Дамаск

XV. ДАМАСК

Праз гадзіну ад світанку, калі раніца ўжо авалодала горадам, караван, нагружаны рознымі таварамі, павольна адыходзіў ад Антыёхіі, кіруючыся на поўдзень да Дамаску, а потым да Петры - сталіцы Набатэі, што ў Арабіі. Прыемная ранішняя прахалода бадзёрыла вандроўнікаў. Ісус ішоў побач з верблюдам у нейкім радасным задуменьні, бо з галавы не выходзіла растаньне з гэтымі шчырымі і чулымі людзьмі, якія праводзілі іх на сьвітанку, каб разьвітацца з Ім. Ён палюбіў іх, простых і шчырых, той братэрскай любоўю, якую ўклаў у ягонае сэрца Госпад. Арабы - паганятыя дзівіліся такой вялікай сям’і гэтага Чалавека, бо яны чулі, як Яго, ўсе хто прыйшоў, звалі Братам і Настаўнікам.

Яны ішлі па дарозе ўздоўж усходняга берагу Міжземнага мора. Ісус з цікавасьцю назіраў за працай паганятых, якія дзіўным чынам захоўвалі  парадак пры перасоўваньні жывёльнага каравану. Зьвілісты шлях вызначаўся адметнай прыгажосьцю. Манатоннасьць руху і цудоўныя краявіды, прыводзілі дзейны розум Ісуса да разважаньняў пра мэты свайго падарожжа і сувязі гэтай мэты з мінулым і будучым. Ён ужо не зьвяртаў увагі на кароткія і патрабавальныя выкрыкі паганятых, якія трымалі роўнасьць і дыстанцыю хады верблюдаў. Ісус займаўся Сваёй справай і накіроўваў Сябе на тое, каб прааналізаваць усё, што адбывалася з Ім у вандроўцы ад Ерусаліма да гэтага часу па дарозе ў Дамаск. Ён павінен захаваць гэты каштоўны вопыт зносінаў з самымі рознымі людзьмі, каб скарыстаць гэта ў будучым Сваім жыцьці і служэньні. Улічваючы графік перасоўваньня каравану гэта быў доўгі шлях, бо ад Антыёхіі да Дамаску прыкладна каля 300 км.

Дзень за днём яны паціху набліжаліся да сірыйскага Дамаску. Аднастайнае харчаваньне, дзённая цеплыня і начны холад гэтых мясьцінаў спрыялі жаданьню путнікаў паскорыцца ў сваім вандраваньні, але ня ўсё было простым. Гэтая частка вандроўцы Ісуса была адным з найбольш цяжкіх, але, будучы ўжо вопытным вандроўнікам, ён падбадзёрваў Ганіда ды і іншых стомленых падарожнікаў. Кожны вечар караваншчыкі распальвалі вялікае вогнішча, каля якога людзі клаліся спаць нагамі да цяпла. Як і ўсе астатнія, па чарзе, Ісус, Ганод і Ганід несьлі начную стражу, загарнуўшыся ў скуру з поўсьцю авечкі, бо ночы былі дастаткова халоднымі. На сьвітанку ж, зьбіраючыся ісьці далей, усе елі аліўкі і казіны сыр, а для ўнутраняга саграваньня пілі цёплае віно. Краналіся ў шлях да ўзыходу сонца, каб пасьпець прайсьці як мага болей. Атрымлівалася ня болей за 30 - 35 км. У рэшце рэшт вандроўнікі перайшлі горы і апынуліся ў даліне перад Дамаскам.

