Лук 11 1-54
Лук 11:1-54
Лука шмат разоў паказвае нам малітвы Ісуса, падкрэсьліваючы Ягоную набожнасьць. Безумоўна, што вучні Ісуса бачылі Ягоныя маленьні, як і вынікі гэтага. Цуды, ацаленьні, выгнаньне дэманаў, сілу над стыхіямі вельмі захаплялі іх і прымушалі задумвацца над гэтым. І таму гэта выглядае вельмі лагічным, што яны зьвяртаюцца да Ісуса з тым, каб Ён навучыў іх маліцца. Ён дае ім асноўную малітву, але і замацоўвае яе прыповесьцю пра малітву, якая ёсьць толькі ў Лукі. Як мы ўбачым, яна кажа ня столькі пра тое, як маліцца, колькі пра сэрца молячага чалавека. Мы павінны памятаць словы апостала Паўла: «Бесьперастанку малецеся» (1 Тэс 5:17), бо малітва – гэта голас чалавечай душы і сэрца. Голас, які накірованы непасрэдна да Бога, каб дасягнуць зносінаў з Ім. Гэта той сродак, які аб’ядноўвае чалавека з Госпадам і ўмацоўвае духоўнае жыцьцё чалавека.
Лук 11:1-13
«І сталася, як Ён у адным месцы маліўся, калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: “Госпадзе! Навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх”. Ён жа сказаў ім: “Калі моліцеся, кажыце: “Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня. І адпусьці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога”» (Лук 11:1-4).
Тое, што Ісус Хрыстос казаў вучням, Ён кажа і нам: «Дык вось, малецеся так». Мы ўпэўнены, што вучні Ісуса Хрыста, як дарэчы і мы, добра ведалі гэтую малітву. Але мы ведаем і тое, што Новы Запавет не дае нам прыкладаў ужываньня гэтай малітвы вучнямі Ісуса Хрыста. І гэта кажа пра тое, што малітва «Ойча наш» дадзена нам ня толькі для кожнадзённага прамаўленьня, але, ў першую чаргу, для таго, каб вызначыць парадак і зьмест малітваў, з якімі мы павінны зьвяртацца да Госпада.
«Ойча наш, Які ёсьць у небе.» Слова «Ойча» у малітве Госпадавай адкрывае нам Бога як Айца, Які любіць нас. Як у жыцьці сям’і бацька займае першае месца, так і ў жыцьці хрысьціяніна Бог зьяўляецца ягоным Айцом і ўсёй сутнасьцю ягонага жыцьця. Мы прамаўляем «у небе». І гэта ніяк не азначае, што Бог жыве ў створаным Ім небе і якое мы бачым. Існуе асобны сьвет, дзе існуе Бог. Ён паўсюдны і неабмежаваны. Ягонай прысутнасцю напоўнены ўвесь сьвет. «Неба» – гэта тое слова, якое дае нам напамін пра сапраўдную радзіму і жыцьцё, дзе няма плачу і сьмерці. «Неба» дае нам напамін пра тое, што мы знаходзімся ў вандраваньні і ўсё што мы маем у гэтым жыцьці не нашае, бо ўсё гэта мы пакінем, калі Бог пакліча нас у Сваё неба.
Калі мы прамаўляем словы малітвы: «Сьвяціся імя Тваё», мы разумеем, што ўзносім гэтае імя, як самае сьвятое імя ў нашым хрысьціянскім жыцьці. «Прыйдзі Валадарства Тваё» – заклікаем мы да Госпада. Вядома, што кожны чалавек прыналежыць да якой-небудзь дзяржавы. Наогул, увесь сьвет падзелены межамі, якія абараняюцца ад магчымага гвалту збоку іншых дзяржаваў. Але пагадзімся і з тым, што ў глыбіні сэрца, чалавек не пагаджаецца з межамі сьвету, бо імкнецца да свабоды. Валадарства, якое мы абвяшчаем, калі зьвяртаемся да Госпада, не ад сьвету, але тое, дзе валадарыць Бог. Валадарства Божае зьмяшчаецца ў сэрцах веруючых людзей. Сам Хрыстос казаў пра гэта: «Ня прыйдзе Валадарства Божае ўвачавідкі, і ня скажуць: “Вось, яно тут, альбо: вось, там”. Бо вось, Валадарства Божае ўнутры вас ёсьць» (Лук 17:20-21).
«Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі». Бог, Які стварыў неба, зямлю і ўсё, што ў іх, па воле Сваёй, мае найвышэйшае права, каб Ягоная воля бездакорна выконвалася чалавекам на зямлі. Наш Бог не памыляецца і Ягоная воля да нас заўсёды добрая, хаця мы не заўсёды яе разумеем. Воля Божая ёсьць найкаштоўнейшае і безпамылковае кіраўніцтва як у асабістым, так і ў грамадзкім жыцьці. Але няшмат людзей, якія могуць у шчырасьці прамовіць разам з Давідам: «Я хачу спраўдзіць волю Тваю, Божа мой, і закон Твой у сэрцы ў мяне» (Пс 39:9). Аддаць сваё жыцьцё Госпаду, каб сваёй волею выконваць волю Божую – вось Божая мэта для нас, дзяцей Божых.
«Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня». Мы просім Госпада, каб Ён даў нам той хлеб, які мы зарабілі для сябе, бо Сам Хрыстос кажа нам: «Бо хто працуе, той варты пракорму» (Мац 10:10). Бог дабраслаўляе Сваіх дзяцей на працу і дае ім для гэтага здольнасьці і здароўе. «Дай нам сёньня» – зьвяртаемся мы да Госпада. І гэта вельмі важны запыт, бо існуе вялікае непаразуменьне сэнсу гэтага звароту. І сапраўды, калі мы добра працуем і нашая лядоўня ці шафа запоўнена на шмат дзён наперад, дык неяк дзіўна прасіць у Бога на дзень сёньняшні. Але гэтыя словы вельмі карысныя і неабходныя, бо чалавек просіць у Бога магчымасьці кожны дзень карыстацца вынікамі сваёй працы. Усё прыналежыць Госпаду і мы просім даць нам ад працы сваёй так, як хоча гэтага Бог, каб з розумам і правільна карыстацца нашымі набыткамі.
«І адпусьці нам грахі нашыя» – просім мы Госпада. І гэта азначае, што ўсе мы ёсьць вінаватыя перад Богам, бо парушаем Ягоную сьвятую волю і таму ня можам не прасіць у Госпада прабачэньня. Каб яшчэ раз усьвядоміць нашыя правіны перад Богам, перачытаем ад пачатку «Ойча наш».
Мы кажам: «Сьвяціся імя Тваё». Але што і колькі мы асабіста робім для гэтага? Адказ відавочны. Мы вінаватыя перад Богам і таму вымушаныя прасіць прабачэньня.
Мы ўзносім да Госпада: «Прыйдзі Валадарства Тваё». Мы жадаем і таму просім, каб Валадарства Божае як мага хутчэй прыходзіла на зямлю. Але, што робім мы, каб Валадарства Госпада пашырылася і прыйшло ў жыцьцё іншых людзей? Так, мы недастаткова працуем над гэтым пытаньнем і таму вінаватыя перад Богам.
«Будзе воля Твая, як у небе, так і на зямлі» - заклікаем мы да Госпада. І гэта цудоўна, бо мы згодныя жыць па воле Бога. Але і тут ёсьць пытаньне: «Ці заўсёды мы жывем па воле Божай і выконваем тое, што патрабуе ад нас Бог?» І зноў адказ не на нашую карысьць. Таму і молім Бога, каб адпусьціў нам правіны нашыя.
І гэта яшчэ ня ўсё, бо калі мы просім Госпада: «Хлеб наш штодзённы дай нам сёньня», дык зноў узьнікаюць пытаньні да нас саміх. Як мы кіруем тымі матэр’яльнымі каштоўнасьцямі, якія даручыў нам Бог? Ці не прысвойваем мы Ягоную маёмасьць, калі заробленае лічым сваім, а не Госпадавым? Ці не таму нам цяжка ахвяраваць Госпаду? Ня можам мы і тут апраўдацца і таму просім Госпада адпусьціць нам правіны нашыя.
Усе бакі нашага жыцьця хворыя недасканаласьцю і злачыннасьцю перад Госпадам і таму мы вельмі падобныя на мытніка, які прызнае свае правіны і просіць міласьці ў Бога: «А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вочы да неба; але бьючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа! Будзь міласэрны да мяне, грэшніка”» (Лук 18:13).
«Як і мы адпускаем вінаватым нашым» Гэтыя словы малітвы ўпэўніваюць Госпада, што дзеці Божыя даюць прабачэньне сваім вінаватым у шчырасьці сэрца і не жадаюць ім зла. Гэтыя словы малітвы кажуць пра правільныя адносіны ня толькі да вінаватых нашых, але і да ўсіх іншых людзей, бо калі хрысьціяне не выконваюць гэтага правіла, дык Бог ня чуе іхнія малітвы і не адказвае на іхнія заклікі. Менавіта пра гэта даводзіць Давід, калі кажа: «Калі б угледзеў я беззаконьне ў сэрцы маім, дык не пачуў бы мяне Госпад. Але Бог пачуў, уважыў голасу маленьня майго. Дабраславёны Бог, Які не адкінуў малітвы маёй і не адвярнуў ад мяне ласкі Свае» (Пс 65:18-20).
