Лук 1 1-80
Лук 1:1-80
Мы разглядаем адзін з найбольш цудоўных хрысьціянскіх дакумантаў ранішняга часу, які выйшаў з пад рукі вучня апостала Паўла Лукі. Яму не давялося асабіста прысутнічаць у апісаных ім падзеях. Але ў выніку бяседаў і размоваў з непасрэднымі сьведкамі жыцьця і дзеяў Ісуса Хрыста, а таксама дэтальнага вывучэньня ранейшых крыніцаў апісаньня жыцьця Ісуса Хрыста, Лука стварыў найбольш поўную версію жыцьця і дзейнасьці нашага Збаўцы. Мэта гэтага твору даволі простая: кожны чалавек павінен ведаць праўду пра жыцьцё і дзеі Ісуса Хрыста. Лука паказвае нам постаць Ісуса ня толькі як Збаўцу Ізраіля, але і ўсяго астатняга сьвету. Калі мы будзем параўноўваць Эвангельле паводле Лукі з Эвангельлем паводле Мацьвея, дык можам заўважыць наступнае. Мацьвей даводзіў гебраям, што Добрая Вестка прызначана ня толькі для іх, але і для ўсяго астатняга сьвету: «І падыйшоўшы Ісус сказаў ім, кажучы: “Дадзена Мне ўся ўлада ў небе і на зямлі. Дык ідзіце, і вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа”» (Мац 28:18-19). Лука ж, будучы, па ўсёй верагоднасьці, элінам, зьвяртаецца да рымскага сьвету з пасланьнем пра гебраяў, з асяродзьдзя якіх і выйшаў Збаўца ўсіх народаў Ісус Хрыстос.
Лук 1: 1-4
«Як ужо многія намагаліся напісаць аповесьць пра падзеі, якія ў нас адбыліся, як пераказалі нам тыя, што былі ад пачатку відавочцамі і сталіся паслугачамі слова, надумаў і я, прайшоўшы ўсё нанова, дакладна па парадку апісаць табе, вяльможны Тэафілю, каб ты пазнаў надзейнасьць словаў, у якіх быў навучаны» (Лук 1:1-4).
Лука – адзіны з чатырох эвангелістаў, які з самога пачатку тлумачыць, як і навошта ён напісаў гэтае Эвангельле. Ён, на той момант, быў знаёмы з ўжо напісанымі фактамі жыцьця і дзейнасьці Ісуса (магчыма з твораў Мацьвея і Марка). Лука кажа і пра вуснае сьведчаньне тых, хто непасрэдна бачыў і чуў Хрыста. Калі мы будзем уважліва чытаць напісанае, дык можам адчуць і тое, што Лука мог размаўляць і з пастухамі, якія першымі сьведчылі пра нараджэньне Ісуса, і з шматлікімі сьведкамі служэньня Ісуса Хрыста, а нават і з маці Ісуса Марыяй.
Галоўны повад да напісаньня гэтага Эвангельля – гэта тое, што Добрая вестка распаўсюдзілась далёка за межы тэрыторыі, дзе прапаведаваў Ісус. Апостал Пётр, а найбольш Павал, як і іншыя місіянэры абвяшчалі гэтую вестку паўсюдна, і, безумоўна, існавалі аповяды, якія тым ці іншым чынам скажалі праўду пра тое, кім быў Ісус, што Ён казаў і рабіў і што з Ім на самой справе адбылося. І для Лукі, які верыў у лёсавызначальны характар падзеяў зьвязаных з Ісусам Хрыстом, было вельмі важным прадставіць гістарычныя факты як мага больш ясна і дакладна.
Лука адсылае напісанае Эвангельле (як і дзеі Апосталаў) Тэафілу, чалавеку, магчыма, грэцкага паходжаньня. Імя Тэафіл, якое азначае «Любячы Бога», было даволі распаўсюджаным у першым стагодзьдзі. Хто такі Таафіл? Гэта дакладна невядома, але несумненна тое, што гэты чалавек ужо прыйшоў да Хрыста. І зусім верагодна, што ён быў чалавекам заможным, які мог ахвяраваць свае грошы на справу выданьня і распаўсюджваньня гэтага твору эвангеліста Лукі.