Дамаск сустрэў іх высокім мурам і варотамі, да якіх прывяла караван дарога ад поўначы. Увайшоўшы ў горад сябры разьвіталіся з караваншчыкам і накіраваліся па галоўнай вуліцы, называнаю Простая, да дому партнэра Ганода па гандлю Юды. Вуліца Простая падзяляла Дамаск на дзьве часткі і была самай прыгожай ў горадзе. Зараз жа яна была бязьлюднай, а таму спакойнай, бо крамы ў гэты час прыпынялі сваю працу, а людзі, у большасьці, знаходзіліся па дамах, каб адпачыць у пасьляабедзены час. На гэтай жа вуліцы знаходзілася і сынагога, праходзячы міма якой Ісус адзначыў сьціплую прыгажосьць гэтага будынку. Праз два дні мелася быць субота і Ісус ужо вызначыўся з тым, што Ён будзе прапаведаваць слова ад Госпада мясцовым гебраям. Падыйшоўшы да дому Юды, Ісус убачыў даволі вялікую пабудову з прыгожай агарожаю, за якой яны ўбачылі ўтульны ўнутраны дворык з дрэвамі і прыгожымі разнастайнымі кветкамі. Сяброў сустракаў сам гаспадар, які распарадзіўся разьмеркаваць жывёлаў і рэчы вандроўнікаў, а іх саміх разьмясьціць у самым лепшым пакоі дома. Пасьля добрага пачастунку вандроўнікі, разам з гаспадаром, адпачывалі ў дворыку сярод цудоўных кветак, якія дзіўным чынам упрыгожвалі прастору вакол дома Юды. Яны размаўлялі пра няпросты шлях ад Антыёхіі да Дамаску, як параўнаньне няпростага жыцьця чалавека на жыцьцёвым шляху і адведзенаму яму часу.

Ісус уважліва слухаў суразмоўцаў і, калі настала размоўная паўза, зьвярнуўся да прысутных: « Жыцьцё – гэта нейкі пэўны час. Час, які пачынаецца і які закончваецца. Безумоўна тое, што гэта тычыцца кожнага Божага стварэньня. Жыцьцё рухаецца за часам і разам з часам, бо немагчыма жыць і ня рухацца. Мы нараджаемся ў гэты сьвет і ўпэўнена рухаемся да сьмерці. І на гэтай дарозе, у кожнага з нас, ёсьць пэўныя патрэбы і пэўныя клопаты. Так праходзіць жыцьцё. І яно бяжыць ад нараджэньня да сьмерці вельмі і вельмі хутка. Так ня скажа чалавек малады, але сталы чалавек пацьвердзіць гэта даволі ўпэўнена. Чаму? Чалавек малады толькі пачынае адлік і таму не разумее хуткага бегу часу. Іншая справа чалавек сталы, які глядзіць на мінулы час, як на нешта вельмі хуткаплыннае, бо не пасьпеў адчуць свае першыя крокі, як адчуваеш ужо і апошнія. А далей час як быццам бы спыняецца. Для цябе, а для кагосьці ён толькі пачынаецца. І так да бясконцасьці. Бог усё бачыць гэта, а таму, праз прарока Ерамію кажа людзям: “Спынецеся на шляхах вашых і разгледзьце, і распытайце пра шляхі старажытных, дзе шлях добры, і ідзеце па ім, і знойдзеце супакой душам вашым” Бог кажа нам, што ў нейкі вызначаны час нам трэба спыніцца і паглядзець на Яго. Бог прапануе нам спыніцца на шляхах сваіх і для гэтага ёсьць некалькі прычынаў. Адносіны з Госпадам. Якія яны? Бог кантралюе час, бо Ён яго і стварыў. Час, у якім мы жывем, належыць Богу. Ён даў яго для нас. Але як мы адносімся да часу нашага жыцьця? Як выкарыстоўваем яго ці як марнуем? Што нас цікавіць? Бог кіруе ўсім і ўсімі намі. Адносіны з Госпадам вельмі важная рэч у жыцьці чалавека, бо калі мы прачынаемся і засынаем з Госпадам, дык нашыя адносіны з Ім удасканальваюцца, а час праведзены з Богам мае вечны адлік і ніяк не ўплывае на час сьвецкага жыцьця. Чаму так? Таму што жыцьцё ў Госпадзе, яно вечнае, а фізічная сьмерць азначае ня больш таго, што пачынаецца галоўная частка нашага жыцьця – вечнае жыцьцё ў Валдарстве Божым, дзе Божая прысутнасьць – гэта рэальнае дзеяньне.

