Лук 9 1-62
Лук 9:1-62
Любая новая справа – гэта, па-першае, пэўны план, але, калі гэты план мае на ўвазе сусьветны характар, дык ён патрабуе для свайго выкананьня адказных і кваліфікаваных выканаўцаў. Ісус Хрыстос прынёс у гэты сьвет план нашага збаўленьне і таму Ён выбірае Сабе выканаўцаў, каб зьдзейсьніць тое, дзеля чаго Ён прыйшоў у гэты сьвет
Лук 9:1-17
«Паклікаўшы ж дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім моц і ўладу над усімі дэманамі і аздараўляць хваробы. І паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць нядужых» (Лук 9:1-2).
Ісус падзяляе са Сваімі вучнямі Сваё пакліканьне. Яны павінны даведацца што ім рабіць і навучыцца даверу Госпаду так, як Ён давярае ім. Гэтае пасланьне не надавала вучням нейкага асаблівага і высокага статусу, бо яны пачулі наступнае: «Нічога не бярыце ў дарогу: ані кія, ані торбы, ані хлеба, ані срэбра, і каб двух вопратак ня мелі. І ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і адтуль выпраўляйцеся; і калі дзе ня прымуць вас, то, выходзячы з таго гораду, абтрасіце пыл з ног вашых у сьведчаньне супраць іх» (Лук 9:3-5).
Даволі дзіўны статус. Статус жабрака, які павінен быць задаволены тым, што людзі будуць даваць ім за справу Ісуса, не адкладваючы нічога на далейшы шлях. Гэта вельмі ўнікальнае служэньне, бо яно больш не паўтаралася ніколі. Ні асобныя вучні, ні Царква пасьля Пяцідзясятніцы ня бралі на ўзбраеньне такую форму пропаведзі Эвангельля Ісуса Хрыста. Магчыма гэта было неабходнай часткаю ўнікальнай місіі Ісуса.
Калі апосталы вярнуліся са свайго ўнікальнага падарожжа, яны расказалі Яму пра гэтае служэньне, якое, па ўсёй верагоднасьці, было станоўчым, бо пра іншае Лука нічога ня кажа. Пайшоўшы з імі ў пустыннае месца каля гораду Бэтсаіда, Ісус знайшоў там вялікі натоўп народу, які меў патрэбу слухаць Яго, як і аздараўленьне многіх. І вось узьнікае праблема. Месца пустыннае, да гораду няблізка, а дзень схіляецца да завяршэньня. Вучні кажуць, што трэба адпусьціць людзей, каб яны знайшлі дзе-небудзь сабе ежы, бо ў наяўнасьці ў іх толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы. Ісус не пагаджаецца з імі і кажа, што яны здольны гэтым накарміць пяць тысяч чалавек. Вось такім чынам мы бачым новы цуд Ісуса.
«Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы і зірнуўшы ў неба, дабраславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі натоўпу. І елі, і насыціліся ўсе; і назьбіралі пазасталых кавалкаў дванаццаць кашоў» (Лук 9:16-17).
Дык што гэта было? Новы цуд ці цудоўная супраца Ісуса са Сваімі апосталамі? І цуд і супраца. Але і ня толькі, бо гэтым Ісус паказаў вучням, што яны павінны такім жа чынам пакладацца ў сваіх вандраваньнях і служэньні на клопат Бога і дэманструе ім гэты клопат. Ісус таксама паказвае апосталам творчую Божую сілу, якая выліваецца на сьвет праз Яго – як і ў выпадках аздараўленьняў, але ў нашмат большай ступені. Заклік да супрацы – гэта заклік да ўсіх нас, бо ці ня нам Ён дае на ламаньні хлеб Свайго жыцьця, каб мы несьлі гэты хлеб людзям сьвету? І ня проста несьлі, а і імкнуліся прасіць, каб на ўсё, што мы робім вылівалася тая ж аздараўляльная і творчая сіла.
