Лук 3 1-38

ЭВАНГЕЛЬЛЕ АД ЛУКІ


ЛУК 3:1-38

«І Ён сказаў ім: “Навошта вы шукалі Мяне? Ці ж вы ня ведаеце, што Я мушу быць у тым, што належыць Айцу Майму? І яны не зразумелі слова, якое Ён сказаў ім. І Ён пайшоў з імі і прыйшоў у Назарэт; і быў паслухмяны ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім. А Ісус узрастаў ў мудрасьці, і ва ўзросьце, і ў ласцы ў Бога і людзей» (Лук 2:49-52). Гэтыя словы Лука даводзіць да нас пасьля таго, як бацькі Ісуса згубілі Яго на тры дні. Пра што гэта можа казаць? Ды пра нашыя дзеяньні ў нашым штодзённым жыцьці. Прыпамятаем нашыя шматлікія дзеяньні, калі мы завіхаемся ці куды-небудзь паспешліва зьбіраемся. Ці пачынаем якую-небудзь справу. Ці не бывае так, што мы ня ўзгадваем, а таму і на нейкі час губляем Госпада? Яшчэ як бывае, а таму, як гэта зрабілі бацькі Ісуа Хрыста, мы павінны вярнуцца ў сваіх помыслах да шуканьня Ісуса, каб знайсьці Яго ў мудрасьці і зьдзівіцца Ягонай мудрасьці адносна нас. Тых, якія шукалі Яго і знайшлі.

Напрыканцы другога разьдзела Лука паказвае нам узрастаючага Ісуса, Які ўжо ўсьведамляе Сваю прыналежнасьць да Айца. Мы бачым таксама праяву пакоры да Сваіх зямных бацькоў, а таксама і тое, што Ён набывае мудрасьць і ласку ня толькі ад Бога, але і ад людзей. Лука як бы гатуе нас да наступнага этапу жыцьця Ісуса Хрыста, які пачынаецца пад час служэньня Яна Хрысьціцеля.


Лук 3:1-9
«А ў пятнаццаты год панаваньня цэзара Тыбэрыя, калі Понці Пілат панаваў у Юдэі, Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны, - тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай краіне, а Лісані – тэтрархам у Абіліне, пры першасьвятарах Аньне і Каяфе, было слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні» (Лук 3:1-2).

Лука зноў уводзіць нас у тыя гістарычныя рамкі, у межах якіх праходзіла служэньне Яна, які гатаваў шлях Таму, Хто ішоў за ім, каб выканаць волю Айца для нашага збаўленьня. Першы імператар Рыма Аўгуст памірае ў 14 годзе па Р.Х., месца якога займае Тыберый. На момант служэньня Яна поўнач Юдэі знаходзіўся пад кіраўніцтвам сыноў Ірада Вялікага Ірада Анцыпы і Філіпа. Паўдзеная ж частка краіны, разам з Ерусалімам, знаходзілася пад кантролем пракуратара Рыма Понція Пілата. Палітычнае становішча Юдэі было вельмі напружаным, бо большасьць гебраяў ненавідзела ня толькі ўладу пракуратара, але і спосаб кіраваньня «сваіх»: Ірада і Філіпа. Усе бунты супраць дзеючых уладаў прыводзілі да паразаў. Але людзі нечага чакалі.

Гебраі вельмі чакалі ад Бога нейкага новага адкрыцьця. Усе ведалі, што ўжо чатырыста гадоў не гучыць прароцкі голас, але яны чакалі і жадалі гэтага. І вось прыходзіць з пустыні малады прарок Ян, які прапаведуе хрост пакаяньня на дараваньне грахоў. Ён праходзіць праз гарады і вёскі з весткаю, што доўгачаканы час настаў. А можа гэта і ёсьць прароцкі голас?