Асабістая малітва – гэта час размовы з Госпадам і гэты час вельмі каштоўны, бо Бог дае нам Сваю прысутнасьць. Бог Бог патрабуе нашага жыцьцёвага часу для Сябе, бо Ён Гаспадар таго часу, які мы атрымалі ад Госпада пры нашым нараджэньні. Мы павінны планаваць свой час, каб паглыбляцца ў Божую праўду і ўзрастаць у Госпадзе. Што гэта азначае? Толькі тое, што шмат якія абставіны нашага жыцьця здаюцца нам тэрміновымі і неадкладнымі. Але ня трэба кідацца тэрмінова іх выконваць, не абдумаўшы суадноснасьць гэтых мэтаў з тымі мэтамі, якія ставіць перад намі Бог. Жыцьцё падказвае, што гэтыя мэты вельмі рэдка супадаюць, а таму верагоднасьць памылкі вельмі і вельмі высокая. І таму, каб узрастаць у Госпадзе, мы павінны засяродзіць сваю ўвагу на тым, што нам для гэтага сапраўды неабходна і важна. І вось на што. Мы павінны цаніць свае ўзаемаадносіны з Богам і аддаваць Яму свой час. Мы павінны цаніць Слова Божае і праводзіць пэўны час за яго чытаньнем і разважаньнем пра прачытанае. Мы павінны цаніць тыя здольнасьці і таленты, якія даў нам Бог. І аддаваць свой час на тое, каб разьвіваць свае здольнасьці і таленты для мудрага выкарыстоўваньня. А галоўнае – гэта спадзяваньне на Госпада. Сьведчаньні гісторыі кажуць нам пра тое, што, спыніўшыся, мы не згубілі часу і не змарнавалі яго. Так хоча Бог, а дзеі Госпада ў нас ня могуць быць марнымі па вызначэньню. Бо хто можа сказаць тое, што, чытаючы Слова Бога ці праслаўляючы Госпада, мы марнуем час? Але Бог ня хоча бачыць нас такімі, якія некуды бягуць не заўважаючы Госпада. Гэта і ёсьць сапраўднае марнаваньне часу. Бог кажа нам: «Супыніцеся і паглядзеце на Мяне, на Мае дзеі і на Мае словы. Не марнуйце час і не мітусіцеся, бо вашая мітусьня – гэта праява вашай волі, але не Маёй. Павінна ж быць наадварот, бо воля Бога – гэта тое галоўнае і важнае, што павінна быць у жыцьці кожнага чалавека. Толькі ў гэтым выпадку будзе супакой у вашых сэрцах»».

Світанак яшчэ не ўзьняўся над Дамаскам, але сьпевы пеўняў абудзілі гаспадара невялікага дома, які знаходзіўся на вуліцы, паралельнай вуліцы Простай. Гаспадар дома яшчэ ляжаў на ложку, у думках дзякуючы Госпада за гэты новы дзень, які Ён падараваў яму. Ананія, просты гебрай, радаваўся за гэты новы дзень і за ўсё тое, што падараваў яму Госпад. Наперадзе былі клопаты сёняшняга дня, але заўтра, на суботнім служэньні, ён атрымае Божае дабраславеньне, што дасьць яму пэўныя сілы, каб пражыць яшчэ тыдзень да наступнага богаслужэньня.

