Лук 13 1-35

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЛУКІ


Лук 13:1-35

Рымскі намесьнік Юдэі Понці Пілат «добра» служыў Рыму і, да таго ж, вызначаўся рашучым характарам і жорсткімі дзеямі ў адносінах да падначаленых яму гебраяў. Тагачасны гісторык Язэп Флавій у сваёй кнізе «Юдэйская вайна» пералічвае некаторыя дзеяньні Пілата, якія суправаджаліся народным незадавальненьнем і крывавымі расправамі над бунтарамі. Понці Пілат зьдзекваўся з юдэйскіх законаў і душыў гебрайскія бунты. Пра гэта ведалі ўсе і таму зусім ня дзіўна, што Лука, у сваім Эвангельлі, кажа і пра іншыя крывавыя дзеяньні Пілата.


Лук 13:1-9
«У той час, прыйшлі некаторыя, расказваючы Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі. І адказваючы, Ісус сказаў ім: “Ці вы думаеце, што гэтыя галілейцы былі больш грэшныя за ўсіх галілейцаў, што яны перацярпелі гэтак? Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце”» (Лук 13:1-3).

Кроў галілейцаў была зьмяшана на тэрыторыі Храма з кроўю прынесеных імі ахвяраў. Безумоўна, што гэта было апаганьваньнем сьвятога месца, верхам шалёнства і нялюдскасьці. Людзі, якія прынесьлі Ісусу гэтыя жахлівыя навіны як-бы ставяць перад Ім два пытаньні. Ці варта Яму ісьці туды, дзе вельмі і вельмі небясьпечна? Гэта па-першае, а па-другое: «Што ўсё гэта азначае?» Ісус ігнаруе першае пытаньне, бо рашэньні Госпада ня могуць быць зьменлівымі: «І сталася, як набліжаліся дні ўзяцьця Яго, Ён зьвярнуў аблічча Сваё ісьці ў Ерусалім» (Лук 9:51).

Ісус ведае, што Ён больш нідзе ня будзе ў бясьпецы, але ад гэтага Божы план не зьмяняецца. Але, што тычыцца другога пытаньня, дык Ён кажа, што забітыя паломнікі не былі больш грэшнымі за іншых людзей, але мараль гэтага наступная і гэта тычыцца ўсіх людзей: «Калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце».

Ісус дадае пра яшчэ адну трагедыю, дзе ні рымскі намесьнік, ні ягоныя жаўнеры вінаватымі не былі. Ён кажа пра вежу ў Сілааме – частцы Ерусаліма, якая знаходзілася недалёка ад Храма ў паўдзённым напрамку: «Або ці думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх, хто жыў у Ерусаліме? Не кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце» (Лук 13:4-5).

Ісус кажа гебраям, што калі яны не пакаюцца і не навярнуцца ад сваіх грахоў, дык тыя, хто пазьбегне рымскага мяча, загінуць пад кавалкамі муроў і вежаў Ерусаліма. Ісус кажа пра пакаяньне, але і кажа пра тое, што часу для гэтага засталося ня шмат, бо менавіта для гэтага Ён расказвае Сваім слухачам прыповесьць пра няплоднае фігавае дрэва.

«Нехта меў у вінаградніку сваім пасаджанае фігавае дрэва, і прыйшоў шукаць плоду на ім, і не знайшоў. І сказаў вінаградару: “Вось, я тры гады прыходжу шукаць плоду на гэтым фігавым дрэве і не знаходжу; сьсячы яго, навошта яно і зямлю займае?” Той жа, адказваючы, кажа яму: “Пане, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем, ці ня дасьць плоду; а калі не, дык на той год сьсячэш яго”» (Лук 13:6-9).

Гэтая даволі незвычайная размова гаспадара з вінаградарам наводзіць на думку, што прыповесьць – гэта своеасаблівы каментар да асабістага служэньня Ісуса і таксама даведка на тое, што будзе, калі Ён прыйдзе ў Ерусалім. І таму выглядае вельмі верагодным, што Ісус – гэта і ёсьць той вінаградар (служыцель), Які просіць Айца не сьсякаць няплоднае дрэва Ізраіля зараз, але даць яму яшчэ адзін шанец пропаведзьдзю Ісуса («абкапаю яго і абкладу гноем»). Гэта дзіўная просьба, бо па жыцьці фігавае дрэва не патрабуе да сябе такога клопату. Але гэты шанец Ізраіль не скарыстаў і чаканага плоду ад гэтай смакоўніцы так і не атрымалася. Вынікі мы ведаем: разбурэньне Ерусаліма ў 70 годзе па Р.Х., як сьледства адмаўленьня шляхам міру і непрыняцьце вучэньня Ісуса Хрыста.