Хрост і апусканьне ў ваду ракі Ярдан, было вельмі моцным сымбалем аднаўленьня. Усе гебраі добра ведалі гісторыю выхаду Ізраіля з Егіпта, бо кожны год у кожнай сям’і, пад час Пасхі, ўзгадвалася гэта старэйшым у сям’і. Гісторыю вызваленьня з Егіпецкага рабства ведалі ўсе гебраі. І вось зараз яны зноў знаходзіліся ў рабстве. Не ў Егіпце, але ў сваёй краіне. Адчуем розьніцу. Старазапаветныя прарокі казалі, што вызваленьне ад гэтага рабства магчыма толькі праз пакаяньне і вернасьць Богу. Прарокі казалі, што выйсьце з рабства можна набыць толькі зьвярнуўшыся да Бога ўсім сэрцам і ўсёю душою, а гэта азначае з пакаяньнем: «З дзён бацькоў вашых вы адступіліся ад пастановаў Маіх і не трымаецеся іх; зьвярнецеся да Мяне, і Я зьвярнуся да вас, кажа Госпад Саваоф» (Мал (3:7).

Тое Ян і казаў: «Хрост пакаяньня на дараваньня грахоў». Час падыйшоў і збаўленьне было каля ўваходу. Але ці падгатаваныя былі да гэтага людзі? Тым больш, што абрад абмыцьця адносіўся і да паганаў, якія вырашылі аб’яднацца з народам Божым. Народ Ізраіля параўноўваў Божыя прынцыпы са сваім асабістым жыцьцём, а таму чакаў што Ён збавіць дзяцей Абрагама згодна запавету, які Ён даў Свайму народу. І вось заўважым, што, па Яну, хрысьціцца павінен народ Ізраіля, які быў вызначальна выбраным і ці павінен ён быў хрысьціцца? Але так, павінен. У гэтым быў заклік Яна Прадвесьніка.


Лук 3:10-20
«І спытаўся ў яго натоўп, кажучы: “Дык што нам рабіць?”А ён, адказваючы, кажа ім: “Хто мае дзьве вопраткі, няхай дасьць таму, хто ня мае; і хто мае ежу, няхай робіць тое самае”. Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца, і сказалі яму: “Настаўнік, што нам рабіць?” А ён сказаў ім: “Нічога не бярыце больш таго, што вам загадана”. Пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: “А нам што рабіць?” І ён сказаў ім: “Нікога ня крыўдзьце, не абмаўляйце і задавальняйцеся сваёю платай”» (Лук 3:10-14).

Пропаведзь Яна была вельмі практычнай, бо ён не займаўся тэарэтычнымі спрэчкамі наконт закона Майсея. Ян казаў вельмі канкрэтна і проста. Ён казаў пра мараль для тых, хто меў больш за іншых. Усім, хто слухаў Яна, была зразумелая тая сутнасьць, што вынікала з ягоных словаў. Ян казаў, як старазапаветныя прарокі пра багатых і бедных і ўсе разумелі, што трэба нешта перамяняць у грамадзтве. І, па-перш, пакаяцца на дараваньне грахоў.

Але вось што цікава. Мы бачым сярод народу, які прыйшоў да Яна хрысьціцца, мытнікаў і жаўнераў. Мы ведаем адносіны юдэяў да мытнікаў, якія збіралі падаткі кесару, не забываючы і пра сябе, рабуючы свой жа народ. На пытаньне мытнікаў, што ім рабіць пасьля хросту, Ян ня кажа ім кінуць сваю вельмі непапулярную працу. Наадварот. Ён кажа ім пра тое, каб яны дабрасумленна выконвалі сваю працу, аддаючы кесару кесарава, а Богу Божае. Напэўна так разважаў Ян. Так, мы ня чулі гэтых словаў ад Яна, бо яны былі ад Ісуса (Мац 22:21), але ці ня тое меў на ўвазе і Ян? Таксама і жаўнеры, якія зьвярнуліся да Яна з такім жа пытаньнем. Заўважым, што жаўнеры, якія прыйшлі хрысьціцца да Яна не былі рымскімі. Яны былі з войска Ірада, бо заклік Яна пакаяньня хростам адрасаваўся народу Юдэі. Ян казаў ім амаль тое ж самае, што і мытнікам. Ён не адмаўляў іх у іхнім служэньні, але Ян заклікаў іх да служэньня дабрасумленннага. Ян даводзіць да ўсіх, што калі людзі шчыра пакаюцца, дык усё грамадзтва пачне жыць лепш, чым гэта ёсьць на сёняшні дзень. Ці гэта не пра нас з вамі, а дакладней пра нашае сучаснае грамадзтва? Дакладна, што так. Але вернемся ў той час, час Янавага хросту. Дык вось.