Мы прамаўляем далей: «І ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога». Пісаньне дае нам прыклады спакушэньня, дзе няма матыву да добрага, да паслушэнства Богу і ўсяму сьвятому: «Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д’ябла» (Мац 4:1). Ісус перамог д’ябла. Але гэта Ісус Хрыстос, адзіны з людзей, Які выканаў закон Бога і застаўся бяз грэху. Мы ж зьвяртаемся да Госпада і просім Яго, каб ня ўводзіў нас у спакушэньне менавіта ад д’ябла, каб д’ябал ня здолеў дасягнуць сваёй подлай мэты ў нашым хрысьціянскім жыцьці. Перамога дзяцей Божых над д’яблам забясьпечана Богам, але толькі ў выпадку, калі яны жывуць цалкам у залежнасьці ад Бога і калі іхняе жыцьцё знаходзіцца ў руках Божых.
«І сказаў ім: “Нехта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: “Сябра! Пазыч мне тры хлябы, бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і мне няма чаго даць яму”» (Лук 11:5-6).
Гэта толькі пачатак прыповесьці і павучэньняў да вучняў Сваіх, якія тлумачаць ім пра тое, што ім трэба маліцца з неадступнасьцю. Калі шукаць працяглы час, тое, што шукаеш, будзе знойдзена і калі не прыпыняць стукацца, дык вам дзьверы нехта і адчыніць. А калі памятаць пра бацькоўскія адносіны Бога да вучняў Хрыста, дык насколькі болей Ён дасьць ім у адказ на іхнія неадступныя малітвы.
Лук 11:14-28
«І было, выгнаў Ён дэмана, які быў нямы; і, калі дэман выйшаў, нямы стаў гаварыць; і натоўп зьдзівіўся. Некаторыя з іх казалі: “Праз Бэльзэбула, князя дэманаў, Ён выганяе дэманаў” А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ў Яго знаку з неба» (Лук 11:14-16).
Гэтыя «некаторыя» яўна нагадваюць нам фарысэяў і законьнікаў, якія, як быццам-бы, разгледзелі праўду таго, што Ён рабіў. Яны разважалі проста. Ці Ён быў надзелены вялікай уладаю ад Бога, ці Ён быў у змове з крыніцаю зла – Бэльзэбулам (Баал-Зэбул – уладар мух, другая асоба пасьля Люцыфэра). І калі яны не прызнавалі Яго Госпадам, дык прасьцей за ўсё было зьвязаць Яго з князем дэманаў. Ісус жа, зьвяртаючыся да іх, кажа пра вялікую загану ў іхняй логіцы: «Усякае валадарства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее, і дом на дом упадзе. Калі ж і шатан разьдзяліўся сам у сабе, дык як устаіць валадарства ягонае? Бо вы кажаце, што Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў» (Лук 11:17-18).
Калі шатан стаіць супраць свайго ж войска, дык у гэтым выпадку ён ужо прайграў сваю бітву і ягонае валадарства мусіць быць расколатым. Ён кажа фарысэям проста і зразумела: «Калі ж Я пальцам Божым выганяю дэманаў, значыцца дасягнула да вас Валадарства Божае» (Лук 11:20). Але ці зразумелі гэта фарысэі і законьнікі?
Ісус дзейнічае падобна таму дужаму, які перамагае моцнага ворага: «Калі ўзброены асілак ахоўвае панадворак свой, тады ў бясьпецы маёмасьць ягоная. Калі ж дужэйшы за яго, напаўшы пераможа яго, бярэ ўсю зброю ягоную, на якую той спадзяваўся, і раздае дабро ягонае» (Лук 11:21-22).
Ісус перамог Свайго ворага ў пустыне і гэтая першапачатковая перамога дазваляе Яму загадваць памагатым шатана і прымушаць іх падпарадкоўвацца Яму. Сіла, якая дазваляе Яму наносіць паразу дэманам зараз – гэта тая ж самая сіла, якой Ён пераможа саму сьмерць на Крыжы, коштам асабістай сьмерці.