Але ўсё ж, пра што размова – пра разбурэньне Ерусаліма ці можа пра Апошні суд канца часоў? Прыповесьць не канкрэтызуе гэтае пытаньне, але гэтыя дзьве альтэрнатывы маюць права на існаваньне, а часам і не падзяляюцца. Галоўнае – гэта немінучая рэальнасьць суду, а не яго канкрэтнае апісаньне. Прыповесьць сьвярджае, што прычынай суду зьяўляецца адсутнасьць плоду. Калі пакліканьне быць Божым народам не вядзе да належных пладоў, абавязкова настане час суду. Прыповесьць папярэджвае і хрысьціянскія цэрквы далёка ня меньш за Ізраіля, каб не атрымалася так, што гаспадар скажа вінаградару: «сьсячы яе».




Лук 13:10-21
«У адной сынагозе Ён навучаў у суботу. І вось была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа нядужасьці, і яна была скорчыўшыся, і не магла выпрастацца. Угледзеўшы яе, Ісус паклікаў яе і сказаў ёй: “Жанчына! Ты вызвалена ад нядужасьці тваей”. І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога» (Лук 13:10-13).

Каб найбольш поўна ўявіць сабе тое, што адбывалася ў той сынагозе, перанясем сябе ў думках у той час і станем сярод натоўпу непадалёк ад Ісуса і той скорчанай жанчыны. Мы бачым жанчыну і бачым Ісуса, які загадвае духу нядужасьці выйсьці з яе. Некалькі словаў, адно крананьне да жанчыны і яна ацалілася. Адбыўся цуд. Але мы памятаем, што сёньня субота і бачым, як рэагуе на гэты цуд начальнік сынагогі, зьвяртаючыся да натоўпу: «Ёсьць шэсьць дзён, калі мусіце працаваць, тады і прыходзьце, каб быць аздароўленымі, а ня ў дзень суботы» (Лук 13:14).

Мы чуем і адказ Ісуса: «Крывадушнікі! Ці не адвязвае кожны з вас вала свайго ці асла ад ясьляў і не вядзе паіць? А гэтую дачку Абрагама, якую зьвязаў шатан вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ж не належала звольніць ад путаў гэтых у дзень суботы?» (Лук 13:15-16).

Становіцца ясна, як быццам сьвятло асьвятліла ўсё навокал. Тое, што Ісус зрабіў для гэтай жанчыны, Ён хоча зрабіць і для ўсяго Ізраіля. Ён хоча гэта зрабіць і для ўсіх нас, для кожнага чалавека, бо ці не падобныя мы былі на гэтую жанчыну, пакуль не сустрэліся з Ісусам Хрыстом? Ці гэта былі ня мы, скорчаныя пад цяжарам грэху, пакуль Ісус не выпрастаў нас Сваім словам і пяшчотным крананьнем? Так, гэта былі і мы. І атрымаўшы збаўленьне, мы пачалі, як і тая жанчына, славіць Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Пасьля зьдзейсьненага аздараўленьня і размовы з начальнікам сынагогі, Ісус задае пытаньне да ўсіх і Сам адказвае на яго прыповесьцю: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго? Яно падобнае да зярняці гарчычнага, якое ўзяўшы, пасадзіў чалавек у садзе сваім, і яно вырасла, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галінах ягоных» (Лук 13:18-19).

Прыповесьці заўсёды адказваюць на нейкія пытаньні, не выключэньнем сталіся і гэтыя словы Ісуса, Які кажа пра непрыкметны характар нараджэньня Божага Валадарства. Ён казаў гэта тым, хто чакаў прышэсьця Валадарства адразу: у славе і сіле, перамозе над злом і выгнаньні ўсіх ворагаў Ізраіля. Падабенства Валадарства Божага на гарчычнае зерне заклікае, а можа і перасьцерагае нас не адварочвацца ад нечага, на першы погляд нязначнага, але зробленага на карысьць Валадарства. Нам неабходна памятаць і тое, што часам па-сапраўднаму важныя і вялікія справы пачынаюцца з «гарчычнага зярняці» і не сумнявацца, што Бог здольны зрабіць вялікае нават з самага сьціплага і нязначнага пачатку.

