Лук 8 1-56
Лук 8:1-56
Лука ужо дастаткова распавёў нам пра грамадзкае служэньне Ісуса і з гэтага мы зразумелі, з якімі людзьмі Ён меў зносіны. Мы ўбачылі суграмадзянаў з Назарэту, якія слухалі Ягонае чытаньне з прарока Ісаі і не пажадалі прыняць сказанае Ім. Мы ўбачылі рымскага сотніка, які паверыў у Ісуса і такім чынам дапамог вызваленьню ад хваробы свайму слузе. Мы ўбачылі мытніка Левія, які кінуў свой цёмны і амаральны бізьнес, каб пайсьці за Ісусам. Мы ўбачылі фарысэя Сымона, які запрасіў Ісуса за свой стол, каб паслухаўшы Яго вырашыць, ці варта ісьці за Ім. І вось, грэшніца бяз імяні, чыі паводзіны ў доме фарысэя Сымона паказалі на тое, што яна перажыла Божае прабачэньне і адчула новае жыцьцё ў сэрцы сваім. Мы ўбачылі і выбар Дванаццаці, якіх Ён назваў апосталамі. Для іх і ня толькі для іх, Ісус кажа наступнае.
Лук 8:1-15
А калі сабралася мноства народу, і з гарадоў зыходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прыповесьць: «Выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і, калі ён сеяў, адно ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўбалі яго; а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці; а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна, і заглушыла яго; а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынесла плод стакротны» (Лук 8:4-8).
Безумоўна тое, што сейбіт быў чалавекам напрактыкаваным у сваёй справе і не ягоная віна ў тым, што ня ўсё зерне пасеяннае ім дало пажаданы плод. Тое, што некаторае зерне ўпала пры дарозе не азначае кіданьне зерня за межы поля. У тагачасным Ізраілі не было асфальтавых дарог, але звычайным былі пратаптаныя сьцежкі ці невялікія дарогі сярод палёў. І таму, так ці інакш, нейкая частка зерняў падала на цьвёрдыя часткі глебы. А ў выніку такое зерне станавілася лёгкім здабыткам птушак ці тапталася людзьмі. Іншае ж зерне ўпала на камень. І гэта ня кажа пра тое, што сейбіт кідаў сваё зерне на голыя камяні. Зусім не. У Ізраілі пад глебаю знаходзяцца каменныя пласты і некаторых месцах яны падыходзіць зусім блізка да паверхні. Зерне ў такіх месцах хутка саграваецца і дае пачатак узросту, але спякотнае сонца хутка сушыць гэтыя месцы і парасткі засыхаюць. Калі ж мы чытаем, што іншае зерне ўпала між цярнінаю, дык гэта зусім не азначае, што цярніна ўжо была на гэтым полі. Гэтае зерне ўпала ў тое месца глебы, дзе ўжо было семя цярніны, якое расьце вельмі хутка і губіць зерне сейбіта. Але вось іншае зерне ўпала на добрую зямлю – мяккую, глыбокую і чыстую. І таму ня дзіўна, што яно, ўзросшы, прынесла стакротны плод. Скончыўшы гэтую прыповесьць, Ісус ня даў адразу на гэта ніякага тлумачэньня, але слухачы адчувалі, што словы Ісуса прамаўляліся ня проста так, але несьлі ў сабе нейкі духоўны сэнс. Што ж хацеў данесьці гэтым Ісус слухаючым Яго?
Ісус зьвяртаецца да вучняў з наступным: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а для рэшты яны ў прыповесцях, так што яны, бачачы, ня бачаць і, чуючы, ня разумеюць» (Лук 8:10).
Безумоўна, што Ісус зьвяртаецца да апосталаў, але чаму Ён кажа пра «рэшту», якая бачачы ня бачыць і чуючы не разумее? На думку аўтара гэтых радкоў «рэшта» - гэта народ Юдэі, які захаваўся пасьля вынішчэньня дзесяці каленаў Ізраіля. Але і гэтая «рэшта», у сваёй большасьці, ня бачыць і ня чуе той духоўнай праўды, якую нясе для іх Ісус Хрыстос. Разважаньне і разуменьне Божага Валадарства мае вельмі важнае значэньне і таму Ісус тлумачыць апосталам сэнс сказанага Ім.
