Лук 7 1-50
Лук 7:1-50
Тыя настаўленьні, якія дае Ісус усім, хто слухае Яго накірованы на тое, каб растлумачыць людзям, як ім трэба жыць ва ўмовах гэтага сьвету – пераадольваць зло дабром, любоўю і міласэрнасьцю, шчодрасьцю, а таксама гатоўнасьцю дапамагчы кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу. Ісус, пры гэтым, аглядае ня толькі Сваю гебрайскую аудыторыю, але Ён зьвяртае ўвагу і на паганаў.
Лук 7:1-10
«Калі ж Ён скончыў усе словы Свае ў слых народу, увайшоў у Капэрнаум. У аднаго ж сотніка слуга, якога той цаніў, быў хворы пры сьмерці. Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго старшыняў юдэйскіх прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу ягонага. І яны, прыйшоўшы да Ісуса, дужа прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэтае, бо ён любіць народ наш і пабудаваў нам сынагогу» (Лук 7:1-5).
Рымскі сотнік, будучы паганінам, зьвяртаецца праз гебраяў да Ісуса. Ягоны зварот насычаны вераю ў вышэйшую сілу Ісуса як Госпада, Які можа выдаляць хваробы, калі толькі захоча. Галоўнае ў гэтай гісторыі не ацаленьне слугі як такое, але магчымасьць падкрэсьліць веру сотніка, які спачуваў як сваім падначаленым, так і зьнешняму гебрайскаму асяродзьдзю. Будучы прафесійным вайскоўцам сотнік ведаў што азначае бяспрэчны аўтарытэт і безумоўнае падпарадкаваньне вышэйшаму чыну. Гэта дзейнічае падобна нейкаму бездакорнаму механізму: звыш ідзе загад, і кожны ніжэйшы чын робіць тое, што яму загадана, адддаючы ў свой час адпаведны загад сваім падначаленым. І вось зараз сотнік зьвяртаецца да Ісуса, як да вышэйшага начальніка, Які можа аддаць той неабходны загад для аздараўленьня слугі сотніка, які быў для яго неабыякавым. Але ці толькі слуга быў сотніку неабыякавым? Лука кажа і пра іншае. Сотнік любіць і паважае гебраяў, бо дае грошы на збудаваньне сынагогі. І гэта не выпадкова, бо яму па сэрцу культура і мараль, якія ён бачыць і якія адкрываюць яму праўду. Якую? Сотнік зразумеў, што адзіны і сапраўдны Бог прысутнічае і дзейнічае ў Ісусе з Назарэта.
Адкуль у сотніка такая вера мы ня ведаем. Але мы ведаем тое, што ён жыў і служыў у Капернауме, дзе прайшло, даволі значнае па часе, служэньне Ісуса. Безумоўна і тое, што сотнік чуў, а нават і бачыў дзеяньні Ісуса, Які ня толькі ацаляў людзей, але і кіраваў сіламі прыроды. Лука дае нам вобраз гэтага паганіна як прыклад для ўсіх паганаў, чыя вера робіць іх часткаю старажытнага Божага народу, каб і яны мелі магчымасьць падзяленьня дабраславеньня Божага ацаленьня і збаўленьня. Словы сотніка падобныя на малітву: «Не турбуйся Госпадзе! Бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, бо і сябе самога я не палічыў вартым прыйсьці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой» (Лук 7:6-7).
Таксама і мы. Молімся да Бога, просячы нешта для сябе ці сваіх блізкіх. Як мы гэта робім? Настойліва ці ў нерашучасьці? Мы разумеем, што Бог мае права даць на нашыя маленьні любы адказ, але прыклад сотніка кажа нам пра тое, што мы не павінны быць нерашучымі, калі нешта просім у Госпада, бо Ён бачыць кожнае сэрца і бачыць усё нашае па нашай веры.
Лук 7:11-17
«Калі ж Ён наблізіўся да брамы гораду, вось, выносілі памёршага, адзінароднага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава; і вялікі натоўп з гораду ішоў за ёю» (Лук 7:14).
