Лук 6 1-49
Лук 6:1-49
Мы бачым служэньне Ісуса ў Капернауме. Цуды ацаленьня хворых, вучэньне людзей Слову Божаму і нават кіраваньне сіламі прыроды (багаты ўлоў рыбы па загаду Ісуса). Якое ж уражаньне фармавалася ў тых людзей, хто бачыў і чуў Ісуса? У Яго не было ніякай афіцыйнай пасады. Ён ня быў сьвятаром, якія павінны былі вучыць народ Божаму Закону. Ён не прыналежыў ні да адной з палітычных ці рэлігійных партыяў. І больш таго, Ён ня меў ніякай падрыхтоўкі, каб вучыць народ. Хто Ён такі, калі нават дазваляе тое, што забаронена Законам? І кім Ён лічыць Сам Сябе? Вось гэтае пытаньне і ставіць Лука, бо яго цікавіць ня тое, што вучні рабілі ў суботу, а тое кім пры гэтым лічыў Сябе Ісус.
Лук 6:1-11
«І сталася ў другую суботу пасля Пасхі, што Ён праходзіў праз палеткі, і вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расьціраючы рукамі. А некаторыя фарысэі сказалі ім: “Навошта вы робіце тое, што ня сьлед рабіць у суботу» (Лук 6:1-2).
Заўважым, што парушалі суботу вучні, бо менавіта да іх зьвярталіся з абвінавачваньнем фарысэі. Ісус не зрываў каласоў, але, па ўсёй верагоднасьці, дазволіў гэта рабіць вучням. Заўважым і тое, што вучні не знайшліся з адказам перад фарысэямі. Ісус адказваў за іх: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі? Як ён увайшоў у дом Божы, узяў хлябы пакладныя, якіх ня можна было есьці нікому, апрача сьвятароў, і еў, і даў тым, што былі з ім? І сказаў ім: “Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы”» (Лук 6:3-5). Словы Ісуса: «апрача сьвятароў» падкрэсьліваюць незаконнасьць дзеяньня Давіда, які еў сам і даваў есьці тым, што з ім былі. Але ня толькі гэта. Ён кажа фарысэям, што Ён ёсьць гаспадаром суботы і таму, па міласьці Сваёй, дазволіў вучням здаволіць голад у парушэньне суботняга супакою. Як нам разумець гэта? Ці ня так, што новае Божае Валадарства мае неабходным перагледзець некаторыя нормы Закона Майсея?
Для сучасных хрысьціянаў такое вось фарысэйскае выкананьне суботы ўяўляецца ня больш, чым дзіўным элементам гебрайскай гісторыі. Але, калі ўважліва паглядзець на жыцьцё сучаснага грамадзтва, дык можна таксама заўважыць шмат дробязяў, якія зьяўляюцца важнымі як для нас, так і для Госпада, Які патрабуе ад нас паслушэнства нават і ў гэтых дробязях.
«І сталася, што ў іншую суботу ўвайшоў Ён ў сынагогу і навучаў. І быў там чалавек, у якога правая рука была сухая. А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці не аздаровіць у суботу, каб знайсьці абвінавачваньне супраць Яго» (Лук 6:6-7).
Заўважым, што Лука кажа пра правую руку хворага. І гэта недарма, бо менавіта правая рука для большасьці людзей зьўляецца вельмі важным элементам жыцьцяздольнасьці. Гэтая акалічнасьць цудоўна падкрэсьлівае тую суботнюю міласьць Ісуса. Фарысэі абурыліся, але Ісус нічога, нават і фармальна, не парушыў. Ён нават не крануўся хворага, а загад падаць руку, наўрад ці можна назваць дзеяньнем. Але дастаткова і таго, што ўсе ўбачылі тое, што Ісус Сваімі загадамі кіруе законамі фізічнага быцьця. Фарысэі ж, гледзячы на гэта, дайшлі да шаленства і казалі паміж сабою: «Што ім зрабіць з Ісусам» (Лук 6:11).