Лук 1:5-25
«Сталася ў дні Ірада, валадара Юдэйскага, быў сьвятар з Абіявай чаргі, на імя Захарыя і жонка ягоная з дачок Аарона, і імя яе Альжбета. Былі яны абое праведныя перад Богам, ходзячы паводле прыказаньняў і пастановаў Госпада безганна. І не было ў іх дзіцяці, таму што Альжбета была няплодная, і абое яны былі пажылыя ў гадах сваіх» (Лук 1:5-7).
Адразу пасьля свайго ўступу Лука задае гістарычныя рамкі свайго Эвангельля: «Сталася ў дні Ірада, вадара Юдэйскага» і толькі потым ён непасрэдна пачынае свой аповяд. Лука не пачынае аповяд непасрэдна з Ісуса, але пачынае яго на нейкай адлегласьці ад галоўнай падзеі – нараджэньня Ісуса Хрыста. Лука паказвае дзею Божую пачаткам жыцьця Яна Прадвесьніка, бо толькі ў 31 вершы прагучыць імя Ісуса. Мы бачым Захарыя, сьвятара з Абіевай чаргі, якому анёл Божы кажа пра будучае нараджэньне сына Яна, які прасякнецца Духам Сьвятым яшчэ ў-ва ўлоньні маці Альжбеты, каб выканаць потым у духе і сіле Ільлі падрыхтоўку народа да прышэсьця Збаўцы.
Захарыя і Альжбета жылі звычайным жыцьцём, будучы «праведнымі ў вачах Бога» гебраямі. Яны жылі ў горнай краіне на нейкай адлегласьці ад Ерусаліма. Захарыя быў сьвятаром з чаргі Абіявай. Што такое Абіева чарга? Калі валадар Давід усталяваў скінію Госпада ў Ерусаліме, ён вызначыў дваццаць чатыры чэргі з сыноў Аарона, каб несьці служэньне пры скініі ў храме Госпада. Восьмая чарга, праз кіданьне жэрабя, выпала Абію, прадстаўніком рода якога, праз шмат гадоў, і быў Захарыя. І вось Захарыя, пад час служэньня ў сваёй чарзе, уваходзіць, каб кадзіць, у бажніцу Госпада: «І зьявіўся яму анёл Госпадаў, які стаў з правага боку кадзільнага ахвярніку. І стрывожыўся Захарыя, убачыўшы яго, і ахапіў яго страх. Анёл жа сказаў яму: “Ня бойся, Захарыя; бо пачутая просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян”» (Лук 1:11-13).
І вось Захарыя (як напэўна і большасьць дасьведчаных гебраяў) патрабуе доказу (знаку) таго, што павінна адбыцца: «І сказаў Захарыя анёлу: “З чаго даведаюся я гэтае? Бо я – стары, і жонка мая ў гадах пажылых”» (Лук 1:18). Знак яму даецца, але ў гэтым знаку прысутнічае элемент пакараньня за недавер Божаму пасланьню: «І вось, будзеш ты маўчаць, і ня зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў славам маім, якія споўняцца ў свой час» (Лук 1:20). Захарыя губляе магчымасьць размаўляць да нараджэньня і абразаньня будучага Хрысьціцеля і Прадвесьніка Ісуса Хрыста. Мы ж бачым безумоўную радасьць няплоднай Альжбеты, якая, пасьля гэтага, зачала дзіцяці: «Гэтак учыніў мне Госпад у дні, калі глянуў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі» (Лук 1:25).
Лук 1:26-38.
«А ў шосты месяц быў пасланы анёл Габрыэль ад Бога ў горад Галілейскі, называны Назарэт, да дзяўчыны, заручанай з мужам на імя Язэп, з дому Давідавага; а імя дзяўчыны Марыя» (Лук 1:26-27).