Насеньне сейбіта – гэта слова пра Божае Валадарства, а сейбіт – гэта прапаведнік Валадарства Божага, які і сее гэтае слова. Наогул, каштоўнасьць глебы толькі ў тым, што яна здольная даваць плод. Яна будзе мёртваю, калі ў ёй ня будзе ніякага насеньня. І тут ні сонца, ні дождж не дапамогуць. Таксама і духоўным жыцьці. Сам чалавек ня здольны прыносіць плады Духа, бо жыватворчая сіла для гэтага – Эвангельле Ісуса Хрыста. І падобна да таго, як насеньне, пасеянае адным і тым жа сейбітам, дае вельмі розныя вынікі пасеву, так і пропаведзь аднаго і таго ж Эвангельля дае вельмі розныя вынікі ў залежнасьці ад успрыманьня чалавекам гэтага слова. І таму мы бачым, што Ісус падзяляе Сваіх слухачоў на чатыры часткі. Якія?
Па-першае. Ісус кажа пра тых, хто «пры дарозе». Гэта людзі, якія пакінулі свае сэрцы без абароны, бо не захавалі іх для нябеснага Сёйбіта і таму яны засталіся цьвёрдымі, як прыдарожная глеба. Яны могуць, нават і з цікавасьцю, слухаць Эвангельле, але гэтае насеньне не заглыбляецца ў сэрца, бо яно адкрытае да ўсякага спакушэньня і грэху, а таму насеньне Ісуса выдзёўбваецца спакусамі гэтага сьвету і затоптваецца іншымі нехрысьціянскімі вучэньнямі.
Па-другое. Мы чытаем пра «пасеянае на камяні», якое хутка прарастае, але потым таксама хутка і сохне. Гэта пра тых людзей, якія «з радасьцю» прымаюць слова Божае, але не дапускаюць яго глыбока ў сваё сэрца, а таму пачутае слова ня мае караню і засыхае пад узьдзеяньнем клопатаў і спакусаў гэтага сьвету. Такія людзі так і не дайшлі да разуменьня сваёй грахоўнасьці, а таму і да пакаяньня. Ахвяра Ісуса Хрыста для іх ня мае асаблівага значэньня, бо сэрца такіх так і засталося каменём, над якім вельмі маленькім пластом знаходзіцца глеба, якая прымае слова ад Бога, але ня здольная даць чаканы Сейбітам належны плод.
Трэцяя катэгорыя людзей – гэта тыя, пра якіх Ісус кажа, што насеньне ўпала паміж цярнінаю, якая ўзрасла і заглушыла тое, што яны пачулі ад Госпада. Глеба сэрца такога чалавека была мяккая і глыбокая, але яна была нячыстая, бо ў ёй ужо было насеньне цярніны. Перамогу ў барацьбе паміж насеньнем Ісуса і насеньнем сьвету атрымала пустазельле, якое ўкараняецца і расьце вельмі і вельмі хутка. Гэта вялікі ўрок для ўсіх нас, бо хто можа з упэўненасьцю сказаць, што ягонае сэрца ніяк не забруджана насеньнем цярніны? Справа ж у тым, як мы ставімся да гэтага. У кожным чалавеку хаваецца нешта дрэннае, але трагедыя толькі ў тым, што чалавек ня хоча пазбаўляцца гэтага дрэннага ці церпіць гэтае пустазельле грэху. Хрысьціянін так рабіць не павінен. Ён павінен займаць ваяўнічую пазіцыю да спакусаў гэтага сьвету, якія зноў і зноў паўстаюць на яго. Каб з дапамогаю Духа Сьвятога ачышчалася сэрца ад насеньня цярніны і станавілася той добрай глебаю, якая дае вялікі плод для нашага вялікага Сейбіта.
І вось чацьвёртая катэгорыя. «Добрая зямля» азначае чалавека, які слухае слова і разумее яго. Апостал Павал кажа, што добрым слухачом зьяўляецца той, хто з радасьцю і разуменьнем прымае слова Божае: «Бо пацяшэньне нашае ані з падману, ані з нячыстасьці, ані з хітраваньня, але, як мы былі выпрабаваныя Богам, каб даверыць нам Эвангельле, так і гаворым, каб ня людзям падабацца, але Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя» (1 Тэс 2:3-4).
Калі чалавек ставіцца да Божага слова з глыбокай павагаю, дык на дапамогу яму прыходзіць Сьвяты Дух, падобна таму, як сонца прыходзіць на дапамогу насеньню, якое ўзрастае ў добрай глебе. Ісус кажа пра людзей гэтай катэгорыі наступным чынам: «Гэта тыя, што пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы, і даюць плод у цярплівасьці» (Лук 8:15).