Лук 6:12-26
«І сталася ў тыя дні, ўзыйшоў Ён на гару памаліцца, і быў усю ноч у малітве да Бога. І калі настаў дзень, Ён паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі» (Лук 6:12-13).
Выбар дванаццаці з шматлікіх. Ісус проста выбраў іх так, як Ён палічыў гэта для Сябе і Сваёй справы патрэбным. І калі Ён паклікаў кожнага з нас, дык гэта азначае толькі тое, што мы ня меньшыя чым тыя, каго Ён паклікаў пад час Свайго зямнога служэньня. Паклікаў, выбраў і ўсё. Госпад не памыляецца. Безумоўна, што кожны з нас ведае, як у штодзённым жыцьці выбіраюцца каманды спартовыя ці нейкія іншыя. Трэнер ці рэжысёр проста кажа таму ці іншаму чалавеку: «Ты падыходзіш, а таму прыходзь у маю каманду». Але гэта, між тым, не дае поўнай гарантыі таго, што гэтыя запрошаныя людзі выканаюць тое, што хоча ад іх трэнер ці рэжысёр. Але зусім ня так у Ісуса, бо выбраныя Ім апосталы, па сваім жыцьці, пацьвердзілі сваё пакліканьне Ісусам Хрыстом.
«І Ён, падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, сказаў: “Шчасьлівыя ўбогія, бо вашае ёсьць Валадарства Божае. Шчасьлівыя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас, і будуць зьневажаць, і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалавечага. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вось, вялікая нагарода вашая ў небе, бо гэтак рабілі з прарокамі бацькі іхнія. Больш таго, гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымліваеце пацяшэньне сваё. Гора вам, перасычаныя, бо будзеце галодныя. Гора вам, якія цяпер сьмеяцёся, бо будзеце плакаць і галасіць. Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо гэтак рабілі з фальшывымі прарокамі бацькі іхнія» (Лук 6:20-26).
Ісус набірае Сваю каманду і тлумачыць ім, як Ён бачыць іхнюю працу для Госпада. Чатыры абяцаньня і чатыры перасьцярогі даюць нам напамін пра статуты Ізраіля. Стары Запавет кажа пра дабраславеньні і праклёны для ўдзельнікаў Божага Запавету, але зараз Ісус прапануе Сваё бачаньне Запавета, які фармуе новы народ – народ пасьлядоўнікаў Ісуса Хрыста. І гэтае бачаньне вельмі радыкальнае. Фактычна, гэта статут наадварот таго, якім карысталіся людзі да гэтага. Бог стварае нешта новае і выконвае абяцаньне даючы Добрую Вестку для ўсіх людзей. Убогія, галодныя, зьняважаныя і зьняслаўленыя – усе яны дабрашчасныя. Гаворка Ісуса гучыць як працяг гаворкі старазапаветных прарокаў з разуменьнем таго, што і адносіны да гэтага людзей будуць такімі ж, як і ў тыя старазапаветныя часы.
Кожны з нас павінен адказаць самому сабе на тыя пытаньні, якія паставіў перад намі Ісус Хрыстос. Ён для таго і паклікаў нас, каб Ягонае вучэньне пашыралася і мацнела ў нашым грамадзтве, як форма Божага Валадарства ў гэтым сьвеце. Тая форма, якая і сёньня пераварочвае сьвет, а дакладней прыводзіць яго ў адзіна правільнае становішча.
Лук 6:27-38
«Але вам, якія слухаеце, кажу: “Любіце ворагаў вашых, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас» (Лук 6:27-28).
Прыведзеныя вышэй вершы – толькі невялікая частка той пропаведзі, якую пазьней назвалі «пропаведзьдзю на роўным месцы» і якая, па сутнасьці, зьяўляецца аналагам нагорнай пропаведзі ў Мацьвея. Ісус тлумачыць слухаючым Яго, як ім належыць жыць у грэшным, а таму няпростым сьвеце – пераадольваць зло дабром, любоўю, міласэрнасьцю, шчодрасьцю і жаданьнем дапамагчы любому чалавеку. Валадарства, у якім унутрана жыў і якое абвяшчаў Ісус наскрозь прасякнута фантастычнай, а таму, для большасьці людзей, незразумелай шчодрасьцю. Бо як чалавеку прыняць тое, што ён, падумаўшы пра самага дрэннага чалавека, павінен пайсьці да яго і зрабіць для яго дабро? Падумаем і пра тых, хто ўчыніў з намі нядобрае, а мы праяўляем у дачыненьні да іх шчодрасьць. Нялёгкія задачы ставіў Ісус перад вучнямі, але менавіта ў гэтым ёсьць воля Бога.
