Лук 2 1-52

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЛУКІ


Лук 2:1-52

Апавяданьне Лукі паказвае нам велічную карціну зьяўленьня Госпада Ісуса Хрыста. Але сярод гэтай велічы мы бачым страхі і надзеі простых людзей. Захарыя, Альжбета і Марыя – гэта тыя самыя простыя і рэальныя людзі, якія хістаюцца паміж верай ды сумненьнем і якіх Госпад заклікае даверыцца Яму. І ў гэтым ёсьць гармонія апавяданьня. Сам Бог-Творца вырашыў збавіць Свой народ, калі нарадзіўся Немаўлятка.


Лук 2:1-20
«І сталася, у тыя дні выйшла ад цэзара Аўгуста пастанова зрабіць перапіс па ўсім сусьвеце. Гэты перапіс быў першы за панаваньня Квірынія ў Сірыі. Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з гораду Назарэт, у Юдэю, у горад Давіда, называны Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, запісацца з Марыяю, заручанай з ім жонкай, якая была цяжарная» Лук 1:1-5).

Лука, на пачатку гэтага разьдзелу, дае нам вызначэньне часу гэтага дзеяньня. Мы бачым гістарычны час цэзара Аўгуста, які зрабіў загад зрабіць перапіс на ўсёй тэрыторыі сваёй імперыі. Удакладнім сказанае. Аўгуст, прыёмны сын Юлія Цэзара, пасьля цяжкай грамадзянскай вайны стаўся адзіным кіраўніком рымскага сьвету. Гэта адбылося ў 31 годзе да Р. Х. Аўгуст абвесьціў рэспубліку ў імперыю, якую і ўзначаліў, абвясьціўшы сябе імператарам. Акрамя таго ён абвясьціў Юлія Цэзара богам, а сябе, адпаведна, сынам бога. У народзе казалі, што Аўгуст – гэта «збаўца» сьвету. І вось, Язэп з цяжарнай Марыяю прыходзяць у Бэтлеем, дзе і пачалося зямное жыцьцё Ісуса Хрыста.

«І сталася, калі яны былі там, надыйшоў дзень нарадзіць ёй; і нарадзіла Сына свайго Першароднага, і спавіла Яго, і палажыла Яго ў ясьлі, бо не было ім месца ў сьвятліцы» (Лук 1:6-7).

На далёкім усходзе ад Рыма, нарадзіўся Хлопчык, Які, на самой справе, быў Сынам Божым. Валадарства Рыма супраць Божага Валадарства. Супадзеньне? Ніяк, бо супадзеньне - гэта ня Божая катэгорыя. Перапіс Аўгуста прывёў Язэпа і Марыю ў горад Давіда Бэтлеем, каб споўніліся прароцтвы пра нараджэньне Мэсіі. Увогуле, нараджэньне Ісуса Хрыста – гэта ёсьць пачатак канфлікту паміж Валадарствам Бога (пакуль што слабым, як народжанае немаўлятка) і валадарствам гэтага сьвету. Але Валадараства Божае будзе ўзрастаць, як будзе ўзрастаць народжаны Сын Божы Ісус Хрыстос.

Нарадзіўся маленькі Ісус і быў пакладзены Марыяй у ясьлі – прыспасобу для кармленьня жывёлы. Многія ставяцца да гэтых ясьлей, як паказчык таго, што Хрыстос нарадзўся ў самым нізе грамадзтва – сярод жывёлаў (недарма на шматлікіх паштоўках ці малюнках мы бачым вала і асла). Гэта вельмі супярэчліва, бо, па ўсёй верагоднасьці, Язэп і Марыя разьмясьціліся ў ніжнім цокальным паверсе гасьцініцы, дзе магчыма было ўтрыманьне жывёлаў. Калі хто з гэтым нязгодны, дык няхай уявіць сабе жорсткасьць адмовы разьмяшчэньня цяжарнай жанчыны ў ізраільскім грамадзтве, якое было выхавана на законе Майсея.

