Лук 14 1-35

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЛУКІ

Лук 14:1-35


Чытаючы Эвангельле паводле Лукі, мы як бы вандруем разам з Ісусам, накіроўваючыся ў бок Ерусаліма. Мы бачым зьдзейсьненыя Ім цуды і ацаленьні, мы бачым настаўленьні і размовы з рознымі людзьмі. Размовы з рознымі людзьмі. Адзначым жа тое, у якіх умовах яны, у большасьці, адбываюцца. Эвангельле паводле Лукі дае нам нашмат болей апісаньняў сумеснага прыняцьця ежы за агульным сталом з Ісусам, чым у-ва ўсіх астатніх трох Эвангельлях. Гэта асаблівасьць Лукі, бо, калі, з аднога боку, ён бачыць хрысьціянскае жыцьцё як вандроўку, дык з іншага – як сьвяточную трапезу з Ісусам Хрыстом. Тэма піру ці застольля перасякае розныя старонкі Эвангельля, уключаючы Апошнюю Вячэру і вячэру ў Эмаусе. Папрысутнічаем жа і мы за адным сталом з Ісусам пад час вандроўкі, каб пачуць і зразумець тое, на што настаўляе Ён усіх нас.


Лук 14:1-11
«І сталася прыйсьці Яму ў суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зьесьці хлеба, і яны сачылі за Ім. І вось, быў перад Ім нейкі апухлы чалавек» (Лук 14:2).

Адзін з фарысэйскіх начальнікаў запрасіў Ісуса да сябе, каб зьесьці хлеба. Безумоўна, што за сталом фарысэйскага начальніка быў ня толькі Ісус, але і шматзваныя іншыя фарысэі, ды, напэўна, і вучні Ісуса. І вось, перад імі ўзьнікае хворы на апухласьць чалавек. Выпадковасьць гэта ці хворага запрасілі наўмысна, каб паглядзець, што будзе з гэтым рабіць у суботу Ісус? Па ўсёй верагоднасьці што наўмысна, бо фарысэі «сачылі за Ім». Бачачы ўсё гэта, Ісус бярэ ініцыятыву ў Свае рукі і ставіць фарысэяў у тупіковы стан: «І, адказваючы, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям, кажучы: “Ці належыць аздараўляць у суботу?” Яны ж маўчалі. І дакрануўшыся, Ён аздаравіў яго і адпусьціў» (Лук 14:3-4).

Як кажуць : «Маўчаньне - знак згоды». Ісус замацоўвае сваю ініцыятыву пытаньнем, на якое фарысэі не знайшлі што адказаць: «Калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе ў калодзеж, ці не адразу выцягне яго ў дзень суботні?» (Лук 14:5).

Фарысэі прамаўчалі, але выснова напрасілася сама сабою: дапамога хвораму чалавеку ў суботу не павінна забараняцца.

Будучы ў фарысэйскага начальніка Ісус заўважыў, як запрошаныя госьці выбіралі для сябе першыя месцы за сталом, каб быць бліжэй да гаспадара бяседы і, тым самым, забясьпечыць сабе больш паважнасьці. Ісус зьвяртаецца да іх з прыповесьцю як практычным настаўленьнем: «Калі запросіць цябе нехта на вясельле, не ўзьлягай на першае месца, каб не было каго паважнейшага за цябе паміж запрошаных ім. І той, які запрасіў цябе і яго, падышоўшы, скажа табе: “Дай яму месца”, і тады ты з сорамам павінен будзеш сесьці на апошняе месца. Але, калі будзеш запрошаны, прыйшоўшы, узьлягай на апошняе месца, каб той, які запрасіў цябе, калі падыйдзе, сказаў табе: “Сябра, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе слава перад тымі, што ўзьлягаюць разам з табою. Бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны» (Лук 14:8-11).

Ісус зьвяртае нашу ўвагу на вялікае жаданьне чалавека «нешта значыць» у гэтым сьвеце, але Ён прыйшоў ня толькі дзеля добрых парадаў таго, як варта паводзіць сябе ў прысутных месцах. Ёсьць яшчэ адзін сэнс сказанага Ісусам. Ён заклікае не намагацца займаць першыя месцы перад позіркам Бога, як гэта рабілі сучасьнікі Ісуса фарысэі ды законьнікі. Галоўная думка гэтай прыповесьці ў словах: «Бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны». Гэта кажа нам пра гордасьць, якая працісквае чалавека паперад іншых, але якая знаходзіцца на процілеглым баку ад вялікай Божай любові. Хрысьціяне павінны памятаць пра гэта, бо закліканы адчуць аднолькавую ступень залежнасьці ад любові Бога як і тое, што павінны праяўляць адну і тую ж шчодрасьць у адносінах да маючых у гэтым патрэбу.