Лук 9:18-27
«І сталася, калі Ён маліўся асобна, вучні былі з Ім, і Ён спытаўся ў іх, кажучы: “Кім называе Мяне натоўп?” Яны, адказваючы, сказалі: “Янам Хрысьціцелем, а іншыя Ільлём; а іншыя – што адзін са старадаўных прарокаў уваскрос”. Ён жа сказаў ім: “А вы кім называеце Мяне?” Адказваючы, Пётр сказаў: “Хрыстом Божым”» (Лук 9:18-20).
Мы ўжо бачылі Янаў хрост Ісуса, бачылі голуба, які зыйшоў з неба на Ісуса і чулі голас з неба: «І Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цялесным выглядзе, як голуб, і быў голас з неба, кажучы: “Ты – Сын Мой Улюблёны; у Табе Я маю ўпадабаньне”» (Лук 3:22).
Хто зразумеў, што адбылося на вачах у многіх людзей акрамя Яна і самога Ісуса? Ніхто. І вось, Ісус пачынае Сваё грамадзкае служэньне, а Ян адпраўляецца ў турму Ірада Анцыпы. Становішча Яна сталася вельмі небясьпечным, але і служэньне Ісуса не выглядае лёгкім шпацырам па Юдэі. Яно небясьпечнае і нават рызыкоўнае. Мы памятаем сынагогу ў Назарэце, дзе гебраі ўжо на пачатку служэньня намагаліся забіць Яго. Мы памятаем нядобрую зацікаўленасьць да Ягонага служэньня фарысэяў, а таксама і валадара Ірада: «І сказаў Ірад: “Яна я сьцяў. А хто Гэты, пра Якога я чую такое” І шукаў убачыць Яго» (Лук 9:9).
Служэньне Ісуса выклікала шмат пытаньняў па ўсёй Юдэі. Хто Ён? Хто Той, Хто аздараўляе людзей, выганяе дэманаў і нават загадвае сілам прыроды? Спачатку Яму казалі «Настаўнік», а потым ужо вызнавалі і прарокам. Некаторыя гебраі бачылі ў Ім уваскросшага Ільлю, бо памяталі словы прарока Малахіі: «Вось, Я пашлю да вас Ільлю прарока перад наступленьнем дня Госпадавага, вялікага і страшнага» (Мал 4:5). Яны лічылі, што праз Ісуса Бог зьбіраецца зьдзейсьніць тое вялікае, якое Ён абяцаў Ізраілю.
Але Ісус быў некім большым, бо тое Валадарства, пра якое Ён казаў, ужо пачынала праяўляцца на гэтай зямлі. А калі гэта так, дык рана ці позна, але на пытаньне: «А кім вы называеце Мяне?» павінен, у рэшце рэшт, даць кожны чалавек гэтага сьвету. І першымі на гэтае пытаньне адказалі апосталы ў асобе Пятра, які сказаў, што Ісус – Хрыстос Божы. У адрозьненьні ад натоўпу апосталы здолелі зазірнуць у нябачнае, хаця, на той момант, Ісус цалкам не адпавядаў іхняму ўяўленьню пра Мэсію, якога чакаў народ Ізраіля. Але яны блізка бачылі цуды і тую сілу, якая магла быць толькі непасрэдна ад Бога. Больш таго, яны ўжо сталі саўдзельнікамі будаўніцтва таго Валадарства, якое Ён абвяшчаў. І таму яны, склаўшы ўсе гэтыя факты, прызналі ў Ім Хрыста Божага.
«Але Ён строга загадаў ім нікому не гаварыць пра гэта, сказаўшы, што Сын Чалавечы мусіць шмат перацярпець, і быць адкінутым старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсьне. Да ўсіх жа сказаў: “Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і бярэ крыж свой штодзень, і ідзе за Мною» (Лук 9:21-23).