Але што азначаюць ясьлі, куды быў пакладзены народжаны Ісус? Знак, які быў дадзены пастухам анёлам Госпадавым, каб тыя, па гэтаму знаку, знайшлі Госпада і абвясьцілі пра гэта астатняму сьвету. Чаму менавіта пастухі? Ці не таму, што гэта ўсё адбывалася ў горадзе валадара Давіда, які з пастухоў быў памазаны Самуілам на валадарства? Пастухам даецца вялікая навіна пра Збаўцу, Які ёсьць Хрыстос Госпад. А Язэп і Марыя, пачуўшы словы пастухоў пра сказанае анёлам, атрымліваюць зьнешняе пацьверджаньне таго, што было іхняй асабістаю таямніцай. Тое, што Марыя прымала ўсе гэтыя словы, складаючы ў сэрцы сваім, можна мець на ўвазе ў рэчышчы таго, што яна магла быць крыніцаю апавяданьня Лукі. Як і словы: «І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было» (Лук 2:20).


Лук 2:21-40
«І калі прайшло восем дзён, трэба было абрэзаць Хлопчыка, і далі Яму імя Ісус, названае анёлам перш, чым быў Ён зачаты ва ўлоньні. І калі скончыліся дні ачышчэньня іх паводле закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб прадставіць перад Госпадам, як напісана ў законе Госпадавым: “Усякі хлопчык, які адкрывае ўлоньне, будзе названы сьвятым Госпадавым”, каб прынесьці ахвяру паводле таго, як сказана ў законе Госпадавым: пару туркавак ці двух галубянятак» (Лук 2:21-24).

Мы бачым абразаньне Ісуса, згодна закону Майсея. Але далей мы бачым людзей, якія сэрцам адчулі прышэсьце ў сьвет Збаўцы ўсіх народаў. Лука, разумеючы ўсю веліч нараджэньня Ісуса Хрыста, дае нам карціну, якая адрозьніваецца ад сьвецкай велічы цэзара, бо Валадарства Хрыста – гэта процілегласьць валадарству Аўгуста, але і не такое, якое чакаў вякамі народ Ізраіля. Асаблівасьць яго ў тым, што яно непадзельна ад гісторыі пакутаў. Пабожны Сымон, як і прарочыца Ганна жылі ў гэтым пакутлівым сьвеце, але яны не згубілі надзеі на збаўленьне Ізраіля. І ня толькі, бо праведны Сымон, які ўзяў на рукі маленькага Ісуса, паказвае, што Валдарства прынесенае Ісусам прызначана ня толькі Ізраілю, але і ўсяму сьвету. Усе народы ўбачаць Божы план збаўленьня чалавецтва, а Ізраіль будзе праслаўлены як народ, з якога паўстаў сапраўдны Валадар сьвету: «Бо бачылі вочы мае збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў, сьвятло для асьветы паганаў, і славу народа Твайго - Ізраіля» (Лук 2:30-32). Таксама і Ганна прарочыца славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў ратунку ў Ерусаліме.

Аўтар гэтага Эвангельля дадае да свайго апавяданьня яшчэ адно вымярэньне. Мы пазнаёміліся са сталымі людзьмі, якія нарадзілі па Божаму жаданьню Яна Хрысьціцеля. Мы ўбачылі дзяўчыну Марыю, якая нарадзіла Ісуса Хрыста. Мы ўбачылі Язэпа і Марыю, якія прыйшлі ў Ерусалімскі храм, каб абрэзаць Ісуса і прынесьці такім чынам асобную ахвяру. Мы ўбачылі вельмі сталых Сымона і Ганну, якія чакаюць сваёй сьмерці і моляцца пра збаўленьне свайго народу. Лука жадае, каб гэтая гісторыя была гісторыяй людзей усіх узростаў і стану. І каб гісторыя Ісуса, ад ясляў у Бэтлееме да ўваскрасеньня, сталася нашай асабістай гісторыяй.


Лук 2:41-52
«І кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі. І калі Ён меў дванаццаць год, прыйшлі яны, як звычайна, у Ерусалім на сьвята» (Лук 2:41-42).

