Лук 4 1-44
Лук 4:1-44
Лука у сваім Эвангельлі шмат месца аддае дзейнасьці Сьвятога Духа. Прачытаем яшчэ раз першыя тры разьдзелы Эвангельля і мы убачым ды адчуем нястомную працу Духа Сьвятога. Мы бачым гэтую працу ў жыцьці Марыі і Язэпа, Захарыя і Альжбеты, Сымона і Ганны. Мы ўбачылі таксама відавочную прысутнасьць Духа і на Ісусе пры Ягоным хросьце. Мы бачым і далейшую працу Духа Сьвятога.
Лук 4:1-13
«Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся з Ярдана і быў паведзены Духам у пустыню. Там сорак дзён Ён быў спакушаны д’яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а як яны скончыліся, урэшце захацеў есьці» (Лук 4:1-2).
Лука у папярэднім разьдзеле паказаў нам прыналежнасьць Ісуса да роду Адама. Чаму? Каб падкрэсьліць агульнае з намі цела і кроў. А калі гэта так, дык Ён павінен быў сутыкнуцца і са спакушэньнем, якое ня вытрамаў Адам. І ня толькі з адным, але ў тры разы болей. Што ж азначае для нас гэтыя тры спакушэньні? Разуменьне таго, што Ісус сапраўды зьяўляецца Сынам Божым, каб выканаць Сваё прызначэньне ў Божым плане па збаўленьню чавлавецтва.
Спакушэньне Ісуса. Што гэта было? Непасрэдны дыялог з д’яблам, як гэта было ў выпадку з Адамам і Евай? Апавяданьне Лукі ня кажа нам пра гэта, а гэта азначае, што голас д’ябла гучыць як вынік натуральнага ходу думак у сьвядомасьці Ісуса. Гэтыя думкі выглядаюць праўдзіва, бо ці можа Бог жадаць, каб Ягоны Сын памёр ад голаду? І ці не жадаў Бог, каб Ісус стаў Валадаром сьвету (можа дзеля гэтага можна выбраць шлях і больш лёгкі?). Чаму ж дзеля гэтага і не праявіць Сваю ўладу, ну і крыху пакланіцца вядома каму? Але Ісус так ня робіць. Перад Ім стаіць некалькі пытаньняў. Як Яму збавіць Ізраіля, а разам з ім і ўвесь астатні сьвет? І як Яму даць людзям сапраўднае збаўленьне? Ня толькі палітычнае, але і ад самога страшнага ворага – ад самога д’ябла?
Адказ на гэтыя пытаньні і просты і складаны. Ён павінен пачаць з Сябе самога, каб атрымаць перамогу на асабістым узроўні, унутры Сябе. І гэта тычыцца кожнага з нас, бо калі Бог узьдзейнічае на жыцьцё чалавека Сваім Духам, дык і адказ на спакусы павінен быць адпаведным. Калі б Ісус у пустыне ня здоліў бы перамагчы д’ябла, дык далейшае ўжо ня мела б і сэнсу. Але пагледзем, як Ісус размаўляе з д’яблам. Ён не спрачаецца з ім, але адказвае яму словамі Пісаньня. Мы памятаем вынік размовы Евы са зьмеем, бо гэта адчулі на сабе ўсе астатнія пакаленьні. Ісус не спрачаецца з д’яблам, ба спрэчка са спакушэньнем – гэта часьцей за ўсё спосаб гуляцца з гэтым да таго часу, пакуль яно ня стане прывабным. Ісус, як Сын Божы, гэта добра разумее. Ён прыйшоў у гэты сьвет не для нейкіх там танных фокусаў, але для дзіўнага служэньня, шляху пакоры і сьмерці за грахі ўсіх нас. Ісус атрымлівае гэтую перамогу над д’яблам у пустыне, ведаючы, што галоўная перамога яшчэ наперадзе – на Крыжы.
Што ж тычыцца нас, пасьлядоўнікаў Хрыста, дык мы разумеем, што такія спакушэньні, як гэта было з Ісусам у пустыне мела і яшчэ раз, малаверагодны. Але спакушэньні ёсьць і яны будуць заўсёды, асабліва там, дзе ёсьць нешта важнае ў нашым жыцьці і ў нашым пакліканьні. Але мы маем зброю, якую мы называем Бібліяй, каб распазнаваць «салодкі» голас д’ябла і зьнішчаць яго праўдай Пісаньня. Галоўная сіла нашага супраціву спакушэньню – гэта любоў да Бога і вернасьць Яму. Менавіта гэта і вядзе нас да сапраўднай славы – там дзе ёсьць сапраўднае шчасьце, якое ня здольны даць нам ні гэты сьвет, ні цела і ня д’ябал.
Лук 4:14-30
«І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў, паводле звычая Свайго, у дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць. І далі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана: “Дух Гаспада на Мне; бо Ён памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне аздараўляць скрышаных сэрцам, абвяшчаць вязьням вызваленьне і сьляпым – вяртаньне зроку, пусьціць змучаных на свабоду, і абвяшчаць год Госпадаў прыемны”. І, згарнуўшы кнігу, аддаў паслугачу і сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго» (Лук 4:16-20).
