Лук 10 1-42
Лук 10:1-42
Ісус пачынае Свой шлях у Ерусалім. Ён ведае, што гэта падарожжа ў адзін канец і што Ён у гэтыя мясьціны ўжо ніколі ня вернецца, як толькі праз вучняў, якіх Ён для гэтага і гатуе. Мы ўжо бачылі місію дванаццаці апосталаў, якіх Ісус, даўшы ім сілу, паслаў па навакольных мястэчках, каб абвяшчаць Божае Валадарства і аздараўляць нядужых. Мы ўбачылі, як Ён уздымае маральны дух вучням, калі дае ім канкрэтныя настаўленьні для гэтага падарожжа. І вось Ён пашырае колькасьць весьнікаў, якія павінны працаваць на жніве Божага Валадарства.
Лук 10:1-16
«Пасьля гэтага прызначыў Госпад і другіх семдзесят, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам меўся ісьці. Тады сказаў ім: “Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала; дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё» (Лук 10:1-2).
Вядома, што лічба 70 (семдзесят вучняў апрэч апосталаў) спрэчная, бо некаторыя пераклады са старажытных тэкстаў даюць лічбу 72. Зразумела, што гэтае пытаньне не прынцыповае, але на тое мы і дасьледуем Эвангельле, каб зьвяртаць увагу і на нейкія дробязі. Прывядзем некалькі прыкладаў перакладаў беларускамоўнай Біліі.
Выданьне 2012 года пераклада Бібліі Уладзіслава Чарняўскага: «Пасьля гэтага Госпад вызначыў іншых семдзесят два».
Выданьне 2016 года перклада Новага Запавета Антонія Бокуна: «Пасьля гэтага прызначыў Госпад і другіх семдзесят».
Перад намі два варыянты: семдзесят два і семдзесят вучняў. Магчыма, мы можам падкрэсьліць непрынцыповасьць гэтага пытаньня. Але, калі мы ўжо кранулі гэтую тэму, дык паспрабуем даць магчымы адказ на гэтыя лічбы. Семдзесят два вучні могуць сымбалізаваць семдзесят два народы, бо менавіта пра такую колькасьць народаў у сьвеце разважалі старажытныя гебраі. Гэта таксама можа падкрэсьліваць і сусьветную эвангельскую місію Царквы Ісуса Хрыста. Калі ж мы кажам пра семдзесят вучняў, дык тут мы зноў вяртаемся да параўнаньня Ісуса з Майсеем, які выбраў семдзесят старэйшынаў, каб дапамагчы Майсею весьці гебраяў да зямлі абяцанай: «Майсей выйшаў і сказаў народу словы Госпада, і сабраў семдзесят мужчын са старэйшынаў народу і паставіў іх каля скініі» (Лік 11:25). Ісусу, як і Майсею, патрэбны былі Свае «старэйшыны», каб весьці народ да збаўленьня.
Вучні на служэньне выбраныя і Ісус даволі падрабязна настаўляе іх на іхнюю дарогу і іхнюю працу: «Ідзіце! Вось, Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ані кайстры, ані торбы, ані сандалаў, і нікога ў дарозе не вітайце. У які ж дом увойдзеце, перш кажыце: “Супакой дому гэтаму!” І калі будзе там сын супакою, то супачне на ім супакой ваш, а калі не, то да вас вернецца» (Лук 10:3-6).
Гэта толькі частка настаўленьня Ісуса, але вельмі важная частка і даволі жорсткая, бо не гарантуе нікому лёгкага жыцьця. Галоўнае ж ў настаўленьні Ісуса – вестка пра прымірэньне: «Супакой дому гэтаму». І гэта не дарма, бо большасьць гебраяў не хацела супакою. Яны лічылі ворагамі самаранаў, яны ненавідзелі і палохаліся рымлянаў. Наогул, яны чакалі ўсеагульнага паўстаньня, якое б дапамагло ім пазбавіцца ворагаў і аднавіць Божую справядлівасьць. Але ці можа быць супакой у доме, калі сэрцы жыхароў атручаны нянавісьцю і страхам? Таму Ісус, разумеючы ўсё гэта і заклікае вучняў несьці ў гэтыя дамы мір і супакой, як запрашэньне ў Божае Валадарства. Адмовіцца ж ад гэтай весткі азначала выступіць і процідзейнічаць супраць Бога. Ісус, на прыкладзе гарадоў, кажа пра тое, якое пакараньне чакае тых, хто адмовіцца ад весткі прымірэньня. Хуткае пакараньне.