Гэта вельмі цікавая гісторыя. Язэп з Марыяй і разам з Ісусам прыйшлі на сьвята Пасхі ў Ерусалімскі храм. Ісусу было дванадцаць год, калі яны прыйшлі на гэтае сьвята. Трэба заўважыць, што на гебрайскіх падлеткаў абавязкі дарослых у юдэйстве накладаліся з трынаццаці гадоў. Магчыма Лука даводзіць да нас менавіта гэтую вандроўку ў Ерусалім, як падрыхтоўку юнака Ісуса да дарослага духоўнага жыцьця, бо ў наступным годзе Ён прыйдзе сюды ўжо адносна дарослым. І вось нечаканасьць. Марыя і Язэп пайшлі ў даволі далёкі шлях дадому з вялікай грамадой паломнікаў з Назарэту, не паглядзеўшы, ці з імі Ісус. Пра што гэта кажа? Пра простую недарэчнасьць бацькоў ці як інакш? Падаецца, што гэта кажа пра калектыўны склад жыцьця тагачасных сем’яў, як у будзённым жыцьці, так і ў пасхальных вандроўках. Бацькі Ісуса прайшлі дзённы шлях не заўважыўшы адсутнасьць з імі Ісуса. Уявім сабе той жах, які яны адчулі, калі заўважылі адсутнасьць юнака. Лука кажа, што бацькі Ісуса вярнуліся ў Ерусалім і толькі праз тры дні знайшлі Яго ў храме, дзе Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і задаючы пытаньні. Тры дні з якога часу? З часу выяўленьня адсутнасьці Ісуса ці вяртаньня бацькоў у Ерусалім? Пытаньне, але магчыма і ня істотнае, бо для бацькоў гэта ня мае вялікага значэньня. Яны шукалі свайго Сына. Але чаму яны не пайшлі адразу ў храм, а шукалі Яго па ўсім Ерусаліме тры (ці можа два) дні? Людзі згубілі Госпада, а калі знайшлі, дык мы ўбачылі вельмі цікавую рэакцыю на гэта.

Хваляваньне Марыі і Язэпа, якія шукалі Ісуса вельмі адрозьніваецца ад таго, як спакойна Ён адказвае ім на гэтае здарэньне. Марыя папракае Яго за тое, што здарылася, але ў гэтым перамешваецца пачуцьцё віны і палёгкі, якое вядома амаль што кожнаму з бацькоў. Але давайце разважым. Ці не павінна была Марыя сказаць наступнае: «Як я магла так зрабіць з Табою, каб забыць Цябе тут?» Але яна кажа іншае: «Дзіця! Што Ты зрабіў нам гэтак? Вось, бацька Твой і я з вялікаю мукаю шукалі Цябе» (Лук 2:48). Ісус не прымае абвінавачваньне, але адказвае сваёй маці, з мякькім укорам, што выказвае самасьвядомасьць Ісуса: «Навошта вы шукалі Мяне? Ці ж вы ня ведаеце, што Я мушу быць у тым, што належыць Айцу Майму?» (Лук 2:49). І сапраўды, як можна было шукаць Госпада некалькі дзён на вуліцах Ерасаліма, а потым, знойшоўшы Яго ў храме, выказваць Яму сваю незадаволенасьць? Але заўважым, што Ісус, дэманструючы вернасьць Айцу, дэманструе таксама і паслухмянасьць зямным бацькам. І гэта да ўсіх нас, бо так павінны рабіць і мы. Як і Ён.

«І яны не зразумелі слова, якое Ён сказаў ім. І Ён пайшоў з імі і прыйшоў ў Назарэт; і быў у паслушэнстве ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім. А Ісус узрастаў у мудрасьці, і ва ўзросьце, і ў ласцы ў Бога і ў людзей» (Лук 2:50-52). Заўважым, што бацькі не зразумелі словы Ісуса, калі Яму было дванаццаць гадоў. Як не зразумела маці Ісуса пад час Ягонага служэньня пасьля Янавага хросту. Але Ісус разумеў іх, як разумеў і Свайго Айца, а таму і ўзрастаў у мудрасьці і любові Бога і ў людзей.

Гэта пасланьне да ўсіх нас, бо калі Марыя з Язэпам чакалі іншага ад паводзінаў Ісуса, дык тым больш і мы можам памыляцца ў сваіх чаканьнях. Але, калі мы адчуваем Ягоную адсутнасьць, мы павінны шукаць Яго ў малітве, Пісаньні і таемствах да тае пары, пакуль ня знойдзем Яго. Так, як знайшла Яго Марыя ў храме Айца. Але, нават знойдзячы Яго, мы павінны быць гатовымі да таго мяккага адказу (як да Сваёй маці), бо Ён прыналежыць Свайму Айцу і заняты выкананьнем волі Айца. Так належыць рабіць і нам. Амэн.


Рецензии