Лук 5 1-39
Лук 5:1-39
Капернаум. Лука кажа нам, што гэты горад стаўся першым месцам служэньня Ісуса пасьля Янавага хросту і спакушэньня ў пустыне. Мы бачым, што пасьля «няўдалай» пропаведзі Ісуса ў родным горадзе Назарэце, Ён вяртаецца ў Капернаум, каб працягнуць Сваё служэньне і павялічыць лік тых, хто пачуў Ягоныя словы. Капернаум – гэта невялікі горад на паўночным узьбярэжжы Галілейскага мора (Генісарэцкага возера), дзе асноўным тагачасным бізьнесам было рыбалоўства. Менавіта там жылі і працавалі браты Пётр (Сымон) і Андрэй, а таксама Якуб і Ян. Чаму Лука кажа пра возера Генісарэцкае? Можа таму, што зусім недалёка ад Капернаума, на беразе гэтага возера (мора) ўтульна разьмясьціўся горад Генісарэт, які, таксама як і Капернаум, жыў прыроднымі пладамі возера Генісарэцкага. Але вернемся да аповяду Лукі пра служэньне Ісуса Хрыста.
Лук 5:1-11
«А сталася, што натоўп ціснуўся да Яго, каб слухаць Слова Божае, і Ён стаяў ля возера Генісарэт, і убачыў Ён два чаўны, якія стаялі на возеры; а рыбаловы, выйшаўшы з іх, мылі сеці. Увайшоўшы ў адзін човен, што быў Сымонаў, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берагу і, сеўшы, вучыў натоўпы з чаўна» (Лук 5:1-3).
Той, хто быў па нейкіх справах ці на экскурсіі ў сучасным Капернауме і бачыў Галілейскае мора (ці возера Генісарэт), можа адзначыць ня толькі ягоную прыгажосьць, але і тое, што берагі разьмяшчаюцца так, як быццам бы мы бачым нейкі амфітэатр. Гэта бачыў і Ісус, які ведаў, што калі адплыць крыху ад берага, дык Ягоныя словы будуць больш чутныя, чым сказаныя перад натоўпам на беразе. Так Ён прапаведуе людзям, але потым Ён зьвяртае ўвагу і на Сваіх будучых вучняў.
«Калі ж перастаў гаварыць, сказаў Сымону: “Адплыві на глыбіню, і закіньце сеці вашы дзеля лову”. І, адказваючы, Сымон сказаў Яму: “Настаўнік! Мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але паводле слова Твайго закіну сеці» (Лук 5:4-5).
Адзначым з гэтага, што праца рыбаловаў – гэта начная праца, бо днём закідваць сеці, справа дарэмная. І таму нявер’е Сымона практычна апраўданае, але ён падпарадкоўваецца словам Госпада. Пра вынік мы ведаем. Поўныя сеці рыбы, ды так поўныя, што патрабавалася дапамога іншых рыбакоў. З таго часу Сымон (Пётр), як і ягоны брат Андрэй, а таксама бачыўшыя ўсё гэта Якуб і Ян (сыны Зэбэдэевы) кінулі ўсё і пайшлі за Ісусам, сьледам за Ім.
Давайце ж зараз прааналізуем паводзіны тых, хто пайшоў за Ісусам Хрыстом. А таксама і наступствы гэтага кроку. Аднойчы Дзітрых Банхёфер, пастар нямецкай царквы часоў кіраваньня Адольфа Гітлера, сказаў: «Калі Хрыстос заклікае чалавека, Ён кажа яму: прыйдзі і памры». Вельмі цяжкія словы. І мы ня можам ведаць рэакцыю таго ж Пятра, які б ведаў тое, што будзе з ім у будучым. Пётр ня ведаў пра тое, што яго чакае ў ягоным далейшым жыцьці, але Ён добра ўсьведамляў, што ягонае жыцьцё ніколі больш ня будзе ранейшай, бо будзе іншай і лепшай па волі Госпада Ісуса Хрыста. Так і з намі, бо калі мы ўпершыню пачулі сэрцам сваім заклік Ісуса Хрыста, мы ідзем за Ім, спадзяваючыся на нешта новае і правільнае. Гэта імкненьне сэрца, якое забірае да Сябе Ісус, каб даць нам служэньне, як Ён даў гэта кожнаму з вучняў Сваіх.
Ісус кліча кожнага з людзей, бо мэта Ягонага закліку да Пятра і ўсіх астатніх пакаленьняў: «Ад сёньня лавіць людзей». Гэта не азначае нічога нядобрага, але наадварот – гэта азначае распаўсюджваньне Добрай Весткі, каб даць збаўленьне як мага большай колькасьці людзей. Калі мы чытаем Эвангельле ад Лукі, дык мы бачым, што Ісус стрымаў Сваё абяцаньне Пятру, нягледзячы на ягонае сумненьне і нават пэўнае нявер’е. Але, калі Ісус заклікае, Ён патрабуе самаадданага служэньня. Чаму? Таму, што Ён аддаў для нас Самога Сябе і ў Яго, адносна кожнага з нас, ёсьць планы, якія нам нават і ня сьніліся.