Прачнуліся і вандроўнікі, якіх чакаў шчыры сьняданак ад гаспадара Юды, каб ад пачастунку перайсьці да нейкага практычнага дзеяньня. Юда, на пачатак, павёў іх да ракі, якая працякала ў некалькіх сотнях метраў ад дому Юды. Рака Абан, працякаючы каля паўночнага муру горада, несла на дзіва чыстыя воды і давала прыемную прахалоду ў сьпякотныя дні. Па берагу ракі расьлі абрыкосавыя і персікавыя дрэвы, ярка зялёныя ў гэты ўжо вясновы час. Гарадскі мур, складзены з бежава-жоўтых камянёў, засланяў рэчку значнай часткай дня ад сонца. Ісус, стаўшы на калені прамовіў да Госпада словы Псальма: «Хай будуць словы з вуснаў маіх і помыслы сэрца майго даспадобы Табе, Госпадзе, цьвярдыня мая і Збаўца мой».

Рэшту дня сябры, у саправаджэньні Юды, правялі на прасторы горада, які адкрыўся ім цудоўнымі вуліцамі і навакольлем. Вечар сустрэў іх прахалодай і добрай сяброўскай размовай у доме Юды. Гаспадар дому, шчыры гебрай, назіраючы за Ісусам на працягу дня і чуўшы Ягоныя тлумачэньня на розныя пытаньні, запытаў Яго пра веру чалавека. Адкуль яна – вера? Адкуль узьнікае? Хто нам яе дае? Хто стварае? Ці ня Той, Хто стварыў усё ад пачатку і з нічога? Ісус, да Якога былі прызначаны ўсе гэтыя пытаньні, адказаў гасьцёўнаму Юдзе: «Чалавек ня можа быць стваральнікам веры, бо сам створаны Госпадам. І таму мы ня здольны мець веру, калі яе ня дасьць нам Бог. Вера – гэта ня тое, у чым мы перакананы, але тое, ў чым Бог дае нам гэтае перакананьне. Вось вам прыклад Ноя, які сто гадоў будаваў каўчэг з дрэва гофэр. Будаваў па веры ў збаўленьне, пра якое казаў яму Бог: “І вось, Я навяду на зямлю патоп водны, каб вынішчыць усякую плоць, у якой ёсьць дух жыцьця, пад нябёсамі; усё, што ёсьць на зямлі, пазбудзецца жыцьця. Але з табою Я станаўлю запавет Мой, і ўвойдзеш у каўчэг ты і сыны твае, і жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою”. Ной імкнуўся шукаць Госпада і таму Ён даў яму веру ў збаўленьне праз дзеяньні і справы, якія загадаў яму выканаць Бог: “І зрабіў Ной усё, як наказаў яму Госпад Бог, так ён і зрабіў».

Вера мае шмат бакоў і ў ёй прысутнічае шмат ад цела. Мы пачынаем гэта разумець у працэсе нашага духоўнага росту. Бог дае нам веру і, каб умацаваць яе, Ён дае нам розныя выпрабаваньні. Каб пазнаць наш узровень даверу да Яго і нашую здольнасьць перамагаць цяжкасьці. Вера, якая здольна перамагаць – гэта вялікая вера. Але вера, якая ніколі не перапыняецца – яшчэ большая. Сто гадоў Ной будаваў каўчэг. І гэта ня проста дзесяць адсоткаў працягласьці жыцьця Ноя. Мы ня можам раўняць гэты тэрмін з дзесяцю адсоткамі нашага жыцьця. Сто гадоў аднолькавыя ў-ва ўсе часы, бо Бог вызначыў цяг часу ад пачатку нязьменным. Мы разважаем пра сто гадоў таму, каб зразумець, што кожны чалавек павінен шукаць Госпада і калі яму будзе дадзена вера, дык ён, як Ной, усе «сто гадоў» свайго жыцьця жыцьця павінен старанна будаваць і мацаваць свой каўчэг веры. Цяжкасьці і сумненьні на гэтым шляху прысутнічалі і ў Ноя, бо Ной, як і мы, быў толькі чалавекам і ён, як і мы, жыў у разбэшчаным і бязбожным сьвеце. Прысутнічаюць яны і ў нас. І гэта нармальна, бо вельмі часта сумненьні – гэта праява веры і розуму. Сумненьні у веры – катэгорыя не грахоўная, але якая дапамагае пазбавіцца грахоў. Мы дасьледуем пытаньне пра тое, што прысутнасьць Бога – гэта рэальнасьць, а ня сон згодна нашых слабасьцяў ці нейкіх іншых уяўленьняў. Мы – дзеці Божыя. І таму, каб знайсьці веру, трэба шукаць рэальнасьць, а дакладней Творцу рэальнасьці. Сумненьні могуць і павінны існаваць, бо яны робяць чалавека адказным за сваю веру і стойкім у ёй. Пераадольваючы сумненьне, чалавек пераадольвае сваю схільнасьць хавацца за чалавечую думку, каб станавіццца самім сабою. Вера даецца ласкай Божай, але без чалавечых намаганьняў да веры, немагчыма атрымаць яе. Існуе вядомы сказ пра чалавечае сэрца: «Адзіны камень, які Бог ня можа падняць - гэта чалавечае сэрца». Але і чалавек ня можа гэтага. І з гэтага выходзіць, што чалавечае сэрца могуць падняць толькі сумеснымі намаганьнямі: па-першае - Бог і па-другое – чалавек.

