лодкі да вясновай працы, напоўненых ветразяў і марскіх хваляў. Яны кінуліся насустрач Ісусу, праслаўляючы Госпада за гэтую нечаканую, але доўгачаканую сустрэчу. Ён чуў ад іх радасную гаворку пра сваё жыцьцё і свае справы, якія былі неблагія, бо лодкі ад Ісуса, а дзядзька пасьпеў таксама набыць аж дзве такіх лодкі, павялічылі іхнія магчымасьці да добрага ўлову. Ісус перадаў ім па ветразю-гроту ад Зэбядэя ў якасьці падарунка, добра ведаючы пра тое, што запасны ветразь ніколі лішнім не бывае. Радасьць сустрэчы не спыніла працы родных Яму людзей, бо ў гэтай справе ёсьць моманты, калі абавязкова неабходна даводзіць пэўныя працэсы да свайго завяршэньня. Ісус з задавальненьнем дапамагаў родным, а калі справа была скончанай, яны накіраваліся ў добра знаёмы Яму дом дзядзькі.

Вячэра ўжо чакала іх і, павітаўшыся з хатнімі, Ісус, разам з братам і дзядзькам, селі за стол вячэраць. Ісус разумеў тое, што родным цікава пачуць пра тыя два гады адсутнасьці, калі Ён вандраваў па сьвеце. Не чакаючы ад іх пытаньняў пра гэта, Ісус распавёў ім маршрут Свайго вандраваньня з тымі мясьцінамі і гарадамі, якія былі на гэтым шляху. Так прайшло некалькі гадзінаў, калі Юда, нечакана для ўсіх, запытаўся ў Ісуса пра тое, што яго апошнім часам непакоіла: «Што для чалавека ёсьць сапраўдная свабода і як яна датычыцца да парадку?» Ісус зусім не зьдзівіўся гэтаму пытаньню ад Юды, бо памятаў ягоныя юнацкія свавольлі, калі гэтыя два паняцьці яшчэ не знаходзілі свайго сапраўднага месца ў сэрцы Юды. І вось зараз, пасталеўшы малады чалавек пачаў назіраць і разважаць. Ісус зьвярнуўся да прысутных, адказваючы на пытаньне Свайго брата: «Калі чалавек не разумее што такое свабода, ён ня можа зразумець, што такое парадак. Зьвернемся да Пісаньня і каб усьвядоміць гэтыя паняцьці - свабода і парадак – запытаем сябе: “Адкуль яны ўзяліся і што было першае – свабода ці парадак?” Чалавек створаны свабодным, бо створаны на падабенства Божае: “І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам і над усёй зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі”. Чалавек створаны свабодным, свабодным у межах волі і ласкі Божай, з дадзенай яму ўладай над усёй зямлёю і стварэньнямі зямнымі, бо ўлада дадзеная чалавеку Богам павінна выкарыстоўвацца дзеля падтрыманьня і захоўваньня таго парадку, які ўсталяваўся пры Божым сьветастварэньні: “І ўзяў Госпад Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго”. Больш таго, Бог даў чалавеку памочніка: “І сказаў Госпад Бог: нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму”. Бог даў ім магчымасьць свабодна кіраваць усім зямным і супольна захоўваць Божы парадак, які быў ўсталёваны Госпадам на зямлі.

Але сталася так, што чалавек сам пазбавіў сябе свабоды, бо першы парушыў парадак, які належала яму захоўваць. Ён зграшыў, бо ня выканаў наказ Госпада: “А з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж з яго, бо ў дзень, калі ты пакаштуеш з яго, сьмерцю памрэш”. І вось, на гэтым этапе гісторыі чалавека здарылася катастрофа. Адносіны нашых продкаў з Богам былі разбураныя. Яны, нашыя продкі, згубілі сваю свабоду, бо сталі залежыць ад грэху. Больш таго, іхнія адносіны адзін да аднога сапсаваліся з-за падазронасьці, хлусьні, недаверу, хцівасьці і іншых наступстваў грэху. Паўстаньне чалавека супраць Творцы мела вельмі сур’ёзныя вынікі. Грэх парушыў гармонію ў сьвеце. Але што рабіць, каб выправіць сітуацыю? Бог даў праз Майсея дзесяць запаведзяў, каб чалавек выконваў іх дзеля зьнішчэньня грэху і вяртаньня ў Божую прысутнасьць. Ці атрымалася гэта? Амаль што не, а рытуальныя жывёльныя ахвяры, якія павінны здымаць грахі, вынікаў не даюць. Бог усё гэта ведаў, як ведаў і будучае грэхападзеньне Адама, бо даў створанаму чалавеку свабоду выбіраць. Але Бог мае план збаўленьня чалавека ад грэху, а значыць набыцьцё сапраўднай свабоды. І вельмі хутка гэты план будзе зьдзяйсьняцца Госпадам».