«І зноў сказаў: “З чым параўнаю Валадарства Божае? Яно падобнае да рашчыны, якую жанчына ўзяла і ўмяшала ў тры меры мукі, пакуль ня ўкісла ўсё”» (Лук 13:20-21).

Гэтая рашчына з выгляду нязначная, але дзеяньне яе такое, што, з цягам часу, яна ўкісьліць усё цеста. Мы бачылі ацаленьне адной жанчыны, але кожны раз, калі мы зьнішчаем ланцугі шатана, атрымліваецца яшчэ адна перамога, якая пацягне за сабою яшчэ і яшчэ наступныя. Такім чынам мы атрымліваем упэўненасьць і надзею, бо калі людзі становяцца выканаўцамі Божых замыслаў, дык самая нязначная праца дасьць свой плод, таму што Бог увесь час «расчыняе» - павялічвае і памнажае тое, што здаецца нам нязначным.

Мы пабачылі дзеі Ісуса і пачулі Ягоныя словы. Ці гатовыя мы ісьці зь Ім далей, у Ерусалім? Калі так, тады наперад.


Лук 13:22-30
«І праходзіў па гарадах і мястэчках, навучаючы і кіруючы шлях Свой да Ерусаліма. Нехта сказаў Яму; “Госпадзе! Няўжо мала тых, якія будуць збаўленыя?” Ён жа сказаў ім: “Намагайцеся ўвайсьці праз цесную браму, бо кажу вам, многія будуць шукаць увайсьці і ня здолеюць”» (Лук 13:22-24).

Пытаньне нейкага чалавека пра збаўленьне праходзіць праз усе вякі, аж да нашага часу. Усе мы жывем у гэтым сьвеце і бачым адносіны да збаўленьня ня толькі сваіх родных, але і іншых людзей. І гэтае назіраньне не прыносіць нам асаблівага аптымізму, а таму мы таксама можам усклікаць: «Госпадзе! Няўжо мала тых, якія будуць збаўленыя?» Ісус адказвае ўсім, але не дае прамога адказу і не прадстаўляе ніякіх статыстычных дадзеных, каб задаволіць чалавечую цікавасьць, хаця ўсіх збаўленых Сваіх Ён ведаў, калі ніводнага з іх на сьвеце яшчэ і не было. Але ў той час Ісус стаяў сярод Ізраіля і адказваў, па-першае, менавіта яму.

Выконваючы Сваю місію, Ісус адчыняе браму Божага Валадарства, падахвочваючы людзей увайсьці праз яе. Цесную браму. І таму, каб праз яе ўвайсьці, трэба прыкласьці пэўныя намаганьні, бо той, хто шпацыруе ўпалёгку недзе побач, ня будзе здольны ўвайсьці ў Божае Валадарства. Перамахнуць плот у іншым месцы таксама ня ўдасца, бо ўваход толькі адзін і гэты ўваход – Ісус Хрыстос. І вось, аднойчы брама зачыніцца і будзе ўжо позна стукацца і прасіць: «Госпадзе! Госпадзе! Адчыні нам» (Лук 13:25), бо ніякія довады ў сваю абарону прымацца ўжо ня будуць. Бог дае тагачаснаму Ізраілю праз Ісуса апошні шанец для збаўленьня, бо калі Яго ня прымуць, брама Валадарства зачыніцца. Тыя, хто хоча паглядзець збоку на далейшае, як і тыя, хто лічыць, што яны вартыя збаўленьня толькі таму, што яны елі і пілі разам з Ісусам вельмі памыляюцца, бо выявяць для сябе вельмі непрыемнае – брама ў Божае Валадарства зачынена назаўсёды.

Ісус шчыра кажа Ізраілю пра незайздросны лёс тых, хто ня прыме Яго: «Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўгледзеце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Владарстве Божым, а вас выганяць прэч» (Лук 13:28).

Дык вось, у Валадарства Божае ўвойдуць толькі тыя прадстаўнікі Ізраіля, якія былі (ці будуць) угоднымі Богу. Для гебраяў заява Ісуса была нечым непрымальным, бо яны былі ўпэўненымі, што зьяўляючыся нашчадкамі Абрагама, яны маюць аўтаматычную магчымасьць увайсьці ў Божае Валадарства. Больш таго, яны былі ўпэўненымі і ў тым, што толькі гебраі маюць права ўваходу ў Валадарства Божае. Але Ісус кажа ім нешта зусім неверагоднае.