Бог дае чалавеку веру, калі той хоча яе прыняць. Вера ў Бога – гэта дар ад Бога. Бог робіць падарункі таксама, як і чалавек. Але тут ёсьць істотная розьніца, бо чалавек можа падараваць нешта вельмі і вельмі вузкаму колу выбраных людзей, а Бог дае веру кожнаму. Безумоўна, тут узьнікае пытаньне: «Чаму далёка ня кожны чалавек прымае дар веры ад Госпада?» Бяда чалавека ў тым, што ён ідзе па жыцьцю празьмерна заклапочаным і замкнутым у сабе. Ён ня бачыць усёй сьвяточнасьці стварэньня. Мы можам арганізаваць сабе нейкае сьвята, мы можам шукаць сэнс нашага жыцьця, але, ў большасьці выпадкаў, мы робім гэта эгаістычна, няўмела і без павагі да Таго, Каго, ў прынцыпе, шукаем. І гэтае назіраньне падводзіць нас да зьдзіўленьня не таму факту, што многія людзі ня прымаюць дара веры і сэнса веры, якія дае ім Бог, але таму, што некаторыя людзі ўсё ж прымаюць гэтыя Божыя дары. Трэба сказаць, што існуюць і трагічныя моманты ў прыняцьці веры, бо існуюць людзі, якія прагнуць веры, але вера да іх не прыходзіць. Бог можа марудзіць з адказам на прашэньне пра веру толькі па адной прычыне: Ён бачыць, што заклік выходзіць ня з сэрца чалавека і што чалавек ня можа даць Госпаду столькі месца ў сваім жыцьці, колькі патрэбна Яму.

Вера – гэта давер Бога да нас. Ён верыць, што мы ня будзем выкарыстоўваць веру, як зло адносна іншых людзей, што мы не заганарымся і ня станемся фарысеямі. Ён верыць, што мы захаваем дар веры і дадзім ёй перамяняць нас. Людзі павінны разумець сваю недасканаласьць як і тое, што Бог давярае ім, каб яны дадалі тое, што ім недастае і праславілі Госпада за ўсё, што Ён дае ім. Амэн.

Суботні ранак сустрэў сяброў добрым настроем, нягледзячы на кроплі дажджу ды хмарнае дамаскае неба. Юда і Ісус зазьбіраліся ў сынагогу, а Ганод і Ганід вырашылі застацца дома, каб абмяркаваць паміж сабою апошні этап гэтага вандраваньня – вяртаньне ў далёкую яшчэ Індыю. Юда, паважаны фарысэй галоўнай сынагогі ў горадзе, увайшоў у сынагогу і першым чынам пазнаёміў Ісуса з мясцовым рабінам, які адразу прапанаваў Яму пачэснае месца сярод іншых і запрасіў Ісуса прачытаць з Пісаньня ды патлумачыць прачытанае.