І таму, які ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто забірае ў цябе адзеньне, не перашкаджай узяць і кашулю. Усякаму, хто просіць у цябе, давай; і ад таго, хто ўзяў у цябе, не патрабуй назад. І як хочаце, каб рабілі вам людзі, гэтак і вы рабіце ім. І калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, якія іх любяць. І калі робіце дабро тым, якія вам дабро робяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі тое робяць. І калі пазычаеце тым, ад якіх спадзеяцёся атрымаць назад, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць назад гэтулькі. Больш таго, любіце ворагаў вашых, і рабіце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе нагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры і да няўдзячных і злых. Дык будзьце ж міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны. І не судзіце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і вам будзе даравана; давайце, і вам будзе дадзена: меру добрую, націсьненую, стрэсеную і з верхам дадуць вам на ўлоньне вашае; бо якою мераю мераеце, такою і вам будзе адмерана» (Лук 6:29-38).
Правілы Хрыста маюць вельмі моцныя аздараўляльныя дзеяньні для сэрца кожнага, хто слухае Яго і разважае пра гэта. Пропаведзь Ісуса дадзена нам для новага жыцьця. Гэта як цудоўныя кветкі, якія прабіліся і вырасьлі сярод камянёў. Але ці здольны мы выканаць усё, пра што казаў Ісус? І так і не. Патлумачым. Ісус ня ставіў перад Сабою задачу даць нам абавязковы кодэкс паводзінаў. Паспрабуй толькі ня ваканаць. Ісус намагаўся пасеяць у нашыя сэрцы духоўную радасьць. Радасьць перад тварам усяго таго, што гэты сьвет можа абрынуць на нас. І крыніцай гэтай радасьці ёсьць адзін галоўны прынцып: трэба так рабіць таму, што гэта па Божаму. Бог мае мноства дабраславеньняў да ўсіх людзей. Ён вельмі міласьцівы, а веруючы чалавек, як ніхто, ведае гэта, бо мы – Яго прабачаныя дзеці. Калі чалавек зразумеў, з якім Богам ён мае справу, дык у яго зьяўляецца магчымасьць стварыць гэты вобраз у сваім жыцьці.
Ці заўсёды так было, што людзі ўспрымалі такога Бога, як пра гэта казаў Ісус? Безумоўна што не. Калі мы прагледзем гісторыю хрысьціянства, дык убачым, што многія пакаленьні хрысьціянаў пакланялісь не таму міласэрнаму і шчодраму Богу, а таму, Хто робіць жыцьцё людзей цяжкім, а ў некаторых выпадках і невыносным. Адсюль і праблема рэлігійных войнаў, ды і мноства іншага зла. Але Бог іншы і калі б усе людзі верылі ў такога цудоўнага, любячага і шчодрага Бога, дык не было б у сьвеце ніякага гвалту і ніякай помсты. Без патрэбы было б войска і падаткавая паліцыя, бо парадак у грамадзтве падтрымліваўся б выкананьнем правілаў, пра якія Ісус казаў у гэтай Сваёй пропаведзі.
У гэтых настаўленьнях ёсьць дзьве вельмі выразныя рысы. Па-першае яны простыя, бо выразна і шчыра адкладаюцца ў памяці. А па-другое, за імі вельмі цяжка крочыць. Ці многа мы ведаем людзей, а нават і цэркваў, якія па сапраўднаму гэтыя настаўленьні выконваюць? Што ж ня так? Можа Бог зьмяніўся ці мы запамятавалі Які Ён ёсьць наспраўдзе?
