Введение

УВОДЗІНЫ


Мы пачынаем вывучэньне цудоўнага твору, які быў створаны Сьвятым Духам і шчырым хрысьціянінам – Лукой. Эвангельле паводле Лукі мае трэці радок сярод кнігаў Новага Запавета, пасьля эвангелістаў Мацьвея і Марка. Хто такі быў Лука, якая мэта напісаньня гэтага твору і калі гэта было? Якія асаблівасьці мае кніга Лукі і як яна суадносіцца да аповядаў Мацьвея і Марка пра Ісуса Хрыста? У гэтым першапачатковым разьдзеле прапануемай кнігі, мы паспрабуем даць магчымыя адказы на пастаўленыя намі ж пытаньні.

Пра эвангеліста Луку ня шмат зьвестак у Новым Запавеце, але яны існуюць. Імя Лука ўжо кажа самое за сябе, але мы зьвернемся да апостала Паўла, які дае ў сваіх пасланьнях пэўныя зьвесткі пра Луку. У сваім пасланьні да каласянаў (15:10-14) Павал пералічвае сваіх памочнікаў ад гебраяў да элінаў, дзе ён успамінае Эпафраса і Луку па-за сьпісам юдэяў і празэлітаў. Больш таго, ён называе Луку лекарам, што кажа пра ягоную адукацыю і пэўную вучонасьць. Лічыцца, што Лука нарадзіўся і жыў недзе ў Антыёхіі, дзе і сустрэўся з апосталам Паўлам. Тое, што ён пазнаёміўся з Паўлам у Антыёхіі пацьверджваецца ў кнізе «Дзеі апосталаў», але тое, што Лука нарадзіўся ў Антыёхіі, вельмі спрэчна. І вось чаму.

У 50 годзе па Р. Х. Павал прымае канчатковае рашэньне накіравацца ў Македонію і пачаць сваё служэньне на зямлі Грэцыі. Рашэньне Паўла сфармавалася пад уплывам Лукі, які стаў вучнем і памочнікам апостала. Лекар па імяні Лука, зусім магчыма, паходзіў з Неапаля, марскога порта горада Філіпы, куды і накіраваўся Павал разам са сваім памочнікам Лукой. Дарэчы, нядрэннае веданьне марской навукі мораплаваньня пацьверджвае месца ягонага паходжаньня. Луке было вызначана згуляць вельмі значную ролю у гісторыі хрысьціянства, бо менавіта ён і стаўся першым гісторыкам узьнікненьня хрысьціянства. Павал вельмі любіў Луку, бо быў ён мякькага складу, з душою пяшчотнаю, сціплым і верным свайму настаўніку.

Дабраславеньне сышло на Луку ў Траадзе і ён упэўніў Паўла, што ў Македоніі ён знойдзе добрую глебу, каб пасеяць і ўзрасьціць зярняты веры ў Хрыста. Словы Лукі далі ўпэўненасьць сэрцу апостала і калі Павал убачыў у-ва сьне макіданяніна, які зваў яго, кажучы: «Прыйдзі дапамагчы нам», Павал зразумеў, што Бог загадвае яму ісьці ў Македонію. Іншымі словамі, Лука клікаў Паўла ісьці на ягоную радзіму, каб несьці вестку пра Ісуса Хрыста.

І вось, на пэўным прамежку часу, Лука зьбірае розныя сьведчаньні пра жыцьцё, сьмерць і ўваскрэсеньне Ісуса, каб выкласьці ўсё гэта ў цудоўным аповядзе – Эвангельле паводле Лукі. Гісторык і дасьледчык Лука даволі шчыльна дасьледаваў тое, пра што ён намагаўся данесьці ня толькі сваім сучасьнікам, але і ўсім іншым пакаленьням людзей. Лука, і ў гэтым няма сумненьня, размаўляў з рознымі сьведкамі тых падзеяў і, па ўсёй верагоднасьці, вызначыў шмат падрабязнасьцяў, зьвязаных з дзяцінствам і юнацтвам Ісуса Хрыста. Больш таго, ён меў сьведчаньні і сярод набліжаных да Ірада Анцыпы, бо дае нам шмат якія падрабязнасьці таго, што адбывалася ў палацы Ірада. У дасьледчыкаў няма адзінай думкі пра тыя крыніцы, якімі карыстаўся Лука пры напісаньні свайго Эвангельля, але зусім верагодна, што ён перапрацаваў шэраг маючых матэр’ялаў, каб стварыць адзіны твор у стыле, які належыў толькі яму. І ўсё гэта стваралася, а ў гэтым няма ніякага сумненьня, пад узьдзеяньнем Сьвятога Духа.

Лука адрасуе сваё Эвангельле нейкаму Тэафілю, каб умацаваць яго ў веры. Мы ня ведаем, хто быў гэты чалавек, але зьвяртаньне Лукі да хрысьціяніна з паганаў падкрэсьлівае ад самага пачатку накірованасьць кнігі да элінскага асяродзьдзя тагачаснага сьвету. Магчыма і тое, што гэта было літаратурным прыёмам Лукі, але гэты прыём ніяк не зьмяняе мэту напісаньня Эвангельля, якое арыентавалася на паганаў. І гэтаму ёсьць некалькі пацьверджваньняў. Пры чытаньні Эвангельля мы павінны заўважыць, што пры вызначэньні геаграфічных месцаў у Юдэі Лука часта тлумачыць пра іхняе местазнаходжаньне, што не патрабавалася б юдэям, якія ведалі геаграфію сваёй краіны. Радавод Ісуса Лука прасочвае да Адама (а не да Абрагама, як у Мацьвея), магчыма для таго, каб паказаць, што Хрыстос прыналежыць усяму чалавецтву, а ня толькі гебрайскаму народу. Пры напісаньні свайго твору Лука карыстаецца словамі, якія больш знаёмыя паганам, чым гебраям. Напрыклад, мы ня знойдзем у Лукі слова «Раббі», але, замест гэтага, мы бачым слова «Настаўнік». Пералічваць можна яшчэ, але мы абмяжуемся і гэтым. Галоўнае тое, што Лука паказвае нам Ісуса Хрыста як Сына Чалавечага, Які быў прапаведаны і паганам, каб і тыя маглі даведацца пра Валадарства Божае ды атрымаць збаўленьне.


Рецензии