Лук 3:21-38
«І сталася, калі ахрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, - адчынілася неба, і Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цялесным выглядзе, як голуб, і быў голас з неба, кажучы: “Ты Сын Мой Улюбёны; у Табе Я маю ўпадабаньне”» (Лук 3:21-22).

Глабальны маштаб Божага плану адкрываецца перад намі, калі мы бачым хрост Ісуса Хрыста. Мы бачым таксама, што Ісус, у момант гэтага адкрыцьця, моліцца. А Дух і голас з нябёсаў падтрымліваюць Ісуса і даюць Яму сілу, у якой Ён мае патрэбу, каб пачаць Сваю нядоўгую грамадзкую дзейнасьць. Лука паказвае нам момант хросту Ісуса і толькі потым мы бачым пацьверджаньне праз радавод Ягоную Божую сутнасьць.

Гебраі заўсёды клапаціліся пра захаваньне свайго радаводу і на гэта былі вельмі сур’ёзныя падставы. Бог даў вечнае абяцаньне Абрагаму і ягоным нашчадкам, каб яны клапаціліся пра свой радавод, як пра лінію жыцьця. Калі мы адкрыем кнігу Лікаў у Старым Запавеце, дык убачым суцэльны пералік імёнаў, які можа выклікаць зьдзіўленьне ў сучасных чытачоў. Але не ў гебраяў, якія заўсёды жадалі ведаць, хто яны такія і да якой частцы Ізраіля яны прыналежаць.

Калі мы ўважліва прачыталі Эвангельле ад Мацьвея, дык павінны былі заўважыць тое, што Мацьвей пачынае сваё Эвангельле радаводам ад Абрагама і закончвае яго ў Ісусе Хрысьце. Лука ж наадварот. Ад Ісуса да Адама і далей да Бога. І калі мы параўноўваем радаводы Ісуса ад Мацьвея і Лукі, дык вымушаны заўважыць, што яны не супадаюць. Дзе і як? У Лукі значна больш пакаленьняў паміж Абрагамам і Ісусам чым у Мацьвея. Не ў-ва ўсім ланцужку радаводу, але ў некаторых яго частках. У Лукі гэта розьніца ў прамежках паміж Давідам і Салафіілам і ягоным сынам Зарававелем (пасьля палону Юдэі), а потым пасьля паміж Зарававелем і Язэпам – зямным бацькам Ісуса. Чаму так? Ці не таму, што радаводныя ланцужкі ў нейкіх пакаленьнях могуць нечакана перасякацца і ўносіць свае папраўкі ў летапісы наступных дасьледваньняў зацікаўленных людзей? Але, як бы тое не было і момант хросту, і радавод Ісуса кажуць нам пра тое, хто Ён і навошта прыйшоў да нас – грэшных людзей.

Хрост Ісуса і Ягоны радавод кажа нам адкуль прыйшоў Ісус, хто Ён і куды ідзе. І калі мы супаставім гэтую гісторыю са сваім жыцьцём, асабістымі малітвамі і асабістым хростам, мы таксама можам спадзявацца на Сьвятога Духа, які зыйдзе на нас (як і на Ісуса), а таксама на голас Божы, які дасьць нам напамін пра цудоўную любоў Бога і дасьць нам накірунак таго шляху да якога мы і пакліканы.


Рецензии