«І прыдуць з усходу, і з захаду, і з поўначы, і з поўдня, і ўзьлягуць у Валадарстве Божым. І вось ёсьць апошнія, якія будуць першымі, і ёсьць першыя, якія будуць апошнімі» (Лук 13:29-30).

Ісус бачыць і папярэджвае Ізраіля, што тыя, каго гебраі лічаць ворагамі, а гэта пагане з усходу, захаду, поўначы і поўдня, будучы апошнімі, раней за Ізраіля ўвойдуць у Божае Валадарства. Дзіўныя справы Божай ласкі, якія нікому не гарантуюць аўтаматычных прывілеяў, хаця і выбіраюць асобных людзей для пэўнай працы. Так першыя становяцца апошнімі і наадварот. Гэта папярэджаньне тычыцца і нас, сучасных людзей. І гэта вельмі сур’ёзна, бо калі мы разглядаем сваё жыцьцё як гульню ці набор нейкіх выпадковасьцяў, калі мы ня бачым сэнсу нашага жыцьця ў Госпадзе, дык і на самой справе можна прайсьці міма адчыненай брамы Божага Валадарства, але ў выніку вельмі і вельмі горка пашкадаваць пра гэта.


Лук 13:31-35
«У той дзень падыйшлі некаторыя фарысэі, кажучы Яму: “Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць” І сказаў ім: “Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: Вось, Я выганяю дэманаў і аздараўляю сёньня, і заўтра, і ў трэці дзень скончу. Аднак мушу ісьці сёньня, і заўтра, і пазаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам”» (Лук 13:31-33).

Мы ўжо працяглы час назіраем пэўную пагрозу для Ісуса з боку валадара Ірада, але зараз яна становіцца рэальнай. Фарысэі, якія папярэджваюць пра гэта Ісуса, магчыма, з ліку тых памяркоўных, якія цярпліва чакаюць знаку: ад Бога гэтае служэньне ці не. Адказ Ісуса выяўляе пагарду да Ірада, але і ня толькі, бо, магчыма, Ён лічыць фарысэяў пасланьнікамі валадара: «Ідзіце, скажыце гэтаму лісу». Ён кажа ім з рашучасьцю пра Сваю місію, у выніку якой Ён будзе забіты ў Ерусаліме. Але не ў Галілеі і не ў Перэі – землях падуладных тэтрарху Іраду. Ірад будзе ўскосна датычны да гэтага, але ягоная роля ў забойстве Ісуса даволі нязначная. Словы Ісуса пра сёньня, заўтра і трэці дзень зусім не азначаюць, што Ён павінен быць у Ерусаліме праз тры дні. Ісус будзе выконваць Сваю працу (выганяць дэманаў і аздараўляць) на працягу таго часу, які ведае толькі Ён. А потым – Ерусалім, дзе Ён стане перад першасьвятарамі і Пілатам, каб апынуцца на сьмяротным Крыжы. І ў сувязі з гэтым Ісус кажа пра Ерусалім.

«Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланыя! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыламі, і вы не захацелі. Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. Сапраўды бо кажу вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: “Дабраславёны Той, Які ідзе ў імя Госпада”» (Лук 13:34-35).

Усё служэньне Ісуса было накірована на заклік прыняць праз Яго Валадарства Божае. Але народ, які забівае прарокаў не прымае Яго і таму Ісус кажа: «Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты». Дом – гэта ня толькі Храм, а і Ерусалім цалкам. Хаця Ісус і будзе яшчэ прапанаваць прызнаць Яго Мэсіей, Ягоная сьмерць ужо прадвызначана. Мэсія пакіне гэты горад. Госпад аплаквае гэты Ерусалім, але Ён не пакідае Ізраіля назаўсёды, даючы надзею гебраям, што прыйдзе пэўны час і Ён, па вяртаньні, пачуе ад іх: «Дабраславёны Той, Які ідзе ў імя Госпада». Ісус дае нам зразумець пра тое, што, як бы горача ні жадаў Ён праявіць міласэрнасьць да Ізраіля, канец усяму паклалі самі чалавечыя рукі.


Рецензии