Мы бачым вельмі дынамічнае разьвіцьцё падзеяў па будаўніцтву Божага Валадарства. Ісус неадкладна пераходзіць да факту Свайго служэньня і кажа апосталам пра Сваю хуткую сьмерць і ўваскрасеньне. А пасьля гэтага Ён кажа пра іхні асабісты выбар. Калі яны з Ім, дык цалкам і без усякіх кампрамісаў, ахвяруючы нават і самім сабою: «Бо хто хоча збавіць душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той збавіць яе. Бо якая карысьць чалавеку, здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, ці пашкодзіць сабе» (Лук 9:24-25).
Заклік Ісуса да вучняў тычыцца і ўсіх нас, бо паказвае, што ў сваёй хрысьціянскай веры мы не павінны аддзяляць свае перакананьні ад дзеяў. Асоба Ісуса і Яго пакліканьне неаддзельныя адно ад аднога. Гэта азначае, што, калі мы жадаем быць з Ісусам Хрыстом, мы павінны прыняць усё ці не прымаць нічога, бо ў Валдарстве Божым трэцяга ня дадзена. Калі Ісус Хрыстос прыйдзе другі раз судзіць гэты сьвет, Ён прызнае толькі тых, хто ішоў за Ім, нягледзячы на тое, што гэты шлях можа быць вельмі небясьпечным і пагардлівым.
Лук 9:28-45
«Сталася ж праз восем дзён пасьля слоў гэтых, узяўшы Пятра, Яна і Якуба, Ён узыйшоў на гару памаліцца. І стаўся, як Ён маліўся, выгляд аблічча Ягонага іншым, і адзеньне Ягонае стала белым, бліскучым. І вось, два мужы гутарылі з Ім, а былі гэтаМайсей і Ільля, якія, зьявіўшыся ў славе, гаварылі пра зыход Ягоны, што меўся споўніць у Ерусаліме» (Лук 9:28-31)
Паспрабуем уявіць сабе зьзяньне славы, узвышанасьць гэтай сустрэчы і, як гэта ня дзіўна, размову пра сьмерць. Не пра сьмерць увогуле, але пра сьмерць Ісуса Хрыста. І таму не выпадкова тое, што субяседнікамі Ісуса былі Майсей і Ільля. Чаму менавіта яны былі з Ісусам на гары? Можа таму, што зыход з гэтага сьвету Майсея і Ільлі быў незвычнайным? Мы ведаем што Госпад захаваў месца пахаваньня Майсея і ніхто гэтага ня ведае па сёняшні час. Прарока ж Ільлю Бог узяў жывым у неба ў вогненай калясьніцы. І вось зараз, на гары, яны абмяркоўвалі зыход настолькі больш важны і настолькі ўнікальны, што ён ня мае аналагаў ў існуючым сьвеце. Сьмерць Ісуса павінна была быць для таго, каб пераадолець уладу сьмерці, як пра гэта і кажа Новы Запавет: «Дык калі дзеці сталіся супольнікамі цела і крыві, і Ён таксама мае ўдзел у іх, каб праз сьмерць зьнішчыць таго, хто мае ўладу над сьмерцю, гэта ёсьць д’ябла, і вызваліць тых, якія дзеля страху сьмерці праз усё жыцьцё падлягалі няволі» (Геб 2:14-15).
Заўважым, што Ісус, Майсей і Ільля размаўлялі пра сьмерць Хрыста як пра тое, што Яму «належала зьдзесьніць» у Ерусаліме. І з гэтага мы бачым, што Ягоная сьмерць ня толькі не была выпадковай, але гэта было сьвядомае дзеяньне, якое было даведзена да свайго фіналу. Сам Ісус кажа пра гэта: «Ніхто не забірае яе ў Мяне, але Я Сам аддаю яе. Маю ўладу аддаць яе і маю ўладу ізноў узяць яе. Гэтае прыказаньне атрымаў Я ад Айца Майго» (Ян 10:18). Важна заўважыць і тое, што менавіта Майсей і Ільля разважалі пра Ягоную сьмерць. Чаму? Таму што Майсей даў людзям Закон, а Ільля быў адным з самых знакамітых прарокаў Старога Запавету. І таму, што сам Ісус казаў пра спаўненьне ў Ягоным служэньні Закона і прарокаў.