Падкрэсьлім яшчэ раз словы Ісуса: «Даюць плод у цярплівасьці» Што азначае гэта? Узрошчваньне пладоў у прыродзе не бывае імгненнай, дык тым больш гэта немагчыма ў характары чалавека. Часам пытаньне прынясеньне плоду для Ісуса Хрыста бачыцца з немалым пытаньнем. Але тут нам дапамагае вера як і тое, што Госпад ведае тыя мэты, якія Ён ставіць перад намі. А Ён ня ставіць перад намі нейкія такія мэты, якіх мы дасягнуць, па вызначэньню, ня здольны. Але нам неабходна сур’ёзнае цярпеньне: «Дык будзьце доўгацярплівымі браты, да прыйсьця Гаспода. Вось, земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі, і дзеля яго доўгацярплівы, пакуль атрымае дождж раньні і позьні. Будзьце доўгацярплівымі і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прыйсьце Госпада набліжаецца» (Як 5:7-8). Апостал Якуб кажа пра тое, што хрысьціянін павінен цярпліва чакаць выкананьня слова Ісуса ў сваім жыцьці і ў працы для Божага Валадарства. Наш вялікі Сейбіт сее ня толькі для таго, каб былі толькі добрыя парасткі, але Ён сее для жніва. Будзьма жа памятаць правіла добрага і пладаноснага хрысьціянскага жыцьця: слуханьне, прыняцьце і дзейнасьць.
Лук 8:16-25
«Ніхто, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінаю, або ня ставіць пад ложак, але ставіць на падсьвечнік, каб тыя, якія ўваходзяць, бачылі сьвятло» (Лук 8:16).
Гэтыя цудоўныя словы ёсьць лагічным працягам вышэйсказанай прыповесьці, дзе наш Сейбіт сее ў нашыя сэрцы Сваё слова, каб убачыць плод ад яго. А што ёсьць слова Ісуса Хрыста? Гэта сьвятло, якое асвятляе сэрца і зьнішчае цемру чалавечага зла. Таму Ісус і заклікае ўсіх слухаючых Яго не хаваць гэтае сьвятло ад іншых людзей, але падымаць яго вышэй, каб асьвятляўся словам Ісуса сьвет, бо толькім словам Ісуса знішчаецца цемра грэху, у якой апынуўся гэты сьвет. Але і прапануе слухаць Яго так, каб на сэрцы адклалася менавіта тое, што Ісус кажа для іх, а не прыдумляць у сказаным нешта сваё – чалавечае, якое заўсёды нясе ў сабе грэх.
«І паведамілі Яму, кажучы: “Маці Твая і браты Твае стаяць вонкі, хочучы бачыць Цябе”. Ён жа, адказваючы сказаў ім: “Маці Мая і браты Мае – гэта тыя, якія слухаюць слова Божае і выконваюць яго”» (Лук 8:20-21).
Безумоўна, што вучні і ўсе слухаючыя Ісуса былі вельмі здзіўлены такім адказам, бо гебрайская сям’я і адносіны ў ёй – рэч асаблівая і вельмі важная. А тут такія словы. Як ім разумець сказанае? Мы зноў вяртаемся да прыповесьці пра сейбіта, калі Ісус кажа людзям слова, якое павінна прынесьці пэўны плод. Ісус будуе Божае Валадарства, а гэта настолькі важнае мерапрыемства, што можа стацца больш важным за нейкія абавязкі перад сям’ёю. І ў той жа час цяжка ўявіць чалавека, які б больш чула ставіўся да сваёй сям’і, чым гэта рабіў Ісус. Чаму ж так?
Каб адказаць на гэтае пытаньне, зьвернемся зноў да словаў Ісуса: «Маці Мая і браты Мае – гэта тыя, якія слухаюць слова Божае і выконваюць яго». Сям’я Ісуса стаяла вонкі, каб убачыць Яго і, магчыма, паклікаць да дому. Родныя Ісуса ня верылі ў Ягонае служэньне і баяліся за Яго. Эвангеліст Марк кажа пра гэта: «І пачуўшы гэта, сваякі Ягоныя пайшлі ўзяць Яго, бо казалі, што Ён зьдзівачэў» (Мар 3:21). Таксама і апостал Ян кажа: «Бо і браты Ягоныя таксама ня верылі ў Яго» (Ян 7:5). Ісус, ведаючы, што Яго родныя не зразумелі Ягонага служэньня (у свой час, пасьля сьмерці Ісуса, яны зразумеюць гэта), ня мог дазволіць ім адарваць Сябе ад той Божай, жыцьцёва-неабходнай справы, якой быў заняты наш Збаўца.