Лук 6:39-49
«Сказаў жа ім прыповесьць: “Ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму? Вучань не вышэй за свайго настаўніка, але, удасканаліўшыся, кожны будзе, як настаўнік ягоны. Што ты глядзіш на сучок ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш? Ці як можаш сказаць брату твайму: “Браце! Дазволь, выму сучок з вока твайго”, — калі сам ня бачыш бервяна ў воку сваім? Крывадушнік! Вымі спачатку бервяно з вока свайго, і тады ўбачыш, як выняць сучок, які ў воку брата твайго. » (Лук 6:39-42).
Гэта толькі некалькі прыповесьцяў з пропаведзі Ісуса на «роўным месцы». Лаканічныя і выразныя прыповесьці Хрыста маюць вельмі сур’ёзны характар і жаданьне Ісуса пакласьці іх у памяць і сэрцы людзей. Безумоўна тое, што гэтыя прыповесьці кажуць нам пра розныя вучэньні, якія могуць перашкодзіць чалавеку ісьці шляхам Божай праўды. Але і ня толькі гэта, бо яны маюць таксама і практычны характар, паказваючы людзям пра ідэял чалавечага жыцьця. Сьляпы вядзе сьляпога. Асьцярагайцеся, кажа Ісус, няправільных вучэньняў, якія здольныя завесьці вас у яму. Сучок ў воке брата таксама пра нешта такое, бо перш чым крытыкаваць брата за ягоныя погляды, паглядзі, і вельмі ўважліва, на сябе. А лепш за ўсё зьвярніся да Слова Божага, бо гэта і ёсьць тое лепшае, што дапаможа заўважыць бервяно ў воке сваім.
«Бо няма добрага дрэва, якое прыносіць благі плод; і няма благога дрэва, якое прыносіць плод добры. Бо ўсякае дрэва пазнаецца з уласнага плоду; бо не зьбіраюць фігаў з цярніны і ня здымаюць вінаграду з глогу. Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу сэрца свайго выносіць злое; бо з багацьця сэрца гавораць вусны ягоныя. Чаму называеце Мяне: “Госпадзе! Госпадзе!” — і ня робіце таго, што Я кажу? Усякі, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і робіць паводле іх, пакажу вам, да каго падобны. Ён падобны да чалавека, што будуе дом, і ён капаў, і заглыбіўся, і заклаў падмурак на скале, і калі сталася паводка, і вада ўдарыла на дом гэты, то не змагла захістаць яго, бо ён быў пабудаваны на скале. А той, хто слухае і ня робіць, падобны да чалавека, што пабудаваў дом на зямлі без падмурку, які, калі ўдарыла на яго вада, адразу разваліўся; і разбурэньне яго было вялікае» (Лук 6:43-49).
Сэнс прыповесьцяў Ісуса – гэта сэнс Божага закліку да кожнай асобы, каб стаць сапраўдным чалавекам. Такая тэма прыповесьці пра дрэва і плады. Маральнае вучэньне, пры якім не кранаецца сэрца, такое ж дарэмнае, як збіраньне смокваў з цярноўніку ці вінаграду з хмызьняку. Ісус завяршае пропаведзь прыповесьцю, якая зьяўляецца перасьцярогай да тых, хто слухае слова Ісуса. Слухаць словы сапраўднай мудрасьці і не выконваць іх – усё роўна, што будаваць свой дом на зямлі без падмурка. Такі дом будзе стаяць да першай паводкі, калі на дом націсьне вада. У жыцьці кожнага хрысьціяніна такія паводкі здараюцца і тады становіцца зразумела, на якім падмурку збудаваны дом. Слухаў слова Ісуса Хрыста і не выконваў яго? Ці наадварот?
Мараль простая. Ісус прапануе кардынальна новае і зьмястоўнае жыцьцё. Ягоная прапанова зьяўляецца ўсеагульнай і вельмі патрабавальнай, а таму людзі і намагаюцца прыдумляць гэтаму розныя альтэрнатывы. І нам трэба берагчыся гэтых спакушэньняў, бо ў адваротным выпадку наш дом разбурыцца.
Свидетельство о публикации №226011401523