Слова «зыход» у Лукі мае некалькі значэньняў і яно можа азначаць тое ж, што і «выхад» у Старым Запавеце. Недарма ж мы бачым Майсея побач з Ісусам, Які мусіць зьдзейсьніць нешта падобнае Выхаду гебраяў з Егіпту, але ў нашмат большым масштабе. У першым Выхадзе Майсей вывеў гебраяў з егіпецкага рабства і прывёў іх у зямлю абяцаную. У новым жа Выхадзе Ісус выведзе Божы народ з рабства грэху да новага стварэньня збаўленых людзей – Божага Валдарства. Сьмерць Ісуса Хрыста была галоўным прадметам размовы паміж Ісусам, Майсеем і Ільлёй, але ў гэтым не было нічога змрочнага, бо мы бачым адваротнае – бліскучыя адзеньні і ўсё гэта ў зьзяньні. Некалькімі днямі раней Ісус абяцаў вучням, што яны яшчэ пры жыцьці ўбачаць Божае Валадарства. І вось, трое з іх і ўбачылі вобраз таго будучага Валадарства. Але як вучні адрэагавалі на ўбачанае?
Вучні Ісуса былі настолькі агаломшаныя, што, не разумеючы сапраўднага дзеяньня, кажуць вуснамі Пятра наступнае: «Настаўнік! Добра нам тут быць. Зробім тры намёты: адзін – Табе, адзін Майсею, і адзін Ільлі, - ня ведаючы, што кажа» (Лук 9:33).
Безумоўна ж, што Пётр не хацеў пакрыўдзіць Ісуса. Наадварот, ён хацеў выказаць Яму вялікую чэсьць, але Пётр не зразумеў, што параўноўвае бязгрэшнага Хрыста з, як бы тое не было, грэшнымі Майсеем і Ільлёй. І вось, пасля гэтай заявы, вучні Ісуса, як дарэчы і мы, чуем мяккі дакор Айца з неба: «Гэта ёсьць Сын Мой улюблёны; Яго слухайце» (Лук 9:35).
Вельмі часта і мы адчуваем замяшаньне, не разумеючы ўсяго таго, што кажа і робіць Бог, але мы павінны памятаць словы Айца: «Яго слухайце».
«І сталася на наступны дзень, як яны зыйшлі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп. І вось, нейкі чалавек з натоўпу крыкнуў, кажучы: “Настаўнік! Малю Цябе, глянь на сына майго, бо ён адзінародны ў мяне. І вось дух бярэ яго, і ён неспадзявана крычыць, і тузае яго з пенай; ледзь адступае ад яго, разьбіўшы яго. І я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не змаглі”» (Лук 9:37-40).
Мы ўбачылі, вачыма вучняў, славу і веліч Ісуса на гары. Зараз жа мы бачым міласэрнасьць у Сваёй велічы Таго, Хто вяртае айцу сына, які сур’ёзна апантаны дэманам. Усе дзівіліся гэтаму, але яшчэ больш дзівіліся словам пра тое, што Ён будзе выдадзены ў рукі чалавечыя. Дзівіліся і не разумелі: «Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было закрытае ад іх, каб ня ўцяміць яго; а спытацца ў Яго пра слова гэтае яны баяліся» (Лук 9:45).
Усё для іх будзе зразумелым пазьней, а мы, як і яны, пойдзем па апавяданьню Лукі далей, каб убачыць той кульмінацыйны момант, які адкрывае нам другую частку служэньня Ісуса Хрыста – зыход у Ерусалім, каб памерці за нашыя грахі і даць нам збаўленьне.
Лук 9:46-62
«Прыйшла ж ім думка, хто з іх быў бы большы?» (Лук 9:46).