У гэтым эпізодзе Эвангельля ад Лукі ёсьць урок і для сучасных хрысьціянаў. Для тых, хто выкарыстоўвае сказанае Ісусам, як апраўданьне сваёй абыякавасьці да сваіх сем’яў, прыкрываючыся абсалютнай адданасьцю свайго жыцьця Божай справе. Але мы ведаем, што любая праца, у тым ліку і праца для Госпада, ня можа быць повадам для занядбаньня сваёй сям’і. Упэўнены, што Ісус Хрыстос гэтага ня хоча. Таксама гэта ўрок і для тых, хто перастае пэўным чынам служыць Госпаду, спасылаючыся на сямейныя клопаты і абавязкі перад ёй. Няхай кожны разважыць пра гэта сам.
«Калі ж яны плылі, Ён заснуў. І падняўся на возеры буйны вецер, і іх залівала хвалямі, і яны былі ў небясьпецы. І, падыйшоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: “Настаўнік! Настаўнік! Мы гінем”. А Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляваньню вады; і яны спыніліся, і сталася ціша» (Лук 8:23-24).
Здарэньне на Генісарэцкім возеры, а гэта было менавіта яно, дало вучням Ісуса (а разам з імі і ўсім нам) яшчэ адзін добры ўрок. Калі Ісус спаў, вучні вялі барацьбу з хвалямі буры, якая, не на жарт, разгулялася на возеры. Мы ведаем, што сярод вучняў Ісуса былі вопытныя рыбакі, якія не адзін раз сустракаліся з падобным, але і яны на гэты раз былі бездапаможнымі. І, калі асабістыя магчымасьці вычарпаны, нам не застаецца нічога іншага, як толькі зьвярнуцца да Ісуса і даверыцца Яму, каб не застацца адным у бушуючым моры гэтага сьвету. Ісус зноў дэманструе Сваю сілу і супакойвае бушуючыя хвалі. І зноў мы чуем пытаньне вучняў: «Хто Ён ёсьць, што вятрам загадвае і вадзе і яны падпарадкоўваюцца Яму?» (Лук 8:25).
Гэта гісторыя падымае пытаньне нашай веры. Мы толькі тады выявім, хто такі Ісус, калі зразумеем, што адказаць на гэтае пытаньне можна толькі ў абсалютным даверы і паслухмянасьці Яму.
Лук 8 26-39
«Калі ж выйшаў Ён на бераг, пераняў Яго нейкі чалавек з гораду, які меў дэманаў з даўных часоў, і не апранаў адзеньня, і жыў ня ў доме, але ў магілах. Ён, убачыўшы Ісуса, упаў перад Ім, закрычаўшы, і моцным голасам сказаў: “Што мне і Табе Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Малю Цябе, ня мучай мяне”» (Лук 8:27-28).
Мы ня ведаем чаму Ісус вырашыў пераплыць Галілейскае мора ў краіну Гадарэнскую. Гэта была спрэчная тэрыторыя, населеная пераважна паганамі, з вельмі крутымі берагамі. І на сёньня берагі Галілейскага мора ў гэтых мясьцінаў яўляюць сабою непрыступныя скалы. Гурт сьвіней, які пазьней кінуўся са скал у мора пацьверджвае, што тут жылі пагане, бо гебраі не трымалі сьвіней і ня елі іх. І вось, перад Ісусам чалавек, апанаваны дэманамі. Жахлівую карціну ўбачылі вучні Ісуса, калі ўбачылі і пачулі гэтага чалавека. Чаму гэты чалавек адразу выйшаў да Ісуса, як быццам бы ведаў Яго? Ці ня дэманы, якія былі ў ім, вывялі яго да Ісуса, бо менавіта яны ведалі сілу Ісуса як Госпада і таму падпарадкаваліся Яму? Гэта яны запрасіліся ў Ісуса перасяліцца з гэтага чалавека ў вялікі гурт сьвіней (недарма ж імя ім было Легіён). Мы ведаем далейшае, калі сьвіньні, разам з дэманамі, кінуліся ў стромы возера і загінулі. Таксама і тое, што людзі з гэтых мясьцінаў не прынялі Ісуса і прасілі адыйсьці ад іх.
Для Лукі ацаленьне гэтага чалавека - ня проста ацаленьне. Гэта збаўленьне: «А тыя, якія бачылі, распавялі ім, як збаўлены быў апанаваны дэманамі» (Лук 8:36).