Гэтым тлумачыцца і тэрміновасьць даручэньня Ісуса: «Нікога ў дарозе не вітайце» і пэўная жорсткасьць, з якімі Ён пасылаў вучняў перад абліччам Сваім. Яны не прапанавалі нейкай новай рэлігіі, але прапанавалі народу сыйсьці з пагібельнага шляху Ізраіля і стаць на Божы шлях міру. Яны прапанавалі прыняць Божае Валадарства як збаўляючае кіраваньне Госпада і якое ўжо наблізілася да людзей, каб ахапіць іх любоўю і зрабіць іх новым стварэньнем. Ісус ідзе ў Ерусалім, каб перамагчы сілы зла і таму зараз адпрэчыць Яго ці Ягоных весьнікаў – азначае адпрэчаньне самога Бога.
Лук 10:17-24
«Семдзесят жа вярнуліся з радасьцю, кажучы: “Госпадзе! І дэманы падпарадкоўваюцца нам у імя Тваё”. Ён жа сказаў ім: “Я бачыў шатана, які ўпаў з неба, як бліскавіца. Вось, Я даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў, і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам. Аднак жа з таго не радуйцеся, што духі вам падпарадкоўваюцца; але радуйцеся з таго, што імёны вашыя запісаны ў небе”» (Лук 10:17-20).
Ісус надзяляе вучняў сілаю супраць усякага зла ў іхнім служэньні. І безумоўна тое, што Ён радуецца іхняй радасьці вынікам свайго служэньня. Ісус ведаў посьпех іхняга служэньня, бо бачыў шатана, які ўпаў з неба, як бліскавіца. Ён, тым ня меньш, кажа ім, каб яны не радаваліся сваім посьпехам, як нейкім вышэйшым дасягненьням. Ісус кажа ім нешта большае: «Але радуйцеся з таго, што імёны вашыя запісаны ў небе». Ісус сьвяткуе гэта, кажучы пра Сваю ўнікальную сувязь з Айцом. І кажа пра гэта Сваім вучням: «Шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце! Бо кажу вам, што многія прарокі і валадары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і ня бачылі; і пачуць тое, што вы чуеце і ня чулі» (Лук 10: 23-24).
Цудоўныя словы і яны, як быццам бы, накірованы і да нас. Але ці не пачынаем мы думаць, што Ісус – гэта нейкі Той, Якому ўсё падуладна? Безумоўна, што увогуле гэта так, але Лука не паказвае Яго Валадаром, да Якога нельга нават і падыйсьці без папярэдняй домовы. Можна і падыйсьці, і размаўляць, і крануцца, а нават і запрасіць у свой дом. Ісус блізкі і даступны кожнаму чалавеку, хто шукае сустрэчы з Ім. Але зараз, калі Ён зьвяртаецца ў малітве да Айца, мы бачым Ісуса, як раскрыцьцё характару той барацьбы, якая была на Хрысьце, калі Ён выконваў план Свайго Айца. Ён вырашыў ісьці ў Ерусалім пасьля малітвы і сустрэчы на гары з Майсеем і Ільлёй. Ён дасылае наперад Сябе вучняў, кажучы пра тэрміновасць іхняга служэньня. Ісус ведае, што часу няшмат і таму Ён даручае вучням несьці вестку пра Божае Валадарства. Ісус упэўніў іх, што іхняя праца ёсьць часткаю той вялікай перамогі, якую Ён пачаў у пустыне і якую Ён павінен будзе завершыць на Крыжы.
Ісус пачаў Сваё грамадзкае служэньне асабістай барацьбою з сапраўдным ворагам нашага жыцьця – шатанам. І першая перамога над ім сталася у пустыне, калі спакушэньні шатана ня мелі ніякага дзеяньня на Ісуса Хрыста. Але гэтая першая перамога мела вялікі ўплыў і на Ягоных вучняў, якія атрымалі Ягоную сілу, каб перамагаць дэманаў у гэтым сьвеце і быць саўдзельнікамі служэньня Хрыста. Ісус даводзіць да іх гэтую цудоўную сувязь паміж Айцом і, праз Яго, імі – простымі людзьмі: «У тую гадзіну ўзрадаваўся Ісус у духу і сказаў: “Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе”. І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў: “Усё Мне аддадзена Айцом Маім; і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, акрамя Айца, і Хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, акрамя Сына і каму Сын хоча адкрыць”» (Лук 10:21-22). Ісус адкрывае гэта ня «мудрым і разумным» (фарысэям і начальнікам народу), а ім, «немаўлятам» (Сваім вучням).
Ідучы да Ерусаліму, Ён паказвае нам, што план Айца прымае ўжо свае канкрэтныя формы, бо пачынаецца стварэньне новага народу: людзей, якія вызнаюць у Ісусе сапраўднага Сына Божага і якія, дзякуючы Ісусу, змогуць вызнаць у Богу асабістага Айца. Іншымі словамі, пачынаецца стварэньня народу, які выканае прызначэньне Ізраіля ў вялікім Божым плане.