Большы – значыць галоўны сярод апосталаў. Лідар. Але адкуль яна ўзялася гэтая думка – вызначыць большага? Якія для гэтага былі падставы? Калі мы вернемся да ўваскрэшэньня дачкі Аіра, мы ўбачым, што Ісус запрасіў з сабою, акрамя бацькоў дзяўчынкі, толькі траіх з дванаццаці апосталаў. Тых жа самых апосталаў Ён узяў з сабою і на гару, дзе адбылася сустрэча зь Ільлёй і Майсеем. Гэта былі Пётр, Ян і Якуб. Чым не падстава, бо нават і некаторыя сучасныя каментатары вызначаюць, што Ісус фармаваў вакол Сябе невялікае кола асабліва давераных Яму апосталаў. Тыпічна чалавечы падыход. Але гэта не для Ісуса, Які, на прыкладзе дзіцяці, паказаў вучням, хто можа быць большым: «Бо хто з вас меньшы за ўсіх, той будзе вялікі» (Лук 9:48).
Як жа мудра і цярпліва Ісус гатуе вучняў да вялікай працы па будаўніцтву Божага Валадарства. Працягам гэтага вучэньня стаўся адказ Ісуса на словы і дзеі апосталаў, якія забаранялі нейкаму чалавеку выганяць дэманаў у імя Ісуса на той падставе, што той не хадзіў з імі: «Не забараняйце, бо хто ня супраць вас, той за вас» (Лук 9:50).
Няхай пра гэта разважыць кожны самастойна, а мы набліжаемся да вялікай кульмінацыі Эвангельля ад Лукі.
«І сталася, як набліжаліся дні ўзяцьця Яго, Ён зьвярнуў аблічча Сваё ісьці ў Ерусалім, і паслаў весьнікаў перад абліччам Сваім» (Лук 9:51-52)
Кульмінацыя Лукі ў тым, што менавіта ў вершы 51 мы бачым практычны пачатак зыходу Ісуса праз Ерусалім на Крыж, каб быць уваскрэшаным і ўзятым да Айца. Размова Ісуса на гары з Майсеем і Ільлёй вызначыла вялікую тактыку вялікага стратэгічнага плану Айца па збаўленьню створаных Ім людзей ад грэху і вечнай сьмерці. Лука кажа пра тое, што наблізіўся час уваходу нашага Госпада на неба і дзеля гэтага Ён зьвярнуў аблічча Сваё ісьці ў Ерусалім. Да гэтага моманту Ён уваходзіў у наш сьвет і набліжаўся да нас, але зараз Ён абвесьціў пра Свой зыход, каб увайсьці ў нябёсы.
Калі Ісус з вучнямі былі гатовыя да гэтага вандраваньня, Ён паслаў наперад Сябе весьнікаў (значэньне гэтага слова нясуць у сабе і анёлы). Тым самым Лука дае нам напамін, што гэты шлях – шлях Выхаду ў Старым Запавеце: «Вось, Я пасылаю перад табою анёла ахоўваць цябе на дарозе і ўвесьці цябе ў тую мясьціну, якую Я падрыхтаваў» (Вых 23:20). Мы бачым словы Госпада да Майсея, але тут, у Эвангельлі, новы Выхад, пра які прарочыў яшчэ апошні прарок Старога Запавета Малахія: «Вось, Я пасылаю анёла Майго, і ён падрыхтуе шлях перад Мною, і нянаджана прыйдзе ў храм Свой Госпад, Ягога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы жадаеце; вось, ён ідзе, кажа Госпад Саваоф» (Мал 3:1).
Тое, што Ісус пасылае наперад Сябе весьнікаў, паказвае нам на валадарскае шэсьце, але мы бачым і тое, што ня ўсе прымаюць Яго на гэтым шляху: «І яны, пайшоўшы, увайшлі ў мястэчка Самаранскае, каб прыгатаваць для Яго, але там не прынялі Яго, бо аблічча Ягонае было скіраванае ў Ерусалім» (Лук 9:52-53).