Збаўленьне, якое абяцаў Бог, пачало распаўсюджвацца за межамі Юдэі. Гэта добрая навіна, але галоўнае ня ў тым, што мы ўбачылі збаўленьне чалавека, а ў тым, што адбылося пасьля гэтага. Гэты чалавек, які атрымаў збаўленьне ад Ісуса, просіць свайго Збаўцу, каб застацца з Ім. Ён прыняў Ісуса і таму быў гатовы, у літаральным сэнсе, ісьці за Ім, але Ісус прапануе яму іншае: «Вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе Бог» (Лук 8:39).
Іншымі словамі гэта азначае тое, што перажыўшы на сабе Добрую вестку, гэты чалавек павінен несьці яе да іншых людзей. І чалавек той уходзіць і даводзіць да іншых пра тое, што зрабіў для яго Ісус. А Ісус сказаў, што гэта ўчыніў Бог і з гэтага вынікае, што зробленае Ісусам – гэта Божае дзеяньне. Такую Вестку панёс гэты чалавек у свой горад, каб прапаведаваць пра Ісуса.
Ці ўбачылі мы ў гэтым эпізодзе хоць частку сябе? Колькі дэманаў выгнаў з нас Ісус Хрыстос, калі мы вызналі Яго нашым Госпадам і Збаўцай? Аднаго, дзьвух, а можа легіён? Дакладна пра гэта ведае толькі Ён. А мы, разумеючы гэта, павінны прыняць у сваё сэрца словы Хрыста: «Вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе Бог».
Лук 8:40-56
«І сталася, калі Ісус вярнуўся, натоўп прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго. І вось прыйшоў чалавек на імя Аір, а быў ён начальнік сынагогі; і, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсьці ў дом ягоны, бо ў яго была адзінародная дачка, гадоў дванаццаці, і яна памірала» (Лук 8:41-42).
Ісус пераплыў Галілейскае мора ў краіну, дзе жылі выключна пагане. І вось, нягледзячы на цудоўнае вызваленьне чалавека ад апанаваных яго дэманаў, мясцовыя жыхары не пажадалі прыняць Яго на сваёй зямлі, бо на першым месцы для іх была згуба таго вялікага гурта сьвіней, які кінуўся са скал у стромы возера. Ісус не навязвае Сваю волю гэтым людзям і вяртаецца на бераг Галілеі, дзе Яго ўжо чакаў натоўп людзей і сярод іх начальнік сынагогі Аір. Гісторыя дванаццацігадовай дачцы Аіра пераклікаецца з гісторыяй жанчыны, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, і, якая, таксама як і Аір, чакала Ісуса на беразе Галілеі. Розьніца паміж імі была ў тым, што Аір спадзяваўся на ацаленьне сваёй дачцы па сваёй веры, а хворая жанчына спадзявалася на асабістае ацаленьне па веры сваёй. І вось вынік: «Падышоўшы ззаду, дакранулася да крыса шаты Ягонай; і адразу спынілася ў ёй крывацеча» (Лук 8:44).
Пасьля гэтага Ісус уваходзіць у дом начальніка сынагогі і кранаецца мёртвай, як ужо сказалі Яму, дванаццацігадовай дзяўчыны. Адбываецца цуд і дзяўчына вяртаецца ў стан жывых. Дык вось разважым. Хворая на крывацечу жанчына кранулася Ісуса, а Ісус крануўся да мёртвай дзяўчыны. Вынікам гэтага зьяўляецца цуд у тым і другім выпадку. Але, што азначаюць гэтыя крананьні? Для нас – гэта міласьць Ісуса Хрыста, але зусім ня так глядзелі на гэта тагачасныя гебраі. Па законе Майсея гэтыя жанчыны ўжо былі нячыстымі, таму што жанчыны з унутранай крывацечай і мёртвыя людзі лічыліся нячыстымі, а той, хто кранаўся іх лічыўся апаганеным. Зразумела, што гэта ня тычылася Ісуса, бо Ён для таго і прыйшоў, каб абвесьціць новае жыцьцё ў Божым Валадарстве, дзьверы якога адкрываў менавіта Ён, бо Ён і ёсьць гэтая Дзьвер. Гледзячы на гэта, мы бачым Ісуса, Які ідзе побач з намі, кажучы: «Ня бойся, толькі вер і будзеш збаўлены».
Свидетельство о публикации №226011401938