І тут Ісус распавядае дзіўную гісторыю пра злога духа, які вяртаецца на тое месца, якое ён пакінуў. Безумоўна, што тут гаворка ідзе не пра асобнага чалавека, хаця і гэта можа мець месца, але гэта асобнае разважаньне. Гаворка ідзе, хутчэй за ўсё, пра Ізраіля, які падобны на апанаванага дэманамі чалавека і які рознымі спосабамі ачышчаў сябе, намагаючыся такім чынам палепшыцца. Але, калі ўнутры Ізраіля ня будзе жывога Бога, дык гэтыя ачышчэньні ня будуць мець выніку, бо дэманы прыйдуць зноў. І вось, ачышчэньне Ізраіля. Ісус стаяў сярод гэтага народу і, калі народ ня прыйме Яго, дык дэманы вернуцца ў гэты народ у-ва ўсёй сваёй сіле.
Словы Ісуса, напоўненыя Божай сілай, выклікалі захапленьне ў жанчыны з натоўпу, якая кажа наступнае: «Шчасьлівае ўлоньне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе» (Лук11:27). Але Ісус ня ідзе на паваду ў гэтага камплімэнта да маці і адказвае зусім нечакана для натоўпу: «Наадварот, шчасьлівыя тыя, якія чуюць слова Божае і захоўваюць яго» (Лук 11:28). Ісусу зусім не патрэбны авацыі, але патрэбна паслушэнства людзей, калі яны чуюць слова Божае.
Лук 11:29-41
«Калі ж натоўп пачаў зьбірацца, Ён пачаў гаварыць: “Пакаленьне гэта злое; яно шукае знаку, і знак ня будзе дадзена яму, апрача знаку Ёны прарока. Бо, як Ёна стаўся знакам для нініўцаў, так будзе Сын Чалавечы для пакаленьня гэтага”» (Лук 11:29-30).
Прарок Ёна – даволі камічны персанаж Старога Запавету. Прарок, які бяжыць у процілеглы бок ад даручэньня Госпада, праблемны пасажыр марскога карабля, якога выкінулі ў мора і якога праглынуў вялікі кіт на тры дні і тры ночы. Пакаяўшыся ж перад Госпадам за сваё непаслушэнства, Ёна быў выпушчаны кітом на сушу, каб ісьці ў Нінівію і прапаведаваць кажучы: «Яшчэ сорак дзён, - і Нінівія будзе разбурана» (Ёна 3:4). Самая кароткая пропаведзь у гісторыі, але, як бы тое не было, яна падзейнічала на ўсіх жыхароў горада, якія пакаяліся і пазьбеглі Божага пакараньня.
І вось перад намі Ісус, Які сур’ёзна і працягла абвяшчае народу, што прыйшоў час пакаяцца, але, у адрозьненьні ад нініўцаў, народ не надае належнай увагі закліку Ісуса. Перад намі Ісус, Які мае мудрасьці больш за Саламона, але Ягоны народ ня слухае Яго і не становіцца на шлях прымірэньня. І хутка мы ўбачым, як Ісус аплаквае Ерусалім, які, у адрозьненьні ад Нінівіі, не паслухаўся Ісуса і гэтым прыняў на сябе пагібель.
«Бо ніхто, запаліўшы сьвечку, не стаўляе яе ў тайным месцы, ці пад пасудзіну, але на сьвечніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі сьвятло. Сьветач цела ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, тады і ўсё цела тваё сьветлае, а калі яно будзе злое, тады і цела тваё цёмнае. Дык зважай, каб сьвятло, што ў табе, не было цемрай» (Лук 11:33-35).
Калі мы чытаем словы Ісуса пра сьвятло, мы павінны бачыць у іх нешта большае за нейкую агульную мудрасьць ці духоўнае прасьвятленьне. Ісус папярэджвае, што сьвятло, якое пранікла ў сэрца Ізраіля нельга ўтойваць, бо яно ўсё роўна асьветліць усё навокал сябе. Але вось яшчэ адно папярэджэньне, яшчэ больш таямнічае і таму нялёгкае для разуменьня. Ісус кажа пра вока, што ёсьць сьветач цела. На першы погляд Ён кажа звычайныя рэчы пра чалавечае жыцьцё: «Калі вока тваё чыстае, ты бачыш куды ідзеш, а калі не – дык ня можаш бачыць. І таму глядзі, каб вока тваё было заўсёды сьветлым». Але, пры ўважлівым разгляданьні мы можам зразумець, што Ісус кажа пра іншае. Выказваньне Ісуса нешта іншае. Яно падаецца як папярэджэньне Сваім сучасьнікам на тое, што перад імі небясьпека – яны могуць не заўважыць сьвятло, якое знаходзіцца побач з імі і сярод іх.