Лук 14:12-24
«Сказаў жа і таму, які запрасіў Яго: “Калі ладзіш бяседу ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў тваіх, ані суседзяў багатых, каб і яны запрасілі, і ты атрымаў бы нагароду. Але калі ты ладзіш пачастунак, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых. І шчасьлівы ты будзеш, што яны ня змогуць адгародзіць табе, бо будзе аднагроджана табе ва ўваскрасеньне праведных”» (Лук 14:12-14).

Словы Ісуса выглядаюць як практычная парада, але мы павінны памятаць Ягоныя словы: «У Бога багацейце». У форме прыповесьці Ісус падае тую думку, што шануючыя асабістае прызнаньне на зямлі вельмі рызыкуюць пазбавіцца права нябеснай узнагароды, бо прыходзіць яна ня ў гэтым часовым жыцьці, але ў вечным уваскрасеньні праведных. Наступная ж гісторыя, якую распавёў Ісус – гэта і ёсьць сапраўдная прыповесьць, якая пачалася словамі невядомага прысутнага гэтай бяседы: «Шчасьлівы, хто будзе есьці хлеб у Валадарстве Божым» (Лук 14:15).

Ісус распавядае гэтую прыповесьць пад час бяседы, як адказ на словы гэтага госьця, які, безумоўна, меў на ўвазе тое, што ён сам і іншыя, запрошаныя фарысэем, абавязкова «узьлягуць на піру ў Божым Валадарстве». Але Ісус кажа нешта іншае, што адлюстроўвае імкненьне паказаць людзям Валадарства праз зносіны з «грэшнікамі». Прыповесьць Ісуса кажа, што да піру канца часоў усё ўжо прыгатавана: «Нейкі чалавек справіў вялікую вячэру, і паклікаў многіх, і ў гадзіну вячэры паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыходзьце, бо ўсё ўжо падрыхтавана”» (Лук 14:16-17).

Па правільнаму, кожны чалавек павінен адгукнуцца на заклік Госпада і прыйсьці да Яго. І прыйсьці з радасьцю. Але, што мы бачым у яве? Запрошаныя занадта заклапочаныя сваімі асабістымі справамі і таму адмаўляюцца ад запрашэньня: «І пачалі ўсе па чарзе выбачацца» (Лук 14:18).

Слуга прыносіць гэтыя звесткі пану і атрымлівае новы загад: «Ідзі хутчэй па вуліцах і завулках гораду і прывядзі сюды і ўбогіх, і калекаў, і кульгавых, і сьляпых» (Лук 14:21).

Больш таго, ён пасылае слугу і за межы горада, каб і адтуль прыйшлі да яго : «Ідзі на дарогі і да платоў і змушай прыйсьці, каб напоўніўся дом мой, бо кажу вам, што ніхто з тых мужоў, што былі запрошаныя, не пакаштуе маёй вячэры» (Лук 14:23-24).

Прыповесьць Ісуса сугучна са словамі Ісуса пра неаднаразовыя спробы сабраць дзяцей Ерусаліма (Лук 13:34-35). Людзі, якім першым было прапанована Божае Валадарства, адмовіліся ад яго і вось зараз да яго запрашаюцца іншыя людзі, у тым ліку і пагане («Ідзі на дарогі і да платоў»). Прыповесьць кідае выклік слухачам той бяседы і зьяўляецца для іх сур’ёзным папярэджаньнем, бо як могуць будзённыя справы быць настолькі важнымі, каб не дазволіць чалавеку прыйсьці на Божы пір у канцы часоў? Няма нічога больш важнейшага за прыняцьце «Божага запрашэньня», бо менавіта ад гэтага залежыць лёс чалавека ў вечнасьці. Ісус заклікае ўсіх людзей зьмяніць плынь свайго жыцьця, адмовіцца ад павярхоўнага, каб адгукнуцца на тое, што Бог робіць праз служэньне Ісуса Хрыста, каб напоўніўся дом Божы пакліканымі з усіх куткоў зямлі.

Але ёсьць і добрая вестка для тых, хто, ў той ці іншы час, адмовіўся ад запрашеньня Госпада прыйсьці да Яго. Сфэра прыповесьці – гэта ня сфэра рэальнасьці і таму для тых, хто апынуўся па-за дзьвярмі Божага Валадарства, усё ж такі застаецца магчымасьць увайсьці ў Божую прысутнасьць, бо пакуль жывы чалавек, ён мае гэтую магчымасьць. Але пакуль чалавек жывы, бо інакш дзьвер Божага Валадарства зачыніцца перад ім канчаткова і вынік жыцьця такога чалавека ўяўляецца дарэмным і вельмі пакутлівым.