Лук 5 12-16
«І сталася, Ісус быў а адным горадзе, і прыйшоў чалавек увесь у праказе, і, убачыўшы Ісуса, упаўшы на аблічча, маліў Яго, кажучы: Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне счысьціць. І Ён, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: “Хачу, будзь ачышчаны”. І адразу праказа зыйшла з яго» (Лук 5:12-13).
Уявім сябе чалавека ізраільскага грамадзтва, які хварэў праказаю. Недатыкальны, які не павінен быў і прысутнічаць у грамадзкіх месцах. Але вось нечаканае. Гэты хворы зьяўляецца ў горадзе, падыходзіць да Ісуса і зьвяртаецца да Яго. Не з патрабаваньнем, не. Але са словамі: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць». Чаму менавіта так? Таму, што ні адзін сьвятар не адважыўся нават і крануцца такога хворага. Але Ісус кранаецца. Чаму? Таму, што Ісус настолькі асабіста чысты, што Ягоная чысьціня здольная ацаліць і такога хворага чалавека. Чалавек ацаляецца Ісусам, як і ўсе мы, якія хворыя на свае грахі і якія ня здольныя самі пераадоліць гэтыя невылечныя хваробы.
«А Ён адыходзіў у пустынныя месцы і маліўся» (Лук 5:16).
Лука зьвяртае нашую ўвагу на тую крыніцу, з якой вычэрпваў Сваю сілу Ісус Хрыстос. На малітву. І гэтыя словы для ўсіх нас, бо калі мы паспрабуем рабіць тое ж самае, дык убачым нават і нечаканае – тое на што мы здольныя, каб прынесьці любоў Хрыста тым, хто ў ёй мае патрэбу. Патрэба тым, хто хоча крананьня Хрыста, каб ачысьціцца ад сваёй праказы – тых грахоў, якія пакрылі нас ад галавы і да самых ног. І надзея ў гэтым толькі на Ісуса Хрыста.
Лук 5:17-26
Лука падкрэсьлівае нам вялікі аўтарытэт Ісуса і Ягоную Божую сілу. Мы бачым ацаленьне паралізаванага чалавека, якога даставілі ў пакой, дзе вучыў Ісус, ягоныя сябры аж праз разабраны дах, бо ніякай іншай магчымасьці ў іх не было. Гэтыя людзі вельмі верылі ў тое, што Ісус ацаліць іхняга сябра і Ісус вызначыў іхні ўчынак як дзею, на якую іх спадзьвігла вера Яго. І Ён ацаляе хворага кажучы: «Чалавеча! Адпускаюцца табе грахі твае» (Лук 5:20).
Што тут пачалося. Мы ўпершыню бачым прысутнасьць і разважаньні фарысеяў, якіх Лука уводзіць у сваё апавяданьне менавіта ў гэтым эпізодзе: «І сталася, у адзін дзень, як Ён навучаў, і сядзелі фарысеі і законавучыцелі, якія прыйшлі з усіх мястэчак Галілеі і Юдэі і Ерусаліма» (Лук 5:17). Фарысеі запярэчылі Яму, кажучы паміж сабою: «Хто Ён такі, што кажа блюзьнерства? Хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?» (Лук 5:21). Мы бачым пачатак яўнага канфлікту паміж Ісусам і дзеючымі ўладамі ў асобах прысутных фарысеяў і законавучыцеляў. Але прыпынімся на гэтых асобах.
Фарысэі былі такой неафіцыйнай рэлігійнай групоўкай, якая вельмі моцна ўплывала на ўнутраную палітыку краіны. Фарысэйскае ўяўленьне Божага Валадарства абмяжоўвалася вельмі старанным выкананьне юдэйскага Закону Торы. Яны лічылі, што менавіта гэта дасьць падставу Богу дзейнічаць так, як Ён і абяцаў – пакараць паганаў і вызваліць Свой народ ад прыгнёту. Бог усклаў на іх абавязак захоўваць Закон, а калі патрабуецца, дык і абараніць яго. Нават і сілай. Мы памятаем фарысэя Саўла, які вельмі жорстка гнаў першых хрысьціянаў. І вось, фарысэі чуюць словы Ісуса пра прабачэньне грахоў. Як жа так? Толькі Бог можа рабіць гэта і толькі ў храме праз сьвятара, які быў упаўнаважаны на гэта, але толькі праз ахвяраваньне і ачышчэньне ў вялікія сьвяты.
Законавучыцелі не ўплывалі на палітычныя плыні грамадзтва. Яны займаліся тым, што сістэмацізавалі юдэйскі Закон, аналізуючы ўсе магчымыя жыцьцёвыя сітуацыі і прапануючы пэўныя алгарытмы паводзінаў у іх.