Лук 10:25-37
«І вось, нейкі законьнік устаў, спакушаючы Яго і кажучы: “Настаўнік! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае”.» (Лук 10:25).
Пытаньне законьніка пра галоўныя патрабаваньні ўспадкаваньня вечнага жыцьця, было стандартным талмудычным пытаньнем, на якое існаваў такі ж стандартны талмудычны адказ. Як жа законьнік меўся спакусіць Ісуса? Верагодней за ўсё, ён чакаў пачуць у адказе Ісуса нешта герэтычнае. «Мудраму і разумнаму» законьніку не было адкрыта тое, што Ісус ёсьць Сын Божы і таму ён кажа Ісусу: «Настаўнік!». Законьнік таксама не разумее, што Ісус прыйшоў у гэты сьвет не для таго, каб сдаваць фарысэям іспыты на веданьне Закона. І таму Ісус прапануе законьніку самому адказаць на гэта: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» (Лук 10:26).
Законьнік быў падгатаваным чалавекам і правільна адказаў на сваё ж пытаньне, пачуўшы ад Ісуса: «Слушна ты адказаў. Рабі гэтак і будзеш жыць» (Лук 10:28). Але законьніку гэтага мала, бо ён хоча атрымаць перамогу ў гэтай публічнай спрэчцы і таму ён ставіць перад Ісусам яшчэ адно пытаньне: «А хто мой бліжні?» (Лук 10:29).
«На гэтае сказаў Ісус: “Нейкі чалавек зыходзіў з Ерусаліма ў Ерыхон і натрапіў на разбойнікаў, якія зьнялі з яго вопратку, зьбілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога. Здарылася, што нейкі сьвятар зыходзіў гэтай дарогаю і ўбачыўшы яго, прамінуў яго. Таксама і лявіт, апынуўшыся на тым месцы, падыйшоўшы і ўбачыўшы, прамінуў яго. А самаранін нейкі, ідучы, найшоў на яго і, убачыўшы яго, злітаваўся. І, падыйшоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы алеем і віном; і пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў карчму, і паклапаціўся пра яго. А на другі дзень, адыходзячы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся пра яго і, калі выдасі што болей, я, вярнуўшыся, аддам табе”. Хто з гэтых трох, ты думаеш, стаўся бліжнім таму, які натрапіў на разбойнікаў?” Ён сказаў: “Той, які зьлітаваўся над ім”. Тады Ісус сказаў яму: “Ідзі і ты рабі гэтак”.» (Лук 10:30-37).
Горная дарога з Ерусаліма ў Ерыхон складае па даўжыні 24 км. і апускаецца ўніз на тысячу метраў. Гэтае месца было вельмі небясьпечным для падарожнікаў, бо было насычана разбойнікамі, якія хаваліся ў гарах, каля дарогі. Мы ўбачылі сьвятара і лявіта, якія прамінулі пацярпелага юдэя, бо баяліся апаганіцца, калі б гэты пацярпелы стаўся мёртвым. Да гэтага ж абрад ачышчэньня ад апаганеньня каштаваў вельмі дорага. Сьвятар і лявіт паглядзелі на гэтае здарэньне, як на пагрозу асабістаму супакою і дабрабыту. Але ў самараніна таксама былі довады, каб прамінуць пацярпелага юдэя, бо ў самаранскіх звычаях таксама прысутнічала апаганеньне мёртвым целам. І больш таго тое, што ахвяра вельмі паходзіла на пагарджанага гебрая. Але самаранін прыпыніўся і агледзеў пацярпелага. Ён дапамог яму і прывёз на сваім асьле ў карчму, заплаціўшы за яго карчмару, не спадзяючыся на зварот гэтых грошай, таму што самаране ня мелі юрыдычных правоў у юдэйскіх судах. Цікава, што на пытаньне Ісуса, хто стаўся бліжнім для пацярпелага, законьнік не адважваецца прамовіць слова «самаранін», а кажа: «Той, які зьлітаваўся над ім».
Прыповесьць пра міласэрнага самараніна кажа ня толькі законьніку, а і ўсім нам, што па запаведзі любіць бліжняга, як самога сябе, неабходна самому быць бліжнім, а не вызначаць, хто табе бліжні, а хто не. Быць бліжнім – азначае ставіцца да любога чалавека ў бядзе, як да свайго бліжняга, не задумваючыся над вызначэньнем гэтай фармулёўкі. Безумоўна, што законьнік быў зьдзіўлены гэтай размовай, бо для яго Бог – гэта Бог Ізраіля, а бліжнія – гэта людзі з юдэяў. Ісус жа кажа яму нешта новае і таму дзіўнае, бо Бог Ізраіля, як кажа Ісус, - гэта Бог, Які вылівае Свае міласьці і дабраславеньні на ўвесь сьвет і таму бліжні – гэта любы, маючы патрэбу чалавек. Маючая спрэчка Ісуса з законьнікам выразна адлюстроўвае канфлікт паміж дзьвума рознымі ўяўленьнямі пра тое, што азначае быць выбраным народам Бога. А яшчэ і тое, што ў грамадзтве Ісуса Хрыста няма месца нейкай нацыянальнай гордасьці ці адчуваньня перавагі над іншымі людзьмі.