Юда уважліва слухаў Ісуса, разумеючы тое, як чалавек згубіў сапраўдную свабоду, але тое, як Бог дапаможа чалавеку пераадолець грэх і вярнуць сабе Бога не рытуальна, а па сапраўднаму, ён не ўяўляў. Тым ня меньш ён любіў Ісуса і давяраў Яму, як нікому з людзей, а таму ён паверыў у словы Ісуса як у тое, што гэта калі-небудзь павінна будзе здарыцца. І няхай гэта будзе хутчэй. Так прайшло яшчэ некалькі дзён, якія прынесьлі радасьць працы разам з роднымі людзьмі. Ісус пабачыў дом, які будаваў Юда для будучай сям’і і парадаваўся за брата, які стаўся разважлівым і сур’ёзным чалавекам. Ён першым пачаў размову з братам пра немінучыя змовіны з каханай дзяўчынай. Юда выбачыўся за тое, што не сказаў адразу пра гэтае будучае і запрасіў Ісуса даць Сваю згоду на стварэньне новай гебрайскай сям’і. Ісус з задавальненьнем пагадзіўся на гэта і запрасіў Юду не адкладваючы гэтае пытаньне, вырашыць гэта ў бліжэйшы час.

Ісус засьпяшаўся да дзядзькі, каб дапамагчы таму ў падрыхтоўцы ветразьнага рыштунку, а Юда накіраваўся да дому сваёй каханай Рахелі, каб паведаміць пра тое, што праз дзень старэйшы брат дабраславіць іх на стварэньне іхняй сям’і. Праз адзін дзень і адбылося тое, што ўжо даўно чакалі маладыя. Адбыліся змовіны ў прысутнасьці дзядзькі Ісуса і бацькоў Рахелі. Бацька Рахелі уручыў Юдзе кесэф – каштоўны пярсьцёнак, а Ісус абвесьціў сумеснае з бацькамі Рахелі рашэньне: «Вясельле адбудзецца праз год у гэты ж дзень». На гэтым урачыстая частка мерапрыемства скончылася і ўсе разыйшліся па сваіх месцах, каб жыць і чакаць.

У суботні дзень Ісус, разам з роднымі людзьмі, накіраваўся ў мясцовую сынагогу, каб аддаць належнае Госпаду. Яшчэ ж праз некалькі дзён Ісус зазьбіраўся ў далейшы шлях, бо ў Назарэце Ён павінен сустрэць маці і ўсю астатнюю сям’ю. На трэці дзень пасьля суботы Ісус, цёпла разьвітаўшыся з роднымі, з узыходам сонца выправіўся ў бок роднага Назарэту. Пераадолеўшы перавал Арбэль Ён выйшаў на Капернаумскі шлях, які пралягаў праз даліну Туран. Даліна сустрэла Ісуса першымі зялёнымі фарбамі, бо ўсё ўжо дыхала хуткім вясеньнім часам, калі людзі зноў выйдуць на свае палеткі, каб закладаць будучы ўраджай. Ісус ня вельмі сьпяшаўся, любуючыся хараством даліны, бо знудзіўся ўжо па гэтых, знаёмых з дзіцячых гадоў, мясьцінах. Маленькая прыдарожная гасьцініца прыняла Яго на начны адпачынак, прапанаваўшы і няхітрую, але смачную вячэру.

Ранак сустрэў Ісуса ў добрым настроі і, пасьля сьняданку, Ён працягнуў Свой шлях, каб у другой палове дня дасягнуць роднага дому. Неўзабаве даліна саступіла сваё месца пагоркам і дарога, выгібаючыся, нібы зьмяя, падымалася ў гору. Горная прахалода сур’ёзна адчувалася тут, але Ісус не заўважаў гэтага, бо думкі пра родны дом і Свах родных сагравалі Яго. З правага боку ад дарогі адкрылася мястэчка Хэфэр, добра Яму знаёмае, бо яшчэ ў дзяцінстве Ісус прыходзіў сюды з бацькам, выконваючы розныя плотніцкія замовы. Ды і потым, будучы ўжо галавой сям’і, Ён шмат разоў прыходзіў сюды па Сваіх плотніцкіх і будаўнічых справах. Мінуючы Хэфэр, Ісус ужо лічыў завароткі дарогі, бо добра ведаў, што пасьля сёмага перад Ім адкрыецца Назарэт.