Ісус, калі прыйшоў вызначаны час, адкрыў сьвітак Танаха і прачытаў пра мудрасьць Саламона: «Пачатак мудрасьці – страх Госпадаў, і веданьне Сьвятога – розум. Бо праз мяне памножацца дні твае і дададуцца годы жыцьця твайго».

Адклаўшы сьвітак Ён паглядзеў на прысутных і, пасьля невялікай паўзы, зьвярнуўся да іх: «Мудрасьць – што гэта? Вызначэньне гэтага паняцьця гучыць прыкладна так: “Мудрасьць – гэта здольнасьць выбіраць у жыцьці Божыя шляхі”. Калі мы жадаем стаць на гэты шлях, дык павінны трымацца Божай праўды і рабіць усё, каб дагадзіць Богу. І таму мы зьвяртаемся да крыніцы бясконцай мудрасьці – Сьвятога Пісаньня. Мудрасьць – гэта здольнасьць выбіраць у жыцьці Божыя шляхі і гэта значыць, што ў мудрасьці прысутнічае асабісты накірунак. Мудрасьць існуе тады, калі чалавек мысьліць і дзейнічае па праўдзе, выбіраючы Божыя шляхі, бо мудрасьць ня ёсьць нешта тэарэтычнае, але гэта мноства рашэньняў, якіх патрабуе жыцьцё. Пісаньне кажа нам пра тое, што адны людзі маюць мудрасьці больш, другія меньш, але мудрацамі называлі тых, хто шмат дасягнуў у сваім імкненьні дзеля выкананьня Божай праўды. Многія шукалі мудрасьці Божай. Давід заклікаў да Госпада: “Пакажы мне Госпадзе дарогі Твае, наставі мяне на сьцежкі Твае. Накіруй мяне на праўду Тваю і навучы мяне, бо Ты Бог ратунку майго. На Цябе спадзяюся кожны дзень” Таксама і Саламон, які просіць у Бога не багацьця ці вынішчэньня ворагаў, але розуму: “І сёньня, Госпадзе Божа мой, ты паставіў раба Твайго валадаром замест Давіда, бацькі майго, але я – хлопец малы, ня ведаю ні майго выхаду, ні ўваходу і раб Твой - сярод народу Твайго, які выбраў Ты, народу такога шматлікага, што паводле мноства яго нельга ні палічыць, ні агледзець. Даруй жа рабу Твайму сэрца разумнае, каб судзіць народ Твой і разьбіраць, што дабро і што ліха, бо хто можа кіраваць гэтым шматлікім народам Тваім? І заўгодна было Госпаду, каб Саламон прасіў гэтага. І сказаў яму Бог: “За тое, што ты прасіў гэтага і не прасіў сабе доўгага жыцьця, не прасіў сабе багацьця, не прасіў сабе душаў ворагаў тваіх, прасіў сабе розуму, каб умець судзіць, - вось, Я зраблю паводле слова твайго. Вось, Я даю табе сэрца мудрае і разумнае, так што падобнага да цябе ня было да цябе, і пасьля цябе не паўстане падобны да цябе”».

Ісус, перапыніўшыся, уважліва паглядзеў на прысутных і, убачыўшы агульную зацікаўленасьць, працягнуў: «Кніга прыповесьцяў - гэта галоўная скарбонка мудрасьці разважаньня, крыніца сентэнцый, да якой могуць зьвяртацца людзі, каб удасканальвацца і набываць адказны падыход да свайго жыцьця. Кніга вучыць нас маральным каштоўнасьцям, бо зьяўляецца падмуркам Божай маралі і правіл паводзінаў, і якая дапамагае асабліва маладым людзям ператварацца ў адказных дарослых людзей. Добрыя бацькі ня хочуць, каб іхнія дзеці вырасьлі няшчаснымі, расчараванымі ў жыцьці, нікчэмнымі ці амаральнымі людзьмі, але наадварот, яны жадаюць бачыць сваіх дзяцей пасьпяховымі, матэр’яльна сталымі і маральнымі. І таму Бог нам дае кнігу мудрасьці – гэты збор парадаў пра тое, як дасягнуць жаданае мэты – мудрасьці жыцьця». Ісус, вярнуўшыся на Сваё месца, назіраў на рэакцыю слухаючых Яго людзей, выразна бачачы тое, як сэрцы многіх адгукнуліся на гэтую Божую праўду.