Ісус, пасьля ацаленьня слугі рымскага сотніка, накіраваўся ў горад Наін, што знаходзіўся непадалёк ад роднага гарада Ісуса Назарэта. Чаму Ён туды накіраваўся нам невядома, але можна выказаць здагадку, што Ён меў жаданьне паказаць Сваім непакорным суайчыньнікам тое, што яны патрабавалі ад Яго крыху раней. Але гэта толькі здагадка, а праўда ў тым, што Ён падыйшоў да брамы горада Наін і ўбачыў як выносілі памёршага сына ўдавы. Асэнсуем гэты эпізод і дазволім яму захапіць нас. Уявім сабе, што мы ідзем сярод натоўпу непадалёку ад пахавальных насілак у сьпякотны галілейскі дзень. Сьмерць – звычайная справа, але ў такім маленькім горадзе і незвычайная, а таму амаль што ўсе жыхары і складаюць гэтую пахавальную працэсію, якая накіроўваецца да таго пахавальнага месца, дзе пахаваны муж удавы і айцец гэтага чалавека.
Калі мы кажам пра ўдаву, а Лука дастаткова шмат кажа пра ўдоваў і гэта ня проста так, бо тэма ўдавы ў Ізраілі – тэма асаблівая. А таму мы павінны ўсьвядоміць, што азначаў статус удавы ў тагачаснай Юдэі. У тыя часы ўдовам не давалі пенсіі ці якія іншыя формы падтрымкі з боку дзяржавы. Перад імі паўставала вялікая праблема сродкаў да існаваньня. Безумоўна, што існаваньне сына давала нейкія сродкі для больш меньш нармальнага жыцьця. Рэлігія давала ўдовам пэўнае суцяшэньне, бо набожныя і богабаязныя людзі сярод Ізраіля лічылі дапамогу ўдовам найбольш важным абавязкам для чалавека. Мы можам прачытаць сьведчаньне Ёва, калі ён дае доказ сваёй бязгрэшнасьці. Ён кажа, што не адмовіў бы у дамамозе ні адной удаве: «Ці ж бы адмаўляў я ў просьбе тым, што мелі патрэбу, ці ж таміў бы вочы ўдавы» (Ёў 31:16). Але вернемся да пахаваньня сына ўдавы.
«І, убачыўшы яе, Госпад злітаваўся над ёю і сказаў ёй: “Ня плач” І, падышоўшы, дакрануўся да пахавальных насілкаў; а тыя, што несьлі іх, затрымаліся, і Ён сказаў: “Юнача, табе кажу: Устань!” І сеў мёртвы і пачаў гаварыць; і ён аддаў яго маці ягонай» (Лук 7:13-15).
А дзе тут вера? Крыху раней мы ўбачылі ацаленьне слугі па веры сотніка, а ў гэтай гісторыі адзіны, хто верыў у ўваскрашэньне памёрлага чалавека, - гэта сам Ісус. Ён дзейнічае свабодна, выключна ад спачуваньня і міласэрнасьці. Ісус глядзіць на ўдаву, якая згубіла сваю надзею і гэта кранае Ягонае сэрца. Ён кранаецца пахавальных насілкаў, а гэта не было прынята ў гэтым рытуале. І вось, мёртвы ажывае, а ўся працэсія глядзіць на гэта з захапленьнем і адначасова з недаверам.
Людзі ў разгубленасьці і таму кажуць наступнае: «Вялікі прарок паўстаў між намі, і: “Бог адведаў народ свой”» (Лук 7:16).