Божае Валадарства і ў наш час зьяўляецца тым-жа самым пірам, а запрашэньні на гэты пір усё яшчэ дасылаюцца да кожнага сэрца, каб далучыцца да гэтага сьвята. Сучасныя хрысьціяне павінны ня толькі разумець гэта, але і рабіць усё, каб Божыя запрашэньні дасягалі сэрцаў людзей. Мы павінны памятаць і пра тых, хто апынуўся «пад плотам ці на дарозе», бо запрашэньне да Божага піру – гэта ёсьць Божая ласка, якую ніхто з нас не заслугоўвае, але атрымлівае дарма па міласьці Госпада. Чытаючы гэтую прыповесьць, мы павінны разважаць над пытаньнем: «Як сьвяткаваць Божае Валадарства такім чынам, каб людзі якія апынуліся “пад плотам”, убачылі ў гэтым Добрую вестку?» Недастаткова прызнаць, што мы самі, да свайго збаўленьня, былі запрошаны на пір з пад плотаў ці з розных сумнёўных шляхоў. Важна тое, што мы, як госьці піра, у сваю чаргу, павінны ператварацца ў тых слугаў-распарадчыкаў, якія павінны выконваць волю Госпада па запрашэньню і вяртаньню згубленага.


Лук 14:25-35
«І сабраліся шматлікія натоўпы да Яго, і, павярнуўшыся, Ён сказаў ім: “Калі хто прыходзіць да Мяне і не зьненавідзіць бацьку свайго і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў і сёстраў, а пры тым і саму душу сваю, той ня можа быць вучнем Маім. І хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім”» (Лук 14:25-27).

Словы Ісуса пра нянавісьць да сваіх блізкіх здольны выклікаць у чытачоў пэўны шок, але словы пра нянавісьць да самога сябе як і тое, што мы павінны несьці свой крыж, ставіць усе на свае месцы. Жадаючы падкрэсьліць той нялёгкі выбар, які прымаюць вучні, Ісус зьвяртаецца да вельмі моцных выразаў, але ў літаральным сэнсе гэта нельга разумець хаця б і таму, што нянавісьць да блізкіх – гэта сур’ёзнае парушэньне Закона. Ісус ня мог прапаведаваць нянавісьць, бо Сам ня толькі не парушаў Закон, але і выкрываў парушальнікаў Закона.

Гаворка ідзе пра любоў і вернасьць да Ісуса. Вучні Ісуса, ў першую чаргу, павінны любіць Яго і быць Яму вернымі. У параўнаньні з гэтым, любоў да блізкіх, а нават і да асабістага жыцьця, павінна адыйсьці на другі план. Слова ж «нянавісьць» можа мець нейкае значэньне, але толькі з кропкі погляду некаторых блізкіх, якія ўбачылі сябе на другім месцы пасьля Ісуса Хрыста. Што ж тычыцца нясеньня крыжа свайго, дык мы разумеем, што сапраўдны вучань Ісуса Хрыста павінен несьці свой крыж пакутаў за Ягоную праўду і праўду вучэньня.

Кажучы вучням пра іх выбар, Ісус на двух прыкладах паказвае ім, што яны павінны добра абдумаць свае сілы і магчымасьці перад тым, як ісьці за Ім. Падобна чалавеку, які захацеў пабудаваць вежу, яны павінны праглядзець свае магчымасьці і ўпэўніцца ў тым, што яны змогуць адказаць за сваё вучнёўства тымі сродкамі, якія ад іх спатрэбяцца. Другі прыклад тычыцца валадара, які зьбіраецца на вайну супраць другога валадара. Ён павінен параўнаць свае магчымасьці з магчымасьцямі свайго ворага. Лепш яму ахвяраваць пажаданай перамогаю, калі ён адчувае, што не ў ягоных сілах атрымаць яе. Як ні цяжка адмовіцца ад таго, да чаго хінецца сэрца, менавіта гэты прынцып ахвярнасьці зьяўляецца асноўным у вучнёўстве Хрыстовым: «Гэтак усякі з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць вучнем Маім» (Лук 14:33).

Сваю пропаведзь пра вучнёўства Ісус завяршае прыповесьцю пра соль, якая мае каштоўнасьць, пакуль захоўвае сваю ўласьцівасьць, бо ў адваротным выпадку, яна ні на што не прыдатная. Гэта пра ўсіх вучняў Ісуса Хрыста, каб яны ня сталіся той сольлю, якую трэба выкідваць: «А ні ў зямлю, а ні ў гной яна не надаецца, вон выкідваюць яе. Хто мае вушы чуць, няхай чуе» (Лук 14:35).


Рецензии