Родны Назарэт. Невялікае паселішча з сотняю белых дамоў і плоскіх дахаў адкрылася перад Ісусам, Які, прыпыніўшыся, удыхаў такое пяшчотна-асаблівае, ў сваёй чысьціні, паветра радзімы. Зімнія дажджы ўжо прайшлі і схілы гор на вачах ператвараліся у сад з вялікай колькасьцю кветак самага рознага адценьня. Яшчэ не разорваліся палеткі, а кветкі ўжо пачыналі сваё нядоўгае жыцьцё, каб радаваць вока чалавека. Ісус, назіраючы гэтае хараство роднага краю, думаў пра тое, што менавіта тут, пасьля двухгадовай вандроўкі, і скончыцца першы этап Ягонага жыцьця.


Ад аўтара:
Гэты этап быў цудоўным часам Ягонага асабістага служэньня адносна набліжаючага часу служэньня грамадзкага. Захапляльны характар гэтага унікальнага часу узмацняецца яшчэ і тым, што Ён, пакуль што заставаўся цесьляром з Назарэту і будаўніком лодак з Капернаума.

Сын Чалавечы спазнаў увесь сьпектр чалавечых пачуцьцяў – ад вышэйшай радасьці да глыбейшага смутку. Дзіця радасьці, на рэдкасьць вясёлая істота, але, разам з тым,- гэта «муж скрухі», добра знаёмы са смуткам. У духоўным сэнсе Ён пражыў сьмяротнае жыцьцё ад нізу і да самога верху. З матэрыяльнай кропкі погляду Ён пазьбег сацыяльных крайнасьцяў чалавечага існаваньня, але ў інтэлектуальных адносінах Ён спазнаў усебаковы і вычарпальны вопыт чалавечага роду. Ён пражыў чалавечае жыцьцё ад вытокаў фізічнай, інтэлектуальнай і духоўнай асобы, пройдучы праз маленства, дзяцінства, юнацтва і сталы ўзрост, аж да чалавечай сьмерці. Ісус ня толькі пражыў гэтыя звычайныя і звыклыя чалавечыя перыяды інтэлектуальнага ды духоўнага разьвіцьця, але, разам з гэтым, Ён дасягнуў больш высокай стадыі яднаньня чалавека і Бога.

Гэтае дасканалае жыцьцё ў вобразе сьмяротнага цела атрымала поўнае і безумоўнае прызнаньне Айца, бо адна і тая ж асоба, за адно і тое ж жыцьцё, стала адначасова найбольш поўным раскрыцьцём вечнага Бога і прыкладам дасканалай чалавечай асобы, якая падабаецца Айцу. Жыцьцё Ісуса ў целе вызначана тым жа міласэрным клопатам, які можа быць і ў нашым жыцьці. Жывучы на зямлі ў сваім часе, Ён стаўся прыкладам для ўсіх нас, запрашаючы пражыць сваё жыцьцё, кожнаму ў свой час, падобна Яму. Наўрад ці гэта атрымаецца ў кожнага, але кожны здольны прыняць асабістае рашэньне жыць такім чынам, як пражыў Сваё зямное жыцьцё Ісус. Ён можа ня быць літаральным і вычарпальным прыкладам для ўсіх сьмяротных у-ва ўсе вякі, але, безумоўна, зьяўляецца вечнай крыніцай надхненьня для ўсіх тых, хто накіроўваецца ў Божае Валадарства. Ісус і ёсьць новым жывым шляхам ад чалавека да Бога, ад недасканалага да дасканалага, ад зямнога да нябеснага, з часу ў вечнасьць.

Трыццаць гадоў прайшло ад нараджэньня Ісуса, як жыцьцё ўсіх сьмяротных стварэньняў, існуючых у целе. І зараз Ён стаўся практычна дасканалым чалавекам, Які чакае Сваёй гадзіны для зьяўленьня Богу, каб пачаць новы этап Свайго жыцьця – грамадзкае служэньне.


Рецензии