Гэтыя людзі казалі пра Ільлю, які ажывіў сына ўдавы з Сарэпты Сідонскай, а таксама і пра Елісея, які ажывіў дзіцятка санаміцянкі. Ужо чатырыста гадоў ня было прарокаў на зямлі Ізраіля, таму і ўсклікнулі людзі: «Бог адведаў народ свой»
Гэтая гісторыя падхоплівае запаведзі шостага разьдзела Эвангельля ад Лукі і наяўна паказвае, што мяняецца ў жыцьці людзей, калі Бог шчодра вылівае на іх Сваю любоў. Але гэта ня ўсё. Лука гатуе сваіх чытачоў да адказу на пытаньне: «Кім лічыць Сябе Ісус і што кажуць Ягоныя дзеяньні пра Ягонае асабістае пакліканьне і місію на гэтай зямлі?»
Лук 7:18-35
«І паведамілі Яну вучні ягоныя пра ўсё гэтае. І, паклікаўшы двух з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Ісуса, кажучы: “Ці Ты Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам другога?”»
Пытаньне Яна яшчэ больш падкрэсьлівае пытаньне тых, хто відавочна назіраў за Ісусам: «Кім лічыць Сябе Ісус?» Ці то Ён магутны прарок, ці то Ён памазаны Богам новы валадар, які павінен зьмесьці Ірада? А калі не, дык хто Ён? Ян, які знаходзіўся ў цямніцы Ірада губляўся ў здагадках. Калі Ісус і сапраўды Мэсія, дык чаму Ён ня дзейнічае, каб усталяваць тое Валадарства, якога так чакаў Ян, - такое, якое б зьмяніла ўладу Рыма і Ірада, даўшы свабоду вязьням і яму ў тым ліку. Ісус не адказвае адкрыта Янавым вучням, але Ён робіць розныя ацаленьні на вачах гэтых вучняў і прапануе ім зрабіць пэўныя высновы, дапамагаючы ім падказкай з Ісаі.
Пасьля ж Ён кажа вучням: «Сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за Яна Хрысьціцеля; але меньшы ў Валадарстве Божым большы за яго» (Лук 7:28).
Што меў на ўвазе Ісус? Тое, што самы малы з тых, хто прыналежыць Ісусу Хрысту болей вялікі, чым самы найвялікшы чалавек з тых, якія на працягу ўсяго ранейшага часу нараджаліся ў гэтым сьвеце.
Таксама і сёньня людзі разважаюць пра Ісуса зыходзячы са сваіх асабістых чаканьняў, замест таго, каб прыпыніцца, паглядзець на факты і зразумець тое, дзеля чаго прыйшоў Ісус Хрыстос у нашае жыцьцё. Мы павінны крочыць за Хрыстом, Які для нас і не заўсёды зразумелы, калі ставіць перад намі даволі строгія нормы нашага жыцьця. Але, як бы тое не было, гэта адзіны шлях да Божага Валадарства. Мудрасьць Ісуса Хрыста – гэта той шлях, па якім мы павінны крочыць гледзячы на Яго, слухаючы Яго і разумеючы Яго.
Лук 7:36-50
«Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці разам з ім, і Ён увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг. І вось жанчына з таго гораду, якая была грэшніцай, даведаўшыся, што Ён узьлягае ў доме фарысэя, прынясла алябастравы збанок міра, і стаўшы ззаду ля ног Яго і плачучы, пачала абліваць ногі Яго сьлязьмі, і выцірала валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Ягоныя, і мазала мірам» (Лук 7:36-38).
Цудоўнейшы аповяд Лукі пра любоў і прабачэньне ад Ісуса. Але і ня толькі, бо мы бачым Ісуса пасярод дзьвух дзеючых асобаў. З аднога боку – гэта фарысэй Сымон, а з другога – невядомая грэшніца. Калі мы разглядаем у мастацкай галерэі нейкую карціну, дык кампазіцыйная збалансаванасьць надае гэтай карціне большую дасканаласьць. Пра гэтае ведае ня толькі кожны мастак, але і зацікаўлены назіральнік. Дык вось, карціна гэтай вячэры вельмі добра збалансаваная Ісусам, бо Ён утрымлівае раўнавагу паміж узрушаным пакланеньнем жанчыны і такой жа ўзрушанай грубасьцю гаспадара дома.