Каб зразумець гэта, трэба зазірнуць у гісторыю Ізраіля, калі Паўночнае валадарства было захоплена асірыйцамі, а замест выведзеных у палон гебраяў, гэтыя месцы былі заселены паганамі. Так сфармавалася Самарыя, са сваёй свеасаблівай, напалову юдэйскай, рэлігіей. І як вынік – у значнай ступені варожыя адносіны паміж юдэямі і самаранамі.
І як пацьверджаньне гэтаму мы бачым рэакцыю на гэта вучняў Ісуса: «Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя Якуб і Ян сказалі: “Госпадзе! Ці хочаш, мы скажам, каб агонь зыйшоў з неба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?”» (Лук 9:54).
Сустрэўшы апазіцыю яны, не задумваючыся, гатовыя выклікаць агонь з неба для вынішчэньня апанентаў, як гэта зрабіў у свой час Ільля: «І адказваў Ільля і сказаў пяцідзясятніку: “Калі я чалавек Божы, дык хай сыйдзе агонь з неба і папаліць цябе і і твой пяцідзясятак”. І сышоў агонь з неба і папаліў яго і пяцідзясятак ягоны» (4 Вал 1:10).
Але Ісус ідзе іншым шляхам, бо Ягоны шлях – гэта не пераможнае шэсьце, якое зьнішчае любы супраціў. Наадварот. Гэта шлях, які нясе ў сабе вестку пра любоў і дабраславеньне, ды й настолькі моцных, што гэта многім нават і незразумела: «Але Ён павярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: “Ня ведаеце, якога вы духа, бо Сын Чалавечы прыйшоў не згубіць душы чалавечыя, але збавіць”. І пайшлі ў другое мястэчка» (Лук 9:55-56).
Шмат хто ня супраць ісьці за Хрыстом, але пры нейкіх іхніх умовах. Якіх? Зьвярнемся да Лукі, які распавядае пра гэта: «А другому сказаў: “Ідзі за Мною”. Той сказаў: “Госпадзе! Дазволь мне, адышоўшы перш пахаваць бацьку майго”. Але Ісус сказаў яму: “Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае”. І другі сказаў: “Я пайду за Табою, Госпадзе! Але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі”. Але Ісус сказаў яму: “Той, хто ўзлажыў руку сваю на плуг і аглядаецца назад, не надаецца да Валадарства Божага”» (Лук 9:59-62).
Мы бачым, што чалавечая сутнасьць працівіцца ісьці за Хрыстом, а таму і зьяўляюцца розныя ўмовы і агаворкі. Безумоўна тое, што пахаваць бацьку заўсёды было сьвятым абавязкам для сына, але Ісус кажа, што нават і гэта другасна ў параўнаньні з тым, каб крочыць за Ім і абвяшчаць Божае Валадарства. Таксама і разьвітаньне з хатнімі, пра якіх казаў адзін з вучняў Хрыста. Ісус прыводзіць прыклад аратага, які трымае плуг у сваіх руках. Што будзе, калі ён азірнецца паглядзець ці роўная атрымліваецца ў яго баразна? Наступная часткая ягонай баразны можа стацца крывою. Гэта аксіёма, але чалавек, падчас, ігнаруе гэтае правіла і таму служэньне Ісусу Хрысту можа стацца сапсаваным, як тая баразна аратага.
Калі ты ў дарозе, дык табе патрэбны такі навігатар, які пакажа табе шлях перад табою, а ня той, які ты ўжо пераадолеў. Пытаньне, якое ставіць перад намі Ісус Хрыстос, набывае новую сілу, калі Ён заклікае нас ісьці Ягоным шляхам. Ня ўчора, але сёньня і заўтра. Ці гатовыя мы крочыць за Ім, куды б Ён не пайшоў?
Свидетельство о публикации №226011402078