Ісус не падтрымлівае гэтыя правілы і прапануе неверагоднае, калі абвяшчае, што гэты канкрэтны чалавек зараз у міры з Богам. Дзякуючы веры. Пакуль што веры ягоных сяброў, бо сам ён наўрад ці адчуваў гэтую веру. Мы ня ведаем, што было далей з гэтым цяжка хворым чалавекам. Але гэты цуд у ягоным жыцьці дае вельмі сур’ёзную падставу для веры гэтага чалавека ў Ісуса Хрыста. Ня дзіўна, што натоўпы людзей, якія бачылі ўсё гэта былі у зьдзіўленьні. Ацаленьне паралізованага, спрэчка з фарысэямі – усё гэта выходзіла за межы дапушчальнага, а таму зусім ня дзіўна, што людзі казалі пра дзіўнае: «І ўсе былі ў захапленьні, і славілі Бога; і напоўніліся страхам, кажучы: “Дзіўныя рэчы бачылі мы сёньня”» (Лук 5:26). Што да нас, дык мы павінны разумець, што калі чалавек прыходзіць да Ісуса з вераю памерам нават у гарчычнае зярнятка, яму магчымы дзеі, нават і немагчымыя.
Лук 5:27-39
«І пасьля гэтага Ён выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: “Ідзі за Мною”. І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім» (Лук 5:27-28).
Мы ведаем, што мытнікі ў Юдэі ніколі не карысталіся павагай і пад час служэньня Ісуса Хрыста гэта не было выключэньнем. Мытнікі былі натуральнымі вымагальнікамі на сваю карысьць, працуючы на рымскую ўладу. І вось неверагоднае. Ісус кажа Левію, каб ён кінуў усё і ішоў за Ім. Левій робіць па слову Ісуса і больш таго, ён робіць для Ісуса вялікую бяседу ў доме сваім, дзе было многа мытнікаў. І вось пытаньне. Чаму Левій вырашыў сваё дабраахвотнае звальненьне з мытнай службы так пышна адсьвяткаваць? Ці не таму, што ягонае сэрца (а гэта бачыў Ісус) жадала вызваленьне ад усяго гэтага грэшнага? Безумоўна што так, бо калі б не, дык мы ня ўбачылі сярод вучняў Ісуса Левія, а потым і Эвангельля ад Мацьвея.
Але галоўнае ў гэтай гісторыі тое, што мы бачым задачу Ісуса Хрыста – заклікаць усіх грэшнікаў да пакаяньня, незалежна ад колькасьці і цяжкасьці іхніх грахоў, бо настае новы час – час прабачэньня. І тут, на гэтай бяседзе, ужо не абыходзіцца без кніжнікаў і фарысэеў, якія наракаюць на гэта: «Навошта вы ясьцё і п’яцё з мытнікамі і грэшнікамі? І, адказваючы, Ісус сказаў ім: Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя; Я прыйшоў клікаць да навяртаньня ня праведных, але грэшных» (Лук 5:30-32).
А яны сказалі Яму: «Чаму вучні Яна посьцяць часта і моляцца, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п’юць?» А Ён сказаў ім: «Ці можаце прымусіць сыноў вясельля посьціць, калі з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі возьмуць у іх жаніха, і тады будуць посьціць у тыя дні». І сказаў ім прыповесьць: «Ніхто латкі ад новага адзеньня не прышывае да старога адзеньня, бо іначай і новае разьдзярэ, і да старога не падыйдзе латка ад новага. І ніхто не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо маладое віно прарве мяхі, і само выцячэ, і мяхі прападуць; але маладое віно трэба ўліваць у новыя мяхі; і захаваецца тое і другое. І ніхто, п’ючы старое віно, не захоча адразу маладога, бо кажа: “Старое лепшае”» (Лук 5:33-39).
Лука дадае да гэтага некалькі простых выказваньняў Ісуса да фарысеяў і кніжнікаў. Ён адмяняе пост для тых, хто на дадзены момант знаходзіцца разам з Ім. Неверагодна, бо ў юдаізьме пост быў знакам чаканьня Валадарства Божага і плачу па сёняшняму часу. Гэта быў спосаб успаміну пра тыя няшчасьці, якія прыходзілі на Ізраіля, каб скараць сэрцы ў пакаяньні і маліць Бога пра міласэрнасьць. Ісус дадае да гэтага прыповесьць пра маладое віно і старыя мяхі. Што гэта азначае? Толькі тое, што ня ўсе людзі прыйдуць да Ісуса Хрыста, бо многія звыклі да віна старога і вельмі непакояцца пра тое, што новае віно будзе ім не па смаку. Ісус творыць нешта новае, бо і па сёняшні дзень будуецца хрысьціянства, а дзе ёсьць будоўля, там ёсьць і стварэньне новага. І гэта вельмі важнае назіраньне і разуменьне, бо наша з вамі задача засноўваецца на тым, каб зажыць новым жыцьцём і з новым запалам, тым самым запалам, што прысутнічае у самой сутнасьці вучэньня Ісуса Хрыста.
Свидетельство о публикации №226011400859