Гаспадар дома – фарысэй, які, верагодна, ужо многа чуў ад іншых людзей пра новага прарока, вырашыў сам дасьледаваць гэтую справу, запрасіўшы Ісуса да сябе ў дом. Размова за сталом, думаў ён, дасьць яму магчымасьць лепш зразумець, хто такі Ісус. Але гэты фарысэй не праявіў належную гасьціннасьць да Ісуса. Той, хто хадзіў у адкрытых сандалах па брудных дарогах ведае, што пажаданая прапанова абмыць ногі была выразам пашаны, а нават і любові. У той жа лік ветлівасьці ўваходіла цалаваньне і памазаньне галавы алеем, каб валасы блішчэлі, як знак сьвята запрашэньня для бяседы за сталом. Фарысэй не зрабіў гэтага. Чаму? Можа таму, што ён ня вызначыў для сябе з кім ён мае справу? З прарокам ці як? І вось уваходзіць грэшніца, якая выцірае сваімі валасамі ногі Ісуса, цалуе і мажа іх мірам.
Фарысэй Сымон у нейкім расчараваньні, калі думае праз сябе: «Калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна - грэшніца» (Лук 7:39).
Па меркаваньню Сымона, ніводны прарок, які прапаведуе вуснамі Бога, не дазволіў бы такой жанчыне дакрануцца да сябе, бо так кажа Пісаньне.
Ісус добра бачыў думкі Сымона, калі зьвярнуўся да яго: «Сымоне, Я маю нешта сказаць табе» (Лук 7:40). Ісус кажа Сымону пра дзьвух даўжнікоў, якім пазычальнік дараваў значна розныя даўгі, прапануючы Сымону адказаць: «Каторы з даўжнікоў больш узьлюбіць пазычальніка?» Сымон адказвае правільна, бо той, хто больш павінен і будзе больш удзячны пазычальніку. Фарысэй Сымон зразумеў сэнс прыповесьці Ісуса, але, у сэрцы сваім, ён быў нязгодны з тым, што, маючы з гэтай жанчынай няроўныя грахі, яны былі аднолькавымі духоўнымі банкрутамі перад Госпадам.
І вось, грэшніца. Упэўнены, што гэтая жанчына ўжо працяглы час назірала за Ісусам і чула Ягоныя словы пра новае жыцьцё ў Божым Валадарстве. Яна паверыла, што новае жыцьцё можа пачацца ўжо зараз, праз пакаяньне і выразу сваёй любові да Госпада. І яна вырашаецца на даволі рашучы крок, зьявіўшыся ў доме фарысэя Сымона. Ісус ачышчае яе ад грахоў, кажучы: «Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі» (Лук 7:50).
Такім чынам, грэшніца была збаўлена і стала дастойнай зносінаў з Самім Сынам Божым. Яна, гэтая жанчына, будучы раней амаральнаю, перастала быць такою. Мы ня можам ведаць, у які канкрэтны момант адбылася гэтая перамена. Але мы дакладна ведаем, што гэтую перамену выклікала не рэлігія фарысэя Сымона, якая выказвала пагарду адносна такіх жанчынаў і не давала ніякіх шанцаў на збаўленьне. Але аднойчы яна пачула зусім іншую пропаведзь, дзе Ісус запрашаў усіх грэшнікаў «прыйсьці да Яго». Зразумеўшы гэтыя словы літаральна, яна і прыйшла да Яго ў дом фарысэя Сымона. І не пралічылася, бо была збаўлена ад сваіх грахоў і прынятая Ісусам Хрыстом. Лука яшчэ скажа нам, што яна, гэтая жанчына не была выключэньнем, бо было яшчэ шмат жанчын з рознымі лёсамі і з розых пластоў грамадзтва. Іхняя падзяка выяўлялася ня толькі ў сьлязах; яна зьвяртала іх у дзейных, практычных і праведных пасьлядоўнікаў Ісуса Хрыста.
Свидетельство о публикации №226011401672