Прайшло яшчэ некалькі дзён, калі прыйшоў час растаньня з ужо блізкімі для Ісуса людзьмі. Ганод з сынам павінны былі, разам з гандлёвым караванам, ісьці да Петры – сталіцы Набатэі, што ў Арабіі. Адтуль жа, праз Чэрмнае мора, яны павінны будуць марскім шляхам дасягнуць сваёй радзімы – Індыі. Растаньне блізкіх людзей заўсёды ня простае мерапрыемства, тым больш, што будучая сустрэча застаецца пад вялікім пытаньнем. Усе трымаліся мужна, але гэта было для Ганіда вялікім іспытам, вочы якога былі поўнымі слёзаў, але сэрца было напоўнена мужнасьцю. Разьвітваючыся з Ісусам, ён прамовіў да Яго: «Бывай Настаўнік, але не назаўсёды. Калі я буду ў Тваёй краіне, я знайду Цябе. Я вельмі люблю Цябе і я думаю, што нябесны Айцец павінен паходзіць на Цябе. У-ва ўсякім выпадку я ведаю, што Ты і Айцец нябесны родныя. Я буду памятаць усе Твае вучэньні, але перш за ўсё я буду памятаць пра Цябе». Ганод, стрымліваючы хваляваньне, таксама прамовіў да Ісуса: «Я разьвітваюсь з вялікім Настаўнікам, Які зрабіў нас лепшымі і дапамог нам спазнаць сапраўднага Бога». Ісус, абняўшы Сваіх сяброў, прамовіў да іх: «Мір з вамі і няхай будзе з вамі дабраславеньне нябеснага Айца». Караван ўжо зьнікаў з вачэй на дарозе за прыгоркам, калі Ісус адчуў Сваю тугу па родным краі, дзе чакалі Яго родныя і блізкія.


Ад аўтара:
Прайшло два гады нашага назіраньня за гэтай вандроўкай Ісуса, Які, да Сваёй дасканаласьці, павінен быў дадаць назіраньне ўсяго рымскага сьвету. Прасочым жа усе этапы гэтага вандраваньня. Ісус і два выхадцы з Індыі выйшлі з Ерусаліму ў красавіку дваццаць дзевятага году жыцьця Ісуса і скончылі сваю сумесную вандроўку ў сьнежні, калі Ісусу павінна было споўніцца трыццаць гадоў. Але, усё па парадку.

З Ерусаліму яны пайшлі ў Цэзарэю праз Ёпію. У Цэзарэі сябры селі на карабель, які накіраваўся ў Александрыю. Пасьля быў Крыт, Мэліта і Нэапаль, адкуль Апіевы шлях накіраваў іх у Рым. Пасьля даволі працяглага знаходжаньня ў сталіцы сьвету, яны, па Апіяваму шляху, прыйшлі ў Тарэнт, адкуль, на караблі, дасягнулі грэцкага Нікапаля. Далейшы шлях прывёў іх у Атэны, а потым у Карынт. Пасьля Карынту быў Кіпр, пасьля чаго яны накіраваліся морам у Антыёхію, а потым у Дамаск, дзе Ён і разьвітаўся са спадарожнікамі, каб ісьці ў Галілею да Сваіх родных і блізкіх людзей. Гэтае вандраваньне было пачаткам будучага вандраваньня для служэньня ўсім людзям гэтага сьвету. Пойдзем жа і мы за Ісусам з Дамску на радзіму і паглядзем на далейшае.


Рецензии