Нямая сцэна. Ні больш, ня меньш. Як у гогалеўскім «Рэвізоры». Толькі заява Ісуса куды нашмат мацнейшая: «Дух Гаспода на Мне». І гэта сапраўды так, бо мы бачылі прысутнасьць Духа пры хросьце; мы бачылі прысутнасьць і падтрымкуДуха пры спакушэньні Ісуса ў пустыні; мы ўжо пачулі пра Ягоныя першыя цуды ў Капернауме. Дух Госпада быў на Ісусе і Ён гэта ўжо цьвёрда ўсьведамляў.
Але, што выклікала такую бурную і негатыўную рэакцыю суайчыньнікаў Ісуса, бо Ягоныя далейшыя словы яшчэ больш раззлавалі прысутных у сынагозе?
«Праўдзіва кажу вам: “Шмат удоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі было зачынена неба на тры гады і шэсьць месяцаў, так што стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі; і ні да аднае з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую. І шмат было пракажоных у Ізраілю пры прароку Элісею, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, акрамя Нэемана Сірыйца”» (Лук 4:25-27).
Мы бачым, што словы Ісуса, як і накіраванасьць Ягонага служэньня не адпавядалі поглядам і чаканьням тагачасных гебраяў. Яны чакалі вызваленьне Ізраіля і наадварот – пакараньне паганаў. А тут Ісус кажа пра прарокаў Ільлю і Элісея, якія дапамагалі ў сваім служэньні паганам (удава з Сарэпты Сідонскай і Нэеман Сірыянін). І вось вынік: «І ўсе ў сынагозе напоўніліся ярасьцю, пачуўшы гэтае, і, ўстаўшы, выгналі Яго навонкі з гораду і павялі Яго на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны горад іхні, каб скінуць Яго, але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў» Лук (4:28-30).
І вось, нейкая паралель (і нават у чымсьці іранічная). Ня так даўно д’ябал спакушаў Ісуса кінуцца з крыла Ерусалімскага храма: «Ісус сказаў яму у адказ: Сказана: “Не спакушай Госпада, Бога Твайго”» (Лук 4:12). І вось ужо людзі вядуць Ісуса на край гары, каб скінуць і забіць Яго. Але мы бачым, што Бог у гэтым выпадку захоўвае Ісуса, бо Ён зусім спакойна прайшоўшы сярод раз’юшаных людзей, пайшоў ад іх. Тут, як і ў кульмінацыі ўсёй эвангельскай гісторыі словы Ісуса выклікаюць толькі лютасьць, бо мы ведаем крыкі народа да Пілата: «Укрыжуй Яго». Такім жа чынам Эвангельле дзейнічае і сёньня (у-ва многіх грамадзтвах), процістаўляючы чалавечым планам і дзеям Добрую Вестку пра нечаканую Божую ласку.
Лук 4:31-44
«І прыйшоў у Капернаум, горад Галілейскі, і вучыў іх у дні суботы. І дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо з уладаю былі словы Яго» (Лук 4:31-32).
Ісус працягвае вучыць у сынагозе Капернаума, дзе сустракае чалавека апантанага духам нячыстага дэмана. Простымі словамі Ісус выганяе дэмана, які, выходзячы, ніяк не пашкодзіў гэтаму чалавеку. Гэта кажа пра сілу і ўладу Ісуса над дэманамі. Тое ж і з хваробаю цешчы Пятра: «І, стаўшы каля яе, Ён забараніў гарачцы; і пакінула яе, а яна, адразу ўстаўшы, паслугавала ім» (Лук 4:39). Менавіта гэта і зьдзіўляла людзей. Ісусу не патрэбны былі нейкія сілы, якія былі б большыя за Ягоныя асабістыя. Ён проста карыстаўся тым, што меў.
Мы бачым, што Капернаум стаўся на нейкі час той пляцоўкай, на якой, у асноўным, праходзіла служэньне Ісуса сярод людзей. Але Ісус не абмяжоўваўся Капернаумам, наведаваючы таксама іншыя гарады і вёскі, каб ацаляць, прапаведаваць і вучыць.
Пошукі Яго ў пустэльнай мясьціне кажа пра тое, што Ісус быў вельмі прыцягальны да людзей і яны хацелі быць бліжэй да Яго: «Але Ён сказаў ім: “І ў другіх гарадах Я мушу дабравесьціць Валадарства Божае, бо дзеля гэтага Я пасланы. І абвяшчаў у сынагогах галілейскіх”» (Лук 4:43-44).
Ісус жадаў ісьці да іншых людзей, бо Ён павінен быў несьці Сваё вучэньне ў сьвет, а ня толькі даваць яго на абмежаванай прасторы горада Капернаума. Ён павінен быў расказаць, што прыйшоў Госпад, а таму і доўгачаканае збаўленьне прыйшло ў сьвет, хаця зьнешне гэта не выглядала так, як гэтага чакалі людзі. Натоўпы народу і ацаленьні, як і тое вучэньне пра Валадарства Божае безумоўна ж падзяліла людзей на прыхільнікаў Ісуса і наадварот (мы памятаем сынагогу Назарэта). Ці многа зьмянілася з тых часоў?
Свидетельство о публикации №226011301919