Лук 10:38-42
«І сталася, як яны ішлі, прыйшоў Ён у нейкае мястэчка; а адна жанчына, на імя Марта, прыняла Яго ў дом свой. І ў яе была сястра, якую звалі Марыя, якая, сеўшы ля ног Ісуса, слухала слова Ягонае» (Лук 10:38-39).
Аповяд Лукі пра Марту і Марыю мы разглядаем адразу пасьля размовы Ісуса з законьнікам у самым пачатку Свайго падарожжа да Ерусаліму. Але, калі мы разгледзем разьдзелы 11 і 12 Эвангельля ад Яна, мы ўбачым, што дом Марты і Марыі знаходзіўся ў мястэчку Бэтаніі, якое разьмясьцілася побач з Ерусалімам. Марта і Марыя, дарэчы, зьяўляліся роднымі сёстрамі Лазара, якога ўваскрэсіў Ісус. Чаму ж Лука перамясьціў гэты аповяд у больш ранейшы час? Дакладна мы гэтага ня ведаем, але тое, што ён не прывязвае аповяд пра Марту і Марыю да канкрэтнага геаграфічнага месца падказвае нам пра тое, што Лука зрабіў гэта сьвядома. Магчыма гэты эпізод быў неабходныя зьвяном у ланцугу тых падзеяў і таму характару барацьбы Ісуса за фармаваньне новага Божага народу, бо Ён ня толькі пашырае межы гэтага народу, але і размывае мяжу паміж мужчынай і жанчынай унутры Ізраіля.
Перанясемся ж зараз у дом Марты і Марыі, куды быў запрошаны Ісус для адпачынку. Марта завіхаецца на кухне, гатуючы нейкія стравы і падаючы іх на стол, а Марыя сядзіць у нагах Ісуса і ўважліва слухае Ягонае слова. Марта не вытрымлівае гэтага і таму кажа Ісусу: «Госпадзе! Ці ж Цябе не клапоціць, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Скажы ёй, каб дапамагла мне» (Лук 10:40).
Што гэта? Перагружанасьць Марты ў працы ці што іншае? Хутчэй за ўсё іншае, бо Марыя паводзіць сябе так, як паводзіць сябе ў гэтым выпадку мужчына. Яна сядзіць ля ног Ісуса і слухае Яго. Марыя парушыла кодэкс паводзінаў у сям’і, бо гебрайская культура строга падзяляла як тэрыторыю дома на мужчынскую і жаночую, так і абавязкі паміж імі. Калі жанчына далучалася да кампаніі мужчынаў, гэта лічылася парушэньнем грамадзкага этыкету. Што Марыя пра сябе ўявіла? Менавіта так і думала пра гэта Марта. Але што азначала сядзець у нагах настаўніка?
Па-першае, гэтае месца прызначалася для мужчын. А па-другое, гэта зусім не азначае праяву сабачай адданасьці. Калі Саўл з Тарсу сядзеў каля ног Гамаліэля, дык гэта азначала, што ён уважліва слухаў настаўніка, каб стаць такім жа дасьвечаным рабінам. Але гэта не вучэньне дзеля вучэньня, а для таго, каб самому стаць настаўнікам. І вось, жанчына спакойна займае месца ля ног Ісуса, каб вучыцца ў Яго быць прапаведнікам Валадарства Божага. Ісус не адмаўляе ёй. Наадварот, Ён дабраслаўляе Марыю, калі зьвяртаецца да Марты: «Марта, Марта! Ты клапоцішся і турбуешся пра многае, а адно толькі патрэбна. Марыя ж выбрала добрую частку, якая ня будзе забранае ў яе» (Лук 10:41-42).
Марыя прадстаўляла ўсіх тых жанчын, якія, слухаючы Хрыста пра Божае Валадарства, адчуваюць, што Бог заклікае іх абвяшчаць тое ж.
У гэтым аповедзе мы бачым заклік Ісуса Хрыста, які разбурае грамадзкія і сацыяльныя межы па абвяшчэньню Божага Валадарства. Ідучы ў Ерусалім, Ён пакідае за Сабою гарады, мястэчкі і асобных людзей, якія ўжо ўбачылі пачатак гэтага Валадарства і для якіх жыцьцё ня будзе больш такім, як раней. Бог жа спадзяецца, што, пры чытаньні гэтага разьдзела Эвангельля ад Лукі, гэта здарыцца і з намі.
Свидетельство о публикации №226011501879