Што гэта азначае, мы бачым па кароткаму абмену даволі рэзкіх выказваньняў паміж Ісусам і фарысэямі за абедам: «Фарысэй жа зьдзівіўся, што Ён не абмыўся перад бяседай. Але Госпад сказаў яму: “Цяпер вы, фарысэі, келіх і місу звонку ачышчаеце, а нутро вашае напоўнена рабункам і зласьлівасьцю. Неразумныя! Ці ня Той, хто зрабіў тое, што звонку, зрабіў і нутро? Давайце лепш міласьціну з таго, што ў вас унутры ёсьць, і тады ўсё будзе ў вас чыстае”» (Лук 11:38-41).
Ісус кажа пра тое, што некаторыя фарысэі акцэнтуюць сваю ўвагу на зьнешняй набожнасьці, не зважаючы на ўнутраную, а да гэтага, у першую чаргу і заклікае Ісус. Словы пра міласьціну знутры азначаюць пасьвячэньне сябе Богу намерамі і заклікам свайго сэрца, бо калі прыняць Божае сьвятло, дык яно асьветліць кожную частку чалавека.
Лук 11:42-54
«Гора вам, фарысэі, што любіце першыя месцы ў сынагогах і вітаньні на рынках. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы быццам магілы схаваныя, і людзі, ходзячы над імі, ня ведаюць гэтага. Адказваючы, нейкі законьнік кажа Яму: “Настаўнік, кажучы гэта, Ты і нас зневажаеш”. Ён жа сказаў ім: “І вам, законьнікі, гора, што вы абцяжарваеце людзей цяжарамі невыноснымі, а самі адным пальцам сваім не краняцё цяжараў”» (Лук 11:43-46).
Абед у доме нейкага фарысэя працягваецца і мы бачым за аднім сталом ня толькі фарысэяў, але законьнікаў і кніжнікаў. Прадстаўнікі юдэйскай рэлігійнай эліты Ізраіля, як апаненты Ісуса, сабраліся разам, для пэўнай рэлігійнай палемікі з Ісусам. Але, якія рэлігійныя погляды яны прадстаўлялі, каб уваходзіць у палеміку? Рэлігійнае вучэньне фарысэяў у першую чаргу адлюстроўвала іхнія палітычныя погляды. Мэта гэтага вучэньня заключалася ў прымусе народу да максімальна дакладнаму выкананьню юдэйскага Закона для таго, каб Ізраіль, у рэшце рэшт, стаў сьвятым і Бог усталяваў бы Сваё Валадарства.
Законьнікі ж не замарочваліся на пытаньнях збаўленьня; яны намагаліся сістэматызаваць юдэйскі Закон і, аналізуючы ўсе магчымыя жыцьцёвыя сітуацыі, прапанаваць нейкія алгарытмы паводзінаў у іх.
І вось кніжнікі. Гэта былі людзі з юрыдычным ухілам, бо складалі юрыдычныя дакуманты, абапіраючыся на юдэйскі Закон. Яны былі ўпэўненыя ў тым, што Закон, Тора, павінен выкарыстоўвацца ў-ва ўсіх сфэрах жыцьця і тым самым сумяшчалі ў сабе ролі юрыстаў і рэлігійных настаўнікаў. Але, што тычыцца непасрэдна палемікі.
Безумоўна тое, што ўсе гэтыя людзі апынуліся ў незадаволеным стане, бо лічылі сябе абражанымі словамі Ісуса. Але перад імі паўстала неабходнасьць выбіраць. Калі Ісус правы, дык усе іхнія пастановы і праграмы на караню памылковыя. Калі ж правы яны, дык памыляецца Ён. Фарысэі, законьнікі і кніжнікі не саступаюць сваіх пазіцый і таму: «Калі ж Ён гаварыў ім гэтае, кніжнікі і фарысэі пачалі дужа злавацца і дапытвацца ў Яго пра многае, цікуючы на Яго і шукаючы злавіць нешта з вуснаў Ягоных, каб абвінаваціць Яго» (Лук 11:53-54).
Гэтае жорсткае процістаяньне працягнецца і далей, аж да фіналу ў Ерусаліме. Ісус ідзе ў Ерусалім ня проста для пропаведзі, але дзеля мэты больш высокай. Ён нясе вестку пра прымірэньне, якая ідзе насуперак традыцыйнаму юдэйскаму вучэньню, што не магло ня выклікаць такіх вось жорсткіх дыскусій. Кампраміс, як мы бачым стаўся немагчымым.
А мы з вамі пойдзем разам з Ім у бок Ерусаліма, каб убачыць наступныя крокі і дзеі Ісуса.
Свидетельство о публикации №226011502183