Гэта ёсьць пачатак гісторыі нараджэньня Ісуса Хрыста. Той жа анёл Божы (Габрыэль) зьяўляецца зусім юнай дзяўчыне Марыі з абвяшчэньнем таго, што яна зачне і народзіць Сына па імяні Ісус, Які будзе названы Сынам Усявышняга і Які будзе валадарыць над домам Якуба вечна і Валадарству Ягонаму ня будзе канца: «І ўвайшоўшы да яе, анёл сказаў: “Радуйся дабрадатная! Госпад з табою; дабраслаўлёная ты між жанчынамі”» (Лук 1:28). Анёл патлумачыў ёй, што яна зачне ад Духа Сьвятога і таму народжанае дзіця будзе названае Сынам Божым. На зьдзіўленьне Марыі анёл кажа, што для Бога нічога немагчымага няма і таму Габрыэль дадае Марыі тое, што нават яе сваячка Альжбета, у сталых гадах, зацяжарыла па жаданьню Госпада шэсьць месяцаў таму.
Анёл Госпада дае Марыі пяць адкрыцьцяў пра яе будучага сына:
Ён будзе вялікі.
Ён будзе названы Сынам Усявышняга.
Яму будзе дадзены пасад Давіда, як нашчадку па маці Яго.
Ён будзе валадарыць над домам Якуба заўсёды.
Валадарству Яго ня будзе канца.
Па ўсёй верагоднасьці Марыя ня вельмі зьдзівілася таму, што Мэсія хутка прыйдзе, але яна зьдзівілася таму, што менавіта яна будзе маці Мэсіі, тым больш, што яна да гэтага ня ведала мужа.
Якая ж рэакцыя Марыі? Пакора перад Госпадам: «І сказала Марыя: “Вось я - служка Госпада; няхай станецца мне паводле слова твайго”. І адыйшоў ад яе анёл» (Лук 1:38). Заўважым, што Марыя таксама, як і Захарыя, задае пытаньне анёлу, але гэта больш падобна на тое, каб атрымаць пэўную інфармацыю, чым набыцьцё нейкага доказу. І таму, атрымаўшы прапанову стаць маці Збаўцы, яна, няхай і не да канца разумеючы наступствы ўсяго гэтага, скарылася перад Госпадам і прамовіла гэтыя цудоўныя словы, якія засталіся для ўсіх людзей навечна.
Лук 1:39-56.
«Устаўшы, Марыя ў тыя дні шпарка пайшла ў горную краіну, у горад Юдавы, і ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету» (Лук 1:39-40).
Пачуўшы ад анёла пра Божы цуд у адносінах да Альжбеты, Марыя ідзе ў той нагорны горад, дзе жывуць Захар і Альжбета. І тут мы зноў бачым вялікую і цудоўную працу Сьвятога Духа, Які ўваходзіць у сэрца Альжбеты пры сустрэчы з Марыяй. Два чалавекі – Альжбета і яшчэ ненароджаны Ян бурна рэагуюць на сустрэчу з маці Ісуса Хрыста: «І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне? Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ва ўлоньні маім. І шчасьлівая тая, якая паверыла, бо зьдзейсьніцца сказанае ёй ад Госпада» (Лук 1:43-45). Адкуль магла ведаць Альжбета, што перад ёй стаіць маці Госпада Ісуса Хрыста? Гэта праца Духа Сьвятога.
І вось адказ Марыі. Ён у велічальным сьпеве: «Узьвялічвае душа мая Госпада, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім, бо Ён глянуў на паніжэньне служкі Сваёй. Бо вось, адгэтуль шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні, бо вялікае ўчыніў мне Магутны; і сьвятое імя Яго, і міласэрнасьць Ягоная з пакаленьня ў пакаленьне для тых, якія баяцца Яго. Ён зьявіў уладу рамяном Сваім; расьсеяў ганарыстых думкамі сэрца іхняга; скінуў моцных з пасадаў і ўзьвялічыў пакорных, галодных насыціў дабром, а багатых адпусьціў ні з чым. Падтрымаў Ізраіля, юнака Свайго, успомніў пра міласэрнасьць, як гаварыў адносна бацькоў нашых, адносна Абрагама і насеньня ягонага на вякі» (Лук 1:46-55).
Сьпеў Марыі – гэта Эвангельле перад Эвангельлем. Гэта Добрая Вестка пра будучае нараджэньне Ісуса Хрыста. Амаль што кожнае слова гэтага сьпеву – вытрымка з Бібліі, як доказ таго, што Марыя ведала Пісаньне з дзяцінства. Гэты сьпеў вельмі падобны на сьпеў Ганны (1 Вал:2), якая сьпявала па нараджэньню Самуіла пра тое, што Бог хоча вырашыць праз яго. Радасьць Марыі – гэта радасьць пра Бога, Які і ёсьць галоўнай прычынаю для радасьці. Сьпеў Марыі часта называюць «Magnifikat» (па першаму слову сьпева на лацінскай мове). Гэта, дарэчы, адзін з самых вядомых хрысьціянскіх гімнаў, музыку для якога стварыў Себасьцьян Бах.
Лук 1:57-80
«А Альжбеце настаў час нараджаць, і яна нарадзіла сына. І пачулі суседзі і сваякі ейныя, што ўзьвялічыў Госпад міласэрнасьць Сваю над ёю, і цешыліся з ёю» (Лук 1:57-58).
І вось нараджэньне Яна Прадвесьніка. Закон Майсея прадугледжваў абразаньне дзіцёнка хлопчыка на восьмы дзень з дня нараджэньня. У гэты дзень павінны былі даваць народжанаму дзіцёнку імя. І вось цікавае назіраньне: «І пыталіся на мігах ў бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго. І папрасіўшы дошчачку, ён, напісаў, кажучы: Ян імя яму. І ўсе зьдзівіліся. І адразу разчыніліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога» (Лук 1:62-64). Вернемся крыху назад, да размовы анёла Габрыэля з Захарыям: «І вось, будзеш ты маўчаць і ня зможаш гаварыць да дня, калі гэта станеецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час» (Лук 1:20). З гэтага вынікае, што Захарыя на гэты час быў ня толькі нямы, але і глухі, бо навошта яму было падаваць знакі? Можна было б проста сказаць.
Далей мы зноў назіраем вялікую працу Сьвятога Духа, Які напоўніў Сабою сэрца Захарыя. Захарыя ж, напоўнены Духам, узносіць гімн хвалы Госпаду. Ягоны прароцкі сьпеў мае назву «Benediktus» (па першапачатковаму слову гімна «Дабраславёны») і кранае тэму выкананьня прароцтваў, збаўленьня ад прыгнятальнікаў, прабачэньня грахоў і мірнага служэньня Госпаду ў адпаведнасьці з вышэйшымі рэлігійнымі і маральнымі нормамі.
«Дабраслаўлёны Госпад, Бог Ізраіля, што адведаў народ Свой і даў выбаўленьне яму, і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго, як абвясьціў вуснамі сьвятых прарокаў Сваіх, што былі адвеку, збавіць нас ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх, якія ненавідзяць нас, учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўзгадаць сьвяты запавет Свой, прысягу, якой кляўся Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам бяз страху, выбавіўшы нас з рукі ворагаў нашых, служыць Яму ў сьвятасьці і праведнасьці перад Ім у-ва ўсе дні жыцьця нашага. І ты дзіцятка, будзеш названы прарокам Найвышэйшага, бо будзеш ісьці наперадзе перад абліччам Госпада падрыхтаваць шляхі Яму, даць народу пазнаць збаўленьне ў адпушчэньні грахоў іхніх, праз унутраную міласэрнасьць Бога нашага, у якой адведаў нас Усход з вышыні, зьявіць сьвятло тым, што сядзяць у цемры і ў ценю сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на шлях супакою». (Лук 1:68-79).
А дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустыні да дня зьяўленьня свайго Ізраілю. (Лук 1:80)
Маўчаньне Захара безумоўна пайшло яму на карысьць, бо быў даволі працяглы час, каб падумаць пра тое, што адбылося і зрабіць пэўныя высновы. І таму мы бачым у другой частцы гімна Захарыі пра будучае свайго сына і тое, дзеля чаго і быў прызначаны Богам ягоны сын Ян Прадвесьнік: «І ты, дзіцятка, будзеш названы прарокам Найвышэйшага, бо будзеш ісьці наперадзе перад абліччам Госпада падрыхтаваць шляхі Яму». Захарыя, у дадзеным выпадку, ня толькі абвяшчае пра палітычнае збаўленьне, але пракладае шлях да разуменьня новага сьвету бяз сьмерці і грэху. І гэта пачынаецца ўжо ў наступным разьдзеле.
Свидетельство о публикации №226011301750